Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
6 лістапада 2008 г. № Р-299/2008
Аб тэрміне дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, адкрытага ў банку, на які пералічваецца пенсія (дапамога)

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г.,  Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.  разгледзеў зварот адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” аб праверцы палажэнняў нарматыўнага прававога акта, што ўстанаўлівае гадавы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, адкрытага ў банку, на які органамі па працы і сацыяльнай абароне пералічваюцца пенсіі (дапамогі). 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – БК), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” (далей – Закон), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць пытанні пенсіённага забеспячэння, Канстытуцыйны Суд устанавіў. 

Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. 

У Законе ўстаноўлены парадак рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на атрыманне працоўных, сацыяльных пенсій і іншых выплат шляхам вызначэння крыніц выплаты пенсій, арганізацый, куды па выбару пенсіянераў пералічваюцца пенсіі, і іншых умоў іх выплаты. 

Так, у артыкуле 8 Закона прадугледжана, што выплата працоўных пенсій, назначаных у адпаведнасці з Законам, ажыццяўляецца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Выплата сацыяльных пенсій, прадугледжаных Законам, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. 

У адпаведнасці з падпунктамі 6.35 і 6.49 пункта 6 Палажэння аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2001 г. № 1589, на ўказанае Міністэрства ўскладзены у тым ліку арганізацыя работы па назначэнню і выплаце пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат; ажыццяўленне кантролю за рэалізацыяй заканадаўства аб сацыяльнай абароне насельніцтва і інш. 

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 83 Закона выплата пенсій праводзіцца па выбару пенсіянера праз арганізацыі паштовай сувязі, банкі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсіі. 

Асаблівасці выплаты пенсіі (дапамогі) праз банкі ўстаноўлены, у прыватнасці, Палажэннем аб парадку выплаты пенсій (дапамог) шляхам пералічэння на рахункі фізічных асоб у падраздзяленні адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2002 г. № 129 (далей – Палажэнне). У пункце 4 Палажэння прадугледжана, што пералічэнне пенсіі (дапамогі) ажыццяўляецца органам па працы і сацыяльнай абароне на падставе заявы пенсіянера (атрымальніка дапамогі) аб пералічэнні яго пенсіі (дапамогі); заява сапраўдная на працягу трох гадоў з дня яе падачы ў орган па працы і сацыяльнай абароне і аднаўляецца пенсіянерам (атрымальнікам дапамогі) не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну яе дзеяння. 

Выплата пенсіі (дапамогі) шляхам пералічэння на рахунак фізічнай асобы мае істотныя адрозненні ад іншых спосабаў яе атрымання. У гэтым выпадку грамадзянін самастойна заключае з банкам дагавор адпаведнага банкаўскага ўкладу (дэпазіту). Умовай такога ўкладу з’яўляецца захоўванне грашовых сродкаў, распараджэнне імі і атрыманне працэнтаў. Папаўненне ўкладу праводзіцца залічэннем на рахунак укладчыка як пенсіі, так і сум, што паступілі ва ўклад шляхам унясення наяўных грашовых сродкаў і (або) ў безнаяўным парадку. 

Указаныя праваадносіны, звязаныя з заключэннем дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) і адкрыццём рахунку фізічнай асобы, куды паступаюць грашовыя сродкі, атрыманыя грамадзянінам у законным парадку, а таксама з наступным валоданнем імі, карыстаннем і распараджэннем, сведчаць аб наяўнасці ў грамадзяніна права ўласнасці на гэтыя грашовыя сродкі і рэгулююцца грамадзянскім і банкаўскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. 

Так, у артыкуле 773 ГК, артыкулах 181 і 185 БК прадугледжаны адпаведна абавязак банка, які з’яўляецца ўкладаатрымальнікам, прыняць ад укладчыка грашовыя сродкі ва ўклад (дэпазіт), забяспечыць іх захаванасць, выплаціць працэнты на ўмовах і ў парадку, вызначаных дагаворам, а пры спыненні дагавора – вярнуць іх укладчыку. Грашовыя сродкі носяць абязлічаны характар, і ўкладчык мае права распараджацца імі: даваць даручэнні банку аб пералічэнні грашовых сродкаў з яго рахунку на іншыя банкаўскія рахункі і (або) іншым асобам; карыстацца іншымі відамі банкаўскіх паслуг у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту). Згодна з артыкулам 189 БК ва ўклад (дэпазіт) могуць залічвацца грашовыя сродкі, якія паступілі на рахунак укладчыка ад іншых асоб, калі ішае не прадугледжана дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту). 

Аналагічныя падыходы знайшлі адлюстраванне ў Палажэнні. У ім прадугледжана, што выдача грашовых сродкаў з рахункаў фізічных асоб праводзіцца ў адпаведнасці з банкаўскім заканадаўствам (пункт 13); на сумы пенсій (дапамог), залічаныя на рахункі фізічных асоб у падраздзяленнях банка, пенсіянерам (атрымальнікам дапамог) налічваецца даход у выглядзе працэнтаў або ў іншай форме, якая прапаноўваецца банкам, у адпаведнасці з банкаўскім заканадаўствам (пункт 3). 

Абарона права ўласнасці грамадзяніна на грашовыя сродкі, размешчаныя ва ўкладзе (дэпазіце), адпавядае артыкулу 44 Канстытуцыі, які прадугледжвае, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці; уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі; уласнасць, набытая законным спосабам, ахоўваецца дзяржавай; дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў. 

На указаных падыходах заснаваны і нормы ГК, якія рэгулююць, у прыватнасці, пытанні прадстаўніцтва і даверанасці (артыкулы 183–190). 

У адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам тэрмін дзеяння даверанасці не можа перавышаць трох гадоў (пункт 1 артыкула 187 ГК). Такім чынам, грамадзянскім заканадаўствам фізічнай асобе прадастаўлена права у межах трох гадоў вызначаць тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту). 

Разам з тым у артыкуле 87 Закона прадугледжана, што даверанасць на атрыманне пенсіі можа быць выдадзена на тэрмін не звыш аднаго года. У пункце 17 Палажэння таксама ўстаноўлены гадавы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку пенсіянера ў банку. 

У адказе на запыт Канстытуцыйнага Суда Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўказала, што банкі пры выплаце пенсіі павінны кіравацца артыкулам 87 Закона, які вызначае гадавы тэрмін дзеяння даверанасці (пісьмо ад 18 чэрвеня 2008 г. № 06-10/3349п). 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адносіны, звязаныя з атрыманнем пенсіі (дапамогі) па даверанасці, і адносіны па распараджэнню банкаўскімі ўкладамі (дэпазітамі) на падставе даверанасці па сваёй прававой прыродзе з’яўляюцца рознымі праваадносінамі. Яны ўяўляюць сабой адносіны, якія рэгулююца у першым выпадку пенсіённым заканадаўствам, а ў другім – грамадзянскім і банкаўскім заканадаўствам. 

Такім чынам, можна зрабіць вывад аб тым, што артыкул 87 Закона рэгулюе пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе выдачы даверанасці на атрыманне пенсіі ў арганізацыях, што ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсіі, а таксама паштовай сувязі. Праваадносіны па выдачы даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў, якія захоўваюцца ва ўкладзе (дэпазіце) фізічнай асобы, па сваёй сутнасці з’яўляюцца грамадзянска-прававымі і рэгулююцца не артыкулам 87 Закона, а пунктам 1 артыкула 187 ГК. У сувязі з гэтым артыкул 87 Закона, які вызначае гадавы тэрмін дзеяння даверанасці, не можа і не павінен распаўсюджвацца на выпадкі атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога), як падпадаючыя пад дзеянне норм грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства. 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што пункт 17 Палажэння ў частцы ўстанаўлення гадавога тэрміну дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку пенсіянера ў банку не адпавядае нормам грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. 

У той жа час для выключэння магчымых негатыўных вынікаў, якія могуць быць выкліканы акалічнасцямі, што цягнуць за сабой спыненне выплаты пенсій (дапамог), у мэтах абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы, забеспячэння мэтавага выкарыстання сродкаў сацыяльнага страхавання на выплату пенсій (дапамог), кантролю за іх расходваннем, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у Палажэнні можа быць устаноўлены як гадавы, так і іншы тэрмін дзеяння заявы пенсіянера (атрымальніка дапамогі) аб пералічэнні пенсіі (дапамогі) на яго рахунак, адкрыты ў банку. 

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб удасканальванні норм пенсіённага заканадаўства шляхам замацавання ў артыкуле 87 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” палажэння аб тым, што ўказаны ў ім тэрмін дзеяння даверанасці не распаўсюджваецца на выпадкі атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога). 

2. Звярнуць увагу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на неабходнасць унясення змяненняў у пункт 17 Палажэння аб парадку выплаты пенсій (дапамог) шляхам пералічэння на рахункі фізічных асоб у падраздзяленнях адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”, зацверджанага пастановай ад 3 кастрычніка 2002 г. № 129, што вызначае гадавы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога), з улікам норм грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама падыходаў, выкладзеных у гэтым рашэнні.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця. 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   П.П.Міклашэвіч