Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 ліпеня 2009 г. № Р-358/2009
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай  артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў”.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў”, іншых законаў, якія маюць адносіны да разглядаемай справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў” (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2009 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2009 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Структурна Закон складаецца з пяці артыкулаў. Артыкулам 1 уносяцца змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь  ад 11 лістапада 1991 г. Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь у рэдакцыі Закона ад 14 ліпеня 2000 г. (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) шляхам выкладання ўказанага Закона ў новай рэдакцыі. Артыкулам 2 уносяцца змяненні і дапаўненні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, артыкулам 3 у Закон Рэспублікі Беларусь Аб папярэджванні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. У артыкуле 4 змяшчаюцца даручэнні Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь па прывядзенню актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Законам, прыняццю іншых мер, неабходных для рэалізацыі палажэнняў Закона. Артыкулам 5 вызначаецца дата ўступлення Закона ў сілу.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

Згодна з часткай першай артыкула 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі абвешчаны вышэйшай  каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 21 Канстытуцыі кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

 

Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі).

 

У якасці канстытуцыйных прынцыпаў у артыкуле 22 Асноўнага Закона абвешчаны роўнасць усіх перад законам і права кожнага без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Сацыяльны характар дзяржавы (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі) праяўляецца перш за ўсё ў адносінах да найбольш слабых пластоў насельніцтва, якія маюць неабходнасць ў падтрымцы і асобым клопаце і ўвазе, у тым ліку інвалідаў. У адпаведнасці з артыкулам 47 Асноўнага Закона грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам; дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

 

Забеспячэнне канстытуцыйных гарантый сацыяльнай абароны інвалідаў ажыццяўляецца шляхам прававога рэгулявання адпаведных адносін на ўзроўні закона, у тым ліку вызначэння ўмоў забеспячэння свабод і законных інтарэсаў інвалідаў.

 

На рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у адносінах да інвалідаў накіраваны перш за ўсё нормы спецыяльнага Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, што выкладаецца ў новай рэдакцыі (артыкул 1 Закона).

 

Закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, як вынікае з яго прэамбулы, мае мэтай ажыццяўленне эфектыўных мер па сацыяльнай абароне інвалідаў, забеспячэнню іх роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.

 

Палажэнні Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” выкладаюцца з улікам норм законаў Рэспублікі Беларусь “Аб папярэджванні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, “Аб ахове здароўя”, “Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (адмысловай адукацыі)” і іншых заканадаўчых актаў. У Законе “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” змяшчаюцца нормы, якімі рэалізуюцца палажэнні Канвенцыі аб правах інвалідаў, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 13 снежня 2006 г., што адпавядае практыцы фарміравання нарматыўнай прававой базы на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. Шэраг палажэнняў указанага Закона абумоўлены неабходнасцю больш дакладнага і яснага прававога рэгулявання адпаведных адносін у мэтах аднастайнага разумення і прымянення нарматыўных палажэнняў.

 

Так, уключэнне ў Закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” норм, якія вызначаюць статус інвалідаў, меры па сацыяльнай абароне інвалідаў у найбольш значных сферах жыццядзейнасці, перш за ўсё па стварэнню інвалідам роўных з іншымі грамадзянамі магчымасцей удзелу ў жыцці грамадства, накіраванае на забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, замацаваных у артыкулах 2, 21, 22 і 47 Канстытуцыі, што сведчыць аб выкананні дзяржавай канстытуцыйнага абавязку па прыняццю ўсіх даступных ёй мер для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (артыкул 59 Асноўнага Закона).

 

У артыкуле 4 Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” замацоўваецца права кожнага інваліда, які не ў стане задаволіць свае жыццёвыя патрэбнасці ўласнымі сіламі, на гарантаваную дапамогу з боку дзяржавы. Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнай абароны інвалідаў накіравана на забеспячэнне паўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства і праводзіцца на аснове прынцыпаў: захавання правоў чалавека; забароны дыскрымінацыі па прымеце інваліднасці; забеспячэння даступнасці медыцынскай, сацыяльнай, прафесійнай і працоўнай рэабілітацыі; роўных правоў інвалідаў нараўне з іншымі грамадзянамі на ахову здароўя, адукацыю і свабодны выбар працоўнай дзейнасці і інш.

 

Указаныя прынцыпы і кірункі дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны інвалідаў рэалізуюцца ў нормах Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, якія забяспечваюць прававое рэгуляванне адносін, што складваюцца ў  галіне рэабілітацыі і медыцынскага абслугоўвання інвалідаў, вызначэння сродкаў міжасобасных зносін, уключаючы дзяржаўную падтрымку жэставай мовы, рэалізацыі права інвалідаў на атрыманне асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі, стварэння для гэтага спецыяльных умоў і арганізацыі адукацыйнага працэсу, рэалізацыі інвалідамі правоў на працу і адпачынак, стварэння безбар’ернага асяроддзя для жыццядзейнасці інвалідаў, уключаючы забеспячэнне бесперашкоднага доступу інвалідаў да аб'ектаў сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры, сацыяльнай падтрымкі інвалідаў у выглядзе грашовых выплат, забеспячэння тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, жыллёва-бытавога абслугоўвання, аказання сацыяльных паслуг, фінансавання сацыяльнай падтрымкі інвалідаў.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на заканадаўчую навэлу, што замацоўваецца ў частцы чацвёртай артыкула 9 Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якой адмова інваліда або яго законнага прадстаўніка ад індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ў цэлым або ад рэалізацыі асобных яе частак вызваляе адпаведныя дзяржаўныя органы, а таксама арганізацыі і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў, ад адказнасці за яе выкананне. Разам з тым механізм рэалізацыі ўказанай нормы ў Законе адсутнічае. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на выяўленым канстытуцыйна-прававым сэнсе прыведзенай нормы, лічыць, што ў мэтах правапрымянення вызваленне ад адказнасці адпаведных дзяржаўных органаў, арганізацый і асоб, што займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў, за выкананне індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда можа мець месца толькі пры добраахвотнай і свядомай адмове інваліда або яго законнага прадстаўніка ад індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ў цэлым або ад рэалізацыі асобных яе частак, прычым пры ўмове, што такая адмова пацверджана адпаведнымі доказамі.

 

Паколькі выкананне індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда залежыць не толькі ад дзяржаўных органаў, арганізацый і асоб, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў, але і ад самога інваліда (яго законнага прадстаўніка), іх жадання і гатоўнасці ажыццяўляць прадугледжаныя праграмай меры па рэабілітацыі, то бясспрэчная адмова інваліда (яго законнага прадстаўніка) ад рэалізацыі праграмы ў цэлым або асобных яе частак не можа быць пастаўлена ў віну ўказаных органаў, арганізацый і асоб і з'яўляецца падставай для вызвалення іх ад адказнасці за невыкананне праграмы.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што пры такім заканадаўчым падыходзе будуць забяспечвацца належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, выключацца магчымасць злоўжывання сваім правам як інвалідам, яго законным прадстаўніком, так і адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і асобамі і тым самым рэалізоўвацца прынцыпы ўзаемнай адказнасці, разумнасці і справядлівасці.

 

Уключэнне ў Закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” шэрагу нарматыўных палажэнняў, якія фактычна дубліруюць асобныя нормы Закона “Аб папярэджванні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, хоць і не адпавядае патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, Правіл падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359, аб неабходнасці пазбягаць дубліравання норм дзеючых актаў, з’яўляецца апраўданым, паколькі забяспечвае комплекснае прававое рэгуляванне. З улікам мэтавай накіраванасці Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” такі падыход дазволіць дастаткова поўна і сістэмна рэгламентаваць узаемазвязаныя пытанні. У адваротным выпадку заканадавец павінен быў бы звярнуцца да выкарыстання адсылачных норм, што выключыла б цэласнаць успрымання заканадаўчых палажэнняў.

 

Заканадаўчыя падыходы да прававой рэгламентацыі пытанняў сацыяльнай абароны інвалідаў, якія замацоўваюцца ў Законе “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, абумоўліваюць таксама неабходнасць унясення змяненняў і дапаўненняў у іншыя заканадаўчыя акты. Удакладненне асобных норм Працоўнага кодэкса і Закона “Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, якое прадугледжваецца Законам, накіравана на ўзгадненне норм указаных актаў з нормамі спецыяльнага закона, што забяспечвае аднастайнасць прававога рэгулявання, выключае магчымасць неадназначнага разумення нарматыўных палажэнняў і іх прымянення, спрыяючы тым самым належнай рэалізацыі прынцыпу прававой дакладнасці.

 

Прымаючы да ўвагі выкладзенае, Канстытуцыйны Суд лічыць, змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў, якія ўносяцца Законам, па свайму зместу не супярэчаць Канстытуцыі, накіраваны на далейшае развіццё яе норм і прынцыпаў.

 

Па форме акта, парадку прыняцця, а таксама з пункта гледжання размеркавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі пры прыняцці акта Закон адпавядае патрабаванням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў” адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч