Закон Рэспублікі Беларусь

Аб выкарыстанні атамнай энергіі

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года

Глава 1
Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

аварыйная гатоўнасць — здольнасць аператыўна прымаць меры, якія эфектыўна, надзейна і своечасова перашкаджаюць або зніжаюць верагоднасць узнікнення радыяцыйнай аварыі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

аварыйнае рэагаванне — выкананне мераў, накіраваных на ліквідацыю, абмежаванне або зніжэнне наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

атамная электрастанцыя — ядзерная ўстаноўка для вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі ў зададзеных рэжымах і ўмовах прымянення, якая размяшчаецца ў межах пэўнай тэрыторыі, на якой для ажыццяўлення гэтай мэты выкарыстоўваюцца ядзерны рэактар (рэактары) і комплекс неабходных для яго функцыянавання сістэм, устройстваў, абсталявання і збудаванняў;

атамная энергія — энергія, якая вызваляецца ў ядзерных рэакцыях і пры радыеактыўным распадзе, а таксама энергія генерыруемых іанізуючых выпраменьванняў;

блок атамнай электрастанцыі — частка атамнай электрастанцыі, якая з'яўляецца ядзерным рэактарам з генерыруючым і іншым абсталяваннем і забяспечвае функцыі атамнай электрастанцыі ў вызначаным яе праектам аб'ёме;

вывад з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання — працэс, у час якога сістэмы і кампаненты пабудаваных ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання прыво-
дзяцца ў працаздольны стан і ацэньваецца іх адпаведнасць праекту ўказаных аб'ектаў;

увод у эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання — працэс, накіраваны на спыненне далейшага выкарыстання па назначэнні ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, пры якім забяспечваецца бяспека работнікаў (персаналу) эксплуатуючай арганізацыі, грамадзян і навакольнага асяроддзя;

дзейнасць па выкарыстанні атамнай энергіі — абгрунтаваная дзейнасць асобаў, звязаная з размяшчэннем, праектаваннем, будаваннем, уводам у эксплуатацыю, эксплуатацыяй, абмежаваннем эксплуатацыйных характарыстык, прадаўжэннем тэрміну эксплуатацыі, вывадам з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, а таксама з абыходжаннем з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі;

аб'екты выкарыстання атамнай энергіі — ядзерная ўстаноўка, пункт захоўвання, ядзерныя матэрыялы, адпрацаваўшыя ядзерныя матэрыялы, эксплуатацыйныя радыеактыўныя адходы;

адпрацаваны ядзерны матэрыял — ядзерны матэрыял, абпраменены ў актыўнай зоне рэактара і канчаткова выдалены з яе;

праект на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання — праектная і тэхнічная дакументацыя, якая ўключае абгрунтаванне інвестыцый, ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, абгрунтаванне бяспекі, архітэктурны і будаўнічы праекты і іншую дакументацыю ў адпаведнасці з актамі заканадаўства, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, неабходную для размяшчэння, пабудовы, уводу ў эксплуатацыю, эксплуатацыі і вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання;

пункт захоўвання — стацыянарныя аб'екты і (або) збудаванні, прызначаныя для захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў;

размяшчэнне ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання — выбар месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, уключаючы адпаведную ацэнку і азначэнне крытэрыяў, якія закладваюцца ў аснову праекта на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання;

будаўніцтва ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання — выраб і зборка вузлоў ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, будаўніцтва і ўзвядзенне збудаванняў і камунікацый, устаноўка вузлоў і абсталявання, правядзенне адпаведных выпрабаванняў;

фізічная абарона — комплекс тэхнічных, арганізацыйных і іншых мераў, накіраваных на захаванасць аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі і прадухіленне несанкцыянаванага доступу да іх;

эксплуатацыйныя радыеактыўныя адходы — радыеактыўныя адходы, якія ўтвараюцца ў выніку эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання;

эксплуатуючая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыццяўляе ўласнымі сіламі або з прыцягненнем іншых арганізацый дзейнасць па размяшчэнні, будаўніцтве, уводзе ў эксплуатацыю, эксплуатацыі, абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык, прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі і вывадзе эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, а таксама дзейнасць па абыходжанні з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаванымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі;

ядзерная бяспека — стан абароненасці грамадзян і навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, забяспечанае дасягненнем належных умоў іх эксплуатацыі, а таксама належным абыходжаннем з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаванымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі;

ядзерная ўстаноўка — збудаванні і комплексы з ядзерным рэактарам (рэактарамі), у тым ліку збудаванні і комплексы з прамысловымі, эксперыментальнымі і даследчымі ядзернымі рэактарамі, крытычнымі і падкрытычнымі ядзернымі стэндамі (зборкамі);

ядзерны матэрыял — матэрыял, які ўтрымлівае і здольны ўзнавіць матэрыялы (рэчывы), якія дзеляцца;

ядзерны рэактар — устройства для ажыццяўлення кіруемай ланцуговай ядзернай рэакцыі.

Артыкул 2. Прававое рэгуляванне дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Гэты Закон рэгулюе адносіны, звязаныя з размяшчэннем, праектаваннем, будаўніцтвам, уводам у эксплуатацыю, эксплуатацыяй, абмежаваннем эксплуатацыйных характарыстык, прадаўжэннем тэрміну эксплуатацыі і вывадам з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, а таксама адносіны, звязаныя з абыходжаннем з ядзернымі матэрыяламі пры эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункту захоўвання, адпрацаванымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, і іншыя адносіны ў галіне выкарыстання ядзернай энергіі.

Адносіны, звязаныя з абыходжаннем з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, не ўрэгуляваныя гэтым Законам, рэгулююцца заканадаўствам аб радыяцыйнай бяспецы і іншым заканадаўствам.

Заканадаўства ў галіне выкарыстання атамнай энергіі грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Прынцыпы ажыццяўлення дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Дзейнасць па выкарыстанні атамнай энергіі грунтуецца на прынцыпах:

прыярытэту абароны жыцця і здароўя сучаснага і будучых пакаленняў грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя перад усімі іншымі аспектамі дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

забеспячэння перавышэння выгод для грамадзян і грамадства ад выкарыстання атамнай энергіі над шкодай, якая можа быць прычынена дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі;

забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі;

кампенсацыі шкоды, нанесенай шкодным уздзеяннем іанізуючага выпраменьвання або дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі;

прадастаўлення поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, звязанай з дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі, калі гэта інфармацыя не ўтрымлівае звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, або не адносіцца да інфармацыі, распаўсюджанне і (або) прадастаўленне якой абмежавана;

забароны на вытворчасць ядзернай зброі і іншых ядзерных выбуховых устройстваў.

Глава 2

Дзяржаўнае кіраванне
ў галіне выкарыстання атамнай энергіі. Дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці
па забеспячэнні бяспекі
ў галіне выкарыстання ядзернай энергіі

Артыкул 4. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі:

вызначае асноўныя накірункі дзяржаўнай палітыкі;

зацвярджае дзяржаўныя мэтавыя праграмы;

прымае рашэнні аб размяшчэнні, праектаванні, будаўніцтве, уводзе ў эксплуатацыю, прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі, абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык і вывадзе з эксплуатацыі атамнай электрастанцыі або яе блока;

вызначае рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання або іншую дзяржаўную арганізацыю, у распараджэнні якіх заходзіцца атамная электрастанцыя;

прымае рашэнні па пытаннях забеспячэння бяспекі, абароны насельніцтва і аховы навакольнага асяроддзя пры выкарыстанні атамнай энергіі;

прымае рашэнні па пытаннях прадухілення і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый пры выкарыстанні атамнай энергіі;

мае права вызначаць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць развіццё выкарыстання атамнай энергіі і іх кампетэнцыю ў гэтай галіне;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 5. Паўнамоцтвы Урада Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі

Урад Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

ажыццяўляе рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі;

каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый;

арганізоўвае распрацоўку і забяспечвае выкананне дзяржаўных мэтавых праграм;

прымае рашэнні аб размяшчэнні, праектаванні, будаўніцтве, уводзе ў эксплуатацыю, прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі, абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык і вывадзе з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі (за выключэннем атамнай электрастанцыі або яе блока) і (або) пункту захоўвання;

вызначае рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання або іншую дзяржаўную арганізацыю, у распараджэнні якіх знаходзяцца ядзерная ўстаноўка і (або) пункт захоўвання (за выключэннем атамнай электрастанцыі);

вызначае парадак абмеркавання пытанняў у гэтай галіне з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян;

забяспечвае кампенсацыю шкоды, нанесенай шкодным уздзеяннем іанізуючага выпраменьвання або дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі, у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства;

вызначае ўмовы і парадак забеспячэння фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання ядзернай энергіі;

вызначае парадак ажыццяўлення дзяржаўнага нагляду за забеспячэннем фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

прымае меры па забеспячэнні выканання міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у гэтай галіне;

каардынуе міжнароднае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і іх паўнамоцтвы

Дзяржаўнае кіраванне ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства ажыццяўляюць Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, а таксама іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, упаўнаважаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

удзельнічае ў фарміраванні і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі;

забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай і інвестыцыйнай палітыкі;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў аб забеспячэнні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, у тым ліку па ўрэгуляванні пытанняў забеспячэння ядзерных установак ядзерным палівам;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

арганізуе гатоўнасць сіл і сродкаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях да дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый пры выкарыстанні атамнай энергіі, а таксама дзяржаўны кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па іх прадухіленні;

арганізуе распрацоўку знешняга аварыйнага плана;

устанаўлівае патрабаванні па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

арганізуе мерапрыемствы па ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Iншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, упаўнаважаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

распрацоўваюць прапановы па фарміраванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай і інвестыцыйнай палітыкі;

удзельнічаюць у правядзенні дзяржаўных экспертыз праектаў на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні работ па ацэнцы адпаведнасці абсталявання, вырабаў і тэхналогій для аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

забяспечваюць бяспеку і выкананне мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя на падведамасных аб'ектах выкарыстання атамнай энергіі;

арганізуюць абмеркаванне пытанняў у гэтай галіне з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян;

удзельнічаюць у дзейнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 7. Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей — дзяржаўныя органы па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі) з'яўляюцца ўпаўнаважанымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампетэнцыі:

ажыццяўляе дзяржаўны нагляд у галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама за забеспячэннем фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

арганізуе і ажыццяўляе дзяржаўны нагляд за абыходжаннем з адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі;

ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства ў галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі;

удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні работ па ацэнцы адпаведнасці абсталявання, вырабаў і тэхналогій для аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

забяспечвае функцыянаванне адзінай дзяржаўнай сістэмы ўліку і кантролю крыніц іанізуючага выпраменьвання і дзяржаўнай сістэмы ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў Рэспублікі Беларусь;

арганізуе правядзенне экспертызы бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, а таксама іх праектаў, у тым ліку з прыцягненнем незалежных экспертаў;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Iншыя дзяржаўныя органы па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

ажыццяўляюць кантроль за забеспячэннем фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

узгадняюць праграмы ўводу ў эксплуатацыю і вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання;

удзельнічаюць у распрацоўцы і рэалізацыі знешняга аварыйнага плана;

узгадняюць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ў галіне выкарыстання атамнай энергіі;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Дзяржаўныя органы па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі ў частцы ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў, звязаных з дзяржаўным рэгуляваннем бяспекі, правядзеннем кантролю і дзяржаўнага нагляду за дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі, з'яўляюцца незалежнымі ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае кіраванне ў галіне выкарыстання атамнай энергіі.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Органы мясцовага кіравання і самакіравання ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў межах сваёй кампетэнцыі:

арганізуюць і прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў у гэтай галіне з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян;

прымаюць удзел у мерапрыемствах па забеспячэнні абароны грамадзян і аховы навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізуючага выпраменьвання, якое перавышае межы, устаноўленыя тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі;

ажыццяўляюць кантроль у межах адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі за гатоўнасцю арганізацый і грамадзян да дзеянняў у выпадку ўзнікнення радыяцыйнай аварыі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

прымаюць удзел у ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

інфармуюць грамадзян праз мясцовыя сродкі масавай інфармацыі аб радыяцыйным становішчы ў межах адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 9. Асаблівасці тэхнічнага нармавання, стандартызацыі і пацвярджэння адпаведнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ў галіне выкарыстання атамнай энергіі зацвярджаюцца па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Абсталяванне, вырабы і тэхналогіі для аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі падлягаюць пацвярджэнню адпаведнасці згодна з заканадаўствам.

Артыкул 10. Ліцэнзаванне ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Ліцэнзаванне ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства аб ліцэнзаванні.

Артыкул 11. Дазволы на права вядзення работ пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі і патрабаванні, што прад'яўляюцца да работнікаў (персаналу)

Выкананне пэўных відаў работ ажыццяўляецца работнікамі (персаналам) эксплуатуючых арганізацый і арганізацый, якія выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, пры наяўнасці ў гэтых работнікаў (персаналу) дазволаў на права вядзення работ пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, якія выдаюцца ўпаўнаважаным дзяржаўным органам па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Пералік відаў работ, на ажыццяўленне якіх работнікам (персаналу) арганізацый, указаных у частцы першай гэтага артыкула, неабходна атрыманне дазволаў на права вядзення работ пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, патрабаванні, якія прад'яўляюцца да гэтых работнікаў (персаналу), у тым ліку аб кваліфікацыі, узроўні адукацыі, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы, а таксама парадак атрымання ўказаных дазволаў вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Пералік медыцынскіх проціпаказанняў і пералік работ, на якія распаўсюджваюцца дадзеныя проціпаказанні, а таксама патрабаванні да правядзення медыцынскіх аглядаў і псіхафізічных абследаванняў вызначаюцца заканадаўствам.

Глава 3

Абыходжанне з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі

Артыкул 12. Дзяржаўны ўлік і кантроль ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў

Ядзерныя матэрыялы, адпрацаваўшыя ядзерныя матэрыялы падлягаюць дзяржаўнаму ўліку і кантролю ў дзяржаўнай сістэме ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў Рэспублікі Беларусь.

Эксплуатацыйныя радыеактыўныя адходы падлягаюць дзяржаўнаму ўліку і кантролю ў адзінай дзяржаўнай сістэме ўліку і кантролю крыніц іанізуючага выпраменьвання.

Парадак вядзення дзяржаўнай сістэмы ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў Рэспублікі Беларусь, а таксама адзінай дзяржаўнай сістэмы ўліку і кантролю крыніц іанізуючага выпраменьвання вызначаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Перавозка ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў

Перавозка ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з гэтым Законам і актамі заканадаўства ў галіне перавозкі небяспечных грузаў.

Пры перавозцы ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў суб'екты перавозкі небяспечных грузаў абавязаны ажыццяўляць мерапрыемствы па папярэджанні інцыдэнтаў і аварый і прымаць меры па лакалізацыі і ліквідацыі наступстваў у выпадку іх узнікнення, а таксама мерапрыемствы па ахове работнікаў (персаналу), грамадзян, навакольнага асяроддзя і маёмасці ад наступстваў магчымых аварый пры перавозцы.

Лакалізацыя і ліквідацыя наступстваў аварый пры перавозцы ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў ажыццяўляюцца сіламі і сродкамі суб'ектаў перавозкі небяспечных грузаў і спецыялізаваных падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Глава 4

Размяшчэнне і ўзвядзенне ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Артыкул 14. Прыняцце рашэнняў аб размяшчэнні і ўзвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Рашэнні аб размяшчэнні і ўзвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання прымаюцца, у тым ліку па прапанове зацікаўленых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, з улікам наступных патрабаванняў:

наяўнасці патрэбнасцяў у іх для вырашэння сацыяльна-эканамічных задач Рэспублікі Беларусь і асобных яе рэгіёнаў з улікам магчымых наступстваў размяшчэння ўказаных аб'ектаў;

адсутнасці пагрозы бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання з боку размешчаных паблізу грамадзянскіх або ваенных аб'ектаў;

наяўнасці ўмоў, неабходных для экалагічна бяспечнага размяшчэння ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, якія адказваюць патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, што павінна пацвярджацца станоўчымі заключэннямі дзяржаўных і іншых экспертыз, прадугледжаных заканадаўствам;

іншых патрабаванняў, устаноўленых заканадаўствам.

Артыкул 15. Адмена рашэння аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Рашэнне аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання павінна быць адменена, а іх узвядзенне спынена ў выпадку выяўлення фактараў, якія цягнуць зніжэнне ўзроўню бяспекі гэтых аб'ектаў, забруджванне навакольнага асяроддзя або іншыя неспрыяльныя наступствы, на падставе заключэнняў дзяржаўных і іншых экспертыз, прадугледжаных заканадаўствам.

Адмена рашэння аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ажыццяўляецца органам або службовай асобай, якія прынялі рашэнне аб узвядзенні ўказаных аб'ектаў.

Прапановы аб адмене рашэння аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўносяцца ў орган або службовай асобе, якія прынялі такое рашэнне, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама грамадскімі аб'яднаннямі і іншымі арганізацыямі і грамадзянамі з абгрунтаваннем фактараў, указаных у частцы першай гэтага артыкула.

Страты, звязаныя з адменай рашэння аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, падлягаюць пакрыццю за кошт арганізацый, па віне якіх своечасова не былі выяўлены і ўлічаны фактары, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула.

Артыкул 16. Праект на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання

Распрацоўка праекта на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб будаўніцтве, архітэктуры і горадабудаўніцтве, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, заканадаўства аб нетрах, заканадаўства аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце насельніцтва, заканадаўства аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый, заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, у тым ліку тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

У праекце на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання ў абавязковым парадку павінны быць абгрунтаваны памеры неабходнага да прадастаўлення зямельнага ўчастка, неабходнасць устанаўлення абмежаванняў (абцяжаранняў) правоў у выкарыстанні зямельнага ўчастка пад праектуемыя ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання з улікам размяшчэння функцыянальных капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), іншых аб'ектаў вытворчай, транспартнай, інжынернай інфраструктуры і ўстанаўлення санітарна-ахоўнай зоны і зоны назірання.

Праект на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання павінен прадугледжваць мерапрыемствы па бяспечным вывадзе іх з эксплуатацыі, мерапрыемствы па бяспечным абыходжанні з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі ў якасці абавязковага этапу любога цыклу ядзернай тэхналогіі.

Па праекце на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання праводзяцца прадугледжаныя заканадаўствам дзяржаўныя і іншыя экспертызы, якія пацвярджаюць бяспеку ўказаных аб'ектаў.

Артыкул 17. Санітарна-ахоўная зона і зона назірання

Для абароны грамадзян і аховы навакольнага асяроддзя ў раёне размяшчэння ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ў адпаведнасці з гэтым Законам, заканадаўствам аб радыяцыйнай бяспецы і заканадаўствам аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце насельніцтва могуць устанаўлівацца санітарна-ахоўная зона і зона назірання.

Санітарна-ахоўная зона ўстанаўліваецца ў мэтах змяншэння шкоднага ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання, звязанага з дзейнасцю па выкарыстанні атамнай энергіі, на здароўе грамадзян.

Зона назірання ўстанаўліваецца ў мэтах забеспячэння атрымання дакладнай інфармацыі аб натуральным радыяцыйным фоне і радыеактыўным забруджанні атмасфернага паветра, паверхневых і падземных водаў вакол раёна размяшчэння ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

У санітарна-ахоўнай зоне забараняецца размяшчэнне капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), якія не адносяцца да функцыянавання ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, а таксама іншых аб'ектаў вытворчай, транспартнай, інжынернай інфраструктуры, не прадугледжаных праектам на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання.

Змяненне функцыянальнага прызначэння капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) і іншых аб'ектаў вытворчай, транспартнай, інжынернай інфраструктуры, прадугледжаных праектам на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання і размешчаных у санітарна-ахоўнай зоне, дапускаецца па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі на падставе прапановы эксплуатуючай арганізацыі.

Неабходнасць устанаўлення санітарна-ахоўнай зоны і зоны назірання, іх памеры і межы вызначаюцца праектам на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання ў адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі, прадугледжанымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, і ўзгадняюцца з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд.

Памеры санітарна-ахоўнай зоны і зоны назірання вакол ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўстанаўліваюцца з улікам магчымых узроўняў знешняга выпраменьвання, а таксама велічыні і плошчаў магчымага распаўсюджання радыеактыўных выкідаў у атмасфернае паветра і (або) скідаў у паверхневыя і падземныя воды. Парадак узгаднення, устанаўлення і абазначэння межаў санітарна-ахоўнай зоны і зоны назірання, а таксама патрабаванні па іх ахове і выкарыстанні вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

У санітарна-ахоўнай зоне і зоне назірання ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, могуць уводзіцца абмежаванні гаспадарчай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У санітарна-ахоўнай зоне і зоне назірання павінны ажыццяўляцца радыяцыйны кантроль і радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Глава 5

Увод у эксплуатацыю
і вывад з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Артыкул 18. Прыёмка і ўвод у эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Прыёмка ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб будаўніцтве, архітэктуры і горадабудаўніцтве, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Увод у эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай уводу ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, распрацаванай эксплуатуючай арганізацыяй на падставе праектаў указаных аб'ектаў. Праграма ўводу ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўзгадняецца з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі і зацвярджаецца органам або службовай асобай, якія прынялі рашэнні аб размяшчэнні і ўзвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання. Тэрміны распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння праграмы ўводу ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўстанаўліваюцца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Артыкул 19. Працяг тэрміну эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Рашэнне аб працягу тэрміну эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання пасля заканчэння прадугледжанага іх праектам нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі прымаецца органам або службовай асобай, якія прынялі рашэнне аб узвядзенні гэтых аб'ектаў.

Прапанова аб працягу тэрміну эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўносіцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання або іншай дзяржаўнай арганізацыяй, у распараджэнні якіх знаходзіцца ядзерная ўстаноўка і (або) пункт захоўвання, пры наяўнасці адпаведных абгрунтаванняў эксплуатуючых арганізацый, узгодненых ва ўстаноўленым парадку з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Артыкул 20. Вывад з эксплуатацыі альбо абмежаванне эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Вывад з эксплуатацыі альбо абмежаванне эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне выкарыстання атамнай энергіі.

Эксплуатуючай арганізацыяй за пяць гадоў да заканчэння ўстаноўленага праектам на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі распрацоўваецца праграма вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, якая павінна змяшчаць меры па дэмантажы ўказаных аб'ектаў, абыходжанні з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, а таксама меры па далейшым кантролі і дзяржаўным наглядзе за ўказанымі аб'ектамі.

Праграма вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўзгадняецца з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі і ўносіцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання або іншай дзяржаўнай арганізацыяй, у распараджэнні якіх знаходзяцца ядзерная ўстаноўка і (або) пункт захоўвання, на зацвярджэнне ў орган або службовай асобе, якія прынялі рашэнне аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

У выпадку выяўлення ў працэсе эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання фактараў, якія цягнуць зніжэнне ўзроўню бяспекі гэтых аб'ектаў, забруджанне навакольнага асяроддзя або іншыя неспрыяльныя наступствы, на падставе заключэнняў дзяржаўных і іншых экспертыз, прадугледжаных заканадаўствам, орган або службовая асоба, якія прынялі рашэнне аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, прымаюць рашэнне аб датэрміновым вывадзе з эксплуатацыі альбо рашэнне аб абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Прапановы аб датэрміновым вывадзе з эксплуатацыі альбо прапановы аб абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўносяцца дзяржаўнымі органамі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі або грамадзянамі ў орган або службовай асобе, якія прынялі рашэнне аб узвядзенні ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Датэрміновы вывад з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання альбо абмежаванне эксплуатацыйных характарыстык гэтых аб'ектаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з праграмай датэрміновага вываду з эксплуатацыі, праграмай абмежавання эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, распрацаванымі эксплуатуючай арганізацыяй. Указаныя праграмы павінны быць распрацаваны, узгоднены і зацверджаны на працягу аднаго года з моманту прыняцця рашэння аб датэрміновым вывадзе з эксплуатацыі альбо рашэння аб абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ў парадку, прадугледжаным часткай трэцяй гэтага артыкула.

Артыкул 21. Фонд вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Для выканання работ па вывадзе з эксплуатацыі, датэрміновым вывадзе з эксплуатацыі альбо абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання эксплуатуючай арганізацыяй ствараецца фонд вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Парадак фарміравання фонду вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Для атамнай электрастанцыі або яе блока фонд вываду з эксплуатацыі фарміруецца за кошт сродкаў, атрыманых ад продажу электрычнай і цеплавой энергіі і аказання іншых паслуг, а таксама за кошт іншых крыніц, якія не супярэчаць заканадаўству.

Фонд вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання выкарыстоўваецца толькі для фінансавання мераў, прадугледжаных праграмамі вываду з эксплуатацыі, датэрміновага вываду з эксплуатацыі альбо абмежавання эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Глава 6

Фізічная ахова аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі

Артыкул 22. Фізічная ахова аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі

Фізічная ахова аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляецца ў мэтах:

прадухілення несанкцыянаванага пранікнення на тэрыторыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, прадухілення несанкцыянаванага доступу да ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, іх выкрадання або пашкоджання;

своечасовага выяўлення, папярэджання і спынення пагроз бяспецы аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, у тым ліку тэрарыстычнага і дыверсійнага характару;

выяўлення і вяртання зніклых або выкрадзеных ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў.

Артыкул 23. Забеспячэнне фізічнай аховы аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі

Меры па забеспячэнні фізічнай аховы ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання павінны прадугледжвацца на ўсіх этапах праектавання, узвядзення, уводу ў эксплуатацыю, эксплуатацыі, абмежавання эксплуатацыйных характарыстык, працягу тэрміну эксплуатацыі, вываду з эксплуатацыі, а таксама пры абыходжанні з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі.

Фізічная ахова аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі забяспечваецца эксплуатуючымі арганізацыямі і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў межах іх кампетэнцыі.

Дзяржаўны нагляд за забеспячэннем фізічнай аховы аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь.

Забараняюцца эксплуатацыя ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, а таксама правядзенне любых работ па выкарыстанні ядзерных матэрыялаў альбо абыходжанні з адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, якія знаходзяцца ў любой форме і на любой стадыі абыходжання, калі не прыняты неабходныя меры па выкананні патрабаванняў па забеспячэнні іх фізічнай аховы.

Артыкул 24. Абмежаванне правоў асобаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

У мэтах забеспячэння фізічнай аховы аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі і бяспекі работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый перамяшчэнне і дзеянні асобаў, у тым ліку работнікаў (персаналу), якія знаходзяцца на тэрыторыі размяшчэння ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, а таксама ў іх санітарна-ахоўных зонах, могуць быць абмежаваныя.

У мэтах выяўлення рэчываў, матэрыялаў і вырабаў, якія могуць быць выкарыстаны для ажыццяўлення акта незаконнага ўмяшання ў работу ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, з прымяненнем спецыяльных сродкаў ажыццяўляюцца агляд рэчаў і (або) транспартных сродкаў, работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый і грамадзян, якія наведваюць указаныя аб'екты, і іншыя працэдуры кантролю. Парадак ажыццяўлення агляду і іншых працэдур кантролю вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахоўнай дзейнасці.

На тэрыторыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання і ў іх санітарна-ахоўных зонах забараняецца правядзенне сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, а таксама несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Глава 7

Аварыйная гатоўнасць
і аварыйнае рэагаванне

Артыкул 25. Арганізацыя аварыйнай гатоўнасці і аварыйнага рэагавання

Арганізацыя аварыйнай гатоўнасці і аварыйнага рэагавання заключаецца ў распрацоўцы мераў па забеспячэнні аварыйнай гатоўнасці і забеспячэнні аварыйнага рэагавання.

Меры па забеспячэнні аварыйнай гатоўнасці і аварыйнага рэагавання распрацоўваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі актаў заканадаўства і ўстанаўліваюцца знешнімі і ўнутранымі аварыйнымі планамі.

Артыкул 26. Знешні аварыйны план

Знешнім аварыйным планам вызначаюцца зоны аварыйнага рэагавання і дзеянні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, дзяржаўных і іншых арганізацый і грамадзян, накіраваныя на ахову жыцця і здароўя грамадзян, ахову навакольнага асяроддзя і ахову маёмасці ў выпадку радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, у тым ліку на ядзернай устаноўцы і (або) пункце захоўвання, размешчаных за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь бліжэй за сто кіламетраў ад Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Распрацоўка знешняга аварыйнага плана і выкананне мерапрыемстваў па яго рэалізацыі ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі і органамі мясцовага кіравання і самакіравання.

Знешні аварыйны план зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемствы знешняга аварыйнага плана падлягаюць безумоўнаму выкананню. Эксплуатуючая арганізацыя за кошт уласных сродкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, падтрымлівае неабходны ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння знешняга аварыйнага плана.

Артыкул 27. Унутраны аварыйны план

Унутраны аварыйны план вызначае ў адпаведнасці са знешнім аварыйным планам дзеянні эксплуатуючай арганізацыі па ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі.

Унутраны аварыйны план распрацоўваецца і зацвярджаецца эксплуатуючай арганізацыяй пасля ўзгаднення з дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Унутраны аварыйны план павінен быць зацверджаны не менш чым за шэсць месяцаў да пачатку запланаванага ўводу ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Распрацоўка, а таксама мерапрыемствы па рэалізацыі ўнутранага аварыйнага плана фінансуюцца за кошт сродкаў эксплуатуючай арганізацыі.

Унутраны аварыйны план праходзіць практычную праверку да ўводу ў эксплуатацыю і на працягу тэрміну эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання з перыядычнасцю, устаноўленай дзяржаўнымі органамі па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Артыкул 28. Умовы і парадак распрацоўкі аварыйных планаў

Умовы і парадак распрацоўкі аварыйных планаў, меры па ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, спосабы інфармавання грамадзян, а таксама меры па праверцы аварыйнай гатоўнасці вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па прапанове дзяржаўных органаў па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Артыкул 29. Абавязкі эксплуатуючай арганізацыі па забеспячэнні аварыйнай гатоўнасці і аварыйнага рэагавання

Эксплуатуючая арганізацыя абавязана азнаёміць работнікаў (персанал) з аварыйнымі планамі і праводзіць спецыяльнае навучанне работнікаў (персаналу), якім трэба будзе выконваць абавязкі згодна з гэтым планам.

У выпадку ўзнікнення радыяцыйнай аварыі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, якая прывяла да выкіду ў навакольнае асяроддзе радыеактыўных рэчываў звыш устаноўленых межаў, эксплуатуючая арганізацыя абавязана:

неадкладна праінфармаваць аб гэтым грамадзян, дзяржаўныя органы па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, органы мясцовага кіравання і самакіравання ў раёне аварыйнага рэагавання і іншыя дзяржаўныя органы;

прыняць дзеянні па ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі;

кантраляваць апрамяненне асобаў, якія ўдзельнічаюць у ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, а таксама прыняць меры, накіраваныя на недапушчэнне перавышэння ўстаноўленых асноўных межаў дозаў апрамянення гэтых асобаў;

забяспечваць бесперапынны маніторынг выкіду радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе;

забяспечваць аператыўнай інфармацыяй аб радыяцыйнай абстаноўцы адпаведныя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзян у зоне назірання ў адпаведнасці з аварыйнымі планамі;

выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з мерапрыемствамі, прадугледжаныя знешнім і ўнутраным аварыйнымі планамі і гэтым Законам.

Пры выкананні работ па ліквідацыі, абмежаванні або зніжэнні наступстваў радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, апрамяненне работнікаў (персаналу) эксплуатуючай арганізацыі звыш устаноўленых асноўных межаў дозаў апрамянення можа быць дапушчана (але не звыш эфектыўнай дозы патэнцыяльна небяспечнага апрамянення, устаноўленай нарматыўнымі прававымі актамі) толькі пры немагчымасці прыняць іншыя меры для выратавання грамадзян, прадухілення масавага апрамянення, а таксама пры пагрозе значнага радыеактыўнага забруджання навакольнага асяроддзя. Эксплуатуючая арганізацыя абавязана загадзя інфармаваць работнікаў (персанал), якія прымаюць удзел у гэтых работах, аб магчымай рызыцы апрамянення звыш устаноўленых асноўных межаў дозаў апрамянення і атрымаць на гэта іх пісьмовую згоду.

Глава 8

Эксплуатуючыя арганізацыі і арганізацыі,
якія выконваюць работы
і (або) аказваюць паслугі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Артыкул 30. Асаблівасці дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, якая ажыццяўляецца эксплуатуючай арганізацыяй

Эксплуатуючая арганізацыя і Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь узаемадзейнічаюць па пытаннях вызначэння рэжымаў работы атамнай электрастанцыі або яе блока і рэжымаў работы генерыруючага і іншага абсталявання, якое выкарыстоўваецца на атамнай электрастанцыі.

Любое ўмяшальніцтва ў дзейнасць па выкарыстанні атамнай энергіі, якая ажыццяўляецца эксплуатуючай арганізацыяй, што можа пацягнуць зніжэнне ўзроўню ядзернай бяспекі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі і тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, не дапускаецца.

Артыкул 31. Фонд фінансавання работ па падтрыманні і павышэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

У мэтах фінансавання навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і іншых работ па падтрыманні і павышэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання эксплуатуючая арганізацыя стварае фонд фінансавання работ па падтрыманні і павышэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, які павінен быць створаны да ўводу ў эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Парадак фарміравання і выкарыстання гэтага фонду вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 32. Абавязкі і адказнасць эксплуатуючай арганізацыі па забеспячэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання

Эксплуатуючая арганізацыя распрацоўвае і ажыццяўляе мерапрыемствы па падтрыманні і павышэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, стварае пры неабходнасці адпаведныя службы, якія ажыццяўляюць кантроль за бяспекай, прадстаўляе інфармацыю аб стане бяспекі гэтых аб'ектаў у дзяржаўныя органы па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі ва ўстаноўленыя імі тэрміны.

Эксплуатуючая арганізацыя забяспечвае:

выкарыстанне ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання толькі для тых мэтаў, для якіх яны прызначаны;

арганізацыю і правядзенне работ у такім аб'ёме і такой якасці, якія адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, на ўсіх этапах размяшчэння, праектавання, узвядзення, уводу ў эксплуатацыю, эксплуатацыі, абмежавання эксплуатацыйных характарыстык, працягу тэрміну эксплуатацыі, вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання;

распрацоўку і рэалізацыю мераў па прадухіленні ўзнікнення радыяцыйнай аварыі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі і па зніжэнні яе негатыўных наступстваў для работнікаў (персаналу), грамадзян і навакольнага асяроддзя;

бяспечнае для работнікаў (персаналу) і грамадзян абыходжанне з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі;

фарміраванне і мэтавае выкарыстанне фонду вываду з эксплуатацыі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання і фонду фінансавання работ па падтрыманні і павышэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання;

рэалізацыю правоў работнікаў (персаналу) на сацыяльныя гарантыі;

улік індывідуальных дозаў апрамянення работнікаў (персаналу);

распрацоўку і рэалізацыю мераў па ахове работнікаў (персаналу) і грамадзян у зоне назірання ў выпадку ўзнікнення радыяцыйнай аварыі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;

улік і кантроль ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў, эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў і іншых крыніц іанізуючага выпраменьвання;

ажыццяўленне фізічнай аховы аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі;

распрацоўку і рэалізацыю мераў пажарнай бяспекі на ядзернай устаноўцы і (або) у пункце захоўвання;

радыяцыйны кантроль і радыяцыйны маніторынг у санітарна-ахоўнай зоне і зоне назірання;

падбор, падрыхтоўку, перападрыхтоўку і падтрыманне адпаведнай кваліфікацыі, а таксама неабходнай колькасці работнікаў (персаналу);

інфармаванне аб радыяцыйнай абстаноўцы грамадзян у зоне назірання;

выкананне іншых абавязкаў, устаноўленых заканадаўствам.

Эксплуатуючая арганізацыя ў адпаведнасці з заканадаўствам нясе адказнасць за невыкананне патрабаванняў па забеспячэнні бяспекі ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

У выпадку прыняцця ва ўстаноўленым парадку рашэнняў аб прыпыненні альбо спыненні дзеяння спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), які дае права на эксплуатацыю ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання або іншая дзяржаўная арганізацыя, у распараджэнні якіх знаходзяцца ўказаныя аб'екты, прымаюць меры па забеспячэнні іх бяспекі. Калі аднаўленне дзеяння такога спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) немагчыма, адпаведны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання або іншая дзяржаўная арганізацыя, у распараджэнні якіх знаходзяцца ўказаныя аб'екты, прымаюць меры па стварэнні новай эксплуатуючай арганізацыі.

Артыкул 33. Арганізацыі, якія выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Арганізацыі, якія ажыццяўляюць праектныя і вышукальныя, навукова-даследчыя, доследна-канструктарскія і тэхналагічныя работы, канструяванне і выраб абсталявання для ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, навуковае суправаджэнне, выкананне іншых работ і (або) аказанне іншых паслуг пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, забяспечваюць выкананне работ і (або) аказанне паслуг у такім аб'ёме і такой якасці, якія адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, і нясуць адказнасць за якасць выкананых работ і (або) аказаных паслуг на працягу нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі, вызначанага праектам на ядзерную ўстаноўку і (або) пункт захоўвання.

Да арганізацый, указаных у частцы першай гэтага артыкула, якія выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі непасрэдна на ядзернай устаноўцы і (або) у пункце захоўвання альбо з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, прымяняюцца патрабаванні гэтага Закона ў дачыненні да эксплуатуючых арганізацый у частцы выконвання імі патрабаванняў па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

Артыкул 34. Асаблівасці прававога становішча работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый

Работнікі (персанал) эксплуатуючых арганізацый адносяцца да работнікаў з асаблівым характарам працы. Працоўныя адносіны і працоўная дысцыпліна работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый рэгулююцца заканадаўствам аб працы і патрабаваннямі адпаведнага дысцыплінарнага статута, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Работнікі (персанал) эксплуатуючых арганізацый падлягаюць абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, у тым ліку абумоўленых уздзеяннем іанізуючага выпраменьвання, у адпаведнасці з заканадаўствам аб страхаванні.

У дачыненні да работнікаў (персаналу) арганізацый, указаных у частцы першай артыкула 33 гэтага Закона, якія выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі непасрэдна на ядзернай устаноўцы і (або) у пункце захоўвання альбо з ядзернымі матэрыяламі, адпрацаваўшымі ядзернымі матэрыяламі і (або) эксплуатацыйнымі радыеактыўнымі адходамі, прымяняюцца патрабаванні частак першай і другой гэтага артыкула, а таксама артыкула 41 гэтага Закона.

Асаблівасці сацыяльна-бытавога забеспячэння асобных катэгорый работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый вызначаюцца заканадаўствам.

Глава 9

Адказнасць за шкоду, нанесеную ў выніку радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі. Адказнасць за парушэнне заканадаўства ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Артыкул 35. Пакрыццё шкоды, нанесенай радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Шкода, нанесеная арганізацыям і грамадзянам радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, альбо яе спалучэннем з таксічным, выбуховым або іншым небяспечным уздзеяннем, падлягае пакрыццю эксплуатуючай арганізацыяй у адпаведнасці з гэтым Законам і іншым заканадаўствам.

Артыкул 36. Мяжа адказнасці за шкоду, нанесеную радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, і асаблівасці яе пакрыцця

Для пакрыцця шкоды, нанесенай радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні Урадам Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца мяжа адказнасці.

Мяжа адказнасці за шкоду, нанесеную радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, не можа быць меншай за мінімальны памер, устаноўлены міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Для забеспячэння пакрыцця шкоды, нанесенай радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, эксплуатуючая арганізацыя павінна мець фінансавае забеспячэнне адказнасці, крыніцы фарміравання і памер якога вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з улікам міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 37. Пакрыццё шкоды, нанесенай радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, навакольнаму асяроддзю

Эксплуатуючая арганізацыя нясе адказнасць за шкоду, нанесеную радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, навакольнаму асяроддзю, у адпаведнасці з заканадаўствам.

У выпадку поўнай або частковай адмовы эксплуатуючай арганізацыі задаволіць прэтэнзію аб пакрыцці шкоды, нанесенай радыяцыйнай аварыяй, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, навакольнаму асяроддзю, іскі аб пакрыцці шкоды прад'яўляюць дзяржаўны орган, які ажыццяўляе дзяржаўны кантроль у галіне аховы навакольнага асяроддзя, у межах сваёй кампетэнцыі альбо пракурор.

Артыкул 38. Адказнасць за парушэнне заканадаўства ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Службовыя асобы дзяржаўных органаў, у тым ліку рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, дзяржаўных органаў па рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама работнікі (персанал) эксплуатуючых арганізацый, арганізацый, якія выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, а таксама іншыя асобы за парушэнне заканадаўства ў галіне выкарыстання атамнай энергіі нясуць дысцыплінарную, адміністрацыйную, крымінальную і (або) іншую адказнасць.

Глава 10

Гарантыі правоў грамадзян
і арганізацый у галіне выкарыстання атамнай энергіі

Артыкул 39. Правы грамадзян і арганізацый на атрыманне інфармацыі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Грамадзяне, грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі маюць права ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку запытваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў і арганізацый інфармацыю па бяспецы ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання, якія намячаюцца да ўзвядзення, праектуюцца, узводзяцца, эксплуатуюцца і выводзяцца з эксплуатацыі, за выключэннем звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, або інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана. Не дапускаецца аднясенне да дзяржаўных сакрэтаў або да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана, інфармацыі аб радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі.

Грамадзяне, грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі маюць права бясплатна атрымліваць інфармацыю аб радыяцыйнай абстаноўцы.

Грамадзяне, якія трапілі пад уздзеянне іанізуючага выпраменьвання, маюць права на атрыманне дакумента аб дозе атрыманага апрамянення. Парадак атрымання такога дакумента і яго форма вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Артыкул 40. Правы грамадзян і арганізацый на ўдзел у фарміраванні палітыкі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Грамадзяне, грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі маюць права на ўдзел у абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў і дзяржаўных мэтавых праграм у галіне выкарыстання атамнай энергіі.

Грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі маюць права прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў правядзенні дзяржаўных і іншых экспертыз ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання на стадыі іх размяшчэння, праектавання, узвядзення, эксплуатацыі, вываду з эксплуатацыі альбо абмежавання эксплуатацыйных характарыстык ядзернай устаноўкі і (або) пункта захоўвання.

Грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі маюць права праводзіць незалежныя экспертызы ў выпадках і парадку, устаноўленых заканадаўствам.

Артыкул 41. Правы работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый на сацыяльныя гарантыі

Работнікі (персанал) эксплуатуючых арганізацый маюць права на сацыяльныя гарантыі за шкоднае ўздзеянне іанізуючага выпраменьвання на іх здароўе і за дадатковыя фактары рызыкі, якія прадастаўляюцца за кошт сродкаў эксплуатуючай арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, што вызначаюць віды, памеры і парадак прадастаўлення такіх сацыяльных гарантый, а таксама крыніцы, за кошт якіх ажыццяўляецца іх фінансаванне.

Глава 11

Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Артыкул 42. Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, прадугледжаныя гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 43. Абмен інфармацыяй з замежнымі дзяржавамі, Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі

Абмен інфармацыяй з замежнымі дзяржавамі, Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 44. Увоз і вываз ядзерных установак, абсталявання, тэхналогій, ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў, эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, работ і паслуг у галіне выкарыстання атамнай энергіі

Увоз і вываз ядзерных установак, абсталявання, тэхналогій, ядзерных матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў, эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, работ і паслуг пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, уключаючы іх перадачу для дэманстрацыі на выстаўках, правядзення сумесных работ і ў іншых мэтах некамерцыйнага характару, ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання атамнай энергіі.

Увоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў у мэтах іх захоўвання або пахавання дапускаецца толькі для адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў, якія ўтварыліся ў Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 45. Паведамленне замежным дзяржавам аб радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Паведамленне аб радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, што прывяла або можа прывесці да трансгранічнага распаўсюджання радыеактыўных рэчываў, ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 46. Міжнародная дапамога ў выпадку радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі

Прадастаўленне міжнароднай дапамогі ў выпадку радыяцыйнай аварыі, якая ўзнікла пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, у мэтах абмежавання яе наступстваў і ў мэтах аховы жыцця і здароўя грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя і аховы маёмасці ад шкоднага ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 12

Заключныя палажэнні

Артыкул 47. Прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу года:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку праекты заканадаўчых актаў, якія вызначаюць віды, памеры і парадак прадастаўлення сацыяльных гарантый за шкоднае ўздзеянне іанізуючага выпраменьвання на здароўе работнікаў (персаналу) эксплуатуючых арганізацый і за дадатковыя фактары рызыкі, а таксама крыніцы, за кошт якіх ажыццяўляецца іх фінансаванне;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 48. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Да прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам яны прымяняюцца ў той частцы, у якой не супярэчаць гэтаму Закону, калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

30 ліпеня 2008 года, г. Мінск.

№ 426-З