Закон Рэспублікі Беларусь

Аб барацьбе з карупцыяй

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 чэрвеня 2006 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2006 года

Гэты Закон устанаўлівае прававыя асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы барацьбы з карупцыяй, накіраваны на абарону правоў і свабод грамадзян, грамадскіх інтарэсаў ад пагроз, якія вынікаюць з праяў карупцыі, забеспячэнне эфектыўнай дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб шляхам папярэджання, выяўлення, спынення і раскрыцця правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйных правапарушэнняў, ліквідавання іх наступстваў.

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, скарыстаныя ў гэтым Законе

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

карупцыя — наўмыснае выкарыстанне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай ці замежнай службовай асобай свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцяў, спалучаныя з проціпраўным атрыманнем маёмасці або іншай выгады ў выглядзе паслугі, апекі, абяцання перавагі для сябе ці для трэцяй асобы, а таксама подкуп дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы альбо замежнай службовай асобы шляхам прадастаўлення ёй маёмасці ці іншай выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання маёмасці для іх ці для трэцяй асобы з тым, каб гэта дзяржаўная службовая ці прыраўнаваная да яе асоба або замежная службовая асоба ажыццявілі дзеянні ці ўстрымаліся ад іх ажыццяўлення пры выкананні сваіх службовых (працоўных) абавязкаў.

дзяржаўныя службовыя асобы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, а таксама іншыя дзяржаўныя служачыя, асобы, якія займаюць пасады ў дзяржаўных арганізацыях, Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь і якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь да службовых асоб;

асобы, прыраўнаваныя да дзяржаўных службовых асоб (прыраўнаваныя да іх асобы), — члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на непрафесійнай аснове, грамадзяне, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым законам парадку кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў; асобы, якія пастаянна ці часова ці па спецыяльнаму паўнамоцтву займаюць у недзяржаўных арганізацыях пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых функцый; асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ажыццяўленне юрыдычна значных дзеянняў; прадстаўнікі грамадскасці пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, барацьбе з правапарушэннямі, выкананню правасуддзя; дзяржаўныя служачыя, якія не адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь да службовых асоб, іншыя асобы дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі, якія не адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь да дзяржаўных служачых, якія ажыццяўляюць дзейнасць, звязаную з непасрэдным забеспячэннем патрэб, запытаў і патрэбнасцяў насельніцтва;

замежныя службовыя асобы — службовыя асобы замежных дзяржаў, члены замежных публічных сходаў, службовыя асобы міжнародных арганізацый, члены міжнародных парламенцкіх сходаў, суддзі і службовыя асобы міжнародных судоў;

маёмасць — нерухомыя і рухомыя рэчы (уключаючы грошы і каштоўныя паперы), у тым ліку маёмасныя правы, устаноўленыя грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

блізкія сваякі — бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі;

члены сям'і — муж (жонка), блізкія сваякі, якія пражываюць разам і вядуць агульную гаспадарку з дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай;

сваякі — блізкія родныя мужа (жонкі).

Артыкул 2. Заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй

Заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ўключае ў сябе гэты Закон і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь.

Адказнасць за правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйныя правапарушэнні ўстанаўліваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Суб'екты правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйных правапарушэнняў

Суб'ектамі правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, з'яўляюцца:

дзяржаўныя службовыя асобы;

асобы, прыраўнаваныя да дзяржаўных службовых асоб.

Суб'ектамі карупцыйных правапарушэнняў з'яўляюцца:

дзяржаўныя службовыя асобы;

асобы, прыраўнаваныя да дзяржаўных службовых асоб;

замежныя службовыя асобы;

асобы, якія ажыццяўляюць подкуп дзяржаўных службовых ці прыраўнаваных да іх асоб або замежных службовых асоб.

Артыкул 4. Прынцыпы барацьбы з карупцыяй

Барацьба з карупцыяй грунтуецца на прынцыпах:

законнасці;

справядлівасці;

роўнасці перад законам;

галоснасці;

непазбежнасці адказнасці;

асабістай вінаватай адказнасці;

гуманізму.

Артыкул 5. Сістэма мераў барацьбы з карупцыяй

Барацьба з карупцыяй ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі праз комплекснае прымяненне наступных мераў:

планаванне і каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па барацьбе з карупцыяй;

устанаўленне абмежаванняў, а таксама спецыяльных патрабаванняў, накіраваных на забеспячэнне фінансавага кантролю ў адносінах да дзяржаўных службовых асоб у мэтах прадухілення праяў карупцыі і іх выяўлення;

забеспячэнне прававой рэгламентацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, дзяржаўнага і грамадскага кантролю і нагляду за гэтай дзейнасцю;

удасканаленне сістэмы дзяржаўных органаў, кадравай работы і працэдуры вырашэння пытанняў, якія забяспечваюць абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб;

аднаўленне парушаных правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, ліквідацыю іншых шкодных наступстваў правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйных правапарушэнняў;

устанаўленне прававых забарон у мэтах размежавання службовых (працоўных) абавязкаў і асабістых, групавых ці іншых пазаслужбовых інтарэсаў дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб;

прадастаўленне ва ўстаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь парадку дзяржаўным службовым і прыраўнаваным да іх асобам гарантый і кампенсацый, звязаных з абмежаваннямі, устаноўленымі гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй;

недапушчэнне фінансавання або прадастаўленне іншых формаў матэрыяльнага забеспячэння дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з крыніц і ў парадку, не прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

правядзенне крыміналагічных даследаванняў карупцыйнай злачыннасці ў мэтах яе ацэнкі і прагнозу для выяўлення перадумоў і прычын карупцыі і своечасовага прыняцця эфектыўных мераў па яе прадухіленню і прафілактыцы;

спалучэнне барацьбы з карупцыяй са стварэннем эканамічных перадумоў для ліквідавання прычын карупцыі.

ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ОРГАНЫ, ЯКIЯ АЖЫЦЦЯЎЛЯЮЦЬ БАРАЦЬБУ З КАРУПЦЫЯЙ, I IХ СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ПАДРАЗДЗЯЛЕННI. ДЗЯРЖАЎНЫЯ ОРГАНЫ I IНШЫЯ АРГАНIЗАЦЫI, ЯКIЯ ЎДЗЕЛЬНIЧАЮЦЬ У БАРАЦЬБЕ З КАРУПЦЫЯЙ

Артыкул 6. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй

Барацьбу з карупцыяй ажыццяўляюць органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі.

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, рашаюць задачы, якія перад імі стаяць, самастойна і ва ўзаемадзеянні паміж сабой, з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, а таксама пры садзейнічанні грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7. Паўнамоцтвы Пракуратуры Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй

Пракуратура Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дзяржаўным органам, адказным за арганізацыю барацьбы з карупцыяй.

У мэтах забеспячэння арганізацыі барацьбы з карупцыяй Пракуратура Рэспублікі Беларусь:

акумуліруе інфармацыю аб фактах, якія сведчаць аб карупцыі;

аналізуе эфектыўнасць прымяняемых мераў па процідзеянню карупцыі;

каардынуе дзейнасць іншых дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй;

ажыццяўляе нагляд за выкананнем кіраўнікамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый патрабаванняў гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй і ў выпадку выяўлення правапарушэнняў прымае меры па прыцягненню асоб, якія іх учынілі, да адказнасці, устаноўленай заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

рыхтуе прапановы па ўдасканаленню прававога рэгулявання барацьбы з карупцыяй;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў сферы барацьбы з карупцыяй, устаноўленыя заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Спецыяльныя падраздзяленні па барацьбе з карупцыяй і іх правы

У органах пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі ствараюцца спецыяльныя падраздзяленні па барацьбе з карупцыяй.

Парадак стварэння ў органах пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Спецыяльным падраздзяленням па барацьбе з карупцыяй пры выкананні ўскладзеных на іх задач прадастаўляецца права:

атрымліваць бязвыплатна з дзяржаўных органаў і іншых арганізацый ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку інфармацыю, неабходную для выканання функцый па барацьбе з карупцыяй, у тым ліку з аўтаматызаваных інфармацыйных, даведачных сістэм і банкаў даных;

бесперашкодна прыбываць у пункты пропуску праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь і месцы, дзе ажыццяўляецца пагранічны кантроль, па службовых пасведчаннях і прапусках, выдаваемых Дзяржаўным камітэтам пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь ці камандзірамі злучэнняў і часцей пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь;

прыпыняць з санкцыі пракурора цалкам ці часткова на тэрмін да дзесяці сутак фінансавыя аперацыі фізічных і юрыдычных асоб, а таксама абмяжоўваць іх у праве распараджэння маёмасцю, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што грашовыя сродкі і (ці) іншая маёмасць атрыманы ад асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення карупцыйных правапарушэнняў або да легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам;

уносіць у дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, прадстаўленні аб ануляванні спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

Iншыя правы, а таксама абавязкі спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй вызначаюцца гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй

Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго органы, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь і мытні Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камітэт пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь і пагранічныя войскі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і яго інспекцыі, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя органы, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, іншыя банкі і небанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, а таксама іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй у межах сваёй кампетэнцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Узаемадзеянне дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы барацьбы з карупцыяй

Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі абавязаны перадаваць дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, інфармацыю, звязаную з фактамі, якія сведчаць аб карупцыі.

Парадак і ўмовы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, вызначаюцца імі сумесна.

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, на аснове міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь могуць абменьвацца неабходнай інфармацыяй з органамі замежных дзяржаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы барацьбы з карупцыяй.

Артыкул 11. Садзейнічанне дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і іх службовыя асобы ў межах сваёй кампетэнцыі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, і дзяржаўным органам і іншым арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй. Звесткі, дакументы і іншыя матэрыялы ў сферы барацьбы з карупцыяй, якія запытваюцца дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, прадастаўляюцца дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і іх службовымі асобамі неадкладна, а калі гэта немагчыма, то на працягу трох сутак.

Прадастаўленне звестак і дакументаў, якія змяшчаюць дзяржаўную, банкаўскую або іншую ахоўную законам тайну, ажыццяўляецца ў парадку, які прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Iнфармацыйнае забеспячэнне барацьбы з карупцыяй

У мэтах збору, захоўвання, аналізу і абагульнення інфармацыі аб фактах, якія сведчаць аб карупцыі, у тым ліку аб фізічных і юрыдычных асобах, якія маюць дачыненне да карупцыі, у спецыяльных падраздзяленнях па барацьбе з карупцыяй ствараюцца і вядуцца аператыўныя ўлікі і цэнтралізаваныя банкі даных.

У Пракуратуры Рэспублікі Беларусь вядуцца адзіныя банкі даных аб стане барацьбы з карупцыяй, якія фарміруюцца на падставе інфармацыі, якая прадстаўляецца органамі пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі ў парадку і тэрміны, устаноўленыя Пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, і дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй

Каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, і дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй, ажыццяўляецца Міжведамаснай камісіяй па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй і наркаманіяй пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь, якая ствараецца па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй

Фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Канкрэтныя памеры неабходных для гэтага сродкаў, у тым ліку валютных, штогод устанаўліваюцца пры зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне органаў пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі і выкарыстоўваюцца імі на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне спецыяльных падраздзяленняў.

ГЛАВА 3
ПАПЯРЭДЖАННЕ КАРУПЦЫI

Артыкул 15. Патрабаванні да парадку прыняцця асобных рашэнняў дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі ў сферы эканамічных адносінаў

Рашэнні па аказанню дзяржаўнай падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам прымаюцца ў парадку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, абавязаны праводзіць адкрытыя конкурсы або аўкцыёны пры прыняцці рашэнняў:

аб прыцягненні юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў да рэалізацыі дзяржаўных праграм і дзяржаўных заказаў;

аб размеркаванні квот;

аб выбары пастаўшчыкоў для дзяржаўных патрэб;

аб ускладанні на юрыдычную асобу і (або) індывідуальнага прадпрымальніка асобных функцый дзяржаўнага заказчыка;

у іншых выпадках, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Метад і парадак размеркавання квоты на знешні гандаль таварамі вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Урадам Рэспублікі Беларусь.

Адкрытыя конкурсы і аўкцыёны ў мэтах размеркавання квот і выбару пастаўшчыкоў для дзяржаўных патрэб не праводзяцца, калі адпаведныя пастаўкі тавараў (работ, паслуг) ажыццяўляюцца арганізацыяй, якая з'яўляецца натуральным манапалістам, а таксама ў выпадках, калі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дапускаецца іншы парадак размеркавання квот і выбару пастаўшчыкоў для дзяржаўных патрэб.

Артыкул 16. Абавязацельства дзяржаўнай службовай асобы, асобы, якая прэтэндуе на заняцце пасады дзяржаўнай службовай асобы

Дзяржаўная службовая асоба, асоба, якая прэтэндуе на заняцце пасады дзяржаўнай службовай асобы, у мэтах недапушчэння дзеянняў, якія могуць прывесці да выкарыстання імі свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцяў і заснаванага на ім аўтарытэту ў асабістых, групавых і іншых пазаслужбовых інтарэсах, даюць абавязацельства па выкананню абмежаванняў, якія ўстаноўлены артыкулам 17 гэтага Закона, а таксама заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўнай службе для дзяржаўных служачых (калі адпаведная пасада дзяржаўнай службовай асобы адносіцца да дзяржаўнай службы), і даводзяцца да ведама аб прававых наступствах невыканання такога абавязацельства.

Абавязацельства дзяржаўнай службовай асобы, асобы, якая прэтэндуе на заняцце пасады дзяржаўнай службовай асобы, афармляецца ў пісьмовай форме кадравай службай адпаведнага дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі. Непадпісанне гэтага абавязацельства цягне за сабой адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду дзяржаўнай службовай асобы, у назначэнні на пасаду дзяржаўнай службовай асобы або вызваленне дзяржаўнай службовай асобы ад займаемай пасады ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Службовыя асобы кадравай службы адпаведнага дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі за невыкананне ўскладзеных на іх службовых абавязкаў па афармленню абавязацельства дзяржаўнай службовай асобы, асобы, якая прэтэндуе на заняцце пасады дзяржаўнай службовай асобы, або несвоечасовае азнаямленне дзяржаўных службовых асоб з патрабаваннямі, што прад'яўляюцца да іх, нясуць дысцыплінарную адказнасць у парадку, які ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17. Абмежаванні, якія ўстанаўліваюцца для дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб

Дзяржаўная службовая асоба не мае права:

займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз давераных асоб, аказваць садзейнічанне блізкім сваякам у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, выкарыстоўваючы службовае становішча, быць прадстаўніком трэціх асоб па пытаннях, звязаных з дзейнасцю дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі, служачым якога (якой) яна з'яўляецца, або падпарадкаванага і (або) падкантрольнага яму (ёй) дзяржаўнага органа, дзяржаўнай арганізацыі, а таксама выконваць іншую аплатную работу, не звязаную з выкананнем працоўных абавязкаў па месцу асноўнай работы (акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі), калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

прымаць удзел асабіста або праз давераных асоб у кіраванні камерцыйнай арганізацыяй, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

мець рахункі ў замежных банках, за выключэннем выпадкаў выканання дзяржаўных функцый у замежных дзяржавах і іншых выпадкаў, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

выконваць маючыя дачыненне да службовай (працоўнай) дзейнасці ўказанні і даручэнні палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, членам якой (якога) яна з'яўляецца (за выключэннем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў).

Заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць пытанні праходжання дзяржаўнай службы, для дзяржаўных службовых асоб, якія з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, могуць быць устаноўлены іншыя абмежаванні.

Дзяржаўная службовая асоба абавязана на працягу трох месяцаў пасля назначэння (выбрання) на пасаду перадаць ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку ў давернае кіраванне пад гарантыю дзяржавы на час праходжання дзяржаўнай службы долі ўдзелу (акцыі, правы) у статутным фондзе камерцыйных арганізацый, якія знаходзяцца ў яе ўласнасці, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная службовая асоба абавязана прыпыніць сваё членства ў палітычнай партыі, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выкананне дзяржаўных функцый з'яўляецца несумяшчальным з прыналежнасцю да палітычнай партыі.

Дзяржаўная службовая асоба, якая парушыла пісьмовае абавязацельства па выкананню абмежаванняў, устаноўленых часткамі першай—чацвёртай гэтага артыкула, прыцягваецца да адказнасці, у тым ліку вызваляецца ад займаемай пасады, у парадку, які прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Абмежаванні для асоб, якія прыраўнаваны да дзяржаўных службовых асоб і з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, устанаўліваюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Недапушчальнасць сумеснай дзяржаўнай службы блізкіх родных або сваякоў

Праходжанне дзяржаўнай службы асобамі, якія знаходзяцца ў шлюбе або знаходзяцца ў адносінах блізкай роднасці або сваяцтва, не дапускаецца, калі іх службовая дзейнасць звязана з непасрэднай падпарадкаванасцю або падкантрольнасцю адной з іх другой.

Асоба, якая прынята на дзяржаўную службу ў парушэнне патрабавання, устаноўленага часткай першай гэтага артыкула, з яе згоды падлягае пераводу на пасаду, якая выключае такую падпарадкаванасць або падкантрольнасць, а пры немагчымасці пераводу або адмове ад яго — вызваленню ад займаемай пасады ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, якія дапусцілі парушэнне патрабаванняў, якія прадугледжаны часткамі першай і другой гэтага артыкула, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 19. Меры, накіраваныя на забеспячэнне фінансавага кантролю

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія паступаюць на дзяржаўную службу, дзяржаўныя служачыя і члены іх сем'яў абавязаны прадстаўляць дэкларацыі аб даходах і маёмасці і аб крыніцах грашовых сродкаў у адпаведны дзяржаўны орган у выпадках і парадку, які прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Непрадстаўленне дэкларацыі аб даходах і маёмасці або наўмыснае ўнясенне ў яе няпоўных, недакладных звестак з'яўляюцца падставай для адмовы ў прыёме на дзяржаўную службу, назначэнні дзяржаўнага служачага на іншую дзяржаўную пасаду або для прыцягнення яго да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку вызвалення ад займаемай дзяржаўнай пасады, у парадку, які ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Звесткі аб даходах і маёмасці, аб маёмасных здзелках, якія змяшчаюцца ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці і аб крыніцах грашовых сродкаў, не падлягаюць распаўсюджванню, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі

Правапарушэннямі, якімі ствараюць умовы для карупцыі, з'яўляюцца:

умяшанне дзяржаўнай службовай асобы з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў у дзейнасць іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, калі гэта не ўваходзіць у кола яго паўнамоцтваў і не заснавана на заканадаўчым акце Рэспублікі Беларусь;

аказанне дзяржаўнай службовай асобай пры падрыхтоўцы і прыняцці рашэнняў неправамернай перавагі інтарэсам фізічных або юрыдычных асоб або прадастаўленне ім неабгрунтаваных ільгот і прывілей або аказанне садзейнічання ў іх прадстаўленні;

выкарыстанне службовай асобай або прыраўнаванай да яе асобай службовага становішча пры вырашэнні пытанняў, якія закранаюць яго асабістыя, групавыя і іншыя пазаслужбовыя інтарэсы, калі гэта не звязана са службовай дзейнасцю;

удзел дзяржаўнай службовай асобы ў якасці паверанай трэціх асоб у справах дзяржаўнай арганізацыі, у якой яна знаходзіцца на службе, або падначаленай або падкантрольнай ёй іншай дзяржаўнай арганізацыі;

выкарыстанне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай у асабістых, групавых і іншых пазаслужбовых інтарэсах інфармацыі, якая ўтрымлівае звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную, банкаўскую або іншую тайну, якая ахоўваецца законам і атрыманая пры выкананні ім службовых (працоўных) абавязкаў;

адмова дзяржаўнай службовай асобы або прыраўнаванай да яе асобы ў прадастаўленні інфармацыі фізічным або юрыдычным асобам, прадастаўленне якой гэтым асобам прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, зламыснае несвоечасовае яе прадастаўленне або прадастаўленне няпоўнай або недакладнай інфармацыі;

патрабаванне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай ад фізічных або юрыдычных асоб інфармацыі, у тым ліку дакументаў, прадастаўленне якой не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

парушэнне дзяржаўнай службовай асобай у асабістых, групавых і іншых пазаслужбовых інтарэсах устаноўленага заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь парадку разгляду зваротаў фізічных або юрыдычных асоб і прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю;

стварэнне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай перашкод фізічным або юрыдычным асобам у рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў;

дэлегіраванне паўнамоцтваў на дзяржаўнае рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці або кантроль за ёй асобе, якая ажыццяўляе такую дзейнасць, калі гэта не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

парушэнне парадку правядзення конкурсаў і аўкцыёнаў, устаноўленага заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

патрабаванне прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, а роўна парушэнне парадку яе прадастаўлення і выкарыстання, устаноўленага заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Учыненне ўказаных у частцы першай гэтага артыкула правапарушэнняў цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4
КАРУПЦЫЙНЫЯ ПРАВАПАРУШЭННI

Артыкул 21. Карупцыйныя правапарушэнні

Карупцыйнымі правапарушэннямі з'яўляюцца:

вымагальніцтва дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай маёмасці або іншай выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцанне перавагі для сябе або для трэціх асоб у абмен на любое дзеянне або бяздзеянне пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў;

прыняцце дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай маёмасці або іншай выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для сябе або для трэціх асоб у абмен на любое дзеянне або бяздзеянне пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў, акрамя прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аплаты працы;

прапанова або прадастаўленне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы або замежнай службовай асобе маёмасці або іншай выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для іх або для трэціх асоб у абмен на любое дзеянне або бяздзеянне пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў;

дзеянне або бяздзеянне дзяржаўнай службовай асобы або прыраўнаванай да яе асобы або замежнай службовай асобы пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў у мэтах незаконнага атрымання выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для сябе або для трэціх асоб;

незаконнае выкарыстанне або зламыснае ўкрыццё маёмасці, атрыманай дзяржаўнай службовай або прараўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай ад любой дзейнасці, указанай у абзацах другім, трэцім і пятым часткі першай гэтага артыкула;

прыняцце дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай маёмасці (падарункаў) або іншай выгады ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, якія ўручаюцца пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў;

прыняцце запрашэння дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай у турыстычную, лячэбна-аздараўленчую або іншую паездку за кошт фізічных і (або) юрыдычных асоб, за выключэннем наступных паездак: па запрашэнню блізкіх сваякоў; якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь або на ўзаемнай аснове па дамоўленасці паміж дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і замежнымі дзяржаўнымі органамі за кошт сродкаў адпаведных дзяржаўных органаў і (або) міжнародных арганізацый; па запрашэнню іншых фізічных асоб, калі адносіны з імі не закранаюць пытанняў службовай (працоўнай) дзейнасці таго, каго запрашаюць; якія ажыццяўляюцца са згоды вышэйстаячай службовай асобы або калегіяльнага органа кіравання для ўдзелу ў міжнародных і зарубежных навуковых, спартыўных, творчых і іншых мерапрыемствах за кошт сродкаў грамадскіх аб'яднанняў (фондаў), у тым ліку паездак, якія ажыццяўляюцца ў рамках статутнай дзейнасці такіх грамадскіх аб'яднанняў (фондаў) па запрашэннях і за кошт замежных партнёраў;

перадача зарубежнай службовай асобай фізічным асобам, а таксама недзяржаўным арганізацыям бюджэтных сродкаў або іншай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, калі гэта не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

выкарыстанне дзяржаўнай службовай асобай у асабістых, групавых і іншых пазаслужбовых інтарэсах маёмасці, якая прадастаўляецца ёй для ажыццяўлення дзяржаўных функцый і якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, калі гэта не прадугледжана актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

выкарыстанне дзяржаўнай службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў у мэтах атрымання крэдыту, пазыкі, набыцця каштоўных бумаг, нерухомай і іншай маёмасці.

Учыненне ўказаных у частцы першай гэтага артыкула правапарушэнняў цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 22. Паведамленне аб учыненні правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэння

У выпадку ўчынення якога-небудзь з указаных у частцы першай артыкула 20 і часткі першай артыкула 21 гэтага Закона правапарушэнняў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў, грамадзянінам, зарэгістраваным ва ўстаноўленым законам парадку кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, паведамляюць аб гэтым адпаведна Палаце прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адпаведныя мясцовы Савет дэпутатаў, выбарчую камісію.

Артыкул 23. Гарантыі фізічным асобам, якія садзейнічаюць выяўленню карупцыі

Фізічная асоба, якая проціпраўна прадставіла дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобе або замежнай службовай асобе маёмасць обо іншую выгаду ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для іх або для трэціх асоб, вызваляецца ад адказнасці, калі мела месца вымагальніцтва з боку дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы або замежнай дзяржаўнай асобы маёмасці або іншай выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для сябе або для трэціх асоб або калі фізічная асоба пасля прадастаўлення ўказанай асобай маёмасці або выгады ў выглядзе паслугі, заступніцтва, абяцання перавагі для іх або для трэціх асоб добраахвотна заявіла аб учыненым.

ГЛАВА 5
УСТАРАНЕННЕ НАСТУПСТВАЎ КАРУПЦЫЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭННЯЎ

Артыкул 24. Спагнанне (вяртанне) незаконна атрыманай маёмасці або кошту незаконна прадастаўленых паслуг

Грашовыя сродкі, якія прадастаўлены ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і паступілі на банкаўскі рахунак дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы, падлягаюць пералічэнню ім у рэспубліканскі бюджэт на працягу дзесяці дзён з дня іх выяўлення.

Маёмасць, у тым ліку падарункі, атрыманая дзяржаўнай службовай асобай або прыраўнаванай да яе асобай з парушэннем парадку, устаноўленага заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых (працоўных) абавязкаў, падлягае бязвыплатнай здачы па месцы службы (работы) указанай асобы. Улік, захоўванне, ацэнка і рэалізацыя здадзенай маёмасці ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Члены сям'і дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы не маюць права прымаць маёмасць і паслугі, у тым ліку запрашэнні ў турыстычныя, лячэбна-аздараўленчыя і іншыя паездкі, за кошт фізічных і юрыдычных асоб, якія знаходзяцца ў службовай або іншай залежнасці ад гэтай дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы, звязанай з яго службовай (працоўнай) дзейнасцю.

Дзяржаўная службовая або прыраўнаваная да яе асоба павінна здаць незаконна атрыманую членамі яе сям'і маёмасць у фінансавы орган па месцы свайго жыхарства або вярнуць яго кошт або кошт паслуг, якімі неправамерна скарысталіся члены яго сям'і, шляхам пералічэння грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі дзяржаўная службовая або прыраўнаваная да яе асоба адмаўляецца добраахвотна здаць незаконна атрыманую ёй або членамі яе сям'і маёмасць або вярнуць яго кошт або кошт паслуг, незаконна атрыманых ім або членамі яго сям'і, пры адсутнасці прымет злачынства, гэта маёмасць або адпаведны кошт паслуг падлягаюць спагнанню ў даход дзяржавы на падставе рашэння суда па іску дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, да звароту ў суд маюць права накласці арышт на маёмасць, незаконна атрыманую дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай, якая не валодае дыпламатычным імунітэтам.

Маёмасць, атрыманая дзяржаўным органам або іншай дзяржаўнай арганізацыяй з парушэннем парадку іх фінансавання, падлягае канфіскацыі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі або па рашэнню суда і рэалізацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для рэалізацыі маёмасці, ліквідаванай, арыштаванай або вернутай у даход дзяржавы, а кошт паслуг, атрыманых з парушэннем гэтага парадку, — пералічэнню ў рэспубліканскі бюджэт.

Артыкул 25. Адмена рашэнняў, прынятых у выніку ўчынення правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, або карупцыйных правапарушэнняў

Рашэнні, прынятыя дзяржаўнымі службовымі або прыраўнаванымі да іх асобамі ў выніку ўчынення правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, або карупцыйных правапарушэнняў, могуць быць адменены дзяржаўным органам, іншай дзяржаўнай арганізацыяй або службовай асобай, упаўнаважанымі на іх прыняцце, або вышэйстаячым дзяржаўным органам, іншай вышэйстаячай дзяржаўнай арганізацыяй, вышэйстаячай службовай асобай або судом па іску дзяржаўных органаў, іншых арганізацый або грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Фізічная або юрыдычная асоба, чые правы і інтарэсы, якія ахоўваюцца законам, парушаны ў выніку прыняцця такіх рашэнняў, маюць права абскардзіць іх у судовым парадку.

Артыкул 26. Меры прававой абароны асоб, якім прычынена шкода ўчыненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэння

Шкода, прынесеная ўчыненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэння, вяртаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Па патрабаваннях, звязаных з вяртаннем шкоды, прынесенай учыненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэння, устанаўліваецца дзесяцігадовы тэрмін іскавой даўнасці, якая адлічваецца з дня іх учынення.

Артыкул 27. Абавязкі і адказнасць кіраўнікоў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый за непрыняцце мераў па барацьбе з карупцыяй

Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у межах сваёй кампетэнцыі абавязаны:

прымаць устаноўленыя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь меры, накіраваныя на барацьбу з карупцыяй;

прыцягваць асоб, якія ўчынілі правапарушэнні, што ствараюць умовы для карупцыі, або карупцыйныя правапарушэнні, за якія прадугледжана дысцыплінарная адказнасць, да такой адказнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

своечасова інфармаваць ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, аб фактах учынення падначаленымі работнікамі правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, або карупцыйных дзеянняў.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія не выконваюць або не ў поўнай меры выконваюць патрабаванні, прадугледжаныя часткай першай гэтага артыкула, а таксама не прадастаўляюць інфармацыю, якая запытваецца дзяржаўнымі органамі, што ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, і неабходную для выканання іх функцый, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 6
КАНТРОЛЬ I НАГЛЯД ЗА ДЗЕЙНАСЦЮ ПА БАРАЦЬБЕ З КАРУПЦЫЯЙ

Артыкул 28. Кантроль за дзейнасцю спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй

Кантроль за дзейнасцю спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй у органах пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі ажыццяўляюць адпаведна Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 29. Нагляд за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй

Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы барацьбы з карупцыяй ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.

ГЛАВА 7
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 30. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем главы 7, якая ўступае ў сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 31. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона:

унесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапановы аб прывядзенні заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падначаленымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

20 ліпеня 2006 года, г. Мінск

№ 165-З