Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3

Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы

У Рэспубліцы Беларусь за апошняе дзесяцігоддзе створана эфектыўная эканоміка, якая дынамічна развіваецца, арыентаваная на няўхільны рост дабрабыту і павышэнне якасці жыцця грамадзян, абарону іх матэрыяльных, сацыяльных і культурных інтарэсаў.

Паслядоўна ажыццяўляецца курс на інавацыйнае развіццё краіны. За гады незалежнасці сфарміравана сучасная сацыяльная інфраструктура.

У рэспубліцы, якая засталася пасля распаду Савецкага Саюза без крыніц энергетычных і сыравінных рэсурсаў, праведзена вялікая работа па ўкараненню энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій.

У выніку ў 1997—2006 гадах прырост валавога ўнутранага прадукту забяспечаны практычна без павелічэння спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў. Гэта ў комплексе з іншымі мерамі дало магчымасць мінімізаваць адмоўныя вынікі для эканомікі павышэння цэн на нафту і газ, а галоўнае — не дапусціць падзення жыццёвага ўзроўню нашага народа.

Разам з тым у краіне не створана цэласная сістэма эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, што зніжае канкурэнтаздольнасць эканомікі, эфектыўнасць выкарыстання ўсіх відаў паліва, энергіі, сыравіны, матэрыялаў і абсталявання.

Энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ў нас у паўтара-два разы вышэйшая, чым у развітых дзяржавах з падобнымі кліматычнымі ўмовамі і структурай эканомікі. Высокая і матэрыялаёмістасць айчыннай прадукцыі. Недастаткова поўна выкарыстоўваюцца другасныя рэсурсы і адходы вытворчасці.

Не зжыты безгаспадарчасць і марнатраўства. Кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый не ажыццяўляюць належнага кантролю за беражлівым захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, не заўсёды выяўляюць рэзервы па зніжэнню энерга- і матэрыялаёмістасці вытворчасці.

На нізкім узроўні вядзецца работа па прыцягненню ў гаспадарчы абарот аднаўляльных крыніц энергіі: лесу, вады, ветру, падземнага цяпла, сонечнай энергіі і іншых.

У той жа час бяздумныя, часам бяздушныя адносіны да прыроды наносяць ёй незаменны ўрон, што немінуча адаб'ецца на якасці жыцця наступных пакаленняў.

Эканомнае расходаванне цяпла, электраэнергіі, прыроднага газу, вады і іншых рэсурсаў не стала нормай жыцця для кожнай беларускай сям'і, кожнага чалавека.

Не выкаранены факты вандалізму ў пад'ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках шматкватэрных жылых дамоў, прыдамавых тэрыторыях і дзіцячых пляцоўках, у іншых грамадскіх месцах і на транспарце. Як вынік, дзяржава нясе велізарныя непрадукцыйныя расходы па падтрыманню ў належным стане аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы.

У мэтах умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы:

1. Забяспечыць энергетычную бяспеку і энергетычную незалежнасць краіны. Для гэтага:

1.1. кіраўнікам дзяржаўных органаў усіх узроўняў кіравання арганізаваць жорсткі кантроль за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, зніжэннем удзельных матэрыяльных затрат на адзінку выпускаемай прадукцыі пры адначасовым росце вытворчасці і яе мадэрнізацыі;

1.2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

1.2.1. забяспечыць у 2007—2010 гадах і на перспектыву поўнае і надзейнае забеспячэнне насельніцтва і эканомікі энергарэсурсамі па эканамічна абгрунтаваных цэнах (тарыфах), зніжэнне рызык і недапушчэнне крызісных сітуацый у энергазабеспячэнні краіны;

1.2.2. прыняць вычарпальныя меры па заключэнню пачынаючы з 2007 года доўгатэрміновых пагадненняў аб пастаўках у Рэспубліку Беларусь паліўна-энергетычных рэсурсаў і ажыццяўленню гэтых паставак, прадугледзеўшы дыверсіфікацыю гэтых рэсурсаў не менш як на 20 працэнтаў пры ўмове эканамічнай і экалагічнай мэтазгоднасці;

1.2.3. да 1 жніўня 2007 г. стварыць рэспубліканскую міжведамасную камісію па кантролю за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, забяспечыць стварэнне аналагічных галіновых, абласных, гарадскіх, раённых і пастаянна дзеючых у арганізацыях камісій, стварыць інстытут пазаштатных інспектараў па нагляду за эфектыўным выкарыстаннем рэсурсаў;

1.2.4. сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у 2007 годзе і ў наступныя гады актывізаваць продаж ва ўстаноўленым парадку маёмасных комплексаў неэфектыўна працуючых малых і сярэдніх дзяржаўных арганізацый, не завершаных будаўніцтвам аб'ектаў з перавышэннем нарматыўнага тэрміну будаўніцтва больш за два гады, а таксама долей дзяржавы ў статутных фондах стратных гаспадарчых таварыстваў;

1.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

1.3.1. унесці Кіраўніку дзяржавы праект удакладненай Канцэпцыі энергетычнай бяспекі і павышэння энергетычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прадугледзеўшы ў ім:

зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту ў 2010 годзе не менш як на 31 працэнт, у 2015 годзе не менш як на 50 працэнтаў, у 2020 годзе не менш як на 60 працэнтаў да ўзроўню 2005 года;

забеспячэнне ў 2012 годзе не менш як 25 працэнтаў аб'ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва, другасных энергетычных рэсурсаў і альтэрнатыўных крыніц энергіі і ў 2015 годзе ўвядзенне ў паліўны баланс бурых вуглёў беларускіх радовішчаў;

дыверсіфікацыю паставак у рэспубліку нафты, прыроднага газу, электраэнергіі, вугалю і ядзернага паліва, якая забяспечвае пачынаючы з 2020 года імпарт з адной краіны—пастаўшчыка не больш як 65 працэнтаў аб'ёму спажывальных энергарэсурсаў;

актывізацыю работы па будаўніцтву АЭС, працуючых на вугалі ЦЭС, ГЭС малой і сярэдняй магутнасці, міні-ЦЭЦ, а таксама вытворчасцяў па выпуску біяпаліва, ветраэнергетычных установак, біягазавых комплексаў, установак, якія выкарыстоўваюць энергію цвёрдых камунальных і іншых адходаў;

рэканструкцыю дзеючых і будаўніцтва новых падземных сховішчаў прыроднага газу, нафта- і мазутасховішчаў;

змяншэнне затрат на вытворчасць энергарэсурсаў за кошт прымянення энергазберагальных тэхналогій і абсталявання, а таксама скарачэнне страт пры здабычы, перапрацоўцы, транспарціроўцы і рэалізацыі прадукцыі паліўна-энергетычнага комплексу;

1.3.2. у III квартале 2007 г. прадставіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праект удакладненай Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы, энергазберажэння і павелічэння долі выкарыстання ў рэспубліцы ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў у 2006—2010 гадах;

1.4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзяржаўным органам і іншым дзяржаўным арганізацыям у 2007 годзе і ў наступныя гады забяспечыць эканомію валютных сродкаў за кошт актывізацыі імпартазамяшчэння, істотнага скарачэння імпарту прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, аналагічнай той, што вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь.

2. Прыняць кардынальныя меры па эканоміі і беражліваму выкарыстанню паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў ва ўсіх сферах вытворчасці і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а менавіта:

2.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь вызначыць і давесці дзяржаўным органам і іншым дзяржаўным арганізацыям паказчыкі па эканоміі рэсурсаў на 2007 год, даводзіць ім такія паказчыкі штогод;

2.2. рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнаму банку, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам да 1 верасня 2007 г. забяспечыць:

2.2.1. разгляд на пасяджэннях адпаведных калегіяльных органаў пытанняў узмацнення рэжыму эканоміі і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, зацвердзіўшы галіновыя (па сферах дзейнасці), абласныя, гарадскія і раённыя праграмы мераў па эканоміі і рацыянальнаму выкарыстанню паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, а таксама грашовых сродкаў;

2.2.2. распрацоўку і ажыццяўленне ў 2007 годзе і ў наступныя гады падпарадкаванымі арганізацыямі (арганізацыямі, што ўваходзяць у іх склад) канкрэтных мераў па зніжэнню энерга- і матэрыяла-ёмістасці вытворчасці, змяншэнню адходаў, страт сыравіны і матэрыялаў на ўсіх стадыях іх апрацоўкі, захоўвання і транспарціроўкі, больш поўнаму выкарыстанню ў вытворчасці другасных рэсурсаў;

2.2.3. давядзенне дзяржаўным арганізацыям і гаспадарчым таварыствам, адносна якіх дзяржава, валодаючы долямі (акцыямі) у іх статутных фондах, можа вызначаць рашэнні, прымаемыя гэтымі таварыствамі, канкрэтных паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў на 2007 год. Даводзіць ім такія паказчыкі штогод;

2.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мін-скаму гарвыканкаму:

2.3.1. да 1 лістапада 2007 г:

стварыць новыя і ўмацаваць кваліфікаванымі кадрамі існуючыя службы па нарміраванню паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў;

увесці ў бізнэс-планы развіцця арганізацый раздзел «Энергазберажэнне», які прадугледжвае зніжэнне энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі, максімальнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва, уключаючы другасныя энергарэсурсы;

2.3.2. пры назначэнні на пасады кіраўнікоў арганізацый у якасці аднаго з галоўных крытэрыяў ацэнкі іх прафесійных якасцяў лічыць здольнасць да стратэгічнага мыслення, прыняцця нестандартных рашэнняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, у тым ліку за кошт зніжэння выдаткаў і эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў;

2.4. аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму забяспечыць:

2.4.1. у 2008 годзе перавод кацельняў, размешчаных у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек (за выключэннем раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) і працуючых на топачным мазуце, на выкарыстанне ў асноўным мясцовых відаў паліва;

2.4.2. у 2007— 2009 гадах замену з улікам тэхналагічнай і эканамічнай мэтазгоднасці электракацельняў і электранагравальнікаў на катлаагрэгаты і воданагравальнікі, што працуюць пераважна на мясцовых відах паліва;

2.4.3. да 2010 года цеплазабеспячэнне аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў за кошт устаноўкі ў іх індывідуальных устройстваў для ацяплення і гарачага водазабеспячэння — пры аптымізацыі схем цеплазабеспячэння населеных пунктаў, якія маюць цэнтралізаванае вода- і газазабеспячэнне жыллёвага фонду;

2.4.4. сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

аснашчэнне ў 2007—2008 гадах усіх кватэр (індывідуальных дамоў) прыборамі індывідуальнага ўліку расходу халоднай і гарачай вады за кошт сродкаў грамадзян, крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

штогадовае выкарыстанне ў жыллёва-камунальным сектары да 2012 года мясцовых відаў паліва для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння не менш як 900 тыс. тон (умоўнага паліва);

2.4.5. сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі водпуск штогод у міжацяпляльны перыяд пачынаючы з 2007 года гарачай вады спажыўцам у раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках і сельскай мясцовасці (акрамя раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) з пераважным выкарыстаннем мясцовых відаў паліва і ўстаноўкай бакаў-акумулятараў.

3. Паскорыць тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыю вытворчасці на аснове ўкаранення энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій і тэхнікі. У сувязі з гэтым:

3.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

3.1.1. актывізаваць прыцягненне замежных інвестыцый для тэхнічнага перааснашчэння і мадэрнізацыі асноўных вытворчых сродкаў, укаранення энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій. У 2007—2008 гадах з улікам інтарэсаў дзяржавы прыняць вычарпальныя меры па павышэнню адкрытасці і прывабнасці эканомікі краіны для прыватнага капіталу, усебаковаму развіццю прыватнай ініцыятывы;

3.1.2. з удзелам аблвыканкамаў да 1 кастрычніка 2007 г. зацвердзіць рэспубліканскую праграму па пераўтварэнню кацельняў у міні-ЦЭЦ з улікам эканамічнай мэтазгоднасці;

3.1.3. пачынаючы з 2007 года арганізаваць пераход на энергаэфектыўны метад праектавання і будаўніцтва будынкаў, шырокае прымяненне пры гэтым айчынных энерга- і рэсурсазберагальных канструктыўных элементаў, матэрыялаў і энергазберагальных інжынерных сістэм;

3.1.4. сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам забяспечыць абследаванне шматкватэрных дамоў жыллёвага фонду і па выніках да 1 студзеня 2008 г. распрацаваць першачарговыя меры па прывядзенню іх цеплатэхнічных характарыстык у адпаведнасць з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў;

3.2. рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям падначаленым Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам у 2007—2010 гадах забяспечыць:

3.2.1. распрацоўку і рэалізацыю інавацыйных і інвестыцыйных праектаў, арыентаваных на апераджальнае развіццё вытворчасцяў з малой энерга-, і матэрыялаёмістасцю, а таксама на пашырэнне сферы паслуг;

3.2.2. прыняцце мераў па тэхнічнаму і тэхналагічнаму перааснашчэнню арганізацый, у тым ліку перапрацоўчых арганізацый аграпрамысловага комплексу, размешчаных у малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях, у мэтах комплекснай перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, максімальнага выкарыстання адходаў вытворчасці, уключаючы стварэнне на іх аснове вытворчасцяў па атрыманню паліва;

3.2.3. мадэрнізацыю сістэм ацяплення вытворчых памяшканняў з выкарыстаннем прагрэсіўных энергаэфектыўных тэхналогій, замену састарэлага абсталявання на сучаснае энергазберагальнае.

4. Павысіць эфектыўнасць навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Даручыць:

4.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі забяспечыць:

4.1.1. распрацоўку і да 1 лістапада 2007 г. зацвярджэнне праграмы тэхнічнага перааснашчэння і мадэрнізацыі ліцейных, тэрмічных, гальванічных і іншых энергаёмістых вытворчасцяў на 2007—2010 гады, прыняць меры па яе рэалізацыі;

4.1.2. сумесна з аблвыканкамамі падрыхтоўку да 1 снежня 2007 г. прадстаўлення Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праекта дзяржаўнай праграмы «Торф»;

4.1.3. у 2007—2010 гадах:

распрацоўку энерга-, і рэсурса- зберагальных тэхналогій здабычы, вытворчасці, пераўтварэння, транспарціроўкі і комплекснага выкарыстання паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, уключаючы бурыя вуглі і іншыя мясцовыя рэсурсы;

укараненне перадавых тэхналогій і абсталявання, якія забяспечваюць максімальна магчымую здабычу карысных выкапняў і комплекснае засваенне іх радовішчаў;

перыядычнае энергетычнае абследаванне арганізацый для выяўлення рэзерваў эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, а таксама распрацоўку мерапрыемстваў па энергазберажэнню і энергаэфектыўнасці, абавязковых для выканання адпаведнымі арганізацыямі;

укараненне інавацыйных праектаў, накіраваных на выкарыстанне новых крыніц энергіі і нетрадыцыйных рэсурсаў вуглевадароднай сыравіны, у тым ліку на рэалізацыю ў 2008—2010 гадах пілотных праектаў па вытворчасці пелетаў (гранулаў з адходаў дрэваапрацоўкі) з наступным сістэмным развіццём такой вытворчасці, выкарыстанню геатэрмальных водаў, бурых вуглёў, атрыманню чыстага вадароду і яго прымяненню;

4.2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з удзелам аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў 2007 годзе комплексна вырашыць пытанні нарыхтоўкі, дастаўкі і выкарыстання драўніннай паліўнай сыравіны, давесці заданні па яе вытворчасці да ўсіх пастаўшчыкоў, уключаючы юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, і лесакарыстальнікаў незалежна ад іх падначаленасці і формаў уласнасці. Пачынаючы з 2007 года прымаць меры па павелічэнню аб'ёмаў вырошчвання хуткарослай драўніны для паліўных патрэб.

5. Забяспечыць стымуляванне эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. Пры гэтым:

5.1. лічыць выкананне паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў, павелічэнне выкарыстання мясцовых нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама другасных энергарэсурсаў важнейшымі крытэрыямі ацэнкі работы кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый;

5.2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі арганізаваць пачынаючы з 2007 года рэспубліканскае спаборніцтва за высокія паказчыкі па эканоміі рэсурсаў. Пераможцаў такога спаборніцтва заносіць на Рэспубліканскую дошку Гонару;

5.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

5.3.1. да 1 верасня 2007 г. устанавіць залежнасць аплаты працы кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый ад выканання паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў, павелічэння выкарыстання мясцовых відаў паліва;

5.3.2. сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі да 1 верасня 2007 г. распрацаваць эфектыўны механізм маральнага і матэрыяльнага стымулявання эканоміі і рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, забяспечыць яго ўкараненне ў дзяржаўных органах іншых дзяржаўных арганізацыях, а таксама ў падначаленых ім арганізацыях (арганізацыях, якія ўваходзяць у іх склад);

5.4. аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму да 1 верасня 2007 г. вызначыць сістэму заахвочвання арганізацый, падначаленых мясцовым і распарадчым органам, і індывідуальных прадпрымальнікаў за эканомію і беражлівасць.

6. Шырока прапагандаваць сярод насельніцтва неабходнасць выканання рэжыму паўсюднай эканоміі і беражлівасці. З гэтай мэтай:

6.1. Міністэрству інфармацыі:

6.1.1. забяспечыць выданне нагляднай агітацыі, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, дзіцячай пазнавальнай літаратуры па пытаннях эканоміі і беражлівасці, павелічэння колькасці адпаведнай тэматычнай інфармацыі ў сетцы Iнтэрнэт;

6.1.2. сумесна з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, закрытымі акцыянернымі таварыствамі «Другі нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачанне» сістэматычна і ўсебакова асвятляць пытанні эканомнага выкарыстання ўсіх відаў рэсурсаў, уключаючы прыродныя, як важнейшага прынцыпу забеспячэння эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Шырэй прапагандаваць вопыт перадавых калектываў рэспублікі, якія забяспечваюць строгі кантроль эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі з меншымі затратамі;

6.2. Міністэрству адукацыі:

6.2.1. да 1 верасня 2007 г. распрацаваць для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, праграму заняткаў па інтарэсах, факультатываў, курсаў па пытаннях эканоміі і беражлівасці;

6.2.2. сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі прымаць меры па ўдасканаленню сістэмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у сферы энерга-, і рэсурсазберажэння;

6.3. Міністэрству ўнутраных спраў з удзелам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў больш актыўна прыцягваць работнікаў міліцыі да правядзення прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленню псавання маёмасці ў жылых дамах, на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах;

6.4. Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі арганізаваць:

у працоўных калектывах тлумачальную працу, накіраваную на эканомію ўсіх відаў рэсурсаў;

агляды на лепшыя дасягненні па эканоміі рэсурсаў і павышэнню эфектыўнасці іх выкарыстання;

6.5. работнікам арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў праводзіць тлумачальную працу сярод насельніцтва па пытаннях паўсюднай эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, устаноўкі для гэтага ў жылых памяшканнях індывідуальных прыбораў уліку расходу вады і прыроднага газу.

7. Устанавіць эфектыўны кантроль за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. У сувязі з гэтым:

7.1. рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падначаленым Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам:

7.1.1. забяспечыць правядзенне ў падначаленых арганізацыях (арганізацыях, якія ўваходзяць у іх склад), рэгіёнах і населеных пунктах рэгулярных праверак стану работы па арганізацыі эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў за кошт аптымізацыі іх расходавання, замены састарэлага энергетычнага і тэхналагічнага абсталявання на больш сучаснае, а таксама выкарыстання мясцовых відаў паліва;

7.1.2. устанавіць жорсткі кантроль за выкананнем дзяржаўнымі арганізацыямі і гаспадарчымі таварыствамі, у адносінах да якіх дзяржава, валодаючы долямі (акцыямі) у іх статутных фондах, можа вызначаць рашэнні, якія прымаюцца гэтымі таварыствамі, даведзеных ім паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў;

7.1.3. забяспечваць прадстаўленне падначаленымі арганізацыямі (арганізацыямі, якія ўваходзяць у іх склад) Міністэрству статыстыкі і аналізу поўнай і аб'ектыўнай дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб выкарыстанні паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў;

7.2. Камітэту дзяржаўнага кантролю:

7.2.1. ажыццяўляць мэтавыя праверкі выканання дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі заканадаўства па рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў, прыцягваць да адказнасці службовых асобаў, вінаватых у нанясенні ўрону дзяржаве, безгаспадарчасці і марнатраўстве. Аб выніках інфармаваць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па выніках 2007 года;

7.2.2. сумесна з Пракуратурай, Міністэрствам унутраных спраў, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўным камітэтам па маёмасці, Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі:

узмацніць кантроль за захоўваннем дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі і іншымі работнікамі арганізацый рэжыму эканоміі і беражлівасці, рацыянальнага выкарыстання паліва, энергіі, сыравіны, матэрыялаў і абсталявання;

своечасова і рашуча спыняць факты безгаспадарчасці, парушэння дысцыпліны, незаконнага і неабгрунтаванага расходавання матэрыяльных і грашовых сродкаў.

8. Павысіць адказнасць кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, грамадзян за неэфектыўнае выкарыстанне паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, маёмасці, для чаго:

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2007 г.:

прадставіць Кіраўніку дзяржавы прапановы аб мерах адказнасці кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый за невыкананне ўстаноўленых паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў;

прадугледзець узмацненне адказнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі за нерацыянальнае выкарыстанне цяпла, электраэнергіі, прыроднага газу і вады, ва ўстаноўленым парадку ўнесці прапановы аб больш жорсткіх мерах адказнасці арганізацый і службовых асобаў за парушэнне заканадаўства па рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў;

прыняць меры па ўзмацненню адказнасці бацькоў за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне іх дзецьмі чужой, у тым ліку дзяржаўнай, маёмасці, а таксама па вяртанню прычыненага ўрону за кошт сродкаў такіх бацькоў.

Персанальную адказнасць за выкананне гэтай Дырэктывы ўскласці на Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый.

У сувязі з асаблівай важнасцю выканання жорсткага рэжыму эканоміі і беражлівасці для забеспячэння эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з а к л і к а ю:

дырэктарскі корпус, вучоных, канструктараў, праекціроўшчыкаў, тэхнолагаў і іншых спецыялістаў прыкласці максімум намаганняў да распрацоўкі і ўкаранення новай тэхнікі, высокаэканамічных малаадходных і безадходных тэхналагічных працэсаў, якія забяспечваюць эканомію паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў;

Саветы дэпутатаў усіх узроўняў, Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі нацэльваць калектывы работнікаў на ўзмацненне рэжыму эканоміі і мабілізацыю рэзерваў, якія маюцца;

грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў» забяспечваць развіццё масавай тэхнічнай творчасці грамадзян па ўдасканаленню тэхнікі і тэхналогій;

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, іншыя грамадскія аб'яднанні ўсямерна садзейнічаць рэалізацыі палажэнняў гэтай Дырэктывы.

Толькі сумеснымі намаганнямі, арганізаванасцю і дысцыплінай беларускі народ забяспечыць эканамічную бяспеку краіны, прагрэс і росквіт незалежнай Беларусі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

14 чэрвеня 2007 г. г. Мінск.