Закон Рэспублікі Беларусь

Аб сродках масавай інфармацыі

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

1. Акрэдытацыя журналіста сродку масавай інфармацыі — пацвярджэнне права журналіста сродку масавай інфармацыі асвятляць мерапрыемствы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама іншыя падзеі, што адбываюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.

2. Від сродку масавай інфармацыі — газета, часопіс, бюлетэнь, радыё-, тэле-, відэа-, кінахранікальная праграма, іншая сукупнасць інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў (перадач), якія носяць перыядычны характар і прызначаны для няпэўнага кола асобаў.

3. Відэа-, кінахранікальная праграма — сукупнасць аўдыя-, аўдыявізуальных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў (перадач), якія маюць пастаянную назву і носяць перыядычны характар.

4. Выпуск сродку масавай інфармацыі — выхад у свет друкаванага сродку масавай інфармацыі, сродку масавай інфармацыі, які распаўсюджваецца праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт, або выхад у эфір тэлевізійнага, радыёвяшчальнага сродку масавай інфармацыі.

5. Галоўны рэдактар (рэдактар) сродку масавай інфармацыі — кіраўнік юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, або ўпаўнаважаная ім асоба.

6. Журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі — фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем і стварэннем (падрыхтоўкай) інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, зарэгістраванага за межамі Рэспублікі Беларусь, якая звязана з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымі адносінамі і мае акрэдытацыю ў Рэспубліцы Беларусь.

7. Журналіст сродку масавай інфармацыі — фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем і стварэннем (падрыхтоўкай) інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, звязаная з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымі або іншымі дагаворнымі адносінамі.

8. Замежны сродак масавай інфармацыі — сродак масавай інфармацыі, зарэгістраваны за межамі Рэспублікі Беларусь.

9. Iнфармацыйнае агенцтва — юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе збор, стварэнне (падрыхтоўку), захоўванне інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў і іх распаўсюджанне ў сродках масавай інфармацыі і мае адначасова статус юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, і распаўсюджвальніка прадукцыі сродку масавай інфармацыі.

10. Карэспандэнцкі пункт — адасобленае падраздзяленне юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі і якое ажыццяўляе збор, захоўванне і стварэнне (падрыхтоўку) інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў для дадзенага сродку масавай інфармацыі, а таксама распаўсюджванне яго прадукцыі.

11. Масавая інфармацыя — прызначаныя для няпэўнага кола асобаў друкаваныя, аўдыя-, аўдыявізуальныя і іншыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, апублікаваныя ў друку, паведамленыя пры дапамозе тэлевізійнага вяшчання і радыёвяшчання або ў іншай форме перыядычнага распаўсюджання.

12. Недакладная інфармацыя — інфармацыйныя паведамленні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, і (або) матэрыялы, што распаўсюджваюцца сродкам масавай інфармацыі.

13. Перыядычнасць сродку масавай інфармацыі — выпуск сродку масавай інфармацыі пэўную колькасць разоў праз пэўны прамежак часу.

14. Друкаваны сродак масавай інфармацыі — газета, часопіс, бюлетэнь, іншае выданне, якія маюць пастаянную назву, парадкавы нумар, скразную нумарацыю старонак і выходзяць у свет не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў.

15. Прадукцыя сродку масавай інфармацыі — тыраж (частка тыражу) асобнага нумара друкаванага сродку масавай інфармацыі, асобны выпуск радыё-, тэле-, відэа-, кінахранікальнай праграмы, тыраж або частка тыражу аўдыя- або відэазапісу праграмы, а таксама інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якія распаўсюджваюцца ва ўстаноўленым парадку праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт.

16. Радыё-, тэлепраграма — сукупнасць аўдыя-, аўдыявізуальных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў (радыё-, тэлеперадач), якія маюць пастаянную назву і носяць перыядычны характар.

17. Радыёвяшчальны сродак масавай інфармацыі — радыёпраграма, якая распаўсюджваецца з выкарыстаннем сродку электрасувязі не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў.

18. Распаўсюджанне прадукцыі сродку масавай інфармацыі — продаж, падпіска, дастаўка друкаванага сродку масавай інфармацыі, аўдыя- або відэазапісаў праграм, трансляцыя і рэтрансляцыя радыё-, тэлепраграм, дэманстрацыя кінахранікальных праграм, іншая форма давядзення масавай інфармацыі да ўсеагульнага ведама.

19. Распаўсюджвальнік прадукцыі сродку масавай інфармацыі — юрыдычная або фізічная асоба, якая ажыццяўляе распаўсюджванне прадукцыі сродку масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

20. Сродак масавай інфармацыі — форма перыядычнага распаўсюджання масавай інфармацыі з выкарыстаннем друку, тэлевізійнага вяшчання і радыёвяшчання, глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт.

21. Суб'екты праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, грамадскі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі, заснавальнік (заснавальнікі), галоўны рэдактар (рэдактар), журналіст сродку масавай інфармацыі, юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, а таксама інфармацыйнае агенцтва, карэспандэнцкі пункт, распаўсюджвальнік прадукцыі сродку масавай інфармацыі.

22. Тэлевізійнае вяшчанне і радыёвяшчанне — распаўсюджанне масавай інфармацыі з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў вяшчання для індывідуальнага або калектыўнага прыёму неабмежаваным колам асобаў з дапамогай тэле- і радыёпрыёмнікаў.

23. Тэлевізійны сродак масавай інфармацыі — тэлепраграма, якая распаўсюджваецца з выкарыстаннем сродкаў электрасувязі не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў.

24. Заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі — фізічная або юрыдычная асоба, у тым ліку дзяржаўны орган, якая самастойна або сумесна з іншымі фізічнымі або юрыдычнымі асобамі прыняла рашэнне аб стварэнні сродку масавай інфармацыі і звярнулася для яго дзяржаўнай рэгістрацыі.

25. Фізічная асоба — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, замежны грамадзянін, асоба без грамадзянства.

26. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, — юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе вытворчасць і выпуск сродку масавай інфармацыі на падставе рашэння заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі (далей — рашэнне аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі), або ў выпадку, калі ўказаная юрыдычная асоба не з'яўляецца заснавальнікам сродку масавай інфармацыі, — на падставе дагавора гэтай юрыдычнай асобы з заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі (далей — дагавор аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі).

Артыкул 2. Прававая аснова дзейнасці сродку масавай інфармацыі

1. Прававую аснову дзейнасці сродку масавай інфармацыі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

1. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на сродкі масавай інфармацыі, якія засноўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама на замежныя сродкі масавай інфармацыі ў частцы, што датычыцца іх дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

2. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на аналагі друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі

Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца:

дакладнасць інфармацыі — сродкі масавай інфармацыі павінны распаўсюджваць інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці;

законнасць — інфармацыя не павінна супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

роўнасць — сродкі масавай інфармацыі зыходзяць з роўнасці правоў усіх фізічных асобаў, дзяржаўных органаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асобаў на распаўсюджанне і атрыманне масавай інфармацыі;

павага правоў і свабод чалавека — сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць выкананне правоў і свабод чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

разнастайнасць меркаванняў — сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне розных меркаванняў і поглядаў у грамадстве;

развіццё нацыянальнай культуры — сродкі масавай інфармацыі садзейнічаюць распаўсюджванню і папулярызацыі нацыянальных культурных каштоўнасцяў;

абарона маралі — сродкі масавай інфармацыі не павінны дапускаць распаўсюджвання інфармацыі, якая разбурае нормы грамадскай маралі;

выкананне нормаў прафесійнай этыкі журналістаў і агульнапрынятых нормаў маралі — журналісты сродкаў масавай інфармацыі ў сваёй дзейнасці павінны няўхільна выконваць нормы прафесійнай этыкі і агульнапрынятыя нормы маралі.

Артыкул 5. Свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне

У Рэспубліцы Беларусь кожнаму гарантуюцца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне.

Артыкул 6. Недапушчальнасць манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі юрыдычнымі або фізічнымі асобамі не дапускаецца.

Артыкул 7. Недапушчальнасць незаконнага абмежавання свабоды масавай інфармацыі

Не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі, якая выяўляецца:

у ажыццяўленні цэнзуры масавай інфармацыі — патрабаванні з боку службовых асобаў, дзяржаўных органаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асобаў да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, інфармацыйнага агенцтва, карэспандэнцкага пункта, галоўнага рэдактара (рэдактара), журналіста, заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі папярэдне ўзгадняць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, за выключэннем выпадкаў узгаднення з аўтарам або інтэрв'юіруемым, распаўсюджвання афіцыйных інфармацыйных паведамленняў у адпаведнасці з артыкуламі 18 і 26 гэтага Закона;

ва ўмяшанні ў сферу прафесійнай самастойнасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі;

у прыпыненні або спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі з парушэннем патрабаванняў гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

у прымушэнні журналіста сродку масавай інфармацыі да распаўсюджвання або адмовы ад распаўсюджвання інфармацыі;

у парушэнні правоў журналіста сродку масавай інфармацыі, устаноўленых гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

у іншай перашкодзе ў якой-небудзь форме законнай дзейнасці заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі, юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, распаўсюджвальніка прадукцыі сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 8. Фінансаванне сродку масавай інфармацыі

1. Крыніцамі фінансавання сродкаў масавай інфармацыі могуць быць сродкі заснавальніка (заснавальнікаў), сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Забараняецца атрымліваць грашовыя сродкі і іншую маёмасць у мэтах фінансавання сродкаў масавай інфармацыі ад:

2.1. замежных юрыдычных асобаў, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, што пастаянна не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў удзелу ўказаных асобаў у статутным фондзе юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, а таксама іншых выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

2.2. ананімных крыніц.

Артыкул 9. Мова сродкаў масавай інфармацыі

1. Масавая інфармацыя можа распаўсюджвацца ў Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і на іншых мовах.

2. У сродках масавай інфармацыі не дапускаецца выкарыстанне нецэнзурных слоў і выразаў.

Глава 2

Парадак заснавання
і дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) сродкаў масавай інфармацыі

Артыкул 10. Заснаванне сродкаў масавай інфармацыі

1. Фізічная асоба, дзяржаўныя органы, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, іншыя юрыдычныя асобы, у тым ліку замежныя, засноўваюць сродкі масавай інфармацыі ў парадку і на ўмовах, вызначаных гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Замежныя юрыдычныя асобы, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, могуць засноўваць сродкі масавай інфармацыі толькі сумесна з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь.

3. Не можа выступаць у якасці заснавальніка сродку масавай інфармацыі фізічная асоба, якая:

3.1. не дасягнула васямнаццацігадовага ўзросту, за выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовы набывае дзеяздольнасць у поўным аб'ёме да дасягнення васямнаццацігадовага ўзросту;

3.2. адбывае пакаранне па прыгаворы суда або прызнаная рашэннем суда недзеяздольнай;

3.3. раней выступала ў якасці заснавальніка сродку масавай інфармацыі, выпуск якога спынены, — на працягу трох гадоў з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі;

3.4. пазбаўлена ва ўстаноўленым парадку права займацца дзейнасцю, звязанай з вытворчасцю і выпускам сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 11. Дзяржаўная рэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі

1. Сродкі масавай інфармацыі падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 3 і пунктам 7 артыкула 13 гэтага Закона.

Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Замежныя сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сваю прадукцыю са змяненнем яе формы або зместу, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

3. Правы і абавязкі заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі, юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, прадугледжаныя гэтым Законам, узнікаюць з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 12. Рэгістрацыйныя патрабаванні

1. Пры дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі заснавальнікам (заснавальнікамі) або ўпаўнаважанай ім (імі) асобай падаецца заява па форме, устаноўленай рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, з указаннем наступных звестак:

1.1. заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі;

1.2. назва і від сродку масавай інфармацыі;

1.3. мова сродку масавай інфармацыі;

1.4. юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі;

1.5. адрас юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі;

1.6. мяркуемая тэрыторыя распаўсюджвання сродку масавай інфармацыі;

1.7. спецыялізацыя (тэматыка) сродку масавай інфармацыі;

1.8. крыніцы фінансавання сродку масавай інфармацыі;

1.9. перыядычнасць сродку масавай інфармацыі;

1.10. плануемы тыраж сродку масавай інфармацыі (для друкаванага сродку масавай інфармацыі);

1.11. звесткі аб тым, ці з'яўляецца заснавальнік галоўным рэдактарам (рэдактарам) або журналістам іншых сродкаў масавай інфармацыі (для заснавальніка сродку масавай інфармацыі — фізічнай асобы), заснавальнікам іншых сродкаў масавай інфармацыі, распаўсюджвальнікам прадукцыі сродку масавай інфармацыі (для заснавальнікаў сродкаў масавай інфармацыі — фізічных і юрыдычных асобаў).

2. Да заявы, прадугледжанай пунктам 1 гэтага артыкула, прыкладаюцца:

2.1. копіі ўстаноўчых дакументаў юрыдычнай асобы, дакумента, які пацвярджае дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычнай асобы (для заснавальніка сродку масавай інфармацыі — юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь);

2.2. легалізаваная выпіска з гандлёвага рэестра краіны, дзе замежная арганізацыя заснавана, або іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статусу замежнай юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны яе заснавання (для заснавальніка сродку масавай інфармацыі — замежнай юрыдычнай асобы);

2.3. копіі дакумента, які сведчыць асобу фізічнай асобы (для заснавальніка сродку масавай інфармацыі — фізічнай асобы);

2.4. копіі ўстаноўчых дакументаў і дакумента, які пацвярджае дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі (для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі і якая не з'яўляецца заснавальнікам сродку масавай інфармацыі);

2.5. копія рашэння аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі або дагавора аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі;

2.6. дакумент, які пацвярджае аплату дзяржаўнай пошліны за дзяржаўную рэгістрацыю сродку масавай інфармацыі.

3. Прадстаўлення копій дакументаў, прадугледжаных падпунктам 2.1 пункта 2 гэтага артыкула, не патрабуецца для дзяржаўных органаў, а таксама для іншых дзяржаўных арганізацый, прававы статус якіх вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі на дзяржаўны орган або іншую дзяржаўную арганізацыю, указаныя ў частцы першай гэтага пункта, ускладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, таксама не патрабуецца прадстаўлення копій дакументаў, прадугледжаных падпунктам 2.4 пункта 2 гэтага артыкула.

Артыкул 13. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі

1. Рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі і яго ўключэння ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі прымаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў месячны тэрмін з дня атрымання заявы і дакументаў, прадугледжаных артыкулам 12 гэтага Закона.

2. Заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі вяртаецца заяўніку без разгляду з указаннем падставы вяртання, калі:

2.1. заява пададзеная з парушэннем патрабаванняў, устаноўленых артыкулам 12 гэтага Закона;

2.2. заява ад імя заснавальніка (заснавальнікаў) пададзеная асобай, якая не мае на тое паўнамоцтваў.

3. Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў межах тэрміну, устаноўленага пунктам 1 гэтага артыкула, прымае адно з наступных рашэнняў:

3.1. аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі;

3.2. аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі.

4. Адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі і парушэнне рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ўстаноўленага для дзяржаўнай рэгістрацыі тэрміну могуць быць абскарджаны заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі ў судовым парадку.

5. Сродак масавай інфармацыі лічыцца зарэгістраваным і мае права ажыццяўляць сваю дзейнасць з дня ўключэння яго ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі, вядзенне якога ажыццяўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі.

Пасля ўключэння сродку масавай інфармацыі ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі яго заснавальніку (заснавальнікам) выдаецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі.

Форма пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі і парадак яго выдачы, а таксама пералік звестак, якія ўключаюцца ў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, устанаўліваюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі.

6. За заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі захоўваецца права пачаць выпуск сродку масавай інфармацыі на працягу аднаго года — для тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі і шасці месяцаў — для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі з дня ўключэння іх у Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі.

7. Не патрабуецца дзяржаўнай рэгістрацыі:

7.1. сродкаў масавай інфармацыі, спецыяльна заснаваных дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі толькі для распаўсюджвання іх афіцыйных заяў, а таксама для афіцыйнага апублікавання прававых актаў;

7.2. радыё- і тэлепраграм, якія распаўсюджваюцца па сетках, абмежаваных памяшканнямі і тэрыторыяй адной арганізацыі або маюць не больш як дзесяць абанентаў;

7.3. аўдыя- і відэапраграм, якія распаўсюджваюцца ў запісе тыражом не больш як дзесяць экзэмпляраў;

7.4. друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, што выходзяць у свет тыражом, які не перавышае 299 экзэмпляраў.

Артыкул 14. Перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі

1. Перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 11—13 гэтага Закона. Заява аб перарэгістрацыі сродку масавай інфармацыі падаецца ў месячны тэрмін з моманту ўзнікнення падстаў для перарэгістрацыі, прадугледжаных пунктам 2 гэтага артыкула.

2. Перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца абавязковай:

2.1. пры рэарганізацыі (ліквідацыі) юрыдычнай асобы, якая з'яўляецца адным з заснавальнікаў сродку масавай інфармацыі;

2.2. пры змене складу заснавальнікаў сродку масавай інфармацыі;

2.3. пры змяненні звестак, прадугледжаных падпунктамі 1.2 і 1.4 пункта 1 артыкула 12 гэтага Закона.

3. Пры змяненні іншых звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі, заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі ў месячны тэрмін з дня іх змянення пісьмова паведамляе аб гэтым рэспубліканскаму органу дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі з прыкладаннем дакументаў, што пацвярджаюць адпаведныя змяненні.

Артыкул 15. Падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі

1. Падставамі для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі з'яўляюцца:

1.1. невыкананне патрабаванняў, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 артыкула 10 гэтага Закона;

1.2. неадпаведнасць рэчаіснасці звестак, указаных у заяве аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі;

1.3. неадпаведнасць назвы, спецыялізацыі (тэматыкі) сродку масавай інфармацыі патрабаванням, прадугледжаным артыкулам 38 гэтага Закона;

1.4. наяўнасць у Дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі сродку масавай інфармацыі з такой жа назвай;

1.5. ускладанне функцый рэдакцыі сродку масавай інфармацыі на юрыдычную асобу (камерцыйную арганізацыю), у статутным фондзе якой доля замежных інвестыцый складае 30 і больш працэнтаў;

1.6. ускладанне функцый рэдакцыі сродку масавай інфармацыі на юрыдычную асобу (некамерцыйную арганізацыю), 30 і больш працэнтаў заснавальнікаў (удзельнікаў, членаў) якой складаюць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і (або) асобы без грамадзянства, якія пастаянна не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

2. Паведамленне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі накіроўваецца заяўніку ў пісьмовай форме ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння з указаннем падстаў для адмовы, але не пазней як праз месяц з дня атрымання дакументаў, прадугледжаных артыкулам 12 гэтага Закона.

Артыкул 16. Прызнанне дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі несапраўднай. Ануляванне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі

1. Дзяржаўная рэгістрацыя сродку масавай інфармацыі можа быць прызнана рашэннем суда несапраўднай у выпадку, калі яна праведзена з парушэннем патрабаванняў гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі анулюе пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі, калі:

2.1. сродак масавай інфармацыі не прайшоў перарэгістрацыю;

2.2. заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі прапушчаны тэрміны, прадугледжаныя пунктам 6 артыкула 13 гэтага Закона;

2.3. выпуск сродку масавай інфармацыі спынены па рашэнні суда ў парадку, прадугледжаным артыкулам 51 гэтага Закона, альбо заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі ў адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 29 гэтага Закона;

2.4. ліквідавана юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо якая з'яўляецца адзіным заснавальнікам сродку масавай інфармацыі;

2.5. памерла (аб'яўлена памерлай) фізічная асоба, якая з'яўляецца адзіным заснавальнікам сродку масавай інфармацыі, калі спадчыннікі не заявілі аб прыняцці правоў і абавязкаў заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі;

2.6. ва ўстаноўчыя дакументы юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, унесены змяненні, якія прадугледжваюць выключэнне відаў дзейнасці, звязаных з вытворчасцю і выпускам сродку масавай інфармацыі (у выпадку, калі такія віды дзейнасці ўказваліся ва ўстаноўчых дакументах);

2.7. прызнана страціўшым сілу, несапраўдным або адменена рашэнне аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо спыніў дзеянне дагавор аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі і не прадстаўлены ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі дакументы, якія пацвярджаюць ускладанне функцый рэдакцыі сродку масавай інфармацыі на іншую юрыдычную асобу.

3. У выпадку прызнання дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі несапраўднай або анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі па падставах, прадугледжаных пунктам 2 гэтага артыкула, сродак масавай інфармацыі падлягае выключэнню з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.

Глава 3

Парадак распаўсюджвання прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі

Артыкул 17. Парадак распаўсюджвання прадукцыі сродку масавай інфармацыі

1. Распаўсюджванне прадукцыі сродку масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо на падставе дагавора, заключанага ёй ва ўстаноўленым парадку з распаўсюджвальнікам прадукцыі сродку масавай інфармацыі.

2. Калі сродак масавай інфармацыі распаўсюджвае інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, што раней распаўсюджваліся іншым сродкам масавай інфармацыі, то пры гэтым павінна быць зроблена спасылка на сродак масавай інфармацыі, які раней распаўсюдзіў гэтыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы.

3. Iнфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якія распаўсюджваюцца інфармацыйным агенцтвам, павінны суправаджацца спасылкай на гэта інфармацыйнае агенцтва.

4. Парадак распаўсюджвання прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

5. Прадукцыя замежнага сродку масавай інфармацыі, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без змянення формы і зместу, можа быць распаўсюджана ў Рэспубліцы Беларусь пасля атрымання замежным сродкам масавай інфармацыі адпаведнага дазволу ў рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі.

Парадак выдачы дазволу на распаўсюджванне прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі, прадугледжанай часткай першай гэтага пункта, устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Распаўсюджванне афіцыйных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў

1. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абавязана распаўсюдзіць бясплатна і ў пэўны тэрмін:

1.1. Рашэнне суда, якое ўступіла ў законную сілу і ў якім змяшчаецца патрабаванне аб паведамленні для ўсеагульнага ведама такога рашэння праз гэты сродак масавай інфармацыі;

1.2. Iнфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якія паступілі з дзяржаўных органаў і датычацца дзейнасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі гэтага сродку масавай інфармацыі.

2. Заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі маюць права абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, змясціць у сродку масавай інфармацыі бясплатна і ў вызначаны ім (імі) тэрмін афіцыйнае інфармацыйнае паведамленне і (або) матэрыял ад яго (іх) імя (заяву заснавальніка (заснавальнікаў)). Максімальны аб'ём заявы заснавальніка (заснавальнікаў) вызначаецца ў рашэнні аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо дагаворы аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 19. Захоўванне інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў

1. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абавязана захоўваць арыгіналы распаўсюджаных ёю інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў на працягу аднаго года пасля іх распаўсюджвання.

2. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага або радыёвяшчальнага сродку масавай інфармацыі, абавязана захоўваць у запісе не менш як адзін год з дня выпуску інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы ўласных радыё-, тэлеперадач.

Артыкул 20. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы

Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы ў сродках масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб рэкламе.

Артыкул 21. Выраб і распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі эратычнага характару

1. Парадак вырабу і распаўсюджвання прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі эратычнага характару, а таксама парадак аднясення прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі да прадукцыі эратычнага характару вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2. Рознічны продаж прадукцыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі эратычнага характару дапускаецца толькі ў запячатаных непразрыстых упакоўках у спецыяльна прызначаных для гэтага месцах і памяшканнях, якія вызначаюцца для гэтых мэтаў мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

3. Распаўсюджванне радыё- і тэлепраграм эратычнага характару без спецыяльнага кадзіравання сігналу не дапускаецца.

Глава 4

Асаблівасці распаўсюджвання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі

Артыкул 22. Выходныя звесткі друкаванага сродку масавай інфармацыі

У кожным выпуску друкаванага сродку масавай інфармацыі павінны быць указаны:

назва друкаванага сродку масавай інфармацыі;

заснавальнік (заснавальнікі) друкаванага сродку масавай інфармацыі;

прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі маецца) галоўнага рэдактара (рэдактара) друкаванага сродку масавай інфармацыі;

парадкавы нумар друкаванага сродку масавай інфармацыі і дата яго выпуску, а для газет — таксама час падпісання ў друк;

цана;

тыраж;

штрыхавы ідэнтыфікацыйны код;

падпісны індэкс (для друкаванага сродку масавай інфармацыі, які распаўсюджваецца па падпісцы);

адрас юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі друкаванага сродку масавай інфармацыі;

адрас друкарні;

нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі (для друкаванага сродку масавай інфармацыі, які падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі);

рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў дадзены друкаваны сродак масавай інфармацыі (для друкаванага сродку масавай інфармацыі, які падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі).

Артыкул 23. Абавязковыя бясплатныя зкзэмпляры друкаваных сродкаў масавай інфармацыі

1. Абавязковыя бясплатныя экзэмпляры друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку вызваленых ад дзяржаўнай рэгістрацыі ў адпаведнасці з падпунктамі 7.1 і 7.4 пункта 7 артыкула 13 гэтага Закона, адразу пасля выдання рассылаюцца заснавальніку (заснавальнікам) друкаванага сродку масавай інфармацыі, рэспубліканскаму органу дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, ва ўстанову "Нацыянальная кніжная палата Беларусі", дзяржаўныя ўстановы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", "Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь", "Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", іншыя арганізацыі згодна з пералікам, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Парадак рассылкі абавязковых бясплатных зкзэмпляраў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі вызначаецца палажэннем аб абавязковым бясплатным экзэмпляры дакументаў, якое зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Глава 5

Асаблівасці дзейнасці тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі

Артыкул 24. Парадак ажыццяўлення тэлевізійнага вяшчання і радыёвяшчання

1. Тэлевізійнае вяшчанне і радыёвяшчанне ажыццяўляюцца праз выкарыстанне ўласных або арандаваных сродкаў электрасувязі.

2. Правілы ўвозу, набыцця і эксплуатацыі сродкаў электрасувязі, у тым ліку спадарожнікавых, якія прымяняюцца тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі сродкамі масавай інфармацыі, устанаўліваюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Выходныя звесткі тэлевізійнага і радыёвяшчальнага сродку масавай інфармацыі

1. У кожным выпуску радыё-, тэлепраграмы павінна аб'яўляцца (указвацца) назва праграмы.

2. Пры бесперапынным вяшчанні сродку масавай інфармацыі назва радыё-, тэлепраграмы павінна аб'яўляцца (указвацца) не радзей як чатыры разы ў суткі.

Артыкул 26. Афіцыйныя інфармацыйныя паведамленні

1. Дзяржаўныя тэлевізійныя і радыёвяшчальныя сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць распаўсюджванне ў радыё-, тэлеперадачах заяў і зваротаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых асобаў, якія займаюць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, а таксама інфармацыі аб іншых грамадска значных фактах, аб дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый.

2. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права без папярэдняга ўзгаднення з дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі сродкамі масавай інфармацыі звяртацца да народа Рэспублікі Беларусь па важных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця.

Глава 6

Прававы статус суб'ектаў праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі

Артыкул 27. Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якое ў межах сваёй кампетэнцыі праводзіць дзяржаўную палітыку, ажыццяўляе рэгуляванне, кіраванне і каардынацыю дзейнасці іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю сродкаў масавай інфармацыі і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 28. Грамадскі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі

1. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ствараецца грамадскі каардынацыйны савет у сферы масавай інфармацыі, які складаецца з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, іншых арганізацый і іншых асобаў.

2. Склад грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі і палажэнне аб ім зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Рашэнні грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі носяць рэкамендацыйны характар.

Артыкул 29. Статус заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі

1. Заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі маюць права:

1.1. выступаць у якасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі (калі заснавальнікам сродку масавай інфармацыі з'яўляецца юрыдычная асоба), распаўсюджвальніка прадукцыі сродку масавай інфармацыі;

1.2. перадаваць свае правы і абавязкі трэцяй асобе на падставе дагавора ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.3. у выпадках, прадугледжаных у рашэнні аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо ў дагаворы аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, спыніць выпуск сродку масавай інфармацыі. Рашэнне заснавальніка (заснавальнікаў) аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі ў трохдзённы тэрмін з дня яго прыняцця накіроўваецца ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі;

1.4. ажыццяўляць іншыя правы ў адпаведнасці з гэтым Законам.

2. Заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі не мае права ўмешвацца ў дзейнасць сродку масавай інфармацыі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым Законам, рашэннем аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо дагаворам аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі.

3. Заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі нясе адказнасць за выкананне патрабаванняў, заяўленых ім пры заснаванні і дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі, устаноўленых гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама за змест інфармацыі, якая распаўсюджваецца заснаваным ім сродкам масавай інфармацыі.

4. Правы і абавязкі заснавальніка (заснавальнікаў) сродку масавай інфармацыі могуць пераходзіць у спадчыну да яго спадчыннікаў у выпадку, калі заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі з'яўляецца фізічная асоба (фізічныя асобы).

Артыкул 30. Статус юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі

Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, ажыццяўляе вытворчасць і выпуск сродку масавай інфармацыі на аснове гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, рашэння аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі альбо дагавора аб рэдакцыі сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 31. Статус галоўнага рэдактара (рэдактара) сродку масавай інфармацыі

1. Галоўны рэдактар (рэдактар) сродку масавай інфармацыі ажыццяўляе сваю прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Галоўны рэдактар (рэдактар) сродку масавай інфармацыі прымае канчатковае рашэнне ў адносінах да вытворчасці і выпуску сродку масавай інфармацыі.

3. Галоўны рэдактар (рэдактар) сродку масавай інфармацыі нясе адказнасць за выкананне патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да дзейнасці сродку масавай інфармацыі гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 32. Iнфармацыйнае агенцтва

Iнфармацыйныя агенцтвы, а таксама сродкі масавай інфармацыі, якія засноўваюцца імі, рэгіструюцца ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 11—13 гэтага Закона для сродкаў масавай інфармацыі.

Артыкул 33. Карэспандэнцкі пункт

1. У мэтах збору, захоўвання і стварэння (падрыхтоўкі) інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, а таксама распаўсюджвання прадукцыі сродку масавай інфармацыі юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, можа адкрываць карэспандэнцкія пункты.

2. Парадак адкрыцця карэспандэнцкіх пунктаў устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 34. Статус журналіста сродку масавай інфармацыі

1. У сваёй прафесійнай дзейнасці журналіст сродку масавай інфармацыі, у тым ліку замежнага, кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нормамі прафесійнай этыкі журналістаў.

2. У сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст сродку масавай інфармацыі мае права:

2.1. збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асобаў, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці;

2.2. прысутнічаць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у раёнах узброеных канфліктаў або надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю;

2.3. ажыццяўляць пры наяўнасці акрэдытацыі або па ўзгадненні з фізічнымі або юрыдычнымі асобамі ў адносінах да гэтых асобаў запісы, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў аўдыя-
візуальнай тэхнікі, кіна- і фотаздымак, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.4. звяртацца да спецыялістаў пры праверцы фактаў і абставінаў у сувязі з паступіўшымі інфармацыйнымі паведамленнямі і (або) матэрыяламі;

2.5. выказваць сваю асабістую думку па інфармацыйных паведамленнях і (або) матэрыялах, прызначаных для распаўсюджвання, за сваім подпісам;

2.6. распаўсюджваць падрыхтаваныя ім інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы за сваім подпісам, пад псеўданімам альбо без подпісу, агаворваць у выпадку неабходнасці захаванне тайны аўтарства.

3. Журналіст сродку масавай інфармацыі мае таксама іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

4. Журналіст сродку масавай інфармацыі абавязаны:

4.1. паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы фізічных асобаў, правы і законныя інтарэсы юрыдычных асобаў;

4.2. правяраць дакладнасць атрыманых ім звестак;

4.3. прадастаўляць для распаўсюджвання дакладную інфармацыю;

4.4. указваць па жаданні асобаў, якія прадастаўляюць інфармацыю, іх аўтарства;

4.5. захоўваць канфідэнцыйнасць інфармацыі і крыніцы яе атрымання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 39 гэтага Закона;

4.6. атрымліваць згоду на распаўсюджванне ў сродку масавай інфармацыі звестак аб асабістым жыцці фізічнай асобы ад самой фізічнай асобы альбо яе законнага прадстаўніка, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

4.7. атрымліваць згоду фізічных асобаў на правядзенне аўдыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак, за выключэннем іх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах, а таксама выпадку, прадугледжанага артыкулам 40 гэтага Закона;

4.8. адмовіцца ад дадзенага яму заснавальнікам (заснавальнікамі), галоўным рэдактарам (рэдактарам) сродку масавай інфармацыі задання, калі гэта заданне альбо яго выкананне звязаны з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

4.9. пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці прад'яўляць па патрабаванні службовае пасведчанне. Форма службовага пасведчання журналіста сродку масавай інфармацыі, зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, устанаўліваецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі.

5. Журналіст сродку масавай інфармацыі выконвае таксама іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

6. Журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі мае правы і выконвае абавязкі журналіста, прадугледжаныя гэтым артыкулам, а таксама іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 35. Акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі

1. Журналісты сродкаў масавай інфармацыі маюць права на акрэдытацыю пры дзяржаўных органах, палітычных партыях, іншых грамадскіх аб'яднаннях, іншых юрыдычных асобах для асвятлення пасяджэнняў, нарад і іншых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца імі, у парадку, устаноўленым гэтымі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі юрыдычнымі асобамі.

2. Не дапускаецца неабгрунтаваная адмова ў акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі.

3. Акрэдытацыя журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Для асвятлення пасяджэнняў, нарад і іншых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі юрыдычнымі асобамі, журналісты замежных сродкаў масавай інфармацыі абавязаны таксама атрымаць акрэдытацыю ў парадку, устаноўленым пунктам 1 гэтага артыкула.

4. Ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі забараняецца.

Глава 7

Адносіны сродкаў масавай інфармацыі з дзяржаўнымі органамі, іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі

Артыкул 36. Права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі

1. Фізічным асобам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асобаў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

2. Дзяржаўныя органы, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, іншыя юрыдычныя асобы, а таксама іх службовыя асобы могуць прадстаўляць звесткі аб сваёй дзейнасці сродкам масавай інфармацыі шляхам правядзення прэс-канферэнцый, рассылкі даведачных і статыстычных матэрыялаў і іншымі спосабамі.

Артыкул 37. Iнфармацыя абмежаванага доступу

У парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, абмяжоўваецца доступ да:

звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную, асабістую або іншую тайну, якая ахоўваецца законам;

звестак аб сістэме арганізацыі, аб крыніцах, аб спосабах, метадах, планах і выніках аператыўна-вышуковай дзейнасці;

матэрыялаў дазнання, папярэдняга следства і судовага разбору да заканчэння вытворчасці па крымінальнай справе;

іншай інфармацыі, прадугледжанай заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 38. Iнфармацыя, распаўсюджванне якой у сродках масавай інфармацыі забаронена

1. У сродках масавай інфармацыі забаронена распаўсюджванне:

1.1. інфармацыі ад імя арганізацый, што не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю (перарэгістрацыю) у выпадках, калі такая рэгістрацыя (перарэгістрацыя) з'яўляецца абавязковай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацый, у адносінах да якіх маецца ўступіўшае ў законную сілу рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі;

1.2. звестак, якія прапагандуюць выкарыстанне і ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьвальных рэчываў у немедыцынскіх мэтах, а таксама звестак аб спосабах і метадах распрацоўкі, вырабу, выкарыстання і месцах набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў;

1.3. інфармацыі, што накіравана на прапаганду вайны, насілля, жорсткасці, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. У радыё-, тэле-, відэа-, кінахранікальных праграмах забараняецца выкарыстанне схаваных уставак, якія ўздзейнічаюць на падсвядомасць людзей або аказваюць шкодны ўплыў на іх здароўе.

Артыкул 39. Ахова крыніцы інфармацыі

1. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, журналіст сродку масавай інфармацыі не абавязаны называць крыніцу інфармацыі і не маюць права раскрываць даныя аб фізічнай або юрыдычнай асобе, якая прадаставіла звесткі, без згоды гэтай асобы.

2. Крыніца інфармацыі і даныя аб фізічнай або юрыдычнай асобе, якая прадаставіла звесткі, называюцца па патрабаванні органа крымінальнага праследавання, суда ў сувязі з вытворчасцю папярэдняга расследавання, судовым разборам.

Артыкул 40. Выкарыстанне скрытага аўдыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак

Распаўсюджванне ў сродках масавай інфармацыі інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, падрыхтаваных з выкарыстаннем аўдыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак фізічнай асобы без яе згоды, дапускаецца толькі пры прыняцці мераў супраць магчымай ідэнтыфікацыі дадзенай асобы пабочнымі асобамі, а таксама пры ўмове, што распаўсюджванне гэтых інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў не парушае канстытуцыйных правоў і свабод асобы і неабходна для абароны грамадскіх інтарэсаў, за выключэннем выпадкаў распаўсюджвання такіх інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў па патрабаванні органа крымінальнага праследавання, суда ў сувязі з вытворчасцю папярэдняга расследавання, судовым разборам.

Артыкул 41. Выкарыстанне аўтарскіх твораў і пісьмаў

1. Пры выкарыстанні ў сродках масавай інфармацыі аўтарскіх твораў і пісьмаў аўтарскія і сумежныя правы ў адносінах да такіх твораў і пісьмаў захоўваюцца за іх аўтарамі альбо іншымі праваўладальнікамі. Аўтар альбо іншы праваўладальнік могуць вызначыць умовы і характар выкарыстання прадастаўленых рэдакцыі сродку масавай інфармацыі твора або пісьма.

2. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, на сваё меркаванне адбірае і распаўсюджвае ў сродку масавай інфармацыі адрасаваныя ёй пісьмы. Пры распаўсюджванні ў сродках масавай інфармацыі пісьмаў дапускаюцца рэдагаванне і скарачэнне іх тэксту пры ўмове, што гэта не скажае сэнсу пісьмаў. У выпадку неабходнасці юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, перасылае пісьмы тым дзяржаўным органам, палітычным партыям, іншым грамадскім аб'яднанням, іншым юрыдычным асобам і іх службовым асобам, да кампетэнцыі якіх адносіцца іх разгляд.

3. Ніхто не мае права абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, распаўсюджваць адхіленыя ёю інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 42. Права на абвяржэнне (адказ)

1. Фізічныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэння распаўсюджаных звестак, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю.

Юрыдычныя асобы, у тым ліку замежныя, маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэння распаўсюджаных звестак, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць іх дзелавую рэпутацыю.

2. Калі юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, не мае доказаў таго, што распаўсюджаныя ёю звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, яна абавязана распаўсюдзіць абвяржэнне (папраўку або ўдакладненне).

3. Фізічныя асобы, дзяржаўныя органы, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, іншыя юрыдычныя асобы, у адносінах да якіх у сродку масавай інфармацыі распаўсюджаны звесткі, што ўшчамляюць іх правы або інтарэсы, якія ахоўваюцца законам, маюць права на распаўсюджванне свайго адказу ў тым жа сродку масавай інфармацыі.

4. Абвяржэнне распаўсюджаных у сродку масавай інфармацыі звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, не пазбаўляе фізічных і юрыдычных асобаў права на зварот у судовым парадку для абароны іх гонару, годнасці або дзелавой рэпутацыі.

Артыкул 43. Парадак распаўсюджвання абвяржэння (адказу)

1. У абвяржэнні (адказе) павінна быць указана, якія звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, калі і як яны былі распаўсюджаны сродкам масавай інфармацыі.

2. Друкаваны сродак масавай інфармацыі абавязаны распаўсюдзіць абвяржэнне (адказ) у спецыяльнай рубрыцы альбо на тым жа месцы паласы і тым жа шрыфтам, што інфармацыйныя паведамленне і (або) матэрыял, якія абвяргаюцца.

3. У тэлевізійных або радыёвяшчальных сродках масавай інфармацыі абвяржэнне (адказ) павінна быць перададзена ў той жа час сутак і ў той жа перадачы або ў перадачы падобнай тэматыкі, што і інфармацыйныя паведамленне і (або) матэрыял, якія абвяргаюцца.

4. Абвяржэнне (адказ) павінна быць распаўсюджана:

4.1. у сродках масавай інфармацыі, выпуск якіх ажыццяўляецца не радзей як адзін раз у тыдзень, — не пазней чым у дзесяцідзённы тэрмін з дня паступлення патрабавання аб абвяржэнні (адказе) або яго тэксту;

4.2. у іншых сродках масавай інфармацыі — пры чарговым выпуску.

Артыкул 44. Падставы для адмовы ў распаўсюджванні абвяржэння (адказу)

1. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, мае права адмовіць у распаўсюджванні абвяржэння звестак, указаных у пункце 1 артыкула 42 гэтага Закона, калі абвяргаюцца звесткі, раней абвергнутыя ў дадзеным сродку масавай інфармацыі.

2. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, не вызваляецца ад абавязку па абвяржэнні звестак, прадугледжаных пунктамі 1 і 2 артыкула 52 гэтага Закона.

3. Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, мае права адмовіць у распаўсюджванні адказу, калі дадзенае патрабаванне:

3.1. змяшчае інфармацыю, распаўсюджванне якой абмежавана або забаронена ў адпаведнасці з артыкуламі 37 і 38 гэтага Закона;

3.2. супярэчыць рашэнню суда, якое ўступіла ў законную сілу;

3.3. з'яўляецца ананімным.

4. Адмова ў распаўсюджванні абвяржэння (адказу) у пяцідзённы тэрмін накіроўваецца зацікаўленым асобам у пісьмовай форме з указаннем прычын адмовы.

5. Адмова ў распаўсюджванні абвяржэння (адказу) альбо парушэнне парадку распаўсюджвання абвяржэння (адказу) могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.

Глава 8

Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы масавай інфармацыі

Артыкул 45. Міжнароднае супрацоўніцтва сродкаў масавай інфармацыі

Сродкі масавай інфармацыі ўдзельнічаюць у міжнародным супрацоўніцтве на аснове міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 46. Карэспандэнцкія пункты замежных сродкаў масавай інфармацыі

1. У Рэспубліцы Беларусь могуць адкрывацца карэспандэнцкія пункты замежных сродкаў масавай інфармацыі.

2. Парадак адкрыцця карэспандэнцкіх пунктаў замежных сродкаў масавай інфармацыі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 47. Карэспандэнцкія пункты сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах

1. Сродкі масавай інфармацыі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, маюць права адкрываць карэспандэнцкія пункты ў замежных дзяржавах у адпаведнасці з заканадаўствам гэтых дзяржаў з абавязковым пісьмовым паведамленнем рэспубліканскаму органу дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі.

2. Паведамленне аб адкрыцці карэспандэнцкага пункта ў замежнай дзяржаве накіроўваецца ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў месячны тэрмін з дня адкрыцця карэспандэнцкага пункта.

Глава 9

Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках
масавай інфармацыі

Артыкул 48. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі

Парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі цягне крымінальную, адміністрацыйную, грамадзянска-прававую і іншую адказнасць у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 49. Пісьмовае папярэджанне

1. Пісьмовае папярэджанне выносіцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, у выпадку:

1.1. ажыццяўлення дзеянняў, якія супярэчаць патрабаванням гэтага Закона, у тым ліку давядзення да ўсеагульнага ведама інфармацыі, распаўсюджванне якой абмежавана або забаронена ў адпаведнасці з артыкуламі 37 і 38 гэтага Закона;

1.2. распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам;

1.3. вытворчасці і (або) распаўсюджвання прадукцыі сродку масавай інфармацыі без дазволу галоўнага рэдактара (рэдактара) сродку масавай інфармацыі;

1.4. распаўсюджвання звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў.

2. Пісьмовае папярэджанне выносіцца заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі ў выпадку парушэння патрабаванняў, прадугледжаных пунктам 3 артыкула 29 гэтага Закона.

3. Пісьмовае папярэджанне не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля яго вынясення выдаецца альбо накіроўваецца па пошце юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі з указаннем дапушчаных парушэнняў і тэрміну іх устаранення.

Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі абавязаны пісьмова паведаміць у рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі аб устараненні парушэнняў, якія сталі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, і прадставіць пацвярджальныя дакументы не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля заканчэння тэрміну ўстаранення парушэнняў, устаноўленага ў пісьмовым папярэджанні.

4. Рашэнне аб вынясенні пісьмовага папярэджання можа быць у месячны тэрмін абскарджана юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі ў судовым парадку.

Артыкул 50. Прыпыненне выпуску сродку масавай інфармацыі

1. Выпуск сродку масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў рашэннем рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі ў выпадках, калі:

1.1. юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі было вынесена пісьмовае папярэджанне і гэтыя юрыдычная асоба або заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі ў тэрміны, прадугледжаныя пунктам 3 артыкула 49 гэтага Закона, не ўстаранілі парушэнні, што сталі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, альбо не паведамілі ў рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі аб іх устараненні з прадстаўленнем пацвярджальных дакументаў;

1.2. рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі прад'явіў у суд іск аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі.

2. Рашэнне аб прыпыненні выпуску сродку масавай інфармацыі можа быць прынята не пазней чым у трохмесячны тэрмін з дня ўзнікнення падстаў, прадугледжаных пунктам 1 гэтага артыкула.

3. Рашэнне аб прыпыненні выпуску сродку масавай інфармацыі можа быць абскарджана ў месячны тэрмін у судовым парадку юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальнікам (заснавальнікамі) сродку масавай інфармацыі.

Артыкул 51. Спыненне выпуску сродку масавай інфармацыі

1. Выпуск сродку масавай інфармацыі можа быць спынены рашэннем суда па іску рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі альбо пракурора.

2. Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі можа прад'явіць у суд іск аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі ў выпадку:

2.1. аднаразовага парушэння палажэнняў гэтага Закона, якія ўстанаўліваюць парадак распаўсюджвання прадукцыі замежнымі сродкамі масавай інфармацыі, афіцыйных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, прадукцыі эратычнага характару, а таксама парадак ажыццяўлення тэлевізійнага вяшчання і радыёвяшчання;

2.2. вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў;

2.3. атрымання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь шляхам унясення заведама лжывых звестак у дакументы, прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі.

3. Рашэнне аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі можа быць прынята не пазней чым у трохмесячны тэрмін з дня ўзнікнення падстаў, прадугледжаных падпунктамі 2.1 і 2.2 пункта 2 гэтага артыкула.

4. Пракурор можа прад'явіць у суд іск аб спыненні выпуску сродку масавай інфармацыі ў выпадку, калі службовым асобам юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі на працягу года было вынесена два і больш афіцыйныя папярэджанні пракурора аб недапушчальнасці паўторнага ўчынення правапарушэнняў, якія цягнуць за сабой адказнасць, устаноўленую гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі, альбо падрыхтоўкі да ўчынення імі супрацьпраўных дзеянняў.

Артыкул 52. Абставіны, якія выключаюць адказнасць

1. Журналіст, заснавальнік (заснавальнікі) сродку масавай інфармацыі, галоўны рэдактар (рэдактар) сродку масавай інфармацыі, юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, распаўсюджвальнік прадукцыі сродку масавай інфармацыі, інфармацыйнае агенцтва, карэспандэнцкі пункт не нясуць адказнасці за распаўсюджванне звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, калі гэтыя звесткі:

1.1. атрыманыя ад дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый, іх службовых асобаў, а таксама змяшчаюцца ў афіцыйных інфармацыйных паведамленнях і (або) матэрыялах;

1.2. атрыманыя ад інфармацыйных агенцтваў пры ўмове наяўнасці спасылак на дадзеныя інфармацыйныя агенцтвы;

1.3. атрыманыя ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асобаў, а таксама змяшчаюцца ў афіцыйных інфармацыйных паведамленнях і (або) матэрыялах прэс-службаў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў і іншых юрыдычных асобаў;

1.4. з'яўляюцца даслоўным узнаўленнем афіцыйных выступленняў службовых асобаў дзяржаўных органаў;

1.5. змяшчаюцца ў інфармацыйных паведамленнях і (або) матэрыялах тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, якія выходзяць у эфір без папярэдняга запісу.

2. Суб'екты праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі, указаныя ў пункце 1 гэтага артыкула, перад распаўсюджваннем звестак, якія могуць дыскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь, а таксама зневажаць гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў, атрыманых з крыніц, указаных у падпункце 1.3 пункта 1 гэтага артыкула, абавязаны праверыць дакладнасць указаных звестак і прадаставіць магчымасць распаўсюджвання адначасовага каментарыя фізічных і (або) юрыдычных асобаў, у тым ліку дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый (іх прэс-службаў), у адносінах да якіх могуць быць распаўсюджаны дадзеныя звесткі альбо ў кампетэнцыю якіх уваходзіць падрыхтоўка растлумачэнняў у адносінах да інфармацыі, што распаўсюджваецца.

У выпадку невыканання патрабаванняў, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, суб'екты праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі, указаныя ў пункце 1 гэтага артыкула, не вызваляюцца ад адказнасці за распаўсюджванне звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

3. За суб'ектамі праваадносінаў у сферы масавай інфармацыі, указанымі ў пункце 1 гэтага артыкула, захоўваецца права не распаўсюджваць звесткі, указаныя ў пункце 2 гэтага артыкула.

Глава 10

Заключныя палажэнні

Артыкул 53. Прызнанне страціўшымі сілу некаторых законаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў

Прызнаць, што страцілі сілу:

1. Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 студзеня 1995 года "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 12, ст. 121).

2. Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 года "Аб унясенні дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 378).

3. Закон Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 1998 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях" (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 5, ст. 27).

4. Артыкул 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года "Аб унясенні дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 54, 2/56).

5. Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 1999 года "Аб унясенні дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 2, 2/112).

6. Артыкул 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2006 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 107, 2/1235).

7. Пункт 2 артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 года "Аб рэкламе" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 119, 2/1321).

8. Пункт 12 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 147, 2/1336).

9. Артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2007 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях выплаты дзяржаўнай пошліны" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 305, 2/1398).

10. Артыкул 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2008 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абавязковага бясплатнага экзэмпляра дакументаў і бібліятэчнай справы" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 119, 2/1434).

Артыкул 54. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у пяцімесячны тэрмін:

1.1. падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

1.2. прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

2. Сродкам масавай інфармацыі на працягу аднаго года прайсці перарэгістрацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі гэтым Законам.

Пры гэтым падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, прадугледжаныя падпунктамі 1.5 і 1.6 пункта 1 артыкула 15 гэтага Закона, не прымяняюцца пры перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку на дзень прыняцця гэтага Закона.

Артыкул 55. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і пункта 1 артыкула 54, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

<І>17 ліпеня 2008 года, г. Мінск.

№ 427-З