Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 снежня 2006 г. № Р-197/2006
Аб удасканальванні палажэнняў Прыкладнага статута жыллёва-будаўнічага кааператыва
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб прававым рэгуляванні дзейнасці жыллёва-будаўнічага кааператыва (далей – ЖБК), парадку выбрання і функцыяніравання органаў кіравання ЖБК і некаторых пытаннях, якія датычацца кантролю за дзейнасцю ЖБК. Пытанні аналагічнага зместу ставіліся перад Канстытуцыйным Судом грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі неаднаразова (звароты ад 13 снежня 2005 г., 26 мая 2006 г., 16 кастрычніка 2006 г., 23 лістапада 2006 г. і інш.).
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Жыллёвага кодэкса, Прыкладнага статута жыллёва-будаўнічага кааператыва і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія датычацца даследуемых пытанняў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з часткай першай артыкула 107 Жыллёвага кодэкса (далей – ЖК) 1999 г. ЖБК – гэта арганізацыя грамадзян-забудоўшчыкаў, якая ствараецца ў мэтах будаўніцтва жылога дома (дамоў) і далейшай эксплуатацыі і кіравання ім (імі).
 
Грамадзяне лічацца членамі арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў і набываюць адпаведныя правы і абавязкі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай арганізацыі (частка першая артыкула 108 ЖК).
 
У адпаведнасці з пунктам 6 Прыкладнага статута жыллёва-будаўнічага кааператыва, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1984 г. № 400 (далей – Прыкладны статут ЖБК), ЖБК ажыццяўляе дзейнасць на падставе статута, прынятага агульным сходам грамадзян, якія ўступаюць у кааператыў. Статут кааператыва рэгіструецца ў выканаўчым камітэце раённага, гарадскога, раённага ў горадзе Савета дэпутатаў, на тэрыторыі якога арганізаваны кааператыў.
 
Пунктамі 62, 63, 65 і 67 Прыкладнага статута ЖБК прадугледжана, у прыватнасці, што органамі кіравання ЖБК з’яўляюцца агульны сход членаў кааператыва і праўленне кааператыва. Калі ў кааператыве маецца 50 і больш членаў, то замест агульных сходаў могуць склікацца сходы ўпаўнаважаных. Упаўнаважаныя выбіраюцца на агульным сходзе членаў кааператыва тэрмінам на два гады.
 
Агульны сход членаў кааператыва (сход упаўнаважаных) з’яўляецца вышэйшым органам кіравання кааператыва. Агульны сход (сход упаўнаважаных) прызнаецца правамоцным, калі ў ім удзельнічае не менш 2/3 агульнай колькасці членаў кааператыва (упаўнаважаных). Рашэнні прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных членаў кааператыва (упаўнаважаных). Рашэнне аб рэарганізацыі або ліквідацыі кааператыва прымаецца толькі агульным сходам членаў кааператыва. Агульны сход членаў кааператыва, які склікаецца для вырашэння ўказаных пытанняў, прызнаецца правамоцным, калі ў ім удзельнічае не менш 3/4 членаў кааператыва. Рашэнні прымаюцца большасцю ў 3/4 галасоў прысутных членаў.
 
Праўленне ЖБК выбіраецца па прадстаўленню выканаўчага камітэта мясцовага Савета дэпутатаў агульным сходам членаў кааператыва (сходам упаўнаважаных) тэрмінам на два гады з ліку членаў кааператыва і ў сваёй дзейнасці падпарадкавана агульнаму сходу членаў кааператыва (сходу ўпаўнаважаных).
 
Змест прыведзеных норм сведчыць аб тым, што рашэнне аб рэарганізацыі або ліквідацыі кааператыва можа быць прынята толькі пры выкананні ўмоў, вызначаных у Прыкладным статуце ЖБК (пункты 81–85), а таксама, што органы кіравання ЖБК могуць быць выбраны толькі простай большасцю галасоў прысутных членаў кааператыва (упаўнаважаных). Такім чынам, выбранне органаў кіравання ЖБК іншым шляхам, у тым ліку шляхам уліку заяў, што паступілі ў пісьмовай форме, як гэта прапануецца на практыцы ў адпаведнасці з часткай пятай артыкула 17 Закона “Аб сумесным домаўладанні”, не дапускаецца.
 
У звароце адзначаецца, што некаторыя палажэнні Прыкладнага статута ЖБК не адпавядаюць нормам ЖК, у сувязі з чым ускладаецца іх прымяненне на практыцы. Асобныя члены ЖБК адмаўляюцца прымаць удзел у правядзенні агульных сходаў (сходаў упаўнаважаных), што робіць практычна немагчымым не толькі выбранне органаў кіравання, але ў цэлым ажыццяўленне паўнамоцтваў, якія адносяцца да вядзення кааператыва.
 
Аналіз ЖК 1983 г., ЖК 1999 г., Прыкладнага статута ЖБК дазваляе зрабіць вывад, што палажэнні Прыкладнага статута ЖБК сапраўды ў многім ўстарэлі, не адпавядаюць нормам ЖК 1999 г. і іншых актаў жыллёвага заканадаўства. Змянілася таксама прававое рэгуляванне адносін, якія датычацца ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю ЖБК мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
 
У прыватнасці, у адрозненне ад ЖК 1983 г., які ўскладаў на выканаўчыя камітэты Саветаў дэпутатаў абавязак ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю ЖБК (пункт 7 часткі першай артыкула 18, пункт 8 часткі першай артыкула 19, пункт 6 часткі першай артыкула 20, артыкул 133), ЖК 1999 г. не змяшчае такіх палажэнняў. Не ўстаноўлена таксама права адпаведных выканаўчых камітэтаў зацвярджаць рашэнні агульнага сходу членаў ЖБК (сходу ўпаўнаважаных), адмяняць рашэнні агульнага сходу або праўлення ЖБК, якія супярэчаць заканадаўству, і інш.
 
Разам з тым на практыцы прымяняюцца палажэнні Прыкладнага статута ЖБК, прынятыя на падставе ЖК 1983 г., якія не адпавядаюць палажэнням ЖК 1999 г. і іншых актаў жыллёвага заканадаўства.
 
У большасці ЖБК стварылася неаформленае сумеснае домаўладанне, паколькі маюцца тры катэгорыі ўласнікаў нерухомай маёмасці: ЖБК; члены ЖБК, якія аформілі права ўласнасці на жылыя памяшканні; грамадзяне, якія набылі кватэры на другасным рынку або ў парадку атрымання ў спадчыну, але ў члены ЖБК не ўступалі. У сувязі з гэтым ва ўказаных суб’ектаў жыллёвых праваадносін узнікаюць пытанні аб сумесным домаўладанні, аб спосабе кіравання, аб выбарах членаў праўлення кааператыва і інш.
 
ЖК 1999 г. (артыкул 21) і іншымі актамі жыллёвага заканадаўства, у прыватнасці, устаноўлена, што раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, пасялковыя, сельскія выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і ўтрыманнем дзяржаўнага і прыватнага жыллёвых фондаў.
 
Нормамі артыкулаў 107, 108 ЖБК прадугледжана, што ЖБК ствараецца і ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў адпаведнасці са статутам арганізацыі, а таксама заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, указаныя палажэнні не ў поўнай меры рэгулююць адносіны, якія складваюцца паміж ЖБК і уласнікамі кватэр у ЖБК, а таксама паміж членамі ЖБК. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў цэлым палажэнні Прыкладнага статута ЖБК устарэлі і не забяспечваюць належнага рэгулявання жыллёвых адносін у сферы дзейнасці ЖБК.
 
Уяўляецца, што многія пытанні могуць быць вырашаны ў новым ЖК, падрыхтоўка якога ажыццяўляецца ў цяперашні час. Аднак прававое рэгуляванне дзейнасці ЖБК, у прыватнасці парадку прыняцця рашэнняў ЖБК, неабходна ажыццявіць у больш кароткія тэрміны.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававыя прадпісанні і заснаваныя на іх рашэнні павінны базіравацца на прынцыпах не толькі разумнасці і справядлівасці, з максімальным улікам прыватных і публічных інтарэсаў, але і своечасовасці вырашэння праблемных сітуацый.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць недасканаласць норм жыллёвага заканадаўства, якія датычацца стварэння і дзейнасці ЖБК, а таксама ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю ЖБК мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, наяўнасць у ім супярэчнасцей, прабелаў, што ўскладняе іх прымяненне на практыцы. Гэта ў шэрагу выпадкаў выключае магчымасць належнага ажыццяўлення ЖБК сваіх функцый, і, такім чынам, не забяспечвае ў поўнай меры абарону жыллёвых правоў і законных інтарэсаў членаў ЖБК, уласнікаў жыллёвых памяшканняў у дамах ЖБК, а таксама дзяржаўных інтарэсаў.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да прыняцця новага Жыллёвага кодэкса ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Прыкладны статут жыллёва-будаўнічага кааператыва з улікам норм дзеючага жыллёвага заканадаўства, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сумесным домаўладанні” і іншых актаў заканадаўства, з мэтай устаранення прававых перашкод для належнага ажыццяўлення дзейнасці ЖБК, якія, у прыватнасці, дазволілі б ЖБК пры неабходнасці прымаць рашэнні не толькі на агульным сходзе, але і іншым спосабам, напрыклад шляхам уліку заяў яго членаў, што паступілі ў пісьмовай форме, як гэта прадугледжана часткай пятай артыкула 17 Закона “Аб сумесным домаўладанні”.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А.Васілевіч