Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21

Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва

У мэтах павышэння статусу органаў мясцовага кіравання і самакіравання, іх ролі ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва:

1. Устанавіць, што:

1.1. у бюджэты сельсаветаў, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадоў раённага падпарадкавання (далей — бюджэты пярвічнага ўзроўню) залічваюцца:

падатак на нерухомую маёмасць, вылічаны па не завершаных будаўніцтвам аб'ектах, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання (па ўстаноўленых заканадаўствам нарматывах);

зямельны падатак на зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання, што выплачваецца фізічнымі асобамі;

падатак на нерухомую маёмасць, вылічаны па прыналежных фізічным асобам аб'ектах, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму (залічваецца толькі ў бюджэт сельсаветаў);

даходы ад размяшчэння ў адпаведнасці з заканадаўствам грашовых сродкаў бюджэтаў пярвічнага ўзроўню;

дывідэнды на долі (акцыі), што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

даходы ад пералічэння часткі прыбытку камунальных унітарных прадпрыемстваў, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

даходы ад здачы ў арэнду маёмасці, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

даходы ад здачы ў арэнду зямельных участкаў, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

паступленні ад рэалізацыі маёмасці, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

даходы ад рэалізацыі безгаспадарнай маёмасці і скарбаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

даходы ад продажы грамадзянам зямельных участкаў, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання;

да 50 працэнтаў сродкаў ад рэалізацыі па рашэнню раённага, абласнога Савета дэпутатаў нерухомай маёмасці, размешчанай на тэрыторыі сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання, які знаходзіцца ў камунальнай уласнасці раёна, вобласці;

дзяржаўная пошліна за ўчыненне ўпаўнаважанымі службовамі асобамі сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў дзеянняў, звязаных з рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану;

дзяржаўная пошліна за натарыяльныя дзеянні, што выконваюцца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў;

збор з нарыхтоўшчыкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, лекавых траў, грыбоў, дзікарослых пладоў і ягад, што выплачваецца плацельшчыкам па месцы знаходжання аб'екта падаткаабкладання.

Саветы дэпутатаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў пры зацвярджэнні адпаведных бюджэтаў вызначаюць пералік мясцовых падаткаў і збораў, уводзімых у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь аб бюджэце на чарговы фінансавы (бюджэтны) год, што поўнасцю або часткова залічваюцца ў бюджэты пярвічнага ўзроўню.

Для рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак бюджэтам пярвічнага ўзроўню выдзяляюцца датацыі з вышэйстаячага бюджэту з улікам нарматываў бюджэтнай забяспечанасці, якія зацвярджаюцца рашэннем Савета дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню аб бюджэце на чарговы фінансавы (бюджэтны) год.

Саветы дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, зыходзячы з патрэбнасці фінансавання мерапрыемстваў па сацыяльна-эканамічнаму развіццю на чарговы фінансавы (бюджэтны) год, уносяць у Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за 1 чэрвеня гэтага года прапановы аб памерах адлічэнняў ад мясцовых падаткаў і збораў, сумах датацый;

1.2. з бюджэтаў пярвічнага ўзроўню фінансуюцца:

дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, уключаючы стымуляванне аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (старастаў, старэйшын і іншых), фарміраванне рэзервовых фондаў мясцовага значэння;

добраўпарадкаванне населеных пунктаў на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, іх гаспадарча-пітное водазабеспячэнне, расходы на пакрыццё часткі затрат па агульных аддзяленнях лазняў населеных пунктаў на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, а таксама іншыя расходы ў адпаведнасці з праграмамі жыллёвага і дарожнага будаўніцтва, камунальна-бытавога і сацыяльна-культурнага абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды, што зацвярджаюцца Саветамі дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню;

1.3. Саветы дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню фарміруюць бюджэты зыходзячы з:

крыніц, вызначаных у частках першай і другой падпункта 1.1 гэтага пункта;

расходаў, прадугледжаных у падпункце 1.2 гэтага пункта;

памераў адлічэнняў ад мясцовых падаткаў і збораў, устаноўленых рашэннямі вышэйстаячых Саветаў дэпутатаў;

сум датацый, што атрымліваюцца з вышэйстаячых бюджэтаў.

2. Створаныя выканаўчымі камітэтамі пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню камунальныя унітарныя прадпрыемствы, выручка якіх ад выканання работ (аказання паслуг) для арганізацый і фізічных асоб на тэрыторыі сельсаветаў, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадоў раённага падпарадкавання па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку правядзення веснавых палявых і ўборачных работ, складае не менш як 70 працэнтаў ад выручкі, вылічанай ад усёй дзейнасці такіх камунальных унітарных прадпрыемстваў, маюць права для выканання адпаведных работ (аказання паслуг) набываць сельскагаспадарчую тэхніку айчыннай вытворчасці, мінеральныя ўгнаенні, нафтапрадукты па цэнах, што вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам для сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама атрымліваць крэдыты на закупку трактароў, сельскагаспадарчых машын і абсталявання, у тым ліку што перадаюцца на ўмовах доўгатэрміновай арэнды (фінансавай арэнды (лізінгу), на умовах, прадугледжаных для сельскагаспадарчых арганізацый.

3. Штатная колькасць сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў (без персаналу па ахове і абслугоўванню будынкаў) устанаўліваецца па рашэнню раённых выканаўчых камітэтаў у межах колькасці работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, устаноўленай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з:

узроўню развіцця вытворчай базы, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры;

колькасці насельніцтва, якое пражывае на гэтай тэрыторыі;

колькасці арганізацый, падпарадкаваных адпаведнаму выканаўчаму камітэту.

4. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб старшыні сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камітэта.

5. Рэкамендаваць Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь утварыць Савет па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакіравання і зацвердзіць палажэнне аб ім.

6. Міністэрству адукацыі сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і абласнымі выканаўчымі камітэтамі распрацаваць тыпавыя навучальныя планы павышэння кваліфікацыі работнікаў выканаўчых камітэтаў пярвічнага ўзроўню.

7. Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прадугледжваць павышэнне кваліфікацыі старшынь выканаўчых камітэтаў пярвічнага ўзроўню і іх намеснікаў адзін раз у тры гады.

8. Абласным выканаўчым камітэтам:

8.1. на падставе прапаноў выканаўчых камітэтаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню па колькасці, складу і напрамках павышэння кваліфікацыі іх работнікаў забяспечваць прыняцце штогадовых рэгіянальных праграм кадравага забеспячэння выканаўчых камітэтаў пярвічнага ўзроўню як асновы бесперапыннага прафесійнага навучання работнікаў выканаўчых камітэтаў пярвічнага ўзроўню, прадугледжваючы ў іх:

пералік устаноў (іх падраздзяленняў), якія забяспечваюць павышэнне кваліфікацыі работнікаў выканаўчых камітэтаў пярвічнага ўзроўню і перападрыхтоўку кадраў;

вызначэнне сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) раённых выканаўчых камітэтаў для стажыроўкі старшынь выканаўчых камітэтаў, упершыню назначаных на гэту пасаду, тэрмінам да аднаго месяца;

8.2. у шасцімесячны тэрмін забяспечыць правядзенне інвентарызацыі:

сістэм водазабеспячэння і водаадводу населеных пунктаў і разгледзець пытанне аб перадачы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку гэтых сістэм спецыялізаваным арганізацыям водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі;

дарог сельскіх населеных пунктаў і іншых аб'ектаў нерухомай маёмасці і разгледзець пытанне аб перадачы іх ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыялізаваным арганізацыям, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці вобласці, у мэтах паляпшэння інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, добраўпарадкавання вуліц, развіцця транспартных зносінаў.

9. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць перагляд умоў аплаты працы работнікаў сельскіх, пасялковых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў, за выключэннем іх старшынь;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

10. Мясцовым Саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам у трохмесячны тэрмін прывесці свае рашэнні ў адпаведнасць з гэтым Указам.

11. Гэты Указ уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

12 студзеня 2007 г., г. Мінск.

ЗАЦВЕРДЖАНА

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12.01.2007 № 21

Палажэнне аб старшыні сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камітэта

1. Гэтым Палажэннем вызначаецца прававы статус старшыні сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камітэта (далей — выканаўчы камітэт).

2. Старшынёй выканаўчага камітэта па пасадзе з'яўляецца старшыня адпаведнага сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) Савета дэпутатаў (далей — Савет).

Кандыдатуры на пасаду старшыні Савета ўносяцца на разгляд сесіі Савета яго дэпутатамі, а таксама старшынёй вышэйстаячага Савета пасля іх узгаднення са старшынёй адпаведнага раённага выканаўчага камітэта.

Старшыня адпаведнага раённага выканаўчага камітэта ў тыднёвы тэрмін разглядае ўнесеныя дэпутатамі Савета, а таксама старшынёй вышэйстаячага Савета прапановы аб узгадненні кандыдатур на пасаду старшыні Савета.

У выпадку адмовы старшыні адпаведнага раённага выканаўчага камітэта ва ўзгадненні такіх кандыдатур новыя кандыдатуры ўносяцца ў парадку, вызначаным у частках другой і трэцяй гэтага пункта.

Пры паўторнай адмове старшыні адпаведнага раённага выканаўчага камітэта ва ўзгадненні кандыдатур на пасаду старшыні Савета кандыдатура на гэту пасаду ўносіцца на разгляд сесіі Савета старшынёй адпаведнага раённага выканаўчага камітэта.

3. Старшыня выканаўчага камітэта з'яўляецца кіраўніком выканаўчай улады адпаведна на тэрыторыі сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання.

4. Старшыня выканаўчага камітэта ў сваёй дзейнасці падсправаздачны і падкантрольны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета, падсправаздачны адпаведнаму Савету.

5. Са старшынёй выканаўчага камітэта ў трохдзённы тэрмін з дня яго выбрання старшынёй Савета заключаецца кантракт раённым выканаўчым камітэтам у асобе яго старшыні.

Тэрмін дзеяння кантракта ўстанаўліваецца ў межах тэрміну паўнамоцтваў Савета.

6. Паўнамоцтвы старшыні выканаўчага камітэта датэрмінова спыняюцца па падставах і ў парадку, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1992 года «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» у рэдакцыі Закона ад 5 студзеня 2006 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., №13, стар. 217; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 6, 2/1181), Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 70, 2/953) і па іншых падставах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

7. У выпадку, калі пасада старшыні выканаўчага камітэта з'яўляецца вакантнай, старшыня адпаведнага раённага выканаўчага камітэта назначае асобу, якая часова выконвае абавязкі старшыні выканаўчага камітэта да выбрання ва ўстаноўленым парадку старшыні Савета. Пры гэтым за названай асобай захоўваецца ранейшае месца работы з аплатай працы па займаемай пасадзе, але не ніжэй за сярэднюю заработную плату па ранейшым месцы работы.

8. Старшыня выканаўчага камітэта пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі Рэспублікі Беларусь, гэтым Палажэннем і іншымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рашэннямі вышэйстаячых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, распараджэннямі старшынь гэтых органаў, рашэннямі вышэйстаячых Саветаў дэпутатаў, узначаленых ім выканаўчага камітэта і Савета па пытаннях, аднесеных да яго кампетэнцыі, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі.

9. Старшыня выканаўчага камітэта:

9.1. узначальвае выканаўчы камітэт, кіруе яго работай і забяспечвае ўзаемадзеянне з Саветам;

9.2. прадстаўляе выканаўчы камітэт ва ўзаемаадносінах з Саветам, іншымі дзяржаўнымі органамі, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі, прымае меры па абароне інтарэсаў адпаведнай тэрыторыі, мясцовай гаспадаркі ў судовых і іншых дзяржаўных органах;

9.3. прадстаўляе сесіі Савета па меры неабходнасці, але не радзей як адзін раз у год справаздачу аб дзейнасці выканаўчага камітэта, інфармуе Савет і грамадзян аб стане спраў на падведамнай тэрыторыі;

9.4. арганізуе работу па падрыхтоўцы пасяджэнняў выканаўчага камітэта, вядзе гэтыя пасяджэнні, забяспечвае кантроль за рэалізацыяй рашэнняў, прынятых выканаўчым камітэтам;

9.5. падпісвае рашэнні выканаўчага камітэта і пратаколы яго пасяджэнняў, выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні;

9.6. каардынуе дзейнасць членаў выканаўчага камітэта, заключае працоўныя дагаворы (кантракты) з работнікамі выканаўчага камітэта, прымяняе да гэтых работнікаў меры заахвочвання, накладае на іх дысцыплінарныя спагнанні;

9.7. стварае пры выканаўчым камітэце пастаянныя і часовыя камісіі, вызначае іх паўнамоцтвы і каардынуе іх работу, узначальвае камісію па справах непаўналетніх;

9.8. ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання;

9.9. узгадняе:

кандыдатуры на пасады кіраўнікоў размешчаных на падведамнай тэрыторыі арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці раёна, вобласці;

кандыдатуры на пасады кіраўнікоў гаспадарчых таварыстваў, размешчаных на падведамнай тэрыторыі, акцыі (долі ў статутным фондзе) якіх знаходзяцца ў камунальнай уласнасці раёна, вобласці, заключэнне (прадаўжэнне, скасаванне) кантрактаў з кіраўнікамі такіх гаспадарчых таварыстваў;

заключэнне (прадаўжэнне, скасаванне) кантрактаў з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, пасля іх выбрання, назначэння (вызвалення ад пасады) агульным сходам (сходам упаўнаважаных) членаў гэтых арганізацый або іншымі ўпаўнаважанымі на тое органамі кіравання;

9.10. прымае меры па забеспячэнню эфектыўнага выкарыстання камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання;

9.11. у межах сваёй кампетэнцыі арганізуе правядзенне натарыяльных дзеянняў, рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, ажыццяўленне прапіскі і воінскага ўліку;

9.12. забяспечвае вядзенне кнігі заўваг і прапаноў, поўны, аб'ектыўны і своечасовы разгляд зваротаў грамадзян у адпаведнасці з заканадаўствам;

9.13. у межах сваёй кампетэнцыі забяспечвае выкананне ўстаноўленага парадку выдачы даведак і іншых дакументаў па зваротах грамадзян;

9.14. уносіць у Савет і адпаведны раённы выканаўчы камітэт прапановы аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пражываюць на падведамнай тэрыторыі, у межах сваёй кампетэнцыі забяспечвае ўстаноўлены ўзровень дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў на такой тэрыторыі;

9.15. у рамках сваіх паўнамоцтваў каардынуе работу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на падведамнай тэрыторыі;

9.16. ажыццяўляе на падведамнай тэрыторыі ў межах сваёй кампетэнцыі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, іншага заканадаўства;

9.17. арганізуе правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнымі святамі, святочнымі днямі і памятнымі датамі;

9.18. уносіць у адпаведны раённы выканаўчы камітэт, вышэйстаячы Савет прапановы аб адраджэнні і захаванні звычаяў, традыцый і культурных каштоўнасцаў на падведамнай тэрыторыі;

9.19. у межах сваёй кампетэнцыі забяспечвае рэгуляванне зямельных адносінаў;

9.20. арганізуе вядзенне статыстычнага ўліку асабістых падсобных гаспадарак грамадзян;

9.21. арганізуе складанне і выкананне адпаведнага мясцовага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;

9.22. забяспечвае ва ўстаноўленым парадку паступленне прадугледжаных даходаў і расходаванне бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў у адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем;

9.23. распараджаецца маёмасцю выканаўчага камітэта;

9.24. з'яўляецца аднаасобным распарадчыкам асігнаванняў па расходах, прадугледжаных у адпаведным мясцовым бюджэце, і па пазабюджэтных сродках;

9.25. прымае меры па выратаванню людзей і захаванню маёмасці ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, катастроф і іншых надзвычайных сітуацый, мае права пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыцягваць насельніцтва да выканання неадкладных грамадска неабходных работ і выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы арганізацый, размешчаных на падведамнай тэрыторыі;

9.26. выконвае іншыя абавязкі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рашэннямі адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Саветаў дэпутатаў пярвічнага, базавага і абласнога тэрытарыяльных узроўняў.

10. Старшыня выканаўчага камітэта мае права:

10.1. заключаць ад імя выканаўчага камітэта грамадзянска-прававыя дагаворы з грамадзянамі і арганізацыямі;

10.2. прыцягваць ва ўстаноўленым парадку грамадзян і арганізацыі да ажыццяўлення работ па добраўпарадкаванню падведамнай тэрыторыі;

10.3. заахвочваць аднаасобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (старастаў, старэйшын і іншых) за актыўны ўдзел у вырашэнні мясцовых пытанняў;

10.4. уносіць у выканаўчы камітэт і ў выпадку адабрэння — у адпаведны раённы выканаўчы камітэт прапановы аб вызваленні ад займаемых пасад кіраўнікоў арганізацый, размешчаных на падведамнай тэрыторыі, пры невыкананні імі рашэнняў Савета, выканаўчага камітэта, прынятых у межах іх кампетэнцыі, для далейшага ўнясення гэтых прапаноў адпаведным раённым выканаўчым камітэтам у дзяржаўныя органы, у падпарадкаванні (веданні) якіх знаходзяцца гэтыя арганізацыі;

10.5. уносіць у адпаведны раённы выканаўчы камітэт прапановы аб прыцягненні да адказнасці арганізацый, размешчаных на падведамнай тэрыторыі, службовых асоб і іншых грамадзян, аб кампенсацыі шкоды, прычыненай іх рашэннямі, дзеяннямі або бяздзейнасцю інтарэсам насельніцтва, мясцовай гаспадарцы, навакольнаму асяроддзю ў выніку невыканання рашэнняў Савета, выканаўчага камітэта, прынятых у межах іх кампетэнцыі;

10.6. назначаць на пасады, вызваляць з пасад кіраўнікоў арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання, накладаць на такіх кіраўнікоў дысцыплінарныя спагнанні;

10.7. назначаць прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутным фондзе) якіх знаходзяцца ў камунальнай уласнасці сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання;

10.8. запрашаць на пасяджэнні выканаўчага камітэта кіраўнікоў раённых, абласных Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

11. Старшыня выканаўчага камітэта нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на выканаўчы камітэт задач і функцый, стан спраў на падведамнай тэрыторыі.

12. За невыкананне або неналежнае выкананне ўскладзеных на старшыню выканаўчага камітэта абавязкаў старшыня адпаведнага раённага выканаўчага камітэта можа ўнесці на разгляд сесіі Савета прапанову аб вызваленні старшыні выканаўчага камітэта ад абавязкаў старшыні Савета. Рашэнне па гэтым пытанні прымаецца Саветам у тыднёвы тэрмін з дня ўнясення гэтай прапановы.

Пытанне аб вызваленні ад абавязкаў старшыні Савета можа быць унесена таксама дэпутатамі Савета, старшынёй вышэйстаячага Савета.

У выпадку двухразовай адмовы ў вызваленні ад абавязкаў старшыні Савета старшыня адпаведнага раённага выканаўчага камітэта мае права скасаваць кантракт, заключаны са старшынёй выканаўчага камітэта, з інфармаваннем аб гэтым Савета і старшыні раённага Савета дэпутатаў. Скасаванне названага кантракта прыводзіць да перавыбрання старшыні Савета, пры гэтым не дапускаецца ўнясенне на разгляд сесіі Савета кандыдатуры дэпутата, вызваленага ад пасады старшыні выканаўчага камітэта.