Закон Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года

Глава 1
Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Сфера дзеяння гэтага ЗаконаГэтым Законам рэгулююцца грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні дзейнасці па ўнясенні персанальных даных фізічных асобаў у рэгістр насельніцтва, іх актуалізацыі, выключэнні, захоўванні, аднаўленні, прадастаўленні, выкарыстанні і ахове.

Артыкул 2. Асноўныя тэрміны, што прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

рэгістр насельніцтва (далей — рэгістр) — дзяржаўная цэнтралізаваная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, аснову якой складае база персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (далей — фізічныя асобы);

распарадчык рэгістра — дзяржаўны орган, які выконвае функцыі па вядзенні і кіраванні рэгістрам;

рэгіструючая служба — структурнае падраздзяленне распарадчыка рэгістра, якое ўпаўнаважана на вядзенне рэгістра;

персанальныя даныя фізічных асобаў (далей — персанальныя даныя) — сукупнасць асноўных і дадатковых персанальных даных, а таксама даных аб рэквізітах дакументаў, якія пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя канкрэтных фізічных асобаў;

запіс у рэгістры — персанальныя даныя і звязаныя з імі адзнакі, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры;

ідэнтыфікацыйны нумар — літара-лічбавая паслядоўнасць, якая з'яўляецца асноўнай ідэнтыфікуючай прыметай фізічнай асобы ў працэсе ўнясення яе персанальных даных у рэгістр, іх актуалізацыі, выключэння, захоўвання, аднаўлення, прадастаўлення, выкарыстання і аховы.

Артыкул 3. Мэты і задачы рэгістра

1. Мэтамі рэгістра з'яўляюцца:

1.1. ахова правоў і свабод фізічных асобаў;

1.2. фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы ў Рэспубліцы Беларусь.

2. Задачамі рэгістра з'яўляюцца:

2.1. забеспячэнне ўліку фізічных асобаў;

2.2. аператыўнае забеспячэнне дакладнымі і актуальнымі персанальнымі данымі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый (далей — арганізацыі), натарыусаў і фізічных асобаў;

2.3. забеспячэнне інфармацыйнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва арганізацый, у тым ліку ў ходзе міждзяржаўнага і міжнароднага інфармацыйнага абмену.

Артыкул 4. Прынцыпы функцыянавання рэгістра

Функцыянаванне рэгістра грунтуецца на прынцыпах:

законнасці;

захоўвання правоў і свабод чалавека;

адзінкавасці рэгістрацыі;

прымянення адзінага ўнікальнага фармату запісаў пры ўнясенні персанальных даных у рэгістр і прадастаўленні персанальных даных з рэгістра;

бесперапыннасці вядзення рэгістра;

паўнаты, дакладнасці і актуальнасці персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры;

забеспячэння аховы персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры;

кантролю за вядзеннем рэгістра і выкарыстаннем персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры.

Артыкул 5. Прававая аснова функцыянавання рэгістра

Прававую аснову функцыянавання рэгістра складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон і іншыя акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемстваў, звязаных з рэалізацыяй палажэнняў гэтага Закона

Фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемстваў, звязаных з рэалізацыяй палажэнняў гэтага Закона, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у тым ліку прадугледжаных на ўтрыманне распарадчыка рэгістра, іншых дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый (далей — дзяржаўныя арганізацыі), якія забяспечваюць унясенне ў рэгістр персанальных даных, а таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 2
Запіс у рэгістры. Парадак вядзення рэгістра

Артыкул 7. Запіс у рэгістры

1. Запіс у рэгістры складаецца з наступных персанальных даных (пры іх наяўнасці) і звязаных з імі адзнак:

1.1. асноўныя персанальныя даныя;

1.2. дадатковыя персанальныя даныя;

1.3. даныя аб рэквізітах дакументаў, якія пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя;

1.4. адзнакі аб унясенні персанальных даных у рэгістр, іх актуалізацыі, выключэнні, перадачы на захоўванне ў электронны архіў, аднаўленні, прадастаўленні арганізацыям, натарыусам і фізічным асобам.

2. Кожны запіс у рэгістры валодае статусам электроннага дакумента ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года "Аб электронным дакуменце" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 7, 2/132).

Артыкул 8. Асноўныя персанальныя даныя

1. Да асноўных персанальных даных адносяцца:

1.1. ідэнтыфікацыйны нумар;

1.2. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку;

1.3. пол;

1.4. чысло, месяц, год (далей — дата) нараджэння;

1.5. месца нараджэння;

1.6. лічбавы фотапартрэт;

1.7. даныя аб грамадзянстве (падданстве);

1.8. даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання;

1.9. даныя аб смерці або аб'яўленні фізічнай асобы памерлай, прызнанні без вестак адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай.

2. Данымі аб грамадзянстве (падданстве) з'яўляюцца:

2.1. грамадзянства (падданства);

2.2. падставы набыцця або спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь;

2.3. дата набыцця або спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

3. Данымі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання з'яўляюцца:

3.1. месца жыхарства і (або) месца знаходжання;

3.2. дата рэгістрацыі па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання;

3.3. дата зняцця з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання.

4. Данымі аб смерці або аб'яўленні фізічнай асобы памерлай, прызнанні без вестак адсутнай, недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай з'яўляюцца:

4.1. дата, месца і прычына смерці, месца пахавання;

4.2. дата аб'яўлення фізічнай асобы памерлай, прызнання без вестак адсутнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

4.3. дата прызнання фізічнай асобы недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

4.4. дата ўстанаўлення апекі, папячыцельства;

4.5. дата спынення апекі, папячыцельства;

4.6. дата адхілення апекуноў, папячыцеляў ад выканання іх абавязкаў.

Артыкул 9. Iдэнтыфікацыйны нумар

1. Iдэнтыфікацыйны нумар фарміруецца ў цэнтралізаваным парадку па спецыяльнай методыцы, якая вызначана Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

2. Iдэнтыфікацыйны нумар застаецца нязменным на працягу ўсяго перыяду існавання запісу ў рэгістры, за выключэннем выпадкаў змянення даты нараджэння, полу фізічнай асобы, памылкова генерыраванага ідэнтыфікацыйнага нумару. Iдэнтыфікацыйны нумар указваецца ў дакументах, якія сведчаць фізічную асобу.

Артыкул 10. Дадатковыя персанальныя даныя

1. Да дадатковых персанальных даных адносяцца даныя:

1.1. аб бацьках, апекунах, папячыцелях, сямейным становішчы, мужу (жонцы), дзіцяці (дзецях) фізічнай асобы;

1.2. аб групе крыві;

1.3. аб прыжыццёвай нязгодзе на забор органаў і (або) тканак для трансплантацыі пры наступленні смерці;

1.4. аб вышэйшай адукацыі, вучонай ступені, вучоным званні;

1.5. аб родзе заняткаў;

1.6. аб пенсіі, штомесячным грашовым забеспячэнні па заканадаўстве аб дзяржаўнай службе (далей — штомесячнае грашовае забеспячэнне), штомесячнай страхавой выплаце па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў;

1.7. аб падатковых абавязацельствах;

1.8. аб выкананні воінскага абавязку.

2. Данымі аб бацьках, апекунах, папячыцелях, сямейным становішчы, мужу (жонцы), дзіцяці (дзецях) фізічнай асобы з'яўляюцца:

2.1. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар бацькі;

2.2. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар маці;

2.3. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар апекуна, папячыцеля;

2.4. дата і месца рэгістрацыі заключэння шлюбу, скасавання шлюбу, прызнання шлюбу несапраўдным;

2.5. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар мужа (жонкі);

2.6. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар дзіцяці (дзяцей);

2.7. дата пазбаўлення бацькоўскіх правоў, аднаўлення ў бацькоўскіх правах.

3. Данымі аб вышэйшай адукацыі і вучонай ступені, вучоным званні з'яўляюцца:

3.1. назва вышэйшай навучальнай установы;

3.2. дата залічэння ў вышэйшую навучальную ўстанову;

3.3. дата заканчэння вышэйшай навучальнай установы;

3.4. атрыманая спецыяльнасць;

3.5. вучоная ступень, вучонае званне;

3.6. дата прысуджэння вучонай ступені, прысваення вучонага звання.

4. Данымі аб родзе заняткаў з'яўляюцца:

4.1. статус працуючага, беспрацоўнага, непрацуючага;

4.2. месца працы;

4.3. дата працаўладкавання, пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўнага;

4.4. дата звальнення, зняцця з уліку ў якасці беспрацоўнага;

4.5. звесткі аб тым, ці з'яўляецца фізічная асоба заснавальнікам (удзельнікам, уласнікам маёмасці) юрыдычнай асобы (за выключэннем адкрытых акцыянерных таварыстваў, таварыстваў уласнікаў, спажывецкіх кааператываў, садаводчых таварыстваў, гандлёва-прамысловых палат), індывідуальным прадпрымальнікам.

5. Данымі аб пенсіі, штомесячным грашовым забеспячэнні, штомесячнай страхавой выплаце па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў з'яўляюцца:

5.1. від пенсіі;

5.2. дата прызначэння, спынення выплаты пенсіі, штомесячнага грашовага забеспячэння, штомесячнай страхавой выплаты па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

6. Данымі аб падатковых абавязацельствах з'яўляюцца:

6.1. дата пастаноўкі на ўлік у па-датковым органе;

6.2. уліковы нумар плацельшчыка;

6.3. наяўнасць запазычанасці па падатковых абавязацельствах.

7. Данымі аб выкананні воінскага абавязку з'яўляюцца:

7.1. дата прыёму на воінскі ўлік;

7.2. дата зняцця (выключэння) з воінскага ўліку.

Артыкул 11. Даныя аб рэквізітах дакументаў, якія пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя

Разам з асноўнымі персанальнымі данымі і дадатковымі персанальнымі данымі ў запісе ў рэгістры змяшчаюцца даныя аб рэквізітах дакументаў, якія пацвярджаюць указаныя персанальныя даныя:

назва дакумента;

серыя;

нумар;

дата выдачы (прыняцця);

тэрмін дзеяння;

назва арганізацыі, якая выдала (прыняла) дакумент.

Артыкул 12. Дзяржаўныя арганізацыі, якія ўносяць персанальныя даныя ў рэгістр

1. Фарміраванне рэгістра і наступная актуалізацыя персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў ім, ажыццяўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі ў парадку, устаноўленым гэтым артыкулам і артыкуламі 13 і 14 гэтага Закона.

2. У рэгістр уносяцца персанальныя даныя:

2.1. Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь:

ідэнтыфікацыйны нумар;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку;

пол;

дата нараджэння;

месца нараджэння;

лічбавы фотапартрэт;

аб грамадзянстве (падданстве);

аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання;

аб пенсіях фізічных асобаў, пенсійнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца гэтым міністэрствам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.2. Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь:

месца працы;

дата працаўладкавання;

дата звальнення;

2.3. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь — аб тым, ці з'яўляецца фізічная асоба заснавальнікам (удзельнікам, уласнікам маёмасці) юрыдычнай асобы (за выключэннем адкрытых акцыянерных таварыстваў, таварыстваў уласнікаў, спажывецкіх кааператываў, садаводчых таварыстваў, гандлёва-прамысловых палат), індывідуальным прадпрымальнікам;

2.4. Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь:

вучоная ступень, вучонае званне;

дата прысуджэння вучонай ступені, прысваення вучонага звання;

2.5. Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь — аб пенсіях фізічных асобаў, пенсійнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца гэтым міністэрствам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.6. ваеннымі камісарыятамі — аб выкананні воінскага абавязку;

2.7. Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь — аб па-датковых абавязацельствах;

2.8. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь:

назва вышэйшай навучальнай установы;

дата залічэння ў вышэйшую навучальную ўстанову;

дата заканчэння вышэйшай навучальнай установы;

атрыманая спецыяльнасць;

2.9. Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь:

аб групе крыві;

аб прыжыццёвай нязгодзе на забор органаў і (або) тканак для трансплантацыі пры наступленні смерці;

2.10. Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь — аб пенсіях фізічных асобаў, пенсійнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца гэтым міністэрствам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.11. Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь — аб пенсіях фізічных асобаў, пенсійнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца гэтым камітэтам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.12. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь — аб пенсіях фізічных асобаў, пенсійнае забеспячэнне якіх ажыццяўляецца Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.13. Беларускім рэспубліканскім унітарным страхавым прадпрыемствам "Белдзяржстрах" — аб штомесячных страхавых выплатах па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, забеспячэнне якіх ажыццяўляецца гэтым прадпрыемствам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.14. мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі:

аб статусе працуючага, беспрацоўнага, непрацуючага;

дата пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўнага;

дата зняцця з уліку ў якасці беспрацоўнага;

аб пенсіях, не ўказаных у абзацы дзесятым падпункта 2.1, падпунктах 2.5, 2.10—2.12 гэтага пункта, а таксама аб штомесячным грашовым забеспячэнні;

дата ўстанаўлення апекі, папячыцельства;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар апекуна, папячыцеля;

дата спынення апекі, папячыцельства;

дата адхілення апекуноў, папячыцеляў ад выканання іх абавязкаў;

месца пахавання;

2.15. агульнымі судамі:

дата аб'яўлення фізічнай асобы памерлай, прызнання без вестак адсутнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

дата прызнання фізічнай асобы недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай, дата адмены адпаведнага рашэння;

дата пазбаўлення бацькоўскіх правоў, аднаўлення ў бацькоўскіх правах;

дата і месца рэгістрацыі скасавання шлюбу, прызнання шлюбу несапраўдным;

2.16. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану:

ідэнтыфікацыйны нумар;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку;

пол;

дата нараджэння;

месца нараджэння;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар бацькі;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар маці;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар мужа (жонкі);

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, грамадзянства (падданства), дата, месца нараджэння і ідэнтыфікацыйны нумар дзіцяці (дзяцей);

дата і месца рэгістрацыі заключэння шлюбу, скасавання шлюбу (да 1 верасня 1999 года);

дата, месца і прычына смерці.

3. Персанальныя даныя, указаныя ў абзацах другім—шостым падпункта 2.1 пункта 2 гэтага артыкула, уносяцца ў рэгістр Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

у дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь — пры выдачы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

у дачыненні да іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, і іх няпоўнагадовых дзяцей — пры выдачы пасведчання на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь;

у дачыненні да няпоўнагадовых дзяцей, якія набываюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь у парадку рэгістрацыі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2002 года "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г.,
№ 88, 2/885) або па падставах, якія прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, — пры набыцці грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Персанальныя даныя, указаныя ў абзацах другім—шостым падпункта 2.16 пункта 2 гэтага артыкула, уносяцца ў рэгістр органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану:

у дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь, іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, — пры рэгістрацыі нараджэння;

у дачыненні да няпоўнагадовых дзяцей, якія нарадзіліся і не атрымалі пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь да ўступлення ў сілу гэтага Закона.

Артыкул 13. Унясенне персанальных даных у рэгістр

1. Унясенне персанальных даных у рэгістр ажыццяўляецца бесперапынна ў рэжыме рэальнага часу праз сістэму каналаў сувязі ў храналагічным парадку дзяржаўнымі арганізацыямі, якія ўносяць персанальныя даныя ў рэгістр у адпаведнасці з артыкулам 12 гэтага Закона.

2. Персанальныя даныя, якія ўносяцца ў рэгістр, сведчацца электронным лічбавым подпісам упаўнаважанага работніка дзяржаўнай арганізацыі, якая іх уносіць. Пры гэтым адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь за паўнату, дакладнасць і актуальнасць персанальных даных, якія ўносяцца ў рэгістр, нясе кіраўнік дзяржаўнай арганізацыі, якая ўносіць гэтыя даныя.

3. Пры ўнясенні персанальных даных у рэгістр кожнага запісу ў рэгістры аўтаматычна прысвойваецца парадкавы нумар, а таксама робяцца наступныя адзнакі:

3.1. дата і час унясення персанальных даных;

3.2. назва дзяржаўнай арганізацыі, якая ўнесла персанальныя даныя ў рэгістр.

Артыкул 14. Актуалізацыя персанальных даных

1. Актуалізацыя персанальных даных — замена персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, актуальнымі персанальнымі данымі.

2. Актуалізацыя персанальных даных ажыццяўляецца бесперапынна ў рэжыме рэальнага часу праз сістэму каналаў сувязі дзяржаўнымі арганізацыямі, якія ўносяць персанальныя даныя ў рэгістр у адпаведнасці з артыкулам 12 гэтага Закона.

3. Актуальныя персанальныя даныя, якія ўносяцца ў рэгістр, сведчацца электронным лічбавым подпісам упаўнаважанага работніка дзяржаўнай арганізацыі, якая іх уносіць.

4. Пры актуалізацыі персанальных даных у запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

4.1. дата і час актуалізацыі персанальных даных;

4.2. назва дзяржаўнай арганізацыі, якая ўнесла актуальныя персанальныя даныя ў рэгістр.

5. Пры актуалізацыі персанальных даных новыя персанальныя даныя ўносяцца без знішчэння папярэдніх.

6. Пры выяўленні недакладнасцяў у персанальных даных распарадчык рэгістра накіроўвае запыт у дзяржаўную арганізацыю, якой былі ўнесены персанальныя даныя ў рэгістр, для праверкі іх дакладнасці і ўнясення ў рэгістр актуальных персанальных даных.

Артыкул 15. Выключэнне персанальных даных з рэгістра

1. Персанальныя даныя з рэгістра выключаюцца рэгіструючай службай у выпадку парушэння ўстаноўленага гэтым Законам парадку ўнясення персанальных даных у рэгістр, а таксама ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі, правоў і свабод фізічных асобаў.

2. Пры выключэнні персанальных даных з рэгістра ў запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

2.1. дата і час выключэння персанальных даных;

2.2. падстава для выключэння персанальных даных;

2.3. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і электронны лічбавы подпіс упаўнаважанага супрацоўніка або асобы з ліку грамадзянскага персаналу (далей — упаўнаважаны супрацоўнік) рэгіструючай службы, які выключыў персанальныя даныя.

3. Пры выключэнні персанальных даных з рэгістра яны не знішчаюцца і могуць быць прачытаны рэгіструючай службай.

Артыкул 16. Захоўванне персанальных даных

1. Персанальныя даныя ў рэгістры захоўваюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а прозвішчы і ўласныя імёны таксама і ў лацінскай транскрыпцыі. Правілы транслітарацыі прозвішча і ўласнага імя грамадзян Рэспублікі Беларусь устанаўліваюцца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Прозвішчы, уласныя імёны іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, указваюцца ў лацінскай транскрыпцыі ў адпаведнасці з праязнымі дакументамі, якія выдадзены гэтым асобам замежнымі дзяржавамі.

2. Персанальныя даныя, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, захоўваюцца пастаянна. Распарадчык рэгістра забяспечвае захоўванне электронных копій рэгістра па-за памяшканнямі рэгіструючай службы і абнаўленне персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў копіях, не менш як адзін раз у год.

3. Перадача персанальных даных на захоўванне ў электронны архіў ажыццяўляецца ў выпадку:

3.1. смерці або аб'яўлення фізічнай асобы памерлай;

3.2. выхаду з грамадзянства або страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой;

3.3. выезду іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь, на пастаяннае жыхарства за межы Рэспублікі Беларусь;

3.4. анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

4. Пры перадачы персанальных даных на захоўванне ў электронны архіў у запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

4.1. дата і час перадачы персанальных даных на захоўванне ў электронны архіў;

4.2. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і электронны лічбавы подпіс упаўнаважанага супрацоўніка рэгіструючай службы, які перадаў персанальныя даныя на захоўванне ў электронны архіў.

Артыкул 17. Аднаўленне персанальных даных

1. Аднаўленне персанальных даных у рэгістры ажыццяўляецца рэгіструючай службай у выпадках пашкоджання або знішчэння запісаў у рэгістры.

2. Персанальныя даныя могуць быць адноўлены цалкам або часткова на падставе персанальных даных, якія ўнесены дзяржаўнымі арганізацыямі ў адпаведнасці з артыкулам 12 гэтага Закона.

3. Пры аднаўленні персанальных даных у запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

3.1. дата і час аднаўлення персанальных даных;

3.2. назва дзяржаўнай арганізацыі, якая ўнесла персанальныя даныя ў рэгістр;

3.3. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і электронны лічбавы подпіс упаўнаважанага супрацоўніка рэгіструючай службы, які аднавіў персанальныя даныя ў рэгістры.

Артыкул 18. Вядзенне рэгістра на электронных носьбітах. Сертыфікацыя камп'ютарных праграм і тэхнічных сродкаў для вядзення рэгістра

1. Вядзенне рэгістра ажыццяўляецца рэгіструючай службай на электронных носьбітах.

2. Камп'ютарныя праграмы і тэхнічныя сродкі для вядзення рэгістра павінны быць сертыфікаваны ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 3
Кіраванне рэгістрам. Функцыі дзяржаўных арганізацый па забеспячэнні функцыянавання рэгістра

Артыкул 19. Кіраванне рэгістрам

Кіраванне рэгістрам ажыццяўляе распарадчык рэгістра — Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Функцыі распарадчыка рэгістра

Распарадчык рэгістра выконвае наступныя функцыі:

распрацоўвае тэхнічныя рэгламенты, звязаныя з работай рэгістра;

устанаўлівае ўзоры электронных дакументаў для вядзення рэгістра;

устанаўлівае парадак і ажыццяўляе абязлічванне персанальных даных у адпаведнасці з артыкулам 30 гэтага Закона;

забяспечвае ахову персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры;

ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва і кантроль у межах сваёй кампетэнцыі за вядзеннем сістэм уліку асобных катэгорый фізічных асобаў, што ствараюцца дзяржаўнымі арганізацыямі, і ўзаемадзеяннем гэтых сістэм з рэгістрам;

заключае дагаворы з арганізацыямі, натарыусамі аб рэгулярным прадастаўленні ім персанальных даных з рэгістра ў парадку, устаноўленым артыкулам 24 гэтага Закона;

ажыццяўляе кантроль за вядзеннем рэгістра і выкарыстаннем персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў ім;

ажыццяўляе кантроль у межах сваёй кампетэнцыі за парадкам унясення дзяржаўнымі арганізацыямі, указанымі ў артыкуле 12 гэтага Закона, персанальных даных у рэгістр.

Артыкул 21. Функцыі рэгіструючай службы

Рэгіструючая служба выконвае наступныя функцыі:

стварае ўмовы для бесперапыннага ўнясення дзяржаўнымі арганізацыямі, указанымі ў артыкуле 12 гэтага Закона, персанальных даных у рэгістр, іх актуалізацыі, ажыццяўляе выключэнне, захоўванне, аднаўленне персанальных даных у парадку, устаноўленым гэтым Законам;

прадастаўляе персанальныя даныя, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, арганізацыям, натарыусам і фізічным асобам у парадку, устаноўленым гэтым Законам;

прымае меры па ахове персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры.

Артыкул 22. Функцыі іншых дзяржаўных арганізацый па забеспячэнні функцыянавання рэгістра

1. Дзяржаўныя арганізацыі, указаныя ў артыкуле 12 гэтага Закона, у межах сваёй кампетэнцыі забяспечваюць:

1.1. стварэнне неабходнай інфраструктуры для ўнясення ў рэгістр персанальных даных;

1.2. унясенне ў рэгістр дакладных персанальных даных, іх актуалізацыю ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 12—14 гэтага Закона;

1.3. прыняцце неабходных мераў па захоўванні і ахове персанальных даных, якія ўносяцца ў рэгістр.

2. Дзяржаўныя арганізацыі ў мэтах забеспячэння інфармацыйнага ўзаемадзеяння з рэгістрам пры стварэнні сістэм уліку асобных катэгорый фізічных асобаў павінны будаваць іх на аснове ідэнтыфікацыйнага нумара, папярэдне ўзгадніўшы праекты такіх сістэм з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Глава 4
Прадастаўленне персанальных даных з рэгістра

Артыкул 23. Прадастаўленне, адмова ў прадастаўленні персанальных даных з рэгістра

1. Персанальныя даныя з рэгістра прадастаўляюцца арганізацыям, натарыусам і фізічным асобам у парадку і тэрміны, прадугледжаныя артыкуламі 24—28 гэтага Закона.

2. Невыкананне парадку, прадугледжанага артыкуламі 24 і 26 гэтага Закона, з'яўляецца падставай для адмовы ў прадастаўленні персанальных даных з рэгістра.

Адмова ў прадастаўленні персанальных даных з рэгістра можа быць абскарджана ў распарадчыка рэгістра.

Абскарджанне ў судовым парадку адмовы ў прадастаўленні персанальных даных з рэгістра ажыццяўляецца пасля абскарджання такой адмовы ў распарадчыка рэгістра.

3. Замежным дзяржавам, а таксама міжнародным або замежным арганізацыям персанальныя даныя, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, прадастаўляюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 24. Парадак прадастаўлення персанальных даных з рэгістра арганізацыям, натарыусам

1. Прадастаўленне персанальных даных (у тым ліку абязлічаных) з рэгістра арганізацыям, натарыусам ажыццяўляецца рэгіструючай службай бясплатна, калі выкарыстанне такіх персанальных даных неабходна для выканання задач, што ўваходзяць у кампетэнцыю гэтых арганізацый, натарыусаў, якая вызначана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У іншых выпадках арганізацыям, натарыусам прадастаўляюцца абязлічаныя персанальныя даныя на платнай аснове. За прадастаўленне такіх даных збіраецца дзяржаўная пошліна ў парадку і памерах, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

2. Прадастаўленне персанальных даных з рэгістра арганізацыям, натарыусам ажыццяўляецца па пісьмовым або электронным запыце аб прадастаўленні, засведчаным у парадку, што вызначаецца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і (або) дагаворы аб рэгулярным прадастаўленні персанальных даных з рэгістра, заключаным у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. У запыце аб прадастаўленні персанальных даных з рэгістра ўказваюцца:

3.1. назва арганізацыі, арганізацыйная форма ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці і прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку натарыуса, якія звяртаюцца па прадастаўленне персанальных даных з рэгістра;

3.2. падставы і мэта атрымання персанальных даных;

3.3. склад і аб'ём персанальных даных, якія запытваюцца;

3.4. парадак і тэрміны выкарыстання персанальных даных.

4. У дагаворы аб рэгулярным прадастаўленні персанальных даных з рэгістра акрамя звестак, прадугледжаных пунктам 3 гэтага артыкула, таксама ўказваюцца:

4.1. форма рэгулярнага прадастаўлення персанальных даных (на папяровых носьбітах, у электронным выглядзе);

4.2. парадак і тэрміны рэгулярнага прадастаўлення персанальных даных.

Артыкул 25. Тэрміны прадастаўлення персанальных даных з рэгістра арганізацыям, натарыусам

1. Прадастаўленне персанальных даных з рэгістра па запыце арганізацыі ажыццяўляецца не пазней чым праз дзесяць каляндарных дзён з дня падачы такога запыту ў рэгіструючую службу альбо ў тэрміны, вызначаныя дагаворам аб рэгулярным прадастаўленні персанальных даных з рэгістра.

2. Тэрмін прадастаўлення персанальных даных з рэгістра па запыце арганізацыі можа быць падоўжаны да аднаго месяца кіраўніком (намеснікам кіраўніка) рэгіструючай службы ў выпадку, калі запыт аб прадастаўленні персанальных даных з рэгістра датычыцца вялікага аб'ёму персанальных даных, якія патрабуюць адбору.

3. Арганізацыі, якая запытвае персанальныя даныя з рэгістра, паведамляецца ў пісьмовай форме аб падаўжэнні тэрміну прадастаўлення персанальных даных з рэгістра і аб прычынах яго падаўжэння не пазней чым за тры каляндарныя дні да заканчэння тэрміну іх прадастаўлення па запыце.

4. Прадастаўленне персанальных даных з рэгістра па запыце натарыуса ажыццяўляецца не пазней чым праз два тыдні з дня атрымання запыту натарыуса аб іх прадастаўленні альбо ў тэрміны, вызначаныя дагаворам аб рэгулярным прадастаўленні персанальных даных з рэгістра.

Артыкул 26. Парадак прадастаўлення персанальных даных з рэгістра фізічным асобам

1. Персанальныя даныя з рэгістра прадастаўляюцца фізічным асобам рэгіструючай службай у форме даведак (выпісак).

2. Фізічная асоба мае права запытваць і атрымліваць даведкі (выпіскі) з рэгістра ў дачыненні да:

2.1. сваіх персанальных даных і персанальных даных фізічных асобаў, законным прадстаўніком якіх яна з'яўляецца;

2.2. персанальных даных іншых фізічных асобаў, законным прадстаўніком якіх яна не з'яўляецца, — з пісьмовай згоды фізічных асобаў (іх законных прадстаўнікоў), персанальныя даныя якіх запытваюцца.

3. Фізічныя асобы, якія не валодаюць грамадзянскай дзеяздольнасцю ў поўным аб'ёме, удзельнічаюць ва ўказаных адносінах праз законных прадстаўнікоў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

4. Даведкі (выпіскі) з рэгістра прадастаўляюцца па пісьмовай заяве фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі). Пры гэтым фізічная асоба, якая жадае атрымаць даведку (выпіску) з рэгістра, не павінна абгрунтоўваць свой інтарэс да персанальных даных, якія запытвае.

5. Форма пісьмовай заявы аб прадастаўленні персанальных даных з рэгістра вызначаецца распарадчыкам рэгістра.

6. Пісьмовая згода фізічнай асобы (яе законнага прадстаўніка), прадугледжаная падпунктам 2.2 пункта 2 гэтага артыкула, можа выражацца шляхам:

6.1. афармлення натарыяльна засведчанай даверанасці на атрыманне персанальных даных з рэгістра;

6.2. натарыяльнага засведчання сапраўднасці подпісу на заяве фізічнай асобы (яе законнага прадстаўніка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгістра;

6.3. засведчання ўпаўнаважаным супрацоўнікам рэгіструючай службы заявы фізічнай асобы (яе законнага прадстаўніка) аб згодзе на атрыманне персанальных даных аб ёй з рэгістра.

7. Даведкі (выпіскі) з рэгістра, якія запытваюцца фізічнай асобай адзін раз у межах каляндарнага года, прадастаўляюцца бясплатна. Прадастаўленне такіх даведак (выпісак) больш як адзін раз у межах каляндарнага года ажыццяўляецца на платнай аснове. За прадастаўленне такіх даведак (выпісак) збіраецца дзяржаўная пошліна ў парадку і памерах, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Перыядычнасць запытаў фізічнай асобай даведак (выпісак) у дачыненні да сваіх персанальных даных вызначаецца асобна ад перыядычнасці запытаў ёю даведак (выпісак) у дачыненні да персанальных даных фізічных асобаў, законным прадстаўніком якіх яна з'яўляецца, а таксама іншых фізічных асобаў.

Артыкул 27. Тэрміны прадастаўлення даведак (выпісак) з рэгістра

1. Прадастаўленне даведкі (выпіскі) з рэгістра ажыццяўляецца не пазней як праз пяць каляндарных дзён з дня падачы ў рэгіструючую службу заявы фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра.

2. Тэрмін прадастаўлення даведкі (выпіскі) з рэгістра можа быць падоўжаны да пятнаццаці каляндарных дзён кіраўніком (намеснікам кіраўніка) рэгіструючай службы ў выпадку, калі заява фізічнай асобы аб прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра датычыцца вялікага аб'ёму персанальных даных, якія патрабуюць адбору.

3. Фізічнай асобе, якая запытвае даведку (выпіску) з рэгістра, павінна быць паведамлена ў пісьмовай форме аб падаўжэнні тэрміну прадастаўлення даведкі (выпіскі) з рэгістра і аб прычынах яго падаўжэння не пазней чым за тры каляндарныя дні да заканчэння тэрміну прадастаўлення даведкі (выпіскі) з рэгістра.

Артыкул 28. Адзнакі аб прадастаўленні (аб адмове ў прадастаўленні) персанальных даных з рэгістра арганізацыям, натарыусам, фізічным асобам

1. Усе факты прадастаўлення персанальных даных з рэгістра фіксуюцца ўпаўнаважанымі супрацоўнікамі рэгіструючай службы і (або) спецыяльнымі праграмна-тэхнічнымі сродкамі ў рэгістры ў аўтаматычным рэжыме.

2. Пры прадастаўленні персанальных даных з рэгістра арганізацыям, натарыусам у запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

2.1. дата і час прадастаўлення персанальных даных;

2.2. назва арганізацыі, арганізацыйная форма ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці і прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку натарыуса, якім прадастаўлены персанальныя даныя;

2.3. падстава для прадастаўлення персанальных даных (запыт аб прадастаўленні персанальных даных, дагавор аб рэгулярным прадастаўленні персанальных даных), дата і рэгістрацыйны індэкс указаных дакументаў;

2.4. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і электронны лічбавы подпіс упаўнаважанага супрацоўніка рэгіструючай службы, які прадаставіў персанальныя даныя.

3. Пры прадастаўленні даведкі (выпіскі) з рэгістра фізічным асобам у гэтай даведцы (выпісцы), а таксама ў запісе ў рэгістры робяцца наступныя адзнакі:

3.1. дата і час выдачы (складання) даведкі (выпіскі) з рэгістра, яе рэгістрацыйны індэкс;

3.2. ідэнтыфікацыйны нумар фізічнай асобы, якая запытвае даведку (выпіску) з рэгістра;

3.3. ідэнтыфікацыйны нумар фізічнай асобы, у дачыненні да персанальных даных якой складалася даведка (выпіска);

3.4. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку фізічнай асобы, у дачыненні да персанальных даных якой складалася даведка (выпіска);

3.5. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і электронны лічбавы подпіс упаўнаважанага супрацоўніка рэгіструючай службы, які склаў даведку (выпіску).

4. Пры адмове ў прадастаўленні персанальных даных з рэгістра ў запісе ў рэгістры ўказваюцца падставы для такой адмовы.

5. Адзнакі, указаныя ў пунктах 2—4 гэтага артыкула, захоўваюцца пастаянна.

Глава 5
Выкарыстанне персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

Артыкул 29. Выкарыстанне персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

1. Рэгістр з'яўляецца афіцыйнай крыніцай персанальных даных.

2. Выкарыстанне персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, — дзеянні, што ажыццяўляюцца арганізацыямі, натарыусамі, якім прадастаўлены персанальныя даныя з рэгістра, па прымяненні гэтых персанальных даных у сваёй дзейнасці.

3. Персанальныя даныя, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, прызначаны для выкарыстання іх арганізацыямі, натарыусамі ў мэтах:

3.1. ажыццяўлення дзейнасці на аснове заяўнага прынцыпу аднаго акна;

3.2. інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці арганізацый, натарыусаў у межах іх кампетэнцыі;

3.3. маніторынгу і планавання сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы;

3.4. рацыянальнага размеркавання даходаў бюджэту паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі і па асноўных сферах эканамічнага развіцця дзяржавы;

3.5. планавання і рэалізацыі мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне і ахове здароўя фізічных асобаў;

3.6. складання спісаў прызыўнікоў для ваенных камісарыятаў (мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у населеных пунктах, дзе няма ваенных камісарыятаў);

3.7 забеспячэння воінскага ўліку ваеннаабавязаных;

3.8. вызначэння колькасці і складання спісаў выбаршчыкаў, іншых спісаў асобных катэгорый фізічных асобаў;

3.9. аптымізацыі размяшчэння арганізацый гандлю, бытавога абслугоўвання, арганізацый аховы здароўя і ўстаноў адукацыі;

3.10. забеспячэння рэалізацыі правоў і свабод фізічных асобаў;

3.11. ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці;

3.12. вядзення дэмаграфічнай статыстыкі, правядзення перапісаў і сацыяльна-дэмаграфічных абследаванняў фізічных асобаў;

3.13. ажыццяўлення кантролю за выкананнем плацельшчыкамі падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

3.14. у іншых мэтах у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 30. Абязлічванне персанальных даных

Абязлічванне персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, можа ажыццяўляцца ў навуковых, статыстычных, сацыялагічных, медыцынскіх і іншых мэтах шляхам выключэння з персанальных даных ідэнтыфікацыйнага нумара, прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку фізічнай асобы, яе бацькоў, апекуноў, папячыцеляў, мужа (жонкі), дзіцяці (дзяцей), лічбавага фотапартрэта. Акрамя ўказаных даных пры абязлічванні з персанальных даных могуць быць выключаныя і іншыя персанальныя даныя ў парадку, устаноўленым распарадчыкам рэгістра.

Глава 6
Ахова персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

Артыкул 31. Ахова персанальных даных. Прававы рэжым персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

1. Ахова персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, — дзейнасць распарадчыка рэгістра, накіраваная на прадухіленне несанкцыянаванага ўмяшання ў працэс вядзення рэгістра, у тым ліку спробаў незаконнага доступу да персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, іх блакіравання, капіравання, прадастаўлення, распаўсюджвання, скажэння, знішчэння, а таксама іншых неправамерных дзеянняў у дачыненні да гэтых персанальных даных.

2. Персанальныя даныя і звязаныя з імі адзнакі, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, з'яўляюцца канфідэнцыйнымі.

Патрабаванне канфідэнцыйнасці не распаўсюджваецца на абязлічаныя персанальныя даныя.

3. Парадак аховы персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, вызначаецца распарадчыкам рэгістра ў адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку аб дзяржаўных сакрэтах.

Артыкул 32. Забеспячэнне канфідэнцыйнасці персанальных даных і звязаных з імі адзнак, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

1. Упаўнаважаныя супрацоўнікі рэгіструючай службы маюць права выключаць, захоўваць, аднаўляць і прадастаўляць персанальныя даныя, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, толькі ў парадку, прадугледжаным гэтым Законам.

2. Упаўнаважаныя супрацоўнікі рэгіструючай службы нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь за незаконнае прадастаўленне або распаўсюджванне персанальных даных, якія сталі ім вядомымі ў сувязі з выкананнем імі службовых (працоўных) абавязкаў, у тым ліку пасля спынення выканання такіх абавязкаў.

Глава 7
Кантроль, нагляд і адказнасць у сферы функцыянавання рэгістра

Артыкул 33. Кантроль за вядзеннем рэгістра і выкарыстаннем персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры

Кантроль за вядзеннем рэгістра і выкарыстаннем персанальных даных, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, ажыццяўляецца распарадчыкам рэгістра.

Артыкул 34. Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы функцыянавання рэгістра

Нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы функцыянавання рэгістра ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.

Артыкул 35. Адказнасць за парушэнне патрабаванняў гэтага Закона

Парушэнне патрабаванняў гэтага Закона цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 8
Заключныя палажэнні

Артыкул 36. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу шасці месяцаў:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь план унясення ў рэгістр дзяржаўнымі арганізацыямі асноўных персанальных даных, указаных у падпункце 1.9 пункта 1 і пункце 4 артыкула 8 гэтага Закона, а таксама дадатковых персанальных даных, указаных у артыкуле 10 гэтага Закона;

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праект палажэння аб рэгіструючай службе, а таксама прапановы па яе штатнай колькасці;

сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Ўрада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ўраду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу трох гадоў забяспечыць стварэнне рэгістра і ўнясенне ў рэгістр асноўных персанальных даных, указаных у падпунктах 1.1—1.8 пункта 1, пунктах 2 і 3 артыкула 8 гэтага Закона, і прадугледзець у рэспубліканскім бюджэце выдзяленне сродкаў на гэтыя мэты.

Артыкул 37. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз тры гады пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 36, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

21 ліпеня 2008 года, г. Мінск.
№ 418-З