Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб падаходным падатку з фізічных асоб»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 чэрвеня 2006 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2006 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1991 года «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2005 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 5, ст. 79; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 6, 2/1175) наступныя дапаўненні і змяненні:

1. У пункце 1 артыкула 12:

дапоўніць пункт падпунктам 1.33 наступнага зместу:

«1.33. даходы (акрамя даходаў, атрыманых плацельшчыкамі ад выплатнага адчужэння маёмасці ў сувязі з ажыццяўленнем імі прадпрымальніцкай дзейнасці), атрыманыя плацельшчыкамі ад выплатнага адчужэння:

на працягу пяці гадоў (у тым ліку шляхам продажу, мены, рэнты) аднаго жылога дома, адной кватэры, адной дачы, аднаго садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі, аднаго гаража, аднаго зямельнага ўчастка, якія належаць ім на праве ўласнасці, калі іншае не прадугледжана часткай трэцяй гэтага падпункта;

на працягу каляндарнага года аднаго аўтамабіля або іншага транспартнага сродку;

іншай маёмасці, якая належыць фізічным асобам на праве ўласнасці.

Да іншай маёмасці для мэтаў абзаца чацвёртага часткі першай гэтага падпункта не адносяцца каштоўныя паперы і фінансавыя інструменты тэрміновага рынку, а таксама аб'екты нерухомай маёмасці, якія не пералічаны ў абзацы другім часткі першай гэтага падпункта, аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і нематэрыяльныя даброты.

Даходы, атрыманыя плацельшчыкам ад выплатнага адчужэння аднаго жылога дома, адной кватэры, адной дачы, аднаго садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі, аднаго гаража, аднаго зямельнага ўчастка, атрыманых гэтым плацельшчыкам у выглядзе спадчыны, не падлягаюць падаткаабкладанню (вызваляюцца ад падаткаабкладання) незалежна ад выканання ўстаноўленай абзацам другім часткі першай гэтага падпункта ўмовы;»;

у падпункце 1.35 слова «трэцяй» замяніць словам «чацвёртай».

2. У падпункце 1.1 пункта 1 артыкула 15:

з часткі першай словы «у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе» выключыць;

пасля часткі першай дапоўніць падпункт часткай наступнага зместу:

«Права на маёмасны падатковы вылік, прадугледжаны гэтым падпунктам, маюць плацельшчыкі, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе, іншых дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях, арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці, у выпадку, калі яны былі прызнаны маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на падставах, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.»;

часткі другую—шостую лічыць адпаведна часткамі трэцяй—сёмай;

абзац другі часткі чацвёртай выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«даведкі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або іншага дзяржаўнага органа і іншых дзяржаўных арганізацый, арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці па месцы работы (службы), якая пацвярджае, што плацельшчык або члены яго сям'і знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў або знаходзіліся на такім уліку на момант заключэння крэдытнага дагавора. Форма даведкі, якая выдаецца плацельшчыку па месцы яго работы (службы), зацвярджаецца Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь;».

3. Частку першую пункта 6 артыкула 18 пасля слоў «ад здачы» дапоўніць словамі «фізічным асобам, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі,».

4. Частку другую пункта 8 артыкула 20 пасля слоў «у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах» дапоўніць словамі «, іншых дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях, арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці, у выпадку, калі яны былі прызнаны маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па падставах, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Пункты 2 і 4 артыкула 1 гэтага Закона прымяняюцца да праваадносінаў, якія ўзніклі пасля 1 студзеня 2006 года.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

забяспечыць перагляд рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі ўраду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

12 ліпеня 2006 года, г. Мінск.

№ 142-З