Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 9

Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў

У мэтах стымулявання эканамічнага развіцця сельскіх населеных пунктаў і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

1. Устанавіць, што:

1.1. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія знаходзяцца (пражываюць) у сельскіх населеных пунктах, пры ажыццяўленні ў гэтых, а таксама ў іншых сельскіх населеных пунктах дзейнасці па вытворчасці тавараў (выкананню работ, аказанню паслуг) маюць права прымяняць парадак падаткаабкладання, выплаты абавязковых плацяжоў у бюджэт, выдачы (унясення змяненняў і (або) дапаўненняў) спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) у адпаведнасці з гэтым Дэкрэтам (далей — асаблівы парадак).

Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, названыя ў частцы першай гэтага падпункта, не маюць права прымяняць асаблівы парадак пры:

ажыццяўленні адначасова дзейнасці на іншай тэрыторыі;

вытворчасці падакцызных тавараў;

вытворчасці і (або) рэалізацыі ювелірных вырабаў з каштоўных металаў і (або) каштоўных камянёў;

ажыццяўленні латарэйнай, гандлёва-пасрэдніцкай, турыстычнай (за выключэннем аграэкатурызму), рыэлтарскай, страхавой, банкаўскай дзейнасці, прафесійнай дзейнасці на рынку каштоўных папер, дзейнасці ў сферы ігральнага бізнэсу, а таксама ў рамках простага таварыства і (або) гаспадарчай групы;

1.2. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта:

1.2.1. з 1 студзеня 2008 г. па 31 снежня 2012 г.:

вызваляюцца ад выплаты падатку на прыбытак, а таксама падатку на нерухомую маёмасць з кошту аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў;

выплачваюць дзяржаўную пошліну за выдачу спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) у памерах 50 працэнтаў (арганізацыі) і 25 працэнтаў (індывідуальныя прадпрымальнікі) ад устаноўленага заканадаўствам памеру за яго выдачу;

вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за ўнясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у спецыяльны дазвол (ліцэнзію).

Не маюць права карыстацца льготамі, пералічанымі ў частцы першай гэтага падпункта, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі:

якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання або падатковыя льготы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, у тым ліку з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2007 г. № 265 "Аб Дзяржаўнай комплекснай праграме развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007—2010 гады" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г.,
№ 144, 1/8650);

якія выплачваюць адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асобаў, збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці;

1.2.2. пры ажыццяўленні на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў дзейнасці ў галіне будаўніцтва, прамысловасці будаўнічых матэрыялаў не праводзяць з 1 студзеня 2008 г. па 31 снежня 2010 г. адлічэнні ад сабекошту будаўнічых, у тым ліку рамонтна-будаўнічых, а таксама спецыяльных і мантажных работ у інавацыйныя фонды, што ўтвараюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Іншыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне будаўніцтва, прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, таксама не праводзяць з 1 студзеня 2008 г. па 31 снежня 2010 г. адлічэнні ў названыя інавацыйныя фонды ад сабекошту будаўнічых, у тым ліку рамонтна-будаўнічых, а таксама спецыяльных і мантажных работ, выкананых на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта;

1.3. вызваляюцца ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дабаўленую вартасць тэхналагічнае абсталяванне, камплектуючыя і запасныя часткі да яго (далей — тавары), што ўвозяцца на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для ўнясення астатняй часткі (павелічэння) статутнага фонду арганізацый, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта. Сумарны кошт тавараў не павінен перасягаць велічыню неграшовага ўкладу, названага ва ўстаноўчых дакументах такіх арганізацый.

Тавары павінны быць заяўлены ў мытным рэжыме свабоднага абарачэння на тэрмін, устаноўлены заканадаўствам для фарміравання мінімальнага памеру статутнага фонду, а пры павелічэнні мінімальнага памеру статутнага фонду — на тэрмін, вызначаны органам кіравання арганізацыі (заснавальнікам, удзельнікам), упаўнаважаным прымаць рашэнне аб змяненні памеру статутнага фонду.

Умовай прадастаўлення льгот па выплаце ўвазных мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць згодна з часткай першай гэтага падпункта з'яўляецца пацвярджэнне адпаведнага раённага (гарадскога) выканаўчага камітэта аб тым, што ўвозімыя тавары адносяцца да тэхналагічнага абсталявання, камплектуючых і запасных частак да гэтага абсталявання, а арганізацыя, для ўкладу ў статутны фонд якой увозяцца такія тавары, знаходзіцца ў сельскім населеным пункце і мае права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта.

Пры ліквідацыі па рашэнні заснавальнікаў (удзельнікаў) або органа юрыдычнай асобы, упаўнаважанага на тое ўстаноўчымі дакументамі, арганізацыі, якая скарысталася льготамі згодна з часткай першай гэтага падпункта, а таксама пры правядзенні гэтай арганізацыяй здзелак, што прадугледжваюць пераход права ўласнасці на тавары, увезеныя з ільготамі па выплаце мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць, або пры перадачы такіх тавараў у часовае ўладанне і (або) карыстанне (за выключэннем перадачы іх арганізацыям, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта, пры ўмове ўнясення названымі арганізацыямі гэтых тавараў ва ўстаноўленым парадку ў статутны фонд), а таксама пры парушэнні абмежаванняў прымянення асаблівага парадку, устаноўленых у частцы другой падпункта 1.1, частцы другой падпункта 1.2.1 гэтага пункта, на працягу трох гадоў з дня змяшчэння тавараў пад мытны рэжым свабоднага абарачэння падатковае абавязацельства па выплаце мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць падлягае выкананню ў адпаведнасці з заканадаўствам;

1.4. пры парушэнні абмежаванняў прымянення асаблівага парадку, устаноўленых у частцы другой падпункта 1.1, частцы другой падпункта 1.2.1 гэтага пункта, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі ажыццяўляюць выплату падаткаў, збораў (пошлін) у агульным парадку пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам, у якім дапушчаны такія парушэнні;

1.5. банкі маюць права выдаваць крэдыты арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта і рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, што прайшлі ва ўстаноўленым парадку экспертызу аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама), у сельскіх населеных пунктах, у памеры, эквівалентным суме не больш за 20 000 еўра, без забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытнаму дагавору, які заключаецца банкам.

2. Рэкамендаваць абласным Саветам дэпутатаў устанаўліваць паніжаючыя каэфіцыенты ў памеры не больш за 0,5 да ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права на прымяненне асаблівага парадку згодна з падпунктам 1.1 пункта 1 гэтага Дэкрэта (за выключэннем платных паслуг насельніцтву, па якіх паніжаючыя каэфіцыенты да ставак адзінага падатку ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі).

3. У частцы першай пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1999 г. № 27 "Аб увядзенні адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 54, 1/481; 2005 г., № 69, 1/6387) словы "70 працэнтаў" замяніць словамі "50 працэнтаў".

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі гэтага Дэкрэта.

5. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 г., за выключэннем пункта 4 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання, з'яўляецца часовым і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

20 снежня 2007 г.

г. Мінск.