Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
18 лютага 2009 г. № Р-315/2009
Аб роўных умовах вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыяліста

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З. разгледзеў зварот па пытанню правамернасці патрабавання ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь аб звароце сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, у сувязі з няяўкай маладога спецыяліста на работу па размеркаванню.

У звароце адзначаецца, што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь устаноўлены няроўныя ўмовы вызвалення маладых спецыялістаў, якія атрымалі за кошт сродкаў бюджэту сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, ад выканання абавязку вярнуць у адпаведны бюджэт затрачаныя на іх падрыхтоўку сродкі ў выпадку няяўкі на работу па размеркаванню, у залежнасці ад таго, з’яўляецца гэта ўстанова адукацыі ўстановай Рэспублікі Беларусь або іншай дзяржавы (у прыватнасці, Расійскай Федэрацыі).

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 “Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы”, Палажэння аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1255, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да даследуемага пытання, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

У артыкуле 22 Канстытуцыі замацаваны роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Канстытуцыя ўсклала на дзяржаву абавязак прымаць усе даступныя яму меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Згодна з артыкулам 49 Канстытуцыі кожны мае права на адукацыю. Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.

Норма артыкула 49 Канстытуцыі знайшла канкрэтызацыю і развіццё ў Законе “Аб адукацыі” (далей, калі не агаворана іншае, — Закон). Згодна з артыкулам 1 Закона дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі асноўваецца ў тым ліку на прынцыпе даступнасці дашкольнай, прафесіянальна-тэхнічнай і на конкурснай аснове сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У артыкуле 3 Закона прадугледжана, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на атрыманне адукацыі; абмежаванні правоў на атрыманне адукацыі могуць устанаўлівацца толькі законам. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне бясплатнай агульнай сярэдняй, прафесіянальна-тэхнічнай і на конкурснай аснове бясплатнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ва ўстановах адукацыі.

Гарантуючы права на бясплатную, за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, прафесіянальна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, Закон прадугледжвае абавязак выпускнікоў, якія навучаюцца ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт дзяржаўных сродкаў ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, адпрацаваць устаноўлены ў Законе тэрмін па размеркаванню, а ў выпадку невыканання дадзенага абавязку – вярнуць у адпаведны бюджэт затрачаныя на іх падрыхтоўку сродкі (часткі дванаццатая – чатырнаццатая артыкула 10 Закона).

Парадак і ўмовы звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, а таксама падставы для вызвалення ад звароту ўказаных сродкаў устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь (частка пятнаццатая артыкула 10 Закона).

У мэтах выканання вышэйназванага артыкула Закона пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1255 зацверджана Палажэнне аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста (далей – Палажэнне), у пункце 4 якога прадугледжаны падставы вызвалення рабочага (служачага), спецыяліста ад звароту ўказаных сродкаў. Адной з такіх падстаў, устаноўленых абзацам дзесятым падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння, з’яўляецца залічэнне асобы, якая атрымала прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю (далей – малады спецыяліст), ва ўстанову адукацыі Рэспублікі Беларусь на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню.

Такім чынам, паступленне на дзённую форму навучання вышэйшай навучальнай установы Расійскай Федэрацыі ў сілу абзаца дзесятага падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння не з’яўляецца падставай для вызвалення маладога спецыяліста ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на яго навучанне ва ўстанове адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя, асноўваючыся на Дагаворы аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 года і развіваючы яго палажэнні ў мэтах далейшага збліжэння сваіх народаў і забеспячэння дзейснай інтэграцыі ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, 25 снежня 1998 г. падпісалі Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян, у артыкуле 4 якога абавязаліся забяспечыць даступнасць і роўныя правы грамадзян у атрыманні сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявышэйшай прафесіянальнай адукацыі. Дакументы аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях у сілу заключанага раней, 27 лютага 1996 г., Пагаднення паміж урадамі дзвюх краін прызнаюцца ў абедзвюх дзяржавах і эквівалентныя на тэрыторыі Беларусі і Расіі пры прадаўжэнні адукацыі і пры паступленні на работу ў адпаведасці з указанымі ў іх спецыльнасцю і кваліфікацыяй.

Аднак у сілу абзаца дзесятага падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння паступленне грамадзян Рэспублікі Беларусь у навучальныя ўстановы Расійскай Федэрацыі не з’яўляецца падставай для вызвалення іх ад звароту сродкаў, затрачаных на навучанне ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь, і ў сувязі з гэтым даступнасць атрымання адукацыі ва ўстановах адукацыі Расійскай Федэрацыі, а таксама роўнае з іншымі права на атрыманне адпаведнай адукацыі могуць быць не забяспечаны.

Разам з тым, згодна з артыкулам 33 Закона “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь”, часткамі другой і чацвёртай артыкула 55 Закона “Аб адукацыі”, нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах, што ўступілі ў сілу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам і непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца прыняцце (выданне) унутрыдзяржаўнага нарматыўнага прававога акта, і маюць сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выражана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора. Рэспубліка Беларусь забяспечвае выкананне прынятых абавязацельстваў па міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі.

Прыведзеныя нарматыўныя палажэнні адпавядаюць нормам артыкула 8 Канстытуцыі, якія абвясцілі прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і неабходнасць забеспячэння адпаведнасці ім заканадаўства, а таксама артыкула 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года, згодна з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

Беручы пад увагу нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года, іншых міжнародных дагавораў, а таксама законаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў абзацы дзесятым падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння ўстаноўлены няроўныя ўмовы вызвалення маладых спецыялістаў, якія атрымалі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, ад выканання прадугледжанага часткай чатырнаццатай артыкула 10 Закона “Аб адукацыі” абавязку вярнуць затрачаныя дзяржавай на навучанне сродкі, у сувязі з тым што ад такога звароту вызваляюцца толькі маладыя спецыялісты, залічаныя ў адпаведную ўстанову адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі заканадаўства прадугледжвае неабходнасць забеспячэння даступнасці і роўных правоў грамадзян у атрыманні адукацыі, у тым ліку вышэйшай, то, зыходзячы з прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, гэтыя правы павінны быць у поўнай меры ўлічаны пры рэалізацыі і прадастаўленні гарантый абароны іншых правоў і абавязкаў у сферы адукацыі.

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння належнай рэалізацыі норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь унесці адпаведныя змяненні ў абзац дзесяты падпункта 4.1 пункта 4 Палажэння аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2006 г. № 1255, накіраваныя на больш поўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь пры ўстанаўленні падставы вызвалення асоб, якія атрымалі прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь і залічаны ва ўстанову адукацыі Расійскай Федэрацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню, ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх навучанне.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку ўдакладніць рэдакцыю абзаца дзесятага падпункта 4.1 пункта 4 указанага Палажэння.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь
 
 
П.П.Міклашэвіч