Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 378

У мэтах удасканалення прававога рэгулявання забеспячэння правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пастанаўляю:
 
1. Незаселеныя жылыя памяшканні*, што належаць на праве ўласнасці дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатных установах, у тым ліку на патранатным выхаванні, у дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, што маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых вёсках (гарадках), дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, падлягаюць здачы мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы знаходжання жылых памяшканняў па дагаворах найму жылых памяшканняў прыватнага жыллёвага фонду для пражывання іншых асобаў.
 
Незаселеныя жылыя памяшканні, што належаць на праве ўласнасці дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем'ях, прыёмных сем'ях, могуць быць здадзены бацькамі-выхавацелямі, апекунамі (папячыцелямі), прыёмнымі бацькамі названых дзяцей па дагаворах найму жылых памяшканняў прыватнага жыллёвага фонду для пражывання іншых асобаў з папярэдняга пісьмовага дазволу органаў апекі і папячыцельства ў адпаведнасці з артыкулам 161 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, які даецца кожны раз, калі ўзнікае неабходнасць у здачы такіх жылых памяшканняў для гэтых мэтаў.
 
У выпадку, калі бацькі-выхавацелі, апекуны (папячыцелі), прыёмныя бацькі больш як тры месяцы не забяспечваюць унясенне платы за тэхнічнае абслугоўванне, адлічэнняў на капітальны рамонт жылога дома і платы за камунальныя паслугі (далей — плата за жыллёва-камунальныя паслугі), мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы знаходжання жылога памяшкання абавязаны здаць гэта жылое памяшканне па дагаворы найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду для пражывання іншых асобаў.
 
Дагаворы найму жылых памяшканняў, названыя ў частках першай—трэцяй гэтага пункта, заключаюцца на перыяд часовай адсутнасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і падлягаюць скасаванню ў выпадку страты такімі дзецьмі статусу дзяцей-сірот або статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або набыцця імі дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме. Памер платы за карыстанне жылым памяшканнем вызначаецца па згодзе бакоў гэтых дагавораў, але не можа быць меншы за 0,1 базавай велічыні за 1 квадратны метр агульнай плошчы ў месяц. Пры гэтым даходы ад здачы жылых памяшканняў, што застаюцца пасля ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, залічаюцца на банкаўскія рахункі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што адкрываюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам, апекунамі (папячыцелямі), асобамі, на якіх заканадаўствам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў (папячыцеляў)**, і не падлягаюць накіраванню на пагашэнне бацькамі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
 
2. Незаселеныя жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, вызваленыя ў сувязі з уладкаваннем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на дзяржаўнае забеспячэнне, адпаведныя ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, прадастаўляюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, у гаспадарчым веданні або аператыўным кіраванні якіх знаходзяцца жылыя памяшканні (далей — дзяржаўныя арганізацыі), грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па тэрміновых дагаворах найму жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, што заключаюцца на перыяд знаходжання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на дзяржаўным забеспячэнні. Пры гэтым апекуны (папячыцелі), асобы, на якіх заканадаўствам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў (папячыцеляў), у якіх дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, абавязаны за тры месяцы да завяршэння знаходжання такіх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні паведаміць аб гэтым мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу (дзяржаўнай арганізацыі), што прадаставіў адпаведнае жылое памяшканне.
 
На працягу двух месяцаў пасля набыцця дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме або па іх жаданню на працягу двух месяцаў пасля спынення навучання ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, пасля завяршэння тэрміновай ваеннай службы мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (дзяржаўная арганізацыя) абавязаны прадаставіць ім раней займаемае жылое памяшканне, якое адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. Калі яны не могуць быць уселены ў жылое памяшканне, з якога выбылі, або пры ўсяленні ў гэта жылое памяшканне яны стануць маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або ў іншых выпадках, калі немагчымасць усялення ў такое жылое памяшканне ўстаноўлена мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання гэтага жылога памяшкання, па жаданню названых асобаў ім прадастаўляецца жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, якое адпавядае па агульнай плошчы нормам прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду і ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням.
 
3. Да прадастаўлення жылога памяшкання ў адпаведнасці з часткай другой пункта 2 гэтага Указа дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечваюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі жылымі памяшканнямі ў інтэрнатах або спецыяльнымі жылымі памяшканнямі, прызначанымі для часовага пражывання асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
 
4. Пры адабранні дзяцей у бацькоў без пазбаўлення бацькоўскіх правоў бацькі з дня прыняцця рашэння аб адабранні дзяцей:
 
страчваюць правы па кіраванню справамі і распараджэнню маёмасцю адабраных у іх дзяцей, а таксама на атрыманне дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, належных дзецям пенсій, аліментаў і іншых бягучых паступленняў, звязаных з утрыманнем адабраных у іх дзяцей;
 
пазбаўляюцца права карыстання ўсімі льготамі і перавагамі, падставай прадастаўлення якіх з'яўляецца факт нараджэння і (або) выхавання адабраных у іх дзяцей.
 
Належныя дзіцяці пенсіі, аліменты і іншыя бягучыя паступленні, звязаныя з яго ўтрыманнем, пералічаюцца на банкаўскі рахунак дзіцяці, што адкрываецца апекуном (папячыцелем), асобай, на якую заканадаўствам ускладзена выкананне абавязкаў апякуна (папячыцеля), у парадку, вызначаным заканадаўствам. Распараджэнне гэтымі сродкамі ў інтарэсах дзіцяці ажыццяўляе яго апекун (папячыцель), асоба, на якую заканадаўствам ускладзена выкананне абавязкаў апекуна (папячыцеля).
 
5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.
 
6. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 г. і прымяняецца да адносінаў, што ўзніклі пасля ўступлення яго ў сілу, а па адносінах, што ўзніклі да ўступлення ў сілу гэтага Указа, прымяняецца да тых правоў і абавязкаў, якія ўзнікнуць пасля ўступлення яго ў сілу.
 
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.
 
9 жніўня 2007 г., г. Мінск.
 
_______________________________________
 
* Для мэтаў гэтага Указа пад незаселенымі жылымі памяшканнямі разумеюцца жылыя памяшканні (частка жылога памяшкання ў выглядзе асобнага пакоя), у якіх не пражываюць паўналетнія грамадзяне, за выключэннем жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якіх па рашэнню суда часова выселены бацькі, абавязаныя пакрываць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
 
** Для мэтаў гэтага Указа пад асобамі, на якіх заканадаўствам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў (папячыцеляў), разумеюцца кіраўнікі дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзяржаўных спецыялізаваных устаноў для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых вёсак (гарадкоў), дзяржаўных устаноў, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмныя бацькі ў прыёмных сем'ях, у якіх дзеці-сіроты, і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.