Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 чэрвеня 2008 г. № Р-204/2008
Аб вызначэнні паняцця “даход” у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П. разгледзеў зварот, у якім указваецца на недасканаласць норм заканадаўства, што вызначаюць паняцце “даход” у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
 
Вывучыўшы палажэнні Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КаАП), Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да даследуемага пытання, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Прадпрымальніцкая дзейнасць – гэта самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якая ажыццяўляецца імі ў грамадзянскім абароце ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць і накіравана на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, зробленых, перапрацаваных або набытых указанымі асобамі для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калі гэтыя работы або паслугі прадназначаюцца для рэалізацыі іншым асобам і не выкарыстоўваюцца для ўласнага спажывання (частка другая пункта 1 артыкула 1 ГК).
 
У адпаведнасці з артыкулам 12.7 КаАП незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю ў тым ліку прызнаюцца:
 
прадпрымальніцкая дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі або без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), калі такі спецыяльны дазвол (ліцэнзія) абавязковы, ці з парушэннем правіл і ўмоў ажыццяўлення відаў дзейнасці, прадугледжаных у спецыяльных дазволах (ліцэнзіях) (частка першая);
 
заняцце забароненым відам дзейнасці (частка другая);
 
дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, якія ажыццяўляюцца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) ці з парушэннем правіл і ўмоў ажыццяўлення такога віду дзейнасці, прадугледжаных у спецыяльным дазволе (ліцэнзіі), калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства (частка пятая).
 
Нормы вышэйуказаных частак артыкула 12.7 КаАП прадугледжваюць за заняцце незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю накладанне асноўнага адміністрацыйнага спагнання – штрафу і дадатковага – канфіскацыі даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці.
 
Згодна з артыкулам 6.10 КаАП канфіскацыя заключаецца ў прымусовым бязвыплатным звароце ва ўласнасць дзяржавы даходу, атрыманага ў выніку проціпраўнай дзейнасці, прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў учынення адміністрацыйнага правапарушэння, што належаць асобе, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, ці знаходзяцца ва ўласнасці, на праве гаспадарчага ведання або аператыўнага кіравання юрыдычнай асобы, якая падлягае адміністрацыйнай адказнасці, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца, толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі КаАП.
 
Разам з тым змест паняцця “даход” для мэт рэалізацыі санкцыі, якая змяшчаецца ў частках першай, другой і пятай артыкула 12.7 КаАП і прадугледжвае канфіскацыю даходу, не вызначаны. У сувязі з гэтым узнікае пытанне аб тым, ці трэба пры вызначэнні даходу, што падлягае канфіскацыі на падставе ўказаных частак артыкула 12.7 КаАП, улічваць расходы, якія панёс правапарушальнік пры ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
 
Пры гэтым вызначэнне паняцця “даход” змяшчаецца ў іншых артыкулах КаАП і іншых актах заканадаўства. Аднак яго змест раскрываецца па-рознаму, у залежнасці ад мэт прававога рэгулявання.
 
Так, вызначэнне ўказанага паняцця змяшчаецца ў заўвазе да артыкула 13.2 “Ажыццяўленне дзейнасці без пастаноўкі на ўлік у падатковым органе” КаАП. Прымяняльна да дадзенага саставу адміністрацыйнага правапарушэння пад даходам неабходна разумець эканамічную выгаду ў грашовай або натуральнай форме, што вызначаецца як выручка, за вылікам дакументальна пацверджаных матэрыяльных затрат, якія звязаны з атрыманнем даходу і ўстанаўліваюцца для юрыдычных асоб у адпаведнасці з падатковым заканадаўствам.
 
У заўвазе да артыкула 233 КК прадугледжана, што пад даходам ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці неабходна разумець усю суму выручкі ў грашовай або натуральнай форме без уліку затрат на яе атрыманне. Даход, атрыманы ў натуральнай форме, падлягае вызначэнню ў грашовым выражэнні.
 
У адпаведнасці з часткай другой артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2000 г. “Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці” (у рэдакцыі Закона ад 11 снежня 2005 г.) даходы, атрыманыя незаконным шляхам, – сродкі, атрыманыя ў выніку парушэння грамадзянскага, крымінальнага, адміністрацыйнага і іншага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
Згодна з часткай першай артыкула 233 КК і часткай першай артыкула 12.7 КаАП крымінальная і адміністрацыйная адказнасць адпаведна ўстаноўлена за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, якая ажыццяўляецца без дзяржаўнай рэгістрацыі або без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), калі такі спецыяльны дазвол (ліцэнзія) абавязковы. Адмежаванне адміністрацыйнага правапарушэння, што выразілася ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ад аналагічнага злачынства залежыць ад размеру атрыманага ў выніку такой дзейнасці даходу. Згодна з артыкулам 233 КК незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць прызнаецца злачынствам, калі яна спалучана з атрыманнем даходу ў буйным размеры (частка першая), асабліва буйным размеры (частка другая), ажыццяўляецца арганізаванай групай (частка трэцяя).
 
Такім чынам, для вырашэння пытання аб прыцягненні асобы да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і кваліфікацыі яе дзеянняў неабходна вылічыць даход, атрыманы ў выніку такой дзейнасці. Калі даход ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці не з’яўляецца буйным, асоба падлягае адміністрацыйнай адказнасці па частцы першай артыкула 12.7 КаАП.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што вызначэнне паняцця “даход”, якое змяшчаецца ў артыкуле 233 КК, прымяняльнае толькі для адмежавання адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай першай артыкула 12.7 КаАП, ад злачынства, прадугледжанага артыкулам 233 КК.
 
Для мэты накладання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе канфіскацыі за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў законе павінна быць вызначана паняцце даходу прымяняльна да артыкула 12.7 КаАП.
 
Згодна з артыкулам 72 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” пры выяўленні прабелаў у нарматыўных прававых актах нарматворчыя органы (службовыя асобы), якія прынялі (выдалі) гэтыя акты, абавязаны ўнесці ў іх адпаведныя дапаўненні або змяненні, што ўстараняюць прабелы.
 
На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дапоўніць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях палажэннем, якое вызначае паняцце “даход” у мэтах накладання адміністрацыйнага спагнання ў адпаведнасці з артыкулам 12.7 указанага Кодэкса.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч