Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 450

Аб устанаўленні даплат за вучоныя ступені і званні
 
У мэтах стымулявання інтэлектуальна-творчай працы, умацавання навукова-педагагічнага патэнцыялу краіны і павышэння яго ролі ў інавацыйным развіцці эканомікі:
 
1. Устанавіць штомесячныя даплаты ў памерах, кратных тарыфнай стаўцы першага разраду, якая ўстанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў дзяржаўных арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі:
 
1.1. асобам, якія маюць вучоныя званні акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з улікам іх укладу ў навуку і інавацыйнае развіццё краіны, уключаючы непрацуючых пенсіянераў, якія маюць гэтыя званні, — адпаведна чатырнаццаці і дванаццаці.
 
Названыя даплаты выплачваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі па рашэнню яе Прэзідыума аб назначэнні такіх даплат, якое прымаецца штогод не пазней за 15 студзеня;
 
1.2. кіраўнікам, намеснікам кіраўнікоў па асноўнай дзейнасці, дэканам (начальнікам) факультэтаў і іх намеснікам, загадчыкам (начальнікам) кафедраў і іх намеснікам, прафесарска-выкладчыцкаму складу дзяржаўных арганізацый адукацыі, якія маюць:
 
вучоныя ступені доктара і кандыдата навук, — адпаведна шасці і чатыром;
 
вучоныя званні прафесара і дацэнта, — адпаведна чатыром і дзвюм.
 
Даплаты назначаюцца штогод не пазней за 15 студзеня з улікам укладу названых асобаў у падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, навуку і інавацыйнае развіццё краіны;
 
1.3. кіраўнікам, намеснікам кіраўнікоў па асноўнай дзейнасці, навуковым работнікам дзяржаўных навуковых арганізацый і навуковых структурных падраздзяленняў дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, якія маюць:
 
вучоныя ступені доктара і кандыдата навук, — адпаведна шасці і чатыром;
 
вучоныя званні прафесара і дацэнта, — адпаведна чатыром і дзвюм.
 
Даплаты назначаюцца штогод не пазней за 15 студзеня з улікам укладу названых асобаў у навуку і інавацыйнае развіццё краіны;
 
1.4. асобам, якія працуюць (праходзяць службу) у арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту, за выключэннем асобаў, названых у падпунктах 1.2 і 1.3 гэтага пункта, якія маюць:
 
вучоныя ступені доктара і кандыдата навук, — адпаведна тром і паўтара;
 
вучоныя званні прафесара і дацэнта, — адпаведна дзвюм і адной.
 
Даплаты назначаюцца штогод не пазней за 15 студзеня з улікам укладу названых асобаў у інавацыйнае развіццё краіны;
 
1.5. рашэнне аб назначэнні даплат кіраўнікам дзяржаўных арганізацый адукацыі, дзяржаўных навуковых арганізацый, а таксама іншых арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, якія маюць вучоныя ступені і вучоныя званні, прымаецца дзяржаўнымі органамі, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца гэтыя арганізацыі, іншым асобам, пералічаным у падпунктах 1.2 — 1.4, — кіраўнікамі названых арганізацый.
 
2. Даплаты, што выплачваюцца асобам, якія маюць вучоную ступень і вучонае званне, падсумоўваюцца.
 
Даплаты за вучоныя ступені доктара і кандыдата навук, вучоныя званні прафесара і дацэнта асобам, названым у падпункце 1.1 пункта 1 гэтага Указа, не ўстанаўліваюцца.
 
Асобам, якія маюць вучоную ступень доктара навук і вучонае званне прафесара, названым у падпунктах 1.2 — 1.4 пункта 1 гэтага Указа, даплаты за вучоную ступень кандыдата навук і вучонае званне дацэнта не ўстанаўліваюцца.
 
Даплаты за вучоныя ступені доктара і кандыдата навук асобам, якія з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, па асноўным месцы работы (службы) выплачваюцца ў адпаведнасці з пунктам 16 артыкула 48 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь". Даплаты за вучоныя званні прафесара і дацэнта па асноўным месцы работы (службы) гэтым асобам не ўстанаўліваюцца.
 
3. Даплаты за вучоныя ступені і званні, прадугледжаныя ў падпунктах 1.2 — 1.4 пункта 1 гэтага Указа, выплачваюцца па месцы работы (службы) прапарцыянальна фактычна адпрацаванаму часу (аб'ёму выконваемых работ) і ўключаюцца ў затраты па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні.
 
У арганізацыях, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, даплаты, названыя ў пункце 1 гэтага Указа, выплачваюцца за кошт сродкаў адпаведных бюджэтаў.
 
4. Прызнаць страціўшымі сілу:
 
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 1996 г. № 384 "Аб устанаўленні памераў даплат за вучоныя званні і ступені" (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 27, ст. 707);
 
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1997 г. № 564 "Аб унясенні дапаўнення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 1996 г. № 384 і прызнанні страціўшым сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 г. № 11" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 31, ст. 996);
 
пункт 4 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 1998 г. № 390 "Аб дадатковых мерах па рэалізацыі Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі статусу вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыі" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь,
1998 г., № 22, ст. 587);
 
падпункт 4.1 пункта 4 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2002 г. № 362 "Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі навукі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 78, 1/3829);
 
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2004 г. № 238 "Аб унясенні дапаўненняў і змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 1996 г. № 384" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., № 77, 1/5527).
 
5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
 
6. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 г.
 
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.
 
25 верасня 2007 г.
 
г. Мінск