Закон Рэспублікі Беларусь

Аб рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднаннях

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 чэрвеня 2006 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2006 года

Артыкул 1. Паняцце рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем прызнаецца заснаваная на членстве некамерцыйная арганізацыя, якая ствараецца для выканання ўскладзеных на яе дзяржаўна значных задач.

Артыкул 2. Стварэнне рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне ствараецца на ўмовах, што вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь:

па рашэнню заснавальнікаў;

у выніку рэарганізацыі існуючай некамерцыйнай арганізацыі ў форме грамадскага аб'яднання.

Пры стварэнні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў адпаведнасці з абзацам другім часткі першай гэтага артыкула рашэнне аб яго стварэнні прымаецца на ўстаноўчым з'ездзе, канферэнцыі або іншым устаноўчым сходзе, за выключэннем выпадку, які прадугледжаны часткай чацвёртай гэтага артыкула.

Для падрыхтоўкі, склікання і правядзення ўстаноўчага сходу на ўмовах, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, ствараецца арганізацыйны камітэт, які ў межах прадастаўленых яму паўнамоцтваў праводзіць работу па падрыхтоўцы і скліканню ўстаноўчага сходу.

У выпадку, калі адзіным заснавальнікам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, рашэнне аб яго стварэнні прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым устаноўчы сход не праводзіцца.

Пры стварэнні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў адпаведнасці з абзацам трэцім часткі першай гэтага артыкула рашэнне аб рэарганізацыі грамадскага аб'яднання шляхам яго пераўтварэння ў рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне прымаецца вышэйшым органам гэтага грамадскага аб'яднання ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб грамадскіх аб'яднаннях і статутам грамадскага аб'яднання, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Заснавальнікі і члены рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Заснавальнікамі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і яго членамі могуць з'яўляцца фізічныя і юрыдычныя асобы, а таксама Рэспубліка Беларусь у асобе дзеючых ад яе імя ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў і юрыдычных асоб.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні маюць фіксаванае членства.

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць устанаўлівацца абмежаванні ўмоў заснавальніцтва і членства ў рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднаннях.

Артыкул 4. Устаноўчыя дакументы рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Устаноўчым дакументам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання з'яўляецца статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання. Статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання прымаецца яго заснавальнікамі або вышэйшым органам гэтага аб'яднання.

Змяненні і (або) дапаўненні, якія ўнесены ў статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, прымаюцца органам, упаўнаважаным статутам гэтага аб'яднання.

Статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, змяненні і (або) дапаўненні, якія ўнесены ў яго, зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прынятыя статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, змяненні і (або) дапаўненні, якія ўнесены ў яго, ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўносяцца для зацвярджэння Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь або ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. У выпадку, калі сярод заснавальнікаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання няма дзяржаўных органаў, якія маюць права на ўнясенне праектаў прававых актаў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь або ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, то пры прыняцці статута рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўнесены ў яго, дадзенае аб'яднанне ўносіць праект рашэння аб зацвярджэнні статута рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўнесены ў яго, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь для прадстаўлення ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь або для зацвярджэння Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прадаставіў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвы па зацвярджэнню статута адпаведнага рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўнесены ў яго).

Статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, павінен змяшчаць:

поўную і скарочаную назву рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

мэты, прадмет і метады дзейнасці, дзяржаўна значныя задачы рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

месца знаходжання рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

умовы і парадак набыцця і страты членства ў рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанні, у тым ліку абмежавання ўмоў заснавальніцтва і членства ў гэтым аб'яднанні;

правы і абавязкі членаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

структуру рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, парадак стварэння і спынення дзейнасці яго арганізацыйных структур;

парадак стварэння юрыдычных асоб або ўдзелу ў іх рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

парадак кіравання дзейнасцю рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання (у тым ліку з боку дзяржавы), парадак прызначэння або выбрання і тэрміны паўнамоцтваў органаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, іх кампетэнцыю;

крыніцы і парадак фарміравання маёмасці рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання; орган, правамоцны прымаць рашэнні аб набыцці маёмасці і распараджэнні ёю;

парадак унясення змяненняў і (або) дапаўненняў у статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

парадак рэарганізацыі і ліквідацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і парадак выкарыстання маёмасці, якая засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў.

У статуце рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання могуць змяшчацца і іншыя палажэнні, якія не супярэчаць заканадаўству.

Артыкул 5. Дзяржаўная рэгістрацыя рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Дзяржаўная рэгістрацыя рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь пасля зацвярджэння статута гэтага аб'яднання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Для дзяржаўнай рэгістрацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляюцца наступныя дакументы:

заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, якая падпісана асобай, упаўнаважанай заснавальнікамі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

копія рашэння заснавальнікаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання аб стварэнні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання або копія рашэння грамадскага аб'яднання аб яго рэарганізацыі;

перадатачны акт у выпадку стварэння рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў выніку рэарганізацыі існуючай некамерцыйнай арганізацыі ў форме грамадскага аб'яднання.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў дзесяцідзённы тэрмін з дня падачы ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь належным чынам аформленых дакументаў, указаных у частцы другой гэтага артыкула, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Зарэгістраванаму рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню выдаецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, форма якога зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Сімволіка рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання. Дзяржаўная рэгістрацыя сімволікі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне можа мець сімволіку — флаг, эмблему, нагрудны і апазнавальны знакі, а таксама гімн, значок, вымпел, гальштук.

Дзяржаўная рэгістрацыя флага, эмблемы, нагруднага і апазнавальнага знакаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйных геральдычных сімвалаў.

Дзяржаўная рэгістрацыя гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Для дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляюцца наступныя дакументы:

заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, якая падпісана двума членамі органа, правамоцнага прымаць рашэнні аб зацвярджэнні гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

тэкст і музычная рэдакцыя (ноты) гімна рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

выява значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання памерам 10х10 см у чатырох экзэмплярах, а таксама іх падрабязнае апісанне;

рашэнні правамоцнага органа рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання аб зацвярджэнні гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

У выпадку, калі заявы аб дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання падалі два або больш рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні, якія маюць адны і тыя ж гімн, значок, вымпел, гальштук, перавага аддаецца рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню, якое раней за іншых падало заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука, а іншым рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанням прапануецца змяніць гімн, значок, вымпел, гальштук.

Дакументы, якія прадстаўлены для дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, разглядаюцца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін з дня іх паступлення.

Па выніках разгляду дакументаў, якія прадстаўлены для дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прымае адно з наступных рашэнняў:

аб дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Пры дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь выдае рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, форма якога зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання на тэрмін да аднаго месяца можа быць прынята ў выпадку:

наяўнасці ліквідуемых недахопаў у афармленні дакументаў, прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

парушэння ўстаноўленага парадку зацвярджэння гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, калі такое парушэнне мае ліквідуемы характар;

прадстаўлення не ўсіх дакументаў, указаных у частцы чацвёртай гэтага артыкула.

Пры ўстараненні на працягу ўстаноўленага тэрміну рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем парушэнняў, якія сталі падставай для адтэрміноўкі дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, паўторная заява аб іх дзяржаўнай рэгістрацыі разглядаецца ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання прымаецца ў выпадку:

наяўнасці неліквідуемых недахопаў у афармленні дакументаў, прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

парушэння ўстаноўленага парадку зацвярджэння гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, калі такое парушэнне мае неліквідуемы характар;

неадпаведнасці гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання патрабаванням заканадаўства;

невыканання ва ўстаноўлены тэрмін патрабаванняў, указаных у рашэнні аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

адмовы выканаць законную прапанову Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб змяненні гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у пяцідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі або аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў пісьмовай форме паведамляе аб прынятым рашэнні ў рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне з указаннем падстаў для адтэрміноўкі ці адмовы.

Неажыццяўленне Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў тэрмін, прадугледжаны гэтым Законам, можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін з дня, калі павінна было быць прынята рашэнне аб іх дзяржаўнай рэгістрацыі. Рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі або аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі гімна, значка, вымпела, гальштука рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін з дня атрымання адпаведнага рашэння.

Артыкул 7. Арганізацыйныя структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне для выканання ўскладзеных на яго дзяржаўна важных задач можа ствараць свае арганізацыйныя структуры ў парадку, прадугледжаным статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Арганізацыйныя структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў адпаведнасці са статутам гэтага аб'яднання могуць стварацца ў выглядзе:

юрыдычнай асобы;

адасобленага структурнага падраздзялення, надзеленага правамі юрыдычнай асобы;

адасобленага структурнага падраздзялення, не надзеленага правамі юрыдычнай асобы.

Арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў выглядзе юрыдычнай асобы (далей — арганізацыйная структура ў выглядзе юрыдычнай асобы) ствараецца па рашэнню органа, упаўнаважанага на тое статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, і дзейнічае на аснове свайго статута, які зацвярджаецца органам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважаным на тое статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў выглядзе адасобленага структурнага падраздзялення, надзеленага правамі юрыдычнай асобы (далей — арганізацыйная структура, надзеленая правамі юрыдычнай асобы), і арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў выглядзе адасобленага структурнага падраздзялення, не надзеленага правамі юрыдычнай асобы (далей — арганізацыйная структура, не надзеленая правамі юрыдычнай асобы), ствараюцца па рашэнню органа, упаўнаважанага на тое статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, і дзейнічаюць на аснове статута рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і палажэння аб гэтай арганізацыйнай структуры, якое зацвярджаецца органам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважаным на тое статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Арганізацыйная структура, надзеленая правамі юрыдычнай асобы, мае асобны баланс і бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак, а таксама можа мець іншыя рахункі ў банках, небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.

Арганізацыйная структура ў выглядзе юрыдычнай асобы і арганізацыйная структура, надзеленая правамі юрыдычнай асобы, не адказваюць па абавязацельствах рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, якое іх стварыла, а рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне адказвае па абавязацельствах такіх арганізацыйных структур у поўным аб'ёме, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання мае сваю назву, якая ўтрымлівае ўказанне на назву рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і на тое, што яна з'яўляецца яго арганізацыйнай структурай.

Артыкул 8. Дзяржаўная рэгістрацыя, пастаноўка на ўлік арганізацыйных структур рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Арганізацыйныя структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання.

Арганізацыйныя структуры, надзеленыя правамі юрыдычнай асобы, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, а арганізацыйныя структуры, не надзеленыя правамі юрыдычнай асобы, падлягаюць пастаноўцы на ўлік ва ўпраўленні юстыцыі абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, раённым, гарадскім выканаўчым і распарадчым органе (далей — адпаведнае ўпраўленне юстыцыі, выканаўчы і распарадчы орган) па месцы знаходжання кіруючых органаў арганізацыйных структур.

Для дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, у месячны тэрмін з дня прыняцця ва ўстаноўленым парадку рашэння аб стварэнні арганізацыйнай структуры рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем прадстаўляюцца ў адпаведнае ўпраўленне юстыцыі, выканаўчы і распарадчы орган наступныя дакументы:

заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, падпісаную прадстаўніком рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважаным кіруючым органам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

спісы членаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, якія займаюць пасады ў гэтай арганізацыйнай структуры, з указаннем іх пасад.

Дакументы, прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, разглядаюцца на працягу дзесяці дзён з дня іх паступлення.

Па выніках разгляду дакументаў, прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, адпаведнае ўпраўленне юстыцыі, выканаўчы і распарадчы орган прымаюць адно з наступных рашэнняў:

аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы;

аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы;

аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы.

У выпадку прыняцця рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню выдаецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўцы на ўлік гэтай арганізацыйнай структуры, форма якога зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, на тэрмін да аднаго месяца можа быць прынята ў выпадку:

наяўнасці ліквідуемых недахопаў у афармленні дакументаў, прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы;

прадстаўлення не ўсіх дакументаў, указаных у частцы трэцяй гэтага артыкула.

Пры ліквідаванні на працягу ўстаноўленага тэрміну рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем парушэнняў, якія сталі падставай для адтэрміноўкі дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, паўторная заява аб яе дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўцы на ўлік разглядаецца ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, прымаецца ў выпадку:

наяўнасці неліквідуемых недахопаў у афармленні дакументаў, прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы;

парушэння ўстаноўленага парадку стварэння арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы;

невыканання ва ўстаноўлены тэрмін патрабаванняў, указаных у рашэнні аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы.

Адпаведнае ўпраўленне юстыцыі, выканаўчы і распарадчы орган у пяцідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, або аб адмове ў яе дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўцы на ўлік у пісьмовай форме паведамляюць аб прынятым рашэнні ў рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне з указаннем падставы для адтэрміноўкі ў адмове.

Неажыццяўленне адпаведным упраўленнем юстыцыі, выканаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўкі на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, у тэрмін, прадугледжаны гэтым Законам, можа быць абскарджана адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы (гарадскі) суд у месячны тэрмін з дня, калі павінна было быць прынята рашэнне аб яе дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўцы на ўлік. Рашэнне адпаведнага ўпраўлення юстыцыі, выканаўчага і распарадчага органа аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, можа быць абскарджана ў месячны тэрмін з дня яго атрымання адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы (гарадскі) суд.

Улік арганізацыйных структур, надзеленых правамі юрыдычнай асобы, і арганізацыйных структур, не надзеленых правамі юрыдычнай асобы, вядзецца адпаведным упраўленнем юстыцыі, выканаўчым і распарадчым органам у журналах уліку арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў па форме, якая зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць незарэгістраваных альбо не пастаўленых на ўлік ва ўстаноўленым парадку арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў забараняецца.

Артыкул 9. Спыненне дзейнасці арганізацыйных структур рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання

Арганізацыйная структура ў выглядзе юрыдычнай асобы спыняе сваю дзейнасць:

у выпадку прыняцця рашэння аб рэарганізацыі арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з заканадаўствам;

па рашэнню заснавальнікаў (удзельнікаў) арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы або органа арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы, упаўнаважанай на тое яе статутам, аб ліквідацыі арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы;

па рашэнню суда аб ліквідацыі арганізацыцйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам;

у выпадку рэарганізацыі або ліквідацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

у выпадку ўнясення ў статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання змяненняў, якія выключаюць магчымасць стварэння падобных арганізацыйных структур;

па рашэнню органа рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'ядання, упаўнаважанага на тое статутам гэтага аб'яднання, аб ліквідацыі арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы.

Спыненне дзейнасці арганізацыйнай структуры ў выглядзе юрыдычнай асобы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб спыненні дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Маёмасць такой арганізацыйнай структуры, на якую Рэспубліка Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь маюць маёмасныя правы, пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў перадаецца адпаведна Рэспубліцы Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыйная структура, надзеленая правамі юрыдычнай асобы, і арганізацыйная структура, не надзеленая правамі юрыдычнай асобы, спыняе сваю дзейнасць:

у выпадку рэарганізацыі або ліквідацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

у выпадку ўнясення ў статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання змяненняў, якія выключаюць магчымасць стварэння падобных арганізацыйных структур;

па рашэнню органа рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважанага на тое статутам гэтага аб'яднання.

У выпадку спынення дзейнасці арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, у адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі трэцяй гэтага артыкула кіруючы орган рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання стварае ліквідацыйную камісію і ўстанаўлівае парадак і тэрміны завяршэння працэдуры спынення дзейнасці арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы. Пасля заканчэння працэдуры спынення дзейнасці арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, асобны баланс закрываецца і падаецца паведамленне аб закрыцці бягучага (разліковага) банкаўскага рахунка або іншага рахунка такой арганізацыйнай структуры.

Спыненне дзейнасці арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, у адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі тэцяй гэтага артыкула ажыццяўляецца ў парадку і тэрміны, вызначаныя органам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважаным на тое статутам гэтага аб'яднання.

Пры спыненні дзейнасці арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, і арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы, рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне накіроўвае ў адпаведнае ўпраўленне юстыцыі, выканаўчы і распарадчы орган заяву аб выключэнні гэтай арганізацыйнай структуры з журнала ўліку арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў з прыкладаннем копіі адпаведнага рашэння. На падставе згаданых дакументаў адпаведным упраўленнем юстыцыі, выканаўчым і распарадчым органам з журналаў уліку арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў выключаюцца запісы аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйнай структуры, надзеленай правамі юрыдычнай асобы, пастаноўцы на ўлік арганізацыйнай структуры, не надзеленай правамі юрыдычнай асобы.

Артыкул 10. Узаемаадносіны дзяржаўных органаў і рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў

Дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампетэнцыі маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам, зыходзячы з дзяржаўна значных задач рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, ажыццяўляць каардынацыю іх дзейнасці і прымаць рашэнні, абавязковыя для гэтых аб'яднанняў.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні могуць надзяляцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвамі па ажыццяўленню арганізацыйна-метадычнага кіраўніцтва дзяржаўнымі органамі ў сувязі з рэалізацыяй рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі функцый і паўнамоцтваў у сферы дзяржаўнага кіравання.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні:

штогод да 1 сакавіка падаюць у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь інфармацыю аб сваёй дзейнасці з указаннем месца знаходжання кіруючага органа; спісы членаў цэнтральных органаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання з указаннем іх пасад у гэтых органах; звесткі аб мерапрыемствах, праведзеных у статутных мэтах рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'ядананнямі за год;

па патрабаванню Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падаюць для азнаямлення дакументы і рашэнні органаў рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання;

выконваюць патрабаванні дзяржаўных органаў і іх прадстаўнікоў у межах іх кампетэнцыі.

Артыкул 11. Матэрыяльна-фінансавая аснова дзейнасці рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні могуць мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную для забеспячэння іх статутнай дзейнасці, за выключэннем аб'ектаў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

Уласнікамі маёмасці рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку маёмасці, якая знаходзіцца ў арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, з'яўляюцца рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні. Межы распараджэння арганізацыйнымі структурамі маёмасцю рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў вызначаюцца іх статутамі і іншым заканадаўствам, палажэннямі аб гэтых арганізацыйных структурах і дагаворамі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні.

Маёмасць, набытая рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі за кошт дзяржаўных сродкаў, з'яўляецца маёмасцю Рэспублікі Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца ў бязвыплатным карыстанні рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў.

Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі, могуць перадаваць рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанням ва ўласнасць, арэнду або бязвыплатнае карыстанне маёмасць, неабходную для выканання ўскладзеных на рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні дзяржаўна значных задач.

У выпадку выкарыстання не па назначэнню маёмасці, перададзенай у арэнду рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню або якая знаходзіцца ў яго бязвыплатным карыстанні і з'яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі або дагаворам, арэндадавальнік, пазыкадавальнік маюць права патрабаваць датэрміновага скасавання адпаведна дагавора арэнды, дагавора бязвыплатнага карыстання ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, неабходнай для выканання дзяржаўна значных задач, прадугледжаных у яго статуце, якая адпавядае гэтым задачам і адказвае прадмету дзейнасці гэтага аб'яднання.

Парадак расходавання грашовых сродкаў, у тым ліку членскіх узносаў, вызначаецца рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем, калі іншае не прадугледжана статутам гэтага аб'яднання або Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні не адказваюць па абавязацельствах заснавальнікаў (членаў), а заснавальнікі (члены) не адказваюць па абавязацельствах рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні для выканання ўскладзеных на іх дзяржаўна значных задач, звязаных з выкарыстаннем і прымяненнем зброі, маюць права набываць службовую і цывільную зброю і боепрыпасы да яе, а таксама атрымліваць у часовае карыстанне асобныя тыпы і мадэлі баявой зброі і боепрыпасаў да яе ў парадку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Кантроль за дзейнасцю рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў

Кантроль за адпаведнасцю дзейнасці рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў іх статутам ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Кантроль за фінансавай дзейнасцю рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку за крыніцамі іх даходаў, памерамі атрыманых імі сродкаў і выплатай падаткаў, збораў (пошлін), ажыццяўляецца адпаведнымі падатковымі органамі.

Iншыя дзяржаўныя органы ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў у межах сваёй кампетэнцыі.

Грамадскі кантроль за дзейнасцю рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 13. Нагляд за выкананнем заканадаўства рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі

Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму пракурораў.

Артыкул 14. Спыненне дзейнасці рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў

Дзейнасць рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў можа быць спынена шляхам іх рэарганізацыі або ліквідацыі.

Рэарганізацыя, ліквідацыя рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з іх статутамі і са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне можа быць ліквідавана:

па рашэнню яго заснавальнікаў (удзельнікаў) або органа рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, упаўнаважанага на тое статутам гэтага аб'яднання;

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадку прыняцця ім такога рашэння або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку пры пазбаўленні гэтага аб'яднання паўнамоцтваў па выкананню ўскладзеных на яго дзяржаўна значных задач;

Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь па заяве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у выпадку неаднаразовага або грубага парушэння заканадаўства або сістэматычнага ажыццяўлення дзейнасці, якая не адпавядае ўскладзеным на рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне дзяржаўна значным задачам, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Пры ліквідацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання маёмасць і грашовыя сродкі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, якія засталіся пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў, на якія Рэспубліка Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь маюць маёмасныя правы, перадаюцца адпаведна Рэспубліцы Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь. Астатняя маёмасць па рашэнню ліквідацыйнай камісіі накіроўваецца на мэты, указаныя ў статуце рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

Маёмасць, перададзеная рэспубліканскаму дзяржаўна-грамадскаму аб'яднанню ў карыстанне на аснове грамадзянска-прававых дагавораў, у выпадку ліквідацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання вяртаецца ўласніку маёмасці або асобе, якая перадала гэту маёмасць і ўпаўнаважана на такую перадачу заканадаўствам або ўласнікам.

Артыкул 15. Унясенне дапаўненняў і змяненняў у асобныя законы Рэспублікі Беларусь

У сувязі з прыняццем гэтага Закона ўнесці дапаўненні і змяненні ў наступныя законы Рэспублікі Беларусь:

1. У артыкуле 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 1992 года «Аб абароне» ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2002 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 28, ст. 493; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 84, 2/878):

назву пасля слова «Абавязкі» дапоўніць словамі «рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў,»;

у частцы першай слова «Ветэранскія» замяніць словамі «Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні, а таксама ветэранскія»;

у частках другой і трэцяй словы «Беларускае абароннае спартыўна-тэхнічнае таварыства» замяніць словамі «Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь»;

у частцы чацвёртай словы «Беларускае абароннае спартыўна-тэхнічнае таварыства» замяніць словамі «рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь».

2. У Законе Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2003 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 29, ст. 501; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 85, 2/976):

2.1. у частцы першай артыкула 25:

пасля слоў «спорту ў» дапоўніць словамі «рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднаннях,»;

словы «спартыўных клубах і секцыях» замяніць словамі «клубах і секцыях па віду (відах) спорту»;

2.2. у частцы першай артыкула 26 словы «арганізацыях Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства» замяніць словамі «рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанні «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь», яго арганізацыях»;

2.3. у частцы першай артыкула 71:

у абзацы сёмым словы «вучэбных авіяцыйных цэнтраў Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства» замяніць словамі «авіяцыйных арганізацый рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь»;

у абзацы дванаццатым словы «Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства» замяніць словамі «рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь».

3. Артыкул 22 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 года «Аб фізічнай культуры і спорту» ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2003 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 25, ст. 299; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 135, 2/1000) выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 22. Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, службовых асоб мытных органаў. Фізічная падрыхтоўка грамадзян да вайсковай службы. Занятак грамадзянамі, якія падлягаюць прызыву на ваенную службу, ваенна-прыкладнымі відамі спорту

1. Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, службовых асоб мытных органаў з'яўляецца адным з асноўных прадметаў баявой і (або) прафесійнай падрыхтоўкі, важнай і неад'емнай часткай іх выхавання. Арганізацыя і фінансаванне фізічнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, службовых асоб мытных органаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, у тым ліку рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі.

2. Фізічная падрыхтоўка грамадзян да ваеннай службы праводзіцца ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у адпаведнасці з вучэбнымі планамі і адукацыйнымі стандартамі.

3. Грамадзяне, якія падлягаюць прызыву на ваенную службу, могуць займацца ваенна-прыкладнымі відамі спорту ў рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднаннях, грамадскіх аб'яднаннях, установах адукацыі, клубах і секцыях па віду (відах) спорту незалежна ад ведамаснай прыналежнасці.».

4. У частцы першай артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года «Аб аб'ектах, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы» (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 19, ст. 216) словы «юрыдычнымі асобамі дзяржаўнай формы ўласнасці» замяніць словамі «дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі і рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі».

5. У Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 года (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 7—9, ст. 101; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 62, 2/853; 2003 г., № 74, 2/960; 2004 г., № 137, 2/1065):

5.1. пункт 3 артыкула 44 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Да юрыдычных асоб, у адносінах да якіх іх заснавальнікі (удзельнікі) не маюць маёмасных правоў, адносяцца грамадскія і рэлігійныя арганізацыі (аб'яднанні), дабрачынныя і іншыя фонды, аб'яднанні юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў (асацыяцыі і саюзы), а таксама іншыя некамерцыйныя арганізацыі, калі іншае не ўстаноўлена гэтым Кодэксам, іншымі законамі або актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У выпадках, прадугледжаных законамі або актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Рэспубліка Беларусь, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі могуць мець маёмасныя правы ў адносінах да некамерцыйных арганізацый, у тым ліку не з'яўляючыся іх заснавальнікамі (удзельнікамі).»;

5.2. у артыкуле 46:

першы сказ часткі чацвёртай пункта 3 дапоўніць словамі «, або паколькі яна неабходная для выканання дзяржаўна значных задач, прадугледжаных у іх устаноўчых дакументах, адпавядае гэтым задачам і адказвае прадмету дзейнасці гэтых арганізацый»;

пункт 4 дапоўніць часткай трэцяй наступнага зместу:

«У выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, аб'яднанні камерцыйных, некамерцыйных арганізацый і (або) фізічных асоб могуць стварацца і ў іншых формах.»;

5.3. у артыкуле 48:

частку другую пункта 1 дапоўніць другім сказам наступнага зместу: «Заканадаўчымі актамі можа ўстанаўлівацца іншы парадак зацвярджэння статутаў юрыдычных асоб.»;

пункт 3 дапоўніць часткай другой наступнага зместу:

«Змяненні ўстаноўчых дакументаў рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў набываюць сілу для трэціх асоб з моманту ўступлення ў сілу прававых актаў, якія зацвярджаюць такія змяненні.»;

5.4. артыкул 57 дапоўніць пунктам 5 наступнага зместу:

«5. У выпадках, устаноўленых заканадаўствам, ліквідацыя юрыдычных асоб можа быць ажыццёўлена толькі са згоды ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў.»;

5.5. дапоўніць Кодэкс артыкулам 117(1) наступнага зместу:

«Артыкул 117(1). Рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні

1. Рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб'яднаннямі прызнаюцца заснаваныя на членстве некамерцыйныя арганізацыі, мэтай дзейнасці якіх з'яўляецца выкананне ўскладзеных на іх дзяржаўна значных задач.

2. Заснавальнікамі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і яго членамі могуць з'яўляцца фізічныя і юрыдычныя асобы, а таксама Рэспубліка Беларусь у асобе ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў і юрыдычных асоб, якія дзейнічаюць яд яе імя.

3. Статут рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання прымаецца яго заснавальнікамі або вышэйшым органам гэтага аб'яднання і зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Урадам Рэспублікі Беларусь.

4. Стварэнне рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ажыццяўляецца па рашэнню заснавальнікаў або ў выніку рэарганізацыі існуючай некамерцыйнай арганізацыі ў форме грамадскага аб'яднання на ўмовах, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне можа ва ўстаноўленым парадку ствараць свае арганізацыйныя структуры, у тым ліку ў выглядзе юрыдычных асоб, а таксама ствараць іншыя юрыдычныя асобы або ўдзельнічаць у іх у адпаведнасці са статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання і іншым заканадаўствам.

6. Прававое становішча рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў вызначаецца гэтым Кодэксам і іншым заканадаўствам аб рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднаннях.»;

5.6. артыкул 277 дапоўніць пунктам 3 наступнага зместу:

«3. Маёмасць рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання, замацаваная за яго арганізацыйнымі структурамі ў выглядзе юрыдычнай асобы, належыць ім на праве аператыўнага ўпраўлення, калі іншае не прадугледжана статутам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання.

На арганізацыйныя структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ў выглядзе юрыдычнай асобы, за якімі маёмасць замацавана на праве аператыўнага ўпраўлення, распаўсюджваюцца правілы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, артыкуламі 279, 280 і пунктам 2 артыкула 281 гэтага Кодэкса.».

6. У Законе Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2001 года «Аб зброі» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 109,
2/810):

6.1. частку першую артыкула 6 дапоўніць словамі «, для выканання ўскладзеных на іх дзяржаўна значных задач»;

6.2. частку трэцюю артыкула 13 дапоўніць словамі «; для выканання ўскладзеных на іх дзяржаўна значных задач».

7. У Законе Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 года «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 111, 2/1050):

7.1. у артыкуле 8:

частку трэцюю пасля слоў «грамадскіх арганізацый» дапоўніць словамі «рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў»;

частку чацвёртую дапоўніць словамі «рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь»;

частку пятую пасля слоў «грамадскага аб'яднання» дапоўніць словамі «, рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання»;

7.2. частку сёмую артыкула 10 дапоўніць словамі «рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

Артыкул 16. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 17, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 17. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

19 ліпеня 2006 года, г. Мінск

№ 150-З