Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 498

Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян
і юрыдычных асобаў

У мэтах прыняцця дадатковых мераў па абароне і забеспячэнні рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асобаў, належным разглядзе іх зваротаў дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі:

1. Устанавіць, што:

1.1. звароты (прапановы, заявы, скаргі) грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама юрыдычных асобаў (далей, калі не названа іншае, — звароты), незалежна ад таго, у які дзяржаўны орган або іншую арганізацыю яны паступілі, першапачаткова падлягаюць разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй:

у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, падпарадкаваных (падсправаздачных) ім арганізацыях, тэрытарыяльных падраздзяленнях (органах) і арганізацыях, падпарадкаваных (падсправаздачных) рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду, іншым дзяржаўным органам, іншым арганізацыям, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць і размешчаных у межах той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, на тэрыторыі якой узніклі пытанні, выкладзеныя ў зваротах (далей — мясцовыя органы);

у іншых дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, калі пытанні, выкладзеныя ў зваротах, адносяцца да выключнай кампетэнцыі гэтых органаў або арганізацый;

1.2. дзяржаўны орган, іншая арганізацыя (далей, калі не вызначана іншае, — арганізацыя) пры паступленні да іх звароту, які змяшчае пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да іх кампетэнцыі, або звароту, які не разглядаўся раней у парадку, устаноўленым падпунктам 1.1 гэтага пункта, у пяцідзённы тэрмін з дня рэгістрацыі звароту накіроўваюць яго для разгляду ў адпаведнасці з кампетэнцыяй у арганізацыі, названыя ў абзацах другім або трэцім падпункта 1.1 гэтага пункта, з паведамленнем аб гэтым аўтару звароту;

1.3. рашэнне арганізацыі па звароту можа быць абскарджана ў вышэйстаячы адносна яе ў адпаведнасці з яе падпарадкаванасцю (падсправаздачнасцю) дзяржаўны орган, іншую арганізацыю (далей — вышэйстаячы орган). Інфармацыя аб назве, месцы знаходжання і рэжыме работы вышэйстаячых органаў павінна размяшчацца ў арганізацыях у агульнадаступных месцах (на інфармацыйных стэндах, табло і (або) іншым спосабам).

Пры абскарджанні рашэння дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі, падпарадкаваных (падсправаздачных) непасрэдна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, адпаведны зварот можа разглядацца ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым падпунктам 1.4 гэтага пункта для вышэйстаячага органа.

Рашэнне вышэйстаячага органа па звароту можа быць абскарджана ў суд;

1.4. вышэйстаячы орган пры паступленні да яго звароту, аўтар якога не задаволены вынікамі яго разгляду падпарадкаванай (падсправаздачнай) гэтаму вышэйстаячаму органу арганізацыяй, правярае звесткі, што змяшчаюцца ў звароце, і пры наяўнасці падстаў для станоўчага вырашэння выкладзеных у звароце пытанняў разглядае зварот па сутнасці або выдае адпаведным арганізацыям, названым у абзацах другім або трэцім падпункта 1.1 гэтага пункта, абавязковае для выканання прадпісанне аб належным вырашэнні гэтых пытанняў, аб чым паведамляе аўтару звароту. Арганізацыя, якая атрымала гэта прадпісанне, павінна выканаць яго ў названы ў прадпісанні тэрмін, але не больш як за адзін месяц, і на працягу трох дзён з моманту яго выканання паведаміць аб гэтым вышэйстаячаму органу, а таксама паведаміць аўтару звароту;

1.5. звароты юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама звароты, што паступілі з рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, разглядаюцца арганізацыямі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам для разгляду зваротаў грамадзян, за выключэннем выпадкаў, калі заканадаўствам устаноўлены іншы парадак разгляду зваротаў юрыдычных асобаў або індывідуальных прадпрымальнікаў.

2. Зацвердзіць прыкладзены пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва (далей — пералік).

Звароты падлягаюць разгляду па сутнасці ў названых у пераліку мясцовых органах, калі выкладзеныя ў іх пытанні адносяцца да адпаведных сфераў жыццядзейнасці насельніцтва.

Пры гэтым рашэнні гэтых мясцовых органаў па зваротах могуць быць абскарджаны ў названыя ў пераліку адпаведныя вышэйстаячыя органы.

3. Звароты грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, павінны адпавядаць патрабаванням, устаноўленым у частках першай і другой артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года "Аб зваротах грамадзян" у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 1 лістапада 2004 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 376; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г.,
№ 189, 2/1089).

Звароты юрыдычных асобаў павінны змяшчаць:

Назву і (або) адрас арганізацыі, у якую накіроўваецца зварот;

Поўную назву юрыдычнай асобы і яе юрыдычны адрас;

выкладанне сутнасці звароту;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і подпіс кіраўніка або асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць звароты, завераны пячаццю юрыдычнай асобы.

Да зваротаў грамадзян, якія выступаюць у якасці прадстаўнікоў юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і (або) у інтарэсах гэтых асобаў, павінны таксама прыкладацца дакументы, што пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.

У зваротах грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама юрыдычных асобаў павінна змяшчацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду з прыкладаннем (пры наяўнасці) дакументаў, што пацвярджаюць гэту інфармацыю.

4. Зварот лічыцца разгледжаным па сутнасці, калі ў выніку яго разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам вырашаны ўсе выкладзеныя ў звароце пытанні, прыняты належныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленні правоў і законных інтарэсаў аўтара звароту і ў выпадку разгляду пісьмовага звароту яго аўтару дадзены пісьмовы адказ.

5. Пісьмовыя звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці, калі:

звароты не адпавядаюць патрабаванням, названым у частках першай — трэцяй пункта 3 гэтага Указа;

у зваротах змяшчаюцца нецэнзурныя або абразлівыя словы або выразы;

тэкст звароту не паддаецца прачытанню;

звароты падлягаюць разгляду толькі ў парадку канстытуцыйнага, крымінальнага, грамадзянскага, гаспадарчага судаводства, вядзення па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ў іншым парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду прымае кіраўнік арганізацыі, у якую паступіў зварот, або ўпаўнаважаная ім службовая асоба.

Пры пакіданні звароту без разгляду па сутнасці і пры наяўнасці даных аб месцы жыхарства (юрыдычным адрасе) аўтара арганізацыя ў пяцідзённы тэрмін з дня рэгістрацыі звароту пісьмова, за подпісам асобы, названай у частцы другой гэтага пункта, паведамляе аўтару аб прычынах пакідання звароту без разгляду па сутнасці і вяртае яму арыгіналы дакументаў, прыкладзеных да звароту, а ў выпадку, названым у абзацы пятым часткі першай гэтага пункта, таксама растлумачвае, у якую арганізацыю і ў якім парадку трэба звярнуцца для вырашэння выкладзеных у звароце пытанняў.

Звароты, што змяшчаюць інфармацыю аб злачынстве, што рыхтуецца, учыняецца або ўчынена, або іншым правапарушэнні, у пяцідзённы тэрмін з дня іх рэгістрацыі ў арганізацыі накіроўваюцца імі ў адпаведныя праваахоўныя або іншыя дзяржаўныя органы.

6. У арганізацыях у агульнадаступных месцах павінна размяшчацца інфармацыя аб часе і месцы асабістага прыёму іх кіраўнікамі і іншымі службовымі асобамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама прадстаўнікоў юрыдычных асобаў (далей — асабісты прыём), а пры наяўнасці папярэдняга запісу на прыём — аб парадку яго ажыццяўлення.

7. Старшыні мясцовых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах абавязаны ажыццяўляць асабісты прыём, у тым ліку па наступных адзіных днях:

старшыні абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў — у першую сераду месяца;

старшыні гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання), раённых выканаўчых камітэтаў — у другую і чацвёртую сераду месяца;

старшыні гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), сельскіх, пасялковых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах — у кожную сераду месяца.

Працягласць асабістага прыёму ў названыя адзіныя дні павінна складаць не менш за 6 гадзін. Асабісты прыём у гэтыя дні павінен пачынацца не пазней за 8 гадзін або завяршацца не раней за 20 гадзін.

У адзіныя дні асабістага прыёму забаронена прыцягненне старшынь адпаведных выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах да іншых мерапрыемстваў, калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь.

Пры часовай адсутнасці ў адзіны дзень асабістага прыёму старшыні адпаведнага выканаўчага камітэта, кіраўніка мясцовай адміністрацыі раёна ў горадзе асабісты прыём ажыццяўляе асоба, якая выконвае яго абавязкі. Пры гэтым старшыня выканаўчага камітэта, кіраўнік мясцовай адміністрацыі раёна ў горадзе абавязаны ажыццявіць асабісты прыём не менш як
1 раз у месяц.

Калі на адзіны дзень асабістага прыёму прыпадае дзяржаўнае свята або святочны дзень, аб'яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочым, адзіны дзень асабістага прыёму пераносіцца на наступны за ім рабочы дзень.

Персанальную адказнасць за арганізацыю асабістага прыёму ў адзіныя дні, устаноўленыя ў частцы першай гэтага пункта, нясуць старшыні адпаведных выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах.

8. Арганізацыі ў мэтах пастаяннага ўдасканалення работы са зваротамі абавязаны вывучаць, аналізаваць і сістэматызаваць пытанні, што змяшчаюцца ў іх, даныя аб колькасці і характары зваротаў і прынятых па іх рашэнняў, праводзіць праверкі захавання парадку разгляду зваротаў у гэтых арганізацыях і прымаць меры па ўстараненні названых у іх і выяўленых у ходзе праверак недахопаў.

9. Вышэйстаячыя органы ажыццяўляюць праверкі захавання ў падпарадкаваных (падсправаздачных) ім арганізацыях парадку разгляду зваротаў не радзей як адзін раз у год згодна з графікам праверак, які зацвярджаецца кіраўнікамі вышэйстаячых органаў на адпаведны каляндарны год.

Пры гэтым адносна:

структурных падраздзяленняў абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, што ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці), праверкі праводзяцца абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі і адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання;

структурных падраздзяленняў іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, што ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці), праверкі праводзяцца вышэйстаячым адносна мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, у структуру якога ўваходзяць гэтыя структурныя падраздзяленні, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і самім мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

10. Пры выяўленні вышэйстаячым органам ў падпарадкаваных (падсправаздачных) яму арганізацыях незніжальнай на працягу трох і больш месяцаў колькасці нарушэнняў парадку разгляду зваротаў або аднаразовага грубага парушэння заканадаўства аб зваротах вышэйстаячы орган абавязаны арганізаваць выязную праверку работы са зваротамі ў адпаведнай арганізацыі.

11. Вышэйстаячы орган па кожным выпадку неналежнага разгляду падпарадкаванымі (падсправаздачнымі) яму арганізацыямі зваротаў накіроўвае іх кіраўніку прадстаўленне аб прыцягненні службовых асобаў, якія дапусцілі парушэнне парадку разгляду зваротаў, да дысцыплінарнай адказнасці, а пры выяўленні на працягу года паўторнага парушэння гэтымі службовымі асобамі парадку разгляду зваротаў — прадстаўленне аб прымяненні да гэтых асобаў больш строгай меры дысцыплінарнага спагнання аж да вызвалення ад займаемай пасады.

12. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

12.1. сумесна з абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі забяспечыць:

давядзенне палажэнняў гэтага Указа да насельніцтва, у тым ліку праз шырокае асвятленне ў рэспубліканскіх і мясцовых сродках масавай інфармацыі;

у шасцімесячны тэрмін прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняцце іншых мераў па яго рэалізацыі;

12.2. сумесна з Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін падрыхтаваць і прадставіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для ўнясення на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праект закона Рэспублікі Беларусь аб комплексным рэгуляванні парадку разгляду зваротаў.

13. Да прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам яны прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць гэтаму Указу.

14. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

15. Дзеянне гэтага Указа распаўсюджваецца на адносіны, што ўзніклі пасля яго ўступлення ў сілу.

16. Гэты Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 12 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

15 кастрычніка 2007 г. г. Мінск.

Пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва змешчаны на сайце www.presіdent.gov.by