Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 497

Аб выплаце падаходнага падатку ў фіксаваных сумах

У мэтах упарадкавання падаткаабкладання даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі ад здачы ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і нежылых памяшканняў:

1. Устанавіць, што:

1.1. даходы фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі (далей — фізічныя асобы), атрыманыя ад здачы іншым фізічным асобам у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і (або) нежылых памяшканняў, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у памеры, які не перавышае 500 базавых велічынь у падатковым перыядзе, вызначаюцца на дату фактычнага атрымання даходу, абкладаюцца падаходным падаткам у межах падатковых ставак згодна з дадаткам;

1.2 памер фіксаваных сум падаходнага падатку ў межах падатковых ставак, вызначаных гэтым Указам, устанаўліваецца абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў у залежнасці ад катэгорыі населенага пункта, у якім знаходзяцца жылое і (або) нежылое памяшканні, і месцы знаходжання гэтых памяшканняў у межах населенага пункта;

1.3. пры вызначэнні памеру даходаў, атрыманых ад здачы фізічным асобам у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і (або) нежылых памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прымаецца базавая велічыня, дзеючая на апошнюю ў падатковым перыядзе дату фактычнага атрымання даходу, якая вызначаецца ў адпаведнасці з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1991 года «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 5, арт. 79; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 6, 2/1175) (далей — Закон);

1.4. пры атрыманні ў падатковым перыядзе даходаў ад здачы фізічным асобам у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і (або) нежылых памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у памеры больш як 500 базавых велічынь фізічныя асобы прадстаўляюць у падатковы орган падатковую дэкларацыю (разлік) у парадку і ў тэрміны, устаноўленыя артыкулам 23 Закона;

1.5. пры атрыманні фізічнымі асобамі ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў даходаў, названых у падпункце 1.1 гэтага пункта, падаходны падатак вылічваецца і выплачваецца ў парадку і ў тэрміны, устаноўленыя Законам, па стаўках, вызначаных у пунктах 1 або 2 артыкула 18 гэтага Закона;

1.6. фізічныя асобы, для якіх ажыццяўляемая ў адпаведнасці з заканадаўствам дзейнасць па здачы іншым фізічным асобам у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і (або) нежылых памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не з'яўляецца прадпрымальніцкай, абавязаны да ўстаноўленага ў дагаворы арэнды (субарэнды), наёму (паднаёму) жылога і (або) нежылога памяшканняў (далей — дагавор) тэрміну фактычнага прадастаўлення такіх памяшканняў у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) зарэгістраваць дагавор у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе або (для дагавораў паднаёму жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду) у жыллёва-эксплуатацыйнай або іншай арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю адпаведнага жылога дома.

Форма дагавора ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і арганізацыі, названыя ў частцы першай гэтага падпункта, абавязаны зарэгістраваць дагавор у 2-дзённы тэрмін з даты яго прадстаўлення фізічнай асобай па ўстаноўленай форме і на працягу 5 дзён з даты такой рэгістрацыі накіраваць копію гэтага дагавора ў падатковы орган па месцы жыхарства фізічнай асобы;

1.7. невыкананне ўстаноўленай заканадаўствам формы дагавора не вызваляе фізічную асобу ад абавязку выплаты фіксаваных сум падаходнага падатку;

1.8. вылічэнне і выплата фіксаваных сум падаходнага падатку праводзіцца фізічнымі асобамі ў памерах, устаноўленых абласнымі або Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў для той катэгорыі населенага пункта, на тэрыторыі якога знаходзяцца здаваемае жылое і (або) нежылое памяшканні, адным з наступных спосабаў на выбар фізічнай асобы:

за ўвесь падатковы перыяд не пазней за рабочы дзень, які ідзе за ўстаноўленым у дагаворы тэрмінам фактычнага прадастаўлення жылога і (або) нежылога памяшкання ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём). Выплата фіксаваных сум падаходнага падатку за кожны наступны падатковы перыяд робіцца не пазней за першае чысло года, за які ажыццяўляецца выплата падатку. Пры змяненні памераў базавай велічыні і (або) падатковых ставак на працягу падатковага перыяду, за які фіксаваныя сумы падаходнага падатку выплачаны, такія сумы пераразліку не падлягаюць;

за адзін месяц не пазней за рабочы дзень, які ідзе за ўстаноўленым у дагаворы тэрмінам фактычнага прадастаўлення жылога і (або) нежылога памяшкання ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём), а ў далейшым — штомесяц не пазней за першае чысло месяца, за які ажыццяўляецца выплата падатку. Пры змяненні памераў базавай велічыні і (або) падатковых ставак падлягаючыя выплаце фіксаваныя сумы падаходнага падатку пераразлічваюцца з месяца, які ідзе за месяцам, у якім адбылося змяненне.

Фізічным асобам, якія маюць права на стандартныя падатковыя вылікі з даходаў у адпаведнасці з артыкулам 13 Закона (далей — вылікі), фіксаваныя сумы падаходнага падатку вылічаюцца падатковым органам пры прадстаўленні дакументаў, якія пацвярджаюць права на вылікі, зыходзячы з даходу, што вызначаецца як розніца паміж даходам, які адпавядае ўстаноўленай фіксаванай суме падаходнага падатку, і сумамі вылікаў зыходзячы з устаноўленага памеру базавай велічыні ў месяцы, у якім праводзіцца выплата фіксаваных сум падаходнага падатку. Вылічэнне фіксаваных сум падаходнага падатку з улікам вылікаў ажыццяўляецца за перыяд іх выплаты. У выпадку страты фізічнай асобай права на вылікі на працягу перыяду, за які праведзена выплата фіксаваных сум падаходнага падатку, гэта асоба ў 30-дзённы тэрмін з дня страты такога права абавязана паведаміць аб гэтым у падатковы орган і правесці даплату належных фіксаваных сум падаходнага падатку;

1.9. пры атрыманні фізічнай асобай даходаў ад здачы ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых і (або) нежылых памяшканняў на працягу месяца (першае атрыманне даходаў пасля заключэння дагавора або атрыманне іх пасля ўзнаўлення дагавора), а таксама ў выпадку спынення атрымання такіх даходаў на працягу месяца вылічэнне фіксаваных сум падаходнага падатку за гэты месяц робіцца прапарцыянальна колькасці дзён здачы жылых і (або) нежылых памяшканняў у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) у названым месяцы;

1.10. ад выплаты падаходнага падатку вызваляюцца фізічныя асобы, якія атрымліваюць даходы ад здачы ў наём (паднаём) жылых памяшканняў маладым спецыялістам, прызнаным такімі ў адпаведнасці з заканадаўствам і накіраваным на работу камісіяй па персанальнаму размеркаванню.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі гэтага Указа.

3. Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ў двухмесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Указам.

4. Гэты Указ уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пунктаў 2, 3 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

4 жніўня 2006 г., г. Мінск.