Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 685

Аб дадатковых умовах ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці

У мэтах стварэння дадатковых умоў для ўтварэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі камерцыйных арганізацый:

1. Устанавіць, што:

1.1. фізічныя асобы, зарэгістраваныя да 1 студзеня 2008 г. у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў (далей — індывідуальныя прадпрымальнікі), маюць права ствараць камерцыйныя арганізацыі ў форме прыватнага ўнітарнага прадпрыемства ў парадку і на ўмовах, вызначаных Палажэннем аб парадку стварэння індывідуальным прадпрымальнікам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства і яго дзейнасці, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2007 г. № 302 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 159, 1/8700; № 250, 1/8995), і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 496 "Аб удасканаленні парадку стварэння індывідуальнымі прадпрыемствамі прыватных унітарных прадпрыемстваў і іх дзейнасці" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 250, 1/8995) (далей — унітарнае прадпрыемства).

Пры гэтым індывідуальны прадпрымальнік для дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства павінен звярнуцца ў рэгіструючы орган не пазней за 1 сакавіка 2008 г.

Да звароту ў рэгіструючы орган для дзяржаўнай рэгістрацыі унітарнага прадпрыемства, але не пазней за 15 лютага 2008 г., індывідуальны прадпрымальнік мае права падаць у падатковы орган заяву аб вяртанні перавышэння сум падатковых вылікаў;

1.2. на ўнітарныя прадпрыемствы пры ўчыненні імі па 31 снежня 2009 г. адміністрацыйных правапарушэнняў накладаюцца адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафу ў памеры, зменшаным у два разы, або ў межах мінімальных і максімальных памераў, зменшаных у два разы.

Палажэнні гэтага падпункта прымяняюцца да ўнітарных прадпрыемстваў пры ўмове добраахвотнага пакрыцця або ўстаранення нанесенай шкоды або выканання ўскладзенага на іх абавязку, за невыкананне якога накладаецца адміністрацыйнае спагнанне, а таксама пры наяўнасці іншых абставінаў, прызнаных змякчаючымі судом, органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, і адсутнасці абставінаў, абцяжваючых адміністрацыйную адказнасць.

2. Унесці змяненні і дапаўненне ў Палажэнне аб парадку стварэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства і яго дзейнасці, зацверджанае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2007 г. № 302 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 159, 1/8700):

у пункце 1 словы "1 студзеня 2007 г." замяніць словамі "1 студзеня 2008 г.";

у частцы першай пункта 2:

у абзацы першым словы "10 лістапада 2007 г." замяніць словамі "1 сакавіка 2008 г.";

абзацы трэці, чацвёрты і сёмы выключыць;

абзацы пяты, шосты, восьмы лічыць адпаведна абзацамі трэцім — пятым;

дапоўніць пункт пасля часткі першай часткамі другой і трэцяй наступнага зместу:

"Для дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарных прадпрыемстваў, месца знаходжання якіх прадугледжваецца ў жылых памяшканнях у адпаведнасці з пунктам 5 гэтага Палажэння, дадаткова прадстаўляецца дакумент, які пацвярджае права ўласнасці (права долевай уласнасці) на жылое памяшканне фізічнай асобы — уласніка маёмасці ўнітарнага прадпрыемства, заяву аб згодзе ўласніка (саўласніка) жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду, а таксама ўсіх паўналетніх членаў сям'і ўласніка (саўласніка) жылога памяшкання, якія пражываюць у жылым памяшканні, на размяшчэнне ў такім памяшканні гэтага ўнітарнага прадпрыемства.

Да падачы ў рэгіструючы орган для дзяржаўнай рэгістрацыі ўнітарнага прадпрыемства дакументаў, названых у частцы першай гэтага пункта, індывідуальны прадпрымальнік павінен узгадніць з гэтым органам яго назву.";

часткі другую і трэцюю лічыць адпаведна часткамі чацвёртай і пятай;

у частцы першай пункта 4 словы "15 кастрычніка 2007 г." замяніць словамі "15 лютага 2008 г.";

з часткі першай пункта 6 другі сказ выключыць;

у пункце 9 словы "рэгістрацыйны збор" замяніць словамі "дзяржаўная пошліна";

у частцы першай пункта 11 слова "трыццаці каляндарных" замяніць словам "пятнаццаці рабочых".

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму прыняць меры па рэалізацыі гэтага Указа.

4. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

29 снежня 2007 г., г. Мінск.