Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь
"Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей"

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2007 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1992 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2002 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 27, ст. 473; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 35, 2/843; 2005 г., № 196, 2/1166; 2006 г., № 78, 2/1207; № 186, 2/1273) змяненні і дапаўненні, выклаўшы іх у новай рэдакцыі:

 

"Закон Рэспублікі Беларусь

Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Права на дзяржаўныя дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей

Права на дзяржаўныя дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей (далей — дзяржаўныя дапамогі), у выпадках, вызначаных гэтым Законам, маюць сем'і грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, што пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Дзяржаўныя дапамогі, прадугледжаныя гэтым Законам, не прызначаюцца на дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатных установах (у тым ліку перададзеных на патранатнае выхаванне), дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дапамозе і рэабілітацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), прыёмных сем'ях.

На дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні і выхоўваюцца ў апякунскіх сем'ях, прадугледжаныя гэтым Законам дзяржаўныя дапамогі не прызначаюцца, за выключэннем дапамог, прадугледжаных артыкуламі 8, 9, 12, 18 і 20—22 гэтага Закона.

Артыкул 2. Віды дзяржаўных дапамог

У адпаведнасці з гэтым Законам назначаюцца дзяржаўныя дапамогі:

па цяжарнасці і родах;

у сувязі з нараджэннем дзіцяці;

жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці;

па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў;

на дзяцей, якім больш за 3 гады;

па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў;

па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці;

па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;

пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;

на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Артыкул 3. Надбаўкі да дзяржаўных дапамог

Да дзяржаўных дапамог, указаных у абзацах пятым і шостым артыкула 2 гэтага Закона, устанаўліваюцца надбаўкі на:

дзяцей народжаных жанчынамі не ў шлюбе, калі звесткі пра бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў аб нараджэнні зроблены паводле ўказання маці;

дзяцей, усыноўленых (удачароных) адзінокімі асобамі;

дзяцей, што выхоўваюцца адным з бацькоў, якія скасавалі шлюб і не ўступілі ў новы шлюб, у выпадках, калі адзін з бацькоў ухіляецца ад выплаты аліментаў, дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай або папячыцельствам, у выпадках, калі бацькі ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, у іншых выпадках, прадугледжаных часткай другой артыкула 24 гэтага Закона, калі спагнанне аліментаў немагчымае;

дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і;

дзяцей ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, дзяцей курсантаў ваенных навучальных устаноў, навучальных устаноў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, за выключэннем курсантаў, з якімі заключаны кантракт аб праходжанні ваеннай службы (далей — дзеці курсантаў устаноў аховы здароўя), дзяцей ваеннаабавязаных, якіх заклікаюць на ваенныя або спецыялізаваныя зборы, дзяцей рэзервістаў на час праходжання імі заняткаў і вучэбных збораў.

Пры наяўнасці права на надбаўку да дзяржаўных дапамог па некалькіх падставах надбаўка ўстанаўліваецца па адной з падстаў па выбары атрымальніка.

Артыкул 4. Сродкі на выплату дзяржаўных дапамог і надбавак да іх, кантроль за іх мэтавым выкарыстаннем

Выплата дзяржаўных дапамог і надбавак да іх ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту.

Кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў на выплату дзяржаўных дапамог і надбавак да іх ажыццяўляецца Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Глава 2

Дапамога па цяжарнасці і родах

Артыкул 5. Права на дапамогу па цяжарнасці і родах

Права на дапамогу па цяжарнасці і родах маюць жанчыны, занятыя дзейнасцю, у перыяд ажыццяўлення якой на іх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Права на дапамогу па цяжарнасці і родах маюць таксама жанчыны:

з ліку ваеннаслужачых, асобаў радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь;

якія навучаюцца на дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і адукацыі пасля заканчэння ВНУ, а таксама тыя, што скончылі гэтыя ўстановы адукацыі, — на працягу 2 месяцаў пасля іх заканчэння;

зарэгістраваныя ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (далей — органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне) у якасці беспрацоўных або якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі па накіраванні гэтых органаў.

Жанчыны, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах на агульных падставах.

Жанчыны, якія навучаюцца на дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, і сумяшчаюць вучобу з працай, маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах па месцы вучобы і па месцы працы.

Парадак забеспячэння дапамогай па цяжарнасці і родах устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Памер дапамогі па цяжарнасці і родах

Дапамога па цяжарнасці і родах назначаецца:

жанчынам, якія працуюць на падставе працоўных дагавораў або членства (удзелу) у арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў, — у памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заробку, але за кожны каляндарны месяц не больш за трохразовую велічыню сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы ў месяц, які папярэднічае кожнаму месяцу водпуску па цяжарнасці і родах, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам — індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, членам сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчым работнікам, а таксама жанчынам, якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, — у памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага даходу (заробку), але не больш за 70 працэнтаў сумы абавязковых страхавых узносаў, заплачаных за перыяд, за які налічваецца сярэднядзённы даход (заробак), і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававому дагавору, прадметам якога з'яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, — у памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага ўзнагароджання паводле ўказанага дагавора, але не больш за 70 працэнтаў сумы абавязковых страхавых узносаў, выплачаных з узнагароджання, з якога вылічвалася дапамога, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам з ліку ваеннаслужачых, асобаў радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь — у памеры 100 працэнтаў грашовага забеспячэння, але за кожны каляндарны месяц не больш за трохразовую велічыню сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы ў месяцы, які папярэднічае кожнаму месяцу водпуску па цяжарнасці і родах, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам, якія навучаюцца ў дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і адукацыі пасля заканчэння ВНУ, — у памеры стыпендыі за кожны каляндарны месяц, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах, а тым, хто не атрымлівае стыпендыю, — у мінімальным памеры дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам, зарэгістраваным у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, — у памеры дапамогі па беспрацоўі за кожны каляндарны месяц, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, — у памеры стыпендыі за кожны каляндарны месяц, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах.

Мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах у месяц устанаўліваецца ў памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь за два апошнія кварталы (далей — найбольшая велічыня бюджэту пражытковага мінімуму), адносна кожнага месяца водпуску па цяжарнасці і родах.

Артыкул 7. Перыяд выплаты дапамогі па цяжарнасці і родах

Дапамога па цяжарнасці і родах выплачваецца адначасова за перыяд з 30 тыдняў цяжарнасці працягласцю 126 каляндарных дзён. Жанчынам, якія пражываюць (працуюць) на тэрыторыі з радыеактыўным забруджаннем 1 Ku/кв.км і вышэй, дапамога па цяжарнасці і родах выплачваецца за перыяд з 27 тыдняў цяжарнасці працягласцю 146 каляндарных дзён.

У выпадку ўскладненых родаў або нараджэння дваіх і больш дзяцей дапамога па цяжарнасці і родах выплачваецца за перыяд працягласцю 140 каляндарных дзён, а жанчынам, якія пражываюць (працуюць) на тэрыторыі з радыеактыўным забруджаннем 1 Ku/кв.км і вышэй, — за 160 каляндарных дзён.

У выпадку родаў, якія наступілі да 30 тыдняў цяжарнасці (да 27 тыдняў цяжарнасці ў жанчын, якія пражываюць (працуюць) на тэрыторыі з радыеактыўным забруджаннем 1 Кu/кв.км і вышэй), дапамога па цяжарнасці і родах выплачваецца за перыяд, указаны ў частках першай і другой гэтага артыкула, а ў выпадку нараджэння мёртвага дзіцяці — за 70 каляндарных дзён.

Артыкул 8. Права на дапамогу па цяжарнасці і родах асобаў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця або назначаных яго апекунамі

Асобы, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця ва ўзросце да 3 месяцаў або прызначаныя яго апекунамі, маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах, якая выплачваецца за перыяд працягласцю 70 каляндарных дзён з дня ўсынаўлення (удачарэння) або ўстанаўлення апекі.

Глава 3

Дапамога ў сувязі
з нараджэннем дзіцяці, дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці

Артыкул 9. Права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці

Права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці маюць маці або бацька, а таксама асобы, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця ва ўзросце да 6 месяцаў або прызначаныя яго апекунамі.

Артыкул 10. Памер дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці

Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці назначаецца і выплачваецца аднаразова:

пры нараджэнні першага дзіцяці — у памеры пяціразовай найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму перад датай нараджэння дзіцяці;

пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — у памеры сяміразовай найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму перад датай нараджэння дзіцяці.

У выпадку нараджэння, усынаўлення (удачарэння) дваіх і больш дзяцей, устанаўлення апекі над двума і больш дзецьмі дапамога прызначаецца і выплачваецца на кожнае дзіця ў памерах, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула.

Пры вызначэнні памеру дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці не ўлічваюцца дзеці, у дачыненні да якіх маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

Артыкул 11. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці

Права на дапамогу маюць жанчыны, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, рэгулярна наведвалі іх і выконвалі прадпісанні ўрачоў на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці.

Дапамога назначаецца і выплачваецца аднаразова ў памеры найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму перад датай нараджэння дзіцяці.

глава 4

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Артыкул 12. Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў маюць маці або бацька, усынавіцель (удачарыцель), апякун дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць іх догляд. Члены сям'і або іншыя сваякі дзіцяці маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у выпадку знаходжання іх у водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Артыкул 13. Памер і ўмовы выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца ў памеры 80 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і працуюць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы) або на даму, дапамога прызначаецца ў памеры, прадугледжаным часткай першай гэтага артыкула.

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у памеры 50 працэнтаў дапамогі, прадугледжанай часткай першай гэтага артыкула, прызначаецца (выплачваецца):

асобам, якія выйшлі на працу на ўмовах, што прадугледжваюць іх занятасць на працягу больш як паловы месячнай нормы рабочага часу;

пры афармленні дзіцяці ва ўстанову, якая забяспечвае атрыманне дашкольнай адукацыі.

Калі ў перыяд атрымання дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў узнікае права на дапамогу па цяжарнасці і родах, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў за перыяд атрымання дапамогі па цяжарнасці і родах выплачваецца ў памерах, прадугледжаных гэтым артыкулам.

Асобы, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і адначасова працягваюць атрыманне адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, маюць права на дапамогу у памерах, прадугледжаных гэтым артыкулам, незалежна ад атрымання стыпендыі.

Артыкул 14. Перыяд выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў выплачваецца штомесяц з дня ўзнікнення права на гэту дапамогу ў адпаведнасці з артыкулам 28 гэтага Закона па дзень дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў.

Глава 5

Дапамога на дзяцей, якім больш за 3 гады

Артыкул 15. Права на дапамогу на дзяцей старэйшых за 3 гады

Права на дапамогу на дзяцей, якім больш за 3 гады, маюць бацькі:

якія працуюць па працоўным дагаворы, грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

з ліку ваеннаслужачых, асобаў радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь;

якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, індывідуальныя прадпрымальнікі, члены сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчыя работнікі, прыватныя натарыусы пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны;

свяшчэннаслужыцелі, асобы, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях;

якія навучаюцца ў дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і адукацыі пасля заканчэння ВНУ;

якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі па накіраванні дадзеных органаў;

якія атрымліваюць пенсіі, дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, інваліда I групы, асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Дапамога на дзяцей, якім больш за 3 гады, не прызначаецца, калі на момант звароту па дапамогу працаздольныя бацька або маці ў няпоўнай сям'і або працаздольны бацька ў поўнай сям'і не працуюць і не маюць іншага віду занятасці, указанага ў частцы першай гэтага артыкула. Дапамога таксама не прызначаецца, калі ў годзе, які папярэднічаў году звароту па дапамогу, працаздольныя бацька або маці ў няпоўнай сям'і або працаздольны бацька ў поўнай сям'і не працавалі і не мелі іншага віду занятасці, указанага ў частцы першай гэтага артыкула, больш як 6 месяцаў (атрымлівалі дапамогу па беспрацоўі менш як 26 каляндарных тыдняў).

Сем'ям, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства з іншых дзяржаў, дапамогі на дзяцей, якім больш за 3 гады, прызначаюцца пры ўмове, што працаздольныя бацька або маці ў няпоўнай сям'і або працаздольны бацька ў поўнай сям'і адпрацавалі ў Рэспубліцы Беларусь у годзе, які папярэднічаў году звароту па дапамогу, не менш за 6 месяцаў, а таксама працуюць або маюць іншы від занятасці, указаны ў частцы першай гэтага артыкула, на момант звароту па дапамогу, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі.

Умовы, якія прадугледжаны часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула, не распаўсюджваюцца на бацькоў, якім устаноўлена інваліднасць, прызначаны пенсія ў сувязі са стратай кармільца або дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідам I групы, асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Сем'і не маюць права на дапамогу на дзяцей, якім больш за 3 гады, калі адзін з бацькоў не працуе і не мае іншага віду занятасці, указанага ў частцы першай гэтага артыкула, а другі працуе за межамі Рэспублікі Беларусь або абодва бацькі працуюць за межамі Рэспублікі Беларусь, за выключэннем асобаў, якія працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі.

Артыкул 16. Памер і ўмовы выплаты дапамогі на дзяцей, якім больш за 3 гады

Дапамога на дзяцей, якім больш за 3 гады, прызначаецца ў памеры 30 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Дапамога прызначаецца на кожнае дзіця і выплачваецца:

у памеры, прадугледжаным часткай першай гэтага артыкула, пры ўмове, што сярэдні сукупны даход на члена сям'і ў месяц за папярэдні каляндарны год не перавышае 60 працэнтаў зацверджанага бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня папярэдняга года;

у памеры 50 працэнтаў дапамогі, прадугледжанай часткай першай гэтага артыкула, пры ўмове, што сярэдні сукупны даход на члена сям'і ў месяц за папярэдні каляндарны год не перавышае 80 працэнтаў зацверджанага бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня папярэдняга года.

Парадак падліку сукупнага даходу на члена сям'і пры прызначэнні дапамогі на дзяцей, якім больш за 3 гады, вызначаецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, дзіця, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, ва ўзросце да 18 гадоў, няпоўным сем'ям, у якіх бацьку або маці ўстаноўлена I або II група інваліднасці, пры ўмове, што ён не працуе і не мае іншага віду занятасці, указанага ў частцы першай артыкула 15 гэтага Закона, а таксама сем'ям ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, дапамога на ўсіх дзяцей у сям'і прызначаецца і выплачваецца ў памеры, прадугледжаным часткай першай гэтага артыкула, незалежна ад сукупнага даходу на члена сям'і.

Артыкул 17. Перыяд выплаты дапамогі на дзяцей, якім больш за 3 гады

Дапамога на дзяцей, якім больш за 3 гады, прызначаецца з дня ўзнікнення права на гэту дапамогу ў адпаведнасці з артыкулам 28 гэтага Закона і выплачваецца штомесяц на:

дзяцей, якія не навучаюцца ва ўстановах адукацыі і не працуюць, — па дзень дасягнення імі ўзросту 16 гадоў;

вучняў агульнаадукацыйных устаноў, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны абзацам чацвёртым гэтага артыкула, — да заканчэння навучання (па ліпень уключна);

вучняў вячэрніх (зменных) школ, якія адначасова з вучобай у школе атрымліваюць прафесію і не працуюць, — па дзень дасягнення імі ўзросту 18 гадоў;

навучэнцаў, якія навучаюцца за кошт уласных сродкаў ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, — па дзень дасягнення імі ўзросту 18 гадоў;

дзяцей, якія атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку за кошт уласных сродкаў, — па дзень дасягнення імі ўзросту 18 гадоў;

дзяцей-інвалідаў, якія не навучаюцца ва ўстановах адукацыі і не працуюць, — па дзень дасягнення імі ўзросту 18 гадоў.

Глава 6

Дапамогі па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека

Артыкул 18. Права на дапамогу па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці

Права на дапамогу па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, маюць маці, бацька, усынавіцель (удачарыцель), апякун, папячыцель або іншая асоба, якая непасрэдна ажыццяўляе догляд дзіцяці, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за якіх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Артыкул 19. Перыяд і ўмовы выплаты дапамог па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці

Дапамога па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў пры амбулаторным лячэнні выплачваецца за перыяд, на працягу якога дзіця згодна з заключэннем урача мае патрэбу ў доглядзе, але не больш чым 14 каляндарных дзён.

Пры стацыянарным лячэнні дзіцяці ва ўзросце да 5 гадоў асобам, указаным у артыкуле 18 гэтага Закона, прадастаўляецца магчымасць знаходзіцца з ім у арганізацыі аховы здароўя з выплатай дапамогі па доглядзе хворага дзіцяці за ўвесь перыяд стацыянарнага лячэння. Пры стацыянарным лячэнні дзіцяці ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць патрэбу згодна з заключэннем урачоў у дадатковым доглядзе, асобам, указаным у артыкуле 18 гэтага Закона, прадастаўляецца магчымасць знаходзіцца ў арганізацыі аховы здароўя з выплатай дапамогі па доглядзе хворага дзіцяці за ўвесь перыяд, на працягу якога яно мае патрэбу ў доглядзе.

Асобам, указаным у артыкуле 18 гэтага Закона, у перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў дапамога па доглядзе хворага дзіцяці не выплачваецца, акрамя тых, хто працуе ў перыяд указанага водпуску.

Дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, выплачваюцца за ўвесь перыяд, калі згодна з заключэннем урачоў указаныя асобы не могуць ажыццяўляць догляд дзіцяці.

Дапамогі па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, прызначаюцца і выплачваюцца ў парадку, які ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў

Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў маюць маці, бацька, апякун, папячыцель або іншая асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці-інваліда, калі яны не працуюць і не атрымліваюць пенсіі. Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў маюць таксама маці або бацька, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Асобам, якія навучаюцца ў дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і адукацыі пасля заканчэння ВНУ, дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў не прызначаецца.

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда прызначаецца на кожнае дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і выплачваецца штомесяц у памеры 65 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму. Пры гэтым дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда прызначаецца незалежна ад устаноўленай дзіцяці ступені страты здароўя.

Артыкул 21. Дапамога пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў

Пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў аднаму з працуючых бацькоў, усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну, папячыцелю, у сям'і якіх выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў, выплачваецца дапамога на ўвесь перыяд санаторна-курортнага лячэння (з улікам часу на праезд туды і назад).

Парадак забеспячэння і памер дапамогі пры санаторна-курортным лячэнні дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 22. Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека

Права на дапамогу маюць сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваныя вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Дапамога прызначаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, і выплачваецца штомесяц у памеры 45 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Дапамога на дзяцей, якая прадугледжана гэтым артыкулам, прызначаецца незалежна ад атрымання на іх іншых відаў дзяржаўных дапамог і пенсій.

Глава 7

Надбаўкі да дзяржаўных дапамог

Артыкул 23. Надбаўка да дзяржаўных дапамог на дзяцей, якія народжаны жанчынамі па-за шлюбам, калі звесткі аб бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў аб нараджэнні зроблены па ўказанні маці, дзяцей, усыноўленых (удачароных) адзінокімі асобамі

На дзяцей, якія народжаны жанчынамі па-за шлюбам, калі звесткі аб бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў аб нараджэнні зроблены па ўказанні маці, дзяцей, усыноўленых (удачароных) адзінокімі асобамі, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка да дзяржаўнай дапамогі, указанай у абзацы пятым артыкула 2 гэтага Закона, на кожнае дзіця ў памеры 75 працэнтаў дапамогі да спаўнення дзіцяці паўтара года і ў памеры 40 працэнтаў на дзіця ва ўзросце ад паўтара да 3 гадоў; да дзяржаўнай дапамогі, указанай у абзацы шостым артыкула 2 гэтага Закона, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка ў памеры 40 працэнтаў дапамогі.

Пры перадачы дзяцей, якія народжаны жанчынамі па-за шлюбам, калі звесткі аб бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў аб нараджэнні зроблены па ўказанні маці, на выхаванне апекуну, папячыцелю надбаўка, якая прадугледжана часткай першай гэтага артыкула, прызначаецца і выплачваецца апекуну, папячыцелю.

На дзяцей, усыноўленых (удачароных) адзінокімі асобамі, надбаўка, прадугледжаная часткай першай гэтага артыкула, прызначаецца з дня ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) дзіцяці.

Выплата надбаўкі спыняецца ў выпадку:

усынаўлення (удачарэння) або прызнання бацькоўства ў судовым парадку, прызначэння на дзіця пенсіі ў сувязі са стратай кармільца, уступлення жанчыны ў шлюб або сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з асобай, якая не знаходзіцца з ёй у зарэгістраваным шлюбе, — на дзяцей, народжаных жанчынамі па-за шлюбам, калі звесткі аб бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў аб нараджэнні зроблены па ўказанні маці;

прызначэння на дзіця пенсіі ў сувязі са стратай кармільца, уступлення ў шлюб усынавіцеля (удачарыцеля) або сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з асобай, якая не знаходзіцца з усынавіцелем (удачарыцелем) у зарэгістраваным шлюбе, — на дзяцей, усыноўленых (удачароных) адзінокімі асобамі.

Факт сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі ўстанаўліваецца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 24. Надбаўка да дзяржаўных дапамог на дзяцей, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, якія скасавалі шлюб і не ўступілі ў новы шлюб, у выпадках, калі другі ўхіляецца ад выплаты аліментаў, дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай або папячыцельствам, у выпадках, калі бацькі ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, у іншых выпадках, калі спагнанне аліментаў немагчымае

На дзяцей, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, якія скасавалі шлюб і не ўступілі ў новы шлюб, у выпадках, калі другі ўхіляецца ад выплаты аліментаў, дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай або папячыцельствам, у выпадках, калі бацькі ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, да дзяржаўных дапамог, указаных у абзацы пятым артыкула 2 гэтага Закона, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка ў памеры 75 працэнтаў дапамогі да спаўнення дзіцяці паўтара года і ў памеры 40 працэнтаў на дзіця ва ўзросце ад паўтара да 3 гадоў; да дзяржаўнай дапамогі, указанай у абзацы шостым артыкула 2 гэтага Закона, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка ў памеры 40 працэнтаў дапамогі.

Да дзяржаўных дапамог, указаных у абзацах пятым і шостым артыкула 2 гэтага Закона, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка ў памеры 40 працэнтаў адпаведнай дапамогі на дзяцей, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, якія скасавалі шлюб і не ўступілі ў новы шлюб, у выпадках, калі спагнанне аліментаў немагчымае ў сувязі з тым, што бацька або маці, якія паводле рашэння суда абавязаны да выплаты аліментаў:

адбываюць пакаранне ў папраўчай установе, дзе не маюць заробку, з якога могуць быць спагнаны аліменты, не маюць заробку падчас утрымання пад вартай, праходжання судова-медыцынскай, судова-псіхіятрычнай экспертыз па пастановах, вызначэннях органаў крымінальнага праследавання і судоў, а таксама ў іншых выпадках немагчымасці выканання рашэння суда па незалежных ад іх прычынах;

знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя без выплаты дапамогі па дзяржаўным сацыяльным страхаванні;

з'яўляюцца ваеннаслужачымі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу;

пастаянна пражываюць на тэрыторыі дзяржавы, з якой у Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць міжнародны дагавор аб прававой дапамозе, што прадугледжвае ўзаемнае выкананне судовых рашэнняў, або міжнародны дагавор па абмене грашовымі пераводамі.

Надбаўкі, прадугледжаныя часткамі першай і другой гэтага артыкула, прызначаюцца да дзяржаўнай дапамогі, якая прызначаецца на кожнае дзіця.

Выплата надбавак, прадугледжаных часткамі першай і другой гэтага артыкула, спыняецца ў выпадку:

устанаўлення месца знаходжання асобы, якая абавязаная да выплаты аліментаў;

уступлення ў шлюб атрымальніка аліментаў;

пераезду асобы, якая абавязана да выплаты аліментаў, на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь або замежную дзяржаву, з якой заключаны міжнародны дагавор аб прававой дапамозе, што прадугледжвае пытанні ўзаемнага выканання судовых рашэнняў;

уступлення ў сілу міжнароднага дагавора аб прававой дапамозе, які прадугледжвае пытанні ўзаемнага выканання судовых рашэнняў, або міжнароднага дагавора па абмене грашовымі пераводамі;

смерці асобы, якая абавязана да выплаты аліментаў, або аб'яўлення яе памерлай, прызнання гэтай асобы без вестак адсутнай;

усынаўлення (удачарэння) дзіцяці;

адмовы ад спагнання аліментаў;

адмены судовай пастановы аб спагнанні аліментаў.

Артыкул 25. Надбаўка да дзяржаўных дапамог на дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і

На дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і, прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка да дзяржаўных дапамог, указаных у абзацах пятым і шостым артыкула 2 гэтага Закона, у памеры 40 працэнтаў адпаведнай дапамогі.

Выплата надбаўкі, якая прадугледжана часткай першай гэтага артыкула, спыняецца пасля заканчэння тэрміну інваліднасці, устаноўленага медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй.

Артыкул 26. Надбаўка да дзяржаўных дапамог на дзяцей ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, дзяцей курсантаў устаноў адукацыі, дзяцей ваеннаабавязаных, якія прызываюцца на ваенныя або спецыяльныя зборы, дзяцей рэзервістаў на час праходжання імі заняткаў і вучэбных збораў

На дзяцей ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, дзяцей курсантаў устаноў адукацыі, дзяцей ваеннаабавязаных, якія прызываюцца на ваенныя або спецыяльныя зборы, дзяцей рэзервістаў на час праходжання імі заняткаў і вучэбных збораў прызначаецца і выплачваецца штомесячная надбаўка да дзяржаўных дапамог, указаных у абзацах пятым і шостым артыкула 2 гэтага Закона, на кожнае дзіця ў памеры 40 працэнтаў адпаведнай дапамогі.

Надбаўка, якая прадугледжана часткай першай гэтага артыкула, прызначаецца на дзяцей:

якія нарадзіліся або ўсыноўлены (удачароны) да прызыву іх бацькі на тэрміновую ваенную службу, — з дня яўкі прызыўніка ў адпаведны ваенны камісарыят для адпраўкі ў вайсковую часць (на дзяцей курсантаў устаноў адукацыі — з дня залічэння бацькі ва ўстанову адукацыі);

якія нарадзіліся пасля прызыву бацькі на тэрміновую ваенную службу (залічэння бацькі ва ўстанову адукацыі), — з дня нараджэння дзіцяці;

ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, бацькоўства якіх устаноўлена па агульнай заяве бацькоў або ў судовым парадку пасля прызыву бацькі дзіцяці на тэрміновую ваенную службу, — з дня запісу ваеннаслужачага бацькам дзіцяці;

якія нарадзіліся да рэгістрацыі шлюбу (у выпадку рэгістрацыі шлюбу ваеннаслужачым, які праходзіць тэрміновую ваенную службу, пасля прызыву на тэрміновую ваенную службу), — з дня рэгістрацыі шлюбу.

Надбаўка да дзяржаўных дапамог на дзяцей курсантаў устаноў адукацыі, якія размешчаны на тэрыторыі іншых краін, прызначаецца толькі ў выпадку накіравання іх на навучанне Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Выплата надбаўкі, якая прадугледжана часткай першай гэтага артыкула, спыняецца з дня звальнення ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, у запас (адстаўку), паступлення на ваенную службу па кантракце, спынення ваенных або спецыяльных збораў, заняткаў і вучэбных збораў.

Глава 8

Прызначэнне і выплата дзяржаўных дапамог
і надбавак да іх. Пераразлік памераў дзяржаўных дапамог

Артыкул 27. Парадак прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог і надбавак да іх

Прызначэнне і выплата дзяржаўных дапамог і надбавак да іх ажыццяўляюцца па месцы працы (службы), вучобы (у дзённай форме атрымання адукацыі) маці дзіцяці, а калі маці не працуе і не вучыцца, — па месцы працы (службы) або вучобы бацькі дзіцяці, усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна або іншай асобы, якая мае права на дзяржаўную дапамогу ў сувязі з выхаваннем дзіцяці або доглядам яго.

Прызначэнне і выплата дапамогі, прадугледжанай артыкулам 5 гэтага Закона, жанчынам, якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або праходзячых прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па накіраванні дадзеных органаў, ажыццяўляюцца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Прызначэнне і выплата дапамог, прадугледжаных артыкулам 18 гэтага Закона, ажыццяўляюцца па месцы працы (службы) маці або іншай асобы, якая непасрэдна ажыццяўляе догляд дзіцяці.

Прызначэнне і выплата дапамог, прадугледжаных артыкуламі 20 і 22 гэтага Закона, ажыццяўляюцца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Прызначэнне і выплата дапамогі, прадугледжанай артыкулам 21 гэтага Закона, ажыццяўляюцца па месцы працы (службы) аднаго з бацькоў, усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна, папячыцеля.

Падставай для прызначэння дзяржаўных дапамог і надбавак да іх з'яўляецца прадстаўленне дакументаў, пералік якіх устанаўліваецца законамі Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і (або) прынятымі ў адпаведнасці з імі пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх прызначаюцца камісіямі па прызначэнні дапамог, якія ствараюцца ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў з ліку прадстаўнікоў наймальніка, прафсаюзаў і іншых прадстаўнічых органаў работнікаў у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Iндывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, членам сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, фізічным асобам, якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, творчым работнікам, асобам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, свяшчэннаслужыцелям, асобам, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях, асобам, якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, асобам, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па накіраванні дадзеных органаў, а таксама непрацуючым асобам дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх, што прадугледжаны гэтым Законам, пры наяўнасці права на іх прызначаюцца камісіямі, што ствараюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, і выплачваюцца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

Артыкул 28. Тэрміны звароту па прызначэнне дзяржаўных дапамог і надбавак да іх, прызначэнні і выплаты такіх дапамог і надбавак да іх

Дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх, прадугледжаныя гэтым Законам, прызначаюцца і выплачваюцца з дня ўзнікнення права на дзяржаўную дапамогу, калі зварот па яе прызначэнне паступіў не пазней за 6 месяцаў з дня ўзнікнення такога права, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам.

Днём узнікнення права на дзяржаўную дапамогу з'яўляецца:

на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці — дзень нараджэння дзіцяці;

на дапамогу жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, — дзень нараджэння дзіцяці;

на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — дзень прадастаўлення водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў або дзень, які надыходзіць за днём заканчэння перыяду, устаноўленага лістком непрацаздольнасці; для асобаў, якія не маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах, — дзень нараджэння дзіцяці; для сем'яў замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, — дзень унясення адзнакі аб месцы жыхарства ў пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь;

на дапамогу на дзяцей, якім больш за 3 гады — дзень, які надыходзіць за днём спаўнення дзіцяці 3 гадоў; 1 студзеня года звароту па дапамогу; дзень працаўладкавання або займання іншым відам дзейнасці, указаным у частцы першай артыкула 15 гэтага Закона; дзень устанаўлення дзіцяці інваліднасці; дзень выбыцця дзяцей з устаноў, указаных у частцы першай артыкула 29 гэтага Закона.

Пры пярвічным прызначэнні дзяржаўных дапамог на дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай, днём узнікнення права на дзяржаўную дапамогу з'яўляецца дзень устанаўлення апекі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Пры звароце па дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх пасля заканчэння 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на іх дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх прызначаюцца і выплачваюцца з дня паступлення заявы.

Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, пасля заканчэння 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на іх не прызначаюцца і не выплачваюцца.

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца з дня падачы заявы з усімі неабходнымі дакументамі.

У выпадку адмовы ў прызначэнні дзяржаўных дапамог або надбавак да іх адпаведная камісія па прызначэнні дапамог не пазней за 5 дзён пасля вынясення рашэння выдае або высылае заяўніку паведамленне аб адмове з указаннем яе прычын і парадку абскарджання, а таксама вяртае дакументы.

Артыкул 29. Асаблівасці прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог і надбавак да іх

Дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх на дзяцей, якія знаходзяцца ў дамах дзіцяці, дамах-інтэрнатах або ва ўстановах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, не прызначаюцца і не выплачваюцца.

У выпадку выбыцця дзяцей з устаноў, указаных у частцы першай гэтага артыкула, у сям'ю на тэрмін больш як 1 месяц дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх прызначаюцца і выплачваюцца на агульных падставах.

За час знаходжання дзяцей на стацыянарным лячэнні ў арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў санаторна-курортных арганізацыях дзяржаўныя дапамогі і надбаўкі да іх выплачваюцца ў поўным памеры.

Артыкул 30. Выплата дзяржаўных дапамог і надбавак да іх за мінулы час

Прызначаныя сумы дзяржаўных дапамог і надбавак да іх, якія не запатрабаваны своечасова, выплачваюцца аднаразова за мінулы час, але не больш чым за 3 гады да звароту па атрыманне дапамогі.

Сумы дзяржаўных дапамог і надбавак да іх, якія не прызначаны (не атрыманы) своечасова па віне органа, што прызначае або выплачвае дапамогі, выплачваюцца аднаразова за мінулы час без абмежавання якім-небудзь тэрмінам і падлягаюць індэксацыі за гэты тэрмін у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Артыкул 31. Абскарджанне рашэнняў камісій па прызначэнні дапамог

Рашэнні камісій па прызначэнні дапамог могуць быць абскарджаны ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя органы, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, а таксама ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

У выпадку нязгоды з рашэннямі, прынятымі органамі, указанымі ў частцы першай гэтага артыкула, спрэчка вырашаецца ў судовым парадку.

Артыкул 32. Спыненне выплаты дзяржаўных дапамог і надбавак да іх пры выездзе дзяцей за межы Рэспублікі Беларусь

Пры выездзе дзяцей за межы Рэспублікі Беларусь тэрмінам больш чым на 2 месяцы выплата дзяржаўных дапамог і надбавак да іх на дзяцей, якія выехалі (за выключэннем выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў асобам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, а таксама выплаты дапамог непрацуючым жонкам асобаў, якія працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь), спыняецца на ўвесь перыяд іх знаходжання за межамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 33. Пераразлік памераў дзяржаўных дапамог

Памеры дзяржаўных дапамог, якія прадугледжаны часткай другой артыкула 6, артыкуламі 10, 11, 13, 16, 20 і 22 гэтага Закона, пераразлічваюцца з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.".

 

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 года.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

28 снежня 2007 года, г. Мінск.

№ 306-З