Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
18 лютага 2009 г. № Р-314/2009
Аб тэрміне дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, на які пералічваецца яго пенсія

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З. на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў разгледзеў частку трэцюю пункта 98 Інструкцыі аб парадку ўчынення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 63 (у рэдакцыі пастановы ад 14 лістапада 2008 г. № 67) (далей – Інструкцыя).

У частцы трэцяй пункта 98 Інструкцыі ўстаноўлена, што даверанасць на атрыманне пенсіі не можа быць выдадзена на тэрмін больш як адзін год.

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 83 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. “Аб пенсіённым забеспячэнні” выплата пенсій праводзіцца па выбары пенсіянераў праз арганізацыі паштовай сувязі, банкі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсіі.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 87 указанага Закона пенсія можа выплачвацца па даверанасці, якая можа быць выдадзена на тэрмін не звыш аднаго года.

Пытанні, звязаныя з асаблівасцямі выплаты пенсіі праз банкі па даверанасці, у тым ліку адносна ўстанаўлення гранічнага тэрміну дзеяння такой даверанасці, былі прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда.

Так, 6 лістапада 2008 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь па звароту адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” прыняў рашэнне “Аб тэрміне дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы, адкрытага ў банку, на які пералічваецца пенсія (дапамога)”.

Ва ўказаным рашэнні Канстытуцыйны Суд сфармуляваў сваю прававую пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што паколькі рэгуляванне адносін, якія датычацца тэрміну дзеяння даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) фізічнай асобы ў банку, на які пералічваецца пенсія, ажыццяўляецца нормамі грамадзянскага, а не пенсіённага заканадаўства, то пры ўстанаўленні ў пенсіённым заканадаўстве і іншых падзаконных актах гранічнага тэрміну дзеяння такой даверанасці павінны ўлічвацца патрабаванні грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства. Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным замацаваць у артыкуле 87 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” палажэнне аб тым, што прадугледжаны ў ім тэрмін дзеяння даверанасці не распаўсюджваецца на выпадкі атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія (дапамога), прапанаваўшы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб удасканальванні норм пенсіённага заканадаўства з мэтай устаранення няўзгодненасці прававога рэгулявання.

Канстытуцыйны Суд, пацвярджаючы дадзеную прававую пазіцыю, лічыць, што частка трэцяя пункта 98 Інструкцыі, якая прадугледжвае гадавы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне пенсіі, не можа распаўсюджвацца на выпадкі выдачы даверанасці на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія.

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян удакладніць норму часткі трэцяй пункта 98 Інструкцыі аб парадку ўчынення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 63 (у рэдакцыі пастановы ад 14 лістапада 2008 г. № 67), у частцы, якая датычыцца ўстанаўлення тэрміну дзеяння даверанасці ў прымяненні да выпадкаў атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія.

2.  Прапанаваць Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў пункт 98 указанай Інструкцыі неабходныя змяненні і дапаўненні, узгадніўшы яго з нормамі грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства і гэтым рашэннем.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            П.П.Міклашэвіч