Закон Рэспублікі Беларусь

Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 мая 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 11 чэрвеня 2007 года

Гэты Закон устанаўлівае прававыя асновы дзяржаўнай палітыкі процідзеяння арганізаванай злачыннасці ў мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія прымяняюцца ў гэтым Законе

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

арганізаваная злачыннасць — грамадска небяспечная сацыяльная з'ява, якая выражаецца ў стварэнні арганізаваных груп, уключаючы банды, злачынных арганізацый, што ажыццяўляюць злачынную дзейнасць, якія характарызуюцца прыкметамі, вызначанымі Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь;

арганізацыя, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі, — арганізацыя, у адносінах да якой у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (далей — заканадаўства) атрыманы дакладныя звесткі аб яўным прадастаўленні дадзенай арганізацыяй разліковых рахункаў, вытворчых і іншых памяшканняў, транспартных і іншых тэхнічных сродкаў удзельніку (удзельнікам) арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі для падрыхтоўкі і (або) ажыццяўлення злачыннай дзейнасці, а роўна арганізацыя, якая садзейнічае скрыванню слядоў злачыннай дзейнасці арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі;

арганізацыя, створаная на сродкі арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі, — арганізацыя, у адносінах да якой у адпаведнасці з заканадаўствам атрыманы дакладныя звесткі аб тым, што яе статутны фонд заведама сфарміраваны (павялічаны) з прыцягненнем сродкаў, атрыманых у выніку злачыннай дзейнасці арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі.

Артыкул 2. Прававая аснова дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Прававую аснову дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, указы і дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Канвенцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці ад 15 лістапада 2000 года і пратаколы, якія яе дапаўняюць, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, іншыя міжнародныя дагаворы, што дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь (далей — міжнародныя дагаворы), і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Задачы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю

Задачамі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю з'яўляюцца:

абарона асобы, грамадства і дзяржавы ад арганізаванай злачыннасці;

папярэджанне, выяўленне і спыненне злачыннай дзейнасці арганізаваных груп і злачынных арганізацый (іх удзельнікаў);

выяўленне і ўстараненне прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўзнікненню і развіццю арганізаванай злачыннасці;

недапушчэнне пранікнення арганізаванай злачыннасці ў сістэму дзяржаўных органаў.

Артыкул 4. Прынцыпы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю

Барацьба з арганізаванай злачыннасцю асноўваецца на прынцыпах:

законнасці;

павагі і выканання правоў і свабод асобы;

сістэмнасці і паслядоўнасці;

непазбежнасці адказнасці;

спалучэння публічных і непублічных метадаў дзейнасці.

Артыкул 5. Асноўныя накірункі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю

Да асноўных накірункаў барацьбы з арганізаванай злачыннасцю адносяцца:

папярэджанне, выяўленне і спыненне злачыннай дзейнасці арганізаваных груп і злачынных арганізацый (іх удзельнікаў), якія займаюцца:

тэрарыстычнай дзейнасцю;

проціпраўнымі замахамі на жыццё і здароўе чалавека;

дзейнасцю, звязанай з гандлем людзьмі, у тым ліку сэксуальнай эксплуатацыяй або ўцягненнем у занятак прастытуцыяй;

незаконнай міграцыяй;

крадзяжом або незаконным абаротам ядзерных матэрыялаў і радыеактыўных рэчываў;

незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх пракурсораў, зброі і боепрыпасаў да яе, выбуховых устройстваў і выбуховых рэчываў;

легалізацыяй даходаў, атрыманых незаконным шляхам;

проціпраўнымі замахамі на транспартныя сродкі;

кантрабандай;

вырабам, захоўваннем або збытам падробленых грошай або падробленых каштоўных папер, вырабам або збытам падробленых іншых плацежных сродкаў, а таксама іншай злачыннай дзейнасцю;

развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванага на папярэджанне, выяўленне і спыненне злачынстваў, якія носяць транснацыянальны характар.

Артыкул 6. Сістэма мераў барацьбы з арганізаванай злачыннасцю

Барацьба з арганізаванай злачыннасцю ажыццяўляецца праз:

забеспячэнне належнага прававога рэгулявання дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю;

сістэмны аналіз працэсаў, якія адбываюцца ў крымінальным асяроддзі;

планіраванне, арганізацыю і каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю;

прадухіленне і спыненне фінансавання арганізаванай злачыннасці;

удасканаленне арганізацыі і тактыкі дзейнасці дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю;

удасканаленне сістэмы інфармацыйнага, фінансавага, матэрыяльна-тэхнічнага і іншага забеспячэння дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю;

забеспячэнне кантролю і нагляду за дзейнасцю па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

ГЛАВА 2

АРГАНIЗАЦЫЯ ДЗЕЙНАСЦI ПА БАРАЦЬБЕ З АРГАНIЗАВАНАЙ ЗЛАЧЫННАСЦЮ

Артыкул 7. Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў, дэлегаваных яму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю

Барацьбу з арганізаванай злачыннасцю ажыццяўляюць органы ўнутраных спраў, органы дзяржаўнай бяспекі і органы пракуратуры (далей — органы ўнутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і пракуратуры).

Дзяржаўным органам, адказным за арганізацыю барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

У мэтах забеспячэння арганізацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь:

акумулюе інфармацыю аб злачыннай дзейнасці арганізаваных груп і злачынных арганізацый, у тым ліку якая ажыццяўляецца за межамі Рэспублікі Беларусь;

аналізуе эфектыўнасць прымаемых мераў па процідзеянню арганізаванай злачыннасці і ўносіць ва ўстаноўленым парадку прапановы па іх удасканаленню;

ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

Артыкул 9. Спецыяльныя падраздзяленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Спецыяльныя падраздзяленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ствараюцца ў органах унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і пракуратуры ў парадку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Спецыяльным падраздзяленням па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю пры выкананні ўскладзеных на іх задач прадастаўляецца права:

прыцягваць для ўдзелу ў спецыяльных мерапрыемствах супрацоўнікаў праваахоўных, кантралюючых і іншых дзяржаўных органаў па ўзгадненню з кіраўнікамі адпаведных органаў;

прыпыняць з санкцыі пракурора або яго намесніка поўнасцю або часткова на тэрмін да дзесяці сутак фінансавыя аперацыі юрыдычных і фізічных асобаў, а таксама абмяжоўваць іх у праве распараджэння маёмасцю, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што грашовыя сродкі і (або) іншая маёмасць атрыманы імі ў выніку злачыннай дзейнасці арганізаваных груп, злачынных арганізацый;

пачынаць да ўзбуджэння крымінальнай справы з санкцыі пракурора або яго намесніка праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасці, маёмаснага становішча арганізацыі, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі або створанай на сродкі арганізаванай групы злачыннай арганізацыі, а таксама маёмаснага становішча фізічнай асобы, у адносінах да якой у парадку, устаноўленым заканадаўствам, атрымана дакладная інфармацыя аб яе прыналежнасці да арганізаванай злачыннасці;

бесперашкодна прыбываць у пункты пропуску праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь і ў месцы, дзе ажыццяўляецца пагранічны кантроль, па службовых пасведчаннях і пропусках, якія выдаюцца Дзяржаўным камітэтам пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь або камандзірамі злучэнняў і часцей пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь;

уносіць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, прапановы аб забароне ўезду ў Рэспубліку Беларусь фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да міжнароднай арганізаванай злачыннасці, а таксама аб арганізацыі кантролю за ўездам-выездам фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да арганізаванай злачыннасці;

прыцягваць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, экспертаў і спецыялістаў для правядзення экспертыз і даследаванняў;

атрымліваць бясплатна ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацый неабходныя звесткі і дакументы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

уносіць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, у дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, упаўнаважаныя ажыццяўляць ліцэнзаванне асобных відаў дзейнасці, прадстаўлення аб ануляванні спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне адпаведных відаў дзейнасці;

звяртацца да адпаведнага пракурора з прапановамі аб прад'яўленні іскаў аб прызнанні здзелак несапраўднымі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Iншыя правы, а таксама абавязкі спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю вызначаюцца гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго органы, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь і мытні Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камітэт пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь і пагранічныя войскі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і яго інспекцыі, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя органы, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і іншыя банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, а таксама іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў межах сваёй кампетэнцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 11. Каардынацыя дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Каардынацыя дзейнасці дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, ажыццяўляецца Міжведамаснай камісіяй па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй і наркаманіяй пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь, а таксама органамі пракуратуры ў рамках каардынацыйных нарад па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якія дзейнічаюць у парадку, што вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Садзейнічанне дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і іх службовыя асобы ў межах сваёй кампетэнцыі абавязаны аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, шляхам прадастаўлення неабходных ім звестак і дакументаў.

Службовыя асобы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый абавязаны неадкладна, а калі гэта немагчыма — на працягу трох рабочых дзён выканаць патрабаванні дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, аб прадастаўленні неабходных звестак і дакументаў.

Прадастаўленне звестак і дакументаў, якія ўтрымліваюць дзяржаўную, банкаўскую або іншую тайну, што ахоўваецца законам, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Фізічныя асобы маюць права на добраахвотных пачатках аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

Артыкул 13. Узаемадзеянне дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі

Парадак і ўмовы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі вызначаюцца імі сумесна.

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, абменьваюцца неабходнай інфармацыяй з органамі замежных дзяржаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, на падставе міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Iнфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

У мэтах збору, захоўвання, абагульнення і аналізу інфармацыі аб асобах, якія маюць дачыненне да арганізаванай злачыннасці, падзеях і фактах, што маюць адносіны да арганізаванай злачыннасці, дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, ствараюць і вядуць аператыўныя ўлікі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь вядуцца банкі даных аб стане барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, якія фарміруюцца на падставе інфармацыі, што прадастаўляецца дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю. Прадастаўленне інфармацыі з указаных банкаў даных ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь і Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 15. Адказнасць арганізацыі, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі або створанай на сродкі арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі.

Арганізацыя, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі або створаная на сродкі арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі, ліквідуецца на падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Заява аб ліквідацыі арганізацыі, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі або створанай на сродкі арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі, падаецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь або яго намеснікам.

У выпадку прыняцця Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь рашэння аб ліквідацыі арганізацыі, якая аказвае садзейнічанне арганізаванай групе, злачыннай арганізацыі або створанай на сродкі арганізаванай групы, злачыннай арганізацыі, маёмасць, якая належала ліквідаванай арганізацыі і засталася пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў (пры ўмове іх непрыналежнасці да арганізаванай злачыннасці), накіроўваецца ў даход дзяржавы.

Артыкул 16. Выкананне правоў і законных інтарэсаў арганізацый і фізічных асобаў

У выпадку парушэння дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, правоў і законных інтарэсаў арганізацый і фізічных асобаў гэтыя арганізацыі і фізічныя асобы маюць права абскардзіць дзеянні (бяздзеянне) указаных органаў і арганізацый у вышэйстаячыя органы (арганізацыі), пракуратуру або ў суд.

Iнфармацыя аб арганізацыях і фізічных асобах, не звязаная з іх злачыннай дзейнасцю, атрыманая дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, не падлягае выдаванню, а дакументы і матэрыялы, у якіх яна змяшчаецца, знішчаюцца не пазней чым праз тры месяцы з дня іх атрымання, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Шкода, прычыненая незаконнымі дзеяннямі (бяздзеяннем) дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (іх службовых асобаў), падлягае вяртанню ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

ГЛАВА 3

КАНТРОЛЬ I НАГЛЯД ЗА ДЗЕЙНАСЦЮ ПА БАРАЦЬБЕ З АРГАНIЗАВАНАЙ ЗЛАЧЫННАСЦЮ

Артыкул 17. Кантроль за дзейнасцю па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю

Кантроль за дзейнасцю органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і пракуратуры па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ажыццяўляюць адпаведна Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Нагляд за выкананнем заканадаўства ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю

Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры ў межах іх кампетэнцыі.

ГЛАВА 4

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 19. Прызнанне страціўшым сілу заканадаўчага акта

У сувязі з прыняццем гэтага Закона прызнаць страціўшым сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1997 года «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй» (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 24, ст. 460).

Артыкул 20. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 21. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 20, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

27 чэрвеня 2007 года, г. Мінск

№ 244-З