Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі

У мэтах забеспячэння для ўсіх грамадзян роўных магчымасцяў атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, якая адпавядае сучасным умовам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

1. Устанавіць, што:

1.1. тэрмін атрымання:

агульнай базавай адукацыі складае 9 гадоў (для асобаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — 9—10 гадоў);

агульнай сярэдняй адукацыі — 11 гадоў (для асобаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — 11—12 гадоў);

агульнай сярэдняй адукацыі ў вячэрніх школах, класах, вучэбна-кансультацыйных пунктах, у якіх навучанне ажыццяўляецца па тыпавым вучэбным плане вячэрняй школы, — 12 гадоў (для асобаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — 12-13 гадоў);

1.2. тэрміны навучання на ступенях агульнай сярэдняй адукацыі складаюць:

на І ступені — 4 гады (для асобаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — 4—5 гадоў);

на II ступені — 5 гадоў;

на III ступені — 2 гады, у вячэрніх школах, класах, вучэбна-кансультацыйных пунктах, у якіх навучанне ажыццяўляецца па тыпавым вучэбным плане вячэрняй школы, — 3 гады;

1.3. вучэбныя заняткі ў навучальным годзе ажыццяўляюцца з 1 верасня па 1 чэрвеня. Калі названыя даты прыпадаюць на нерабочы дзень, то вучэбныя заняткі ў навучальным годзе пачынаюцца ў наступны і завяршаюцца ў папярэдні рабочы дзень;

1.4. адукацыйны працэс пры навучанні на I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага школьнага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і адзін дзень для правядзення з навучэнцамі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў, арганізацыі працоўнага навучання, у тым ліку вучэбных заняткаў на вучэбна-вытворчых аб'ектах.

У IХ(Х)-ХI(ХII) класах у шосты школьны дзень могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі;

1.5. вывучэнне вучэбных прадметаў у агульнаадукацыйных установах ажыццяўляецца на базавым узроўні.

Навучэнцы з улікам меркавання іх бацькоў або іншых законных прадстаўнікоў зыходзячы са схільнасцяў, жаданняў і стану здароўя могуць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні на факультатыўных занятках у межах устаноўленай тыпавым вучэбным планам колькасці вучэбных гадзін.

У агульнаадукацыйных установах могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі прыродазнаўча-матэматычнай, гуманітарнай, грамадазнаўчай, экалагічнай, ваенна-патрыятычнай, музычнай, харэаграфічнай, мастацкай, тэатральнай, спартыўнай і іншай накіраванасці.

Факультатыўныя заняткі, як правіла, праводзяцца да пачатку або пасля завяршэння ўрокаў.

На I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі могуць стварацца спецыялізаваныя па спорце класы.

На III ступені агульнай сярэдняй адукацыі можа ажыццяўляцца прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў;

1.6. у гімназіях і ліцэях асобныя вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Парадак арганізацыі і дзейнасці гімназій і ліцэяў вызначаецца Міністэрствам адукацыі з улікам патрабаванняў гэтага Дэкрэта і іншых заканадаўчых актаў.

2. Тэрмін навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі складае адзін год:

у 2008/2009 навучальным годзе для навучэнцаў, якія атрымалі агульную базавую адукацыю ў 2007/2008 навучальным годзе;

у 2009/2010 навучальным годзе для навучэнцаў, якія ў 2007/2008 навучальным годзе вучыліся ў IХ класе.

Для навучэнцаў, названых у гэтым пункце, вучэбныя заняткі могуць быць арганізаваны ў рэжыме шасцідзённага вучэбнага тыдня.

3. Да прывядзення ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам акты заканадаўства прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць гэтаму Дэкрэту.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

4.1. з 1 студзеня 2009 г.:

павысіць тарыфныя аклады (стаўкі) педагагічным работнікам агульнаадукацыйных устаноў, спецыяльных устаноў адукацыі (акрамя спецыяльных дашкольных устаноў), устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што фінансуюцца з бюджэту;

устанавіць:

штомесячныя даплаты маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных устаноў, спецыяльных устаноў адукацыі (акрамя спецыяльных дашкольных устаноў), устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што фінансуюцца з бюджэту, у памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў дзяржаўных арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі;

надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка кіраўнікам агульнаадукацыйных устаноў, спецыяльных устаноў адукацыі (акрамя спецыяльных дашкольных устаноў), устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што фінансуюцца з бюджэту, іх намеснікам па асноўнай дзейнасці;

4.2. сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам фінансаваць расходы, звязаныя з названым павышэннем заработнай платы педагагічных работнікаў, у межах сродкаў, прадугледжаных на адукацыю ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах;

4.3. да 1 студзеня 2009 г. забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам;

4.4. да 1 студзеня 2010 г. дапрацаваць і ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі з улікам палажэнняў гэтага Дэкрэта і практыкі яго прымянення;

4.5. прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Дэкрэта.

5. Міністэрству адукацыі:

5.1. пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года забяспечыць пераход агульнаадукацыйных устаноў на тэрміны атрымання агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, прадугледжаныя ў падпунктах 1.1 і 1.2 пункта 1 гэтага Дэкрэта, і да 1 верасня 2008 г. зацвердзіць адпаведныя вучэбныя планы;

5.2. сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй стварыць камісію па экспертызе і дапрацоўцы вучэбных праграм для агульнаадукацыйных устаноў.

6. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 1, які ўступае ў сілу з 1 верасня 2008 г., з'яўляецца часовым і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі
Беларусь А. Лукашэнка.

17 ліпеня 2008 г., г. Мінск.