Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб статусе ваеннаслужачых»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 7 чэрвеня 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 22 чэрвеня 2007 года

Артыкул 1. Пункты 2 і 3 артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 1992 года «Аб статусе ваеннаслужачых» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 28, ст. 497; 1995 г., № 19, ст. 232) выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«2. Ваеннаслужачым (за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы) віды водпускаў, іх працягласць і парадак прадастаўлення ўстанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

3. Ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы за ўвесь перыяд ваеннай службы прадастаўляецца водпуск:

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 18 месяцаў: салдатам і матросам — 10 сутак, сяржантам і старшынам — 15 сутак;

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 12 месяцаў: салдатам і матросам — 5 сутак, сяржантам і старшынам — 10 сутак.

Працягласць водпуску за ўвесь перыяд ваеннай службы ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы можа быць павялічана (у выглядзе заахвочвання) на тэрмін да 10 сутак у парадку, які прадугледжаны Дысцыплінарным статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

За ўчыненне дысцыплінарных праступкаў на ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы ў парадку, які прадугледжаны Дысцыплінарным статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, можа быць накладзена дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе змяншэння працягласці водпуску за ўвесь перыяд тэрміновай ваеннай службы на тэрмін:

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 18 месяцаў: салдатам і матросам — да 5 сутак, сяржантам і старшынам — да 8 сутак;

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 12 месяцаў: салдатам і матросам — да 2 сутак, сяржантам і старшынам — да 5 сутак.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 6 месяцаў, водпуск за ўвесь перыяд ваеннай службы не прадастаўляецца.

Ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы прадастаўляецца водпуск па хваробе і па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару.

Водпуск па хваробе прадастаўляецца на падставе заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі тым ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы, якія пасля заканчэння стацыянарнага лячэння і правядзення рэабілітацыі яшчэ не могуць па стану здароўя выконваць абавязкі ваеннай службы (службовыя абавязкі). Парадак прадастаўлення водпуску па хваробе і яго працягласць вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару да 10 сутак прадастаўляецца ваеннаслужачаму тэрміновай ваеннай службы ў выпадку:

уступлення ў шлюб;

цяжкай хваробы або смерці (гібелі) яго блізкага сваяка (маці, бацькі, жонкі, дзяцей, родных брата або сястры, дзядулі, бабулі, усынавіцеляў);

пажару або іншага стыхійнага бедства, якое спасцігла сям'ю або блізкіх сваякоў ваеннаслужачага тэрміновай ваеннай службы;

у іншых выключных выпадках, калі прысутнасць ваеннаслужачага тэрміновай ваеннай службы ў сям'і неабходная.

Абставіны, у сувязі з якімі ваеннаслужачаму тэрміновай ваеннай службы прадастаўлены водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару, павінны быць, як правіла, дакументальна пацверджаны.».

Артыкул 2. Дзеянне абзацаў трэцяга—шостага артыкула 1 гэтага Закона не распаўсюджваецца на ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, прызваных на тэрміновую ваенную службу да яго ўступлення ў сілу.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 4. Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

16 ліпеня 2007 года, г. Мінск.

№ 258-З