Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 49

Аб некаторых пытаннях стымулявання рэалізацыі прадукцыі,
тавараў (работ, паслуг) у 2009 годзе

 

У мэтах павышэння зацікаўленасці работнікаў камерцыйных арганізацый у забеспячэнні росту аб'ёмаў рэалізаванай прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), у тым ліку на экспарт, зніжэння запасаў гатовай прадукцыі, паступлення валютнай выручкі:

1. Устанавіць, што ў 2009 годзе:

1.1. кіраўнікам камерцыйных арганізацый незалежна ад формы ўласнасці прадастаўляецца права:

ажыццяўляць выплату штомесячнага ўзнагароджання работнікам, якія забяспечваюць рэалізацыю прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), у тым ліку на экспарт, зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі, у працэнтных адносінах ад выручкі, атрыманай ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) у дзеючых цэнах, без абмежавання яго максімальнымі памерамі. Пры гэтым іншыя выплаты стымулюючага характару (надбаўкі, прэміі) названым работнікам не налічваюцца і не выплачваюцца. Пералік работнікаў, канкрэтныя памеры і ўмовы выплаты штомесячнага ўзнагароджання вызначаецца ў лакальных нарматыўных прававых актах;

прадугледжваць у кантрактах з кіраўнікамі і спецыялістамі маркетынгавых, лагістычных, знешнеэканамічных і іншых структурных падраздзяленняў камерцыйных арганізацый, што забяспечваюць паступленне валютнай выручкі, атрыманай ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), персанальныя ўмовы аплаты іх працы, якія ўключаюць службовыя аклады, вылічаныя ў кратных памерах да тарыфнай стаўкі першага разраду, якая дзейнічае ў камерцыйнай арганізацыі, і не абмежаваныя максімальнымі памерамі выплаты стымулюючага характару (надбаўкі, прэміі);

1.2. уласнік маёмасці арганізацыі або орган, упаўнаважаны заключаць кантракты з кіраўнікамі камерцыйных арганізацый, мае права вызначаць гэтым кіраўнікам умовы аплаты іх працы ў залежнасці ад зніжэння запасаў гатовай прадукцыі, рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), у тым ліку на экспарт, і (або) паступленні валютнай выручкі ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 гэтага пункта;

1.3. заработная плата, налічаная работнікам у адпаведнасці з падпунктам 1.1 або 1.2 гэтага пункта, максімальнымі памерамі не абмяжоўваецца і ўключаецца ў затраты па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), што ўлічваюцца пры цэнаўтварэнні і падаткаабкладанні.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі гэтага Указа.

3. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2009 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А. Лукашэнка.

23 студзеня 2009 г., г. Мінск.