Закон Рэспублікі Беларусь

Закон Рэспублікі Беларусь
 
Аб рэкламе
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 2 красавіка 2007 года
 
Адобраны Саветам Рэспублікі 20 красавіка 2007 года
 
 
 
Артыкул 1. Сфера прымянення гэтага Закона
 
1. Гэты Закон распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзнікаюць паміж дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, іншаземнымі грамадзянамі, асобамі без грамадзянства (далей, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам, — арганізацыі і (або) грамадзяне) у працэсе вытворчасці і (або) размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
2. Гэты Закон не распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе вытворчасці і (або) размяшчэння (распаўсюджвання):
 
інфармацыі, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у ходзе перадвыбарнай агітацыі, агітацыі па рэферэндуму (народнаму галасаванню), адкліканню дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або мясцовага Савета дэпутатаў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама іншай інфармацыі, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у палітычных мэтах;
 
інфармацыі, абавязак па вытворчасці і (або) размяшчэнню (распаўсюджванню) якой ускладзены на арганізацыі або грамадзян заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам.
 
Артыкул 2. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх вызначэнні
 
У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх вызначэнні:
 
контррэклама — інфармацыя аб неналежнай рэкламе, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) рэкламадаўцам, рэкламавытворцам або рэкламараспаўсюджвальнікам, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства аб рэкламе (далей — парушальнік), на падставе рашэння дзяржаўнага органа;
 
вонкавая рэклама — рэклама, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на знешніх баках будынкаў (збудаванняў) або па-за імі з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, якія спецыяльна прызначаны і (або) выкарыстоўваюцца для размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы, за выключэннем транспартных сродкаў;
 
неналежная рэклама — нядобрасумленная, недакладная, неэтычная, скрытая і іншая рэклама, пры вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) якой дапушчаны парушэнні заканадаўства;
 
аб'ект рэкламавання — прадукцыя, тавар, работа або паслуга (далей, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам, — тавар), арганізацыя або грамадзянін, правы, ахоўныя законам інтарэсы або абавязкі арганізацый або грамадзян, сродкі індывідуалізацыі арганізацый або грамадзян, тавараў, вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, конкурсы, латарэі, ігравыя, рэкламныя і іншыя мерапрыемствы, заклад, з'явы (мерапрыемствы) сацыяльнага характару;
 
спажывец рэкламы — арганізацыя або грамадзянін, да ведама якіх рэклама даводзіцца;
 
рэклама — інфармацыя аб аб'екце рэкламавання, якая распаўсюджваецца ў любой форме з дапамогай любых сродкаў, прызначаная для няпэўнага кола асобаў (спажыўцоў рэкламы), накіраваная на прыцягненне ўвагі да аб'екта рэкламавання, фарміраванне або падтрыманне інтарэсу да яго і (або) яго прасоўванне на рынку;
 
рэкламная дзейнасць — дзейнасць арганізацыі або грамадзяніна па выкананню работ па праектаванню, вытворчасці рэкламы і (або) аказанню паслуг па яе размяшчэнню (распаўсюджванню);
 
рэкламная гульня — праводзімая ў мэтах стымулявання рэалізацыі тавараў групавая або масавая гульня, арганізатар якой забяспечвае розыгрыш прызавога фонду дадзенай гульні паміж яе ўдзельнікамі;
 
рэкламадаўца — арганізацыя або грамадзянін, дзейнасць або тавары якіх рэкламуюцца або якія вызначылі аб'ект рэкламавання і (або) змест рэкламы;
 
рэкламавытворца — арганізацыя або грамадзянін, якія ажыццяўляюць вытворчасць рэкламы шляхам поўнага або частковага давядзення яе да гатовай для размяшчэння (распаўсюджвання) формы;
 
рэкламараспаўсюджвальнік — арганізацыя або грамадзянін, якія ажыццяўляюць размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы шляхам прадастаўлення і (або) выкарыстання неабходнай маёмасці (у тым ліку тэхнічных сродкаў радыёвяшчання і тэлебачання), а таксама розных каналаў сувязі, эфірнага часу і іншымі спосабамі;
 
слабаалкагольны напітак — напітак (за выключэннем кісламалочных напіткаў, квасу і піва) з аб'ёмнай доляй этылавага спірту ад 0,5 да 7 працэнтаў;
 
сацыяльная рэклама — рэклама правоў, ахоўных законам інтарэсаў або абавязкаў арганізацый або грамадзян, здаровага ладу жыцця, мераў па ахове здароўя, бяспецы насельніцтва, сацыяльнай абароне, прафілактыцы правапарушэнняў, ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, развіццю беларускай культуры і мастацтва, міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, дзяржаўных праграм у сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту альбо іншых з'яў (мерапрыемстваў) сацыяльнага характару, якая накіравана на абарону або задавальненне грамадскіх або дзяржаўных інтарэсаў, не носіць камерцыйнага характару і рэкламадаўцамі якой з'яўляюцца дзяржаўныя органы;
 
сродак вонкавай рэкламы — тэхнічны сродак, які спецыяльна прызначаны і (або) выкарыстоўваецца для размяшчэння (распаўсюджвання) вонкавай рэкламы, за выключэннем транспартнага сродку.
 
Артыкул 3. Прымяненне нормаў міжнародных дагавораў
 
Калі нормамі міжнародных дагавораў, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь, устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца нормы міжнародных дагавораў.
 
Артыкул 4. Аўтарскае права і сумежныя правы на рэкламу
 
Рэклама можа цалкам або часткова з'яўляцца аб'ектам аўтарскага права і сумежных правоў. У гэтым выпадку аўтарскае права і сумежныя правы падлягаюць ахове ў адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.
 
Артыкул 5. Органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне рэкламы
 
Дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне рэкламы ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністрам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі і іншымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі.
 
Артыкул 6. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў галіне рэкламы.
 
Артыкул 7. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы
 
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы ў межах сваёй кампетэнцыі:
 
забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;
 
арганізуе распрацоўку і рэалізацыю планаў і мерапрыемстваў па развіццю рэкламнай дзейнасці з улікам нацыянальных інтарэсаў;
 
вызначае парадак дзяржаўнага кантролю за ажыццяўленнем рэкламнай дзейнасці;
 
устанаўлівае парадак размяшчэння (распаўсюджвання) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламы тавараў, якія вырабляюцца на гэтай тэрыторыі, рэкламы алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў у сродках масавай інфармацыі, а таксама вонкавай рэкламы і яе сродкаў, рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
 
устанаўлівае парадак узгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах абласнымі (Мінскім гарадскім) выканаўчымі камітэтамі;
 
ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва;
 
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 8. Паўнамоцтвы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы
 
Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы ў межах сваёй кампетэнцыі:
 
ажыццяўляе правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;
 
распрацоўвае і рэалізуе планы і мерапрыемствы па развіццю рэкламнай дзейнасці з улікам нацыянальных інтарэсаў;
 
ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за ажыццяўленнем рэкламнай дзейнасці;
 
папярэджвае факты неналежнай рэкламы;
 
выносіць парушальнікам прадпісанні аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе;
 
прымае і накіроўвае парушальнікам рашэнні аб прызнанні рэкламы неналежнай;
 
разглядае звароты арганізацый або грамадзян і іншыя матэрыялы аб парушэнні заканадаўства аб рэкламе;
 
накіроўвае матэрыялы аб парушэнні заканадаўства аб рэкламе ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы для спынення размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы ва ўстаноўленых гэтым Законам выпадках, органы пракуратуры або іншыя праваахоўныя органы;
 
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Артыкул 9. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне рэкламы
 
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў галіне рэкламы на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у межах сваёй кампетэнцыі:
 
папярэджваюць факты неналежнай рэкламы;
 
выносяць парушальнікам прадпісанні аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе;
 
прымаюць і накіроўваюць парушальнікам рашэнні аб прызнанні рэкламы неналежнай, за выключэннем рашэнняў аб прызнанні рэкламы нядобрасумленнай;
 
спыняюць размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай рэкламы ва ўстаноўленых гэтым Законам выпадках пры дапамозе дэмантажу сродкаў вонкавай рэкламы, вынясення рэкламараспаўсюджвальнікам прадпісанняў аб спыненні размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы або іншымі спосабамі;
 
разглядаюць звароты арганізацый або грамадзян і іншыя матэрыялы аб парушэнні заканадаўства аб рэкламе;
 
накіроўваюць у органы пракуратуры і іншыя праваахоўныя органы матэрыялы аб парушэнні заканадаўства аб рэкламе;
 
выдаюць дазволы на размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы і размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах;
 
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Артыкул 10. Агульныя патрабаванні да рэкламы
 
1. Размяшчаемая (распаўсюджваемая) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэклама тавараў, якія вырабляюцца на гэтай тэрыторыі, павінна вырабляцца толькі з прыцягненнем арганізацый Рэспублікі Беларусь і (або) грамадзян Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.
 
2. Рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь павінна размяшчацца (распаўсюджвацца) на беларускай і (або) рускай мовах. Дадзенае палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні або ў друкаваных выданнях, якія ажыццяўляюць дзейнасць выключна на замежных мовах, рэкламу зарэгістраваных таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, якая змяшчае агульнапрынятыя іншаземныя тэрміны і абазначэнні, што ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, альбо запрашэнне на работу або вучобу асобаў, якія свабодна валодаюць іншаземнымі мовамі.
 
У рэкламе дапускаюцца выкарыстанне разам з беларускай і (або) рускай мовамі замежнай мовы пры ўмове ідэнтычнасці па зместу і тэхнічнаму афармленню тэксту на замежнай мове тэксту на беларускай і (або) рускай мовах.
 
3. На рэкламу сродкаў індывідуалізацыі тавару (фірменных найменняў, таварных знакаў і знакаў абслугоўвання, геаграфічных указанняў) распаўсюджваюцца ўсе абмежаванні і забароны, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі ў адносінах да рэкламы гэтага тавару. Дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу сродку індывідуалізацыі тавару, калі ён выкарыстоўваецца таксама для абазначэння іншага тавару, не абмежаванага і не забароненага да рэкламавання, арганізацыі або грамадзяніна і ў рэкламе змяшчаецца ўказанне на такі тавар, арганізацыю або грамадзяніна.
 
4. Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб рэалізацыі тавару і звязаная з ажыццяўленнем рэкламадаўцам прадпрымальніцкай дзейнасці, павінна змяшчаць найменне рэкламадаўцы, яго ўліковы нумар плацельшчыка, а калі рэкламадаўцам з'яўляецца грамадзянін, які ажыццяўляе дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка, — таксама яго прозвішча і ініцыялы. У выпадку, калі рэкламадаўцам з'яўляюцца замежная або міжнародная юрыдычная асоба (арганізацыя, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай), іншаземны грамадзянін або асоба без грамадзянства, пры адсутнасці ў іх уліковага нумара плацельшчыка ў рэкламе замест такога нумара ўказваецца назва краіны і населенага пункта, на тэрыторыі якіх маецца месца знаходжання або пастаяннага пражывання рэкламадаўцы. Патрабаванні гэтага пункта не распаўсюджваюцца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на тэлебачанні і радыё, а таксама на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) ў сетцы Інтэрнэт і змяшчае спасылку на сайт, на якім размешчаны ўказаныя ў гэтым пункце звесткі.
 
5. Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб юрыдычнай асобе Рэспублікі Беларусь, дапускаецца толькі пры наяўнасці ў гэтай юрыдычнай асобы пасведчання аб яе дзяржаўнай рэгістрацыі.
 
Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб замежнай або міжнароднай юрыдычнай асобе (арганізацыі, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай), дапускаецца толькі пры наяўнасці ў гэтай юрыдычнай асобы (арганізацыі) дакумента, які пацвярджае яе рэгістрацыю (легалізаваная выпіска з гандлёвага рэгістра краіны яе заснавання або іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статусу арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны яе заснавання).
 
Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб грамадзяніне, дзейнасць якога патрабуе дзяржаўнай рэгістрацыі яго ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ў адпаведнасці з заканадаўствам, дапускаецца толькі пры наяўнасці ў гэтага грамадзяніна пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка.
 
6. Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб відзе дзейнасці арганізацыі або грамадзяніна, што падлягае ліцэнзаванню, дапускаецца толькі пры наяўнасці ў гэтай арганізацыі або гэтага грамадзяніна адпаведнага спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) (далей — ліцэнзія) на ажыццяўленне дадзенага віду дзейнасці.
 
Рэклама, якая змяшчае інфармацыю аб відзе дзейнасці арганізацыі або грамадзяніна, што падлягае ліцэнзаванню, павінна змяшчаць рэгістрацыйны нумар ліцэнзіі, дату прыняцця рашэння аб яе выдачы, тэрмін дзеяння і найменне органа або дзяржаўнай арганізацыі, якія выдалі ліцэнзію. Дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, а таксама на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы Інтэрнэт і змяшчае спасылку на сайт, на якім размешчаны ўказаныя ў гэтым пункце звесткі.
 
7. Рэквізіты ліцэнзіі, папераджальныя надпісы і іншая абавязковая да размяшчэння ў рэкламе інфармацыя павінны быць выкананы выразнымі літарамі і колерам, які кантрастуе з колеравым фонам рэкламнай плошчы, на якой размяшчаецца інфармацыя. Вынаскі, якія выкарыстоўваюцца ў рэкламе для ўдакладнення інфармацыі, якая змяшчаецца ў ёй, павінны быць выкананы выразнымі літарамі і шрыфтам, памер якога не павінен быць менш за палову памеру шрыфту тэксту, які ўдакладняецца.
 
8. Рэклама не павінна:
 
заахвочваць, прапагандаваць культ насілля і жорсткасці або пабуджаць да насілля, жорсткасці, небяспечных дзеянняў, якія здольныя нанесці шкоду здароўю грамадзян, маёмасці дзяржавы, арганізацый або грамадзян альбо якія пагражаюць іх бяспецы, і іншым дзеянням, якія парушаюць заканадаўства;
 
змяшчаць абяцанне або гарантыю альбо выказваць меркаванне аб будучай эфектыўнасці (даходнасці) віду дзейнасці, які рэкламуецца. Выкарыстанне ў рэкламе звестак аб эфектыўнасці (даходнасці) рэкламуемага віду дзейнасці за папярэдні перыяд дапускаецца пры наяўнасці ў рэкламадаўцы даных статыстычнай справаздачнасці або бухгалтарскага балансу, засведчаных аўдытарскай арганізацыяй або аўдытарам — індывідуальным прадпрымальнікам.
 
9. У рэкламе не дапускаецца выкарыстанне:
 
прозвішчаў, уласных імёнаў і імёнаў па бацьку (далей — імя), псеўданімаў, вобразаў або выказванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь без іх згоды або згоды іх законных прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам або Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
 
вобразаў або выказванняў медыцынскіх або фармацэўтычных работнікаў, некамерцыйных арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аховы здароўя, за выключэннем такога выкарыстання ў рэкламе, спажыўцамі якой з'яўляюцца выключна медыцынскія або фармацэўтычныя работнікі і якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выставак, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў альбо ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, якія разлічаны на медыцынскіх або фармацэўтычных работнікаў;
 
найменняў арганізацый, таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, эмблем і іншай сімволікі, выявы маёмасці арганізацый або грамадзян асобамі, якія не маюць права на такое выкарыстанне;
 
іншай інфармацыі, якую ў адпаведнасці з законамі, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або дзеючымі для Рэспублікі Беларусь міжнароднымі дагаворамі не дапускаецца выкарыстоўваць у рэкламе.
 
10. Не дапускаецца рэклама:
 
тавараў, якія забаронены да вытворчасці і (або) рэалізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам, або дзейнасці, ажыццяўленне якой забаронена заканадаўствам;
 
тавараў, якія падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці ў Рэспубліцы Беларусь, але не маюць дакумента аб ацэнцы адпаведнасці патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі;
 
наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў у мэтах незаконнага іх выкарыстання;
 
прапаноў органаў і (або) тканак чалавека;
 
парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, выяваў або іншых прадметаў парнаграфічнага характару;
 
накіраваная на ўцягванне патэнцыяльных ахвяраў у гандаль людзьмі, прадастаўленне сэксуальных паслуг пад выглядам законнай дзейнасці, антыграмадскія паводзіны;
 
якая прама або ўскосна раскрывае звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь;
 
заменнікаў груднога малака (дзіцячых малочных сумесяў) у сродках масавай інфармацыі, за выключэннем размяшчэння (распаўсюджвання) такой рэкламы ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, якія разлічаны на медыцынскіх або фармацэўтычных работнікаў.
 
11. У памяшканнях, у якіх размяшчаюцца дзяржаўныя органы, за выключэннем органаў знешніх зносінаў Рэспублікі Беларусь, не дапускаецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы, за выключэннем рэкламы дзяржаўных арганізацый і рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у такіх памяшканнях праз тэлебачанне, радыё або друкаваныя выданні.
 
12. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламных матэрыялаў, увезеных на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з парушэннем мытнага заканадаўства, у тым ліку без выплаты мытных плацяжоў, не дапускаецца.
 
Артыкул 11. Рэклама ў сродках масавай інфармацыі
 
1. Рэклама ў сродках масавай інфармацыі, якія не зарэгістраваны ў якасці спецыялізаваных для размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы, не павінна перавышаць:
 
25 працэнтаў аб'ёму аднаго нумара дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў;
 
30 працэнтаў аб'ёму аднаго нумара іншых перыядычных друкаваных выданняў;
 
20 працэнтаў аб'ёму вяшчання для радыё- і тэлепраграм на працягу сутак. Пры гэтым у перыяд з 18.00 да 22.00 рэклама не павінна перавышаць 30 працэнтаў аб'ёму вяшчання на працягу кожнай гадзіны.
 
2. Пры трансляцыі радыё- і тэлепраграм не дапускаюцца перарыванне рэкламай або сумяшчэнне з рэкламай, уключаючы рэкламу ў выглядзе накладанняў, у тым ліку спосабам "бягучага радка":
 
выступленняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, трансляцый сесій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных мерапрыемстваў, жалобных і іншых афіцыйных цырымоній;
 
рэлігійных перадач;
 
дзіцячых перадач, за выключэннем дзіцячых мастацкіх фільмаў;
 
перадач працягласцю менш як 15 хвілін;
 
перадач, у тым ліку радыёпастановак і мастацкіх фільмаў, без згоды праваўладальнікаў.
 
3. Адукацыйныя перадачы працягласцю ад 15 хвілін і больш, а таксама дзіцячыя мастацкія фільмы могуць перарывацца рэкламай непасрэдна ў пачатку і перад заканчэннем перадачы на перыяд, які не перавышае 60 секунд. Аб'ект рэкламавання і змест такой рэкламы павінны адпавядаць асаблівасцям дзіцячай і падлеткавай глядацкай аўдыторыі.
 
4. Трансляцыя ў прамым эфіры або ў запісу спартыўнага спаборніцтва можа перарывацца рэкламай толькі ў перапынках у ходзе спартыўных спаборніцтваў або ў час іх спынення. Трансляцыя ў прамым эфіры або ў запісу спартыўнага спаборніцтва, у якім не прадугледжаны перапынкі або спыненні, можа перарывацца рэкламай такім чынам, каб перарыванне трансляцыі не прывяло да страты часткі істотнай інфармацыі аб спартыўным спаборніцтве.
 
5. Працягласць кожнага перарывання перадачы рэкламай, у тым ліку мастацкага фільма, не павінна перавышаць чатырох хвілін.
 
6. Рэклама ў выглядзе накладанняў, у тым ліку спосабам "бягучага радка", павінна размяшчацца па краях або ў вугле кадра і не павінна:
 
перавышаць сямі працэнтаў плошчы кадра;
 
накладвацца на субцітры, а таксама надпісы растлумачальнага характару.
 
7. Рэклама адной і той жа арганізацыі або аднаго і таго ж грамадзяніна альбо тавару больш чым два разы агульнай працягласцю больш чым дзве хвіліны на працягу гадзіны эфірнага часу радыё- і тэлепраграмы на адной частаце вяшчання не дапускаецца.
 
8. Рэклама піва і слабаалкагольных напіткаў, якія вырабляюцца за межамі Рэспублікі Беларусь, дазволенай да абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянскай зброі больш чым два разы на працягу кожнага перарывання перадачы рэкламай не дапускаецца.
 
9. Абмежаванні, якія ўстаноўлены гэтым артыкулам, не распаўсюджваюцца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцы падзеі, якая транслюецца ў прамым эфіры або ў запісу, за выключэннем спецыяльна створаных для трансляцыі пастановак.
 
10. Патрабаванні гэтага артыкула не распаўсюджваюцца на інфармацыю, якая размяшчаецца ў радыё- і тэлепраграмах:
 
аб гэтых радыё- і тэлепраграмах, у тым ліку на інфармацыю аб назве радыё- і тэлепраграмы, частаце вяшчання радыёпраграмы, лагатып тэлепраграмы;
 
аб перадачах, якія складаюць гэтыя радыё- і тэлепраграмы.
 
11. Пры трансляцыі рэкламы ўзровень яе гуку, а таксама ўзровень гуку паведамлення аб наступнай трансляцыі рэкламы не павінны перавышаць сярэдні ўзровень гуку транслюемай праграмы, якая перарываецца рэкламай. Параметры суадносінаў узроўню гуку рэкламы і ўзроўню гуку транслюемай праграмы, якая перарываецца рэкламай, вызначаюцца патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
 
Артыкул 12. Рэклама з выкарыстаннем электрасувязі
 
1. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы пры дапамозе тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошты дапускаецца толькі пры наяўнасці згоды абанента або адрасата на атрыманне рэкламы. Рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны па першаму патрабаванню абанента або адрасата неадкладна спыніць размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы ў адрас гэтага абанента або адрасата.
 
2. Пры аказанні даведачных або іншых інфармацыйных паслуг з выкарыстаннем электрасувязі размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы дапускаецца толькі пасля прадастаўлення даведкі або іншай інфармацыі, якая запытваецца абанентам, і павінна апярэджвацца паведамленнем аб наступным размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы. Пры гэтым да аказання даведачнай або іншай інфармацыйнай паслугі абанент павінен быць папярэджаны аб магчымасці спынення злучэння адразу пасля атрымання даведкі або іншай інфармацыі ў выпадку яго адмовы ад атрымання рэкламы. Час, на працягу якога размяшчаецца (распаўсюджваецца) папярэджанне, не павінен улічвацца пры вызначэнні кошту паслуг электрасувязі для спажыўцоў рэкламы.
 
3. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы праз выкарыстанне бясплатных нумароў тэлефонаў міліцыі, хуткай медыцынскай дапамогі, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях або іншых аналагічных службаў забараняецца.
 
Артыкул 13. Вонкавая рэклама
 
1. Вонкавая рэклама павінна вырабляцца арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і (або) грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а рэкламаванне тавараў павінна ажыццяўляцца толькі з удзелам грамадзян Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.
 
2. Размяшчэнне сродку вонкавай рэкламы дапускаецца пры наяўнасці дазволу адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Вонкавая рэклама, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на такім сродку вонкавай рэкламы, павінна быць узгоднена з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам, які дзейнічае на тэрыторыі, на якой размяшчаецца (распаўсюджваецца) вонкавая рэклама.
 
3. Размяшчэнне сродку вонкавай рэкламы ў межах паласы адводу аўтамабільных і чыгуначных дарог не дапускаецца.
 
Артыкул 14. Рэклама на транспартным сродку
 
1. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на транспартным сродку не павінна пагражаць бяспецы руху.
 
2. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах дапускаецца пры наяўнасці дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, які дзейнічае на тэрыторыі, на якой зарэгістраваны дадзеныя транспартныя сродкі. Пры гэтым такі дазвол выдаецца толькі пасля ўзгаднення рэкламы на аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам, які дзейнічае на тэрыторыі, на якой зарэгістраваны гэтыя транспартныя сродкі, а таксама з падраздзяленнем Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якая зарэгістравала гэтыя транспартныя сродкі, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны пунктам 3 гэтага артыкула.
 
3. Размяшчэнне на аўтамабільным транспартным сродку, трамваі, тралейбусе інфармацыі аб арганізацыі або грамадзяніне, які ажыццяўляе на гэтым транспартным сродку перавозку пасажыраў і (або) грузаў на падставе адпаведнай ліцэнзіі, альбо аб уласніку гэтага транспартнага сродку, таварных знаках або знаках абслугоўвання, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння тавараў указаных асобаў, а таксама інфармацыі аб продажы гэтага транспартнага сродку дапускаецца без афармлення дазволу.
 
4. Размяшчэнне (распаўсюджванне) на транспартных сродках рэкламы, якая суправаджаецца гукам, не дапускаецца, за выключэннем размяшчэння (распаўсюджвання) такой рэкламы ўнутры салонаў транспартных сродкаў і на станцыях метрапалітэна.
 
Артыкул 15. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў, сродкаў, работ і паслуг у галіне прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі і пратэзавання, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскіх тэхналогій, біялагічна актыўных дабавак да ежы, касметычных сродкаў і некаторых іншых тавараў
 
1. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў, сродкаў, работ і паслуг у галіне прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння (уключаючы нетрадыцыйныя), рэабілітацыі і пратэзавання, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскіх тэхналогій, біялагічна актыўных дабавак да ежы, а таксама рэклама тавараў, якая змяшчае інфармацыю аб іх станоўчым эфекце пры захворваннях або расстройствах здароўя, дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўцы ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу, спажыўцамі якой з'яўляюцца выключна медыцынскія або фармацэўтычныя работнікі і якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выставак, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў, а таксама на рэкламу лекавых сродкаў, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння, размяшчэнне якой дапускаецца толькі ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
 
Забараняецца рэклама метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння хвароб, а таксама медыцынскіх тэхналогій і лекавых сродкаў, якія не дазволены Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
 
2. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы лекавых сродкаў, якія адпускаюцца толькі па рэцэпту ўрача, а таксама рэкламы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння, выкарыстанне якіх патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, дапускаецца толькі ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
 
3. Рэклама лекавых сродкаў павінна змяшчаць:
 
найменне лекавага сродку;
 
найменне вытворцы лекавага сродку;
 
інфармацыю аб тым, што рэкламуемы тавар з'яўляецца лекавым сродкам;
 
інфармацыю аб неабходнасці азнаямлення з інструкцыяй па медыцынскаму прымяненню лекавага сродку і (або) лістком-укладышам да яго, якія зацверджаны пры рэгістрацыі лекавага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (далей — інструкцыя па прымяненню), і (або) кансультацыі з урачом перад прымяненнем лекавага сродку;
 
рэгістрацыйны нумар і дату дзяржаўнай рэгістрацыі лекавага сродку.
 
Інфармацыя аб лячэбных эфектах і спосабах прымянення лекавага сродку павінна адпавядаць інфармацыі, якая змяшчаецца ў інструкцыі па прымяненню.
 
Інфармацыі аб неабходнасці азнаямлення з інструкцыяй па прымяненню і (або) кансультацыі з урачом перад прымяненнем лекавага сродку ў рэкламе лекавага сродку на радыё павінна быць адведзена не менш як тры секунды, на тэлебачанні — не менш як пяць секунд і сем працэнтаў плошчы кадра, а пры размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы лекавага сродку іншымі спосабамі — не менш як пяць працэнтаў плошчы рэкламы. Гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу, спажыўцамі якой з'яўляюцца выключна медыцынскія або фармацэўтычныя работнікі і якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выставак, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў альбо ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, якія разлічаны на медыцынскіх або фармацэўтычных работнікаў.
 
Рэклама лекавых сродкаў не павінна змяшчаць:
 
сцвярджэнняў аб тэрапеўтычных эфектах лекавага сродку ў адносінах да захворванняў, якія не паддаюцца альбо цяжка паддаюцца лячэнню;
 
сцвярджэнняў аб тым, што лячэбны (тэрапеўтычны) эфект ад прыёму лекавага сродку з'яўляецца абсалютна гарантаваным;
 
інфармацыі, якая можа стварыць уражанне, што ў выпадку ўжывання лекавага сродку кансультацыя з урачом не з'яўляецца неабходнай;
 
сцвярджэнняў або прапаноў аб наяўнасці ў спажыўцоў рэкламы тых або іншых захворванняў або расстройстваў здароўя альбо сцвярджэнняў, якія ствараюць у здаровага чалавека ўражанне аб неабходнасці прымянення лекавага сродку.
 
4. Рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы павінна змяшчаць:
 
найменне біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы;
 
найменне вытворцы біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы;
 
інфармацыю аб тым, што рэкламуемы тавар з'яўляецца біялагічна актыўнай дабаўкай да ежы;
 
інфармацыю аб неабходнасці азнаямлення з інструкцыяй (рэкамендацыяй) па прымяненню біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы;
 
нумар і тэрмін дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы.
 
5. Рэклама касметычных сродкаў, біялагічна актыўных дабавак да ежы і іншых тавараў, за выключэннем лекавых сродкаў, не павінна змяшчаць інфармацыі аб іх лячэбным (тэрапеўтычным) эфекце пры іх прымяненні.
 
6. Іншыя патрабаванні да рэкламы лекавых сродкаў, метадаў і сродкаў прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння (уключаючы нетрадыцыйныя), рэабілітацыі і пратэзавання, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскіх тэхналогій, біялагічна актыўных дабавак да ежы ўстанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 16. Рэклама ветэрынарных паслуг
 
Рэклама ветэрынарных паслуг дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўцы ўзгаднення Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 17. Рэклама алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў
 
1. Забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў:
 
на радыё і тэлебачанні;
 
у будынках (памяшканнях, збудаваннях) арганізацый сістэмы адукацыі, арганізацый аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту;
 
у аэрапортах, партах, на вакзалах, прыпыначных пунктах грамадскага транспарту, станцыях метрапалітэна;
 
на транспартных сродках, у тым ліку якія знаходзяцца ў асабістым карыстанні грамадзян;
 
на плакатах, стэндах, светлавых табло і іншых сродках вонкавай рэкламы;
 
на першых і апошніх старонках газет альбо на першых і апошніх старонках або вокладках часопісаў, іншых перыядычных выданняў;
 
у выданнях, сродках масавай інфармацыі, якія прызначаны для грамадзян ва ўзросце да 18 гадоў альбо якія спецыялізуюцца на пытаннях экалогіі, адукацыі, аховы здароўя;
 
на таварах спартыўнага прызначэння і (або) цацках;
 
якая змяшчае інфармацыю аб фізічных, хімічных і іншых спажывецкіх уласцівасцях алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў, іх цане, выяву алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў і іх спажывецкай тары (упакоўкі), найменне відаў указаных напіткаў і вырабаў, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах продажу алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў;
 
якая выкарыстоўвае вобразы людзей або жывёл, у тым ліку маляваныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя);
 
якая выкарыстоўвае вобразы, выказванні, якія ўнушаюць, што ўжыванне алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў садзейнічае дасягненню поспеху альбо паляпшае фізічны або псіхічны стан чалавека;
 
якая мае выяву або тэкст, якія заклікаюць да ўжывання дадзеных напіткаў і вырабаў.
 
2. Арганізацыя і правядзенне конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных, культурных, адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў, закладу ў мэтах стымулявання рэалізацыі алкагольных напіткаў забараняюцца.
 
Забараняецца бясплатнае (бязвыплатнае) распаўсюджванне алкагольных напіткаў (за выключэннем дэгустацый, якія ажыццяўляюцца ў маркетынгавых мэтах), у тым ліку прадастаўленне больш як пяць літраў такіх напіткаў у якасці прызоў (падарункаў) пры правядзенні конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных, культурных, адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў, закладу.
 
3. Забараняецца бясплатнае (бязвыплатнае) распаўсюджванне тытунёвых вырабаў, у тым ліку выкарыстанне іх у якасці прызоў (падарункаў) пры правядзенні конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных, культурных, адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў, закладу.
 
4. Пры правядзенні конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых і рэкламных мерапрыемстваў, закладу, пры якіх грамадзянам, якія купляюць тытунёвыя вырабы або якія прадстаўляюць доказы такой пакупкі, прапаноўваюцца тавары або правы на ўдзел у пералічаных мерапрыемствах і закладзе, забараняецца прапаноўваць гэтыя тавары або правы грамадзянам ва ўзросце да 18 гадоў. Гэтыя конкурсы, латарэі, гульні, іншыя гульнявыя і рэкламныя мерапрыемствы, заклад праводзяцца толькі ў месцах продажу тытунёвых вырабаў, якія размешчаны ў памяшканнях (гандлёвых залах) аб'ектаў гандлю і (або) грамадскага харчавання альбо ў межах тэрыторыі, якая належыць указаным аб'ектам на праве валодання або карыстання.
 
5. Пры арганізацыі і правядзенні культурных, адукацыйных, спартыўных і іншых гуманітарных мерапрыемстваў забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы, якая змяшчае найменні відаў і гандлёвыя маркі алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў.
 
6. Рэклама алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў павінна змяшчаць інфармацыю аб шкодзе, якую наносіць здароўю чалавека іх ужыванне.
 
7. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь могуць быць устаноўлены іншыя абмежаванні на рэкламу алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў.
 
Артыкул 18. Рэклама піва і слабаалкагольных напіткаў
 
1. Забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы піва і слабаалкагольных напіткаў:
 
на радыё і тэлебачанні з 7.00 да 20.00;
 
у будынках (памяшканнях, збудаваннях) арганізацый сістэмы адукацыі, арганізацый аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту;
 
у аэрапортах, партах, на вакзалах, за выключэннем размешчаных на іх тэрыторыі стацыянарных гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання;
 
на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту, станцыях метрапалітэна;
 
на транспартных сродках, у тым ліку якія знаходзяцца ў асабістым карыстанні грамадзян;
 
на плакатах, стэндах, светлавых табло і іншых сродках вонкавай рэкламы;
 
на першых і апошніх старонках газет альбо на першых і апошніх старонках або вокладках часопісаў, іншых перыядычных выданняў;
 
у выданнях, сродках масавай інфармацыі, якія прызначаны для грамадзян ва ўзросце да 18 гадоў альбо якія спецыялізуюцца на пытаннях экалогіі, адукацыі, аховы здароўя;
 
якая выкарыстоўвае вобразы людзей або жывёл, у тым ліку маляваныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя);
 
якая выкарыстоўвае вобразы, выказванні, якія ўнушаюць, што ўжыванне піва і слабаалкагольных напіткаў садзейнічае дасягненню поспеху альбо паляпшае фізічны або псіхічны стан чалавека;
 
якая выкарыстоўвае вобразы, выказванні, што ствараюць уражанне аб тым, што піва або слабаалкагольныя напіткі бясшкодныя або карысныя для здароўя альбо з'яўляюцца адным са спосабаў прагнання смагі;
 
якая заклікае да ўжывання піва або слабаалкагольных напіткаў або дыскрэдытуе ўстрыманне ад іх ужывання.
 
2. Арганізацыя і правядзенне конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных, культурных, адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў, закладу ў мэтах стымулявання рэалізацыі піва і слабаалкагольных напіткаў забараняюцца.
 
Забараняецца бясплатнае (бязвыплатнае) распаўсюджванне піва і слабаалкагольных напіткаў (за выключэннем дэгустацый, якія ажыццяўляюцца ў маркетынгавых мэтах), у тым ліку прадастаўленне больш як пяць літраў такіх напіткаў у якасці прызоў (падарункаў) пры правядзенні конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных, культурных, адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў, закладу.
 
Артыкул 19. Рэклама зброі і прадукцыі ваеннага прызначэння
 
1. Рэклама зброі або прадукцыі ваеннага прызначэння, за выключэннем рэкламы дазволенай да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянскай зброі, ажыццяўляецца ў мэтах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі і дапускаецца толькі ў месцах іх вытворчасці, рэалізацыі і экспанавання.
 
2. Рэклама дазволенай да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянскай зброі дапускаецца толькі ў друкаваных выданнях, якія прызначаны для карыстальнікаў гэтай зброі, на тэлебачанні і радыё з 22.00 да 7.00, у месцах яе вытворчасці, рэалізацыі і экспанавання, а таксама ў месцах, адведзеных для стральбы са зброі.
 
Артыкул 20. Рэклама аб працаўладкаванні і вучобе грамадзян Рэспублікі Беларусь за мяжой
 
1. Рэклама аб працаўладкаванні грамадзян Рэспублікі Беларусь за мяжой дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўцы ўзгаднення Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
 
2. Рэклама аб вучобе грамадзян Рэспублікі Беларусь за мяжой дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўцы ўзгаднення Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 21. Рэклама рыэлтарскіх паслуг
 
1. Рыэлтарская арганізацыя мае права рэкламаваць толькі сваю дзейнасць. У рэкламе павінны быць указаны нумар ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг з указаннем паслуг, якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці — рыэлтарскіх паслуг, дата яе выдачы, тэрмін дзеяння і найменне органа, які выдаў ліцэнзію.
 
2. Рыэлтарская арганізацыя мае права рэкламаваць аб'ект нерухомасці толькі са згоды спажыўца пасля заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг. Пры гэтым рыэлтарская арганізацыя пасля заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг са спажыўцом, які з'яўляецца набытчыкам права на аб'ект нерухомасці, абавязана на тэрмін, які ўказаны ў гэтым дагаворы, спыніць рэкламу аб'екта.
 
Артыкул 22. Рэклама каштоўных папер і паслуг, якія звязаны з прыцягненнем, выкарыстаннем грашовых сродкаў арганізацый і (або) грамадзян
 
1. Пры вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы каштоўных папер, банкаўскіх, страхавых або іншых паслуг, якія звязаны з прыцягненнем, выкарыстаннем грашовых сродкаў арганізацый і (або) грамадзян, не дапускаецца:
 
гарантаваць памеры дывідэндаў па простых (звычайных) акцыях;
 
рэкламаваць каштоўныя паперы да дзяржаўнай рэгістрацыі звестак аб іх выдачы (выпуску);
 
аб'яўляць аб росце курсавога кошту каштоўных папер;
 
рэкламаваць каштоўныя паперы, якія прапануюцца да адкрытага продажу, без апублікавання кароткай інфармацыі аб такім продажу, засведчанай Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
 
2. Рэклама каштоўных папер не павінна змяшчаць інфармацыі, якая супярэчыць тэкстам засведчанай Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь кароткай інфармацыі і зарэгістраванага праспекта эмісіі.
 
У рэкламе каштоўных папер павінны быць указаны памеры дывідэндаў, якія выплачаны па такіх паперах на працягу апошняга фінансавага года, калі дадзены від каштоўных папер прадугледжвае выплату дывідэндаў, дата і нумар рэгістрацыі выпуску рэкламуемых каштоўных папер, месца іх рэгістрацыі і месца азнаямлення з умовамі выпуску.
 
У выпадку размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы каштоўных папер Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь мае права прыпыніць або забараніць размяшчэнне выпуску адпаведных каштоўных папер. Пры гэтым усе страты, нанесеныя арганізацыі або грамадзяніну такім прыпыненнем або такой забаронай, пакрываюцца за кошт рэкламадаўцы.
 
3. У рэкламе аб прыцягненні грашовых сродкаў пад працэнты павінны быць указаны працэнты, якія выплачаны па розных відах укладаў на працягу апошняга фінансавага года з разбіўкай па месяцах (кварталах), калі выплаты ажыццяўляліся штомесяц (штоквартальна).
 
4. Выкарыстанне ў рэкламе ў найменнях рэкламадаўцаў, якія не з'яўляюцца біржамі, фондавымі біржамі, банкамі або небанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, адпаведна слоў "біржа", "фондавая біржа", "банк" або "небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя" не дапускаецца.
 
Артыкул 23. Рэкламныя гульні і рэклама латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемстваў, закладу
 
1. Парадак правядзення рэкламных гульняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
2. Рэклама латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемстваў, закладу павінна змяшчаць крыніцу інфармацыі аб гэтых латарэях, гульнях, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемствах, закладзе, а таксама інфармацыю аб тэрмінах іх правядзення, калі такія латарэі, гульні, іншыя гульнявыя, рэкламныя і забаўляльныя мерапрыемствы, заклад абмежаваны тэрмінамі.
 
Рэклама латарэй, гульняў, у тым ліку рэкламных гульняў і іншых заснаваных на рызыцы гульняў, закладу не павінна:
 
ствараць уражанне, што атрыманне выйгрышаў гарантавана кожнаму ўдзельніку дадзеных мерапрыемстваў;
 
змяшчаць выказванні, якія перабольшваюць верагоднасць атрымання выйгрышу або памяншаюць ступень рызыкі;
 
асуджаць няўдзел у латарэях, гульнях, у тым ліку рэкламных гульнях і іншых заснаваных на рызыцы гульнях, закладзе.
 
Рэклама латарэі або рэкламнай гульні, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за выключэннем рэкламы на радыё і вонкавай рэкламы, павінна змяшчаць нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай латарэі або правілаў правядзення рэкламнай гульні, дату прыняцця рашэння аб яго выдачы і найменне органа, які выдаў такое пасведчанне.
 
Артыкул 24. Сацыяльная рэклама
 
1. Дзейнасць арганізацый або грамадзян па размяшчэнню (распаўсюджванню) сацыяльнай рэкламы, а таксама перадачы сваёй маёмасці іншым арганізацыям або грамадзянам для размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове.
 
2. Рэкламараспаўсюджвальнікі — рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі абавязаны ажыццяўляць размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы, прадастаўленай яе рэкламадаўцамі, у межах пяці працэнтаў ад аб'ёму вяшчання (асноўнай друкаванай плошчы) у суткі, адведзенага для рэкламы.
 
Рэкламараспаўсюджвальнікі, якія не з'яўляюцца рэдакцыямі сродкаў масавай інфармацыі, абавязаны ажыццяўляць размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы, прадастаўленай яе рэкламадаўцамі, у межах пяці працэнтаў гадавога кошту паслуг, якія прадастаўляюцца імі, па размяшчэнню (распаўсюджванню) рэкламы, якая разлічваецца па выніках папярэдняга фінансавага года.
 
3. Прапанаваныя рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы ўмовы, якія датычаць часу і спосабу яе размяшчэння (распаўсюджвання), з'яўляюцца абавязковымі для рэкламараспаў-сюджвальніка, калі рэкламадавец звяртаецца да яго не пазней чым за месяц да мяркуемага тэрміну яе размяшчэння (распаўсюджвання). Калі размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы ў прапанаваны рэкламадаўцам час забаронена заканадаўствам або на дадзены час запланавана размяшчэнне (распаўсюджванне) іншай сацыяльнай рэкламы, заяўка на размяшчэнне (распаўсюджванне) якой была пададзена раней, рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны праінфармаваць аб гэтым рэкламадаўцу і прапанаваць яму іншы час размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы.
 
Артыкул 25. Абарона непаўналетніх пры вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы
 
У мэтах абароны непаўналетніх пры вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы не дапускаецца:
 
паказваць непаўналетніх у небяспечных месцах і сітуацыях;
 
дыскрэдытаваць аўтарытэт бацькоў (апекуноў, папячыцеляў), падрываць давер да іх з боку непаўналетніх;
 
унушаць непаўналетнім, каб яны пераканалі бацькоў або іншых асобаў набыць рэкламуемыя тавары;
 
прыцягваць увагу непаўналетніх да таго, што валоданне тымі або іншымі таварамі дае ім якую-небудзь перавагу перад іншымі непаўналетнімі, а таксама да таго, што адсутнасць гэтых тавараў дае адваротны эфект;
 
прымяншаць узровень навыкаў, неабходных непаўналетнім для выкарыстання тавару, а таксама ствараць няправільнае ўяўленне аб узроставай групе непаўналетніх, для якой прызначаецца тавар;
 
ствараць у непаўналетніх скажонае ўяўленне аб кошце тавару для непаўналетняга, у прыватнасці шляхам прымянення слоў "толькі", "усяго" і таму падобных, а таксама шляхам прамога ці ўскоснага ўказання на тое, што рэкламуемы тавар даступны для любога сямейнага бюджэту.
 
Артыкул 26. Неналежная рэклама
 
1. Нядобрасумленнай з'яўляецца рэклама, якая ўтрымлівае хлуслівыя і іншыя недакладныя звесткі аб тавары, відзе дзейнасці рэкламадаўца, распаўсюджванне якіх можа прывесці да парушэння або парушае правы і ахоўваемыя законам інтарэсы арганізацыі або грамадзяніна, у тым ліку ў адносінах да:
 
складу, спосабу і даты вырабу, назначэння, спажывецкіх уласцівасцяў, умоў прымянення, наяўнасці дакумента аб ацэнцы адпаведнасці і знакаў адпаведнасці, колькасці і месца паходжання і іншых характарыстык тавару;
 
наяўнасці тавару на рынку, магчымасці яго набыцця ва ўказаных аб'ёме, перыядзе часу і месцы;
 
цаны і ўмоў аплаты тавару на момант размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы (для электронных сродкаў масавай інфармацыі момантам размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы лічыцца дзень яе выхаду; для перыядычных друкаваных выданняў — перыяд да выхаду наступнага нумара, але не больш чым адзін месяц; для рэкламы на паштовых адпраўленнях — два дні пасля адпраўкі (па даце паштовага штэмпеля); для іншай рэкламы — адзін месяц);
 
дастаўкі, абмену, вяртання, рамонту і абслугоўвання тавару;
 
гарантыйных абавязацельстваў, тэрмінаў службы, тэрмінаў годнасці і (або) тэрмінаў захоўвання тавару;
 
афіцыйнага або грамадскага прызнання тавару, прысваення яму медалёў, прызоў, дыпломаў і іншых узнагарод;
 
прадастаўлення інфармацыі аб спосабах набыцця поўнай серыі тавару, калі ён з'яўляецца часткай серыі;
 
выкарыстання слоў у найвышэйшай ступені або іншых слоў, якія ствараюць уражанне аб перавазе тавару перад іншымі таварамі, калі іх немагчыма пацвердзіць дакументальна;
 
выключнасці правоў на рэалізацыю якога-небудзь тавару і (або) яго абслугоўванне.
 
2. Недакладнай з'яўляецца рэклама, якая не адпавядае сапраўднасці ў адносінах да:
 
правоў на выкарыстанне дзяржаўных сімвалаў (флага, герба, гімна), а таксама сімвалаў міжнародных арганізацый;
 
вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, даследаванняў або выпрабаванняў;
 
статыстычных даных, прадстаўленых у скажоным выглядзе;
 
спасылак на якія-небудзь рэкамендацыі або на адабрэнне арганізацый ці грамадзян;
 
назвы і месца знаходжання арганізацыі, імені і месца жыхарства грамадзяніна, іншых звестак аб гэтай арганізацыі або гэтым грамадзяніне, за выключэннем звестак аб відзе дзейнасці рэкламадаўцы;
 
параўнання правоў або становішча арганізацый ці грамадзян з правамі або становішчам іншых арганізацый ці грамадзян;
 
правядзення конкурсаў, латарэй, гульнявых, рэкламных і іншых мерапрыемстваў, закладу.
 
3. Неэтычнай з'яўляецца рэклама, якая:
 
утрымлівае тэкставую, зрокавую і (або) гукавую інфармацыю, якая парушае агульнапрынятыя нормы маралі і маральнасці, у тым ліку абразлівыя словы, параўнанні, вобразы ў адносінах да расы, нацыянальнасці, знешняга выгляду, узроставай групы, полу, мовы, прафесіі, сацыяльнай катэгорыі, рэлігійных, палітычных і іншых перакананняў грамадзян;
 
ганіць аб'екты, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;
 
ганіць дзяржаўныя сімвалы (флаг, герб, гімн), афіцыйную грашовую адзінку Рэспублікі Беларусь або іншай дзяржавы, міжнароднай арганізацыі, рэлігійныя сімвалы;
 
ганіць якую-небудзь арганізацыю або грамадзяніна, якую-небудзь дзейнасць, прафесію, тавар;
 
дыскрэдытуе арганізацыю або грамадзяніна, якія не карыстаюцца рэкламуемым таварам;
 
утрымлівае негатыўную ацэнку якасці тавару арганізацыі або грамадзяніна;
 
утрымлівае параўнанне рэкламуемага тавару з таварам іншай арганізацыі або іншага грамадзяніна;
 
уводзіць спажыўцоў рэкламы ў зман, у тым ліку праз імітацыю (капіраванне) агульнай кампазіцыі, тэксту, выявы, музыкі і (або) гукавых эфектаў, якія выкарыстоўваюцца ў рэкламе іншага рэкламадаўцы.
 
4. Выкарыстанне ў радыё-, тэле-, відэа-, аўдыё- і кінапрадукцыі, а таксама ў іншай прадукцыі і размяшчэнне (распаўсюджванне) іншымі спосабамі скрытай рэкламы, гэта значыць рэкламы, якая аказвае ўздзеянне, што не ўсведамляецца спажыўцом рэкламы, на яго ўспрыманне, у тым ліку шляхам выкарыстання спецыяльных відэаўставак (двайнога гуказапісу) і іншымі спосабамі, не дапускаюцца.
 
5. Неналежная рэклама не дапускаецца.
 
Артыкул 27. Правы і абавязкі рэкламадаўцы, рэкламавытворцы і рэкламараспаўсюджвальніка па прадстаўленню інфармацыі пры вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы
 
1. Калі ў рэкламе, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы Інтэрнэт, утрымліваецца інфармацыя аб юрыдычнай асобе Рэспублікі Беларусь, рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны патрабаваць, а рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай юрыдычнай асобы з прад'яўленнем яго арыгінала.
 
Калі ў рэкламе, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы Інтэрнэт, утрымліваецца інфармацыя аб замежнай або міжнароднай юрыдычнай асобе (арганізацыі, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай), рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны патрабаваць, а рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копію дакумента, які пацвярджае рэгістрацыю замежнай або міжнароднай юрыдычнай асобы (арганізацыі, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай) (легалізаваная выпіска з гандлёвага рэгістра краіны яго ўстановы або іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статуса арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны яе ўстановы).
 
Калі ў рэкламе, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы Інтэрнэт, утрымліваецца інфармацыя аб грамадзяніне, які ажыццяўляе дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка, рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны патрабаваць, а рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага індывідуальнага прадпрымальніка з прад'яўленнем яго арыгінала.
 
2. Калі ў рэкламе ўтрымліваецца інфармацыя аб відзе дзейнасці арганізацыі або грамадзяніна, які падлягае ліцэнзаванню, рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны патрабаваць, а рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копію адпаведнай ліцэнзіі з прад'яўленнем яе арыгінала.
 
3. Калі для размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы гэтым Законам або іншым заканадаўствам прадугледжана атрыманне дазволу (узгаднення) адпаведнага дзяржаўнага органа, рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны патрабаваць, і рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копію дакумента, які пацвярджае атрыманне такога дазволу (узгаднення), з прад'яўленнем яго арыгінала.
 
4. Рэкламавытворца і рэкламараспаўсюджвальнік маюць права патрабаваць, а рэкламадаўца абавязаны прадаставіць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць сапраўднасць рэкламы, з прад'яўленнем іх арыгіналаў.
 
5. Рэкламараспаўсюджвальнік мае права патрабаваць, а рэкламадаўца і рэкламавытворца абавязаны прадаставіць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць выраб вонкавай рэкламы, а таксама рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, тавараў, якія вырабляюцца на гэтай тэрыторыі, толькі з прыцягненнем арганізацый Рэспублікі Беларусь і (або) грамадзян Рэспублікі Беларусь, з прад'яўленнем іх арыгіналаў.
 
6. Рэкламараспаўсюджвальнік мае права патрабаваць, а рэкламадаўца і рэкламавытворца абавязаны прадаставіць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць рэкламадаўцу або рэкламавытворцу правоў на выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага і (або) сумежных правоў, з прад'яўленнем іх арыгіналаў.
 
Артыкул 28. Абавязкі рэкламадаўцы, рэкламавытворцы і рэк-ламараспаўсюджвальніка па прадастаўленню інфармацыі Міністэрству гандлю Рэспублікі Беларусь і (або) мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу
 
Рэкламадаўцы, рэкламавытворцы і рэкламараспаўсюджвальнікі абавязаны па патрабаванню Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь і (або) мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў сямідзённы тэрмін з дня паступлення такога патрабавання прадастаўляць дакладныя дакументы і тлумачэнні ў вуснай ці пісьмовай форме, відэа- і гуказапісы, а таксама іншую інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення гэтымі дзяржаўнымі органамі прадугледжаных гэтым Законам паўнамоцтваў.
 
Артыкул 29. Абавязкі рэкламадаўцы, рэкламавытворцы і рэк-ламараспаўсюджвальніка па захоўванню матэрыялаў або іх копій, якія ўтрымліваюць рэкламу, і копій выпатрабаваных дакументаў
 
1. Рэкламадаўца і рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны захоўваць матэрыялы або іх копіі, якія ўтрымліваюць рэкламу, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы Інтэрнэт, уключаючы ўсе наступныя змяненні, якія ў іх уносяцца, на працягу шасці месяцаў з дня апошняга размяшчэння (распаўсюджвання) яе рэкламараспаў-сюджвальнікам, а рэкламавытворца — з дня выканання ім дагавора аб выкананні работы па вытворчасці рэкламы.
 
2. Рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны захоўваць ва ўстаноўленым парадку копіі выпатрабаваных у адпаведнасці з гэтым Законам дакументаў на працягу шасці месяцаў з дня апошняга размяшчэння (распаўсюджвання) ім рэкламы, а рэкламавытворца — з дня выканання ім дагавора аб выкананні работы па вытворчасці рэкламы.
Артыкул 30. Прызнанне рэкламы неналежнай і ажыццяўленне контррэкламы
 
1. У выпадку размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь мае права прыняць рашэнне аб прызнанні рэкламы неналежнай, а мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы — рашэнне аб прызнанні рэкламы неналежнай, за выключэннем рашэння аб прызнанні рэкламы нядобрасумленнай. У адпаведнасці з рашэннем аб прызнанні рэкламы неналежнай парушальнік абавязаны ў трохдзённы тэрмін з дня атрымання такога рашэння спыніць яе размяшчэнне (распаўсюджванне). Пры адсутнасці парушальніка або пры невыкананні ім указанага патрабавання размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай рэкламы спыняецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Пры гэтым размяшчэнне (распаўсюджванне) нядобрасумленнай рэкламы спыняецца гарадскім або раённым выканаўчым камітэтам. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган мае права кампенсаваць панесеныя расходы за кошт парушальніка.
 
2. Рашэнні Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь аб прызнанні рэкламы неналежнай з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх арганізацый і грамадзян.
 
Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб прызнанні рэкламы неналежнай, за выключэннем рашэнняў аб прызнанні рэкламы нядобрасумленнай, з'яўляюцца абавязковымі для арганізацый і грамадзян на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
 
3. Рашэнне аб прызнанні рэкламы неналежнай можа ўтрымліваць патрабаванне аб ажыццяўленні контррэкламы. Контррэклама ажыццяўляецца парушальнікам за свой кошт у тэрмін, устаноўлены гэтым рашэннем.
 
Контррэклама павінна ажыццяўляцца тым жа спосабам, з выкарыстаннем тых жа характарыстык працягласці, месца і парадку размяшчэння (распаўсюджвання), што і неналежная рэклама, і ўтрымліваць паметку "контррэклама", якой павінна быць адведзена не менш чым пяць працэнтаў плошчы контррэкламы, а таксама не менш чым пяць секунд часу контррэкламы пры яе размяшчэнні (распаўсюджванні) з выкарыстаннем электронных тэхнічных сродкаў. Змест рэкламы ўзгадняецца з Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь або мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, які прыняў рашэнне аб прызнанні рэкламы неналежнай, якое змяшчае патрабаванне аб ажыццяўленні контррэкламы.
 
4. Арганізацыя або грамадзянін, адказныя за размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай рэкламы, маюць права абскардзіць рашэнне аб прызнанні рэкламы неналежнай у суд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
 
Артыкул 31. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэкламе
 
1. За парушэнне заканадаўства аб рэкламе арганізацыі і грамадзяне нясуць адказнасць, прадугледжаную заканадаўчымі актамі.
 
2. Асобы, правы і інтарэсы якіх парушаны ў выніку вытворчасці і (або) размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы, маюць права ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку звярнуцца ў суд з іскамі, у тым ліку з іскамі аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
 
Артыкул 32. Унясенне змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанне страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і асобнага палажэння Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь"
 
1. Артыкул 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1998 года (СЗ БССР, 1990 г., № 4, ст. 46; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 28, ст. 461) выкласці ў наступнай рэдакцыі:
 
"Артыкул 29. Мова аб'яў, паведамленняў і рэкламы
 
Тэксты афіцыйных аб'яў, паведамленняў, плакатаў, афіш і іншай інфармацыі выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
 
Рэклама размяшчаецца (распаўсюджваецца) на беларускай і (або) рускай мовах. Дадзенае палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні або ў друкаваных выданнях, якія ажыццяўляюць дзейнасць выключна на замежных мовах, рэкламу зарэгістраваных таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, якая змяшчае агульнапрынятыя замежныя тэрміны і абазначэнні, якія ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, або запрашэнне на працу або вучобу асобаў, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.
 
У рэкламе дапускаецца выкарыстанне нароўні з беларускай і (або) рускай мовамі замежнай мовы пры ўмове ідэнтычнасці па зместу і тэхнічнаму афармленню тэксту на замежнай мове тэксту на беларускай і (або) рускай мовах.".
 
2. Абзац трэці часткі першай артыкула 30 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 студзеня 1995 года "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 12, ст. 121) выкласці ў наступнай рэдакцыі:
 
"20 працэнтаў аб'ёму вяшчання для радыё- і тэлепраграм на працягу сутак. Пры гэтым у перыяд з 18.00 да 22.00 рэклама не павінна перавышаць 30 працэнтаў аб'ёму вяшчання на працягу кожнай гадзіны.".
 
3. Прызнаць страціўшымі сілу:
 
Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 1997 года "Аб рэкламе" (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 8, ст. 189);
 
артыкул 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2003 года "Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 134, 2/998);
 
Пастанову Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 1992 года "Аб мерах па спыненню прапаганды парнаграфіі, культу насілля і жорсткасці" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 7, ст. 137).
 
Артыкул 33. Пераходныя палажэнні
 
1. Пункты 1, 4—6 артыкула 17 гэтага Закона ў частцы рэкламы тытунёвых вырабаў дзейнічаюць да 1 студзеня 2008 года.
 
2. З 1 студзеня 2008 года рэклама тытунёвых вырабаў забараняецца.
 
Артыкул 34. Прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам
 
У шасцімесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:
 
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам і прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона;
 
мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Законам.
 
Артыкул 35. Уступленне ў сілу гэтага Закона
 
Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 34, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.
 
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА
 
10 мая 2007 года, г. Мінск.
 
№ 225-З