Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 снежня 2008 г. № Р-300/2008
Аб вылічэнні працэсуальных тэрмінаў у адміністрацыйным працэсе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З. разгледзеў звароты грамадзян па пытаннях правамернасці вяртання скарг на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях без іх разгляду  ў сувязі з пропускам працэсуальнага тэрміну, устаноўленага часткай 3 артыкула 12.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП). 

З наяўных матэрыялаў вынікае, што пры падачы скаргі на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі апошні дзень працэсуальнага тэрміну прыпадае на нерабочы дзень, а скарга накіроўвалася па пошце ў першы наступны за ім рабочы дзень,  суды прызнавалі працэсуальны тэрмін прапушчаным, і скарга вярталася без разгляду. 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адпаведныя нормы ПВКабАП і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае. 

Часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Гарантаванасць судовай абароны  звязана з вынясеннем законнай і абгрунтаванай судовай пастановы, магчымасцю яе праверкі і перагляду, у тым ліку шляхам абскарджання ва ўстаноўленым парадку. 

Згодна з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў. Такім чынам, заканадаўчымі актамі, якія ўстанаўліваюць правілы і працэдуры такога абскарджання, павінна быць у поўнай меры забяспечана рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне судовых пастаноў, у тым ліку і ў частцы вылічэння працэсуальных тэрмінаў. 

У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 12.11 ПВКабАП пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая ўступіла ў законную сілу, можа быць перагледжана па скарзе асоб, указаных у частцы 1 артыкула 12.1 гэтага Кодэкса, калі яна абскарджвалася да ўступлення яе ў законную сілу, або па пратэсту пракурора. 

Скарга (пратэст) на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая ўступіла ў законную сілу, можа быць пададзена на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў законную сілу пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні (частка 3 артыкула 12.11 ПВКабАП). Скарга (пратэст), пададзеная пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну, разгляду не падлягае (частка 4 артыкула 12.11 ПВКабАП). 

У ПВКабАП ёсць і іншыя нормы, якія рэгулююць адносіны, звязаныя з прымяненнем працэсуальных тэрмінаў. Да іх адносяцца, напрыклад, нормы артыкула 7.3 – аб тэрмінах падачы скарг і парадку іх разгляду, артыкула 7.4 – аб тэрміне разгляду скаргі, артыкула 8.4 – аб тэрмінах адміністрацыйнага затрымання фізічнай асобы, артыкула 10.1 – аб тэрмінах падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду, артыкула 11.2 – аб тэрмінах разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, артыкула 12.4 – аб тэрміне абскарджання і апратэставання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, артыкула 12.7 – аб тэрміне разгляду скаргі (пратэсту) на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, артыкула 12.13 – аб тэрміне разгляду скаргі (пратэсту) на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая ўступіла ў законную сілу. 

Разам з тым у ПВКабАП не змяшчаецца спецыяльных норм аб парадку вылічэння працэсуальных тэрмінаў, што вызначаюць перыяд часу (пачатак, цячэнне і заканчэнне працэсуальных тэрмінаў), на працягу якога працэсуальныя дзеянні павінны быць учынены, у тым ліку ў выпадках калі апошні дзень працэсуальнага тэрміну прыходзіцца на нерабочы дзень або калі працэсуальнае дзеянне ўчынена да 24 гадзін апошняга дня ўстаноўленага тэрміну. 

У адрозненне ад ПВКабАП вылічэнне працэсуальных тэрмінаў урэгулявана ў асобных главах Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГрПК), Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК) і Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), у якіх, у прыватнасці, замацаваны нормы:  аб парадку вылічэння, заканчэння, прыпынення, прадаўжэння або скарачэння, аднаўлення, аб выніках пропуску, абскарджання (апратэставання) вызначэння аб прадаўжэнні, скарачэнні і аднаўленні працэсуальнага тэрміну (артыкулы 150–156 главы 17 “Працэсуальныя тэрміны” ГрПК); аб вылічэнні, захаванні, прадаўжэнні і аднаўленні тэрмінаў (артыкулы 158–161 главы 18 “Працэсуальныя тэрміны, працэсуальныя выдаткі” КПК); аб устанаўленні і вылічэнні, пачатку і заканчэнні, выніках пропуску, аб прыпыненні, аднаўленні і прадаўжэнні працэсуальных тэрмінаў (артыкулы 134–139 главы 12 “Працэсуальныя тэрміны” ГПК). 

Напрыклад, у частцы трэцяй артыкула 150 ГрПК (“Вылічэнне працэсуальных тэрмінаў”) замацавана, што цячэнне працэсуальных тэрмінаў пачынаецца на наступны дзень пасля каляндарнай даты або надыходу падзеі, якімі вызначаны іх пачатак. Калі працэсуальны тэрмін устаноўлены судом, яго вылічэнне пачынаецца з наступнага дня пасля ўручэння судовай пастановы аб гэтым. У частцы 4 артыкула 158 КПК (“Вылічэнне тэрмінаў”) вызначана, што калі заканчэнне тэрміну прыпадае на нерабочы дзень, то апошнім днём тэрміну лічыцца першы наступны за ім рабочы дзень, акрамя выпадкаў вылічэння тэрміну пры затрыманні, утрыманні пад вартай, дамашнім арышце і знаходжанні ў псіхіятрычнай (псіханеўралагічнай) установе. У частцы сёмай артыкула 135 ГПК (“Пачатак і заканчэнне працэсуальных тэрмінаў”) устаноўлена, што, калі апошні дзень працэсуальнага тэрміну прыпадае на нерабочы дзень, днём заканчэння тэрміну лічыцца першы наступны за ім рабочы дзень. 

Такім чынам, у ГрПК, КПК і ГПК нормы аб парадку вылічэння працэсуальных тэрмінаў, якія вызначаюць перыяд часу (пачатак, цячэнне і заканчэнне працэсуальных тэрмінаў), на працягу якога працэсуальныя дзеянні павінны быць учынены, заканадаўча замацаваны. 

Паколькі ПВКабАП з’яўляецца адзіным законам, які ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу і дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (частка 2 артыкула 1.1 указанага Кодэкса), то адсутнасць у ім норм, якія дэталёва рэгламентуюць асобныя пытанні вылічэння працэсуальных тэрмінаў, не забяспечвае аднастайнага разумення і прымянення адпаведных нарматыўных палажэнняў, што цягне за сабой абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзян на судовую абарону і абскарджанне судовых пастаноў. 

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, накіраваных на ўстараненне прабелаў заканадаўчага рэгулявання ў частцы вылічэння працэсуальных тэрмінаў. 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця. 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч