Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь
"Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей,
якія засталіся без апекі бацькоў"
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2007 года
Адобраны Саветам Рэспублікі  20 снежня 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года "Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 2, 2/1170) наступныя змяненні:

1. Пункт 3 артыкула 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"3. Расходы на аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне, аплату камунальных паслуг (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), аплату паліва (тым, хто пражывае ў дамах без цэнтральнага ацяплення), звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях, падлягаюць кампенсаванню грамадзянам, на выхаванні якіх яны знаходзяцца, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Гэтыя расходы вызначаюцца зыходзячы з устаноўленых заканадаўствам платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне, цэнаў і тарыфаў на камунальныя паслугі, а таксама фактычнага спажывання ўказанымі дзецьмі гэтых паслуг, якое падлічваецца на падставе ўстаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі нормаў (нарматываў) іх спажывання або паказанняў індывідуальных або групавых прыбораў уліку, але не вышэй за названыя нормы (нарматывы), а ў дачыненні да паліва — зыходзячы з яго фактычнага спажывання ўказанымі дзецьмі, якое падлічваецца на падставе нормаў, устаноўленых заканадаўствам для продажу насельніцтву. Пры гэтым кампенсаванне сумаў, выплачаных за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, а таксама спажытую цеплавую энергію, ажыццяўляецца ў межах 20 квадратных метраў агульнай плошчы жылога памяшкання на адно дзіця, якое знаходзіцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, апякунскай сям'і або прыёмнай сям'і.

Расходы на аплату за карыстанне кватэрным тэлефонам (акрамя міжгародніх і міжнародных размоў), бытавымі паслугамі (паслугі пральняў, цырульняў, па рамонце абутку), звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем'ях і прыёмных сем'ях, падлягаюць кампенсаванню грамадзянам, на выхаванні якіх яны знаходзяцца, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў зыходзячы з нормаў, устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь.".

2. У частцы першай пункта 2 артыкула 10 словы "за імі не захавалася жылое памяшканне або калі яны не могуць быць па іншых прычынах заселены ў жылое памяшканне, з якога выбылі" замяніць словамі "яны не маюць ва ўласнасці жылога памяшкання або ў карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду або не могуць быць заселены ў жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога выбылі, або пры засяленні ў гэта жылое памяшканне яны будуць мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або ў іншых выпадках, калі немагчымасць засялення ў такое жылое памяшканне ўстаноўлена мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання гэтага жылога памяшкання".

3. Артыкул 12 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 12. Гарантыі права на жыллё

1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, ільготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі яны не маюць ва ўласнасці жылога памяшкання або ў карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду або не могуць быць заселены ў жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога выбылі, або пры ўсяленні ў гэта жылое памяшканне яны будуць мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або ў іншых выпадках, калі немагчымасць засялення ў такое жылое памяшканне ўстаноўлена мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання гэтага жылога памяшкання.

Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб эмансіпацыі або якія ўступілі ў шлюб, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду прадастаўляюцца на працягу двух месяцаў пасля дасягнення імі паўналецця або па іх жаданні на працягу двух месяцаў пасля спынення навучання ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы.

Гарантыі права на жыллё, прадугледжаныя часткай першай гэтага пункта, прадастаўляюцца дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы першапачатковага набыцця статуса дзяцей-сірот або статуса дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або па месцы прадастаўлення ім першага працоўнага месца.

2. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца захаванне права ўласнасці на жылое памяшканне або права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога яны выбылі.

На працягу двух месяцаў пасля набыцця дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме або па іх жаданні на працягу двух месяцаў пасля спынення навучання ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (іншы дзяржаўны орган, іншая дзяржаўная арганізацыя, у гаспадарчым распараджэнні або аператыўным кіраванні якіх знаходзяцца жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду) абавязаны прадаставіць ім раней займаемае жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, якое адпавядае ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. Калі яны не могуць быць заселены ў жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога выбылі, або пры засяленні ў гэта жылое памяшканне яны будуць мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або ў іншых выпадках, калі немагчымасць засялення ў такое жылое памяшканне ўстаноўлена мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання гэтага жылога памяшкання, па жаданні ўказаных асобаў ім прадастаўляецца жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, якое адпавядае па агульнай плошчы нормам прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду і ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням.".

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 2, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

27 снежня 2007 года, г. Мінск.

№ 305—З