Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 314

Аб правядзенні эксперыменту пры залічэнні абітурыентаў у некаторыя ўстановы адукацыі  ў сферы культуры

У мэтах стварэння ўмоў для адбору таленавітай моладзі ў навучальныя ўстановы ў сферы культуры пастанаўляю:

1. Правесці ў 2009 годзе эксперымент пры залічэнні абітурыентаў ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў".

2. Устанавіць, што:

2.1. залічэнне абітурыентаў ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў" на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты па ўсіх формах атрымання адукацыі ажыццяўляецца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках правядзення этапаў уступнага выпрабавання па прадмеце "творчасць" і сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай па выніках здачы ўступных выпрабаванняў у форме цэнтралізаванага тэсціравання і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі;

2.2. іншыя пытанні прыёму ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", не вызначаныя ў гэтым Указе, вырашаюцца названымі ўстановамі адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь па выніках правядзення эксперыменту ў лістападзе 2009 г. унесці ва ўстаноўленым парадку прапановы аб мэтазгоднасці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, зацверджаныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 "Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 24, 1/7253), або яго прадаўжэння на 2010 год.

4. Кантроль за рэалізацыяй гэтага Указа ўскласці на дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2009 годзе.

5. Гэты Указ уступае ў сілу са дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

16 чэрвеня 2009 г., г. Мінск.