Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
17 ліпеня 2009 г. № Р-360/2009
Аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян у сферы працы

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот, у якім паведамляецца аб фактах уключэння наймальнікамі ў аб’явы аб свабодных рабочых месцах (вакансіях) умоў адносна ўзросту і полу работніка, якія, па меркаванню заяўніка, маюць дыскрымінацыйны характар.

Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21 Канстытуцыі). Замацаванае ў Асноўным Законе палажэнне аб прадастаўленні ўсім роўных правоў для ажыццяўлення любой дзейнасці, акрамя забароненай законам (частка другая артыкула 13), прадугледжвае недапушчэнне дыскрымінацыі грамадзян ва ўсіх галінах жыцця, у тым ліку ў сферы працы.

Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей (частка першая артыкула 41).

Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Важнейшымі міжнародна-прававымі дакументамі ў сферы працы з’яўляюцца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, а таксама Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае, што кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы; кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымінацыі, мае права на роўную аплату за роўную працу (артыкул 23). У Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах устаноўлена, што дзяржавы, якія ў ім удзельнічаюць, прызнаюць у ліку іншых права на працу, што ўключае права кожнага чалавека на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца (артыкул 6).

Змест агульнапрызнаных правоў чалавека ў сферы працы раскрываецца ў канвенцыях і рэкамендацыях Міжнароднай арганізацыі працы (далей – МАП). Так, згодна з пунктам 1 артыкула 1 Канвенцыі МАП № 111 адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў ад 25 чэрвеня 1958 года (далей – Канвенцыя № 111), тэрмін “дыскрымінацыя” уключае:

а) усякае адрозненне, выключэнне або перавагу, заснаваныя на прыметах расы, колеру скуры, полу, рэлігіі, палітычных перакананняў, нацыянальнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжанная і маюць сваім вынікам ліквідацыю або парушэнне роўнасці магчымасцей або звароты ў галіне працы і заняткаў;

б) усякае іншае адрозненне, выключэнне або перавагу, якія маюць сваім вынікам ліквідацыю або парушэнне роўнасці магчымасцей або звароты ў галіне працы і заняткаў, як яны могуць быць вызначаны дзяржавай – членам МАП па кансультацыі з прадстаўнічымі арганізацыямі прадпрымальнікаў і працоўных, дзе такія існуюць, і з іншымі адпаведнымі органамі.

Пры гэтым не лічацца дыскрымінацыяй усякае адрозненне, выключэнне або перавага, заснаваныя на спецыфічных патрабаваннях, звязаных з пэўнай работай (пункт 2 артыкула 1 Канвенцыі № 111).

Тэрміны “праца” і “заняткі” уключаюць доступ да прафесійнага навучання, доступ да працы і да розных заняткаў, а таксама ўмовы працы (пункт 3 артыкула 1 Канвенцыі № 111), гэта значыць забарона дыскрымінацыі дзейнічае ў адносінах не толькі работнікаў, але і іншых асоб, якія жадаюць працаўладкавацца.

Праведзены Канстытуцыйным Судом прававы аналіз Канвенцыі № 111 сведчыць аб тым, што ў ёй не вызначаюцца ўсе дыскрымінацыйныя акалічнасці, паколькі дапускаецца наяўнасць акалічнасцей, якія могуць быць прызнаны ў якасці такіх на нацыянальным узроўні.

У Рэспубліцы Беларусь гарантыі забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на працу, а таксама прынцып роўнасці пры рэалізацыі гэтага права замацаваны ў заканадаўстве аб працы.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 14 ПК дыскрымінацыя, гэта значыць абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу або неўдзелу ў прафсаюзах або іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, забараняецца.

Аналагічныя патрабаванні адносна дыскрымінацыйных акалічнасцей прадугледжаны ў абзацы другім часткі другой артыкула 10 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, што вызначае дзяржаўную палітыку і гарантыі дзяржавы ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

Згодна з часткай трэцяй артыкула 14 ПК не лічацца дыскрымінацыяй любыя адрозненні, выключэнні, перавагі і абмежаванні, заснаваныя на ўласцівых дадзенай рабоце патрабаваннях, а таксама абумоўленыя неабходнасцю асаблівага клопату дзяржавы аб асобах, якія маюць патрэбу ў павышанай сацыяльнай і прававой абароне (жанчыны, непаўналетнія, інваліды, асобы, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і інш.).

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, усе іншыя акалічнасці, што прыводзяць да адрозненняў, выключэнняў, пераваг і абмежаванняў, не звязаныя з дзелавымі якасцямі і не абумоўленыя спецыфікай працоўнай функцыі ці статусам работніка, могуць разглядацца як дыскрымінацыйныя. Разам з тым частка першая артыкула 14 ПК і абзац другі часткі другой артыкула 10 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” змяшчаюць вычарпальны пералік акалічнасцей, якія заканадавец адносіць да дыскрымінацыйных у сферы працы.

У адпаведнасці з Законам “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” дзяржаўная служба занятасці насельніцтва садзейнічае грамадзянам у пошуку падыходзячай работы, а наймальнікам – у падборы неабходных работнікаў (частка другая артыкула 13). Пры працаўладкаванні наймальнікамі часта выкарыстоўваюцца і публічныя формы прапанавання работы. Рознымі спосабамі (шляхам размяшчэння аб’яў у сродках масавай інфармацыі, на рэкламных шчытах і інш.) наймальнікі інфармуюць аб наяўных у іх вакансіях. Зацікаўленыя ў вопытных кваліфікаваных работніках, якія валодаюць прафесійнымі ведамі і практычнымі навыкамі, здольны граматна арганізоўваць работу і выконваць даручаныя заданні, наймальнікі нярэдка ўключаюць у свае прапановы, адрасаваныя нявызначанаму колу асоб, якія жадаюць працаўладкавацца, патрабаванні, што датычацца полу, узросту, месца жыхарства і іншых акалічнасцей. Указаныя патрабаванні ў шэрагу выпадкаў выключаюць для некаторых асоб магчымасць заключэння працоўнага дагавора.

Патрабаванні да ўзросту, пасля дасягнення якога дапускаюцца ўступленне ў працоўныя праваадносіны і іх спыненне, устаноўлены Канстытуцыяй, ПК і іншымі законамі.

У адпаведнасці з заканадаўствам заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца, як правіла, з 16 гадоў. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў) працоўны дагавор можа быць заключаны з асобай, якая дасягнула 14 гадоў (артыкул 21, часткі першая і другая артыкула 272 ПК). Права на паступленне на дзяржаўную службу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту (пункт 1 артыкула 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе у Рэспубліцы Беларусь”).

У заканадаўстве не змяшчаецца агульнага патрабавання аб неабходнасці абавязковага спынення працоўных праваадносін у сувязі з дасягненнем работнікам пэўнага ўзросту. Асобныя выключэнні датычацца, напрыклад, дзяржаўных служачых, для якіх гранічны ўзрост прабывання на дзяржаўнай службе складае 65 гадоў (пункт 1 артыкула 41 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”), для членаў Канстытуцыйнага Суда – 70 гадоў (частка трэцяя артыкула 116 Канстытуцыі).

Абмежаванні, звязаныя з узростам, могуць быць устаноўлены заканадаўствам таксама ў сілу спецыфікі працоўнай функцыі.

Такім чынам, заканадавец суадносіць магчымасць устанаўлення працоўных адносін і іх спынення з дасягненнем асобай пэўнага ўзросту толькі ў выпадках, калі выкарыстанне ўзроставага крытэрыю абумоўлена спецыфікай працоўнай функцыі ці асобым статусам работніка.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўстанаўленне на практыцы наймальнікамі пры вырашэнні пытанняў працаўладкавання іншых, не прадугледжаных заканадаўствам, абмежаванняў па ўзросту з’яўляецца неправамерным.

У артыкуле 30 Канстытуцыі замацавана права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь. Дадзеная норма карэспандуе іншым канстытуцыйным палажэнням, што гарантуюць рэалізацыю грамадзянамі права на свабодны выбар работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей. Такім чынам, такая акалічнасць, як месца жыхарства, што устанаўліваецца наймальнікам у якасці абавязковага патрабавання пры прыёме на работу, таксама не можа служыць падставай для адмовы ў заключэнні працоўнага дагавора, паколькі не ўлічвае прадугледжанае Канстытуцыяй права грамадзян на свабоду перамяшчэння і абмяжоўвае магчымасці рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на працу.

Адсутнасць у частцы першай артыкула 14 ПК і абзацы другім часткі другой артыкула 10 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” указанняў на ўзрост і месца жыхарства на практыцы можа прывесці да таго, што дадзеныя акалічнасці будуць разглядацца як дыскрымінацыйныя, тым больш, што ў артыкуле 21 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” не змяшчаецца палажэння аб забароне ўстанаўлення наймальнікам дыскрымінацыйных акалічнасцей у прапановах аб наяўных свабодных рабочых месцах (вакансіях).

Згодна з артыкулам 18 Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы да сумеснага вядзення Саюзнай дзяржавы і дзяржаў-удзельніц адносіцца ў тым ліку забеспячэнне роўных правоў грамадзян у пытаннях працаўладкавання. Канцэпцыяй сацяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2005 года, зацверджанай Пастановай Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ад 20 студзеня 2003 г. № 3, дзеянне якой прадоўжана да 2010 года, у якасці аднаго з асноўных напрамкаў і прыярытэтаў развіцця Саюзнай дзяржавы ў сацыяльна-працоўнай сферы вызначана фарміраванне агульнага рынку працы.

Пры параўнанні нарматыўнага замацавання забароны дыскрымінацыі ў сферы працы ў нашай дзяржаве і Расійскай Федэрацыі відавочна наяўнасць адрозненняў, сутнасць якіх заключаецца ў непаўнаце рэгламентацыі гэтага пытання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Акрамя дыскрымінацыйных акалічнасцей, прадугледжаных у пункце 1 артыкула 1 Канвенцыі № 111, што знайшлі адлюстраванне ў частцы першай артыкула 14 ПК, у Працоўным кодэксе Расійскай Федэрацыі змяшчаюцца ўказанні на ўзрост, месца жыхарства і іншыя акалічнасці (артыкулы 3, 64), адмова ў прыёме на работу па якіх таксама з’яўляецца  недапушчальнай. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адзначанае адрозненне ў прававым рэгуляванні падобных адносін не забяспечвае роўнасці правоў пры працаўладкаванні ў межах Саюзнай дзяржавы.

Уключэнне наймальнікамі ў прапановы аб свабодных рабочых месцах (вакансіях) патрабаванняў, якія датычацца ўзросту, месца жыхарства, іншых акалічнасцей, якія могуць быць прызнаны ў якасці дыскрымінацыйных, стварае перадумовы для парушэння замацаваных у Канстытуцыі правоў і свабод грамадзян: права грамадзян на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрабаванняў (частка першая артыкула 41); права жанчын на роўныя з мужчынамі магчымасці ў працы і прасоўванні па службе (частка пятая артыкула 32); свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь (артыкул 30).

З улікам палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынцыпаў і норм міжнародна-прававых актаў, выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм артыкула 14 ПК, артыкулаў 10 і 21 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, зыходзячы з прадугледжаных Асноўным Законам гарантый забеспячэння права на працу як найбольш годнага спосабу самасцвярджэння чалавека і неабходнасці дасягнення паўнаты прававога рэгулявання адносін у сферы працы, Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць ва ўстаноўленым у заканадаўстве аб працы пераліку дыскрымінацыйных акалічнасцей указанняў на такія акалічнасці, як ўзрост і месца жыхарства, а таксама вычарпальны характар дадзенага пераліку значна абмяжоўваюць гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права на працу.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права грамадзян на працу, паўнаты прававога рэгулявання ў сферы працоўных адносін унесці дапаўненні:

у артыкул 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, уключыўшы ўзрост і месца жыхарства ў лік дыскрымінацыйных акалічнасцей, устанавіўшы таксама іх адкрыты пералік;

у артыкулы 10 і 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, удакладніўшы замацаваны ў артыкуле 10 пералік дыскрымінацыйных акалічнасцей і прадугледзеўшы ў артыкуле 21 палажэнні аб недапушчэнні ўстанаўлення наймальнікам дыскрымінацыйных умоў у прапановах аб працаўладкаванні.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

 

 П.П.Міклашэвіч