Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 сакавіка 2009 г. № Р-317/2009
Аб Рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў разгледзеў у судовым пасяджэнні Рэгламент Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (далей – Кодэкс), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь”, Рэгламента Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў:

1. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” (падпункт 1.1 пункта 1) Канстытуцыйнаму Суду прадастаўлена паўнамоцтва ажыццяўляць абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці ўсіх законаў да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з часткай восьмай артыкула 24 Кодэкса Канстытуцыйны Суд, правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўнага прававога акта, устанаўлівае адпаведнасць яго Канстытуцыі, у тым ліку па парадку прыняцця.

Адным з асноўных нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць заканадаўчага органа, з’яўляецца яго рэгламент. Рэгламент Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей – Рэгламент) прыняты Пастановай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 г. на падставе артыкула 105 Канстытуцыі. Рэгламент вызначае парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей – Палата прадстаўнікоў), яе органаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Значная частка артыкулаў Рэгламенту рэгулюе заканатворчы працэс, ад якога ў многім залежыць якасць законаў.

2. Згодна з часткай чацвёртай  артыкула 116 Канстытуцыі і часткай другой артыкула 22 Кодэкса Палата прадстаўнікоў разам з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Рэспублікі, Вярхоўным Судом, Вышэйшым Гаспадарчым Судом, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь валодае правам звароту ў Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб дачы заключэнняў па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса іншыя дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, а таксама грамадзяне звяртаюцца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта.

Агульныя палажэнні аб унясенні Палатай прадстаўнікоў у Канстытуцыйны Суд прапаноў аб дачы заключэнняў па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў змяшчаюцца ў главе 34 “Зварот у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь” (артыкулы 234–236) Рэгламенту. Аднак у Рэгламенце не вызначаны парадак разгляду  Палатай прадстаўнікоў зваротаў суб’ектаў, указаных у частцы трэцяй артыкула 22 Кодэкса, якія змяшчаюць ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога  акта.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом. Замацаванае ў частцы трэцяй артыкула 22 Кодэкса права дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, грамадзян звяртацца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта, прадугледжвае абавязак указаных органаў і асоб разглядаць такую ініцыятыву па сутнасці.

Такім чынам, права, замацаванае ў частцы трэцяй артыкула 22 Кодэкса, па сваёй юрыдычнай прыродзе фактычна з’яўляецца правам падачы ў орган канстытуцыйнага кантролю звароту ў апасродкаванай форме. Правамернасць апасродкаванай формы рэалізацыі дадзенага права выцякае з канстытуцыйных палажэнняў. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 3 Канстытуцыі народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і апасродкавана – праз прадстаўнічыя і іншыя органы. У частцы першай артыкула 37 Канстытуцыі таксама ўстаноўлена, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў, гэта значыць апасродкавана.

Паколькі Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, што разгляд пытанняў аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца ў парадку канстытуцыйнага судаводства, то звароты на падставе часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса не могуць быць разгледжаны ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян, а патрабуюць асобага парадку іх вырашэння.

У частцы другой артыкула 59 Канстытуцыі вызначана, што дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванне ў Рэгламенце прававога механізму разгляду зваротаў, якія змяшчаюць ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці акта, будзе садзейнічаць больш поўнаму ажыццяўленню правоў і свабод грамадзян, а таксама іншых суб’ектаў, стане дадатковай юрыдычнай гарантыяй належнай рэалізацыі іх правоў і свабод.

         Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, разгляд зваротаў па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў павінен ажыццяўляцца адпаведнай камісіяй Палаты прадстаўнікоў. Пры прыняцці камісіяй Палаты прадстаўнікоў рашэння аб неабходнасці падтрымкі ініцыятывы аб накіраванні прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта ў Канстытуцыйны Суд дадзенае пытанне магло б выносіцца кіраўніком камісіі на пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў для прыняцця канчатковага рашэння.

3. У рашэнні ад 27 снежня 2008 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў” Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з часткі чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыі, сфармуляваў прававую пазіцыю аб неабходнасці ўстанаўлення асобага парадку ўнясення змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы. Дадзены парадак прадугледжвае прыняцце законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу палат Парламента ў выглядзе асобных законаў.

У Рэгламенце вызначаны толькі асобы парадак прыняцця праграмных законаў  – большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў (артыкул 203). Разам з тым у Рэгламенце не ўрэгуляваны парадак прыняцця законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы. Пацвярджаючы вышэйуказаную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў Рэгламенце павінны змяшчацца прававыя нормы, якія замацоўваюць асобы парадак унясення змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы.

         4. Вышэйназваным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 (падпункт 1.5 пункта 1) устаноўлена, што Канстытуцыйны Суд па прапановах Палаты прадстаўнікоў і шэрага іншых вышэйшых дзяржаўных органаў выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Аднак у Рэгламенце  не ўстаноўлены парадак ініцыіравання Палатай прадстаўнікоў вышэйуказаных прапаноў.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах рэалізацыі прынцыпаў паўнаты і дакладнасці прававога рэгулявання ў Рэгламенце мэтазгодна замацаваць парадак  унясення Палатай прадстаўнікоў у Канстытуцыйны Суд прапаноў аб выкладанні ім пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі і міжнароднымі суб’ектамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай восьмай артыкула 22, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння належнага ажыццяўлення правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, паўнаты і дакладнасці прававога рэгулявання вызначыць ў Рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь парадак:

разгляду зваротаў, якія змяшчаюць ініцыятыву аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў;

прыняцця законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у праграмныя законы;

ініцыіравання прапаноў аб выкладанні Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь пазіцыі аб дакументах, якія прымаюцца (выдаюцца) замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

2. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Рэгламент Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адпаведныя змяненні і дапаўненні.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь
 
 
П.П.Міклашэвіч