Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 22

Аб гарантыях захаванасці грашовых сродкаў фізічных асобаў, размешчаных
на рахунках і (або)
у банкаўскія ўклады (дэпазіты)
 

У мэтах забеспячэння захаванасці грашовых сродкаў фізічных асобаў, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь, і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

1. Устанавіць, што:

1.1. дзяржава гарантуе поўную захаванасць грашовых сродкаў фізічных асобаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь, і кампенсацыю 100 працэнтаў сумы гэтых сродкаў у валюце рахунку або ўкладу (дэпазіту) у выпадку прыняцця Нацыянальным банкам рашэння аб адкліканні ў банка спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, які дае права на правядзенне банкаўскай аперацыі па прыцягненні грашовых сродкаў фізічных асобаў у банкаўскія ўклады (дэпазіты), у цэлым або ў частцы правядзення такой банкаўскай аперацыі;

1.2. дзеянне гэтага Дэкрэта не распаўсюджваецца на грашовыя сродкі ў беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаныя на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь фізічнымі асобамі, якія выступаюць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў;

1.3. кампенсацыя грашовых сродкаў фізічных асобаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам;

1.4. грашовыя сродкі, размешчаныя фізічнымі асобамі на рахункі і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь, іх выдача, а таксама перавод з рахункаў (укладаў) у банках іншых дзяржаў у банкі Рэспублікі Беларусь не падлягаюць дэклараванню;

1.5. з 2010 года 80 працэнтаў прыбытку Нацыянальнага банка, вызначанага на падставе яго гадавога бухгалтарскага балансу, пры наяўнасці аўдытарскага заключэння, якое пацвярджае сапраўднасць бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці Нацыянальнага банка, штогод накіроўваецца ў рэзерв дзяржаўнай установы "Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў" (далей — Агенцтва), а астатняя частка выкарыстоўваецца на павелічэнне (стварэнне) статутнага, рэзервовага і іншых фондаў Нацыянальнага банка;

1.6. абавязковыя ўзносы, якія пералічаюцца банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі ў рэзерв Агенцтва ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2008 года "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 172, 2/1466), адносяцца да затрат банкаў па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні прыбытку банкаў;

1.7. памер каляндарных узносаў у рэзерв Агенцтва для адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк":

з 1 студзеня 2009 г. па 31 снежня 2011 г. складае ў І квартале 2009 г. 0,037 працэнта ад сумы размешчаных фізічнымі асобамі на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) грашовых сродкаў на першае чысло месяца, які ідзе за справаздачным кварталам, і ў кожным наступным квартале названага перыяду павялічваецца на 0,022 працэнта ад памеру папярэдняга каляндарнага ўзносу;

з 1 студзеня 2012 г. вызначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў".

1.8. пры дзяржаўнай рэгістрацыі Агенцтва дзяржаўная пошліна не спаганяецца;

1.9. Агенцтва мае права мець пячатку, штамп і бланкі з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь;

1.10. афіцыйнымі выданнямі для апублікавання гадавой справаздачы Агенцтва і іншай інфармацыі, прадугледжанай Законам Рэспублікі Беларусь "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў", з'яўляюцца рэспубліканскія друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, вызначаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь афіцыйнымі выданнямі для апублікавання нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка.

2. Прызнаць страціўшымі сілу:

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 1998 г. № 4 "Аб гарантыях захаванасці сродкаў фізічных асобаў у замежнай валюце, што знаходзяцца на рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) у банках Рэспублікі Беларусь" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 12, арт. 310);

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2003 г.
№ 8 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 1998 г. № 4" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 20, 1/4395);

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2005 г.
№ 13 "Аб унясенні змянення ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 1998 г. № 4" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 156, 1/6839).

3. Нацыянальнаму банку ўнесці грашовы ўзнос у суме 100 млрд рублёў для фарміравання маёмасці Агенцтва.

4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

4.1. у 2008 годзе ва ўстаноўленым парадку забяспечыць унясенне са сродкаў рэспубліканскага бюджэту грашовага ўзносу ў суме 100 млрд рублёў для фарміравання маёмасці Агенцтва;

4.2. пры падрыхтоўцы праекта нарматыўнага прававога акта аб удакладненні паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2008 год улічыць сродкі, названыя ў падпункце 4.1 гэтага пункта.

5. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму банку да 1 студзеня 2009 г. забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

6. Да прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам акты заканадаўства прымяняюцца ў той частцы, у якой яны не супярэчаць гэтаму Дэкрэту.

7. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання, з'яўляецца часовым і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі
Беларусь А. Лукашэнка.

4 лістапада 2008 г.

г. Мінск.