Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 Аб стымуляванні работнікаў арганізацый галін эканомікі

Аб стымуляванні работнікаў арганізацый галін эканомікі

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

1. Устанавіць, што:

1.1. агульная сума сродкаў, што накіроўваюцца на выплату прэмій за вытворчыя вынікі і надбавак усіх відаў (далей — стымулюючыя выплаты), якія выплачваюцца работнікам арганізацый галін эканомікі незалежна ад форм уласнасці, акрамя арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, і адносяцца на сабекошт прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), уключаецца ў затраты, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні і цэнаўтварэнні, у межах 80 працэнтаў сумы заработнай платы, вылічанай па здзельных расцэнках, а таксама тарыфных стаўках і службовых акладах з улікам павышэнняў, прадугледжаных заканадаўствам, у разліку на аднаго работніка за фактычна адпрацаваны час у справаздачным перыядзе па арганізацыі ў цэлым (далей — нарматыў), калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

1.2. у арганізацыях, названых у падпункце 1.1 гэтага пункта, якія забяспечылі па выніках папярэдняга года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) на ўзроўні не ніжэй за заданне, даведзенае ва ўстаноўленым парадку або прадугледжанае бізнес-планам у выпадку, калі такое заданне не ўстаноўлена, памер нарматыву на працягу справаздачнага года не павінен перасягаць 100 працэнтаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

1.3. парадак выкарыстання стымулюючых выплат у межах памераў нарматыву, устаноўленых падпунктамі 1.1 і 1.2 гэтага пункта, вызначаецца наймальнікам на падставе калектыўнага дагавора, пагаднення, іншага лакальнага нарматыўнага прававога акта, прынятых у адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Прызнаць страціўшымі сілу:

падпункт 1.5 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1997 г. нумар 10 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галін эканомікі" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 11, арт. 378);

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1997 г. № 22 "Аб унясенні змяненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 1997 г. № 10" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 32, арт. 1010);

пункт 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2002 г. № 17 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання аплаты працы работнікаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 83, 1/3879).

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

4. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2009 г., з'яўляецца часовым і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі
Беларусь А. Лукашэнка.

23 студзеня 2009 г., г. Мінск.