Закон Рэспублікі Беларусь

Аб перапісе насельніцтва

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 чэрвеня 2006 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2006 года

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнне

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

перапіс насельніцтва — сістэматычнае безупыннае дзяржаўнае статыстычнае назіранне, пры правядзенні якога ажыццяўляюцца збор, апрацоўка,
абагульненне атрыманых персанальных даных, распаўсюджанне і выкарыстанне падагульняючых даных, якія характарызуюць на ўстаноўленую дату дэмаграфічнае і сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва Рэспублікі Беларусь;

персанальныя даныя — першапачатковыя статыстычныя даныя аб канкрэтным рэспандэнце, збор якіх ажыццяўляецца пры правядзенні перапісу насельніцтва;

падагульняючыя даныя — зводныя статыстычныя даныя (інфармацыя), атрыманыя ў ходзе апрацоўкі і абагульнення персанальных даных;

праграма перапісу насельніцтва — пералік пытанняў, па якіх ажыццяўляецца збор персанальных даных;

перапісны персанал — паўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прыцягваюцца да падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва і прайшлі спецыяльнае навучанне;

перапісная дакументацыя — сукупнасць дакументаў устаноўленага ўзору, якія запаўняюцца ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва;

перапісны ліст — бланк устаноўленай формы для запісу персанальных даных па ўказаных у ім пытаннях праграмы перапісу насельніцтва;

метад правядзення перапісу насельніцтва — спосаб збору персанальных даных;

дата правядзення перапісу насельніцтва — канкрэтны момант (год, месяц, дзень і гадзіна), па стану на які ажыццяўляецца збор персанальных даных;

тэрмін правядзення перапісу насельніцтва — перыяд часу, на працягу якога ажыццяўляецца збор персанальных даных;

дамашняя гаспадарка — група асоб, якія разам пражываюць у жылым памяшканні, забяспечваюць сябе ўсім неабходным для жыцця, вядуць агульную гаспадарку, цалкам або часткова аб'ядноўваючы і расходуючы свае сродкі, ці адна асоба, якая жыве самастойна і забяспечвае сябе ўсім неабходным для жыцця.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб перапісе насельніцтва

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб перапісе насельніцтва грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2004 года «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 192, 2/1094), гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Мэта правядзення перапісу насельніцтва

Мэтай правядзення перапісу насельніцтва з'яўляецца атрыманне інфармацыі аб насельніцтве Рэспублікі Беларусь, неабходнай для распрацоўкі дзяржаўных прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, бягучых разлікаў і прагназавання колькасці і складу насельніцтва, вывучэння размяшчэння і выкарыстання працоўных рэсурсаў і ажыццяўлення навуковых даследаванняў.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы правядзення перапісу насельніцтва

Асноўнымі прынцыпамі правядзення перапісу насельніцтва з'яўляюцца:

навуковая абгрунтаванасць;

перыядычнасць;

усеагульнасць і адначаснасць;

канфідэнцыяльнасць персанальных даных;

даступнасць і адкрытасць падагульняючых даных;

адзінства праграмы перапісу насельніцтва, а таксама метадаў яе правядзення і апрацоўкі персанальных даных для ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2
СУБ'ЕКТЫ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА, IХ АСНОЎНЫЯ ПРАВЫ I АБАВЯЗКI

Артыкул 5. Суб'екты перапісу насельніцтва

Суб'ектамі перапісу насельніцтва з'яўляюцца:

рэспандэнты;

дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва;

перапісны персанал;

карыстальнікі.

Артыкул 6. Рэспандэнты

Рэспандэнтамі з'яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату правядзення перапісу насельніцтва часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў.

Не адносяцца да рэспандэнтаў і не падлягаюць перапісу насельніцтва замежныя грамадзяне, якія з'яўляюцца кіраўнікамі і супрацоўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, і члены іх сем'яў, якія валодаюць прывілеямі і імунітэтамі ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7. Асноўныя правы і абавязкі рэспандэнтаў

Рэспандэнты маюць права:

ведаць, з якой мэтай збіраюцца іх персанальныя даныя, кім і як яны будуць выкарыстоўвацца;

знаёміцца з запоўненымі на іх перапіснымі лістамі, а пры наяўнасці памылак (недакладнасцяў) — удакладніць уключаныя ў перапісныя лісты персанальныя даныя ў мэтах забеспячэння іх паўнаты і дакладнасці;

патрабаваць ад перапіснога персаналу прад'яўлення адпаведнага пасведчання, а ў выпадку адмовы ў прад'яўленні такога пасведчання — не адказваць на пытанні, якія ўтрымліваюцца ў перапісным лісце.

Рэспандэнты абавязаны не перашкаджаць правядзенню перапісу насельніцтва і прадастаўляць дакладныя персанальныя даныя згодна з формай перапіснога ліста.

Артыкул 8. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва

Падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва ажыццяўляюць рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі і тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай статыстыкі (далей — органы дзяржаўнай статыстыкі, калі іншае не вызначана гэтым Законам), а таксама іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі з'яўляецца адказным за выкананне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем перапісу насельніцтва.

Iншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца адказнымі за арганізацыю перапісу асобных катэгорый насельніцтва, указаных у артыкуле 20 гэтага Закона, падрыхтоўку картаграфічных матэрыялаў, упарадкаванне назваў вуліц і нумарацыі дамоў, забеспячэнне бяспекі перапіснога персаналу, захаванасць перапісных лістоў і іншай перапісной дакументацыі, ажыццяўленне іншых мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем перапісу насельніцтва.

Дзяржаўныя органы, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, узаемадзейнічаюць у галіне перапісу насельніцтва з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія павінны аказваць ім садзейнічанне ў ажыццяўленні мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем перапісу насельніцтва.

Артыкул 9. Асноўныя правы і абавязкі дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва, у межах сваёй кампетэнцыі маюць права:

браць удзел у абмеркаванні і вырашэнні пытанняў падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва;

прыцягваць іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі да падрыхтоўкі і правядзенню перапісу насельніцтва.

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва, у межах сваёй кампетэнцыі абавязаны:

забяспечваць канфідэнцыяльнасць персанальных даных;

выдзяляць матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, неабходныя для падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва;

забяспечваць перапісны персанал неабходнай колькасцю картаграфічных матэрыялаў;

ствараць бяспечныя ўмовы работы для перапіснога персаналу;

забяспечваць бесперабойную работу сродкаў электрасувязі, пазачарговыя прыём і дастаўку паштовых адпраўленняў, неабходных для падрыхтоўкі і правядзення перапісу насельніцтва;

аказваць садзейнічанне ў падборы і спецыяльным навучанні перапіснога персаналу;

інфармаваць рэспандэнтаў аб падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва.

Артыкул 10. Перапісны персанал

У склад перапіснога персаналу ўваходзяць упаўнаважаныя работнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі, работнікі арганізацый, якія ажыццяўляюць перапіс асобных катэгорый насельніцтва, указаных у артыкуле 20 гэтага Закона, а таксама часовы перапісны персанал.

На перыяд правядзення мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, могуць прадугледжвацца змяненне структуры органаў дзяржаўнай статыстыкі і павелічэнне колькасці іх работнікаў.

Склад часовага перапіснога персаналу зацвярджаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам на тэрыторыі раёна, горада (раёна ў горадзе Мінску) па прадстаўленню кіраўніка адпаведнага аддзела статыстыкі.

Парадак прыцягнення часовага перапіснога персаналу і ўмовы выплаты часоваму перапісному персаналу ўзнагароджання вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Асобе, якая ўваходзіць у склад перапіснога персаналу, выдаюцца адпаведныя пасведчанне і значок.

Артыкул 11. Асноўныя правы і абавязкі перапіснога персаналу

Асобы, якія ўваходзяць у склад перапіснога персаналу, маюць права атрымліваць у парадку, устаноўленым гэтым Законам, персанальныя даныя ад рэспандэнтаў згодна з формай перапіснога ліста.

Асобы, якія ўваходзяць у склад часовага перапіснога персаналу, вызваляюцца ад асноўнай працы (вучобы) на перыяд удзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва з захаваннем месца працы (пасады) і сярэдняй заработнай платы (стыпендыі) па месцы асноўнай працы (вучобы) за кошт адпаведных дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама маюць права на атрыманне ўзнагароджання за ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва на аснове грамадзянска-прававога дагавора.

Асобы, якія ўваходзяць у склад перапіснога персаналу, абавязаны:

перад пачаткам апытання прад'явіць рэспандэнту адпаведнае пасведчанне;

пры правядзенні апытання строга прытрымлівацца пераліку пытанняў, якія ўтрымліваюцца ў перапісным лісце, і дакладна перадаваць іх змест;

дакладна запісваць персанальныя даныя, якія паведамляе рэспандэнт, не дапускаць іх скажэння;

па патрабаванню рэспандэнта знаёміць яго з запоўненым на яго перапісным лістом;

забяспечваць канфідэнцыяльнасць персанальных даных.

Для асоб, якія ўваходзяць у склад часовага перапіснога персаналу, дзейнасць па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва з'яўляецца дзяржаўным абавязкам.

Артыкул 12. Карыстальнікі

Карыстальнікамі прызнаюцца дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, у тым ліку замежныя і міжнародныя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія выкарыстоўваюць падагульняючыя даныя.

Артыкул 13. Асноўныя правы і абавязкі карыстальнікаў

Карыстальнікі маюць права на атрыманне ад органаў дзяржаўнай статыстыкі падагульняючых даных, а таксама на іх выкарыстанне.

Пры выкарыстанні падагульняючых даных карыстальнікі абавязаны спасылацца на іх крыніцу.

ГЛАВА 3
ПАДРЫХТОЎКА I ПРАВЯДЗЕННЕ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА

Артыкул 14. Перыядычнасць правядзення перапісу насельніцтва

Перапіс насельніцтва праводзіцца, як правіла, не радзей за адзін раз у дзесяць гадоў.

Рашэнне аб правядзенні перапісу насельніцтва з указаннем даты і тэрміну яго правядзення прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якое ўносіцца не пазней чым за тры гады да мяркуемай даты правядзення перапісу.

Артыкул 15. Метадалагічнае забеспячэнне перапісу насельніцтва

Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі з улікам прапаноў, якія паступілі на падставе яго запыту ад зацікаўленых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь распрацоўвае і зацвярджае каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва, перапісную дакументацыю, тэхналогію апрацоўкі персанальных даных і праграму фарміравання падагульняючых даных, а таксама распрацоўвае праграму перапісу насельніцтва, якая зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва

Каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва прадугледжвае пералік асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў для кожнага этапу работы па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва, тэрміны іх выканання, а таксама назвы адказных за іх выкананне дзяржаўных органаў у адпаведнасці з гэтым Законам і рашэннямі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17. Праграма перапісу насельніцтва

У праграму перапісу насельніцтва ў абавязковым парадку ўключаюцца наступныя асноўныя пытанні, якія датычацца:

полу;

узросту;

даты нараджэння;

месца нараджэння;

валодання мовамі;

грамадзянства;

складу дамашняй гаспадаркі;

знаходжання ў шлюбе;

колькасці дзяцей;

адукацыі;

месца жыхарства (месца знаходжання);

міграцыйнай актыўнасці;

жыллёвых умоў;

крыніц сродкаў існавання;

занятасці.

У праграму перапісу насельніцтва па рашэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць быць дадаткова ўключаны іншыя пытанні. Не дапускаецца ўключэнне ў праграму перапісу насельніцтва пытанняў, адказы на якія могуць утрымліваць інфармацыю, якая датычыцца дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай або іншай тайны, якая ахоўваецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і якая ўшчамляе або парушае правы і свабоды чалавека і грамадзяніна.

Збор персанальных даных па пытаннях, не прадугледжаных праграмай перапісу насельніцтва, забараняецца.

Артыкул 18. Перапісная дакументацыя

На аснове каляндарнага плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва і праграмы перапісу насельніцтва рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі распрацоўвае і зацвярджае формы перапіснога ліста і іншай перапісной дакументацыі, неабходнай для правядзення перапісу насельніцтва, а таксама ўказанні па іх запаўненню.

Артыкул 19. Метады правядзення перапісу насельніцтва

Збор персанальных даных ажыццяўляецца перапісным персаналам шляхам апытання кожнага паўналетняга рэспандэнта і запаўнення перапісных лістоў пры абходзе жылых і іншых памяшканняў, у якіх пражываюць (знаходзяцца) рэспандэнты.

Апытанне рэспандэнтаў і запаўненне перапісных лістоў таксама могуць ажыццяўляцца пры наведванні рэспандэнтамі перапісных участкаў, якія ствараюцца органамі дзяржаўнай статыстыкі і размяшчаюцца ў спецыяльных памяшканнях, якія прадастаўляюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі для арганізацыі працоўных месцаў часовага перапіснога персаналу.

Персанальныя даныя аб рэспандэнтах, якія адсутнічаюць на працягу тэрміну правядзення перапісу насельніцтва па месцы жыхарства (месцы знаходжання) ці з'яўляюцца непаўналетнімі, паведамляюцца паўналетнімі членамі іх дамашняй гаспадаркі. Персанальныя даныя аб рэспандэнтах, над якімі ўстаноўлена апека або папячыцельства, паведамляюцца іх апекунамі або папячыцелямі.

Пры адсутнасці паўналетніх членаў дамашняй гаспадаркі, апекуноў або папячыцеляў персанальныя даныя аб рэспандэнтах збіраюцца на аснове звестак аб іх, якія маюцца ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях. Гэтыя звесткі прадастаўляюцца перапісному персаналу пры непасрэдным звароце ў адпаведныя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі.

Перапісныя лісты запаўняюцца перапісным персаналам на аснове персанальных даных, якія паведамляюцца рэспандэнтамі або асобамі, указанымі ў частцы трэцяй гэтага артыкула, без іх дакументальнага пацвярджэння. У выпадках, указаных у частцы чацвёртай гэтага артыкула, перапісныя лісты запаўняюцца на аснове звестак аб рэспандэнтах, якія маюцца ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях.

Апытанне рэспандэнтаў і запаўненне перапісных лістоў ажыццяўляюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 20. Асаблівасці перапісу асобных катэгорый насельніцтва

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і працуюць на дату правядзення перапісу насельніцтва ў дыпламатычных і іншых прадстаўніцтвах, консульскіх установах Рэспублікі Беларусь за мяжой, членах іх сем'яў, якія знаходзяцца з імі, ажыццяўляецца кіраўнікамі гэтых прадстаўніцтваў і ўстаноў.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія з'яўляюцца на дату правядзення перапісу насельніцтва ваеннаслужачымі, якія праходзяць ваенную службу па прызыву, а таксама ваеннаслужачымі, якія праходзяць ваенную службу па кантракту, і членамі іх сем'яў, якія пражываюць на закрытых тэрыторыях, ажыццяўляецца камандаваннем воінскіх часцей.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапісу насельніцтва ў будынках, якія належаць або перададзены ў карыстанне рэлігійным арганізацыям, ажыццяўляецца кіраўнікамі гэтых рэлігійных арганізацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапісу насельніцтва ў дзіцячых інтэрнатных установах, спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых вёсках (гарадках), установах сацыяльнага абслугоўвання, а таксама ў бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых устаноў і арганізацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапісу насельніцтва ў гасцініцах, санаторыях, дамах адпачынку, пансіянатах, кемпінгах або іншых арганізацыях, якія прадастаўляюць паслугі для пражывання (знаходжання) фізічных асоб, ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых арганізацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якія знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай, арыштных дамах, папраўчых установах або лячэбна-працоўных прафілакторыях, ажыццяўляецца адміністрацыямі арганізацый, у якіх рэспандэнты знаходзяцца.

Артыкул 21. Правядзенне пробнага перапісу насельніцтва

Праекты праграмы перапісу насельніцтва і формаў перапісной дакументацыі, метады правядзення перапісу насельніцтва, асноўныя мерапрыемствы па яго падрыхтоўцы і правядзенню апрабоўваюцца ў ходзе правядзення пробнага перапісу насельніцтва ў адной ці некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Рэспублікі Беларусь.

Пробны перапіс насельніцтва праводзіцца па рашэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь не пазней чым за два гады да правядзення перапісу насельніцтва.

Артыкул 22. Апрацоўка персанальных даных

Запоўненыя перапісныя лісты, а таксама іншая перапісная дакументацыя прадстаўляюцца перапісным персаналам у органы дзяржаўнай статыстыкі, дзе персанальныя даныя, якія ў іх утрымліваюцца, пасля выключэння звестак, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць канкрэтнага рэспандэнта (далей — абязлічаныя персанальныя даныя), падвяргаюцца апрацоўцы ў адпаведнасці з тэхналогіяй апрацоўкі персанальных даных і праграмай фарміравання падагульняючых даных.

Артыкул 23. Фінансавае і інфармацыйнае забеспячэнне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва

Фінансаванне расходаў, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем перапісу насельніцтва, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама іншых крыніц, якія не забаронены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і правядзенне перапісу насельніцтва, бясплатна распаўсюджваюць праз сродкі масавай інфармацыі, заснавальнікамі (сузаснавальнікамі) якіх выступаюць дзяржаўныя органы або іншыя дзяржаўныя арганізацыі, паведамленні і матэрыялы па падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва.

ГЛАВА 4
АХОВА, ЗАХАВАННЕ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ I РАСПАЎСЮДЖАННЕ ПАДАГУЛЬНЯЮЧЫХ ДАНЫХ. АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА

Артыкул 24. Ахова персанальных даных

Персанальныя даныя з'яўляюцца канфідэнцыяльнымі, не падлягаюць распаўсюджванню (выдаванню), у тым ліку прадстаўленню ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, і выкарыстоўваюцца выключна для фарміравання падагульняючых даных.

Патрабаванне канфідэнцыяльнасці, устаноўленае ў адносінах да персанальных даных, не распаўсюджваецца на абязлічаныя персанальныя даныя.

Парадак аховы персанальных даных вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Захаванне персанальных даных

Перапісная дакументацыя падлягае архіўнаму захоўванню ў органах дзяржаўнай статыстыкі на папяровых і электронных носьбітах інфармацыі не больш чым тры гады, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай другой гэтага артыкула.

Па рашэнню рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі пасля заканчэння ўстаноўленых тэрмінаў захоўвання перапісная дакументацыя на папяровых і электронных носьбітах інфармацыі падлягае перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архіўныя ўстановы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Абязлічаныя персанальныя даныя на электронных носьбітах інфармацыі захоўваюцца ў органах дзяржаўнай статыстыкі да таго, калі міне патрэба, а іх архіўныя копіі пасля заканчэння трох гадоў падлягаюць перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архіўныя ўстановы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Умовы захоўвання персанальных даных павінны выключаць магчымасць іх страты, скажэння і несанкцыянаванага доступу да іх.

Артыкул 26. Распаўсюджанне падагульняючых даных

Падагульняючыя даныя з'яўляюцца агульнадаступнымі.

Падагульняючыя даныя, якія характарызуюць асноўныя паказчыкі дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага становішча насельніцтва Рэспублікі Беларусь, падлягаюць апублікаванню.

Парадак прадастаўлення органамі дзяржаўнай статыстыкі карыстальнікам па іх запытах падагульняючых даных, а таксама пералік карыстальнікаў, якім органы дзяржаўнай статыстыкі прадастаўляюць падагульняючыя даныя на бясплатнай аснове, вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб перапісу насельніцтва

Парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб перапісу насельніцтва цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 28. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Артыкул 29. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і прыняць іншыя меры, накіраваныя на яго рэалізацыю.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

13 ліпеня 2006 года, г. Мінск.

№ 144-З