Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 504

Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню здзелак па адчужэнню
транспартных сродкаў

У мэтах упарадкавання здзелак па адчужэнню транспартных сродкаў і належнага забеспячэння правоў грамадзян пры іх ажыццяўленні:

1. Устанавіць, што:

1.1. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь здзелкі па адчужэнню транспартных сродкаў, падлеглых дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнаму ўліку ў адпаведнасці з заканадаўствам, якія заключаюцца паміж фізічнымі асобамі, а таксама здзелкі па адчужэнню фізічнымі асобамі такіх транспартных сродкаў юрыдычным асобам або індывідуальным прадпрымальнікам павінны ажыццяўляцца ў простай пісьмовай форме шляхам складання дагавораў з улікам патрабаванняў гэтага Указа;

1.2. дагаворы куплі-продажу, мены, дарэння транспартных сродкаў (далей — дагаворы), якія заключаюцца ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта, складаюцца ў трох экзэмплярах, уступаюць у сілу з дня іх рэгістрацыі ў рэгістрацыйных або рэгістрацыйна-экзаменацыйных падраздзяленнях Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў (далей — рэгістрацыйныя падраздзяленні) у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, з прастаўленнем адзнакі аб праведзенай рэгістрацыі на кожным экзэмпляры. Адзін экзэмпляр дагавора застаецца ў фізічнай асобы, якая адчужае транспартны сродак, другі — у фізічнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы, якая набывае гэты транспартны сродак, трэці — у рэгістрацыйным падраздзяленні.

За рэгістрацыю дагавораў плата не спаганяецца.

Формы тыпавых дагавораў зацвярджаюцца Міністэрствам унутраных спраў сумесна з Міністэрствам юстыцыі.

У выпадку, калі транспартны сродак не быў зняты з дзяржаўнага ўліку да ажыццяўлення здзелкі па яго адчужэнню, адначасова з рэгістрацыяй дагавораў ажыццяўляецца зняцце транспартнага сродку з дзяржаўнага ўліку ў рэгістрацыйным падраздзяленні па месцы яго дзяржаўнай рэгістрацыі;

1.3. фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі або юрыдычныя асобы, якія набылі транспартныя сродкі на падставе дагавора, абавязаны паставіць іх на дзяржаўны ўлік не пазней як за дзесяць дзён з даты рэгістрацыі дагавора ў рэгістрацыйным падраздзяленні ў адпаведнасці з падпунктам 1.2 гэтага пункта. Далейшае адчужэнне транспартных сродкаў фізічнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі або юрыдычнымі асобамі, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія ажыццяўляюць гандаль транспартнымі сродкамі, без іх пастаноўкі на дзяржаўны ўлік не дапускаецца;

1.4. пры адчужэнні юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі (далей — суб'екты гандлю) на падставе дагавора рознічнай куплі-продажу транспартных сродкаў з рабочым аб'ёмам рухавіка 50 кубічных сантыметраў і больш і максімальнай канструктыўнай скорасцю больш як 50 кіламетраў у гадзіну, прычэпаў да іх, акрамя бакавых прычэпаў да матацыклаў, а таксама кузаваў, кабін, шасі, рам (далей — транспартныя сродкі) гэтымі суб'ектамі гандлю выдаецца пакупніку, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, рахунак-даведка, якая з'яўляецца дакументам, што пацвярджае заключэнне такога дагавора;

1.5. афармленне рахункаў-даведак суб'ектамі гандлю з'яўляецца паслугай, звязанай з продажам транспартных сродкаў, і як асобны від прадпрымальніцкай дзейнасці ажыццяўляцца не можа;

1.6. колькасць аформленых суб'ектам гандлю рахункаў-даведак павінна адпавядаць колькасці прададзеных ім транспартных сродкаў;

1.7. бланк рахунка-даведкі з'яўляецца бланкам строгай справаздачнасці.

Узоры і кошт бланка рахунка-даведкі зацвярджаюцца Міністэрствам фінансаў.

Міністэрства фінансаў забяспечвае выраб бланкаў рахункаў-даведак і іх рэалізацыю па заяўках суб'ектаў гандлю.

Фінансаванне вырабу бланкаў рахункаў-даведак ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству фінансаў на іншыя расходы, не аднесеныя да іншых падраздзелаў.

Сродкі ад рэалізацыі бланкаў рахункаў-даведак залічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт;

1.8. кошт выкарыстаных суб'ектамі гандлю бланкаў рахункаў-даведак уключаецца ў сабекошт прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і ў затраты на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні.

Набытыя суб'ектамі гандлю бланкі рахункаў-даведак не падлягаюць адчужэнню іншым асобам.

Кошт набытых суб'ектамі гандлю бланкаў рахункаў-даведак не кампенсуецца.

2. Дзеянне пункта 1 гэтага Указа не распаўсюджваецца на здзелкі па адчужэнню транспартных сродкаў, заключаныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа.

3. Аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму прыняць меры па забеспячэнню магчымасці выплаты падаткаў, збораў (пошлін), звязаных з адчужэннем (набыццём) транспартнага сродку, устаноўленых на дзень яго дзяржаўнай рэгістрацыі, і заключэння дагавораў абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў у будынках, збудаваннях, занятых рэгістрацыйным падраздзяленнем, або ў непасрэднай блізкасці ад гэтых будынкаў, збудаванняў.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

устанавіць парадак рэгістрацыі дагавораў куплі-продажу, мены, дарэння транспартных сродкаў, заключаных у адпаведнасці з гэтым Указам;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасці з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

5. Міністэрству ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам юстыцыі зацвердзіць формы тыпавых дагавораў куплі-продажу, мены, дарэння транспартнага сродку згодна з часткай трэцяй падпункта 1.2 пункта 1 гэтага Указа.

6. Гэты Указ уступае ў сілу праз 30 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пунктаў 3—5 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

15 кастрычніка 2007 г. г. Мінск.