Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўнення у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення адказнасці за парушэнне правілаў рыбалоўства і палявання
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 кастрычніка 2007 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 16 лістапада 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 76, 2/50; 2002 г., № 75, 2/861; 2003 г., № 8, 2/922) наступныя змяненні і дапаўненне:

1. У абзацы першым часткі 2 артыкула 280 слова "занесеных" замяніць словам "уключаных".

2. Артыкулы 281 і 282 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 281. Незаконная здабыча рыбы ці іншых водных жывёл

1. Здабыча рыбы ці іншых водных жывёл без належнага на тое дазволу, або ў забаронены час, або забароненымі прыладамі і спосабамі (акрамя прадугледжаных часткай 2 гэтага артыкула), або ў забароненых месцах (незаконная здабыча рыбы ці іншых водных жывёл), здзейсненая на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, —

караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.

2. Незаконная здабыча рыбы ці іншых водных жывёл, якая пацягнула нанясенне ўрону ў буйным памеры, або здабыча рыбы ці іншых водных жывёл з выкарыстаннем прылад лоўлі, прынцыпы работы якіх заснаваны на выкарыстанні электрамагнітнага поля, ультрагуку, ці шляхам узрыву, або здабыча рыбы ці іншых водных жывёл, заведама для вінаватага ўключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, —

караецца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

3. Незаконная здабыча рыбы ці іншых водных жывёл, у тым ліку з выкарыстаннем прылад лоўлі, прынцыпы работы якіх заснаваны на выкарыстанні электрамагнітнага поля, ультрагуку, або шляхам узрыву, учыненая службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, —

караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

4. Незаконная здабыча рыбы або іншых водных жывёл, у тым ліку з выкарыстаннем прылад лоўлі, прынцыпы работы якіх заснаваны на выкарыстанні электрамагнітнага поля, ультрагуку, або шляхам узрыву, якая пацягнула нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў.

Заўвага. Буйным памерам урону ў артыкулах 281 і 282 гэтага Кодэкса прызнаецца памер урону на суму, якая ў сорак і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, устаноўлены на дзень учынення злачынства, асабліва буйным — які ў сто і больш разоў перавышае памер такой базавай велічыні.

Артыкул 282. Незаконнае паляванне

1. Паляванне без належнага на тое дазволу, або ў забароненых месцах, або ў забаронены час, або забароненымі прыладамі і спосабамі (незаконнае паляванне), здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, —

караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.

2. Незаконнае паляванне на тэрыторыі запаведніка, нацыянальнага парку, заказніка, у зоне экалагічнага бедства або ў зоне надзвычайнай экалагічнай сітуацыі, або здабыча звяроў ці птушак, заведама для вінаватага ўключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, або незаконнае паляванне, якое пацягнула нанясенне ўрону ў буйным памеры, —

караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

3. Незаконнае паляванне, здзейсненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, —

караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

4. Незаконнае паляванне, здзейсненае з выкарыстаннем механічнага наземнага, воднага або паветранага транспартнага сродку або пацягнула нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў.".

3. У артыкуле 283:

у назве артыкула словы "рыбных рэсурсаў і" замяніць словамі "рыбы і іншых";

у абзацы першым:

словы "рыбных рэсурсаў і" замяніць словамі "рыбы і іншых";

пасля слоў "рыбы або" дапоўніць абзац словам "іншых".

Артыкул 2. У частцы 2 артыкула 182 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 1999 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 77—78, 2/71; 2003 г.,
№ 8, 2/922; № 83, 2/974; 2005 г., № 74, 2/1112; 2006 г., № 9, 2/1192; № 111, 2/1242) словы "часткай трэцяй артыкула 281, часткай трэцяй артыкула 282" замяніць словамі "часткамі 3 і 4 артыкула 281, часткамі 3 і 4 артыкула 282".

Артыкул 3. Унесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 21 красавіка 2003 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 63, 2/946) наступныя змяненні:

1. Пункты 10 і 11 часткі 7 артыкула 2.4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"10) парушэнне правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства (артыкул 15.35);

11) парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання (артыкул 15.37);".

2. Артыкул 15.35 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 15.35. Парушэнне правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства

1. Здабыча рыбы або іншых водных жывёл без належнага на тое дазволу, або ў забаронены час, або ў забароненых месцах, або забароненымі прыладамі і спосабамі, а таксама замах на такую здабычу —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы або іншых водных жывёл і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічынь з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы або іншых водных жывёл і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу — ад пяцісот да тысячы базавых велічынь з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы або іншых водных жывёл і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі.

2. Парушэнне правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, за выключэннем учынення парушэнняў, прадугледжаных часткай 1 гэтага артыкула, —

цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дзесяці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад ста да пяцісот базавых велічынь.".

3. Артыкул 15.37 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 15.37. Парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання

1. Паляванне без належнага на тое дазволу, або ў забароненых месцах, або ў забаронены час, або забароненымі прыладамі і спосабамі —

цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй ружжаў, іншых прылад палявання і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі і з пазбаўленнем спецыяльнага права, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяцідзесяці да двухсот базавых велічынь з канфіскацыяй ружжаў, іншых прылад палявання і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу — ад пяцісот да тысячы базавых велічынь з канфіскацыяй ружжаў, іншых прылад палявання і іншых прадметаў, якія з'явіліся прыладай або сродкам учынення ўказанага парушэння, або без канфіскацыі.

2. Парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, за выключэннем учынення парушэнняў, прадугледжаных часткай 1 гэтага артыкула, —

цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь або пазбаўленне спецыяльнага права, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да двухсот базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад ста да тысячы базавых велічынь.".

Артыкул 4. Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

3 снежня 2007 года, г. Мінск.

№ 288—З