Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2

Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату

Рэспубліка Беларусь дынамічна развіваецца ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства. Высокія рэзультаты, дасягнутыя ў розных галінах народнай гаспадаркі, з'яўляюцца вынікам сумесных намаганняў дзяржавы, грамадства і кожнага чалавека. I накіраваны яны на тое, каб зрабіць дастойным жыццё нашых грамадзян.

Нездарма на трэцім Усебеларускім народным сходзе дэвізам гэтага пяцігоддзя абвешчана пабудова дзяржавы для народа.

Таму асноўнай мэтай органаў дзяржаўнай улады з'яўляецца правядзенне такой палітыкі, рэалізацыя такіх праектаў, якія паслядоўна б паляпшалі якасць жыцця людзей, максімальна аблягчалі вырашэнне пытанняў, з якімі штодзень сутыкаюцца грамадзяне.

Зроблена ў гэтым напрамку нямала — прыняты шэраг мераў, якія павінны забяспечыць даступнасць, прастату, аператыўнасць вырашэння надзённых праблем кожнага чалавека. Цяпер галоўнае — належная і своечасовая рэалізацыя намечанага, далейшае паляпшэнне работы ўсіх структур у дзяржаве.

Аднак асобныя негатыўныя факты праяўлення бюракратызму ў дзейнасці дзяржаўнага апарату значна зніжаюць магчымасць нашага руху наперад.

Яшчэ ёсць кіраўнікі, якія выбралі зручны для сябе так званы «кабінетны» стыль работы, якія лічаць за лепшае прымаць рашэнні без аб'ектыўнага аналізу рэальнай абстаноўкі на месцах. Ствараючы бачнасць дзелавой актыўнасці, яны зводзяць сваю дзейнасць да падрыхтоўкі рознай інфармацыі, даведак, інструкцый, планаў, справаздач, адцягваючы тым самым ад канкрэтнай работы вялікую колькасць служачых розных арганізацый. Гэта, несумненна, зніжае рэзультатыўнасць работы дзяржаўнага апарату, часта прыводзіць да скажэння рашэнняў, што прымаюцца на дзяржаўным узроўні.

Праяўляемыя некаторымі чыноўнікамі фармалізм, валакіта, паператворчасць, фанабэрыя, непавага да людзей, абыякавасць да іх лёсаў і патрэбнасцяў, аб чым сведчаць паступаючыя на разгляд Кіраўніка дзяржавы звароты грамадзян, падрываюць іх давер да дзяржавы. Такое становішча спраў недапушчальнае.

У мэтах далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, паляпшэння работы з грамадзянамі:

1. Прыняць меры, накіраваныя на далейшую аптымізацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый (далей — дзяржаўныя органы). Для гэтага:

1.1. лічыць стан работы з грамадзянамі адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў.

Кіраўнікам дзяржаўных органаў звяртаць асаблівую ўвагу на забеспячэнне ўважлівых, адказных, добразычлівых адносінаў работнікаў да грамадзян.

Па кожнаму выпадку фармалізму, прадузятых, нетактоўных паводзінаў, грубасці і непавагі да людзей праводзіць праверку і пры пацвярджэнні адпаведных фактаў прыцягваць вінаватых да адказнасці аж да вызвалення ад займаемай пасады;

1.2. дзяржаўным органам, іх службовым асобам пры прыняцці рашэнняў, што закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян, няўхільна выконваць патрабаванні заканадаўства, не дапускаць іх адвольнага тлумачэння і «адсябяціны» пры прымяненні. У выпадку незразумеласці або недакладнасці прадпісанняў прававога акта рашэнні павінны прымацца зыходзячы з максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян;

1.3. перагледзець рэжым работы структурных падраздзяленняў і службовых асоб дзяржаўных органаў, што ажыццяўляюць прыём грамадзян і (або) выдачу ім даведак і іншых дакументаў, вызначыўшы яго ў зручны для насельніцтва час. Прыём грамадзян у рабочыя дні павінен пачынацца не пазней за 8 гадзін або завяршацца не раней за 20 гадзін, а таксама ажыццяўляцца па суботах і (або) нядзелях, калі гэта неабходна з улікам колькасці і спецыфікі зваротаў.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў нясуць персанальную адказнасць за забеспячэнне названага рэжыму работы ва ўзначальваемых дзяржаўных органах, а таксама ў падпарадкаваных арганізацыях;

1.4. не дапускаць наяўнасці чэргаў, а таксама доўгага чакання грамадзянамі прыёму ў дзяржаўных органах.

У выпадку сістэматычнага ўзнікнення ў дзяржаўным органе сітуацый, названых у частцы першай гэтага падпункта, прымаць неадкладныя меры па ўстараненню гэтых з'яў і прычын, што спараджаюць іх;

1.5. укараняць у практыку:

папярэдні запіс грамадзян на прыём у дзяржаўныя органы па тэлефоне або з дапамогай электронных сродкаў сувязі, а таксама карткі абслугоўвання грамадзян, у якіх называюцца час і месца абслугоўвання, пасада, прозвішча і імя работніка, які абслугоўвае. Пры змяненні ўзгодненага парадку прыёму адпаведны дзяржаўны орган павінен паведаміць аб гэтым грамадзяніну;

папярэдняе кансультаванне грамадзян канкрэтным работнікам (работнікамі) дзяржаўнага органа;

1.6. выключыць выпадкі неабгрунтаванага выкліку грамадзян у суды, пракуратуру, органы ўнутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковыя, мытныя і іншыя дзяржаўныя органы, іх знаходжання ў названых органах звыш устаноўленага заканадаўчымі актамі часу, а таксама звыш часу, неабходнага для вядзення працэсуальных дзеянняў;

1.7. пашырыць практыку выкарыстання тэлефонных «гарачых ліній», рэгулярнага правядзення службовымі асобамі дзяржаўных органаў выязных прыёмаў грамадзян, сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства і ў калектывах работнікаў.

Пры гэтым узнімаемыя грамадзянамі пытанні, што не патрабуюць спецыяльнай дадатковай праверкі і адносяцца да кампетэнцыі адпаведнай службовай асобы, павінны вырашацца неадкладна. Iншыя пытанні павінны быць разгледжаны на працягу аднаго месяца з дня звароту;

1.8. устанавіць, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў трохдзённы тэрмін паведамляюць дзяржаўным органам аб апублікаваных у адпаведных перыядычных выданнях або аб агучаных у праграмах тэле- і радыёканалаў матэрыялах аб невыкананні работнікамі такіх органаў патрабаванняў заканадаўства па рабоце з грамадзянамі.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў абавязаны ў месячны тэрмін разгледзець такія матэрыялы і прыняць меры па ўстараненню дапушчаных парушэнняў і прычын, якія іх спараджаюць, а таксама прыцягнуць вінаватых у гэтым да адказнасці;

1.9. калектыўныя звароты 30 і больш грамадзян у дзяржаўныя органы (да службовых асоб) па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю гэтых органаў (асоб), падлягаюць разгляду з выездам на месца знаходжання аб'екта, які з'яўляецца прадметам звароту, калі іншае не вынікае з гэтага звароту;

1.10. кіраўнікам дзяржаўных органаў удзяляць асаблівую ўвагу выкананню патрабаванняў заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах.

Пры звароце грамадзян у дзяржаўныя органы за выдачай даведак або іншых дакументаў забараняецца патрабаваць ад іх дакументы, не прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, за выключэннем пашпарта або іншага дакумента, які засведчвае асобу.

Па кожнаму факту парушэння такіх патрабаванняў, запатрабавання ад грамадзян дакументаў, прадастаўленне якіх не прадугледжана заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, неабгрунтаванай адмовы ў выдачы даведак або іншых дакументаў, неправамернага спагнання платы за іх выдачу, а таксама парушэння тэрмінаў выдачы даведак або іншых дакументаў прыцягваць вінаватых да адказнасці.

Пры наяўнасці ў дзяржаўным органе двух і больш парушэнняў, названых у частцы трэцяй гэтага падпункта, кіраўнік гэтага органа прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці аж да вызвалення ад займаемай пасады;

1.11. пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў павінна ацэньвацца абгрунтаванасць уключэння ў іх нормаў, якія змяшчаюць дадатковыя адміністрацыйныя працэдуры або якія ўскладняюць ужо існуючыя.

2. Аптымізаваць справаздачна-статыстычную дзейнасць:

2.1. збор першасных статыстычных даных па формах цэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў ажыццяўляць выключна органамі дзяржаўнай статыстыкі, якія ва ўстаноўленым парадку павінны даводзіць зводныя статыстычныя даныя да зацікаўленых;

2.2. дзяржаўным органам, за выключэннем органаў дзяржаўнай статыстыкі, праводзіць збор першасных статыстычных даных толькі па формах нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў, зацверджаных Міністэрствам статыстыкі і аналізу;

2.3. выключыць дубліраванне статыстычных паказчыкаў у формах цэнтралізаваных і нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў. Пры наяўнасці такога дубліравання адпаведныя паказчыкі падлягаюць выключэнню з формаў нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў;

2.4. забараняецца ўвядзенне новых формаў цэнтралізаваных і нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў без узгаднення з Міжведамасным саветам па дзяржаўнай статыстыцы;

2.5. устанавіць, што кіраўнікі дзяржаўных органаў могуць уводзіць у падпарадкаваных арганізацыях дадатковую справаздачнасць, акрамя названай у падпунктах 2.1 і 2.2 гэтага пункта, якая з'яўляецца ведамаснай справаздачнасцю, толькі па ўзгадненню з Міжведамасным саветам па дзяржаўнай статыстыцы.

Пералік і формы ведамаснай справаздачнасці зацвярджаюцца кіраўнікамі названых органаў штогод да 1 снежня года, які папярэднічае справаздачнаму. Пашырэнне пераліку ведамаснай справаздачнасці на працягу года дапускаецца ў выпадку, калі гэта вынікае з законаў, рашэнняў і даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У формах ведамаснай справаздачнасці павінны быць вызначаны: вычарпальны пералік суб'ектаў, ад якіх выпатрабуецца інфармацыя, перыядычнасць яе прадстаўлення і кола суб'ектаў, якім яна прадстаўляецца;

2.6. не дапускаецца запыт дзяржаўнымі органамі ў непасрэдна не падпарадкаваных ім арганізацый іншай інфармацыі, акрамя дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці і ведамаснай справаздачнасці, (далей — разавая інфармацыя), а таксама па пытаннях, якія не ўваходзяць у кампетэнцыю гэтых дзяржаўных органаў, за выключэннем выпадкаў, калі разавая інфармацыя запытваецца на падставе або ў мэтах выканання законаў, рашэнняў і даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь*;

2.7. забараняецца збор даных па формах дзяржаўных статыстычных назіранняў, ведамаснай справаздачнасці часцей за адзін раз у месяц, за выключэннем выпадкаў збору даных аб арганізацыі і правядзенні сельскагаспадарчых работ, аб правапарушэннях і надзвычайных сітуацыях і іншых выпадкаў, узгодненых з Міжведамасным саветам па дзяржаўнай статыстыцы.

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму:

3.1. праводзіць сістэматычную работу па:

3.1.1. вывучэнню арганізацыі работы са зваротамі грамадзян за выдачай даведак і іншых дакументаў на падставе заяўнага прынцыпу аднаго акна і прымаць неабходныя меры па карэкціроўцы адпаведных актаў заканадаўства;

3.1.2. спрашчэнню адміністрацыйных працэдур, у тым ліку шляхам скарачэння колькасці дакументаў, неабходных для іх правядзення;

3.1.3. забеспячэнню максімальна поўнага інфармавання грамадзян аб выкарыстанні заяўнага прынцыпу аднаго акна, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі і сетку Iнтэрнэт;

3.1.4 павышэнню кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных органаў, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з працай з грамадзянамі;

3.1.5. уніфікацыі функцый структурных падраздзяленняў дзяржаўных органаў з мэтай максімальнага скарачэння колькасці службовых асоб, якія ўдзельнічаюць у разглядзе зваротаў грамадзян у рамках адпаведнай адміністрацыйнай працэдуры;

3.2. у трохмесячны тэрмін:

3.2.1. па выніках вывучэння арганізацыі работы са зваротамі грамадзян за выдачай даведак і іншых дакументаў на аснове заяўнага прынцыпу аднаго акна вызначыць лепшую арганізацыю па ажыццяўленню кожнага віду адміністрацыйных працэдур і на базе такой арганізацыі правесці навучальныя семінары па гэтаму пытанню;

3.2.2. забяспечыць аптымальныя тэрміны дзеяння выдаваемых грамадзянам даведак і іншых дакументаў, неабходных для правядзення адміністрацыйных працэдур, а таксама праваўстанаўліваючых дакументаў, што атрымліваюцца грамадзянамі ў выніку выканання адміністрацыйных працэдур, з мэтай устаранення шматразовасці ўзбуджэння і дакументавання такіх працэдур па адным і тым жа пытанні;

3.2.3. правесці інвентарызацыю звестак, што змяшчаюцца на інфармацыйных стэндах, сайтах дзяржаўных органаў, з мэтай выключэння супярэчлівай, неактуальнай інфармацыі, папаўнення прабелаў у інфармаванні грамадзян з улікам патрабаванняў заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах;

3.2.4. забяспечыць распрацоўку адзінай методыкі (рэкамендацый) па афармленню інфармацыйных стэндаў дзяржаўных органаў з улікам патрабаванняў заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах;

3.3. да 1 студзеня 2008 г. прыняць меры па тэхнічнаму і інфармацыйна-тэхналагічнаму перааснашчэнню структурных падраздзяленняў дзяржаўных органаў, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з работай з грамадзянамі.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

4.1. да 1 красавіка 2007 г. прадставіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь справаздачу аб ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на 2003—2005 гады і на перспектыву да 2010 года «Электронная Беларусь»;

4.2. да 1 студзеня 2008 г. забяспечыць аб'яднанне базавых інфармацыйных рэсурсаў, якія маюць дзяржаўнае значэнне, у адзіную інфармацыйную сістэму, доступ да яе адпаведных дзяржаўных органаў, а таксама абароненасць такіх рэсурсаў ад несанкцыянаванага доступу;

4.3. забяспечыць паэтапнае стварэнне і ўкараненне пачынаючы з 1 студзеня 2008 г. рэгістра насельніцтва як адзінай інфармацыйнай сістэмы, што змяшчае персанальныя даныя грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Аб ходзе стварэння і ўкаранення рэгістра насельніцтва дакладваць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь кожнае паўгоддзе;

4.4. у шасцімесячны тэрмін прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтай Дырэктывы.

5. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання па ўзгадненню з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у трохмесячны тэрмін распрацаваць і зацвердзіць інструкцыі па правядзенню асобных (складаных і шматступеньчатых) адміністрацыйных працэдур, якія вызначаюць парадак работы дзяржаўных органаў і іх узаемадзеяння паміж сабой пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур з устанаўленнем іх дакладных тэрмінаў і паэтапнасці.

6. Міністэрству статыстыкі і аналізу:

6.1. да 1 студзеня 2008 г. сфарміраваць адзіны электронны банк даных, што змяшчае звесткі аб дзеючых у Рэспубліцы Беларусь формах дзяржаўных статыстычных назіранняў, ведамаснай справаздачнасці, указанні па іх запаўненню. Забяспечыць дзяржаўным органам доступ да адзінага электроннага банка даных;

6.2. сумесна з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання штогод пераглядаць формы дзяржаўных статыстычных назіранняў у мэтах іх аптымізацыі і зніжэння нагрузкі на суб'ектаў, ад якіх выпатрабуюцца першасныя статыстычныя даныя, пры дапамозе:

праверкі абгрунтаванасці і актуальнасці прадугледжаных у іх статыстычных паказчыкаў і ўстаранення іх дубліравання;

максімальна магчымага павелічэння перыядаў прадстаўлення дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Каардынацыю гэтай работы ўскласці на Міжведамасны савет па дзяржаўнай статыстыцы;

6.3. штогод сістэматызаваць прававыя акты, што зацвярджаюць формы дзяржаўных статыстычных назіранняў.

7. Савету па каардынацыі кантрольнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь да 1 кастрычніка 2007 г. забяспечыць правядзенне праверкі абгрунтаванасці ўвядзення ведамаснай справаздачнасці.

8. Дзяржаўным органам да 1 сакавіка 2007 г. зацвердзіць пералікі і формы ведамаснай справаздачнасці.

9. Міністэрству інфармацыі арганізаваць пастаяннае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі прымаемых мераў па ўдасканаленню работы з грамадзянамі, дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату.

10. Пракуратуры Рэспублікі Беларусь узмацніць нагляд за выкананнем заканадаўства пры прыняцці рашэнняў службовымі асобамі дзяржаўных органаў, а таксама судовых рашэнняў па грамадзянскіх, крымінальных справах, справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян.

11. Кантроль за выкананнем гэтай Дырэктывы ўскласці на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Улічваючы важнасць барацьбы з бюракратызмам, звяртаюся да Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, прафсаюзных, маладзёжных, жаночых, ветэранскіх і іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый з просьбай аказваць актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі палажэнняў гэтай Дырэктывы.

Толькі сумеснымі намаганнямі можна забяспечыць абарону інтарэсаў асобнай асобы, дзяржавы і грамадства, устараніць негатыўныя з'явы, звязаныя з праявамі бюракратызму ва ўсіх сферах жыцця.

___________

*Дзеянне падпункта 2.6 пункта 2 гэтай Дырэктывы не распаўсюджваецца на адносіны, што рэгулююцца крымінальна-працэсуальным, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама на іншыя адносіны, прымяняльна да якіх заканадаўчымі актамі ўстаноўлены іншы парадак збору інфармацыі.

Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

27 снежня 2006 г., г. Мінск.