Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 сакавіка 2009 г. № Р-319/2009
Аб Рэгламенце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця  новых нарматыўных прававых актаў разгледзеў Рэгламент Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прааналізаваўшы адпаведныя нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (далей – Кодэкс), законаў Рэспублікі Беларусь “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь”, “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” (далей – Дэкрэт № 14), Рэгламента Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2009 г. № 193 (далей – Рэгламент), Канстытуцыйны Суд устанавіў:

1. Рэгламент прыняты Саветам Міністраў на падставе артыкула 38 Закона “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” і рэгулюе пытанні арганізацыі і парадку дзейнасці  Савета Міністраў, не ўрэгуляваныя дадзеным Законам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Згодна з артыкулам 107 Канстытуцыі  Урад ажыццяўляе паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Правілы арганізацыі і парадку дзейнасці Урада, устаноўленыя ў Рэгламенце, накіраваны на забеспячэнне ажыццяўлення Саветам Міністраў сваіх паўнамоцтваў.

2. У адпаведнасці з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

У развіццё ўказаных палажэнняў у артыкуле 59 Канстытуцыі ўстаноўлена, што  дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.

У сілу палажэнняў часткі чацвёртай  артыкула 116 Канстытуцыі і часткі другой артыкула 22 Кодэкса Савет Міністраў разам з іншымі ўпаўнаважанымі органамі і асобамі валодае правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў (далей – акты).

У артыкуле 19 Закона “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” таксама прадугледжана, што Савет Міністраў у адпаведнасці з Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння законнасці і правапарадку ўносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці актаў. Дадзенае права можа быць рэалізавана Саветам Міністраў як па ўласнай ініцыятыве, так і на падставе зваротаў з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта, што паступілі ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса ў Савет Міністраў ад дзяржаўных органаў, якія не валодаюць правам унясення падобных прапаноў у Канстытуцыйны Суд, грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян (далей – грамадзяне і арганізацыі).

Разам з тым у Рэгламенце не вызначаны парадак разгляду Урадам такіх зваротаў грамадзян і арганізацый з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці актаў і парадак прыняцця рашэнняў аб іх падтрымцы або адхіленні, а таксама асаблівасці разгляду пытання аб унясенні Саветам Міністраў па ўласнай ініцыятыве ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адзначаны прабел прававога рэгулявання можа прывесці да няпоўнага выканання прадугледжаных у артыкуле 59 Канстытуцыі абавязкаў дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, а дзяржаўных органаў і службовых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, – прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжанаму часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса праву грамадзян і арганізацый на зварот з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта, павінен карэспандаваць абавязак дадзеных органаў і асоб разгледзець такія звароты. У сувязі з гэтым у Рэгламент неабходна ўнесці змяненні і дапаўненні, якія вызначаюць парадак разгляду Урадам указанай ініцыятывы грамадзян і арганізацый, прыняцця па выніках яе разгляду адпаведных рашэнняў, тым самым прадугледзеўшы механізм рэалізацыі ўстаноўленага часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса фактычнага права грамадзян і арганізацый на зварот у апасродкаванай форме ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці акта.

Кодэкс прадугледжвае, па сутнасці, асобы прадмет звароту грамадзян і арганізацый – ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці акта, органы і асобы, да якіх гэты зварот можа быць накіраваны, – упаўнаважаныя на ўнясенне прапаноў у Канстытуцыйны Суд (частка чацвёртая артыкула 116 Канстытуцыі, частка другая артыкула 22 Кодэкса), а таксама асобы парадак судаводства для разгляду пытання аб канстытуцыйнасці акта. У сувязі з гэтым такія звароты павінны разглядацца па асобна ўстаноўленых правілах, а не ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і арганізацый.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, разгляд зваротаў грамадзян і арганізацый з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта мог бы ажыццяўляцца падпарадкаванымі Савету Міністраў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. У выпадку падтрымкі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ініцыятывы аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта дадзенае пытанне неабходна вынесці на разгляд Прэзідыума Савета Міністраў з прыняццем, пры наяўнасці падстаў, пастановы Савета Міністраў аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд такой прапановы. Пры матываванай адмове ва ўнясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта заяўніку – грамадзяніну або арганізацыі па выніках разгляду звароту рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання або на падставе рашэння Прэзідыума Савета Міністраў даецца адказ.

Акрамя таго, у Рэгламенце неабходна замацаваць адпаведныя правілы ўнясення і разгляду прапаноў членаў Савета Міністраў аб прыняцці Саветам Міністраў  па ўласнай ініцыятыве рашэння аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта.

3. Згодна з падпунктам 1.5 пункта 1 Дэкрэта № 14 Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і некаторых дзяржаўных органаў, у тым ліку Савета Міністраў, выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Аднак у Рэгламенце парадак ініцыіравання ўказаных прапаноў не вызначаны.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Гэта канстытуцыйная норма азначае ў тым ліку паўнату і адназначнасць прававога рэгулявання, узгодненасць актаў паміж сабой, прававую дакладнасць. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў Рэгламенце неабходна прадугледзець парадак разгляду ў Савеце Міністраў і ўнясення Саветам Міністраў у Канстытуцыйны Суд прапаноў аб выкладанні сваёй пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, разгляд пытання аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд указанай прапановы магчымы на Прэзідыуме Савета Міністраў шляхам калегіяльнага прыняцця рашэння.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай восьмай артыкула 22, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння належнага ажыццяўлення правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і прававой дакладнасці ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Рэгламент Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2009 г. № 193, накіраваныя на ўстанаўленне парадку ўнясення Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прапаноў:

аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, у тым ліку падрыхтаваных на падставе ініцыятывы грамадзян і арганізацый, якія звярнуліся ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з такімі прапановамі;

аб выкладанні Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь сваёй пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў Рэгламент Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь неабходныя змяненні і дапаўненні.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                  П.П.Міклашэвіч