Закон Рэспублікі Беларусь

Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў  27 чэрвеня 2007 года
 
Адобраны Саветам Рэспублікі  29 чэрвеня 2007 года
 
Гэты Закон вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы дзейнасці органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — органы ўнутраных спраў), устанаўлівае абавязкі і правы органаў унутраных спраў і іх супрацоўнікаў, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
 
Глава 1
 
агульныя палажэнні
 
Артыкул 1. Органы ўнутраных спраў і іх прызначэнне
 
Органы ўнутраных спраў — дзяржаўныя праваахоўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і забяспечваюць грамадскую бяспеку ў адпаведнасці з задачамі, якія ўскладзены на іх гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Органы ўнутраных спраў з'яўляюцца складанай часткай сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 2. Асноўныя задачы органаў унутраных спраў
 
Асноўнымі задачамі органаў унутраных спраў з'яўляюцца:
 
ахова жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, забеспячэнне іх асабістай і маёмаснай бяспекі, ахова правоў і законных інтарэсаў арганізацый;
 
ахова інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў, ахова грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі;
 
ахова ўласнасці ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў;
 
прафілактыка, выяўленне, спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, расследаванне крымінальных спраў, вядзенне адміністрацыйнага працэсу ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй;
 
вышук асобаў, якія ўчынілі злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні, асобаў, якія скрываюцца ад органаў, што вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, асобаў, якія ўхіляюцца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, без вестак прапаўшых і іншых асобаў у выпадках, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
 
арганізацыя выканання і адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, адміністрацыйных спагнанняў;
 
удзел у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне грамадзянства і міграцыі;
 
аказанне на ўмовах і ў парадку, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дапамогі грамадзянам, дзяржаўным органам, грамадскім аб'яднанням і іншым арганізацыям у рэалізацыі іх правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў.
 
На органы ўнутраных спраў заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь могуць быць ускладзены іншыя задачы.
 
Артыкул 3. Прававая аснова дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Прававой асновай дзейнасці органаў унутраных спраў з'яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, указы і дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 4. Прынцыпы дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Дзейнасць органаў унутраных спраў ажыццяўляецца на прынцыпах:
 
законнасці;
 
павагі і захавання правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян;
 
гуманізму;
 
адзінства сістэмы органаў унутраных спраў і цэнтралізацыі кіравання імі;
 
спалучэння публічных і непублічных метадаў і сродкаў дзейнасці;
 
незалежнасці ад дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.
 
Артыкул 5. Публічнасць у дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца публічнай, адкрытай для грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі ў той меры, у якой гэта не супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове дзяржаўных сакрэтаў і іншай тайны, якая ахоўваецца законам.
 
Органы ўнутраных спраў у парадку і межах, якія вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, інфармуюць дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, сродкі масавай інфармацыі, грамадзян аб стане грамадскага парадку і мерах па яго забеспячэнню.
 
Артыкул 6. Дзейнасць органаў унутраных спраў і правы грамадзян
 
Органы ўнутраных спраў абараняюць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян незалежна ад іх грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, адукацыі і мовы, адносінаў да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, а таксама ад іншых акалічнасцяў.
 
Абмежаванне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў грамадзян у іх правах і свабодах дапускаецца толькі ў выпадках, якія прадугледжаны гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Грамадзяне і арганізацыі, правы і законныя інтарэсы якіх ушчэмлены дзейнасцю (бяздзейнасцю) супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, маюць права абскардзіць гэту дзейнасць (бяздзейнасць) у вышэйстаячы дзяржаўны орган або вышэйстаячай службовай асобе, пракурору або ў суд.
 
Органы ўнутраных спраў не маюць права выдаваць звесткі, якія няславяць гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю грамадзяніна, звесткі, якія адносяцца да яго асабістага жыцця, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 7. Узаемадзеянне органаў унутраных спраў з іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі
 
Органы ўнутраных спраў ажыццяўляюць сваю дзейнасць ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі, у тым ліку замежнымі, і грамадзянамі.
 
Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і іх службовыя асобы ў межах сваёй кампетэнцыі абавязаны аказваць садзейнічанне органам унутраных спраў у выкананні ўскладзеных на іх абавязкаў, якія вызначаны гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць у Рэспубліцы Беларусь паслугі паштовай сувязі і электрасувязі агульнага карыстання, абавязаны па пісьмоваму звароту органаў унутраных спраў уключаць у склад апаратных сродкаў дадатковыя сертыфікаванае абсталяванне і праграмныя сродкі, забяспечваць пры наяўнасці санкцыі пракурора (яго намесніка) доступ супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да спецыяльнага абсталявання для зняцця інфармацыі з тэхнічных каналаў сувязі, а таксама ствараць іншыя ўмовы, неабходныя для правядзення органамі ўнутраных спраў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.
 
Грамадзяне могуць добраахвотна ўдзельнічаць у вырашэнні задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў, у тым ліку на канфідэнцыяльнай аснове, у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Узаемадзеянне органаў унутраных спраў з замежнымі арганізацыямі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
 
Глава 2
Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
і дзяржаўных органаў у сферы дзейнасці органаў
унутраных спраў
 
Артыкул 8. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сферы дзейнасці органаў унутраных спраў:
 
ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва органамі ўнутраных спраў;
 
зацвярджае палажэнні аб Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — Міністэрства ўнутраных спраў) і яго дэпартаментах;
 
зацвярджае Палажэнне аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў, Дысцыплінарны статут органаў унутраных спраў, тэкст прысягі асобаў радавога і начальніцкага саставу органаў унутраных спраў;
 
вызначае штатную колькасць органаў унутраных спраў;
 
узгадняе па прадстаўленню Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — Міністр унутраных спраў) структуру цэнтральнага апарату Міністэрства ўнутраных спраў;
 
прымае рашэнні аб утварэнні, рэарганізацыі і ліквідацыі дэпартаментаў Міністэрства ўнутраных спраў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму органаў унутраных спраў;
 
устанаўлівае пералік пасад вышэйшага начальніцкага саставу органаў унутраных спраў і адпаведныя гэтым пасадам спецыяльныя званні;
 
назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Міністра ўнутраных спраў і яго намеснікаў, начальнікаў дэпартаментаў Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра Міністэрства ўнутраных спраў, установы адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама кіраўнікоў іншых падраздзяленняў органаў унутраных спраў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму органаў унутраных спраў, у выпадках, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
 
зацвярджае пералік узбраення, баявой і спецыяльнай тэхнікі, спецыяльных сродкаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні органаў унутраных спраў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
 
устанаўлівае парадак і нормы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння органаў унутраных спраў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
 
прымае рашэнні аб прыцягненні органаў унутраных спраў для ўзмацнення аховы грамадскага парадку, забеспячэння рэжымаў надзвычайнага становішча і ваеннага становішча;
 
устанаўлівае пералік аб'ектаў, якія падлягаюць абавязковай ахове органамі ўнутраных спраў;
 
прымае рашэнні па пытаннях прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і членаў іх сем'яў;
 
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, якія прадугледжаны гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 9. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы дзейнасці органаў унутраных спраў:
 
забяспечвае выкананне рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, палажэнняў гэтага Закона па пытаннях прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і членаў іх сем'яў;
 
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, якія дэлегаваны яму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама паўнамоцтвы, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 10. Паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у сферы дзейнасці органаў унутраных спраў
 
Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў сферы дзейнасці органаў унутраных спраў:
 
прадастаўляюць органам унутраных спраў адміністрацыйныя і іншыя памяшканні, камунальныя, бытавыя і іншыя паслугі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
 
забяспечваюць патрэбнасці органаў унутраных спраў у матэрыяльных сродках, энергетычных і іншых рэсурсах і паслугах па іх заказах, прадастаўляюць для дыслакацыі органаў унутраных спраў зямельныя ўчасткі;
 
забяспечваюць рэалізацыю гарантый прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і членаў іх сем'яў, у межах сваёй кампетэнцыі могуць устанаўліваць іншыя, не прадугледжаныя гэтым Законам гарантыі па іх сацыяльнай абароне.
 
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўзгадняюць кандыдатуры на пасады начальнікаў органаў унутраных спраў, якія ўваходзяць у структуру гэтых выканаўчых і распарадчых органаў.
 
Глава 3
 
Сістэма органаў унутраных спраў
 
Артыкул 11. Сістэма органаў унутраных спраў
 
Сістэму органаў унутраных спраў утвараюць:
 
арганізацыйна:
 
Міністэрства ўнутраных спраў (цэнтральны апарат);
 
тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў — галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленні ўнутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленні, аддзелы ўнутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый), упраўленне ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў і падпарадкаваныя яму аддзелы, аддзяленні, лінейныя пункты (далей, калі не ўказана іншае, — органы ўнутраных спраў на транспарце);
 
установы адукацыі і арганізацыі аховы здароўя, якія створаны для забеспячэння выканання задач, што ўскладзены на органы ўнутраных спраў;
 
функцыянальна:
 
міліцыя;
 
падраздзяленні папярэдняга расследавання;
 
падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі;
 
падраздзяленні аховы;
 
падраздзяленні фінансаў і тылу;
 
органы і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы.
 
У сістэму органаў унутраных спраў уваходзяць таксама іншыя падраздзяленні, якія ствараюцца па рашэнню Міністра ўнутраных спраў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і іншыя арганізацыі, якія ствараюцца па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 12. Міністэрства ўнутраных спраў
 
Міністэрства ўнутраных спраў — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які ўзначальвае сістэму органаў унутраных спраў і ўнутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў (далей — унутраныя войскі), ажыццяўляе ў межах сваіх паўнамоцтваў рэгуляванне і кіраванне ў сферы барацьбы са злачыннасцю, аховы грамадскага парадку, забеспячэння грамадскай бяспекі і каардынацыю дзейнасці ў гэтай сферы іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
 
Артыкул 13. Кіраўніцтва органамі ўнутраных спраў
 
Агульнае кіраўніцтва органамі ўнутраных спраў ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў, якія дэлегаваны яму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Непасрэднае кіраўніцтва органамі ўнутраных спраў ажыццяўляе Міністр унутраных спраў.
 
У горадзе Мінску, абласцях, іншых гарадах, раёнах (раёнах у гарадах) кіраўніцтва органамі ўнутраных спраў ажыццяўляецца адпаведна начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення ўнутраных спраў абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення, аддзела ўнутраных спраў гарадскога, раённага выканаўчага камітэта (мясцовай адміністрацыі), а органамі ўнутраных спраў на транспарце — начальнікам адпаведнага органа ўнутраных спраў на транспарце.
 
Начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый) назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Міністрам ўнутраных спраў. Начальнікі аддзелаў, аддзяленняў, лінейных пунктаў, якія падпарадкаваны ўпраўленню ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў, назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады ў парадку, які вызначаецца Міністрам унутраных спраў.
 
Начальнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, начальнікі ўпраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў з'яўляюцца старшымі аператыўнымі начальнікамі падраздзяленняў органаў унутраных спраў і арганізацыяй, якія дыслацыруюцца на дадзенай тэрыторыі і ўваходзяць у сістэму органаў унутраных спраў, злучэнняў і воінскіх часцей унутраных войскаў у аб'ёме правоў, якія вызначаюцца Міністрам ўнутраных спраў.
 
Артыкул 14. Міліцыя
 
Міліцыя — сістэма падраздзяленняў органаў унутраных спраў, закліканая абараняць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, правы і законныя інтарэсы арганізацый, інтарэсы грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў.
 
Міліцыя складаецца з крымінальнай міліцыі, міліцыі грамадскай бяспекі і іншых падраздзяленняў, якія ствараюцца для выканання задач міліцыі па рашэнню Міністра ўнутраных спраў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 15. Крымінальная міліцыя
 
Крымінальная міліцыя вырашае задачы прафілактыкі, выяўлення, спынення злачынстваў, вышуку асобаў, якія іх учынілі, асобаў, якія скрываюцца ад органаў, што вядуць крымінальны працэс, асобаў, якія ўхіляюцца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, без вестак прапаўшых і іншых асобаў у выпадках, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, ідэнтыфікацыі неапазнаных трупаў.
 
У састаў крымінальнай міліцыі ўваходзяць падраздзяленні крымінальнага вышуку, па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, па наркакантролю і процідзеянню гандлю людзьмі, па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, экспертна-крыміналістычныя, а таксама іншыя падраздзяленні, неабходныя для ажыццяўлення дзейнасці крымінальнай міліцыі.
 
Крымінальная міліцыя ўваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый) і адпаведных органаў унутраных спраў на транспарце. Па рашэнню Міністра ўнутраных спраў могуць стварацца таксама міжтэрытарыяльныя падраздзяленні крымінальнай міліцыі (акрамя спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, якія ствараюцца ў парадку, што вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь).
 
Начальнікі крымінальнай міліцыі вобласці, горада, раёна (раёна ў горадзе), крымінальнай міліцыі органаў унутраных спраў на транспарце назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады ў парадку, які вызначаецца Міністрам унутраных спраў.
 
Артыкул 16. Міліцыя грамадскай бяспекі
 
Міліцыя грамадскай бяспекі вырашае задачы забеспячэння асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, грамадскай бяспекі, аховы грамадскага парадку, прафілактыкі, выяўлення, спынення злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў, вышуку асобаў, якія іх учынілі, і іншых асобаў у выпадках, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
У састаў міліцыі грамадскай бяспекі ўваходзяць аператыўна-дзяжурныя службы, служба ўчастковых інспектараў міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх, страявыя падраздзяленні міліцыі, дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя, дарожна-патрульная служба, падраздзяленні, якія прызначаны для ўтрымання асобаў, якія ўчынілі злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама іншыя падраздзяленні, неабходныя для ажыццяўлення дзейнасці міліцыі грамадскай бяспекі.
 
Міліцыя грамадскай бяспекі ўваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый) і адпаведных органаў унутраных спраў на транспарце. Па рашэнню Міністра ўнутраных спраў могуць стварацца таксама міжтэрытарыяльныя падраздзяленні міліцыі грамадскай бяспекі.
 
Начальнікі міліцыі грамадскай бяспекі вобласці, горада, раёна (раёна ў горадзе), міліцыі грамадскай бяспекі органаў унутраных спраў на транспарце назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады ў парадку, які вызначаецца Міністрам унутраных спраў.
 
Артыкул 17. Падраздзяленні папярэдняга расследавання органаў унутраных спраў
 
Падраздзяленні папярэдняга расследавання органаў унутраных спраў (далей — падраздзяленні папярэдняга расследавання) ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі папярэдняе следства і дазнанне па крымінальных справах.
 
У састаў падраздзяленняў папярэдняга расследавання ўваходзяць падраздзяленні папярэдняга следства і дазнання.
 
Падраздзяленні папярэдняга расследавання ўваходзяць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый) і адпаведных органаў унутраных спраў на транспарце.
 
Начальнікі падраздзяленняў папярэдняга расследавання вобласці, горада, раёна (раёна ў горадзе), падраздзяленняў папярэдняга расследавання органаў унутраных спраў на транспарце назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады ў парадку, які вызначаецца Міністрам унутраных спраў.
 
Артыкул 18. Падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў
 
Падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў (Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў) ажыццяўляюць меры, якія накіраваны на рэалізацыю заканадаўства аб грамадзянстве і міграцыі, у тым ліку аб выездзе з Рэспублікі Беларусь і ўездзе ў Рэспубліку Беларусь грамадзян, аб перамяшчэнні і выбары імі месца жыхарства, аб прававым становішчы іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, аб прадастаўленні статусу бежанца або прыстанішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
Падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў уваходзяць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў унутраных спраў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў (мясцовых адміністрацый).
 
Артыкул 19. Падраздзяленні аховы органаў унутраных спраў
 
Падраздзяленні аховы органаў унутраных спраў (Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў і падпарадкаваныя яму падраздзяленні) ажыццяўляюць функцыі ў сферы ахоўнай дзейнасці, ахову грамадскага парадку на ахоўных аб'ектах, у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання.
 
Арганізацыйная структура, формы, метады і напрамкі дзейнасці падраздзяленняў аховы органаў унутраных спраў вызначаюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 20. Падраздзяленні фінансаў і тылу органаў унутраных спраў
 
Падраздзяленні фінансаў і тылу органаў унутраных спраў (Дэпартамент фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў, падраздзяленні фінансаў і тылу тэрытарыяльных органаў унутраных спраў) ажыццяўляюць арганізацыю фінансавай і тылавой дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, забяспечваюць іх фінансаванне і цэнтралізаванае забеспячэнне матэрыяльнымі рэсурсамі, распрацоўваюць і рэалізуюць меры, якія накіраваны на стварэнне неабходных сацыяльна-бытавых умоў для супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу органаў унутраных спраў, ваеннаслужачых і грамадзянскага персаналу ўнутраных войскаў, членаў іх сем'яў.
 
Арганізацыйная структура, формы, метады і напрамкі дзейнасці падраздзяленняў фінансаў і тылу органаў унутраных спраў вызначаюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 21. Органы і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы
 
Органы і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы (Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў і падпарадкаваныя яму падраздзяленні і ўстановы) арганізуюць (ажыццяўляюць) выкананне і адбыццё пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, выкананне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, актаў амністыі і памілавання, ажыццяўляюць вышук асобаў, якія ўхіляюцца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці.
 
Арганізацыйная структура, формы, метады і напрамкі дзейнасці органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы вызначаюцца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Глава 4
Абавязкі і правы органаў унутраных спраў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў
 
Артыкул 22. Абавязкі органаў унутраных спраў
 
Органы ўнутраных спраў у мэтах выканання ўскладзеных на іх задач у межах сваёй кампетэнцыі абавязаны:
 
забяспечваць грамадскі парадак, бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы;
 
прымаць неабходныя меры па ахове жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый, а таксама па ахове ўласнасці ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў;
 
ажыццяўляць процідзеянне экстрэмізму і барацьбу з тэрарызмам;
 
прымаць меры агульнай і індывідуальнай прафілактыкі злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, якія прадугледжаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
 
выяўляць і спыняць злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні, ажыццяўляць вытворчасць па матэрыялах і крымінальных справах, весці адміністрацыйны працэс;
 
прымаць і рэгістраваць паступаючыя заявы, паведамленні аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыю аб здарэннях, неадкладна рэагаваць на іх;
 
паведамляць пракурору на працягу 24 гадзін аб выпадках пранікнення ў жылыя памяшканні і іншыя законныя ўладанні грамадзян, памяшканні і іншыя аб'екты арганізацый;
 
забяспечваць утрыманне, ахову і канваіраванне асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай;
 
забяспечваць бяспеку ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, асобаў, якія аказваюць садзейнічанне органам унутраных спраў пры падрыхтоўцы і правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, іх блізкіх і маёмасці ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў, а таксама бяспеку суда пры разглядзе спраў;
 
забяспечваць ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную абарону суддзяў, службовых асобаў праваахоўных і кантралюючых органаў і іх блізкіх;
 
адшукваць асобаў, якія ўчынілі злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні, асобаў, што хаваюцца ад органаў, якія вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, асобаў, што ўхіляюцца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, без вестак прапаўшых і іншых асобаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, праводзіць мерапрыемствы па ідэнтыфікацыі неапазнаных трупаў, устанаўленню асобы грамадзян, якія з-за стану здароўя або ўзросту не могуць паведаміць аб сабе звесткі, або грамадзян, якія адмаўляюцца паведаміць аб сабе звесткі, падлеткаў, якія заблудзіліся або якіх падкінулі, устанаўленню іх бацькоў, усынавіцеляў, апекуноў або папячыцеляў;
 
весці ўлік грамадзян па месцы жыхарства, выдаваць грамадзянам дакументы, якія засведчваюць іх асобу, ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства аб грамадзянстве і міграцыі;
 
ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў сферы дарожнага руху і забеспячэння яго бяспекі, дзяржаўную рэгістрацыю і дзяржаўны ўлік транспартных сродкаў, выдачу вадзіцельскіх пасведчанняў, рэгуляваць дарожны рух;
 
праводзіць даследаванні і экспертызы па матэрыялах і крымінальных справах, матэрыялах аператыўна-вышуковай дзейнасці і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, весці крыміналістычныя ўлікі;
 
удзельнічаць у забеспячэнні рэжымаў надзвычайнага становішча і ваеннага становішча;
 
забяспечваць кантрольна-прапускны рэжым на тэрыторыях зон эвакуацыі (адсялення), першачарговага адсялення і наступнага адсялення, з якіх адселена насельніцтва;
 
прымаць неадкладныя меры па выратаванню грамадзян, аказанню тым, хто мае патрэбу, неабходнай дапамогі, ахове маёмасці, што засталася без дагляду ў выніку аварый, катастроф, пажараў, стыхійных бедстваў і іншых надзвычайных сітуацый;
 
ажыццяўляць ліцэнзаванне (удзельнічаць у ажыццяўленні ліцэнзавання) відаў дзейнасці ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
 
кантраляваць выкананне ўстаноўленых правілаў адкрыцця і функцыянавання аб'ектаў, нагляд за якімі ўскладзены на органы ўнутраных спраў, ажыццяўляць кантроль за абаротам зброі і боепрыпасаў да яе, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх пракурсораў;
 
выдаваць дазволы на набыццё, захоўванне, нашэнне, транспарціроўку, перавозку, увоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вываз за яе межы зброі і боепрыпасаў да яе, на адкрыццё і функцыянаванне стралковых ціраў, стрэльбішчаў, стралкова-паляўнічых стэндаў, зброева-рамонтных і штэмпельна-гравёрных майстэрняў, канфіскоўваць у арганізацый і грамадзян зброю і боепрыпасы да яе пры парушэнні правілаў іх захоўвання, выкарыстання, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
 
забяспечваць захаванасць знойдзеных і здадзеных у органы ўнутраных спраў дакументаў, рэчаў, каштоўнасцяў і іншай маёмасці, прымаць меры да іх вяртання законным уладальнікам;
 
праводзіць абавязковую і добраахвотную дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю;
 
ажыццяўляць прэвентыўны нагляд і прафілактычнае назіранне за асуджанымі;
 
арганізоўваць (ажыццяўляць) выкананне і адбыццё пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, выкананне меры спынення ў выглядзе заключэння пад варту, актаў амністыі і памілавання;
 
выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 23. Абавязкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў выконвае абавязкі, прадугледжаныя гэтым законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, у межах сваёй кампетэнцыі ў адпаведнасці з займаемай пасадай.
 
Кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незалежна ад займаемай пасады, месца знаходжання і часу ў выпадку звароту да яго службовых асобаў і іншых грамадзян з заявай або паведамленнем аб падзеях, якія пагражаюць асабістай або грамадскай бяспецы, або ў выпадку непасрэднага выяўлення такіх абавязаны:
 
прыняць магчымыя меры па спыненню злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, выратаванню грамадзян, аказанню маючым патрэбу неабходнай дапамогі, устанаўленню і затрыманню асобаў, якія ўчынілі злачынства, адміністрацыйнае правапарушэнне, выяўленню відавочцаў злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, ахове месца здарэння;
 
паведаміць аб гэтым у бліжэйшы орган унутраных спраў.
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен прыняць меры па неадкладнаму аказанню медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі асобам, пацярпелым ад злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў, асобам, якія знаходзяцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане.
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабод грамадзяніна абавязаны растлумачыць яму падставы для такога абмежавання, а таксама правы і абавязкі, якія ў сувязі з гэтым узнікаюць.
 
Артыкул 24. Правы органаў унутраных спраў
 
Органам унутраных спраў у мэтах выканання ўскладзеных на іх задач у межах іх кампетэнцыі прадастаўляецца права:
 
ажыццяўляць аператыўна-вышуковую дзейнасць;
 
патрабаваць і атрымліваць ад арганізацый і грамадзян неабходныя звесткі і тлумачэнні, якія адносяцца да дзейнасці, што правяраецца, назначаць правядзенне інвентарызацый і праверак (рэвізій) фінансава-гаспадарчай дзейнасці, запатрабаваць і пры неабходнасці ва ўстаноўленым парадку канфіскоўваць дакументы, узоры сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі, апячатваць касы, памяшканні і месцы захоўвання дакументаў, грошай і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з вяртаннем ва ўстаноўленым парадку прычыненай шкоды;
 
накіроўваць ва ўстаноўленым парадку на агляд асобаў на прадмет ужывання алкаголю, наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў або дастаўляць іх для агляду ў арганізацыі аховы здароўя, калі вынік агляду мае значэнне для пацвярджэння або абвяржэння факту злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння або акалічнасцяў іх учынення;
 
дастаўляць у органы ўнутраных спраў асобаў без пэўнага месца жыхарства і заняткаў у мэтах устанаўлення іх асобы, праверкі па ўліках органаў унутраных спраў і аказання ім сацыяльнай або медыцынскай дапамогі, а таксама асобаў, якія маюць прыкметы выражанага псіхічнага расстройства і якія ствараюць сваімі дзеяннямі яўную небяспеку для сябе або навакольных, у мэтах перадачы іх у арганізацыі аховы здароўя або па месцы жыхарства;
 
заахвочваць грамадзян, якія паказалі сябе ў барацьбе са злачыннасцю і ахове грамадскага парадку.
 
Органам унутраных спраў у адпаведнасці з законам прадастаўляецца права затрымліваць і ўтрымліваць у месцах утрымання пад вартай, змяшчаць у іншыя прызначаныя для ўтрымання асобаў памяшканні падраздзяленняў органаў унутраных спраў;
 
падазроных (абвінавачваных);
 
асобаў, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, асобаў, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту;
 
асобаў, якія падлягаюць дэпартацыі або высылцы з Рэспублікі Беларусь у прымусовым парадку;
 
асобаў, якія накіроўваюцца на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі;
 
непаўналетніх пры ажыццяўленні прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
 
Органам унутраных спраў прадастаўляюцца таксама іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 25. Правы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў у мэтах выканання задач, ускладзеных на органы ўнутраных спраў, у межах сваёй кампетэнцыі маюць права:
 
патрабаваць ад грамадзян выканання грамадскага парадку;
 
правяраць у грамадзян пры падазрэнні ва ўчыненні імі злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў дакументы, якія засведчваюць іх асобу, а таксама дакументы, неабходныя для праверкі выканання імі правілаў, нагляд і кантроль за выкананнем якіх ускладзены на органы ўнутраных спраў;
 
рабіць асабісты вобыск асобаў, затрыманых на падставе і ў парадку, устаноўленым законам, дагляд рэчаў, транспартных сродкаў, якія знаходзяцца пры іх, канфіскоўваць дакументы, прадметы і рэчы, якія могуць з'яўляцца рэчыўнымі доказамі;
 
выклікаць грамадзян па матэрыялах і крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці, справах аб адміністрацыйных правапарушэннях;
 
удзельнічаць у ажыццяўленні перадпалётнага дагляду членаў экіпажу паветранага судна, пасажыраў, багажу, у тым ліку рэчаў, якія знаходзяцца пры пасажырах, а таксама грузаў і паштовых адпраўленняў, якія перавозяцца на паветраным судне, бартавых запасаў паветранага судна;
 
ажыццяўляць дагляд транспартных сродкаў пры правядзенні аперацыі па затрыманню асобаў, якія ўчынілі злачынства або ўцёк з-пад варты, на участках мясцовасці, дзе магчымае іх з'яўленне, а таксама пры ўездзе на ахоўныя аб'екты і выездзе з ахоўных аб'ектаў;
 
патрабаваць ад грамадзян выканання прапускнога і ўнутрыаб'ектавага рэжымаў, устаноўленых на ахоўных аб'ектах;
 
правяраць на ахоўных аб'ектах у грамадзян дакументы, якія засведчваюць іх асобу, а таксама дакументы, што даюць права на ўваход (выхад) грамадзян, уезд (выезд) транспартных сродкаў, унясенне (увоз) маёмасці на ахоўныя аб'екты і вынас (вываз) маёмасці з ахоўных аб'ектаў, прымаць меры па пошуку і затрыманню на тэрыторыі ахоўваемых аб'ектаў асобаў, што незаконна праніклі на ахоўныя аб'екты;
 
правяраць стан устаноўленых на ахоўных аб'ектах інжынерна-тэхнічных сродкаў абароны, сродкаў і сістэм аховы;
 
уваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем запіраючых прылад і іншых прадметаў, у любы час сутак у жылыя памяшканні і іншыя законныя ўладанні грамадзян, памяшканні і іншыя аб'екты арганізацый і аглядаць іх пры праследаванні падазроных (абвінавачваных) ва ўчыненні злачынстваў або пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што там учыняецца або ўчынена злачынства або знаходзіцца падазроны (абвінавачваны), што хаваецца ад органа, які вядзе крымінальны працэс, асоба, што ўхіляецца ад адбыцця пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, а таксама бесперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканні і іншыя законныя ўладанні асобаў, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам;
 
канфіскоўваць маёмасць і прадметы, забароненыя да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дакументы, якія маюць прыкметы падробкі, інфармацыйную прадукцыю, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць, і прымаць па іх рашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
 
часова абмяжоўваць або забараняць рух транспартных сродкаў і пешаходаў па дарогах (іх асобных участках), а таксама доступ грамадзян на асобныя ўчасткі мясцовасці і аб'екты, абавязваць іх пакінуць пэўнае месца для правядзення працэсуальных дзеянняў, забеспячэння грамадскага парадку, асабістай і грамадскай бяспекі;
 
спыняць транспартныя сродкі і адхіляць ад кіравання імі асобаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а роўна не маючых права кіравання транспартнымі сродкамі, забараняць удзел у дарожным руху транспартных сродкаў, калі іх канструкцыя або тэхнічны стан не адказваюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, патрабаваць ад адпаведных арганізацый ліквідацыі няспраўнасцяў дарог, спыняць або забараняць правядзенне рамонтных і іншых работ на дарозе, якія выконваюцца з парушэннем тэхнічных патрабаванняў па забеспячэнню бяспекі дарожнага руху;
 
выкарыстоўваць у выпадках, якія не церпяць адкладу, транспартныя сродкі, што належаць арганізацыям або грамадзянам, для выканання неадкладных службовых абавязкаў, звязаных з праследаваннем падазроных (абвінавачваных) ва ўчыненні злачынстваў, пры прыняцці належных мераў па забеспячэнню бяспекі вадзіцеля і пасажыраў транспартнага сродку, для дастаўкі ў арганізацыі аховы здароўя асобаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, а таксама выкарыстоўваць пры неабходнасці ў службовых мэтах сродкі сувязі, што належаць арганізацыям або грамадзянам. Выдаткі, звязаныя з прадастаўленнем транспартнага сродку, сродку сувязі, па патрабаванню іх уласніка (уладальніка) вяртаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
 
рабіць ва ўстаноўленым парадку фатаграфаванне, гуказапіс, кіна- і відэаздымку асобаў, указаных у абзацы другім—шостым часткі другой артыкула 24 гэтага Закона, а таксама асобаў, якія стаяць на прафілактычным уліку;
 
захоўваць, насіць, прымяняць і выкарыстоўваць зброю, прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецыяльную тэхніку ў выпадках і парадку, прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Супрацоўнікам органаў унутраных спраў прадастаўляюцца таксама іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Дзеянне абзацаў чацвёртага, сёмага, адзінаццатага, дванаццатага і пятнаццатага часткі першай гэтага артыкула не распаўсюджваецца на арганізацыі і грамадзян, якія ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца дыпламатычным імунітэтам.
 
Глава 5
Прымяненне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі
 
Артыкул 26. Умовы і межы прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў пры выкананні задач па абароне жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў і свабод і законных інтарэсаў грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў прымяняе фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку, калі іншымі спосабамі выкананне гэтых задач не ўяўляецца магчымым.
 
Фізічная сіла, спецыяльныя сродкі, зброя, баявая і спецыяльная тэхніка прымяняюцца зыходзячы з абстаноўкі, якая складваецца, паводле меркавання супрацоўніка органаў унутраных спраў у выпадках, прадугледжаных гэтым Законам. Прымяненню фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі павінна папярэднічаць дакладна выражанае і відавочнае для асобы, супраць якой яны прымяняюцца, папярэджанне аб намеры іх прымяніць, за выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ў іх прымяненні створыць непасрэдную небяспеку для жыцця грамадзян або можа выклікаць іншыя цяжкія наступствы.
 
Ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі немагчыма, супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны імкнуцца прычыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзян, а таксама прыняць меры па неадкладнаму аказанню пацярпелым медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі.
 
Аб раненні або смерці асобы ў выніку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны тэрмінова паведаміць у бліжэйшы орган унутраных спраў, службовыя асобы якога неадкладна паведамляюць аб гэтым адпаведнаму пракурору. Аб кожным выпадку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны паведаміць свайму непасрэднаму начальніку.
 
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую прымяненнем у прадугледжаных гэтым Законам выпадках фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі, калі прычыненая шкода суразмерная з сілай процідзеяння, якое пераадольваецца.
 
Прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі з парушэннем патрабаванняў гэтага Закона цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 27. Прымяненне фізічнай сілы
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў прымяняе фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрымання асобаў, што іх учынілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, асобаў з яўнымі прыметамі інваліднасці, непаўнагадоых, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма.
 
Артыкул 28. Прымяненне спецыяльных сродкаў
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў прымяняе наручнікі, гумавыя палкі, сродкі звязвання, спецыяльныя хімічныя рэчывы, святлогукавыя ўстройствы адцягненага дзеяння, устройствы для ўскрыцця памяшканняў, устройствы для прымусовага спынення транспартных сродкаў і іншыя спецыяльныя сродкі, у тым ліку службовых жывёл, у выпадку:
 
адбіцця нападу на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых грамадзян;
 
вызвалення заложнікаў;
 
адбіцця нападу на будынкі, памяшканні, збудаванні і (або) транспартныя сродкі незалежна ад іх прыналежнасці або для вызвалення захопленых аб'ектаў;
 
спынення непадпарадкавання або супраціўлення законным патрабаванням супрацоўніка органаў унутраных спраў або іншых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі або грамадзянскі абавязак па забеспячэнню грамадскага парадку, папярэджанню і спыненню злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў;
 
затрымання і дастаўкі ў органы ўнутраных спраў падазроных (абвінавачваных) ва ўчыненні злачынстваў, асобаў, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, калі яны аказваюць непадпарадкаванне або супраціўленне, а таксама канваіравання і ўтрымання асобаў, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту, дэпартацыі або высылцы, асобаў, затрыманых па непасрэдна ўзнікшаму падазрэнню ва ўчыненні злачынства, асобаў, узятых пад варту, калі яны аказваюць непадпарадкаванасць ці супраціўленне або маюцца падставы меркаваць, што яны могуць ажыццявіць уцёкі або нанесці шкоду навакольным або сабе;
 
спынення масавых беспарадкаў і групавых парушэнняў грамадскага парадку або дзеянняў, накіраваных на пашкоджанне і (або) знішчэнне маёмасці;
 
спынення транспартнага сродку, вадзіцель якога не падпарадкоўваецца заведама відавочным для яго законным неаднаразовым патрабаванням супрацоўніка органаў унутраных спраў аб спыненні транспартнага сродку;
 
у іншых выпадках, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Від спецыяльнага сродку і інтэнсіўнасць яго прымянення вызначаюцца правіламі прымянення спецыяльных сродкаў з улікам абстаноўкі, якая складваецца, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння і асобы правапарушальніка.
 
Спецыяльныя сродкі забараняецца прымяняць у адносінах да жанчын з відавочнымі прыметамі цяжарнасці, калі іх узрост відавочны або вядомы, за выключэннем выпадкаў здзяйснення ўказанымі асобамі ўзброенага або групавога нападу або іншых дзеянняў, пагражаючых жыццю або здароўю грамадзян.
 
Артыкул 29. Прымяненне і выкарыстанне зброі
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на прымяненне зброі, гэта значыць на правядзенне выстралу (выстралаў) з яе, у адносінах да асобы:
 
якая ўчыняе напад на супрацоўніка органаў унутраных спраў і (або) іншага грамадзяніна, калі іх жыццё ці здароўе ў небяспецы;
 
якая ўчыняе напад у складзе групы або напад, звязаны з прымяненнем зброі або выбухаў, падпалаў і іншых агульнанебяспечных спосабаў, выкарыстаннем транспартных сродкаў, машын або механізмаў, на жылыя памяшканні або іншыя законныя ўладанні грамадзян, памяшканні, іншыя аб'екты арганізацый, вайсковы аб службовы нарад органаў унутраных спраў, на асобаў або аб'екты, якія ахоўваюцца органамі ўнутраных спраў;
 
якая ажыццяўляе дзеянне, непасрэдна накіраванае на гвалтоўнае авалоданне зброяй, якая знаходзіцца ў супрацоўніка органаў унутраных спраў, боепрыпасамі да яе, баявой і спецыяльнай тэхнікай або спецыяльнымі сродкамі;
 
якая здзяйсняе захоп або ўтрыманне асобы ў якасці заложніка;
 
якая заспетая пры здзяйсненні дзеянняў, указаных у абзацах другім—пятым гэтай часткі, і якая спрабуе ўцячы, калі ў мэтах пазбягання затрымання гэта асоба прымяняе (пагражае прымяненнем) зброю, выбуховае рэчыва, выбуховае ўстройства або іншыя прадметы, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця ці здароўя супрацоўніка органаў унутраных спраў ці іншых грамадзян;
 
якая здзяйсняе ўцёкі з-пад варты, канвою;
 
якая не падпарадкавалася законнаму патрабаванню супрацоўніка органаў унутраных спраў неадкладна здаць (пакласці) зброю, выбуховае рэчыва, выбуховае ўстройства ці іншыя прадметы, прымяненне якіх можа пагражаць жыццю або здароўю супрацоўніка органаў унутраных спраў ці іншых грамадзян.
 
Ажыццяўленне асобай дзеянняў, якія правамерна забаронены яму супрацоўнікам органаў унутраных спраў і якія выяўляюцца ў спробе наблізіцца да супрацоўніка органаў унутраных спраў бліжэй указанай адлегласці, дастаць што-небудзь з адзення ці ручной паклажы, або іншых дзеянняў, якія могуць быць растлумачаны супрацоўнікам органаў унутраных спраў як пагроза прымянення насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя яго ці іншых грамадзян, прадастаўляе супрацоўніку органаў унутраных спраў права прымяніць зброю ў адпаведнасці з гэтым Законам.
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на выкарыстанне агнястрэльнай зброі, гэта значыць на правядзенне выстралу (выстралаў) з яе, для:
 
падачы сігналу трывогі або выкліку дапамогі;
 
абясшкоджвання жывёлы, якая непасрэдна пагражае жыццю ці здароўю грамадзян;
 
спынення транспартнага сродку шляхам яго пашкоджання, калі вадзіцель не падпарадкоўваецца заведама відавочным для яго законным неаднаразовым патрабаванням супрацоўніка органаў унутраных спраў аб спыненні транспартнага сродку і яго дзеянні ствараюць рэальную пагрозу жыццю ці здароўю грамадзян або маюцца дакладныя даныя аб тым, што транспартным сродкам кіруе асоба, якая ўчыніла цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства.
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на прымяненне зброі, у тым ліку агнястрэльнай, і на выкарыстанне агнястрэльнай зброі таксама ў іншых выпадках, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права прывесці зброю ў гатоўнасць да стральбы, калі лічыць, што ў абставінах, якія склаліся, не выключана магчымасць яе прымянення ці выкарыстання.
 
Забараняецца прымяняць ці выкарыстоўваць зброю:
 
пры значнай колькасці людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы;
 
у накірунку складаў (сховішчаў), якія змяшчаюць вогненебяспечныя, выбухованебяспечныя, а таксама моцнадзейныя ядавітыя рэчывы, і сродкі транспарціроўкі гэтых рэчываў;
 
у адносінах да жанчын, асобаў з яўнымі прыметамі інваліднасці, непаўналетніх, калі іх узрост відавочны ці вядомы, за выключэннем выпадкаў ўчынення ўказанымі асобамі ўзброенага ці групавога нападу або іншых дзеянняў, пагражаючых жыццю або здароўю грамадзян.
 
Артыкул 30. Прымяненне баявой і спецыяльнай тэхнікі
 
Баявая і спецыяльная тэхніка прымяняецца органамі ўнутраных спраў у выпадку:
 
абароны грамадзян ад нападу, пагражаючага іх жыццю ці здароўю, калі спыніць гэты напад іншым спосабам не ўяўляецца магчымым;
 
вызвалення заложнікаў;
 
адбіцця групавога ці ўзброенага нападу, у тым ліку з выкарыстаннем транспартных сродкаў, на ахоўныя аб'екты, населеныя пункты, будынкі, памяшканні, збудаванні і (або) транспартныя сродкі незалежна ад іх прыналежнасці або для вызвалення захопленых аб'ектаў;
 
падаўлення супраціўлення ўзброеных асобаў, якія адмаўляюцца выканаць законныя патрабаванні супрацоўніка органаў унутраных спраў аб спыненні проціпраўных дзеянняў і здачы зброі, боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых устройстваў і баявой тэхнікі, якія маюцца ў гэтых асобаў;
 
забеспячэння рэжымаў надзвычайнага становішча і ваеннага становішча;
 
у іншых выпадках, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Глава 6
Служба ў органах унутраных спраў
 
Артыкул 31. Супрацоўнік органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнікам органаў унутраных спраў з'яўляецца грамадзянін Рэспублікі Беларусь, прыняты на службу ў органы ўнутраных спраў, якому ва ўстаноўленым парадку прысвоена спецыяльнае званне.
 
Ваеннаабавязаныя, прынятыя на службу ў органы ўнутраных спраў, здымаюцца з воінскага ўліку і знаходзяцца ў кадрах органаў унутраных спраў.
 
Супрацоўнікам органаў унутраных спраў ва ўстаноўленым парадку выдаюцца форменнае адзенне, знакі адрознення па спецыяльных званнях і асабісты нагрудны знак, якія ўстанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама службовае пасведчанне і жэтон з асабістым нумарам, узоры якіх устанаўліваюцца Міністрам унутраных спраў.
 
Артыкул 32. Праходжанне службы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў
 
Парадак і ўмовы праходжання службы ў органах унутраных спраў, у тым ліку пералік спецыяльных званняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і парадак іх прысваення, рэгламентуюцца Палажэннем аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць на мэце палітыку.
 
Супрацоўніку органаў унутраных спраў забаронена займацца іншай аплатнай працай (дзейнасцю), акрамя выкладчыцкай, навуковай, творчай дзейнасці, медыцынскай практыкі, якія ажыццяўляюцца па ўзгадненню з кіраўніком падраздзялення органаў унутраных спраў, у якім супрацоўнік праходзіць службу (у адносінах да кіраўніка падраздзялення органаў унутраных спраў — па ўзгадненню з яго непасрэдным начальнікам).
 
Артыкул 33. Службовая дысцыпліна ў органах унутраных спраў
 
Службовая дысцыпліна ў органах унутраных спраў рэгулюецца Дысцыплінарным статутам органаў унутраных спраў, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 34. Адказнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Кампенсацыя шкоды, нанесенай незаконнымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) органаў унутраных спраў (іх супрацоўнікаў)
 
За злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, невыкананне або неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, учыненне іншых злачынстваў або адміністрацыйных правапарушэнняў супрацоўнікі органаў унутраных спраў нясуць адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Шкода, нанесеная грамадзяніну або арганізацыі ў выніку незаконных дзеянняў (бяздзейнасцю) органаў унутраных спраў (іх супрацоўнікаў), падлягае кампенсацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Пры парушэнні супрацоўнікам органаў унутраных спраў правоў і законных інтарэсаў грамадзян або арганізацый, калі яго дзеянні (бяздзейнасць) прызнаны ва ўстаноўленым парадку незаконнымі, адпаведны орган унутраных спраў абавязаны прыняць меры да іх аднаўлення і па патрабаванню грамадзяніна або арганізацыі публічна папрасіць прабачэння.
 
Глава 7
Гарантыі прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў
 
Артыкул 35. Прававая абарона супрацоўнікаў органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў з'яўляецца прадстаўніком улады і знаходзіцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. Замах у любых формах на супрацоўніка органаў унутраных спраў цягне спыненне такіх дзеянняў сродкамі і спосабамі, прадугледжанымі гэтым Законам.
 
Законныя патрабаванні супрацоўніка органаў унутраных спраў абавязковыя для выканання службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі. Невыкананне законных патрабаванняў супрацоўніка органаў унутраных спраў, іншыя дзеянні, якія перашкаджаюць выкананню ўскладзеных на органы ўнутраных спраў задач, замах або пагроза замаху на жыццё, здароўе, гонар, годнасць, маёмасць супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама ўчыненне ўказаных дзеянняў у адносінах да яго блізкіх у сувязі з выкананнем супрацоўнікам органаў унутраных спраў службовых абавязкаў цягнуць адказнасць, прадугледжаную заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 36. Недапушчальнасць умяшання ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў падпарадкоўваецца толькі сваім непасрэднаму і прамым начальнікам.
 
Ніхто не мае права ўмешвацца ў службовую дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў, акрамя дзяржаўных органаў, упаўнаважаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 37. Права супрацоўніка органаў унутраных спраў на абгрунтаваную прафесійную рызыку
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на абгрунтаваную прафесійную рызыку. Нанясенне супрацоўнікам органаў унутраных спраў шкоды пры абгрунтаванай прафесійнай рызыцы для дасягнення грамадска карыснай мэты не з'яўляецца правапарушэннем.
 
Прафесійная рызыка прызнаецца абгрунтаванай, калі ажыццёўленае супрацоўнікам органаў унутраных спраў дзеянне аб'ектыўна вынікала з абставінаў, якія склаліся, а пастаўленая мэта не магла быць дасягнутай не звязанымі з рызыкай дзеяннямі і супрацоўнік органаў унутраных спраў, які дапусціў рызыку, прыняў усе магчымыя меры для прадухілення шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца законам.
 
Артыкул 38. Правы супрацоўніка органаў унутраных спраў пры знаходжанні ў службовай камандзіроўцы
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў, які знаходзіцца ў службовай камандзіроўцы, карыстаецца правам на пазачарговае набыццё праязных дакументаў на ўсе віды транспарту і правам на пазачарговае размяшчэнне ў гасцініцы па службоваму камандзіровачнаму пасведчанню.
 
Артыкул 39. Права супрацоўніка органаў унутраных спраў на кампенсацыю за выкарыстанне транспартнага сродку, што яму належыць, у службовых мэтах
 
Супрацоўніку органаў унутраных спраў, які выкарыстоўвае транспартны сродак, што яму належыць, у службовых мэтах, выплачваецца кампенсацыя ў парадку і памеры, якія вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкул 40. Абавязковае дзяржаўнае страхаванне супрацоўніка органаў унутраных спраў
 
Супрацоўнік органаў унутраных спраў падлягае абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
У выпадку гібелі (смерці) супрацоўніка органаў унутраных спраў, якая здарылася з прычыны злачыннага замаху на яго жыццё або здароўе ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці або з прычыны прыняцця ім мераў па прадухіленню (спыненню) злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, сям'і загінулага (нябожчыка) супрацоўніка органаў унутраных спраў (яго нашчадкам) выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры 10-гадовай сумы акладу ўтрымання і надбаўкі за выслугу гадоў загінулага (нябожчыка). Дадзеная страхавая сума выплачваецца па ўказаных падставах таксама ў выпадку смерці супрацоўніка органаў унутраных спраў, якая здарылася на працягу аднаго года пасля спынення ім службы ў органах унутраных спраў.
 
Пры ўстанаўленні супрацоўніку органаў унутраных спраў, у тым ліку на працягу аднаго года пасля спынення ім службы ў органах унутраных спраў, інваліднасці, якая здарылася з прычыны злачыннага замаху на яго жыццё ці здароўе ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці або з прычыны прыняцця ім мераў па прадухіленню (спыненню) злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, пацверджанай медыцынскім заключэннем, выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры:
 
5-гадовай сумы акладу грашовага ўтрымання і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду І групы;
 
4-гадовай сумы акладу грашовага ўтрым