Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 жніўня 2007 г. № Р-201/2007
Аб прававым рэгуляванні дзейнасці гаражных кааператываў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб законнасці Палажэння аб парадку ўліку жыхароў г. Гродна, якія жадаюць уступіць у кааператыў па будаўніцтву і эксплуатацыі гаражоў для захоўвання індывідуальных транспартных сродкаў, арганізацыі і дзейнасці гэтых кааператываў, зацверджанага рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 19 чэрвеня 2002 г. № 528, у частцы рэгулявання права ўласнасці членаў гаражнага кааператыва, аб вяртанні грамадзянам паявых узносаў пры іх выключэнні з членаў гаражнага кааператыва, аб атрыманні ў спадчыну паю члена гаражнага кааператыва.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да даследуемых пытанняў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю. Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам (артыкул 44 Канстытуцыі).
 
У адпаведнасці з ГК гаражныя кааператывы адносяцца да некамерцыйных арганізацый і з’яўляюцца спажывецкімі кааператывамі.
 
Спажывецкім кааператывам прызнаецца добраахвотнае аб’яднанне грамадзян ці грамадзян і юрыдычных асоб на аснове членства з мэтай задавальнення матэрыяльных (маёмасных) і іншых патрэбнасцей удзельнікаў, якое ажыццяўляецца шляхам аб’яднання яго членамі маёмасных паявых узносаў (пункт 1 артыкула 116 ГК).
 
Згодна з пунктам 4 артыкула 219 ГК, які вызначае падставы набыцця права ўласнасці, члены жыллёвага, жыллёва-будаўнічага, дачнага, гаражнага або іншага спажывецкага кааператыва, іншыя асобы, якія маюць права на паенакапленні і поўнасцю ўнеслі свой паявы ўзнос за кватэру, дачу, гараж, іншае памяшканне, прадастаўленае гэтым асобам кааператывам у карыстанне, набываюць права ўласнасці на ўказаную маёмасць з моманту рэгістрацыі гэтага права ва ўстаноўленым парадку.
 
Пунктам 2 артыкула 220 ГК таксама прадугледжана, што ў выпадках, калі зноў створаная нерухомая маёмасць падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі, права ўласнасці на яе ўзнікае з моманту такой рэгістрацыі, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам. Згодна з пунктам 3 дадзенага артыкула ГК да завяршэння стварэння нерухомай маёмасці, а ў адпаведных выпадках – да яе дзяржаўнай рэгістрацыі, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам, да маёмасці прымяняюцца правілы аб праве ўласнасці на матэрыялы і іншую маёмасць, з якой нерухомая маёмасць ствараецца.
 
Артыкулам 1088 ГК, у прыватнасці, устаноўлена, што ў склад спадчыны члена спажывецкага кааператыва ўваходзіць пай памёршага члена кааператыва (пункт 4); наследнік члена гаражнага кааператыва валодае правам быць прынятым у члены кааператыва (пункт 6); вырашэнне пытання аб тым, хто з наследнікаў можа быць прыняты ў спажывецкі кааператыў у выпадку, калі правы спадчынадаўца да адпаведнай юрыдычнай асобы перайшлі да некалькіх наследнікаў, а таксама парадак, спосабы і тэрміны выплаты наследнікам, якія не сталі ўдзельнікамі кааператыва, належных ім сум або выдачы замест іх маёмасці ў натуры вызначаюцца заканадаўствам аб спажывецкіх кааператывах і устаноўчымі дакументамі адпаведнай юрыдычнай асобы (пункт 7).
 
Прававое становішча гаражных кааператываў у сілу часткі другой пункта 6 артыкула 116 ГК вызначаецца гэтым Кодэксам і іншым заканадаўствам.
 
У цяперашні час да іншага заканадаўства, у прыватнасці, адносіцца пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1977 г. № 254 “Аб арганізацыі кааператываў па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак або гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў, якія належаць грамадзянам” з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі. Дадзенай пастановай зацверджаны Прыкладны статут кааператыва па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак або гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў, якія належаць грамадзянам (далей – Прыкладны статут). У Прыкладным статуце ўрэгуляваны парадак арганізацыі кааператыва, мэта, правы і абавязкі кааператыва, сродкі кааператыва, правы і абавязкі членаў кааператыва, органы кіравання кааператыва, а таксама спыненне дзейнасці кааператыва.
 
Пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1977 г. № 254 на выканаўчыя камітэты гарадскіх (раённых) Саветаў дэпутатаў ускладзены паўнамоцтвы па ўліку грамадзян, якія жадаюць уступіць у кааператыў па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак або гаражоў (частка першая), а таксама вызначана, якія катэгорыі грамадзян могуць прымацца на ўлік (частка другая), якія прымаюцца ў члены кааператыва ў першую чаргу (частка трэцяя), а якія – без чаргі (частка чацвёртая).
 
Рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 19 чэрвеня 2002 г. № 528 зацверджана Палажэнне аб парадку ўліку жыхароў г. Гродна, якія жадаюць уступіць у кааператыў па будаўніцтву і эксплуатацыі гаражоў для захоўвання індывідуальных транспартных сродкаў, арганізацыі і дзейнасці гэтых кааператываў (далей – Палажэнне).
 
У Палажэнні разам з пытаннямі, якія датычацца пастаноўкі на ўлік, атрымалі рэгламентацыю і іншыя пытанні, а іменна: член гаражнага кааператыва, выключаны з яго, пазбаўляецца права карыстання гаражом (пункт 17); пры выключэнні з гаражнага кааператыва выключанаму члену кааператыва вяртаюцца паявыя ўзносы пасля ацэнкі яго гаража камісіяй ГАУП РТІ, а ў выпадку будаўніцтва гаспадарчым спосабам – кошт будаўнічых матэрыялаў, выкананых работ на момант выключэння, пасля ўнясення паявога ўзносу зноў прынятым членам кааператыва (пункт 18); разлік сумы, якая падлягае выплаце выключанаму члену кааператыва, ажыццяўляецца агульным сходам (рэвізійнай групай) (пункт 19); пай памёршага члена кааператыва пераходзіць да яго наследнікаў ва ўстаноўленым законам парадку. Наследнікі – члены сям'і памёршага, маюць пераважнае права на далейшае выкарыстанне дадзенага кааператыва пры ўмове ўступлення ў яго аднаго з наследнікаў. Наследнікам, якія не маюць аўтатраспартнага сродку або адмовіліся ад карыстання гаражом, выплачваецца кошт паю, што атрымліваецца імі ў спадчыну, у парадку, прадугледжаным пунктамі 17, 18 Палажэння (пункт 22).
 
З аналізу прыведзеных норм вынікае, што пункт 17, абзац другі пункта 22 Палажэння практычна даслоўна ўзнаўляюць змест адпаведна пункта 25 і часткі другой пункта 27 Прыкладнага статута. Пункт 18 Палажэння ў частцы выплаты паявых узносаў члену кааператыва, які выбыў, адпавядае частцы першай пункта 20 Прыкладнага статута. У сваю чаргу, пункт 19 Палажэння ў частцы разліку сумы, якая падлягае выплаце выключанаму члену кааператыва, агульным сходам (рэвізійнай камісіяй) не супярэчыць пункту 29 Прыкладнага статута, што ўстанаўлівае кампетэнцыю агульнага сходу кааператыва, а таксама пунктам 35 і 36 Прыкладнага статута, якія рэгулююць дзейнасць рэвізійнай камісіі.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што асобныя пытанні, якія атрымалі сваё замацаванне ў Палажэнні (пункты 22, 24–26), непасрэдна рэгламентаваны ў ГК. Гэта – падставы набыцця права ўласнасці (артыкул 219 ГК), узнікненне права ўласнасці на зноў створаную маёмасць (артыкул 220 ГК), атрыманне ў спадчыну долі (паю) члена спажывецкага кааператыва (артыкул 1088 ГК).
 
Шэраг пытанняў, што змяшчаюцца ў Палажэнні, як вынікае з ГК, падлягае вызначэнню непасрэдна ў статуце гаражнага каапертыва. Так, згодна з пунктам 2 артыкула 116 ГК статут спажывецкага кааператыва павінен змяшчаць акрамя звестак, указаных у пункце 2 артыкула 48 ГК, умовы і парадак прыёму ў члены кааператыва і спынення членства ў ім; правы і абавязкі членаў кааператыва; аб памеры паявых узносаў членаў кааператыва; аб складзе і парадку ўнясення паявых узносаў членамі кааператыва і аб іх адказнасці за парушэнне абавязацельства па ўнясенню паявых узносаў; аб складзе і кампетэнцыі органаў кіравання кааператывам і парадку прыняцця імі рашэнняў, у тым ліку па пытаннях, рашэнні па якіх прымаюцца аднагалосна або кваліфікаванай большасцю галасоў, аб парадку пакрыцця членамі кааператыва панесеных ім страт.
 
Такім чынам, пункты 17, 18, 19 і 22 Палажэння, якія аспрэчваюцца ў звароце, заснаваны на нормах Прыкладнага статута і не супярэчаць ім.
 
Адначасова Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што некаторыя палажэнні Прыкладнага статута ўстарэлі і не ў поўнай меры адпавядаюць заканадаўству. Так, у пункце 7 Прыкладнага статута вызначана, што прадпрыемствы, установы і арганізацыі не могуць быць членамі кааператыва, а таксама прымаць удзел у будаўніцтве адкрытых стаянак і гаражоў кааператыва за кошт сваіх сродкаў. Аднак у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 116 ГК спажывецкім кааператывам прызнаецца добраахвотнае аб’яднанне грамадзян ці грамадзян і юрыдычных асоб на аснове членства з мэтай задавальнення матэрыяльных (маёмасных) і іншых патрэбнасцей удзельнікаў, якое ажыццяўляецца шляхам аб’яднання яго членамі маёмасных паявых узносаў.
 
У цяперашні час пытанні арганізацыі і дзейнасці адкрытых стаянак урэгуляваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2006 г. № 589 “Аб упарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак”, а таксама пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2007 г. № 9, якой зацверджаны Правілы арганізацыі (будаўніцтва), эксплуатацыі аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак і карыстання імі. Згодна з пунктам 3 названых Правіл арганізацыю і будаўніцтва аўтамабільных стаянак маюць права ажыццяўляць юрыдычныя асобы і (або) індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прынялі ва ўстаноўленым парадку рашэнне аб арганізацыі і будаўніцтве аўтамабільнай стаянкі, па ўзгадненню з адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што Прыкладны статут неабходна прывесці ў адпаведнасць з палажэннямі Канстытуцыі, ГК, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія датычацца арганізацыі і дзейнасці гаражных кааператываў і аўтамабільных стаянак.
 
Канстытуцыйны Суд таксама ўлічвае, што на падставе падпункта 4.1 пункта 4 Плана мерапрыемстваў па забеспячэнню паэтапнага вырашэння сацыяльна значных праблем насельніцтва, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 сакавіка 2006 г. № 343, упаўнаважанымі органамі рыхтуецца праект нарматыўнага прававога акта па пытаннях дзейнасці гаражных кааператываў.
 
Зыходзячы з выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што пункты 17, 18, 19 і 22 Палажэння аб парадку ўліку жыхароў г. Гродна, якія жадаюць уступіць у кааператыў па будаўніцтву і эксплуатацыі гаражоў для захоўвання індывідуальных транспартных сродкаў, арганізацыі і дзейнасці гэтых кааператываў, зацверджанага рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 19 чэрвеня 2002 г. № 528, заснаваны на нормах Прыкладнага статута кааператыва па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак або гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў, якія належаць грамадзянам, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1977 г. № 254.
 
2. З улікам таго, што шэраг іншых норм Прыкладнага статута кааператыва па будаўніцтву і эксплуатацыі адкрытых стаянак або гаражоў для захоўвання транспартных сродкаў, якія належаць грамадзянам, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1977 г. № 254, ўстарэў і не ў поўнай меры адпавядае заканадаўству, прапанаваць упаўнаважаным органам прыняць меры па прывядзенню падзаконных актаў, якія датычацца дзейнасці гаражных кааператываў, у адпаведнасць з Канстытуцыяй, нормамі Грамадзянскага кодэкса, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
  
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч