Закон Рэспублікі Беларусь

Аб процідзеянні экстрэмізму

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 студзеня 2006 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 студзеня 2006 года

Гэты Закон вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы процідзеяння экстрэмізму ў мэтах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў асобы, канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы.

Глава 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх вызначэнні

Экстрэмізм (экстрэмісцкая дзейнасць):

дзейнасць палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных і іншых арганізацый (далей — арганізацыі) або грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства (далей, калі не ўказана іншае, — грамадзяне) па планаванню, арганізацыі, падрыхтоўцы і ўчыненню дзеянняў, накіраваных на насільнае змяненне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне незаконных узброеных фарміраванняў, ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці, распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, а таксама сацыяльнай розні, звязаных з насіллем або заклікамі да насілля, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў і актаў вандалізму па матывах расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, па палітычных і ідэалагічных матывах, а роўна па матывах варожасці і розні ў адносінах да якой-небудзь сацыяльнай групы, прапаганду выключнасці, перавагі або непаўнацэннасці грамадзян па прыкмеце іх адносінаў да рэлігіі, сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасці, прапаганду і публічнае дэманстраванне, выраб і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі;

перашкода законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуму або камісій па правядзенню галасавання аб адкліканні дэпутата, а таксама законнай дзейнасці службовых асоб указаных органаў або камісій, учыненая з прымяненнем насілля, пагрозы яго прымянення, падману, подкупу, а роўна прымяненне насілля або пагроза насіллем у адносінах да блізкіх указаных асоб у мэтах перашкоды законнай дзейнасці гэтых службовых асоб або прымусу да прымянення характару такой дзейнасці або з помсты за выкананне імі службовых абавязкаў;

публічныя заклікі да ўказаных дзейнасці і дзеянняў, іх фінансаванне або іншае садзейнічанне ў іх ажыццяўленні, у тым ліку шляхам прадастаўлення нерухомай маёмасці, сродкаў электрасувязі, навучальных, паліграфічных, іншых матэрыяльна-тэхнічных сродкаў або інфармацыйных паслуг.

Экстрэмісцкія матэрыялы — інфармацыйная прадукцыя, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую дзейнасць, прызначаная для распаўсюджвання або распаўсюджвання іншым спосабам і прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнню суда.

Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць або прызнае магчымасць выкарыстання ў сваёй дзейнасці экстрэмізму, або службовая асоба якой фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў за кошт сродкаў гэтай арганізацыі, у адносінах да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб прызнанні яе экстрэмісцкай.

Артыкул 2. Прававая аснова дзейнасці па процідзеянню экстрэмізму

Прававую аснову дзейнасці па процідзеянню экстрэмізму складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, іншыя акты заканадаўства, таксама міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Асноўныя прынцыпы процідзеяння экстрэмізму

Процідзеянне экстрэмізму грунтуецца на прынцыпах:

законнасці;

прызнання, выканання і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама правоў і законных інтарэсаў арганізацый;

спалучэння публічных і непублічных метадаў процідзеяння экстрэмізму;

прыярытэту забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;

супрацоўніцтва дзяржавы з арганізацыямі і грамадзянамі;

прыярытэту прафілактычных мераў;

непазбежнасці пакарання за экстрэмісцкую дзейнасць.

Артыкул 4. Асноўныя накірункі процідзеяння экстрэмізму

Процідзеянне экстрэмізму ажыццяўляецца праз:

прыняцце прафілактычных мераў, накіраваных на выяўленне і ліквідацыю прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці;

папярэджанне і спыненне экстрэмісцкай дзейнасці.

Артыкул 5. Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння экстрэмізму

Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь супрацоўнічае ў сферы процідзеяння экстрэмізму з замежнымі дзяржавамі, іх праваахоўнымі органамі, органамі бяспекі і спецыяльнымі службамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць барацьбу з экстрэмізмам.

Глава 2

АСНОВЫ ПРОЦIДЗЕЯННЯ ЭКСТРЭМIЗМУ

Артыкул 6. Суб'екты процідзеяння экстрэмізму

Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю па процідзеянню экстрэмізму ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у межах яго паўнамоцтваў.

Дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму ў межах іх кампетэнцыі, з'яўляюцца:

органы дзяржаўнай бяспекі;

органы ўнутраных спраў;

органы пракуратуры.

Органы дзяржаўнай бяспекі, органы ўнутраных спраў у сферы процідзеяння экстрэмізму ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць прафілактычныя меры, накіраваныя на выяўленне і наступную ліквідацыю прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне і іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Органы пракуратуры пры выяўленні фактаў парушэння заканадаўства ў сферы процідзеяння экстрэмізму, а роўна пры атрыманні ад дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, іншых арганізацый і грамадзян звестак, што сведчаць аб наяўнасці такіх фактаў, выносяць прадпісанне або спыняюць дзейнасць арганізацыі і падаюць у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь заявы аб прызнанні арганізацый экстрэмісцкімі, забароне іх дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ліквідацыі такіх арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або спыненні дзейнасці прадстаўніцтваў замежных або міжнародных арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне і іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 7. Паўнамоцтвы другіх дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы процідзеяння экстрэмізму

Дзяржаўныя органы, не ўказаныя ў артыкуле 6 гэтага Закона, і іншыя арганізацыі прымаюць прафілактычныя меры, накіраваныя на выяўленне і ліквідацыю прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці, удзельнічаюць у выяўленні і спыненні экстрэмізму, а таксама аказваюць садзейнічанне дзяржаўным органам, што ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, у межах сваёй кампетэнцыі, устаноўленай гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 8. Каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы процідзеяння экстрэмізму

Каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы процідзеяння экстрэмізму ажыццяўляецца Міжведамаснай камісіяй па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй і наркаманіяй пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3

МЕРЫ ПРОЦIДЗЕЯННЯ ЭКСТРЭМIЗМУ

Артыкул 9. Прадпісанне

Арганізацыі пры выяўленні ў яе дзейнасці дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона, якія не з'яўляюцца дастатковай падставай для прызнання такой арганізацыі экстрэмісцкай, выносіцца прадпісанне з патрабаваннем аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Прадпісанне выносіцца пракурорам на падставе матэрыялаў дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе процідзеянне экстрэмізму, і не пазней чым на наступны дзень пасля яго вынясення выдаецца або накіроўваецца па пошце кіраўніку, іншай службовай асобе кіруючага органа арганізацыі.

У прадпісанні ўказваюцца падставы для яго вынясення, пералічваюцца дапушчаныя арганізацыяй парушэнні і ўстанаўліваецца тэрмін для іх ліквідацыі.

Арганізацыя абавязана пісьмова паведаміць пракурору, які вынес прадпісанне, аб ліквідацыі парушэнняў, што паслужылі падставай для вынясення прадпісання, і прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць ліквідацыю парушэнняў ва ўстаноўлены ў прадпісанні тэрмін.

Пры нязгодзе з прадпісаннем арганізацыя мае права абскардзіць яго вышэйстаячаму пракурору ў адпаведнасці з заканадаўствам або ў суд. Абскарджанне не спыняе выканання прадпісання.

Артыкул 10. Афіцыйнае папярэджанне

Службовым асобам арганізацый, грамадзянам пры наяўнасці ў іх дзейнасці дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона, і адсутнасці прыкмет адпаведнага злачынства аб'яўляецца афіцыйнае папярэджанне.

Афіцыйнае папярэджанне аб'яўляецца ўпаўнаважанай службовай асобай дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе процідзеянне экстрэмізму, у межах яе кампетэнцыі. Форма афіцыйнага папярэджання зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Пры нязгодзе з афіцыйным папярэджаннем асоба, якой яно аб'яўлена, мае права абскардзіць яго вышэйстаячай службовай асобе адпаведнага дзяржаўнага органа, што ажыццяўляе процідзеянне экстрэмізму, або ў суд.

Артыкул 11. Спыненне дзейнасці арганізацыі

Дзейнасць арганізацыі спыняецца рашэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь у выпадку выяўлення фактаў, якія сведчаць аб наяўнасці ў яе дзейнасці дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона. Адначасова з вынясеннем такога рашэння Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь падаецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь заява аб прызнанні гэтай арганізацыі экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ліквідацыі такой арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або спыненні дзейнасці прадстаўніцтва замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб спыненні дзейнасці арганізацыі не пазней чым на наступны дзень пасля яго вынясення выдаецца або накіроўваецца па пошце кіраўніку, іншай службовай асобе кіруючага органа арганізацыі.

Арганізацыі, дзейнасць якой спынена, забараняецца:

арганізоўваць і праводзіць сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі, пікетаванне і іншыя масавыя мерапрыемствы (далей — масавыя мерапрыемствы); выкарыстоўваць банкаўскія рахункі, за выключэннем аплаты плацяжоў у бюджэт, дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах з грамадзянамі, а таксама разлікаў, звязаных з вяртаннем урону, прычыненага яе дзеяннямі.

Арганізацыя, дзейнасць якой была спынена, аднаўляе сваю дзейнасць з дня ўступлення ў законную сілу рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб адмове ў прызнанні гэтай арганізацыі экстрэмісцкай.

Артыкул 12. Прызнанне арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забарона яе дзейнасці і яе ліквідацыя

Арганізацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прызнаецца экстрэмісцкай, яе дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца і такая арганізацыя ліквідуецца на падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Заява аб прызнанні арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і яе ліквідацыі падаецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь.

У выпадку прыняцця Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь рашэння аб прызнанні арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і яе ліквідацыі маёмасць, якая ёй належыць і якая засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў (пры ўмове іх непрычыннасці да экстрэмісцкай дзейнасці), канфіскуецца.

Артыкул 13. Забарона дзейнасці экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца дзейнасць экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый, прызнаных такімі ў адпаведнасці з гэтым Законам або міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Забарона дзейнасці экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь цягне за сабой:

спыненне дзейнасці прадстаўніцтва дадзеных арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

забарону знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў якасці прадстаўнікоў дадзеных арганізацый;

забарону на ажыццяўленне дадзенымі арганізацыямі любой дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

забарону на арганізацыю і правядзенне дадзенымі арганізацыямі масавых мерапрыемстваў, а роўна на ўдзел у масавых мерапрыемствах грамадзян у якасці прадстаўнікоў такіх арганізацый;

забарону на адкрыццё ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўніцтваў дадзеных арганізацый, а таксама на стварэнне гэтай арганізацыяй або на ўдзел яе ў стварэнні іншых арганізацый.

Рашэнне аб прызнанні замежнай або міжнароднай арганізацыі, зарэгістраванай за межамі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыненні дзейнасці прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прымаецца Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь на падставе заявы Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

У выпадку прыняцця Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь рашэння аб прызнанні замежнай або міжнароднай арганізацыі, зарэгістраванай за межамі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыненні дзейнасці прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маёмасць, якая яму належыць, і маёмасць гэтай замежнай або міжнароднай арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў (пры ўмове іх непрычыннасці да экстрэмісцкай дзейнасці), канфіскуецца.

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у дзесяцідзённы тэрмін з дня атрымання копіі рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб прызнанні замежнай або міжнароднай арганізацыі, зарэгістраванай за межамі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыненні дзейнасці прадстаўніцтва такой замежнай або міжнароднай арганізацыі, размешчанага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паведамляе пра гэта па дыпламатычных каналах адпаведнай замежнай дзяржаве з указаннем прычын забароны і наступстваў, звязаных з забаронай.

Артыкул 14. Процідзеянне выданню і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў

Забараняюцца выданне і (або) распаўсюджванне, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Iнфармацыйная прадукцыя, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і прапагандуе такую дзейнасць, канфіскуецца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі дзяржаўных органаў, што ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, або на іх накладваецца арышт органам дзяржаўнай бяспекі, органам унутраных спраў, пракурорам або судом у адпаведнасці з заканадаўствам.

Iнфармацыйная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнню суда на падставе заявы дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе процідзеянне экстрэмізму, па месцы знаходжання арганізацыі, якая яе вырабіла і (або) распаўсюджвае (распаўсюдзіла), або па месцы жыхарства грамадзяніна, які яе вырабіў і (або) распаўсюджвае (распаўсюдзіў), або па месцы яе выяўлення.

Рашэнне суда аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, якое ўступіла ў законную сілу, з'яўляецца падставай для яе знішчэння.

Рашэнне суда аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі можа быць абскарджана ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Копія рашэння суда аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, якое ўступіла ў законную сілу, накіроўваецца ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь для ўключэння такой інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які падлягае апублікаванню ў сродках масавай інфармацыі. Змест інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, выдаванню не падлягае. Вядзенне рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама яго апублікаванне ў сродках масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 15. Недапушчэнне ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў

Арганізатары масавага мерапрыемства пры выяўленні падчас яго правядзення дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона, учыненых удзельнікамі масавага мерапрыемства, або па патрабаванню ўпаўнаважаных службовых асоб дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе процідзеянне экстрэмізму, абавязаны неадкладна прыняць меры па спыненню экстрэмізму. У выпадку непрыняцця ўказаных мераў масавае мерапрыемства спыняецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах.

Артыкул 16. Процідзеянне публічным заклікам службовай асобы арганізацыі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці

У выпадку, калі кіраўнік або іншая службовая асоба кіруючага органа арганізацыі робіць публічную заяву, якая заклікае да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, без указання на тое, што гэта іх асабістая думка, кіруючы орган адпаведнай арганізацыі абавязаны на працягу пяці дзён з дня, калі ўказаная заява была зроблена, заявіць у сродках масавай інфармацыі аб сваёй нязгодзе з гэтай заявай.

Адсутнасць заявы кіруючага органа арганізацыі можа разглядацца як факт, які сведчыць аб наяўнасці ў дзейнасці гэтай арганізацыі дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона.

Артыкул 17. Адказнасць грамадзян за ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці

За ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці грамадзяне нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Глава 4

КАНТРОЛЬ I НАГЛЯД ЗА ДЗЕЙНАСЦЮ Ў СФЕРЫ ПРОЦIДЗЕЯННЯ ЭКСТРЭМIЗМУ

Артыкул 18. Кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму

Кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у межах яго паўнамоцтваў.

Артыкул 19. Нагляд за выкананнем заканадаўства ў сферы процідзеяння экстрэмізму

Нагляд за выкананнем заканадаўства ў сферы процідзеяння экстрэмізму ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.

Глава 5

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 20. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 21, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 21. Прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

9 студзеня 2007 года.