Закон Рэспублікі Беларусь Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 28 мая 2008 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 чэрвеня 2008 года
 
 
 
Гэты Закон на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначае прававы статус, прынцыпы, змест, парадак арганізацыі і дзейнасці Парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь

Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь (далей — Нацыянальны сход) з'яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны сход складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Артыкул 2. Прынцыпы дзейнасці Нацыянальнага сходу

Дзейнасць Нацыянальнага сходу грунтуецца на прынцыпах:

дэмакратычнасці;

галоснасці;

падзелу дзяржаўнай улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую;

вяршэнства права і законнасці;

прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права;

роўнасці грамадзян перад законам, павагі іх правоў і законных інтарэсаў;

свабоднага абмеркавання і прыняцця рашэнняў;

удзелу грамадзян у вырашэнні і абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага жыцця.

Артыкул 3. Склад палат Нацыянальнага сходу

Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Абранне дэпутатаў Платы прадстаўнікоў ажыццяўляецца на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі законамі Рэспублікі Беларусь.

Савет Рэспублікі з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Выбары праводзяцца ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі законамі Рэспублікі Беларусь. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 4. Тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу

Тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу — чатыры гады. Паўнамоцтвы Нацыянальнага сходу могуць быць прадоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны.

Паўнамоцтвы палат Нацыянальнага сходу пачынаюцца з дня першага пасяджэння зноў выбраных Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і заканчваюцца ў дзень адкрыцця першага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі новага склікання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 5 гэтага Закона.

Артыкул 5. Датэрміновае спыненне паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць спынены датэрмінова ў выпадку:

адмовы ў даверы Ураду Рэспублікі Беларусь;

выказванне вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь;

двухразовай адмовы ў дачы згоды на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;

сістэматычнага (больш за два разы) або грубага парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;

спынення паўнамоцтваў Савета Рэспублікі.

Паўнамоцтвы Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова ў выпадку:

сістэматычнага (больш за два разы) або грубага парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;

спынення паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў.

Рашэнні па пытаннях датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу прымае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат Нацыянальнага сходу.

Палаты Нацыянальнага сходу не могуць быць распушчаны:

у перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча;

у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

у перыяд вырашэння палатамі Нацыянальнага сходу пытання аб датэрміновым вызваленні ад пасады або зняцця з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

на працягу года з дня першага пасяджэння кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 6. Кампетэнцыя Нацыянальнага сходу

Кампетэнцыя Нацыянальнага сходу рэалізуецца праз ажыццяўленне прадстаўнічых, заканадаўчых і іншых паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Палаты Нацыянальнага сходу ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў формах і межах, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Палаты Нацыянальнага сходу пры ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, іншымі арганізацыямі самастойныя ў межах сваіх паўнамоцтваў.

Артыкул 7. Рашэнні палат Нацыянальнага сходу

Палата прадстаўнікоў прымае рашэнні ў форме законаў і пастаноў па пытаннях і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Пастановы Палаты прадстаўнікоў прымаюцца па пытаннях распарадчага і кантрольнага характару.

Савет Рэспублікі прымае рашэнні ў форме пастаноў па пытаннях і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Рашэнні палат Нацыянальнага сходу лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат Нацыянальнага сходу, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, часткамі пятай — сёмай гэтага артыкула.

Большасцю не менш чым дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу прымаюцца:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;

законы аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

законы аб увядзенні ў дзеянне законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

законы аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

законы аб асноўных накірунках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь (праграмныя законы);

законы, вернутыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са сваімі пярэчаннямі для паўторнага разгляду і галасавання, у выпадку пераадолення гэтых пярэчанняў;

законы аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у закон, асобныя палажэнні якога вернуты Прэзідэнтам са сваімі пярэчаннямі для паўторнага разгляду і галасавання, у выпадку пераадолення гэтых пярэчанняў.

Палата прадстаўнікоў па патрабаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні — Урада Рэспублікі Беларусь прымае большасцю не менш чым дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў законы, па якіх пагаджальнымі камісіямі, створанымі палатамі Нацыянальнага сходу, не прыняты ўзгодненыя тэксты праектаў законаў.

Большасцю не менш чым дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу прымаюцца таксама рашэнні:

аб датэрміновым вызваленні ад пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб зняцці з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб адмене часовых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія маюць сілу закона.

Артыкул 8. Формы дзейнасці палат Нацыянальнага сходу

Работа Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў форме пасяджэнняў, сумесных пасяджэнняў з Саветам Рэспублікі, парламенцкіх слуханняў, дзейнасці пастаянных і часовых камісій, іншых органаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутацкіх груп, дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў, выбарчых акругах, а таксама ў іншых формах у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Работа Савета Рэспублікі ажыццяўляецца ў форме пасяджэнняў, сумесных пасяджэнняў з Палатай прадстаўнікоў, парламенцкіх слуханняў, дзейнасці пастаянных і часовых камісій, іншых органаў Савета Рэспублікі, членаў Савета Рэспублікі, а таксама ў іншых формах у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Парадак і формы ўдзелу палат Нацыянальнага сходу ў міжнародным супрацоўніцтве

Палаты Нацыянальнага сходу ажыццяўляюць супрацоўніцтва з парламентамі замежных дзяржаў, міжнароднымі парламенцкімі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Для ажыццяўлення кантактаў з парламентамі замежных дзяржаў і міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі палатамі Нацыянальнага сходу з ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ў парадку, устаноўленым рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу, могуць фарміравацца пастаянна дзеючыя дэлегацыі і рабочыя групы.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць таксама дэлегавацца адпаведна Палатай прадстаўнікоў (Саветам Палаты прадстаўнікоў), Саветам Рэспублікі (Прэзідыумам Савета Рэспублікі) у склад аб'яднаных пастаянна дзеючых дэлегацый і рабочых груп Нацыянальнага сходу, якія прадстаўляюць Нацыянальны сход пры ажыццяўленні двухбаковых або шматбаковых парламенцкіх кантактаў або ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях.

Дзейнасць афіцыйных дэлегацый і рабочых груп Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях ажыццяўляецца згодна са статутамі (рэгламентамі) гэтых арганізацый у межах прадастаўленых гэтым дэлегацыям і групам паўнамоцтваў.

Артыкул 10. Заканадаўства аб дзейнасці палат Нацыянальнага сходу

Палаты Нацыянальнага сходу ў сваёй дзейнасці кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Статус дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі вызначаецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1998 года "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 35, ст. 516), іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Асобныя пытанні іх дзейнасці могуць рэгулявацца рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Глава 2

Пытанні агульнай
кампетэнцыі палат
Нацыянальнага сходу

Артыкул 11. Заканадаўчыя паўнамоцтвы палат Нацыянальнага сходу

Палата прадстаўнікоў па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, разглядае праекты законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Палата прадстаўнікоў па прапанове суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы разглядае праекты іншых законаў Рэспублікі Беларусь.

Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў.

У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгуляванне грамадскіх адносінаў ажыццяўляецца законамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Дэлегаванне заканадаўчых паўнамоцтваў Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат Нацыянальнага сходу, па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь могуць дэлегаваць яму заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Гэты закон павінен вызначаць прадмет рэгулявання ўказаных дэкрэтаў у тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на іх выданне.

Праект закона аб дэлегаванні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь заканадаўчых паўнамоцтваў уносіцца ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і разглядаецца ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Не дапускаецца дэлегаванне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь паўнамоцтваў на выданне дэкрэтаў:

аб змяненні і (або) дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у законы аб асноўных накірунках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь (праграмныя законы);

аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год і аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год;

аб змяненні парадку выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу;

якія абмяжоўваюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян;

аб змяненні закона аб дэлегаванні заканадаўчых паўнамоцтваў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;

якія ўтрымліваюць нормы, што маюць зваротную сілу.

У перыяд тэрміну паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выданне дэкрэта, які мае сілу закона, Нацыянальны сход не мае права прымаць законы па пытаннях, па якіх Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь дэлегаваны паўнамоцтвы на выданне дэкрэта.

Артыкул 13. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу часовых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія маюць сілу закона

Часовы дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з абгрунтаваннем неабходнасці яго выдання ў трохдзённы тэрмін пасля яго падпісання прадстаўляецца для разгляду Палатай прадстаўнікоў, а пасля Саветам Рэспублікі.

Калі часовы дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўлены ў перыяд паміж сесіямі палат Нацыянальнага сходу, ён разглядаецца на чарговай (пазачарговай) сесіі палат Нацыянальнага сходу.

Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу часовых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Не падлягаюць разгляду часовыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія страцілі сілу да моманту іх разгляду ў Нацыянальным сходзе.

Палаты Нацыянальнага сходу па выніках разгляду часовага дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які мае сілу закона, могуць прыняць рашэнне:

аб прыняцці часовага дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да ведама;

аб адмене часовага дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб прыняцці часовага дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да ведама лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Рашэнне аб адмене часовага дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш за дзве трэці ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 14. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу пытанняў аб датэрміновым вызваленні ад пасады або зняцці з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Палаты Нацыянальнага сходу могуць прыняць рашэнне аб датэрміновым вызваленні ад пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб датэрміновым вызваленні ад пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаецца большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на аснове заключэння спецыяльна ствараемай палатамі Нацыянальнага сходу камісіі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем здрады дзяржаве або іншага асабліва цяжкага злачынства. Рашэнне аб вылучэнні абвінавачання супраць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і яго расследаванні лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове не менш за адну трэць яе дэпутатаў.

На падставе рашэння Палаты прадстаўнікоў, указанага ў частцы трэцяй гэтага артыкула, Савет Рэспублікі арганізуе расследаванне вылучанага абвінавачання.

Аб даце і часе пасяджэння Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў па разглядзе пытання аб зняцці з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паведамляецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь, Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб зняцці з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з учыненнем здрады дзяржаве або іншага асабліва цяжкага злачынства лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не менш за дзве трэці ад поўнага складу Савета Рэспублікі і не менш за дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Непрыняцце Саветам Рэспублікі і Палатай прадстаўнікоў рашэння аб зняцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады на працягу месяца з дня вылучэння абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання.

Прапанова аб зняцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады не можа ініцыявацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 15. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу пытання аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму

Палаты Нацыянальнага сходу маюць права ўнесці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапанову аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму.

Пытанне аб унясенні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму разглядаецца Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі на іх раздзельных пасяджэннях па ініцыятыве адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума і пастаянных камісій Савета Рэспублікі, а таксама членаў Савета Рэспублікі.

Рашэнне па прапанове аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу і афармляецца пастановамі палат, якія накіроўваюцца адпаведна ў Савет Рэспублікі, Палату прадстаўнікоў.

Пастановы Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі павінны ўтрымліваць прапановы аб:

даце рэспубліканскага рэферэндуму;

пытаннях, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;

разглядзе адпаведна Саветам Рэспублікі, Палатай прадстаўнікоў пытання аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму.

Савет Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў разглядаюць прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму і прымаюць адно з наступных рашэнняў:

пагадзіцца з прапановай адпаведна Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;

адхіліць прапанову адпаведна Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму.

Пастановы палат Нацыянальнага сходу па пытаннях прыняцця або адхілення прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму накіроўваюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Калі прапанова аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ўнесена Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь з захаваннем патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь назначае рэспубліканскі рэферэндум.

Артыкул 16. Заслухоўванне палатамі Нацыянальнага сходу штогадовых пасланняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Парламента

Штогадовыя пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Парламента заслухоўваюцца на сумесных пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі без абмеркавання і прыняцця па іх рашэння.

Рашэнне аб правядзенні сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу для заслухоўвання штогадовага паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Парламента прымаецца палатамі Нацыянальнага сходу са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Глава 3
Пытанні раздзельнай кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 17. Пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, якія жадаюць накіраваць пытанні Ураду Рэспублікі Беларусь, падаюць іх у пісьмовай форме ў сакратарыят адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу не пазней чым за сем дзён да дня правядзення пасяджэння. Запрашэнні членам Урада Рэспублікі Беларусь з пералікам пытанняў накіроўваюцца не пазней чым за пяць дзён да дня правядзення пасяджэння.

У выпадку, калі член Урада Рэспублікі Беларусь не мае магчымасці прыбыць на пасяджэнне, ён мае права даць пісьмовы адказ на зададзеныя пытанні, які даводзіцца да ведама дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ўпаўнаважанай ім службовай асобай.

У межах часу, устаноўленага рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі могуць задаваць членам Урада Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні, іншыя пытанні ў пісьмовай або вуснай форме, калі палатамі Нацыянальнага сходу не будзе прынята іншае рашэнне.

Рашэнне аб правядзенні пасяджэння для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь прымаецца ў парадку, устаноўленым рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу. Калі ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі не паступіла пісьмовых пытанняў да членаў Урада Рэспублікі Беларусь, палаты Нацыянальнага сходу маюць права прыняць рашэнне не праводзіць у гэтым месяцы пасяджэнне для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу запытаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі мае права звярнуцца з запытам да Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, членаў Урада Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, якія ўтвараюцца або выбіраюцца Нацыянальным сходам. Запыт павінен быць уключаны ў парадак дня пасяджэння адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Адказ на запыт трэба даць на працягу дваццаці сесійных дзён у парадку, устаноўленым адпаведнай палатай Нацыянальнага сходу.

Артыкул 19. Зварот палат Нацыянальнага сходу ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі маюць права звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з прапановай аб дачы заключэння:

аб адпаведнасці законаў Рэспублікі Беларусь, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспубліка Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;

аб адпаведнасці актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам Рэспублікі Беларусь і дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб адпаведнасці пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам Рэспублікі Беларусь, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб адпаведнасці актаў любога іншага дзяржаўнага органа Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам Рэспублікі Беларусь, дэкрэтам і ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прапанова аб разглядзе ў палаце Нацыянальнага сходу пытання аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь уносіцца ў палату адпаведна дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыумам і пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі, а таксама членамі Савета Рэспублікі.

Рашэнне аб звароце палаты Нацыянальнага сходу ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад яе поўнага складу.

Прапанова аб дачы заключэння, прадугледжанага часткай першай гэтага артыкула, уносіцца ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з законамі, якія рэгламентуюць дзейнасць Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Атрыманне палатамі Нацыянальнага сходу інфармацыі аб выкананні законаў і аб ходзе выканання рэспубліканскага бюджэту

У межах, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, палаты Нацыянальнага сходу маюць права на атрыманне інфармацыі аб выкананні законаў і аб ходзе выканання рэспубліканскага бюджэту.

Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў межах сваёй кампетэнцыі маюць права атрымліваць інфармацыю аб ходзе рэалізацыі Асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, зацверджаных праграмнымі законамі.

У мэтах, прадугледжаных часткамі першай і другой гэтага артыкула, палаты Нацыянальнага сходу маюць права па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь заслухоўваць інфармацыю:

Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь — аб ходзе выканання адобранай Палатай прадстаўнікоў праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь;

Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь — аб стане законнасці ў Рэспубліцы Беларусь;

Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь — аб выніках дзяржаўнага кантролю, які ажыццяўляецца ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку за выкананнем рэспубліканскага бюджэту;

Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь — аб ходзе выканання асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на бягучы год.

Артыкул 21. Узгадненне кандыдатур для назначэння на пасаду паслоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пастаянных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях

Кандыдатуры для назначэння на пасады паслоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пастаянных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях уносяцца на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь пасля папярэдняга разгляду іх у пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, што распараджаюцца пытаннямі міжнародных адносінаў, якія па выніках разгляду кандыдатур на ўказаныя пасады прымаюць рашэнні рэкамендацыйнага характару.

Парадак разгляду кандыдатур для назначэння на пасады, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, вызначаецца рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 22. Іншыя паўнамоцтвы палат Нацыянальнага сходу

Палаты Нацыянальнага сходу ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь:

прымаюць удзел у падрыхтоўцы Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на чарговы год;

узаемадзейнічаюць з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі пры вырашэнні пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю палат Нацыянальнага сходу.

Глава 4
Пытанні выключнай кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў

Артыкул 23. Разгляд Палатай прадстаўнікоў пытання аб адстаўцы Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьПалата прадстаўнікоў прымае адстаўку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заява аб адстаўцы накіроўваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у Палату прадстаўнікоў у пісьмовай форме.

Палата прадстаўнікоў абавязана разгледзець заяву аб адстаўцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працягу пяці дзён з дня яго паступлення ў Палату прадстаўнікоў.

Калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне аб адстаўцы ў перыяд паміж сесіямі Палаты прадстаўнікоў, адначасова з падачай заявы аб адстаўцы склікаецца пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў для разгляду дадзенага пытання.

Рашэнне аб прыняцці адстаўкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 24. Назначэнне Палатай прадстаўнікоў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначае выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбары назначаюцца не пазней чым праз тры дні з дня адкрыцця вакансіі, калі вакансія адкрылася ў перыяд правядзення сесіі Палаты прадстаўнікоў. Калі вакансія пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адкрылася ў перыяд паміж сесіямі Палаты прадстаўнікоў, па ініцыятыве выконваючага абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па патрабаванні не менш за дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў для назначэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь склікаецца пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Артыкул 25. Разгляд Палатай прадстаўнікоў пытання аб дачы згоды на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў па прадстаўленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дае згоду на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне па пытанні аб дачы згоды Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Калі прапанова па кандыдатуры Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь унесена ў перыяд паміж сесіямі Палаты прадстаўнікоў, для яго разгляду склікаецца пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Рашэнне па пытанні аб дачы згоды на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. Калі рашэнне па пытанні аб дачы згоды на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь не прынята, лічыцца, што Палата прадстаўнікоў адмовіла ў дачы згоды.

У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дачы згоды на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права назначыць выконваючага абавязкі Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, распусціць Палату прадстаўнікоў і назначыць новыя выбары.

Артыкул 26. Заслухоўванне Палатай прадстаўнікоў даклада Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь аб праграме дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў у двухмесячны тэрмін пасля назначэння на пасаду Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь і адабрае або адхіляе праграму.

Калі даклад Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь не можа быць заслуханы ў сувязі з заканчэннем сесіі Палаты прадстаўнікоў, то можа быць склікана пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў у тэрмін, указаны ў частцы першай гэтага артыкула. Калі пазачарговая сесія не склікаецца, двухмесячны тэрмін вылічваецца з дня адкрыцця чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Рашэнне аб адабрэнні праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. Калі рашэнне аб адабрэнні праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь не прынята, праграма лічыцца адхіленай.

У выпадку адхілення праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў вызначае ў пастанове тэрмін для заслухоўвання паўторнай праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь, якая павінна быць прадстаўлена не пазней за два месяцы з дня адхілення праграмы.

Паўторнае адхіленне Палатай прадстаўнікоў праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь азначае выказванне вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Разгляд Палатай прадстаўнікоў пытання аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў разглядае па ініцыятыве Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь пытанне аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь можа паставіць перад Палатай прадстаўнікоў пытанне аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь па прадстаўленай праграме або па канкрэтнай падставе.

Рашэнне аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. Калі рашэнне аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь не прынята, лічыцца, што Ураду Рэспублікі Беларусь адмоўлена ў даверы.

Калі Палата прадстаўнікоў адмаўляе ў даверы Ураду Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права ў дзесяцідзённы тэрмін прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада Рэспублікі Беларусь або аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і назначэнні новых выбараў.

Артыкул 28. Выказванне Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў можа выказаць вотум недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь.

Пытанне аб выказваннI вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь разглядаецца па ініцыятыве не менш за адну трэць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. Пытанне аб адказнасці Урада Рэспублікі Беларусь не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці.

Прапанова дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па дадзеным пытанні ўносіцца ў пісьмовай форме.

Пры разглядзе пытання аб выказванні вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь выступаюць Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь або асоба, якая выконвае яго абавязкі.

Рашэнне аб выказванні вотуму недаверу Ураду Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 29. Разгляд Палатай прадстаўнікоў пытання аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, на прыцягненне яго ў якасці падазронага або абвінавачванага па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асобаў або па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне і іншае пазбаўленне асабістай волі

Пытанне аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, на прыцягненне яго ў якасці падазронага або абвінавачванага па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асобаў, або па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне і іншае пазбаўленне асабістай волі вырашаецца Палатай прадстаўнікоў па прадстаўленні Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь або асобы, якая выконвае яго абавязкі.

У выпадку, калі прадстаўленне Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь або асобы, якая выконвае яго абавязкі, паступае ў Палату прадстаўнікоў у перыяд паміж сесіямі Палаты прадстаўнікоў, для яго разгляду можа склікацца чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Па пытанні, указаным у частцы першай гэтага артыкула, большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў прымаецца матываванае рашэнне, аб якім паведамляецца Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь або асобе, якая выконвае яго абавязкі.

Артыкул 30. Права Палаты прадстаўнікоў адмяняць распараджэнне Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў па прапанове Савета Палаты прадстаўнікоў, пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, дэпутацкай групы, дэпутата Палаты прадстаўнікоў маюць права большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў адмяніць распараджэнне Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Глава 5
Пытанні выключнай кампетэнцыі Савета Рэспублікі

Артыкул 31. Разгляд Саветам Рэспублікі пытанняў аб дачы згоды на назначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь службовых асобаў

Кандыдатуры на ўказаныя пасады на пасяджэнні Савета Рэспублікі прадстаўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаная ім службовая асоба.

Рашэнне аб дачы згоды на назначэнне службовых асобаў, указаных у частцы першай гэтага артыкула, прымаецца адкрытым або тайным галасаваннем і лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Калі рашэнне аб дачы згоды на назначэнне службовых асобаў не прынята, лічыцца, што Савет Рэспублікі адмовіў у дачы згоды на назначэнне службовых асобаў. Такое рашэнне афармляецца пастановай Савета Рэспублікі і накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Савета Рэспублікі ў дачы згоды на назначэнне службовых асобаў, указаных у частцы першай гэтага артыкула, Савет Рэспублікі можа звярнуцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з прапановай аб правядзенні кансультацый у мэтах пераадолення рознагалоссяў, якія ўзніклі.

Артыкул 32. Выбранне Саветам Рэспублікі суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

Савет Рэспублікі тайным галасаваннем выбірае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Кандыдатуры для выбрання на пасады суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прапаноўваюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Кандыдатуры для выбрання на пасады членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў рэкамендуюцца Савету Рэспублікі сумеснымі прадстаўленнямі прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і адпаведных абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Выбранымі на пасады суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў лічацца асобы, якія атрымалі ў выніку тайнага галасавання большасць галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі.

Артыкул 33. Адмена Саветам Рэспублікі рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў

Савет Рэспублікі адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Падставай для адмены рашэння мясцовага Савета дэпутатаў можа з'яўляцца неадпаведнасць заканадаўству Рэспублікі Беларусь рашэння ў цэлым або асобных яго палажэнняў.

Пытанне аб адмене рашэння мясцовага Савета дэпутатаў разглядаецца Саветам Рэспублікі па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума Савета Рэспублікі, а таксама па прапанове не менш чым 10 працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Парадак разгляду пытання аб адмене рашэння мясцовага Савета дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Па выніках разгляду пытання аб адмене рашэння мясцовага Савета дэпутатаў Савет Рэспублікі можа прыняць адно з наступных рашэнняў:

адмяніць рашэнне мясцовага Савета дэпутатаў;

адхіліць прапанову аб адмене рашэння мясцовага Савета дэпутатаў;

прапанаваць мясцоваму Савету дэпутатаў прывесці сваё рашэнне ў адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у тэрмін, устаноўлены Саветам Рэспублікі.

Пастанова па пытанні аб адмене рашэння мясцовага Савета дэпутатаў, якое не адпавядае заканадаўству Рэспублікі Беларусь, прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння адпаведнай пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

Артыкул 34. Прыняцце Саветам Рэспублікі рашэння аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў

Савет Рэспублікі прымае рашэнне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага (больш за два разы) або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.

Пытанне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў разглядаецца Саветам Рэспублікі па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума Савета Рэспублікі, а таксама па прапанове не менш за 10 працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Парадак разгляду пытання аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Пастанова па пытанні аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння адпаведнай пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

Артыкул 35. Разгляд Саветам Рэспублікі ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі

Савет Рэспублікі разглядае ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прымае адпаведнае рашэнне. Пасля абнародавання адпаведных указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь члены Савета Рэспублікі абавязаны прыбыць да месца правядзення пасяджэння Савета Рэспублікі ў магчыма кароткія тэрміны без спецыяльнага выкліку.

Рашэнні аб зацвярджэнні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі.

Артыкул 36. Узаемадзеянне Савета Рэспублікі з органамі мясцовага самакіравання

Для ўзаемадзеяння з органамі мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі можа стварацца Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Палажэнне аб Савеце па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання зацвярджаецца Саветам Рэспублікі.

Артыкул 37. Ажыццяўленне Саветам Рэспублікі права заканадаўчай ініцыятывы

Права заканадаўчай ініцыятывы рэалізуецца Саветам Рэспублікі ў форме ўнясення ў Палату прадстаўнікоў праектаў законаў, за выключэннем праектаў законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб унясенні праекта закона ў Палату прадстаўнікоў і назначэнні прадстаўніка Савета Рэспублікі пры разглядзе яго ў Палаце прадстаўнікоў лічыцца прынятым пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі.

Артыкул 38. Разгляд Саветам Рэспублікі пытання аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да члена Савета Рэспублікі, на прыцягненне яго ў якасці падазронага або абвінавачанага па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асобаў або па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне і іншае пазбаўленне асабістай волі

Пытанне аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да члена Савета Рэспублікі, на прыцягненне яго ў якасці падазронага або абвінавачванага па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асобаў або па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне і іншае пазбаўленне асабістай волі вырашаецца Саветам Рэспублікі па прадстаўленні Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь або асобы, якая выконвае яго абавязкі.

У выпадку, калі прадстаўленне Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь або асобы, якая выконвае яго абавязкі, паступае ў Савет Рэспублікі ў перыяд паміж сесіямі, для яго разгляду можа склікацца пазачарговая сесія ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Па пытанні, указаным у частцы першай гэтага артыкула, большасцю галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі прымаецца матываванае рашэнне, аб якім паведамляецца Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь або асобе, якая выконвае яго абавязкі.

Артыкул 39. Права Савета Рэспублікі адмяняць распараджэнні Старшыні Савета Рэспублікі

Савет Рэспублікі па прапанове Прэзідыума Савета Рэспублікі, пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, члена Савета Рэспублікі мае права большасцю галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі адмяніць распараджэнне Старшыні Савета Рэспублікі.

Глава 6
Парадак унясення, разгляду праектаў законаў і прыняцця законаў і пастаноў палатамі Нацыянальнага сходу
 
Артыкул 40. Парадак унясення ў Палату прадстаўнікоў і разгляду палатамі Нацыянальнага сходу праектаў законаў
 
Парадак унясення ў Палату прадстаўнікоў і разгляду палатамі Нацыянальнага сходу праектаў законаў устанаўліваецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 41. Суб'екты права заканадаўчай ініцыятывы

Права заканадаўчай ініцыятывы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай трэцяй гэтага артыкула, належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасць не менш за 50 тысяч чалавек.

Iншыя зацікаўленыя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і грамадзяне Рэспублікі Беларусь уносяць свае прапановы аб заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносінаў суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы, указаным у частцы першай гэтага артыкула, у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Права заканадаўчай ініцыятывы па ўнясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь або не менш чым 150 тысячам грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Права заканадаўчай ініцыятывы можа быць рэалізавана некалькімі суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы сумесна.

Артыкул 42. Парадак рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы

Права заканадаўчай ініцыятывы рэалізуецца суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы праз унясенні ў Палату прадстаўнікоў праектаў законаў.

Артыкул 43. Паслядоўнасць разгляду праектаў законаў палатамі Нацыянальнага сходу

Любы праект закона, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, спачатку разглядаецца Палатай прадстаўнікоў, а затым Саветам Рэспублікі.

Артыкул 44. Абавязковасць разгляду праектаў законаў Палатай прадстаўнікоў

Праект закона, унесены суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, падлягае абавязковаму разгляду Палатай прадстаўнікоў.

Артыкул 45. Гарантыі рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, або ўпаўнаважаны ім прадстаўнік мае права браць удзел у рабоце над праектам закона ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі.

У выпадку ўнясення ў праект закона ў Палаце прадстаўнікоў змяненняў і (або) дапаўненняў, за выключэннем змяненняў і (або) дапаўненняў, якія носяць тэхнічны характар, гэты праект закона павінен узгадняцца з суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс яго.

Атрыманне згоды суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, на ўнясенне ў яго змяненняў і (або) дапаўненняў у працэсе дапрацоўкі ў Палаце прадстаўнікоў патрабуецца ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

У парадку, устаноўленым Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, або яго ўпаўнаважаны прадстаўнік прысутнічаюць на пасяджэннях Савета Рэспублікі, пастаянных камісій Савета Рэспублікі пры разглядзе гэтага законапраекта, удзельнічаюць у яго абмеркаванні, даюць тлумачэнні па асобных яго палажэннях.

Артыкул 46. Адкліканне праекта закона

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы мае права адклікаць унесены ім праект закона да яго прыняцця Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні.

Артыкул 47. Праекты законаў, якія падлягаюць унясенню ў Палату прадстаўнікоў са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні — Урада Рэспублікі Беларусь

Праекты законаў, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні — Урада Рэспублікі Беларусь.

Праекты законаў, якія па змесце разыходзяцца з часовымі дэкрэтамі або ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да адмены або прызнання страціўшымі сілу часовых дэкрэтаў або ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо іх адпаведных нормаў могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або з яго згоды.

Артыкул 48. Праекты законаў, якія падлягаюць тэрміноваму разгляду

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні Урад Рэспублікі Беларусь маюць права ўносіць у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі прапановы аб аб'яўленні разгляду праекта закона тэрміновым. У гэтым выпадку праект закона падлягае разгляду кожнай з палат Нацыянальнага сходу на працягу дзесяці дзён з дня ўнясення праекта закона на іх разгляд.

Калі праект закона, які падлягае тэрміноваму разгляду, унесены ў Палату прадстаўнікоў, перададзены ў Савет Рэспублікі ў перыяд паміж сесіямі, дзесяцідзённы тэрмін для яго разгляду вылічваецца з дня адкрыцця чарговай (пазачарговай) сесіі адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Артыкул 49. Праекты законаў, якія падлягаюць першачарговаму разгляду

Першачарговаму разгляду палатамі Нацыянальнага сходу падлягаюць праекты законаў:

аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб увядзенні ў дзеянне законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

непасрэдна накіраваныя на рэалізацыю палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год;

падрыхтаваныя на падставе нарматыўных прававых актаў Саюзнай дзяржавы.

Артыкул 50. Парадак унясення праектаў законаў у Палату прадстаўнікоў

Праект закона ўносіцца суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў на беларускай і (або) рускай мовах з прыкладаннем:

суправаджальнага пісьма і абгрунтавання неабходнасці прыняцця праекта закона, уключаючы фінансава-эканамічнае абгрунтаванне;

дакумента, які змяшчае інфармацыю аб узгадненні (візіраванні) праекта закона. Пры гэтым праект закона, унесены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, лічыцца ўзгодненым з усімі дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, а праект закона, унесены Урадам Рэспублікі Беларусь, — з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь;

спісу асобаў, якія падрыхтавалі праект закона;

дакумента, які пацвярджае згоду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або яго адпаведнае даручэнне Ураду Рэспублікі Беларусь і згоду Урада Рэспублікі Беларусь на ўнясенне праекта закона, калі вынікам прыняцця адпаведнага праекта закона можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў;

дакумента, які пацвярджае адпаведнае даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ураду Рэспублікі Беларусь аб унясенні прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб аб'яўленні разгляду праекта закона тэрміновым;

дакумента, які пацвярджае згоду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі Урад Рэспублікі Беларусь запатрабаваў, каб Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі прынялі рашэнне, галасуючы ў цэлым за ўнесеныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Урадам Рэспублікі Беларусь праект закона альбо яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны або прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Урадам Рэспублікі Беларусь;

дакумента, які пацвярджае згоду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ўнясенне праекта закона, калі праект закона па змесце разыходзіцца з часовымі дэкрэтамі або ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўносіцца не Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

дакумента, які пацвярджае адпаведнае даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ураду Рэспублікі Беларусь унесці праект закона, які падрыхтаваны ў сувязі з заключэннем, прыпыненнем дзеяння або спыненнем міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь;

інфармацыі аб назначэнні дакладчыка па праекце закона ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі;

дакумента, які пацвярджае, што Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь накіраваны копіі праекта закона і суправаджальных дакументаў да яго;

заключэнняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнай установы "Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь", а таксама іншых экспертных заключэнняў, калі яны даваліся;

інфармацыі аб накіраванні ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь праекта закона і прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь суправаджальных дакументаў да яго для ўключэння ў камп'ютарны банк даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь.

Да праекта закона, які ўносіцца ў Палату прадстаўнікоў, дадаюцца экспертныя заключэнні па рэдакцыі праекта закона, у якой ён уносіцца ў Палату прадстаўнікоў. Пры гэтым, калі ў праект закона ўносіліся змяненні і (або) дапаўненні, якія носяць тэхнічны характар, яго паўторнае накіраванне для падрыхтоўкі экспертных заключэнняў не ажыццяўляецца.

Да праекта закона аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у закон, як правіла, дадаецца табліца з указаннем рэдакцыі артыкула або іншага структурнага элемента гэтага закона і рэдакцыі артыкула або іншага структурнага элемента закона з улікам змяненняў і (або) дапаўненняў, якія прапануюцца праектам закона.

Суправаджальныя дакументы пры ўнясенні праекта закона ў Палату прадстаўнікоў прадстаўляюцца суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы або яго ўпаўнаважаным прадстаўніком.

Праект закона, які ўнесены ў Палату прадстаўнікоў з парушэннем патрабаванняў, якія ўстаноўлены часткамі першай і другой гэтага артыкула, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны часткай шостай гэтага артыкула, можа быць вернуты суб'екту права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, з прапановай выканаць патрабаванні частак першай і другой гэтага артыкула.

Праект закона, унесены ў Палату прадстаўнікоў з парушэннем патрабаванняў, якія ўстаноўлены часткамі першай і другой гэтага артыкула, можа быць разгледжаны па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Палаты прадстаўнікоў.

Праекты законаў уносяцца ў Палату прадстаўнікоў на папяровых носьбітах і адначасова ў выглядзе тэкставых файлаў на электронных (магнітных) носьбітах.

Праекты законаў падлягаюць абавязковай рэгістрацыі і захаванню ў Сакратарыяце Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 51. Парадак разгляду праектаў законаў Палатай прадстаўнікоў

Разгляд праектаў законаў, унесеных у Палату прадстаўнікоў, ажыццяўляецца ў двух чытаннях, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Праекты законаў, якія канчаткова падрыхтаваны да разгляду Палатай прадстаўнікоў у першым і ў другім чытанні, накіроўваюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Палата прадстаўнікоў накіроўвае праект закона Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для інфармацыі не пазней чым за дзесяць дзён да прыняцця гэтага праекта закона ў цэлым.

Артыкул 52. Падрыхтоўка праекта закона да разгляду Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні

Старшыня Палаты прадстаўнікоў або яго намеснік назначаюць з ліку пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў галаўную камісію для папярэдняга разгляду праекта закона і падрыхтоўкі яго да разгляду Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.

Па прапанове Старшыні Палаты прадстаўнікоў або яго намесніка Савет Палаты прадстаўнікоў можа прыняць рашэнне аб стварэнні з ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў спецыяльнай (галаўной) камісіі для работы над праектам закона.

Парадак работы над праектам закона вызначаецца галаўной камісіяй у адпаведнасці з гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Змяненні і (або) дапаўненні ў праект закона ўносяцца галаўной камісіяй толькі ў выпадку атрымання на гэта згоды суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, або яго ўпаўнаважанага прадстаўніка, за выключэннем змяненняў і (або) дапаўненняў, якія носяць тэхнічны характар.

Праект закона з унесенымі ў яго ў Палаце прадстаўнікоў змяненнямі і (або) дапаўненнямі павінен быць накіраваны галаўной камісіяй на заключэнне ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі вынікам унясення паправак можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, такія папраўкі ўключаюцца ў праект закона са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні — Урада Рэспублікі Беларусь, а ў выпадку, калі вынікам унясення паправак стане разыходжанне праекта закона з часовымі дэкрэтамі або ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, такія папраўкі ўключаюцца ў праект закона толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 53. Разгляд праекта закона Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні

Праект закона ў першым чытанні разглядаецца Палатай прадстаўнікоў, як правіла, у аўтарскай рэдакцыі, калі галаўной камісіяй не прынята іншае рашэнне. Пры разглядзе праекта закона ў першым чытанні абмяркоўваюцца канцэпцыя, структура праекта закона і мэтазгоднасць яго прыняцця.

Калі да разгляду праекта закона ў першым чытанні ў Палату прадстаўнікоў іншымі суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ўнесены іншыя законапраекты, накіраваныя на рэгуляванне тых жа грамадскіх адносінаў (далей — альтэрнатыўныя праекты закона), то ўсе праекты закона разглядаюцца ў першым чытанні адначасова.

Па выніках абмеркавання Палата прадстаўнікоў прымае праект закона ў першым чытанні або адхіляе яго.

Галасаванне аб прыняцці праекта закона ў першым чытанні ажыццяўляецца па праекце закона ў цэлым.

Праект закона лічыцца прынятым у першым чытанні або адхіленым, калі за рашэнне прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

У выпадку прыняцця ў першым чытанні аднаго з альтэрнатыўных праектаў закона іншыя праекты закона лічацца адхіленымі.

Калі праект закона не мае патрэбы ў дапрацоўцы і ў ходзе першага чытання па ім не паступілі заўвагі і (або) прапановы альбо ўнесеныя змяненні і (або) дапаўненні носяць тэхнічны характар, то такі праект закона па рашэнні Палаты прадстаўнікоў можа быць разгледжаны ў другім чытанні без дапрацоўкі ў галаўной камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, афіцыйна інфармуецца аб выніках разгляду праекта закона ў першым чытанні.

Артыкул 54. Падрыхтоўка праекта закона да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні

Праект закона, прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, накіроўваецца на дапрацоўку ў галаўную камісію, вызначаную Палатай прадстаўнікоў, калі не прынята іншае рашэнне, якое прадугледжана гэтым Законам.

Заўвагі і (або) прапановы суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы, аформленыя як пісьмовыя папраўкі да праекта закона, накіроўваюцца ў галаўную камісію. Галаўная камісія разглядае ўнесеныя папраўкі і рыхтуе праект закона да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні.

У выпадку, калі галаўной камісіяй або суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы прадстаўлены пярэчанні па канцэпцыі праекта закона, прынятага ў першым чытанні, гэтыя пярэчанні разглядаюцца разам з паступіўшымі папраўкамі.

Праект закона з унесенымі ў яго ў Палаце прадстаўнікоў змяненнямі і (або) дапаўненнямі павінен быць накіраваны галаўной камісіяй на заключэнне ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і ўзгадненне з суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, калі гэтым суб'ектам не ўстаноўлена іншае.

У выпадку, калі вынікам унясення паправак можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, такія папраўкі ўключаюцца ў праект закона толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні — Урада Рэспублікі Беларусь, а ў выпадку, калі вынікам унясення паправак стане разыходжанне праекта закона з часовымі дэкрэтамі або ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, такія папраўкі ўключаюцца ў праект закона толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Унясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у праект закона, за выключэннем змяненняў і (або) дапаўненняў, якія носяць тэхнічны характар, без накіравання на заключэнне і правядзення ўзгаднення не дапускаецца.

Праект закона лічыцца прайшоўшым узгадненне ў выпадку:

атрымання пісьмовага адказу суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, або яго ўпаўнаважанага прадстаўніка незалежна ад яго згоды з унесенымі змяненнямі і (або) дапаўненнямі;

заканчэння чатырнаццацідзённага тэрміну з дня атрымання суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы праекта закона са змяненнямі і (або) дапаўненнямі, унесенымі ў Палаце прадстаўнікоў, калі іншы тэрмін не абумоўлены правядзеннем крыміналагічнай экспертызы па гэтым праекце закона або аб'яўленнем разгляду праекта закона тэрміновым. Пры неабходнасці атрымання дадатковай інфармацыі, а таксама па асабліва складаных праектах законаў Палатай прадстаўнікоў альбо па ўзгадненні з ёй можа быць устаноўлены больш доўгі тэрмін правядзення ўзгаднення.

Артыкул 55. Разгляд праекта закона Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні

Пры разглядзе праекта закона ў другім чытанні абмяркоўваюцца структурныя элементы праекта закона і папраўкі да яго.

Галасаванне па праекце закона можа праводзіцца па артыкулах, главах, раздзелах або па іншых структурных элементах праекта закона. Калі па праекце закона не маецца заўваг і (або) прапаноў, змяненні і (або) дапаўненні ў праект закона не ўносіліся альбо ўнесеныя змяненні і (або) дапаўненні носяць тэхнічны характар, Палата прадстаўнікоў можа прыняць рашэнне аб галасаванні па праекце закона ў цэлым.

На галасаванне ставяцца толькі тыя папраўкі суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы, якія прадстаўлены ў пісьмовай форме, разгледжаны і адхілены галаўной камісіяй у парадку, які прадугледжаны Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс папраўку да праекта закона, можа ў любы момант да галасавання па гэтай папраўцы адклікаць яе.

Калі пры дапрацоўцы праекта закона да разгляду ў другім чытанні або ў ходзе разгляду яго ў другім чытанні змяняецца канцэпцыя праекта закона, Палата прадстаўнікоў прымае рашэнне аб адмене раней прынятай па гэтым праекце закона пастановы і аб паўторным разглядзе яго ў першым чытанні.

Па патрабаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо з яго згоды — Урада Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў на сваім пасяджэнні прымае рашэнне, галасуючы ў цэлым за ўнесеныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Урадам Рэспублікі Беларусь праект закона альбо яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны або прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Урадам Рэспублікі Беларусь.

Пасля правядзення галасавання па структурных элементах праекта закона, а таксама па ўсіх унесеных папраўках праводзіцца галасаванне па праекце закона ў цэлым.

Па выніках разгляду праекта закона ў другім чытанні Палата прадстаўнікоў прымае адно з наступных рашэнняў:

аб прыняцці праекта закона;

аб адхіленні праекта закона;

аб адмене пастановы аб прыняцці праекта закона ў першым чытанні і аб паўторным разглядзе яго ў першым чытанні.

Рашэнне па праекце закона, які разглядаецца ў другім чытанні, лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, афіцыйна інфармуецца аб выніках разгляду праекта закона ў другім чытанні.

Артыкул 56. Дапрацоўка праекта закона ў галаўной камісіі

Калі пры разглядзе праекта закона ў першым або ў другім чытанні ні адно з магчымых рашэнняў не прынята, праект закона накіроўваецца на дапрацоўку (разгляд) у галаўную камісію, пасля чаго зноў разглядаецца Палатай прадстаўнікоў у парадку, устаноўленым гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Артыкул 57. Парадак прадстаўлення прынятых Палатай прадстаўнікоў праектаў законаў у Савет Рэспублікі

Прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў на працягу пяці дзён перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі.

Прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў і прынятыя па іх пастановы перадаюцца ў Савет Рэспублікі на беларускай і (або) рускай мовах на папяровых носьбітах і адначасова ў выглядзе тэкставых файлаў на электронных (магнітных) носьбітах.

Да прынятых Палатай прадстаўнікоў праектаў законаў, якія перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі, дадаюцца дакументы, указаныя ў частцы першай артыкула 50 гэтага Закона, а таксама:

копія суправаджальнага пісьма аб накіраванні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праекта закона, канчаткова падрыхтаванага для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні;

дакумент аб згодзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або яго адпаведным даручэнні Ураду Рэспублікі Беларусь на ўнясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у праект закона, калі вынікам унясення паправак можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў;

інфармацыя аб выніках узгаднення змяненняў і (або) дапаўненняў з суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона;

заключэнне Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь па змяненнях і (або) дапаўненнях, унесеных у праект закона ў Палаце прадстаўнікоў;

першапачатковы тэкст праекта закона, які ўнесены ў Палату прадстаўнікоў суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы;

заключэнне галаўной камісіі Палаты прадстаўнікоў па праекце закона;

падагульняючае заключэнне структурнага падраздзялення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, які ажыццяўляў экспертна-прававую дзейнасць па гэтым праекце закона, а таксама іншыя экспертныя заключэнні, калі яны даваліся;

табліца паправак, прыкладзеная да праекта закона для яго разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні;

іншыя дакументы, якія ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь павінны быць прыкладзены да праекта закона.

Артыкул 58. Тэрміны разгляду праекта закона Саветам Рэспублікі

Прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў могуць разглядацца ў Савеце Рэспублікі не больш як дваццаць дзён, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

У выпадку паступлення праекта закона ў Савет Рэспублікі менш чым за дваццаць дзён да заканчэння сесіі цячэнне тэрміну для разгляду праекта закона, як правіла, працягваецца з дня адкрыцця наступнай чарговай сесіі Савета Рэспублікі, за выключэннем праектаў законаў, аб'яўленых тэрміновымі, якія разглядаюцца на бягучай сесіі.

Калі на працягу дваццаці дзён, а пры аб'яўленні праекта закона тэрміновым — дзесяці дзён з дня ўнясення праект закона не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі, ён лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі.

Калі праект закона ўнесены ў Савет Рэспублікі ў перыяд паміж сесіямі, устаноўленыя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам тэрміны яго разгляду вылічваюцца з дня адкрыцця чарговай (пазачарговай) сесіі Савета Рэспублікі.

Артыкул 59. Разгляд праекта закона Саветам Рэспублікі

Праект закона, які паступіў з Палаты прадстаўнікоў, рэгіструецца ў Сакратарыяце Савета Рэспублікі і накіроўваецца Старшынёй Савета Рэспублікі або яго намеснікам у адпаведную пастаянную камісію Савета Рэспублікі для падрыхтоўкі яго да разгляду Саветам Рэспублікі.

Праект закона, які перададзены на разгляд Савета Рэспублікі без дакументаў, указаных у частцы трэцяй артыкула 57 гэтага Закона, можа быць разгледжаны па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Прэзідыума Савета Рэспублікі.

Разгляд Саветам Рэспублікі прынятага Палатай прадстаўнікоў праекта закона, а таксама прыняцце па ім рашэння ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Артыкул 60. Парадак прыняцця Саветам Рэспублікі рашэння аб адабрэн-ні або адхіленні праекта закона

Праект закона, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі.

Праект закона лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі, калі за такое рашэнне прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам.

Калі рашэнне аб адабрэнні не прынята, праект закона лічыцца адхіленым.

У выпадку адхілення праекта закона Саветам Рэспублікі гэты праект закона вяртаецца ў Палату прадстаўнікоў з пастановай Савета Рэспублікі, у якой указваюцца прычыны адхілення праекта закона.

Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Калі праект закона не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Законам тэрміны, ён лічыцца адобраным і прадстаўляецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Артыкул 61. Парадак разгляду праектаў законаў, адхіленых Саветам Рэспублікі

У выпадку адхілення праекта закона Саветам Рэспублікі палаты Нацыянальнага сходу для пераадолення ўзнікшых рознагалоссяў могуць стварыць пагаджальную камісію, якая фарміруецца на парытэтнай аснове. Рашэнне аб стварэнні пагаджальнай камісіі прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Калі пагаджальная камісія не стваралася, падрыхтоўка праекта закона да разгляду Палатай прадстаўнікоў ажыццяўляецца адпаведнай пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў. У гэтым выпадку праект закона разглядаецца Палатай прадстаўнікоў са стадыі другога чытання.

Артыкул 62. Парадак стварэння і работы пагаджальнай камісіі

У склад пагаджальнай камісіі ад кожнай з палат Нацыянальнага сходу выбіраюцца сустаршыні і члены пагаджальнай камісіі.

Колькасны склад пагаджальнай камісіі, парадак выбрання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ў склад пагаджальнай камісіі вызначаюцца палатамі Нацыянальнага сходу.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, якія не ўваходзяць у склад пагаджальнай камісіі, маюць права ўдзельнічаць у пасяджэннях пагаджальнай камісіі з правам дарадчага голасу.

Пагаджальная камісія мае права прыцягваць да сваёй работы работнікаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу, запрашаць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, вучоных, экспертаў і спецыялістаў.

Артыкул 63. Парадак прыняцця рашэння пагаджальнай камісіяй

Пагаджальная камісія разглядае кожнае пярэчанне Савета Рэспублікі асобна і выпрацоўвае ўзгоднены тэкст праекта закона.

Пагаджальная камісія мае права прыняць рашэнне аб змяненні рэдакцыі асобных структурных элементаў праекта закона, у дачыненні да якіх не мелася пярэчанняў Савета Рэспублікі, калі такое змяненне абумоўлена новай рэдакцыяй структурных элементаў праекта закона, якая выпрацавана пагаджальнай камісіяй.

Рашэнне пагаджальнай камісіі прымаецца адкрытым раздзельным галасаваннем яе членаў ад Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі і лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць яе членаў адпаведна ад Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. На пасяджэнні пагаджальнай камісіі вядзецца пратакол, які падпісваецца сустаршынямі пагаджальнай камісіі.

Артыкул 64. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу праекта закона, які выпрацаваны пагаджальнай камісіяй

Тэкст праекта закона, які выпрацаваны пагаджальнай камісіяй і завізаваны сустаршынямі пагаджальнай камісіі, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. Да тэксту праекта закона прыкладаецца пратакол пасяджэння пагаджальнай камісіі.

Пры паўторным разглядзе праекта закона Палатай прадстаўнікоў на галасаванне ставіцца праект закона ў цэлым у рэдакцыі, якая выпрацавана пагаджальнай камісіяй.

Калі праект закона, які выпрацаваны пагаджальнай камісіяй, не прыняты Палатай прадстаўнікоў, прымаецца адно з наступных рашэнняў:

аб прапанове пагаджальнай камісіі прадоўжыць работу з улікам заўваг, выказаных пры абмеркаванні праекта закона Палатай прадстаўнікоў;

аб адхіленні праекта закона.

Калі ні адно з указаных у частцы трэцяй гэтага артыкула рашэнняў Палатай прадстаўнікоў не прынята, праект закона накіроўваецца ў адпаведную пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў на дапрацоўку, пасля чаго зноў разглядаецца Палатай прадстаўнікоў са стадыі другога чытання.

Прыняты Палатай прадстаўнікоў праект закона на працягу пяці дзён накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, дзе разглядаецца ў адпаведнасці з гэтым Законам і Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. У выпадку адхілення праекта закона Савет Рэспублікі можа прапанаваць пагаджальнай камісіі прадоўжыць работу з улікам заўваг, выказаных пры абмеркаванні праекта закона Саветам Рэспублікі.

Артыкул 65. Наступствы непрыняцця пагаджальнай камісіяй узгодненага тэксту праекта закона

Калі пагаджальнай камісіяй не прыняты ўзгоднены тэкст праекта закона, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні Урад Рэспублікі Беларусь могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнікоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэція ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. У гэтым выпадку прыняты закон у дзесяцідзённы тэрмін накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь альбо па яго даручэнні Урад Рэспублікі Беларусь не запатрабавалі ад Палаты прадстаўнікоў прыняцця канчатковага рашэння, праект закона накіроўваецца на дапрацоўку ў адпаведную пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў, пасля чаго разглядаецца Палатай прадстаўнікоў са стадыі другога чытання.

Артыкул 66. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу закона, які вернуты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з пярэчаннямі

Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у тэрмін не пазней як трыццаць дзён у перыяд правядзення сесіі Палаты прадстаўнікоў. Калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вяртае тэкст закона са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў у перыяд паміж сесіямі, трыццацідзённы тэрмін для разгляду закона з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вылічваецца з дня адкрыцця чарговай (пазачарговай) сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Па выніках разгляду закона з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў прымае адно з наступных рашэнняў:

аб згодзе з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб пераадоленні пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па законе і прыняцці яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыі.

У выпадку згоды з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Палата прадстаўнікоў даручае адпаведнай пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў альбо прапануе суб'екту права заканадаўчай ініцыятывы, які ўнёс праект закона, дапрацаваць праект закона з улікам пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры дапрацоўцы праекта закона ў яго ўносяцца толькі тыя змяненні і (або) дапаўненні, якія ўзгадняюцца з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дапрацаваны праект закона ўзгадняецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і разглядаецца Палатай прадстаўнікоў у адпаведнасці з гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працэдуры другога чытання.

Прыняты Палатай прадстаўнікоў праект закона разглядаецца Саветам Рэспублікі ў парадку, прадугледжаным гэтым Законам і Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

У выпадку прыняцця Палатай прадстаўнікоў рашэння аб пераадоленні пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па законе і прыняцці яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыі ўнясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у закон не дапускаецца і галасаванне праводзіцца па законе ў цэлым. Рашэнне аб пераадоленні пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па законе і прыняцці яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыі прымаецца большасцю не менш як дзвюх трэціх галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Паўторна прыняты Палатай прадстаўнікоў закон разам з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пяцідзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней чым за дваццаць дзён.

Закон лічыцца прынятым, калі ён адобраны большасцю не менш як дзвюх трэціх галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі.

Калі пры паўторным разглядзе закона за яго адабрэнне прагаласавала менш як дзве трэція ад поўнага складу Савета Рэспублікі, ён лічыцца адхіленым Саветам Рэспублікі. Дадзенае рашэнне афармляецца пастановай Савета Рэспублікі.

Закон, які паўторна адобраны Саветам Рэспублікі, разам з пастановай Савета Рэспублікі аб адабрэнні закона ў пяцідзённы тэрмін накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Калі пярэчанні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не былі пераадолены і Палатай прадстаўнікоў не прынята рашэнне аб згодзе з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, закон накіроўваецца ў адпаведную пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў для падрыхтоўкі да паўторнага разгляду ў парадку, прадугледжаным гэтым артыкулам.

Артыкул 67. Разгляд палатамі Нацыянальнага сходу пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на асобныя палажэнні закона

Пярэчанні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на асобныя палажэнні закона, якія вернуты для паўторнага галасавання, разглядаюцца палатамі Нацыянальнага сходу ў парадку, прадугледжаным артыкулам 66 гэтага Закона, з улікам асаблівасцяў, якія ўстаноўлены гэтым артыкулам і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу. Пры гэтым да прыняцця адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі закон падпісваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і ўступае ў сілу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якіх маюцца пярэчанні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У выпадку згоды Палаты прадстаўнікоў з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на асобныя палажэнні закона, якія вернуты для паўторнага галасавання, гэтыя палажэнні ў выпадку неабходнасці накіроўваюцца на дапрацоўку ў адпаведную пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў можа прыняць рашэнне аб пераадоленні пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на асобныя палажэнні закона, якія вернуты для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку ўнясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у закон не дапускаецца. Галасаванне праводзіцца па адпаведных палажэннях закона ў цэлым.

Палата прадстаўнікоў мае права пагадзіцца з пярэчаннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь толькі па некаторых з палажэнняў закона, якія вернуты для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку ў першую чаргу разглядаецца пытанне аб пераадоленні пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па тых палажэннях закона, з пярэчаннямі на якія Палата прадстаўнікоў не пагадзілася. Затым Палата прадстаўнікоў прымае рашэнне аб накіраванні на дапрацоўку тых палажэнняў закона, з пярэчаннямі на якія Палата прадстаўнікоў пагадзілася, а таксама тых палажэнняў закона, пярэчанні на якія не былі пераадолены.

Асобныя палажэнні закона, якія вернуты для паўторнага галасавання, пасля пераадолення пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо пасля іх дапрацоўкі з улікам пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў тэкст раней прынятага закона шляхам прыняцця закона аб унясенні ў яго змяненняў і (або) дапаўненняў. Калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вяртае асобныя палажэнні закона і прапануе выключыць іх з тэксту закона, пры згодзе Палаты прадстаўнікоў з гэтым палажэннем прымаецца рашэнне ў форме пастановы Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 68. Асаблівасці разгляду праектаў законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь

Закон аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, за выключэннем раздзелаў I, II, IV, VIII, можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Нацыянальным сходам з прамежкам не менш за тры месяцы.

Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь могуць быць зменены толькі шляхам рэспубліканскага рэферэндуму.

Змяненні і (або) дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Нацыянальным сходам не ажыццяўляюцца ў перыяд надзвычайнага становішча, а таксама ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў.

Праекты законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь уносяцца ў Палату прадстаўнікоў з захаваннем патрабаванняў, прадугледжаных артыкулам 50 гэтага Закона і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 69. Разгляд праектаў законаў аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год і аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год

Праект закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год уносіцца ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у тэрміны і парадку, якія ўстаноўлены заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, праект закона аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год — не пазней чым праз пяць месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года.

Праект закона аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год разглядаецца Палатай прадстаўнікоў да разгляду праекта закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год у адным чытанні, калі Палатай прадстаўнікоў не будзе прынята іншае рашэнне.

Праект закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год і праект закона аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год разглядаюцца ў парадку, устаноўленым для іншых праектаў законаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу. Пры разглядзе праекта закона аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за папярэдні фінансавы год ва ўстаноўленым парадку заслухоўваецца заключэнне Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 70. Асаблівасці разгляду палатамі Нацыянальнага сходу праектаў законаў, падрыхтаваных у сувязі з заключэннем, прыпыненнем дзеяння або спыненнем міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь

Палаты Нацыянальнага сходу разглядаюць праекты законаў, якія падрыхтаваны ў сувязі з заключэннем, прыпыненнем дзеяння або спыненнем міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, у адным чытанні ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 71. Прыняцце Палатай прадстаўнікоў пастаноў

Палата прадстаўнікоў па прапанове дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, пастаянных камісій і Савета Палаты прадстаўнікоў прымае пастановы па наступных пытаннях распарадчага і кантрольнага характару:

аб выбранні і датэрміновым вызваленні ад пасады Старшыні Палаты прадстаўнікоў і яго намесніка;

аб выбранні і змяненні складу пастаянных камісій і іншых органаў Палаты прадстаўнікоў;

аб выбранні старшыняў і зацвярджэнні намеснікаў старшыняў пастаянных камісій, аб датэрміновым вызваленні іх ад пасады;

аб дэлегаванні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у склад аб'яднаных пастаянна дзеючых дэлегацый і рабочых груп Нацыянальнага сходу, якія прадстаўляюць Нацыянальны сход пры ажыццяўленні двухбаковых альбо шматбаковых парламенцкіх кантактаў або ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях;

аб арганізацыі работы Палаты прадстаўнікоў;

аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, на прыцягненне яго ў якасці падазронага або абвінавачванага па крымінальнай справе, якая ўзбуджана ў дачыненні да іншых асобаў альбо па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне і іншае пазбаўленне асабістай свабоды;

аб назначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб дачы згоды Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на назначэнне Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;

аб адабрэнні або адхіленні праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь;

аб даверы Ураду Рэспублікі Беларусь;

аб адстаўцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб датэрміновым вызваленні ад пасады або зняцці з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў;

аб парадку дня сесіі Палаты прадстаўнікоў;

аб разглядзе праектаў законаў у першым або ў другім чытанні;

аб стварэнні пагаджальнай камісіі ў выпадку адхілення праекта закона Саветам Рэспублікі;

аб паўторным разглядзе праекта закона, адхіленага Саветам Рэспублікі;

аб разглядзе закона, які вернуты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з пярэчаннямі, або пярэчанняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на асобныя палажэнні закона, якія вернуты для паўторнага галасавання;

аб разглядзе часовых дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

аб адмене распараджэнняў Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў прымае пастановы і па іншых пытаннях распарадчага і кантрольнага характару, якія прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Парадак разгляду і прыняцця пастаноў Палатай прадстаўнікоў вызначаецца гэтым Законам і Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Пастанова Палаты прадстаўнікоў лічыцца прынятай пры ўмове, што за яе прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Пастановы Палаты прадстаўнікоў уступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі іншае не прадугледжана ў гэтых пастановах.

Артыкул 72. Прыняцце Саветам Рэспублікі пастаноў

Рашэнні Савета Рэспублікі прымаюцца ў форме пастаноў.

Парадак прыняцця пастаноў Саветам Рэспублікі вызначаецца гэтым Законам і Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Пастанова Савета Рэспублікі лічыцца прынятай пры ўмове, што за яе прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Пастановы Савета Рэспублікі ўступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі іншае не прадугледжана ў гэтых пастановах.

Артыкул 73. Прыняцце палатамі Нацыянальнага сходу зваротаў, дэкларацый і заяў

Звароты, дэкларацыі і заявы палат Нацыянальнага сходу па якім-небудзь важным грамадска-палітычным або сацыяльна-эканамічным пытанні прымаюцца пастановамі палат.

Працэдура разгляду зваротаў, дэкларацый і заяў палатамі Нацыянальнага сходу вызначаецца рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Глава 7
Арганізацыя дзейнасці палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 74. Чарговыя сесіі палат Нацыянальнага сходуПалаты Нацыянальнага сходу збіраюцца на дзве чарговыя сесіі ў год.

Першая сесія адкрываецца 2 кастрычніка; яе працягласць не можа быць больш як 80 дзён.

Другая сесія адкрываецца 2 красавіка; яе працягласць не можа быць больш як 90 дзён.

Калі 2 кастрычніка або 2 красавіка прападаюць на нерабочы дзень, то сесія адкрываецца ў першы наступны за ім рабочы дзень.

Артыкул 75. Першая пасля выбараў сесія палат Нацыянальнага сходу

Першая пасля выбараў сесія палат Нацыянальнага сходу склікаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю работу не пазней чым праз трыццаць дзён пасля выбараў.

Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня другога тура галасавання па выбарах яе новага складу. Калі другі тур галасавання па выбарах у Палату прадстаўнікоў не праводзіцца, адлік трыццацідзённага тэрміну ажыццяўляецца з дня правядзення першага тура агульных выбараў у Рэспубліцы Беларусь.

Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.

Артыкул 76. Пазачарговыя сесіі палат Нацыянальнага сходу

Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на пазачарговую сесію па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама па патрабаванні большасці не менш як дзвюх трэціх галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу па пэўным парадку дня.

Пазачарговыя сесіі склікаюцца ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Патрабаванне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі аб правядзенні пазачарговай сесіі адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь з абгрунтаваннем неабходнасці правядзення пазачарговай сесіі, указаннем парадку дня сесіі і даты яе склікання, якія прапануюцца. Калі патрабаванне аб скліканні пазачарговай сесіі ўнесена Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь з захаваннем палажэнняў гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь склікае пазачарговую сесію па пэўным парадку дня.

Палаты Нацыянальнага сходу абавязаны адкрыць пазачарговую сесію ва ўстаноўленую дату і правесці яе па парадку дня, які вызначаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 77. Парадак правядзення пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу

Пасяджэнне палаты Нацыянальнага сходу лічыцца правамоцным пры ўмове, што на ім прысутнічае не менш як дзве трэція дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу праводзяцца адкрыта, на беларускай і (або) рускай мовах. Палаты Нацыянальнага сходу, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад іх поўнага складу.

На пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу, у тым ліку закрытых, маюць права прысутнічаць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, яго прадстаўнікі, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, іншыя члены Урада Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

У час пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу, у тым ліку закрытых, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, яго прадстаўнікі, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, іншыя члены Урада Рэспублікі Беларусь могуць выступаць без чаргі тых, хто запісаўся для выступлення, столькі разоў, колькі яны гэтага патрабуюць.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь інфармуюцца аб рабоце пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу праз рэспубліканскае радыё, тэлебачанне і іншыя сродкі масавай інфармацыі.

Артыкул 78. Першыя пасля выбараў пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу

Рэгістрацыя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, якія прыбылі на першыя пасля выбараў пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу, арганізуецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Першыя пасля выбараў пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу адкрывае і да выбрання старшыняў палат Нацыянальнага сходу вядзе Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў альбо яго намеснік. У выпадку адсутнасці Старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў альбо яго намесніка або немагчымасці выканання імі сваіх абавязкаў першыя пасля выбараў пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу адкрывае і вядзе старэйшы па ўзросце адпаведна дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі.

Палата прадстаўнікоў на сваім першым пасяджэнні ўтварае Мандатную камісію і прымае рашэнне аб прызнанні паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а пры парушэннях у асобных выпадках заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах — аб прызнанні паўнамоцтваў асобных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў несапраўднымі.

На першых пасяджэннях палаты Нацыянальнага сходу прымаюць рашэнні аб выбранні старшыняў палат Нацыянальнага сходу і іх намеснікаў, аб выбранні пастаянных камісій і іх старшыняў, а таксама аб выбранні адпаведна Савета Палаты прадстаўнікоў і Прэзідыума Савета Рэспублікі.

Артыкул 79. Сумесныя пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу

Сумесныя пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу могуць праводзіцца для:

заслухоўвання штогадовых пасланняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Парламента;

правядзення парламенцкіх слуханняў;

пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь;

разгляду сумесных зваротаў, дэкларацый і заяў палат Нацыянальнага сходу;

у іншых выпадках па рашэнні палат Нацыянальнага сходу.

Рашэнні аб правядзенні сумесных пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу адпаведна Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Сумесныя пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу праводзяцца адкрыта. Калі хоць бы адна з палат Нацыянальнага сходу прыняла рашэнне аб правядзенні закрытага сумеснага пасяджэння, праводзіцца закрытае сумеснае пасяджэнне.

Сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу лічыцца правамоцным пры ўмове, што на ім прысутнічае не менш як дзве трэція дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Рашэнні па пытаннях, якія абмяркоўваюцца на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прымаюцца кожнай з палат Нацыянальнага сходу раздзельным галасаваннем у адпаведнасці з гэтым Законам і рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 80. Парламенцкія слуханні

Парламенцкія слуханні — форма дзейнасці палат Нацыянальнага сходу, якая заключаецца ў заслухоўванні паведамленняў і думак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, экспертаў і спецыялістаў па канкрэтнай праблеме або пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу.

Парламенцкія слуханні праводзяцца па рашэннях палат Нацыянальнага сходу ў парадку, устаноўленым рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

У ходзе парламенцкіх слуханняў могуць быць выпрацаваны рэкамендацыі па праблеме або пытанні, якія абмяркоўваюцца. Па рэкамендацыях, якія выпрацаваны ў ходзе парламенцкіх слуханняў, прымаюцца пастановы палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 81. Галасаванне ў палатах Нацыянальнага сходу

Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі адкрытае і ажыццяўляецца асабіста дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, членам Савета Рэспублікі шляхам падачы голасу "за" або "супраць".

Тайнае галасаванне праводзіцца толькі пры рашэнні кадравых пытанняў.

Глава 8
Старшыні палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікі

Артыкул 82. Выбранне старшыняў палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікаў

Савет Рэспублікі выбірае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублікі і яго намесніка.

Старшыні палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікі выбіраюцца на тэрмін паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу на пасяджэннях адпаведна Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі тайным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў большасцю ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 83. Паўнамоцтвы старшыняў палат Нацыянальнага сходу

Старшыня палаты Нацыянальнага сходу:

ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва палатай Нацыянальнага сходу;

вядзе пасяджэнні палаты Нацыянальнага сходу;

кіруе ўнутраным распарадкам работы палаты Нацыянальнага сходу;

узначальвае адпаведна Савет Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыум Савета Рэспублікі;

дае даручэнні пастаянным камісіям, сакратарыяту і іншым органам палаты Нацыянальнага сходу па пытаннях, якія адносяцца да іх распараджэння;

падпісвае пастановы палаты Нацыянальнага сходу і рашэнні адпаведна Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі;

уносіць пытанні для разгляду адпаведна Саветам Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыумам Савета Рэспублікі;

прадстаўляе палату Нацыянальнага сходу ва ўзаемаадносінах з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, другой палатай Нацыянальнага сходу, Урадам Рэспублікі Беларусь і іншымі дзяржаўнымі органамі, а таксама з грамадскімі аб'яднаннямі, органамі і арганізацыямі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі, каардынуе ўзаемадзеянне палаты Нацыянальнага сходу з указанымі органамі, аб'яднаннямі і арганізацыямі;

прымае ўдзел у цырымоніі прынясення Прысягі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прывядзення да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;

накіроўвае і кантралюе дзейнасць сакратарыята палаты Нацыянальнага сходу;

выдае распараджэнні па пытаннях, што аднесены да яго кампетэнцыі;

адмяняе распараджэнні намесніка Старшыні палаты Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, якія прадугледжаны гэтым Законам, Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 84. Паўнамоцтвы намеснікаў старшыняў палат Нацыянальнага сходу

Намеснікі старшыняў палат Нацыянальнага сходу ў выпадку неабходнасці замяшчаюць Старшыню адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, а таксама ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Па даручэнні Старшыні адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу намеснік Старшыні палаты вырашае пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Старшыні палаты.

Намеснікі старшыняў палат Нацыянальнага сходу выдаюць распараджэнні па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі.

Артыкул 85. Датэрміновае вызваленне ад пасады старшыняў палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікаў

Старшыні палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікі вызваляюцца ад пасады ў выпадку датэрміновага спынення іх паўнамоцтваў у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі.

Старшыні палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікі могуць быць датэрмінова вызвалены ад пасады па рашэнні адпаведных палат Нацыянальнага сходу ў выпадку невыканання або неналежнага выканання імі сваіх абавязкаў, патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама па іх уласнай ініцыятыве.

Рашэнні аб датэрміновым вызваленні ад пасады старшыняў палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікаў прымаюцца ў форме пастановы адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Глава 9
Савет Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыум Савета Рэспублікі

Артыкул 86. Статус Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі

Савет Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыум Савета Рэспублікі ствараюцца для арганізацыі законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу, арганізацыі работы пастаянных камісій і іншых органаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Артыкул 87. Склад Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі

У склад Савета Палаты прадстаўнікоў уваходзяць Старшыня Палаты прадстаўнікоў, яго намеснік, старшыні пастаянных камісій і іншыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у адпаведнасці з Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У склад Прэзідыума Савета Рэспублікі ўваходзяць Старшыня Савета Рэспублікі, яго намеснік, старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі ў адпаведнасці з Рэгламентам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Артыкул 88. Правамоцнасць пасяджэнняў Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі

Пасяджэнне Савета Палаты прадстаўнікоў правамоцнае пры ўмове, што на ім прысутнічае больш як палова ад поўнага складу Савета Палаты прадстаўнікоў.

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі правамоцнае пры ўмове, што на ім прысутнічае больш як палова ад поўнага складу Прэзідыума Савета Рэспублікі.

Артыкул 89. Паўнамоцтвы Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі

Савет Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыум Савета Рэспублікі:

арганізуюць работу па падрыхтоўцы сесій адпаведных палат Нацыянальнага сходу;

прымаюць рашэнні аб унясенні праектаў парадку дня сесій палат Нацыянальнага сходу на разгляд адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу;

прымаюць меры па забеспячэнні прысутнасці адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі на пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу і вырашаюць іншыя пытанні, звязаныя са скліканнем і правядзеннем сесій палат Нацыянальнага сходу;

заслухоўваюць паведамленні па пытаннях работы пастаянных камісій, іншых органаў палат Нацыянальнага сходу;

даюць сакратарыятам палат Нацыянальнага сходу даручэнні, звязаныя са скліканнем і правядзеннем сесій палат, законапраектнай дзейнасцю і іншымі пытаннямі, якія адносяцца да іх кампетэнцыі;

уносяць у выпадку неабходнасці прапановы аб стварэнні, рэарганізацыі або ліквідацыі пастаянных і часовых камісій палат Нацыянальнага сходу;

прымаюць меры па арганізацыйным, прававым, метадычным і інфармацыйным забеспячэнні работы пастаянных камісій, іншых органаў палат Нацыянальнага сходу;

хадайнічаюць перад Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аб узнагароджанні адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, работнікаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь;

прымаюць рашэнні аб узнагароджанні Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляюць кантроль за своечасовым разглядам запытаў, прапаноў і заў-ваг адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, якія прадугледжаны рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 90. Акты Савета Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыума Савета Рэспублікі

Акты Савета Палаты прадстаўнікоў прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага яго складу ў форме рашэнняў, якія падпісваюцца Старшынёй Палаты прадстаўнікоў, а ў яго адсутнасць — намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Акты Прэзідыума Савета Рэспублікі прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага яго складу ў форме пастаноў, якія падпісваюцца Старшынёй Савета Рэспублікі, а ў яго адсутнасць — намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі.

У выпадку неабходнасці ў парадку, устаноўленым Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, рашэнні Савета Палаты прадстаўнікоў і пастановы Прэзідыума Савета Рэспублікі могуць быць прыняты шляхам апытання іх членаў.

Глава 10
Камісіі палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 91. Пастаянныя камісіі палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камісіі з'яўляюцца пастаянна дзеючымі органамі палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 92. Парадак фарміравання і дзейнасці пастаянных камісій палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камісіі выбіраюцца з ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі адпаведнай палатай Нацыянальнага сходу на тэрмін паўнамоцтваў палаты ў складзе старшыні, намесніка (намеснікаў) старшыні і членаў пастаянных камісій.

Пералік і склад пастаянных камісій, парадак іх фарміравання вызначаюцца палатамі Нацыянальнага сходу самастойна.

Кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі абавязаны ўваходзіць у склад толькі адной з пастаянных камісій. Старшыні палат Нацыянальнага сходу і іх намеснікі не могуць уваходзіць у склад пастаянных камісій.

Пры фарміраванні складу пастаянных камісій улічваюцца пажаданні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі.

Старшыні і намеснікі старшыняў пастаянных камісій могуць быць датэрмінова вызвалены ад пасады па рашэнні адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Пасяджэнне пастаяннай камісіі палаты Нацыянальнага сходу правамоцнае, калі на ім прысутнічае больш як палова ад поўнага складу пастаяннай камісіі.

Рашэнні пастаянных камісій палат Нацыянальнага сходу прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага складу пастаянных камісій і афармляюцца пратаколам. У выпадку неабходнасці ў парадку, устаноўленым Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, рашэнні пастаяннай камісіі могуць быць прыняты шляхам апытання яе членаў.

Артыкул 93. Кампетэнцыя пастаянных камісій палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камісіі палат Нацыянальнага сходу:

рыхтуюць праекты законаў да разгляду палатамі Нацыянальнага сходу;

папярэдне разглядаюць і рыхтуюць пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляюць падрыхтоўку заключэнняў па праектах законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, а таксама па іншых пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу;

па даручэнні старшыняў палат Нацыянальнага сходу, а таксама па сваёй ініцыятыве распрацоўваюць праекты законаў і іншых нарматыўных прававых актаў;

разглядаюць пісьмовыя звароты грамадзян і арганізацый, якія змяшчаюць прапановы па ўдасканальванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

арганізуюць правядзенне парламенцкіх слуханняў;

ствараюць рабочыя групы з ліку членаў пастаяннай камісіі, іншых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, навуковых арганізацый;

прыцягваюць да сваёй работы экспертаў і спецыялістаў, назначаюць незалежную экспертызу праектаў законаў, ствараюць на грамадскіх пачатках навуковыя, кансультацыйныя і іншыя саветы па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю пастаянных камісій;

запытваюць у дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, службовых асобаў афіцыйныя дакументы, інфармацыйныя і іншыя матэрыялы, неабходныя для іх дзейнасці;

запрашаюць для ўдзелу ў папярэднім разглядзе праектаў законаў, іншых пытанняў, што адносяцца да кампетэнцыі палат Нацыянальнага сходу, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, якія прадугледжаны рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, службовыя асобы не пазней як у месячны або іншы ўзгоднены тэрмін прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, запытаныя пастаяннымі камісіямі палат Нацыянальнага сходу ў межах іх кампетэнцыі. Прадстаўленне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўную законам тайну, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 94. Сумесныя пасяджэнні пастаянных камісій палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камісіі кожнай з палат Нацыянальнага сходу маюць права праводзіць сумесныя пасяджэнні. Арганізацыя і правядзенне сумесных пасяджэнняў пастаянных камісій палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляюцца ў парадку, прадугледжаным рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу.

Сумеснае пасяджэнне пастаянных камісій лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае больш як палова ад поўнага складу кожнай з пастаянных камісій, якія ўдзельнічаюць у сумесным пасяджэнні.

Рашэнне сумеснага пасяджэння пастаянных камісій прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з пастаянных камісій, якія ўдзельнічаюць у сумесным пасяджэнні, і афармляецца пратаколам.

Артыкул 95. Часовыя камісіі палат Нацыянальнага сходу

Палаты Нацыянальнага сходу пры неабходнасці ствараюць часовыя камісіі.

Парадак фарміравання складу часовых камісій, задачы і парадак іх дзейнасці вызначаюцца рашэннямі палат Нацыянальнага сходу.

Часовыя камісіі выбіраюцца з ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ў складзе старшыні і членаў камісіі. Часовыя камісіі могуць прыцягваць да сваёй работы экспертаў і спецыялістаў, якія не з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, членамі Савета Рэспублікі.

Выбранне дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі ў склад часовай камісіі не спыняе членства дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі ў складзе пастаяннай камісіі.

Часовыя камісіі падсправаздачныя палатам Нацыянальнага сходу і адказныя перад імі.

Часовыя камісіі маюць права запытваць дакументы, інфармацыйныя і іншыя матэрыялы, неабходныя для іх дзейнасці, ажыццяўляць іншыя прадастаўленыя ім паўнамоцтвы ў парадку, устаноўленым рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, службовыя асобы не пазней як у месячны або іншы ўзгоднены тэрмін прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, запытаныя часовай камісіяй у межах яе кампетэнцыі. Прадстаўленне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты або іншую ахоўную законам тайну, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Часовыя камісіі спыняюць сваю дзейнасць пасля выканання ўскладзеных на іх задач або датэрмінова на падставе рашэнняў палат Нацыянальнага сходу.

Глава 11
Забеспячэнне дзейнасці палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 96. Сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу

У сваёй дзейнасці Сакратарыят Палаты прадстаўнікоў і Сакратарыят Савета Рэспублікі кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама адпаведна рашэннямі Савета Палаты прадстаўнікоў і пастановамі Прэзідыума Савета Рэспублікі, распараджэннямі старшыняў палат Нацыянальнага сходу, іх намеснікаў.

Сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, маюць самастойныя балансы, рахункі ў банках, пячаткі з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і са сваім найменнем.

Сакратарыят кожнай з палат Нацыянальнага сходу ўзначальвае начальнік сакратарыята, які назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады адпаведна Саветам Палаты прадстаўнікоў, Прэзідыумам Савета Рэспублікі па прадстаўленні Старшыні адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу. Начальнік сакратарыята палаты мае намесніка.

Штатная колькасць сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, структура сакратарыятаў — старшынямі палат Нацыянальнага сходу.

Работнікі сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу, за выключэннем асобаў, якія ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне палат, з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.

Пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу або іх датэрміновага спынення сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу працягваюць сваю дзейнасць.

Артыкул 97. Матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне, фінансаванне дзейнасці палат Нацыянальнага сходу

Фінансаванне дзейнасці палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з каштарысам расходаў кожнай з палат Нацыянальнага сходу ў межах сродкаў, якія прадугледжаны ў рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Нацыянальнага сходу. Фінансавае забеспячэнне дзейнасці палат ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Каштарыс расходаў кожнай з палат Нацыянальнага сходу складаецца штогод і зацвярджаецца палатамі Нацыянальнага сходу.

Матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 98. Службовыя камандзіроўкі за мяжу

Накіраванне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, парламенцкіх дэлегацый, асобаў, якія суправаджаюць гэтыя дэлегацыі, работнікаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу ў службовыя камандзіроўкі за мяжу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Нацыянальнага сходу.

Артыкул 99. Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу

Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ўзнагароджваюцца грамадзяне і арганізацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзяне замежных дзяржаў за заслугі ў развіцці заканадаўства, парламентарызму, мясцовага самакіравання, умацаванні дэмакратыі, міждзяржаўных і міжпарламенцкіх сувязяў, за дзейнасць па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, вялікі ўклад у фарміраванне і рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджанне Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гэтым Законам, рэгламентамі палат Нацыянальнага сходу, а таксама Палажэннем аб Ганаровай грамаце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што зацвярджаецца Саветам Палаты прадстаўнікоў і Прэзідыумам Савета Рэспублікі.

Глава 12
Заключныя палажэнні

Артыкул 100. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым ЗаконамСавету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін прыняць меры па прывядзенні актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам.

Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі ў шасцімесячны тэрмін прывесці свае рэгламенты ў адпаведнасць з гэтым Законам.

Артыкул 101. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 100, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

8 ліпеня 2008 года, г. Мінск.

№ 370-З