Закон Рэспублікі Беларусь

Аб вышэйшай адукацыі

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 14 чэрвеня 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 22 чэрвеня 2007 года

ГЛАВА I

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Вышэйшая адукацыя

Вышэйшая адукацыя — узровень асноўнай адукацыі, які дасягаецца на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, або сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў ходзе паслядоўнага і мэтанакіраванага працэсу навучання і выхавання, які забяспечвае падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў, развіццё здольнасцяў і інтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы, і які завяршаецца падагульняючай атэстацыяй, па выніках якой прысвойваюцца адпаведная кваліфікацыя, а таксама ступень магістра ў выпадках, прадугледжаных гэтым Законам.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб вышэйшай адукацыі

1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб вышэйшай адукацыі грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года «Аб адукацыі» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991 г., № 33, ст. 598; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 37, 2/844), гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Калі міжнародным дагаворам, які дзейнічае для Рэспублікі Беларусь, устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

3. Асаблівасці стварэння, функцыянавання навучальных устаноў, у тым ліку ваенных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (далей — вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы), органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, а таксама асаблівасці такой падрыхтоўкі вызначаюцца ў адпаведнасці з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

4. Грамадскія адносіны ў сферы паслявузаўскай адукацыі, а таксама грамадскія адносіны, звязаныя з праходжаннем выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў стажыроўкі, інтэрнатуры, іх навучаннем у клінічнай ардынатуры, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб вышэйшай адукацыі не рэгулююцца.

Артыкул 3. Дзяржаўная палітыка ў сферы вышэйшай адукацыі

1. Дзяржаўная палітыка ў сферы вышэйшай адукацыі грунтуецца на прынцыпах, вызначаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», і накіравана на забеспячэнне:

1.1. права грамадзян на атрыманне на конкурснай аснове вышэйшай адукацыі ў вышэйшых навучальных установах, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў дзяржаўных вышэйшых навучальных установах;

1.2. якасці вышэйшай адукацыі;

1.3. прадастаўлення першага працоўнага месца выпускнікам дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.4. развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі.

2. Дзяржава стварае ўмовы для развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі, у тым ліку праз:

2.1. садзейнічанне функцыянаванню і развіццю вышэйшых навучальных устаноў;

2.2. фінансаванне дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў.

3. Арганізацыйнай асновай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі з'яўляюцца дзяржаўныя праграмы развіцця вышэйшай адукацыі, якія зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 4. Права на атрыманне вышэйшай адукацыі

1. У Рэспубліцы Беларусь кожны мае права на атрыманне на конкурснай аснове вышэйшай адукацыі, а таксама на свабоду выбару вышэйшай навучальнай установы, спецыяльнасці (спецыялізацыі), формы атрымання вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дагаворамі, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь.

2. Права на атрыманне на конкурснай аснове вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў дзяржаўных вышэйшых навучальных установах маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, а таксама іншыя замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дагаворамі, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Сістэма вышэйшай адукацыі

Сістэма вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь уключае:

вышэйшыя навучальныя ўстановы і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць функцыянаванне і развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі;

рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, у межах іх паўнамоцтваў у сферы вышэйшай адукацыі;

удзельнікаў адукацыйнага працэсу;

адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі, распрацаваныя на іх аснове вучэбныя планы і вучэбныя праграмы.

Артыкул 6. Структура вышэйшай адукацыі. Тэрміны навучання ў вышэйшай навучальнай установе

1. Вышэйшая адукацыя падраздзяляецца на дзве ступені:

1.1. першая ступень вышэйшай адукацыі забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія валодаюць фундаментальнымі і спецыяльнымі ведамі і навыкамі, і завяршаецца прысваеннем кваліфікацыі і выдачай дыплома аб вышэйшай адукацыі, якія прадастаўляюць права на працаўладкаванне з улікам прысвоенай кваліфікацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і (або) на навучанне ў магістратуры. Тэрмін навучання на гэтай ступені складае чатыры—пяць гадоў і можа павялічвацца не больш чым на адзін год пры навучанні па найбольш складаных спецыяльнасцях, навучанні ў вячэрняй і завочнай формах атрымання вышэйшай адукацыі. Пералік найбольш складаных спецыяльнасцяў, тэрмін навучання па якіх можа павялічвацца не больш чым на адзін год, зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь. Тэрмін навучання асобаў, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, можа быць скарочаны вышэйшай навучальнай установай па ўзгадненню з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пры ўмове выканання патрабаванняў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі;

1.2. другая ступень вышэйшай адукацыі (магістратура) забяспечвае фарміраванне ведаў і навыкаў навукова-педагагічнай і навукова-даследчай работы і завяршаецца прысваеннем ступені «магістр» і выдачай дыплома магістра, якія прадастаўляюць права на навучанне ў аспірантуры (ад'юнктуры) і (або) на працаўладкаванне з улікам раней прысвоенай кваліфікацыі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і навучання ў магістратуры. Тэрмін навучання на гэтай ступені ад аднаго да двух гадоў.

2. Тэрмін навучання асобаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю і адначасова вучацца па дадатковай спецыяльнасці (спецыялізацыі), павялічваецца не менш чым на адзін год.

3. Тэрмін навучання асобаў, якія атрымліваюць другую і наступную вышэйшую адукацыю, складае не менш за тры гады, а па спецыяльнасцях ваеннага профілю, а таксама для органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях — не менш за два гады.

Артыкул 7. Адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі

1. Адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі ўтрымліваюць агульныя патрабаванні да ўзроўню вышэйшай адукацыі, тэрмінаў навучання, тыпаў вышэйшых навучальных устаноў, класіфікацыі спецыяльнасцяў і кваліфікацый, узроўню падрыхтоўкі выпускнікоў, дакументаў аб вышэйшай адукацыі, абавязковы мінімум зместу вышэйшай адукацыі, максімальны аб'ём вучэбнай нагрузкі навучэнцаў, крытэрыі ацэнкі якасці адукацыі і прызначаны для забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі.

2. Адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі распрацоўваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь з удзелам вучэбна-метадычных аб'яднанняў па замацаваных за імі профілях (накірунках адукацыі, спецыяльнасцях) падрыхтоўкі спецыялістаў, зацікаўленых дзяржаўных органаў (арганізацый), у падпарадкаванні якіх знаходзяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы і (або) для якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў, і зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Формы атрымання вышэйшай адукацыі

1. Вышэйшая адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь можа быць атрымана ў вочнай (дзённай, вячэрняй) або завочнай (у тым ліку дыстанцыйнай) формах.

2. Вочная (дзённая, вячэрняя) форма атрымання вышэйшай адукацыі прадугледжвае пастаянны асабісты ўдзел навучэнцаў у рэгулярных вучэбных і атэстацыйных мерапрыемствах вышэйшай навучальнай установы.

3. Завочная (у тым ліку дыстанцыйная) форма атрымання вышэйшай адукацыі прадугледжвае пераважна самастойную вучэбную работу навучэнцаў, якія асабіста ўдзельнічаюць толькі ў абмежаванай колькасці вучэбных мерапрыемстваў, а таксама ў атэстацыйных мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца вышэйшай навучальнай установай.

4. Для ўсіх формаў атрымання вышэйшай адукацыі:

4.1. дзейнічаюць адзіныя адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі;

4.2. дапускаецца навучанне па індывідуальных вучэбных планах у парадку і выпадках, якія вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

5. Пералік спецыяльнасцяў, па якіх не дапускаецца навучанне ў вячэрняй і завочнай формах атрымання вышэйшай адукацыі, зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2 ВЫШЭЙШЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ

Артыкул 9. Вышэйшая навучальная ўстанова

1. Вышэйшая навучальная ўстанова — установа, якая забяспечвае атрыманне вышэйшай адукацыі па адной або некалькіх спецыяльнасцях аднаго ці некалькіх профіляў.

2. Вышэйшая навучальная ўстанова можа быць дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці.

3. Вышэйшая навучальная ўстанова нароўні з падрыхтоўкай спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь мае права ажыццяўляць падрыхтоўку для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову (факультэты давузаўскай падрыхтоўкі, падрыхтоўчыя аддзяленні, падрыхтоўчыя курсы), падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па дадатковай спецыяльнасці (спецыялізацыі), падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па асобных спецыяльнасцях, прафесійную падрыхтоўку, падрыхтоўку па асобных сертыфікаваных курсах, навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

4. Вышэйшая навучальная ўстанова дзейнічае на аснове заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута, які зацвярджаецца заснавальнікам.

Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя вышэйшай навучальнай установы ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

5. Вышэйшая навучальная ўстанова мае права на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці з дня атрымання спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на адукацыйную дзейнасць і на працягу ўказанага ў ім тэрміну.

6. Палажэнне аб вышэйшай навучальнай установе зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Тыпы вышэйшых навучальных устаноў

1. У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца вышэйшыя навучальныя ўстановы наступных тыпаў: класічны ўніверсітэт, профільны ўніверсітэт (акадэмія, кансерваторыя), інстытут, вышэйшы каледж.

2. Класічны ўніверсітэт — вышэйшая навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па розных профілях і накірунках адукацыі на дзвюх ступенях вышэйшай адукацыі, падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па асобных спецыяльнасцях, праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні і выконвае функцыі навукова-метадычнага цэнтра па профілях (накірунках адукацыі) падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якая ажыццяўляецца.

3. Профільны ўніверсітэт (акадэмія, кансерваторыя) — вышэйшая навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў аднаго або некалькіх профіляў на дзвюх ступенях вышэйшай адукацыі, падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па асобных спецыяльнасцях, праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні і выконвае функцыі навукова-метадычнага цэнтра па адпаведнаму профілю (профілях) падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

4. Iнстытут — вышэйшая навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па адной або некалькіх блізкіх спецыяльнасцях аднаго профілю на дзвюх ступенях вышэйшай адукацыі і праводзіць фундаментальныя і (або) прыкладныя навуковыя даследаванні па адпаведнай спецыяльнасці (спецыяльнасцях).

5. Вышэйшы каледж — вышэйшая навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў на першай ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях, інтэграваных са спецыяльнасцямі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях, інтэграваных са спецыяльнасцямі вышэйшай адукацыі, а таксама ў адпаведнасці з асноўным профілем сваёй адукацыйнай дзейнасці перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю на першай ступені вышэйшай адукацыі, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

6. Тып вышэйшай навучальнай установы заяўляецца пры стварэнні гэтай установы і можа быць зменены па заяве вышэйшай навучальнай установы. Адпаведнасць заяўленаму тыпу вышэйшай навучальнай установы ўстанаўліваецца па выніках дзяржаўнай акрэдытацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Крытэрыі ацэнкі адпаведнасці вышэйшай навучальнай установы вызначанаму тыпу ўстанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Вядучыя вышэйшыя навучальныя ўстановы

1. Вышэйшай навучальнай установе ў мэтах удасканалення сістэмы вышэйшай адукацыі і ўзмацнення яе ролі ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных, навукова-тэхнічных і іншых задач развіцця Рэспублікі Беларусь, садзейнічання фарміраванню асноўных накірункаў навуковых даследаванняў вышэйшых навучальных устаноў, каардынацыі дзейнасці вучэбна-метадычных аб'яднанняў па профілях (накірунках адукацыі, спецыяльнасцях) падрыхтоўкі спецыялістаў, распрацоўкі сучасных адукацыйных тэхналогій і сродкаў навучання можа быць прадастаўлены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

Статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі прадастаўляецца Урадам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

2. Вышэйшай навучальнай установе ў мэтах удасканалення сістэмы вышэйшай адукацыі і ўзмацнення яе ролі ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных, навукова-тэхнічных і іншых задач развіцця Рэспублікі Беларусь, садзейнічання развіццю асноўных накірункаў навуковых даследаванняў у канкрэтнай галіне, каардынацыі дзейнасці вучэбна-метадычных аб'яднанняў па профілях (накірунках адукацыі, спецыяльнасцях) падрыхтоўкі спецыялістаў, распрацоўкі сучасных адукацыйных тэхналогій і сродкаў навучання можа быць прадастаўлены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў галіне.

Статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў галіне прадастаўляецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Рэспубліканскім саветам рэктараў вышэйшых навучальных устаноў на аснове прапановы дзяржаўнага органа (арганізацыі), у падпарадкаванні якога знаходзіцца вышэйшая навучальная ўстанова.

3. Палажэнне аб парадку прызнання вышэйшай навучальнай установы вядучай у нацыянальнай сістэме адукацыі, вядучай у галіне зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Структурныя падраздзяленні вышэйшай навучальнай установы

1. Асноўным структурным падраздзяленнем вышэйшай навучальнай установы, якое ажыццяўляе адукацыйную і навуковую дзейнасць, а таксама метадычную работу па адной або некалькіх роднасных спецыяльнасцях або вучэбных дысцыплінах, з'яўляецца кафедра.

2. Арганізацыйна-адміністрацыйным структурным падраздзяленнем вышэйшай навучальнай установы, якое забяспечвае адукацыйную і навуковую дзейнасць, а таксама метадычную работу ў рамках пэўнага профілю (накірунку адукацыі, спецыяльнасцяў) падрыхтоўкі спецыялістаў, з'яўляецца факультэт. У склад факультэта ўваходзяць кафедры.

3. Структурным падраздзяленнем вышэйшай навучальнай установы, якое ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і кіраванне ёю, з'яўляецца навукова-даследчая частка (сектар, аддзел).

4. У структуру вышэйшай навучальнай установы могуць уваходзіць іншыя структурныя падраздзяленні.

5. Парадак і ўмовы стварэння, структура і кампетэнцыя структурных падраздзяленняў вышэйшай навучальнай установы вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Філіялы і прадстаўніцтвы вышэйшай навучальнай установы

1. Вышэйшая навучальная ўстанова можа ствараць філіялы і прадстаўніцтвы. Філіялы, прадстаўніцтвы вышэйшай навучальнай установы павінны быць указаны ў статуце вышэйшай навучальнай установы.

2. Філіял — адасобленае падраздзяленне вышэйшай навучальнай установы, якое размешчана па-за месцам знаходжання гэтай вышэйшай навучальнай установы і ажыццяўляе ўсе яго функцыі або іх частку, у тым ліку функцыі прадстаўніцтва. Філіял можа быць створаны пры наяўнасці неабходнай вучэбна-матэрыяльнай базы і кадравага патэнцыялу ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Стварэнне і спыненне дзейнасці філіяла ажыццяўляюцца вышэйшай навучальнай установай па ўзгадненню з яго заснавальнікам. Стварэнне філіяла дзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы падлягае таксама ўзгадненню з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Філіял ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць на аснове спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на адукацыйную дзейнасць, выдадзенага вышэйшай навучальнай установе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. Прадстаўніцтва — адасобленае падраздзяленне вышэйшай навучальнай установы, якое размешчана па-за месцам знаходжання гэтай вышэйшай навучальнай установы і ажыццяўляе абарону і прадстаўніцтва яго інтарэсаў і якое здзяйсняе ад яго імя здзелкі і іншыя юрыдычныя дзеянні. Прадстаўніцтва не можа ажыццяўляць адукацыйную і (або) навуковую дзейнасць.

4. Філіял, прадстаўніцтва вышэйшай навучальнай установы дзейнічаюць на падставе палажэння аб філіяле, прадстаўніцтве, якое зацвярджаецца вышэйшай навучальнай установай, адасобленымі падраздзяленнямі якой яны з'яўляюцца.

Кіраўніцтва дзейнасцю філіяла, прадстаўніцтва вышэйшай навучальнай установы ажыццяўляе дырэктар, які назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады кіраўніком вышэйшай навучальнай установы.

Артыкул 14. Дзяржаўная акрэдытацыя вышэйшых навучальных устаноў

1. Дзяржаўная акрэдытацыя вышэйшай навучальнай установы праводзіцца:

1.1. па кожнай спецыяльнасці — у мэтах пацвярджэння адпаведнасці зместу і якасці адукацыйнай дзейнасці, якая праводзіцца вышэйшай навучальнай установай і яе філіяламі, а таксама ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў патрабаванням адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі і ўстанаўлення права вышэйшай навучальнай установы на выдачу выпускнікам дакументаў аб вышэйшай адукацыі па адпаведнай спецыяльнасці;

1.2. на адпаведнасць заяўленаму тыпу вышэйшай навучальнай установы — у мэтах пацвярджэння адпаведнасці вышэйшай навучальнай установы ўстаноўленым крытэрыям ацэнкі адпаведнасці вышэйшай навучальнай установы пэўнаму тыпу і ўстанаўлення права вышэйшай навучальнай установы на выдачу выпускнікам дакументаў аб вышэйшай адукацыі.

2. Дзяржаўная акрэдытацыя па спецыяльнасці праводзіцца праз два гады пасля пачатку навучання студэнтаў (курсантаў, слухачоў).

3. Дзяржаўная акрэдытацыя на адпаведнасць заяўленаму тыпу вышэйшай навучальнай установы праводзіцца адначасова з першай дзяржаўнай акрэдытацыяй па спецыяльнасці, а таксама пры змяненні тыпу вышэйшай навучальнай установы.

4. Рашэнне аб пацвярджэнні (пазбаўленні) дзяржаўнай акрэдытацыі вышэйшай навучальнай установы прымаецца па выніках яе атэстацыі, якая праводзіцца не радзей за адзін раз у пяць гадоў.

5. Пацвярджэннем дзяржаўнай акрэдытацыі вышэйшай навучальнай установы з'яўляецца сертыфікат аб дзяржаўнай акрэдытацыі.

6. Дзяржаўная акрэдытацыя вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3 КIРАВАННЕ Ў СФЕРЫ ВЫШЭЙШАЙ АДУКАЦЫI

Артыкул 15. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы вышэйшай адукацыі

1. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы вышэйшай адукацыі ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Урад Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў.

2. Кантроль у сферы вышэйшай адукацыі, каардынацыю дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы вышэйшай адукацыі ажыццяўляе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Кіраванне вышэйшай навучальнай установай

1. Кіраванне вышэйшай навучальнай установай ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы і будуецца на спалучэнні прынцыпаў адзінаначалля і самакіравання.

2. Кіраўніцтва дзейнасцю дзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы ажыццяўляе яе кіраўнік (рэктар, начальнік), які назначаецца на пасаду і вызваляецца з пасады ў парадку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Кіраванне дзейнасцю прыватнай вышэйшай навучальнай установы ажыццяўляе яе кіраўнік, які назначаецца на пасаду і вызваляецца з пасады Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню заснавальніка ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік вышэйшай навучальнай установы дзейнічае ад імя вышэйшай навучальнай установы і нясе персанальную адказнасць за яе дзейнасць.

3. Вышэйшая навучальная ўстанова валодае правам самастойна фарміраваць органы самакіравання, праводзіць падбор, прыём, звальненне кадраў, ажыццяўляць адукацыйную, навуковую, фінансава-гаспадарчую і іншую дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы.

Штат дзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы, які ўтрымліваецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, устанаўліваецца ў межах штатнай колькасці работнікаў і фонду заработнай платы, зацверджаных дзяржаўным органам (арганізацыяй), у падпарадкаванні якога знаходзіцца вышэйшая навучальная ўстанова. Штат прыватнай вышэйшай навучальнай установы вызначаецца яе заснавальнікам.

4. Вышэйшым калегіяльным органам самакіравання вышэйшай навучальнай установы з'яўляецца савет вышэйшай навучальнай установы, які ўзначальвае кіраўнік вышэйшай навучальнай установы. Парадак фарміравання, кампетэнцыя і арганізацыя дзейнасці савета вышэйшай навучальнай установы вызначаюцца Палажэннем аб савеце вышэйшай навучальнай установы, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, і статутам вышэйшай навучальнай установы.

Рашэнні савета вышэйшай навучальнай установы, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і зацверджаны кіраўніком вышэйшай навучальнай установы, з'яўляюцца абавязковымі для работнікаў вышэйшай навучальнай установы і асобаў, якія ў ёй вучацца.

Савет вышэйшай навучальнай установы мае права ствараць іншыя органы самакіравання вышэйшай навучальнай установы і перадаваць ім частку сваіх паўнамоцтваў.

5. Кіраўніцтва дзейнасцю кафедры ажыццяўляе загадчык кафедры, які назначаецца на пасаду і вызваляецца з пасады кіраўніком вышэйшай навучальнай установы. Загадчык кафедры назначаецца на пасаду пасля яго выбрання саветам вышэйшай навучальнай установы.

6. Кіраўніцтва дзейнасцю факультэта ажыццяўляе дэкан факультэта, які назначаецца на пасаду і вызваляецца з пасады кіраўніком вышэйшай навучальнай установы. Дэкан факультэта назначаецца на пасаду па прадстаўленню савета вышэйшай навучальнай установы.

7. Калегіяльным органам самакіравання факультэта з'яўляецца савет факультэта. Парадак фарміравання, кампетэнцыя і састаў савета факультэта вызначаюцца Палажэннем аб савеце факультэта вышэйшай навучальнай установы, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, і статутам вышэйшай навучальнай установы.

Артыкул 17. Рэспубліканскі савет рэктараў вышэйшых навучальных устаноў

1. Для выпрацоўкі рэкамендацый па пытаннях вышэйшай адукацыі, удасканалення працэсу навучання і выхавання, развіцця навукі і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы вышэйшых навучальных устаноў ствараецца Рэспубліканскі савет рэктараў вышэйшых навучальных устаноў.

2. Кампетэнцыя, састаў і парадак арганізацыі дзейнасці Рэспубліканскага савета рэктараў вышэйшых навучальных устаноў вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Вучэбна-метадычныя аб'яднанні

1. Для павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца на базе вядучых вышэйшых навучальных устаноў вучэбна-метадычныя аб'яднанні па профілях (накірунках адукацыі, спецыяльнасцях) падрыхтоўкі спецыялістаў.

2. У састаў вучэбна-метадычных аб'яднанняў уваходзяць вядучыя выкладчыкі, навуковыя работнікі дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, акрэдытаваных прыватных вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, зацікаўленых у падрыхтоўцы спецыялістаў пэўных профіляў (накірункаў адукацыі, спецыяльнасцяў).

3. Асноўнымі функцыямі вучэбна-метадычных аб'яднанняў з'яўляюцца:

3.1. удзел у распрацоўцы і ўдасканаленне адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі;

3.2. удзел у распрацоўцы і ўдасканаленні тыповых вучэбных планаў і тыповых вучэбных праграм;

3.3. экспертыза вучэбных планаў па спецыяльнасцях і вучэбных праграм па вывучаемых вучэбных дысцыплінах, правядзенне кансультацый для зацікаўленых арганізацый па пытаннях павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў;

3.4. узгадненне рукапісаў падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

4. Рашэнні вучэбна-метадычных аб'яднанняў носяць рэкамендацыйны характар.

5. Дзейнасць вучэбна-метадычных аб'яднанняў па профілях (накірунках адукацыі, спецыяльнасцях) падрыхтоўкі спецыялістаў каардынуюць вядучая вышэйшая навучальная ўстанова ў нацыянальнай сістэме адукацыі і (або) вядучая вышэйшая навучальная ўстанова ў галіне.

6. Палажэнне аб вучэбна-метадычным аб'яднанні зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4

ПРЫЁМ У ВЫШЭЙШЫЯ НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ

Артыкул 19. Арганізацыя прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы для атрымання вышэйшай адукацыі

1. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца роўны доступ да вышэйшай адукацыі для асобаў, якія атрымалі агульную сярэднюю адукацыю, або прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй, або сярэднюю спецыяльную адукацыю, а ў мэтах прадаўжэння адукацыі на другой ступені вышэйшай адукацыі — для асобаў, якія атрымалі адукацыю першай ступені вышэйшай адукацыі. Указаныя асобы маюць права звяртацца для атрымання вышэйшай адукацыі ў любую вышэйшую навучальную ўстанову. Вышэйшая навучальная ўстанова абавязана разгледзець усе кандыдатуры ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай прыёму.

2. Прыём у вышэйшыя навучальныя ўстановы для атрымання вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

3. Вышэйшыя навучальныя ўстановы па ўзгадненню з іх заснавальнікамі штогод да 1 кастрычніка зацвярджаюць парадак прыёму ў гэтыя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў адпаведнасці з Правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і ў двухтыднёвы тэрмін даводзяць яго да ведама зацікаўленых.

4. Правілы прыёму ў магістратуру вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь для прадаўжэння адукацыі на другой ступені вышэйшай адукацыі вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты, мэтавай падрыхтоўкі ажыццяўляецца на падставе дагавораў.

Прыкладныя формы дагавораў зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

6. Па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь могуць стварацца дзяржаўныя камісіі для кантролю за ходам правядзення ўступных іспытаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Артыкул 20. Прыёмная камісія

1. Прыём у вышэйшую навучальную ўстанову арганізуецца прыёмнай камісіяй, якую ўзначальвае кіраўнік вышэйшай навучальнай установы.

2. У кампетэнцыю прыёмнай камісіі ўваходзяць:

2.1. арганізацыя работы па прафесійнай арыентацыі моладзі, інфармаванню аб спецыяльнасцях (спецыялізацыях), па якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у вышэйшай навучальнай установе, правядзенне перадэкзаменацыйных кансультацый;

2.2. арганізацыя прыёму дакументаў;

2.3. прыняцце рашэнняў аб допуску да ўступных іспытаў, аб правядзенні ўступных іспытаў і (або) конкурснага адбору, аб залічэнні ў вышэйшую навучальную ўстанову;

2.4. іншыя функцыі, прадугледжаныя Палажэннем аб прыёмнай камісіі вышэйшай навучальнай установы, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5

АДУКАЦЫЙНЫ ПРАЦЭС I НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ У ВЫШЭЙШАЙ НАВУЧАЛЬНАЙ УСТАНОВЕ

Артыкул 21. Арганізацыя адукацыйнага працэсу

1. Адукацыйны працэс у вышэйшай навучальнай установе будуецца на аснове прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі і закліканы забяспечыць патрэбнасць грамадства і дзяржавы ў кваліфікаваных спецыялістах, развіццё здольнасцяў і інтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы.

2. Вышэйшыя навучальныя ўстановы арганізуюць адукацыйны працэс на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, а таксама могуць арганізоўваць яго на іншых мовах пры навучанні іншаземных грамадзян.

Рэалізацыя права грамадзян на выбар дзяржаўнай мовы, якая выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, забяспечваецца шляхам стварэння ў вышэйшых навучальных установах беларускамоўных і рускамоўных груп (патокаў) у парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

3. Працэс выхавання студэнтаў (курсантаў, слухачоў) у вышэйшай навучальнай установе накіраваны на фарміраванне маральнай, сацыяльна актыўнай і творчай асобы, выхаванне патрыятызму, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Змест выхаваўчай работы вызначаецца гуманістычнымі і культурнымі каштоўнасцямі грамадства, патрэбнасцямі дзяржавы і студэнтаў, спецыфікай спецыяльнасці (спецыялізацыі), якая набываецца.

Артыкул 22. Змест вышэйшай адукацыі

1. Падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у вышэйшых навучальных установах праводзіцца па спецыяльнасцях Агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», які зацвярджаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Змест вышэйшай адукацыі вызначаецца тыпавымі навучальнымі планамі і тыпавымі навучальнымі праграмамі, а таксама навучальнымі планамі па спецыяльнасцях і навучальнымі праграмамі па вывучаемых навучальных дысцыплінах, якія распрацоўваюцца на аснове патрабаванняў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі.

3. Аб'ём і змест навучання асобаў, якія атрымліваюць другую і наступныя вышэйшую адукацыю, вызначаюцца вышэйшай навучальнай установай з улікам пройдзеных раней перыядаў і курсаў вышэйшай адукацыі і павінны адпавядаць адукацыйным стандартам вышэйшай адукацыі.

Артыкул 23. Парадак распрацоўкі і зацвярджэння навучальных планаў і навучальных праграм

1. У тыпавых навучальных планах вызначаюцца структура і змест падрыхтоўкі спецыялістаў, паслядоўнасць і тэрміны вывучэння навучальных дысцыплін, колькасць навучальных гадзін на тыдзень, віды навучальных заняткаў, формы бягучай і падагульняючай атэстацыі і іншыя патрабаванні ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі вышэйшай адукацыі.

Тыпавыя навучальныя планы распрацоўваюцца і зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і (або) арганізацыямі.

2. Вышэйшымі навучальнымі ўстановамі на падставе тыпавых навучальных планаў распрацоўваюцца навучальныя планы па спецыяльнасцях, якія зацвярджаюцца кіраўнікамі дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў па ўзгадненню з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), у падпарадкаванні якіх яны знаходзяцца, кіраўнікамі прыватных вышэйшых навучальных устаноў па ўзгадненню з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

3. У тыпавых навучальных праграмах вызначаюцца структура і змест падрыхтоўкі спецыялістаў па навучальнай дысцыпліне, якая ўваходзіць у тыпавы навучальны план.

Тыпавая навучальная праграма з'яўляецца адзінай для ўсіх формаў атрымання вышэйшай адукацыі.

Тыпавыя навучальныя праграмы распрацоўваюцца і зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і (або) арганізацыямі.

4. Вышэйшымі навучальнымі ўстановамі на падставе тыпавых навучальных праграм распрацоўваюцца навучальныя праграмы па вывучаемых навучальных дысцыплінах, якія зацвярджаюцца кіраўнікамі вышэйшых навучальных устаноў.

Артыкул 24. Бягучая і падагульняючая атэстацыя асобаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю

1. Бягучая атэстацыя ў форме экзамену, заліку, іншых формах кантролю ажыццяўляецца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў мэтах перыядычнай праверкі ступені асваення асобамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, якія прадугледжаны навучальнымі планамі і навучальнымі праграмамі.

2. Экзамен прадугледжвае комплексную праверку ступені асваення асобамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, групы навучальных дысцыплін або навучальнай дысцыпліны, якая праводзіцца пасля завяршэння іх вывучэння з выстаўленнем адзнакі ў балах па дзесяцібальнай шкале.

3. Залік прадугледжвае праверку дастатковасці асваення асобамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, навучальнай дысцыпліны або часткі навучальнай дысцыпліны, для якой прадугледжаны экзамен, выканання лабараторных работ, асваення практычных або дадатковых курсаў, якая праводзіцца з выстаўленнем адзнакі «залічана» або «не залічана». Пры правядзенні дыферэнцыяванага заліку выстаўляецца адзнака ў балах па дзесяцібальнай шкале.

4. Бягучая атэстацыя можа ажыццяўляцца ў парадку экстэрнату. Палажэнне аб экстэрнаце ў вышэйшай навучальнай установе зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пералік спецыяльнасцяў, па якіх не дапускаецца атэстацыя ў парадку экстэрнату ў вышэйшай навучальнай установе, зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Падагульняючая атэстацыя праводзіцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў мэтах завяршальнай праверкі ступені асваення выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў навучальных планаў па спецыяльнасцях і навучальных праграм па вывучаемых навучальных дысцыплінах і вызначэння магчымасці выдачы дакументаў аб вышэйшай адукацыі.

6. Падагульняючая атэстацыя на першай ступені вышэйшай адукацыі праводзіцца ў формах дзяржаўнага экзамену або дзяржаўнага экзамену і абароны дыпломнай работы (праекта).

7. Падагульняючая атэстацыя на другой ступені вышэйшай адукацыі праводзіцца ў форме абароны магістэрскай дысертацыі.

8. Правілы правядзення бягучай і падагульняючай атэстацыі вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Практыка

1. Практыка — абавязковы кампанент вышэйшай адукацыі, мэтамі якога з'яўляюцца авалоданне асобамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, практычнымі навыкамі і ўменнем і іх падрыхтоўка да самастойнай прафесійнай дзейнасці па спецыяльнасці, якая набываецца. Практыка падраздзяляецца на навучальную і вытворчую (па профілю спецыяльнасці і пераддыпломную) і можа праводзіцца ў арганізацыях усіх формаў уласнасці ў адпаведнасці з дагаворамі, якія заключаюцца паміж арганізацыямі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

2. Тэрміны і змест практыкі вызначаюцца вышэйшай навучальнай установай з улікам патрабаванняў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі, тыпавых навучальных планаў і навучальных планаў па спецыяльнасцях, а таксама заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

3. Парадак арганізацыі, правядзення, падвядзення вынікаў і матэрыяльнага забеспячэння практыкі вызначаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 26. Дакументы аб вышэйшай адукацыі

1. Дакументамі аб вышэйшай адукацыі з'яўляюцца дыплом аб вышэйшай адукацыі, дыплом магістра.

2. Дыплом аб вышэйшай адукацыі, які выдаецца вышэйшай навучальнай установай асобе, якая закончыла навучанне на першай ступені вышэйшай адукацыі і паспяхова прайшла падагульняючую атэстацыю, пацвярджае права на працаўладкаванне з улікам прысвоенай кваліфікацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і (або) на навучанне ў магістратуры.

Дыплом магістра, які выдаецца вышэйшай навучальнай установай асобе, якая закончыла навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі і паспяхова прайшла падагульняючую атэстацыю, пацвярджае права на навучанне ў аспірантуры (ад'юнктуры) і (або) на працаўладкаванне з улікам раней прысвоенай кваліфікацыі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і навучання ў магістратуры.

Асобам, якія маюць па выніках навучання ў вышэйшых навучальных установах, уключаючы падагульняючую атэстацыю, не менш як 75 працэнтаў адзнак 10 і 9 балаў, а астатнія адзнакі не ніжэй 7 балаў, выдаюцца дакументы аб вышэйшай адукацыі з адзнакай.

Асобам, якія маюць па выніках навучання ў вышэйшых ваенных навучальных установах, уключаючы падагульняючую атэстацыю, адзнакі 10 і 9 балаў, а таксама якія маюць прыкладную воінскую дысцыпліну і ўдзельнічаюць у навуковай рабоце, выдаюцца дакументы аб вышэйшай адукацыі з адзнакай і залаты медаль.

3. З дакументам аб вышэйшай адукацыі выдаецца дадатак да яго, які ўяўляе сабой выпіску з залікова-экзаменацыйнай ведамасці.

4. Асобам, якія адлічаны з вышэйшай навучальнай установы, а таксама асобам, якія прайшлі поўны курс навучання, але не прайшлі падагульняючую атэстацыю, выдаецца даведка ўстаноўленага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь узору аб выніках праходжання бягучай атэстацыі па навучальных дысцыплінах, вывучаных у рамках навучання па спецыяльнасці, што не з'яўляецца пацвярджэннем атрымання вышэйшай адукацыі.

5. Асобы, якія не прайшлі падагульняючую атэстацыю, маюць права на праходжанне паўторнай падагульняючай атэстацыі ў парадку і на ўмовах, якія вызначаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

6. Узоры дакументаў аб вышэйшай адукацыі, дадаткаў да іх, іх апісанне і парадак выдачы зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Навуковая, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць вышэйшых навучальных устаноў

1. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ажыццяўляюць навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць у адпаведнасці з профілем падрыхтоўкі спецыялістаў і прыярытэтнымі накірункамі дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі.

2. Навуковая, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца кафедрамі, навукова-даследчымі і навукова-метадычнымі лабараторыямі, цэнтрамі і навукова-даследчымі інстытутамі.

3. Парадак ажыццяўлення навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў устанаўліваецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

Артыкул 28. Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў вышэйшых навучальных установах

Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў вышэйшых навучальных установах ажыццяўляецца ў аспірантуры (ад'юнктуры) і дактарантуры ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 6

УДЗЕЛЬНIКI АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

Артыкул 29. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў

1. Студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў з'яўляюцца асобы, якія залічаны ва ўстаноўленым парадку ў вышэйшую навучальную ўстанову для атрымання адукацыі першай, другой ступені вышэйшай адукацыі.

2. Студэнтам вышэйшых навучальных устаноў выдаюцца студэнцкі білет і заліковая кніжка ўстаноўленага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь узору.

Артыкул 30. Правы, абавязкі і адказнасць студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

1. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў маюць права на:

1.1. атрыманне вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі вышэйшай адукацыі;

1.2. перавод у іншую вышэйшую навучальную ўстанову, перавод на навучанне па іншай спецыяльнасці, на іншую форму атрымання вышэйшай адукацыі ў парадку, які ўстаноўлены Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь;

1.3. аднаўленне ў вышэйшай навучальнай установе для прадаўжэння навучання. Парадак і ўмовы аднаўлення студэнтаў, адлічаных з вышэйшых навучальных устаноў, вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь;

1.4. навучанне па індывідуальных навучальных планах у парадку і выпадках, якія вызначаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь;

1.5. атрыманне дадатковых адукацыйных паслуг у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы;

1.6. удзел у навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці вышэйшай навучальнай установы;

1.7. удзел у кіраванні вышэйшай навучальнай установай у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы;

1.8. стварэнне і выбранне органаў студэнцкага самакіравання, аб'яднанне ў прафесійныя саюзы, маладзёжныя і іншыя грамадскія аб'яднанні, дзейнасць якіх не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь;

1.9. абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў;

1.10. абскарджанне рашэнняў адміністрацыі і службовых асобаў вышэйшай навучальнай установы ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы;

1.11. забеспячэнне стыпендыяй у парадку і на ўмовах, якія вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.12. медыцынскае абслугоўванне і аздараўленне ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.13. забеспячэнне месцамі ў інтэрнатах і часовай прапіскай у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.14. пакрыццё расходаў па найму жылля ў выпадку незабеспячэння месцамі ў інтэрнатах (студэнты, якія навучаюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту) у памеры і парадку, якія вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.15. матэрыяльнае і маральнае стымуляванне поспехаў у навучальнай, грамадскай і навукова-даследчай дзейнасці;

1.16. ільготны крэдыт для аплаты першай вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.17. акадэмічныя водпускі — па медыцынскіх паказаннях, фінансавых і іншых прычынах. Парадак і ўмовы прадастаўлення акадэмічных водпускаў студэнтам вышэйшых навучальных устаноў вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь;

1.18. канікулы — планавыя перапынкі ў атрыманні адукацыі для адпачынку і іншых сацыяльных мэтаў пры вочнай форме атрымання вышэйшай адукацыі. Канікулы прадастаўляюцца не менш як два разы ў навучальным годзе агульнай працягласцю ад шасці да дзесяці тыдняў;

1.19. адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве на час навучання, вызваленне ад праходжання ваенных і спецыяльных збораў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў абавязаны:

2.1. выконваць ва ўстаноўленыя тэрміны патрабаванні навучальных планаў і навучальных праграм;

2.2. захоўваць статут, правілы ўнутранага распарадку і правілы пражывання ў інтэрнаце вышэйшай навучальнай установы;

2.3. захоўваць падчас праходжання практыкі патрабаванні, якія ўстаноўлены для работнікаў адпаведных арганізацый, у тым ліку па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

3. Студэнты вышэйшых навучальных устаноў могуць мець іншыя правы і несці іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы.

4. У выпадку невыканання абавязкаў, якія прадугледжаны гэтым Законам, да студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў могуць быць прыменены наступныя меры дысцыплінарнага ўздзеяння:

заўвага;

вымова;

адлічэнне з вышэйшай навучальнай установы.

Меры дысцыплінарнага ўздзеяння прымяняюцца ў парадку, які ўстаноўлены Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, статутам і правіламі ўнутранага распарадку вышэйшай навучальнай установы. Прымяненне мераў дысцыплінарнага ўздзеяння да студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў не дапускаецца ў перыяд іх канікулаў, акадэмічнага водпуску, вызвалення ад заняткаў па ўважлівай прычыне.

5. Асобы, якія навучаюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на першай або другой ступені вышэйшай адукацыі ў дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі, у тым ліку па дагавору аб мэтавай падрыхтоўцы, падлягаюць размеркаванню ў парадку, які ўстаноўлены Урадам Рэспублікі Беларусь.

Выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, якія атрымалі адукацыю першай або другой ступені вышэйшай адукацыі ў дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і накіраваны на работу па размеркаванню, лічацца маладымі спецыялістамі і абавязаны адпрацаваць па размеркаванню два гады. Указаны тэрмін работы па размеркаванню вылічваецца з дня заключэння працоўнага дагавора паміж маладым спецыялістам і наймальнікам.

Малады спецыяліст, які не адпрацаваў тэрмін работы па размеркаванню, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі бюджэт сродкі, якія затрачаны на яго падрыхтоўку.

Асобы, якія не адпрацавалі тэрмін работы па размеркаванню ў сувязі з паступленнем у год атрымання дакумента аб вышэйшай адукацыі ў магістратуру, аспірантуру (ад'юнктуру) на дзённую форму атрымання адукацыі і закончылі навучанне ва ўстаноўленым парадку, вызваляюцца ад кампенсавання ўказаных сродкаў.

Парадак і ўмовы кампенсавання ў рэспубліканскі бюджэт сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, падставы для вызвалення ад кампенсавання ўказаных сродкаў, акрамя выкладзеных у частцы чацвёртай гэтага пункта, устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

6. Асобы, якія залічаны ва ўстаноўленым парадку ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, вышэйшыя навучальныя ўстановы органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях (курсанты, слухачы), валодаюць сукупнасцю правоў і абавязкаў, якія прадугледжаны гэтым Законам для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 31. Педагагічныя і навуковыя работнікі вышэйшых навучальных устаноў

1. Да педагагічных работнікаў вышэйшых навучальных устаноў адносяцца кіраўнікі, прафесарска-выкладчыцкі састаў і іншыя работнікі, якія ажыццяўляюць навучальна-выхаваўчы працэс, яго метадычнае забеспячэнне.

Да навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў адносяцца работнікі вышэйшых навучальных устаноў, якія адпавядаюць патрабаванням, выкладзеным у частках першай і другой артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1996 года «Аб навуковай дзейнасці» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 34, старт. 608; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 171, 2/1143).

2. Пасады прафесарска-выкладчыцкага саставу і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў замяшчаюцца па конкурсу, пасля праходжання якога заключаецца працоўны дагавор у адпаведнасці з працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Парадак замяшчэння пасад прафесарска-выкладчыцкага саставу і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў устанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам.

3. Кваліфікацыйныя патрабаванні да педагагічных і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў вызначаюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, зацверджанымі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 32. Правы, абавязкі і адказнасць педагагічных і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў

1. Педагагічныя і навуковыя работнікі вышэйшых навучальных устаноў маюць права на:

1.1. забеспячэнне ўмоў для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці;

1.2. удзел у кіраванні вышэйшай навучальнай установай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы;

1.3. аб'яднанне ў прафесійныя саюзы, іншыя грамадскія аб'яднанні, дзейнасць якіх не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь;

1.4. абскарджанне рашэнняў адміністрацыі і службовых асобаў вышэйшай навучальнай установы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы;

1.5. павышэнне кваліфікацыі.

2. Педагагічныя і навуковыя работнікі вышэйшых навучальных устаноў могуць мець іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. Абавязкі педагагічных і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутам вышэйшай навучальнай установы і службовымі інструкцыямі.

4. Адказнасць педагагічных і навуковых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў за арганізацыю і ажыццяўленне адукацыйнага працэсу ў вышэйшых навучальных установах вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і статутам вышэйшай навучальнай установы.

Артыкул 33. Вучэбна-выхаваўчая, навуковая і метадычная дзейнасць прафесарска- выкладчыцкага саставу вышэйшай навучальнай установы

1. Аб'ём вучэбна-выхаваўчай, навуковай і метадычнай дзейнасці для работнікаў, якія займаюць пасады прафесарска-выкладчыцкага саставу, устанаўліваецца штогод вышэйшай навучальнай установай.

2. Віды вучэбна-выхаваўчай, навуковай і метадычнай дзейнасці, суадносіны колькасці студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага саставу вышэйшай навучальнай установы (якія не перавышаюць 10:1 для дзённай формы атрымання вышэйшай адукацыі) устанаўлівае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Суадносіны колькасці курсантаў (слухачоў) і прафесарска-выкладчыцкага саставу вышэйшых ваенных навучальных устаноў, вышэйшых навучальных устаноў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях вызначаецца заказам на падрыхтоўку спецыялістаў і аб'ёмам вучэбнай работы, які разлічваецца ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі адпаведных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Артыкул 34. Iншыя работнікі вышэйшых навучальных устаноў

1. Да іншых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў адносяцца асобы, якія забяспечваюць функцыянаванне вышэйшай навучальнай установы, акрамя педагагічных і навуковых работнікаў, указаных у пункце 1 артыкула 31 гэтага Закона.

2. Правы і абавязкі іншых работнікаў вышэйшых навучальных устаноў вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутам вышэйшай навучальнай установы, правіламі ўнутранага распарадку вышэйшай навучальнай установы і службовымі інструкцыямі.

ГЛАВА 7

ФIНАНСАВАННЕ I МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНIЧНАЯ БАЗА ВЫШЭЙШЫХ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОЎ

Артыкул 35. Фінансаванне вышэйшых навучальных устаноў

1. Фінансаванне вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўляецца:

дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;

прыватных вышэйшых навучальных устаноў — за кошт сродкаў заснавальніка.

Фінансаванне вышэйшых навучальных устаноў можа ажыццяўляцца таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць аказваць платныя адукацыйныя паслугі, якія не фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, згодна з пералікам, які зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь. Платныя адукацыйныя паслугі не могуць быць аказаны ўзамен або ў рамках адукацыйнай дзейнасці, што фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

3. Кошт платнага навучання ў вышэйшых навучальных установах вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

4. Кіраўнікі дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў маюць права:

4.1. прадастаўляць скідкі са сфарміраванага кошту навучання ва ўмовах, прадугледжаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у парадку і памерах, вызначаных Урадам Рэспублікі Беларусь;

4.2. ажыццяўляць перавод з платнага навучання на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на ўмовах, прадугледжаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Кіраўнікі прыватных вышэйшых навучальных устаноў маюць права прадастаўляць студэнтам і навучэнцам скідкі са сфарміраванага кошту навучання.

6. Вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, якая неабходна для рэалізацыі іх статутных мэтаў і адпавядае прадмету іх дзейнасці.

7. Дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы выкарыстоўваюць сродкі, атрыманыя з дадатковых крыніц фінансавання, строга па мэтаваму прызначэнню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 36. Матэрыяльна-тэхнічная база вышэйшых устаноў

1. За вышэйшай навучальнай установай у мэтах забеспячэння дзейнасці, прадугледжанай яе статутам, заснавальнік замацоўвае на праве аператыўнага кіравання будынкі, збудаванні, маёмасныя комплексы, абсталяванне, а таксама неабходную маёмасць спажывецкага, сацыяльнага, культурнага і іншага назначэння, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Вышэйшая навучальная ўстанова нясе перад заснавальнікам адказнасць за захаванасць і эфектыўнае выкарыстанне замацаванай за ім маёмасці.

ГЛАВА 8

МIЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНIЦТВА

Артыкул 37. Міжнароднае супрацоўніцтва і знешнегандлёвая дзейнасць вышэйшых навучальных устаноў

1. Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца на прынцыпах незалежнасці, роўнасці, узаемнай выгады, узаемнай павагі і не павінна наносіць урон нацыянальнаму суверэнітэту, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і інтарэсам грамадства і дзяржавы.

2. Міжнароднае супрацоўніцтва вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўляецца ў рамках міжнародных дагавораў, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь, дагавораў, што заключаюцца вышэйшай навучальнай установай з міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, міжнародных і нацыянальных праектаў і праграм у галіне вышэйшай адукацыі.

3. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва шляхам:

3.1. удзелу ў праграмах двухбаковага і шматбаковага абмену студэнтамі, іншымі асобамі, якія навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах і не атрымліваюць вышэйшай адукацыі, педагагічнымі і навуковымі работнікамі;

3.2. запрашэння педагагічных і навуковых работнікаў і спецыялістаў замежных дзяржаў для ўдзелу ў педагагічнай і навуковай рабоце;

3.3. накіравання педагагічных і навуковых работнікаў у замежныя ўстановы адукацыі і навуковыя арганізацыі для выканання педагагічнай і навуковай работы;

3.4. правядзення сумесна з міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі або па іх заказу навуковых даследаванняў і распрацовак, рэалізацыі культурных, сацыяльна арыентаваных, адукацыйных праектаў, у тым ліку ў сферы павышэння кваліфікацыі;

3.5. удзелу ў міжнародных кангрэсах, канферэнцыях, сімпозіумах, рабоце міжнародных арганізацый і асацыяцый.

4. Навучанне, падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь у вышэйшых навучальных установах іншых дзяржаў ажыццяўляецца на аснове міжнародных дагавораў, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь, дагавораў, што заключаюцца вышэйшай навучальнай установай (грамадзянінам Рэспублікі Беларусь) з міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

5. Вышэйшая навучальная ўстанова мае права ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, выступаць заснавальнікам міжнародных арганізацый і ўступаць у такія арганізацыі, прадстаўляць інтарэсы вышэйшай навучальнай установы ў міжнародных арганізацыях, а таксама ствараць свае філіялы і прадстаўніцтвы за мяжой.

6. Вышэйшая навучальная ўстанова ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб знешнегандлёвай дзейнасці і статутам вышэйшай навучальнай установы знешнегандлёвую дзейнасць, накіраваную на выкананне задач вышэйшай адукацыі, а таксама на развіццё міжнародных кантактаў.

Артыкул 38. Прызнанне і ўстанаўленне эквівалентнасці дакументаў, перыядаў навучання, курсаў і ступеняў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў

1. Прызнанне і ўстанаўленне эквівалентнасці дакументаў аб вышэйшай адукацыі, перыядаў навучання, курсаў і ступеняў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дагаворамі, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь.

2. Пацвярджэнне эквівалентнасці дакументаў аб вышэйшай адукацыі, прызнанне і ўстанаўленне адпаведнасці перыядаў навучання і курсаў вышэйшай адукацыі, а таксама пацвярджэнне ступеняў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў ажыццяўляюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 39. Дзейнасць замежных і міжнародных вышэйшых навучальных устаноў і іх філіялаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

Дзейнасць замежных і міжнародных вышэйшых навучальных устаноў і іх філіялаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дагаворамі, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 9

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 40. Прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу шасці месяцаў з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 41. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 40, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

11 ліпеня 2007 года, г. Мінск.

№ 252-З