Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 кастрычніка 2006 г. № Р-196/2006
Аб тэхнічных нарматыўных прававых актах
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Філіпчык Р.І., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню аб неабходнасці своечасовага і поўнага давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца (выдаюцца) рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, і аб тэрмінах увядзення іх у дзеянне.
 
Аналіз палажэнняў Канстытуцыі і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць парадак прыняцця, апублікавання і давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб іншым спосабам тэхнічных нарматыўных прававых актаў, паказаў наступнае.
 
Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыі прававой дзяржавай мае на ўвазе абавязак дзяржаўных органаў і службовых асоб дзейнічаць на падставе Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, публікаваць або даводзіць да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам нарматыўныя акты дзяржаўных органаў (артыкулы 1, 7 і іншыя артыкулы Канстытуцыі).
 
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў (артыкул 34 Канстытуцыі). На гэта, у прыватнасці, накіравана патрабаванне часткі пятай артыкула 104 Канстытуцыі, згодна з якім законы, дэкрэты Прэзідэнта падлягаюць неадкладнаму апублікаванню пасля іх падпісання і ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання, калі ў іх не ўстаноўлены іншы тэрмін.
 
У адпаведнасці з артыкулам 52 Канстытуцыі кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю і законы. Аднак для выканання гэтага канстытуцыйнага патрабавання грамадзяне павінны мець магчымасць своечасова знаёміцца са зместам прынятых нарматыўных прававых актаў.
 
У Законе “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” (далей – Закон), Палажэнні аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1998 г. № 22 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 1998 г. № 369 “Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь” (са змяненнямі і дапаўненнямі) вызначаны парадак афіцыйнага апублікавання нарматыўных прававых актаў і ўступлення іх у сілу. Прадугледжана, што нарматыўныя прававыя акты падлягаюць уключэнню ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны рэестр), які вядзе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (далей – НЦПІ), і падлягаюць афіцыйнаму апублікаванню ў выданні Нацыянальнага рэестра. Электронная версія Нацыянальнага рэестра ўяўляе сабой дакладную электронную копію яго друкаванага выдання і размяшчаецца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь адначасова з выхадам у свет адпаведнага нумара друкаванага выдання. Ідэнтычнасць зместу тэксту друкаванага выдання Нацыянальнага рэестра і яго электроннай версіі забяспечваецца НЦПІ.
 
У Законе таксама вызначаны парадак вырашэння юрыдычных калізій, устаранення і пераадолення прабелаў у нарматыўных прававых актах, умовы іх рэалізацыі, прадугледжана забарона надання ім зваротнай сілы і ўстаноўлены іншыя патрабаванні. Нарматыўныя прававыя акты рэспубліканскіх дзяржаўных органаў маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (артыкулы 66 – 78).
 
У адпаведнасці з унесенымі ў 2002 годзе змяненнямі сфера дзеяння Закона перастала распаўсюджвацца на тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты (артыкул 4 Закона). Згодна з артыкулам 1 Закона да тэхнічных нарматыўных прававых актаў, у прыватнасці, аднесены тэхнічныя рэгламенты, дзяржаўныя стандарты Рэспублікі Беларусь, ветэрынарна-санітарныя нормы і правілы, санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы, нормы і правілы пажарнай бяспекі, а таксама іншыя акты, зацверджаныя (уведзеныя ў дзеянне) у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, таксама абавязковыя для выканання грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яны з’яўляюцца асновай для прыняцця лакальных нарматыўных прававых актаў. У шэрагу выпадкаў за парушэнні норм тэхнічных нарматыўных прававых актаў грамадзяне нясуць юрыдычную адказнасць, у тым ліку адміністрацыйную і крымінальную. Гэта акалічнасць тым больш мае на ўвазе неабходнасць своечасовага і поўнага давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб такіх тэхнічных нарматыўных прававых актаў, змест якіх закранае іх правы і абавязкі.
 
Аналіз заканадаўства, якое рэгулюе прыняцце тэхнічных нарматыўных прававых актаў, сведчыць аб тым, што яны прымаюцца (выдаюцца) міністэрствамі архітэктуры і будаўніцтва, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гандлю, іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. Гэтыя акты ўстанаўліваюць тэхнічныя ўмовы і нормы ў пэўнай сферы дзейнасці, накіраваны на абарону жыцця, здароўя, спадчыннасці чалавека, іншых правоў і свабод грамадзян, правоў спажыўцоў, аховы навакольнага асяроддзя. Асаблівасці прыняцця тэхнічных нарматыўных прававых актаў і іншых актаў міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, энергетыкі і іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія змяшчаюць дзяржаўныя нарматыўныя патрабаванні аховы працы, вызначаны ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2003 г. № 150 “Аб дзяржаўных нарматыўных патрабаваннях аховы працы ў Рэспубліцы Беларусь”. У дадзенай пастанове Савета Міністраў хаця і прадугледжана, што патрабаванні аховы працы абавязковыя для выканання юрыдычнымі і фізічнымі асобамі пры ажыццяўленні імі любых відаў дзейнасці, аднак парадак і ўмовы давядзення да ўсеагульнага ведама ўказаных тэхнічных нарматыўных прававых актаў не вызначаны.
 
Вывучэнне практыкі апублікавання тэхнічных нарматыўных прававых актаў сведчыць аб тым, што звесткі аб іх прыняцці публікуюцца ў ведамасных часопісах, а самі акты распаўсюджваюцца арганізацыямі, падпарадкаванымі рэспубліканскім дзяржаўным органам, зацікаўленым асобам на платнай аснове. У некаторых з такіх арганізацый у гэтых мэтах створаны электронныя банкі даных тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца вышэйстаячымі міністэрствамі.
 
Асобныя тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты да 2002 года былі апублікаваны ў Нацыянальным рэестры і змяшчаюцца ў эталонным банку даных прававой інфармацыі НЦПІ.
 
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2004 г. № 781 “Аб Нацыянальным фондзе тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі” Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у цяперашні час – Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі) сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ва ўзаемадзеянні з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, міжнароднымі і замежнымі арганізацыямі па тэхнічнаму нарміраванню, стандартызацыі, метралогіі створаны Нацыянальны фонд тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі (далей – Нацыянальны фонд). Інструкцыяй, зацверджанай пастановай Камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2004 г. № 34/18, якая датычыцца дзейнасці Нацыянальнага фонду, прадугледжаны даведачна-інфармацыйнае абслугоўванне юрыдычных і фізічных асоб, а таксама свабодны доступ да даведачнай інфармацыі Нацыянальнага фонду, што размяшчаецца на афіцыйных сайтах указаных дзяржаўных органаў.
 
Разам з тым Нацыянальны фонд змяшчае абмежаваны пералік тэхнічных нарматыўных прававых актаў (тэхнічныя рэгламенты, дзяржаўныя стандарты і інш.), вызначаных артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі”. Парадак прыняцця, уступлення ў сілу і давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца (выдаюцца) рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, не ўстаноўлены, што не адпавядае Канстытуцыі і заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Улічваючы важнасць давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб тэхнічных нарматыўных прававых актаў, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2006 г. № 333 прадугледжана, што дзяржаўныя органы могуць накіроўваць у НЦПІ тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты для ўключэння іх у Нацыянальны рэестр.
 
Акрамя таго, па наяўных даных, міністэрствы па надзвычайных сітуацыях, сельскай гаспадаркі і харчавання, дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь накіроўваюць звесткі аб прынятых тэхнічных нарматыўных прававых актах, а ў шэрагу выпадкаў і тэксты гэтых актаў для размяшчэння ў эталонным банку даных прававой інфармацыі НЦПІ.
 
У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку распаўсюджвання прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 1998 г. № 565 (са змяненнямі і дапаўненнямі), эталонны банк даных прававой інфармацыі прадастаўляецца бязвыплатна Нацыянальнай, Прэзідэнцкай бібліятэкам, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям. Акрамя таго, эталонны банк даных прадастаўляецца юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам і грамадзянам на платнай аснове.
 
У сітуацыі, якая склалася, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, было б мэтазгодна забяспечыць адзіны комплексны падыход да вызначэння парадку прыняцця, апублікавання або давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб іншым спосабам тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
 
Канстытуцыйны Суд таксама лічыць, што неабходна вызначыць парадак уступлення ў сілу тэхнічных нарматыўных прававых актаў з такім разлікам, каб у асоб, на якіх распаўсюджваецца іх дзеянне, была рэальная магчымасць азнаёміцца са зместам гэтых актаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры прыняцці тэхнічных нарматыўных прававых актаў павінны ўлічвацца і іншыя патрабаванні, прадугледжаныя ў Законе “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”. На перыяд да адпаведнага заканадаўчага рэгулявання тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты або звесткі аб іх прыняцці маглі б уключацца ў абавязковым парадку ў эталонны банк даных прававой інфармацыі НЦПІ. Афіцыйнае апублікаванне тэхнічных нарматыўных прававых актаў магло б ажыццяўляцца ў дадатку да выдання Нацыянальнага рэестра ці ў іншых сродках масавай інфармацыі, ў якіх аператыўна размяшчалася б інфармацыя аб прыняцці тэхнічных нарматыўных прававых актаў, тэрмінах увядзення іх у дзеянне, указвалася крыніца апублікавання і выкладаўся кароткі змест.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
  
ВЫРАШЫЎ:
  
1. Адзначыць, што тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца (выдаюцца) рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, абавязковыя для выканання грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі. У сілу гэтага грамадзяне і юрыдычныя асобы да ўвядзення ў дзеянне такіх актаў павінны мець магчымасць загадзя азнаёміцца з іх зместам, паколькі ў некаторых выпадках парушэнне норм указаных актаў цягне юрыдычную адказнасць, у тым ліку адміністрацыйную і крымінальную.
 
2. У мэтах удасканальвання парадку давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, прапанаваць Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб забеспячэнні адзінага комплекснага падыходу да вызначэння парадку прыняцця, апублікавання або давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб іншым спосабам тэхнічных нарматыўных прававых актаў. На перыяд да заканадаўчага ўрэгулявання гэтага пытання з мэтай забеспячэння своечасовага азнаямлення грамадзян і юрыдычных асоб са зместам тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, вызначыць часовы парадак іх падрыхтоўкі, прыняцця, уступлення ў сілу і давядзення да ўсеагульнага ведама.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                 Р.А.Васілевіч