ПАЛАЖЭННЕ

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Прэзідыума Цэнтральнага камітэта
Беларускага прафесійнага саюза работнікаў
адукацыі і навукі

23.06.2008 № 24

 

 

ПАЛАЖЭННЕ

аб правядзенні конкурсу на стварэнне Гімна
Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі

1. Конкурс на стварэнне Гімна Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі (далей — конкурс, Гімн галіновага прафсаюза, галіновы прафсаюз адпаведна) праводзіцца ў мэтах дэмакратычнага адбору мастацкіх твораў (тэкстаў і музыкі) для вызначэння Гімна галіновага прафсаюза, заахвочвання творчай актыўнасці па адлюстраванні прафсаюзнай і галіновай тэматыкі ў музычным мастацтве.

2. Гімн галіновага прафсаюза павінен:

2.1. адпавядаць статусу галіновага прафсаюза як галіновага прафцэнтра — добраахвотнай грамадскай арганізацыі работнікаў устаноў і арганізацый адукацыі і навукі, навучэнскай моладзі — паслядоўніка і захавальніка лепшых традыцый прафесійных аб'яднанняў асветнікаў і студэнцкіх таварыстваў Беларусі;

2.2. адлюстроўваць мэты, задачы, метады, прынцыпы і змест дзейнасці галіновага прафсаюза, значэнне яго дасягненняў, бачанне перспектыў развіцця;

2.3. мець інтанацыйна-меладычную якасць, запамінальнасць, урачыстасць, рытм шэсця.

3. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца тэксты на беларускай мове і музыка да Гімна галіновага прафсаюза (далей — творы). Тэкст твора павінен складацца не больш чым з чатырох чатырохрадкоўяў і прыпеву.

4. Творы разглядае камісія па правядзенні конкурсу на стварэнне тэксту і музыкі Гімна Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі (далей — камісія), склад якой фарміруецца з прадстаўнікоў Цэнтральнага камітэта, абласных і Мінскага гарадскога камітэтаў галіновага прафсаюза, кампазітараў, паэтаў, музыказнаўцаў, філолагаў, дзеячаў беларускай культуры, мастацтва і зацвярджаецца пастановай Прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза.

5. Конкурс з'яўляецца адкрытым, у ім могуць прыняць удзел як пэўныя асобы, так і творчыя калектывы.

Творы падаюцца пад дэвізам у запячатаным канверце, пазначаным тым жа дэвізам і словамі "На конкурс" . У канверце павінны быць тэкст і ноты твора, пазначаныя дэвізам, пры наяўнасці — гуказапіс на СD-носьбіце. У гэты канверт дадаткова ўкладаецца пазначаны дэвізам і словамі "Звесткі аб аўтары (аўтарах)" другі запячатаны канверт. У ім павінны быць пазначаныя дэвізам звесткі аб аўтары (аўтарах): прозвішча, імя і імя па бацьку, месца працы (вучобы), службовыя і хатнія адрасы і тэлефоны, адрас электроннай пошты.

Канверты, у якіх знаходзяцца звесткі аб аўтары (аўтарах), распячатваюцца пасля падвядзення камісіяй вынікаў конкурсу.

Падача твораў лічыцца згодай на іх публікацыю, выкананне і трансляцыю ў час правядзення конкурсу на сайце галіновага прафсаюза і ў сродках масавай інфармацыі.

Дасланыя на конкурс матэрыялы не вяртаюцца.

Творы, змест якіх не адпавядае патрабаванням гэтага Палажэння, да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца.

6. Кожны з удзельнікаў конкурсу мае права падаць на разгляд камісіі адзін твор.

7. Творы падаюцца да 1 лістапада 2009 года ў Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза (220126, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 21, пак. 1307) з пазнакай на канверце "Конкурс Гімна БПРК".

8. Конкурс складаецца з адборачнага і фінальнага тураў.

У адборачным туры камісіяй разглядаюцца ўсе дасланыя ў вызначаныя тэрміны творы і вызначаюцца тры лепшыя з іх для праходжання ў фінальны тур. Рашэнні камісіі ў адборачным туры прымаюцца шляхам галасавання, форму якога вызначае камісія.

У фінальным туры з вызначаных у адборачным туры трох лепшых твораў камісіяй па выніках абмеркавання шляхам тайнага галасавання вызначаецца твор-пераможца конкурсу, які прапануецца камісіяй для зацвярджэння ў якасці Гімна галіновага прафсаюза.

Рашэнне камісіі лічыцца прынятым, калі за яго прагласавала больш за палову членаў камісіі.

9. Пры разглядзе твораў камісія кіруецца наступнымі крытэрыямі:

9.1. адпаведнасць зместу тэксту ўмовам конкурсу;

9.2. мастацкі ўзровень твора;

9.3. адпаведнасць твора музычным канонам і прынцыпам напісання гімна.

10. Правядзенне конкурсу шырока асвятляецца на сайце галіновага прафсаюза, у сродках масавай інфармацыі.

Пры падрыхтоўцы да падвядзення вынікаў адборачнага тура конкурсу тэксты дасланых у вызначаныя тэрміны твораў размяшчаюцца на сайце галіновага прафсаюза, пры неабходнасці і наяўнасці адпаведнай магчымасці па просьбе камісіі можа быць наладжана галасаванне на сайце з мэтай вызначэння найбольш упадабаных наведвальнікамі сайта галіновага прафсаюза тэкстаў.

Пры падрыхтоўцы да падвядзення вынікаў фінальнага тура конкурсу пры неабходнасці і наяўнасці адпаведнай магчымасці па просьбе камісіі могуць ажыццяўляцца гуказапіс твораў у выкананні адпаведных мастацкіх калектываў, шырокае абмеркаванне вызначаных у адборачным туры твораў на сайце галіновага прафсаюза.

11. Тэрмін падвядзення вынікаў адборачнага тура конкурсу — да 1 снежня 2009 года, фінальнага тура конкурсу — да 1 лютага 2010 года.

12. Па выніках конкурсу Прэзідыум Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза сваёй пастановай зацвярджае Гімн галіновага прафсаюза. Пры неабходнасці са згоды камісіі на этапе падрыхтоўкі праекта пастановы Прэзідыум Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза стварае часовую камісію па ўдасканаленні тэксту твора-пераможцы конкурсу ў складзе адпаведных спецыялістаў і прафсаюзных работнікаў. У якасці тэксту Гімна галіновага прафсаюза зацвярджаецца тэкст, прапанаваны камісіяй па ўдасканаленні тэксту твора-пераможцы конкурсу.

13. Аўтар (аўтары) твора-пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломам (дыпломамі) і грашовай прэміяй на падставе пастановы Прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза. Астатнія ўдзельнікі конкурсу, творы якіх былі дапушчаны да ўдзелу ў конкурсе, узнагароджваюцца дыпломамі. Асобныя ўдзельнікі конкурсу пры наяўнасці рэкамендацый камісіі на падставе пастановы Прэзідыума Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза могуць быць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі ці грашовымі прэміямі.

14. Вынікі конкурсу абвяшчаюцца на сайце галіновага прафсаюза, у сродках масавай інфармацыі.

15. Пасля зацвярджэння Гімна галіновага прафсаюза яго тэкст і ноты публікуюцца на сайце галіновага прафсаюза, у галіновых і прафсаюзных сродках масавай інфармацыі. Па заказу Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза ажыццяўляецца гуказапіс Гімна галіновага прафсаюза ў выкананні адпаведнага мастацкага калектыву.

16. Правядзенне конкурсу і ўзнагароджанне яго ўдзельнікаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў прафсаюзнага бюджэту адпаведных арганізацыйных структур галіновага прафсаюза.