Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 верасня 2007 г. № З-202/2007
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Камянецкага С.У., старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў; Куляша М.М., начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Сушковай Т.І., начальніка ўпраўлення грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Федарцоў А.А. – першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Петраш А.С. – першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 15 чэрвеня 2007 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
 
Праверцы падлягаў пункт “г” часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г.“Аб пенсіённым забеспячэнні” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі) (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 17, ст. 275; 1994 г., № 8, ст. 111), згодна з якім пенсіі, назначаныя ў адпаведнасці з указаным Законам, павышаюцца грамадзянам, неабгрунтавана рэпрэсіраваным па палітычных матывах у перыяд рэпрэсій 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным, – на 50 працэнтаў мінімальнага размеру пенсіі па ўзросту.
 
У прапанове аб дачы заключэння аб адпаведнасці пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў указала, што згодна з часткай першай пункта 16 Палажэння аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах, зацверджанага пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1990 г. (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій прызнаюцца дзеці, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні; дзеці, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах; дзеці, муж (жонка) асоб, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна.
 
Палата прадстаўнікоў адзначыла, што, нягледзячы на тое што, згодна з часткай другой пункта 16 названага Палажэння, на ўказаных асоб распаўсюджаны парадак і ўмовы аднаўлення правоў, прадастаўлення льгот, устаноўленых для ахвяр палітычных рэпрэсій, на практыцы павышэнне пенсій асобам з ліку дзяцей, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах, а таксама дзяцей асоб, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна, не ажыццяўляецца.
 
Палата прадстаўнікоў мяркуе, што такая практыка прымянення пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” не адпавядае нарматыўным прадпісанням пункта 16 вышэйназванага Палажэння, паколькі перашкаджае рэалізацыі права на павышэнне размеру пенсій, назначаных пенсіянерам з ліку дзяцей, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах, а таксама дзяцей бацькоў, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенік К.І., прадстаўнікоў бакоў, спецыялістаў Халадзінскую Г.У. і Яшкову Л.М., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў, а таксама практыку іх прымянення, вывучыўшы ўсе матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Прававое рэгуляванне адносін па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, аднаўленню іх правоў, прадастаўленню льгот, выплаце кампенсацый, пенсіённаму забеспячэнню ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1990 г. “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1991 г. “Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1990 г. № 349 “Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана рэпрэсіраваным у перыяд 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі) і інш.
 
Згодна з пунктам 2 Палажэння аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах (далей – Палажэнне), яго дзеянне распаўсюджваецца на грамадзян, незаконна рэпрэсіраваных па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах: на падставе судовых пастаноў; на падставе рашэнняў пазасудовых органаў, якія дзейнічалі ў 30–40-х і пачатку 50-х гадоў: “троек”, “двоек”, НКУС – УНКУС, калегій АДПУ і “асобых нарад” НКУС – МДБ – МУС СССР; на падставе рашэнняў выканаўчых камітэтаў мясцовых Саветаў, іншых органаў дзяржаўнай улады аб ссылцы або высылцы сялян і іншых асоб з месцаў пастаяннага пражывання.
 
У адпаведнасці з пунктам 1 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1991 г. “Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь” неабгрунтавана рэпрэсіраванымі з’яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, СССР, замежных дзяржаў або асобы без грамадзянства, прыцягнутыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь судовымі або несудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах да крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя (контррэвалюцыйныя) злачынствы, а таксама па гэтых жа матывах падвергнутыя ссылцы, высылцы, накіраванню на спецпасяленне, выдаленню за межы Рэспублікі Беларусь у адміністрацыйным парадку.
 
На гэтай падставе, згодна з пунктам 2 указанай пастановы, рэабілітацыі падлягаюць:
 
а) асобы, незаконна асуджаныя судамі па абвінавачванню ва ўчыненні дзяржаўных (контррэвалюцыйных) злачынстваў, за выключэннем выпадкаў, указаных у дадзенай пастанове;
 
б) асобы, рэпрэсіраваныя па рашэннях несудовых органаў: калегій і асобых нарад ВЧК, ДПУ – АДПУ, НКУС, МДБ, “двоек”, “троек” ДПУ, УНКУС – НКУС;
 
в) сяляне, члены іх сем’яў і іншыя грамадзяне, якія незаконна падвергліся ссылцы, высылцы, накіраванню на спецпасяленне, выдаленню за межы Рэспублікі Беларусь у адміністрацыйным парадку, а таксама сяляне, у тым ліку прызнаныя кулакамі, асуджаныя за нявыплату павышаных падаткаў і адмаўленне ад выканання павіннасцей і работ, што маюць агульнадзяржаўнае значэнне, па артыкулу 93 і артыкулу 94 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года;
 
г) асобы, незаконна змешчаныя па рашэннях судоў у псіхіятрычныя ўстановы на прымусовае лячэнне ў сувязі з узбуджэннем крымінальных спраў.
 
Пенсіённае забеспячэнне рэабілітаваных грамадзян, згодна з пунктам 15 Палажэння (у рэдакцыі пастановы Вярхоўнага Савета ад 21 снежня 1990 г.) (у цяперашні час – пункт 17), неабходна было ажыццяўляць у адпаведнасці з Законам СССР “Аб пенсіённым забеспячэнні грамадзян у СССР”. Указаны Закон толькі прадугледжваў залік у стаж часу адбывання пакарання ў месцах пазбаўлення волі і ссылцы ў трайным размеры, але не змяшчаў палажэнняў аб павышэнні пенсій.
 
Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 1991 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць пытанні аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах” Палажэнне было дапоўнена пунктам 16 аб прызнанні пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій дзяцей, якія знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, у сувязі з рэпрэсіраваннем іх бацькоў. Згодна з часткай другой дадзенага пункта на ўказаных дзяцей распаўсюджваліся парадак і ўмовы аднаўлення правоў, прадастаўлення льгот і выплаты грашовых кампенсацый, устаноўленыя для ахвяр палітычных рэпрэсій.
 
Пытанне аб павышэнні пенсій ахвярам палітычных рэпрэсій першапачаткова было вырашана ў пастанове Вярхоўнага Савета ад 6 чэрвеня 1991 г., у пункце 10 якой змяшчалася даручэнне Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь павысіць з 1 ліпеня 1991 г. размеры пенсій грамадзянам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным. Спачатку ў адпаведнасці з указанай пастановай з 1 ліпеня 1991 г. размер такога павышэння складаў 25 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросту. Гэта павышэнне распаўсюджвалася як на асоб, якія былі незаконна рэпрэсіраваны і ў далейшым рэабілітаваны, так і, па сцвярджэнню спецыялістаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пасля прыняцця Вярхоўным Саветам пастановы ад 23 снежня 1991 г. – на дзяцей, якія знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, у сувязі з рэпрэсіраваннем іх бацькоў, пры ўмове прадастаўлення імі дакументаў аб рэабілітацыі.
 
Норма аб павышэнні пенсій грамадзянам, неабгрунтавана рэпрэсіраваным па палітычных матывах у перыяд рэпрэсій 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным, у далейшым была замацавана ў артыкуле 68 Закона ад 17 красавіка 1992 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні”, уведзенага ў дзеянне з 1 студзеня 1993 г. Згодна з гэтым Законам у першапачатковай рэдакцыі пенсіі былі павышаны на 25 працэнтаў (пункт “в” часткі першай артыкула 68), а пасля ўнясення ў яго змяненняў і дапаўненняў ад 2 лютага 1994 г. – на 50 працэнтаў мінімальнага размеру пенсіі па ўзросту (пункт “г” часткі першай артыкула 68). Фінансаванне ўказаных расходаў было прадугледжана пры прыняцці дадзенага Закона.
 
З гэтага часу на практыцы пры вырашэнні пытання аб павышэнні пенсій дзецям, якія знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, у сувязі з рэпрэсіраваннем іх бацькоў, упаўнаважаныя дзяржаўныя органы сталі кіравацца нормамі Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, хаця ўказаныя дзеці ў адпаведнасці з пунктам 16 Палажэння былі вызначаны як пацярпеўшыя ад палітычных рэпрэсій, што параджала сумненні ў магчымасці аднясення іх да катэгорыі непасрэдна рэпрэсіраваных.
 
На неабходнасць павышэння пенсій дадзенай катэгорыі дзяцей указвалася ў пісьме Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 2-1/41. Аб гэтым сведчыць таксама Агляд № 4 практыкі прымянення пенсіённага заканадаўства, падрыхтаваны ўказаным Міністэрствам і накіраваны пісьмом ад 18 жніўня 1993 г. № 2-1/158 у абласныя, Мінскі гарадскі аддзелы сацыяльнага забеспячэння, цэнтры па налічэнню і выплаце пенсій і дапамог.
 
Больш таго, у ведамасных актах была звернута ўвага на тое, што правам на павышэнне пенсіі валодаюць не толькі асобы, якія неабгрунтавана рэпрэсіраваны па палітычных матывах у перыяд рэпрэсій 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваны, але і тыя, хто быў рэпрэсіраваны па сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах, хаця ў артыкуле 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” гаворыцца толькі аб рэпрэсіраваных па палітычных матывах.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што з улікам зместу названых паняццяў і іх суадносін такі падыход з’яўляецца правамерным.
 
Аналіз пункта 2 Палажэння, зацверджанага пастановай Вярхоўнага Савета ад 21 снежня 1990 г., і пункта 2 пастановы Вярхоўнага Савета ад 6 чэрвеня 1991 г. у іх узаемасувязі, вывучэнне архіўных спраў і матэрыялаў сведчыць аб прыняцці рашэнняў аб рэпрэсіраванні і ў адносінах да дзяцей, якія накіроўваліся ў ссылку, высылку, на спецпасяленне, у сувязі з рэпрэсіраваннем іх бацькоў. Дзеці, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, цярпелі практычна тыя ж нягоды, што і іх бацькі. Указаныя дзеці змяшчаліся ва ўмовы яўнага пазбаўлення або абмежавання правоў і свабод. У далейшым яны ў адпаведнасці з новым заканадаўствам прызнаваліся кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі рэпрэсіраванымі і падлягалі рэабілітацыі, аб чым ім выдаваліся адпаведныя дакументы з распаўсюджваннем на іх на практыцы дзеяння пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 3 снежня 1993 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць пытанні рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў і аднаўлення іх правоў” пункт 16 Палажэння быў выкладзены ў новай рэдакцыі, згодна з якой разам з дзецьмі, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, да пацярпеўшых ад палітычных рэпрэсій былі аднесены таксама дзеці, якія засталіся сіротамі ў сувязі з рэпрэсіраваннем абодвух бацькоў. Часткай другой дадзенага пункта на ўказаных дзяцей таксама былі распаўсюджаны парадак і ўмовы аднаўлення правоў, прадастаўлення льгот, устаноўленых для ахвяр палітычных рэпрэсій.
 
Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 1994 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах” пункт 16 Палажэння зноў быў выкладзены ў новай рэдакцыі (што дзейнічае і ў цяперашні час), у адпаведнасці з якой гэты пункт быў дапоўнены ўказаннем на яшчэ адну катэгорыю пацярпеўшых ад палітычных рэпрэсій – дзяцей, мужа (жонку) асоб, якія расстраляны або памёрлі ў месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваны пасмяротна.
 
Як і ў адносінах да іншых катэгорый дзяцей, пералічаных у пункце 16 Палажэння, у сілу часткі другой указанага пункта на гэтых асоб былі распаўсюджаны парадак і ўмовы аднаўлення правоў, прадастаўлення льгот, устаноўленых для ахвяр палітычных рэпрэсій.
 
Прамое ўказанне ў пункце 16 Палажэння на дзяцей, якія знаходзіліся разам з рэпрэсіраванымі бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, ссылцы, высылцы, на спецпасяленні, як на асоб, якія перанеслі пакуты (пацярпелі) ад палітычных рэпрэсій, паставіла пад сумненне абгрунтаванасць распаўсюджвання на іх пункта 2 пастановы Вярхоўнага Савета ад 6 чэрвеня 1991 г., у якім гаварылася аб непасрэдна рэпрэсіраваных. Пры гэтым павышэнне ім пенсіі дало падставу іншым катэгорыям дзяцей, гэта значыць тым, хто застаўся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах, а таксама дзецям асоб, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна, дамагацца павышэння пенсіі, паколькі ўсе гэтыя катэгорыі дзяцей былі пералічаны ў адным пункце Палажэння (пункт 16) і прызнаны пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій.
 
Пашырыўшы кола асоб, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, заканадавец у той жа час не замацаваў у Законе “Аб пенсіённым забеспячэнні” права дзяцей, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах; дзяцей асоб, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна (абзацы трэці і чацвёрты часткі першай пункта 16 Палажэння), на павышэнне назначаных ім пенсій.
 
У працэсе нарматворчай дзейнасці Вярхоўны Савет рабіў спробы скарэкціраваць артыкул 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” з мэтай заканадаўчага замацавання права ўсіх дзяцей, прызнаных пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій, на павышэнне ім пенсій, але праект Закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў так і не быў прыняты, аб чым, у прыватнасці, сведчыць стэнаграма пасяджэння Вярхоўнага Савета ад 1 сакавіка 1995 г.
 
Канстытуцыйны Суд, адзначаючы ў сувязі з гэтым калізію двух спецыяльных заканадаўчых актаў – Палажэння і Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, лічыць, што паколькі ў дадзеным выпадку вырашаецца пытанне аб праве на пенсію, то неабходна зыходзіць са зместу норм Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” як спецыяльнага заканадаўчага акта, які рэгулюе адпаведныя адносіны.
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што падрыхтоўка і прыняцце праектаў указаных вышэй пастаноў Вярхоўнага Савета, якія маюць нарматыўны характар, вялася з грубым парушэннем дзеючага заканадаўства, перш за ўсё Часовага рэгламенту Вярхоўнага Савета, у артыкуле 94 якога было прама прадугледжана, што “пры прадастаўленні праекта, рэалізацыя якога патрабуе дадатковых матэрыяльных і іншых затрат, прыкладаецца яго фінансава-эканамічнае абгрунтаванне”. Мяркуючы па стэнаграмах пасяджэнняў Вярхоўнага Савета і іншых наяўных матэрыялах, адпаведнае фінансава-эканамічнае абгрунтаванне праектаў, якія прапаноўваліся, адсутнічала.
 
Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, прынятай 15 сакавіка 1994 г., нарматыўныя прававыя акты павінны былі прымацца Вярхоўным Саветам у форме законаў, якія ў адпаведнасці з яе нормамі падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Насуперак гэтаму 18 кастрычніка 1994 г. Вярхоўны Савет, не ўзаемадзейнічаючы з іншымі галінамі ўлады, як таго патрабавала Канстытуцыя, унёс сваёй пастановай змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах. Указаны акт быў падпісаны Старшынёй Вярхоўнага Савета. Пастанова ад 18 кастрычніка 1994 г. таксама не мела фінансава-эканамічнага абгрунтавання, з яе прыняццем не былі вызначаны крыніцы фінансавання расходаў, якія ёю прадугледжваліся.
 
Такім чынам, Канстытуцыйны Суд канстатуе, што Вярхоўны Савет пры прыняцці сваіх пастаноў па ўказаных пытаннях, у тым ліку пастановы ад 18 кастрычніка 1994 г., неаднаразова і груба парушаў Канстытуцыю і дзеючае заканадаўства.
 
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што нормы пункта 16 Палажэння ў дзеючай рэдакцыі, на якія ў абгрунтаванне сваёй прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” спасылаецца Палата прадстаўнікоў, а таксама іншыя дзяржаўныя органы, што падзяляюць яе пазіцыю, не маюць вяршэнства над нормамі Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”.
 
Скаргі і звароты ў розныя дзяржаўныя органы асоб, прызнаных пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій, Беларускага грамадскага аб’яднання ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў, роўна як і пазіцыі, занятыя дзяржаўнымі органамі па пытанню, што абмяркоўваецца, сведчаць аб неаднастайным разуменні імі на практыцы як пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, так і пункта 16 Палажэння. Такое ўспрыняцце норм дзеючага заканадаўства, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, выклікана пралікамі пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, аднаўленні іх правоў, што ў пэўнай меры абумоўлена як навізной праблемы, якая вырашалася, так і невыкананнем некаторых правіл нарматворчай дзейнасці. Ва ўказаных актах выкарыстоўваюцца розныя паняцці, тэрміны і іх вызначэнні (“ахвяры палітычных рэпрэсій”, “пацярпеўшыя ад палітычных рэпрэсій”, “асобы, якія панеслі пакуты ад палітычных рэпрэсій”; у пункце “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” гаворыцца аб грамадзянах, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах і ў далейшым рэабілітаваных, тады як, згодна з пунктам 2 Палажэння, яно распаўсюджваецца на грамадзян, незаконна рэпрэсіраваных па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах).
 
Гэта прывяло да таго, што ў адказах розных дзяржаўных органаў, роўна як і ў выступленнях на судовым пасяджэнні, мелі месца дыяметральна супрацьлеглыя падыходы: ад прызнання права на павышэнне пенсій усіх катэгорый дзяцей, якія прызнаюцца пацярпеўшымі ад рэпрэсій, да поўнага адмаўлення за ўсімі імі такога права. У сітуацыі, якая склалася, нядзіўна, што пасля ўнясення Вярхоўным Саветам змяненняў у пункт 16 Палажэння пастановай ад 18 кастрычніка 1994 г. дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах, а таксама дзеці бацькоў, расстраляных або памёршых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна, дамагаліся павышэння ім пенсій нараўне з дзецьмі, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што для прававой дзяржавы, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь, асноватворным прынцыпам павінна быць яснае, узгодненае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін.
 
Між тым аналіз нарматыўных прававых актаў адносна павышэння пенсій грамадзянам, незаконна рэпрэсіраваным і ў далейшым рэабілітаваным, у тым ліку дзецям, прызнаным пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій, сведчыць аб неабходнасці правядзення значнай работы па ўпарадкаванню заканадаўства ў частцы тэрмінаў, паняццяў і фармулёвак, якія ў ім выкарыстоўваюцца.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт “г” часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), які прадугледжвае павышэнне размеру пенсій грамадзянам, неабгрунтавана рэпрэсіраваным па палітычных матывах у перыяд рэпрэсій 20–80-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным, адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
2. Прызнаць, што практыка, якая склалася з 1 студзеня 1993 г., заснаваная на распаўсюджванні дзеяння пункта “г” часткі першай артыкула 68 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” толькі на дзяцей, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні і ў далейшым рэабілітаваны з прадастаўленнем ім адпаведных дакументаў, адпавядае мэтам і задачам заканадаўства, што рэгулюе адносіны па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, аднаўленню іх правоў, пенсіённаму забеспячэнню, і адпавядае іх фактычнаму статусу неабгрунтавана рэпрэсіраваных.
 
3. Адзначыць, што ў дзеючым пенсіённым заканадаўстве не прадугледжана права на павышэнне пенсій іншым катэгорыям дзяцей, прызнаных пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій у адпаведнасці з абзацамі трэцім і чацвёртым часткі першай пункта 16 Палажэння аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах, зацверджанага пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1990 г. (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі).
 
4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А.Васілевіч