Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 638

Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва

У мэтах узмацнення дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва ў сувязі з упарадкаваннем сацыяльных ільгот пастанаўляю:

1. Дзяржаўная падтрымка насельніцтва ажыццяўляецца ў форме:

1.1. дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (штомесячнай сацыяльнай дапамогі і (або) аднаразовай сацыяльнай дапамогі) на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, адзення, абутку, праязных білетаў, школьных прылад і на іншыя патрэбы для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці;

1.2. безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай кампенсацыі платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, іх тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) і адлічэнняў на капітальны рамонт.

2. Устанавіць, што:

2.1. штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем'ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку (далей — сем'і (грамадзяне), пры ўмове, калі іх сярэднедушавы даход па аб'ектыўных прычынах не перасягае 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Урадам Рэспублікі Беларусь, за два апошнія кварталы (далей — крытэрый патрэбнасці). Памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі на кожнага члена сям'і, уключаючы кожнага студэнта (навучэнца) незалежна ад месца яго вучобы, а таксама на грамадзяніна, які пражывае асобна або вядзе раздзельную гаспадарку, — атрымальнікаў гэтай дапамогі складае дадатную розніцу паміж крытэрыем патрэбнасці і сярэднедушавым даходам сям'і (грамадзяніна), вызначаным у парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь;

2.2. права на аднаразовую сацыяльную дапамогу маюць сем'і (грамадзяне), якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі*, якая аб'ектыўна парушае іх нармальную жыццядзейнасць, калі іх сярэднедушавы даход, што вызначаецца ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь, не перасягае 120 працэнтаў крытэрыю патрэбнасці. Памер аднаразовай сацыяльнай дапамогі ўстанаўліваецца ў межах ад 50 да 500 працэнтаў крытэрыю патрэбнасці ў залежнасці ад цяжкай жыццёвай сітуацыі, у якой знаходзіцца сям'я (грамадзянін);

2.3. безнаяўныя жыллёвыя субсідыі прадастаўляюцца сем'ям (грамадзянам) пры ўмове, калі сума платы за камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), вызначаная зыходзячы з устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь для разліку гэтых субсідый нормаў (нарматываў) іх спажывання, і за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, адлічэнняў на капітальны рамонт у межах 20 кв. метраў агульнай плошчы на кожнага члена сем'і, які пражывае ў жылым памяшканні, перасягае:

20 працэнтаў сукупнага даходу сям'і (грамадзяніна), якая пражывае (які пражывае) у горадзе, пасёлку гарадскога тыпу;

15 працэнтаў сукупнага даходу сям'і (грамадзяніна), якая пражывае (які пражывае) у сельскім населеным пункце.

Памер штомесячнай безнаяўнай жыллёвай субсідыі сям'і (грамадзяніну) вызначаецца як розніца паміж сумай названай платы і сумай, што складае адпаведна 20 і 15 працэнтаў сукупнага даходу сям'і (грамадзяніна).

3. Дзяржаўная падтрымка ў форме штомесячнай сацыяльнай дапамогі і безнаяўнай жыллёвай субсідыі не назначаецца грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку або ў складзе сям'і:

якія з'яўляюцца курсантамі ваенных навучальных устаноў або ўстаноў адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Камітэта дзяржаўнай бяспекі;

якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі або знаходзяцца на прымусовым лячэнні;

якія кампенсуюць расходы па ўтрыманню дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні;

якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзяржаўных стацыянарных арганізацыях сацыяльнага абслугоўвання, дзіцячых інтэрнатных установах, дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якім патрэбна сацыяльная дапамога і рэабілітацыя, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках) або на дзяржаўным забеспячэнні ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у перыяд навучання ў гэтых установах у дзённай форме атрымання адукацыі, у тым ліку на падрыхтоўчых аддзяленнях;

якія з'яўляюцца непрацуючымі працаздольнымі асобамі, не зарэгістраванымі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленні (аддзеле) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта ў якасці беспрацоўных (акрамя асобаў, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, інваліда І групы або асобы, якая дасягнула
80-гадовага ўзросту, а таксама дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага вірусам імунадэфіцыту чалавека);

якія з'яўляюцца непрацуючымі працаздольнымі асобамі, зарэгістраванымі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленні (аддзеле) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта ў якасці беспрацоўных, але не выконваюць патрабаванняў заканадаўства аб занятасці насельніцтва;

якія з'яўляюцца непрацуючымі працаздольнымі асобамі, зарэгістраванымі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мін-скага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленні (аддзеле) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта ў якасці беспрацоўных менш як тры месяцы на дату звароту па дзяржаўную патрымку. Названы тэрмін не прымяняецца да асобаў, зарэгістраваных у органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на працягу месяца пасля:

звальнення з работы (службы) у выпадку ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэння колькасці або штату работнікаў;

дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў, дзіцем-інвалідам і дзіцем, інфіцыраваным вірусам імунадэфіцыту чалавека, узросту 18 гадоў;

звальнення з воінскай службы;

завяршэння работы па праграме часовай занятасці або сезоннай работы;

завяршэння навучання ва ўстанове адукацыі;

вызвалення з месцаў пазбаўлення волі;

атрымання статусу бежанца або прадастаўлення прытулку;

змены месца жыхарства.

Дзяржаўная падтрымка ў форме штомесячнай сацыяльнай дапамогі і безнаяўнай жыллёвай субсідыі, акрамя выпадкаў, прадугледжаных у частцы першай гэтага пункта, не прадастаўляецца таксама сям'і (грамадзяніну), калі член сям'і (грамадзянін):

мае ў прыватнай уласнасці больш за адно жылое памяшканне (кватэру);

здае па дагавору найму (паднайму) жылое памяшканне;

здае па дагавору арэнды іншую нерухомую маёмасць (дачу, гараж);

з'яўляецца ўласнікам маёмасці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, месцам дзяржаўнай рэгістрацыі (месцам знаходжання) якога з'яўляецца жылое памяшканне, у якім пражывае сям'я (грамадзянін);

ажыццяўляў за кошт уласных сродкаў выязны турызм на працягу апошніх дванаццаці месяцаў перад датай звароту за назначэннем штомесячнай сацыяльнай дапамогі;

вучыцца ва ўстанове адукацыі за кошт уласных сродкаў;

мае зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі або калектыўнага садоўніцтва, але не выкарыстоўвае яго для атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі (акрамя адзінокіх інвалідаў I, II групы і грамадзян, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту).

4. Кіраўнікі дзяржаўных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, могуць аказваць матэрыяльную дапамогу на праезд навучэнцам і студэнтам, якія маюць у гэтым патрэбу (незалежна ад прадастаўлення ім дзяржаўнай падтрымкі ў складзе сям'і ў адпаведнасці з пунктам 2 гэтага Указа), у парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь:

якія вучацца за кошт рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, — са сродкаў, што выдзяляюцца на стыпендыяльнае забеспячэнне і накіроўваюцца на аказанне ім матэрыяльнай дапамогі, што атрымліваюцца ад пазабюджэтнай дзейнасці, а таксама з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам;

якія вучацца на платнай аснове, — са сродкаў, што атрымліваюцца ад пазабюджэтнай дзейнасці, а таксама з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

5. Дзяржаўная падтрымка насельніцтва, прадугледжаная гэтым Указам, не абкладаецца падаходным падаткам.

6. Службовыя асобы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых арганізацый нясуць дысцыплінарную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы аж да вызвалення ад займаемай пасады і адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян за валакіту, бюракратызм, парушэнне парадку і тэрмінаў разгляду заяў грамадзян, у тым ліку за патрабаванне ў грамадзян залішніх дакументаў для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і безнаяўных жыллёвых субсідый, невыкананне іншых патрабаванняў гэтага Указа пры вырашэнні пытання аб прадастаўленні дзяржаўнай падтрымкі сем'ям (грамадзянам).

7. Сем'і (грамадзяне) нясуць адказнасць за дакладнасць звестак аб даходах і маёмасці, што належыць членам сем'і (грамадзяніну) на праве ўласнасці, а таксама звестак аб змяненні складу сям'і і іншых даных, што прадстаўляюцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і іншыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць у адпаведнасці з гэтым Указам назначэнне і выплату дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і безнаяўных жыллёвых субсідый.

У выпадку наўмыснага ўтойвання названых звестак (прадстаўлення недакладных звестак) сем'і (грамадзяне) пазбаўляюцца права на зварот за дзяржаўнай падтрымкай і атрыманне такой падтрымкі, устаноўленай гэтым Указам.

8. Зацвердзіць прыкладзеныя:

Палажэнне аб парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі;

Палажэнне аб парадку прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый.

9. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям, якія ажыццяўляюць у адпаведнасці з гэтым Указам назначэнне і выплату дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і безнаяўных жыллёвых субсідый, даваць растлумачэнні сем'ям (грамадзянам) аб парадку і ўмовах назначэння і выплаты дзяржаўнай падтрымкі, вызначанай у гэтым Указе.

10. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

пры фарміраванні бюджэту на чарговы бюджэтны (фінансавы) год прадугледжваць дадатковыя сродкі на стыпендыяльнае забеспячэнне для аказання матэрыяльнай дапамогі на праезд студэнтам і навучэнцам, якія маюць у гэтым патрэбу;

у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

11. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

12. Гэты Указ уступае ў сілу з дня ўступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 147, 2/1336), за выключэннем пункта 10 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання Указа.

ПрэзідэнтРэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

14 снежня 2007 г., г. Мінск.

_______________________________________________

* Для мэтаў гэтага Указа пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй разумеюцца абставіны, складаныя для самастойнага вырашэння (поўная непрацаздольнасць па прычыне ўзросту або інваліднасці, няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з хваробай, патрэбнасць у тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі, стыхійныя бедствы, катастрофы, пажары і іншыя абставіны).