Закон Рэспублікі Беларусь

Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду
ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2009 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2009 года

 

Гэты Закон накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь (калі не вызначана іншае, далей — грамадзяне) свабодна пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад.

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Сфера дзеяння гэтага Закона

Гэты Закон рэгулюе праваадносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з выездам з Рэспублікі Беларусь і ўездам у Рэспубліку Беларусь грамадзян, вызначае агульныя правілы выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян, у тым ліку падставы і парадак часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, і асаблівасці выезду з Рэспублікі Беларусь асобных катэгорый грамадзян, а таксама вызначае агульныя пытанні афармлення пастаяннага пражывання грамадзян за межамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаныя іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь

Кожны грамадзянін мае права выязджаць з Рэспублікі Беларусь і ўязджаць у Рэспубліку Беларусь.

Грамадзянін не можа быць пазбаўлены права на выезд з Рэспублікі Беларусь і права на ўезд у Рэспубліку Беларусь.

Права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць часова абмежавана ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, аховы маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асобаў.

Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана.

Артыкул 4. Права грамадзян на абарону і апеку Рэспублікі Беларусь

Грамадзянам гарантуецца абарона і апека Рэспублікі Беларусь за межамі Рэспублікі Беларусь.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць меры па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, і апекавацца імі ў парадку, што вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, калі ў дзяржаве знаходжання грамадзян адсутнічаюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляцца адпаведнымі органамі іншых замежных дзяржаў.

У выпадку, калі ў замежнай дзяржаве ўзнікае надзвычайная сітуацыя, Рэспубліка Беларусь гарантуе прыняцце дыпламатычных і іншых прадугледжаных міжнародным правам мераў па забеспячэнні бяспекі грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі гэтай замежнай дзяржавы.

У выпадку, калі ў замежнай дзяржаве ўзнікаюць абставіны, якія ўскладняюць прыняцце мераў па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і апеку з боку Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь прымае меры па давядзенні да ведама грамадзян рэкамендацый аб непажаданасці ўезду ў гэту замежную дзяржаву. Такія рэкамендацыі не з'яўляюцца падставай для часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Недапушчальнасць абмежавання правоў грамадзян у сувязі з афармленнем пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь або пастаянным пражываннем за межамі Рэспублікі Беларусь

Грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзяне, якія заявілі аб сваім жаданні аформіць пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь, карыстаюцца ўсімі правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 2

Агульныя правілы выезду з Рэспублікі Беларусь
і ўезду ў Рэспубліку
Беларусь грамадзян.
Часовае абмежаванне
права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь

Артыкул 6. Дакументы для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь

Грамадзяне выязджаюць з Рэспублікі Беларусь і ўязджаюць у Рэспубліку Беларусь па наступных сапраўдных дакументах:

пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

дыпламатычным пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

службовым пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

нацыянальным пасведчанні асобы марака Рэспублікі Беларусь.

Аднаразовы ўезд грамадзян у Рэспубліку Беларусь можа ажыццяўляцца па пасведчанні на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь.

Парадак выдачы, выкарыстання, абмену, прызнання несапраўднымі, канфіскацыі, захоўвання і знішчэння дакументаў для выезду з Рэспублікі Беларусь і (або) уезду ў Рэспубліку Беларусь вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7. Падставы для часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь

Права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць часова абмежавана, калі:

ён ведае звесткі, якія складаюць дзяржаўную тайну, — да заканчэння тэрміну, вызначанага ў дагаворы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў;

ён з'яўляецца падазроным або абвінавачваным па крымінальнай справе, — на тэрмін, які вызначаны органам крымінальнага пераследу, але не больш чым да спынення крымінальнага пераследу альбо да ўваходжання прыгавору суда ў законную сілу;

ён асуджаны за ўчыненне злачынства, за выключэннем асуджаных без прызначэння пакарання або да пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, — на тэрмін, вызначаны органам або ўстановай, якая выконвае пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці, але не больш чым да адбыцця пакарання або вызвалення ад пакарання альбо да заканчэння тэрміну адтэрмінавання выканання пакарання або выпрабавальнага тэрміну;

за ім устаноўлены прэвентыўны нагляд, — да спынення прэвентыўнага нагляду;

ён не выконвае без уважлівых прычын маёмасныя, падатковыя або іншыя абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, вызначаныя судовымі пастановамі, якія ўвайшлі ў законную сілу, або выканаўчымі дакументамі, — на тэрмін, вызначаны судом, але не больш чым да выканання абавязацельстваў;

яму прад'яўлены грамадзянскі іск у судзе, — на тэрмін, вызначаны судом, але не больш чым да заканчэння вытворчасці па справе;

ён з'яўляецца даўжніком па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) або зацікаўленай асобай у дачыненні да даўжніка — юрыдычнай асобы, — з моманту адкрыцця конкурснай вытворчасці на тэрмін, вызначаны судом, але не больш чым да заканчэння вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве);

ён ухіляецца ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве, — да яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве.

Артыкул 8. Дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь і іншыя юрыдычныя асобы, якія прымаюць рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь

Рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь прымаюцца:

дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія заключылі з грамадзянамі дагаворы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў, — у дачыненні да грамадзян, якія ведаюць звесткі, што складаюць дзяржаўную тайну;

органамі крымінальнага пераследу — у дачыненні да грамадзян, які падазраюцца або абвінавачваюцца па крымінальных справах;

органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці, — у дачыненні да грамадзян, асуджаных за ўчыненне злачынства;

судамі — у дачыненні да грамадзян:

за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд;

якія не выконваюць без уважлівых прычын маёмасныя, падатковыя або іншыя абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, вызначаныя судовымі пастановамі, якія ўвайшлі ў законную сілу, або выканаўчымі дакументамі;

якім прад'яўлены грамадзянскі іск у судзе;

якія з'яўляюцца даўжнікамі па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) або зацікаўленымі асобамі ў дачыненні да даўжніка — юрыдычнай асобы;

ваеннымі камісарыятамі — у дачыненні да грамадзян, якія ўхіляюцца ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве.

Артыкул 9. Выезд з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін грамадзян, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана

Грамадзяніну, права на выезд якога з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, у сувязі з неабходнасцю яго тэрміновага лячэння або ўдзелу ў крымінальным працэсе за межамі Рэспублікі Беларусь альбо ў сувязі з цяжкай хваробай або смерцю блізкага сваяка, які пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь, можа быць дазволены выезд з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін.

Рашэнні аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін грамадзян, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, прымаюцца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь або іншымі юрыдычнымі асобамі, якія прынялі рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, за выключэннем грамадзян, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, рашэнні аб дазволе выезду якіх з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін прымаюцца органамі або ўстановамі, якія ажыццяўляюць пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці.

Артыкул 10. Парадак выканання рашэнняў аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь і аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін

Звесткі аб грамадзянах, у дачыненні да якіх прынятыя рашэнні аб часовым абмежаванні іх права на выезд з Рэспублікі Беларусь, а таксама звесткі аб прыняцці ў дачыненні да такіх грамадзян рашэнняў аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін уключаюцца ў банк звестак аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

Парадак вядзення банка звестак аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь або іншая юрыдычная асоба, якія прынялі рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь, не пазней чым за адзін дзень з даты прыняцця рашэння аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь накіроўваюць грамадзяніну адпаведнае паведамленне.

Рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь і аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін грамадзян, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, выконваюцца органамі пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь (далей — органы пагранічнай службы) у пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у парадку, які вызначаецца Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Парадак зняцця часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь

Заканчэнне тэрмінаў і адпаданне падстаў, пазначаных у артыкуле 7 гэтага Закона, цягнуць зняцце часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, якое афармляецца адпаведным рашэннем.

Рашэнні аб зняцці часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь прымаюцца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія прынялі рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь або іншая юрыдычная асоба, якія прынялі рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь, не пазней чым за адзін дзень з даты прыняцця рашэння аб зняцці часовага абмежавання права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь накіроўваюць грамадзяніну адпаведнае паведамленне.

Звесткі аб зняцці часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў банк звестак аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

Глава 3

Асаблівасці выезду
з Рэспублікі Беларусь
няпоўнагадовых
грамадзян

Артыкул 12. Агульныя правілы выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых грамадзян

Грамадзяне, якія не дасягнулі васемнаццаці гадоў, калі яны не набылі дзеяздольнасць у поўным аб'ёме ў выніку заключэння шлюбу або аб'яўлення цалкам дзеяздольнымі (далей — няпоўнагадовыя), могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь:

у суправаджэнні абодвух законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні законнымі прадстаўнікамі няпоўнагадовага супрацоўніку органа пагранічнай службы дакументаў, якія пацвярджаюць статус законных прадстаўнікоў няпоўнагадовага;

у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні законным прадстаўніком няпоўнагадовага супрацоўніку органа пагранічнай службы дакумента, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка няпоўнагадовага;

без суправаджэння законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні няпоўнагадовым або асобай, якая суправаджае яго, супрацоўніку органа пагранічнай службы пісьмовай згоды абодвух законных прадстаўнікоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкуламі 13 —16 гэтага Закона.

У выпадку, калі адзін з законных прадстаўнікоў не згодны з парадкам выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага, прадугледжаным гэтым Законам, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага.

На падставе рашэння суда аб вызначэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага, які адрозніваецца ад парадку, прадугледжанага гэтым Законам, звесткі аб няпоўнагадовым і аб вызначаным парадку яго выезду з Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў банк звестак аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

Артыкул 13. Выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых без суправаджэння законных прадстаўнікоў у выпадку адсутнасці аднаго з законных прадстаўнікоў або немагчымасці атрымання яго згоды

У выпадку адсутнасці аднаго з законных прадстаўнікоў або немагчымасці атрымання яго згоды няпоўнагадовы можа выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваім дакуменце для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь без суправаджэння законных прадстаўнікоў з пісьмовай згоды аднаго законнага прадстаўніка пры прад'яўленні няпоўнагадовым або асобай, якая яго суправаджае, супрацоўніку органа пагранічнай службы аднаго з наступных дакументаў:

копіі рашэння суда аб магчымасці выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага без згоды іншага законнага прадстаўніка;

копіі рашэння суда аб прызнанні іншага законнага прадстаўніка недзеяздольным;

копіі рашэння суда аб пазбаўленні іншага законнага прадстаўніка бацькоўскіх правоў;

копіі пастановы суда альбо органа крымінальнага пераследу аб аб'яўленні вышуку іншага законнага прадстаўніка;

Шлюбнага дагавора або Пагаднення аб дзецях, у якіх прадугледжана магчымасць выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага без згоды іншага законнага прадстаўніка, альбо іх копіі;

пасведчання аб смерці іншага законнага прадстаўніка або яго копіі;

копіі рашэння суда аб аб'яўленні іншага законнага прадстаўніка памерлым;

копіі рашэння суда аб прызнанні іншага законнага прадстаўніка адсутным без вестак;

даведкі органа, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, аб тым, што запіс аб бацьку дзіцяці ў кнізе запісаў актаў аб нараджэнні ажыццёўлена на падставе заявы маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, у адпаведнасці з артыкулам 55 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, або яе копіі.

Для пацвярджэння адсутнасці аднаго з законных прадстаўнікоў або немагчымасці атрымання яго згоды на выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага могуць выкарыстоўвацца дакументы, аналагічныя названым у частцы першай гэтага артыкула, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў.

Артыкул 14. Выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых для аздараўлення, лячэння або кансультацыі

Няпоўнагадовыя могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь для аздараўлення ў складзе агульных або спецыяльных арганізаваных групаў дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне за мяжу, па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні асобай, якая суправаджае іх, супрацоўніку органа пагранічнай службы спісу дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне за мяжу ў складзе агульнай або спецыяльнай арганізаванай групы, і суправаджальных асобаў, які завераны арганізацыяй, што мае права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з аздараўленнем дзяцей за мяжой, з дазволам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што пацвярджае гуманітарны характар паездкі.

Няпоўнагадовыя могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь для лячэння або кансультацыі па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні няпоўнагадовым або асобай, якая суправаджае яго, супрацоўніку органа пагранічнай службы рашэння камісіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб накіраванні няпоўнагадовага на лячэнне або кансультацыю за межы Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 15. Выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых, якія маюць статус дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў

Няпоўнагадовыя, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і маюць статус дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні няпоўнагадовым або асобай, якая яго суправаджае, супрацоўніку органа пагранічнай службы:

рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб накіраванні няпоўнагадовага на вучобу за межы Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў — у выпадку выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага на вучобу тэрмінам больш чым 30 каляндарных дзён;

дакументаў, названых у артыкуле 14 гэтага Закона, — у выпадку выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага для аздараўлення, лячэння або кансультацыі;

копіі загада ўпраўлення (аддзела) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага на пэўны тэрмін у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў — у выпадку выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага па іншых падставах.

Артыкул 16. Выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, і няпоўнагадовых, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь па дыпламатычных або службовых пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь

Няпоўнагадовыя, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў.

Няпоўнагадовыя могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваіх дыпламатычных або службовых пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў альбо без суправаджэння законных прадстаўнікоў, але з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў.

Артыкул 17. Дакументы, якія пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка няпоўнагадовага

Дакументамі, якія пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка няпоўнагадовага, з'яўляюцца:

дакумент для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь законнага прадстаўніка, у якім ёсць адзнака аб няпоўнагадовым, законным прадстаўніком якога з'яўляецца ўладальнік дакумента;

пасведчанне аб нараджэнні няпоўнагадовага;

пасведчанне аб усынаўленні (удачарэнні) або копія рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) няпоўнагадовага — у выпадку, калі ўсынавіцель не запісаны ў кнізе запісаў актаў аб нараджэнні ў якасці аднаго з бацькоў ўсыноўленага (удачаронай) ім няпоўнагадовага;

пасведчанне на права быць прадстаўніком інтарэсаў падапечнага;

дагавор аб перадачы няпоўнагадовага на выхаванне ў прыёмную сям'ю;

дагавор аб умовах выхавання і забеспячэння няпоўнагадовага ў дзіцячым доме сямейнага тыпу;

копія рашэння органа апекі і папячыцельства аб устанаўленні апекі або папячыцельства над няпоўнагадовым і прызначэнні грамадзяніна апекуном або папячыцелем няпоўнагадовага.

Для выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых супрацоўніку органа пагранічнай службы замест арыгіналаў дакументаў, названых у абзацах трэцім—сёмым часткі першай гэтага артыкула, могуць прад'яўляцца іх копіі.

Для пацвярджэння статусу законнага прадстаўніка няпоўнагадовага могуць выкарыстоўвацца дакументы, аналагічныя названым у частцы першай гэтага артыкула, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў.

Артыкул 18. Засведчанне пісьмовай згоды законнага прадстаўніка на выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага, прыняцце дакументаў і іх копій

Пісьмовая згода законнага прадстаўніка на выезд з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовага павінна быць засведчана натарыусам альбо іншай службовай асобай, якая мае права ажыццяўляць такое натарыяльнае дзеянне, альбо службовай асобай падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства законнага прадстаўніка або няпоўнагадовага, альбо кампетэнтным органам або службовай асобай замежнай дзяржавы.

Копіі дакументаў, неабходных для выезду з Рэспублікі Беларусь няпоўнагадовых, прымаюцца пры ўмове, што іх правільнасць засведчана натарыусам альбо іншай службовай асобай, якая мае права ажыццяўляць такое натарыяльнае дзеянне, альбо органам, які выдаў адпаведны дакумент.

Дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў, прымаюцца пры наяўнасці іх легалізацыі або апастылю, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў і складзеныя на замежнай мове, павінны суправаджацца іх перакладам на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Дакладнасць перакладу або сапраўднасць подпісу перакладчыка на перакладзе павінны быць засведчаны натарыусам альбо іншай службовай асобай, якая мае права ажыццяўляць такое натарыяльнае дзеянне.

Глава 4

Афармленне пастаяннага пражывання грамадзян
за межамі
Рэспублікі Беларусь.
Консульскі ўлік грамадзян

Артыкул 19. Афармленне пастаяннага пражывання грамадзян за межамі Рэспублікі Беларусь

Пастаяннае пражыванне грамадзян за межамі Рэспублікі Беларусь афармляецца шляхам выдачы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь і пастаноўкі на консульскі ўлік грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь.

Афармленне пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь грамадзян, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, не дапускаецца да зняцця часовага абмежавання іх права на выезд з Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб выдачы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь грамадзяніну, які пражывае ў Рэспубліцы Беларусь і жадае выехаць на пастаяннае жыхарства за межы Рэспублікі Беларусь, прымаецца органам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства.

Рашэнне аб выдачы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь грамадзяніну, які выехаў з Рэспублікі Беларусь для часовага знаходжання і жадае аформіць пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь, прымаецца дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Абавязкі грамадзян, якія жадаюць аформіць пастаяннае пражыванне за межамі Рэспублікі Беларусь

Грамадзяне, якія заявілі аб сваім жаданні пастаянна пражываць за межамі Рэспублікі Беларусь, да афармлення пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь абавязаныя ў парадку, які вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь:

выканаць падатковыя абавязацельствы;

спыніць дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка — для грамадзян, якія ажыццяўляюць такую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

атрымаць згоду ваеннага камісарыята на афармленне пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь — для прызыўнікоў;

выканаць аліментныя абавязацельствы ў дачыненні да фізічных асобаў, на якіх распаўсюджваецца юрысдыкцыя Рэспублікі Беларусь, альбо ўрэгуляваць свае адносіны з названымі асобамі — для грамадзян, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь абавязаны ўтрымліваць фізічных асобаў, на якіх распаўсюджваецца юрысдыкцыя Рэспублікі Беларусь;

кампенсаваць выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, — для грамадзян, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь абавязаны кампенсаваць такія выдаткі.

Артыкул 21. Консульскі ўлік грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь

Грамадзяне, якія атрымалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь, абавязаныя стаць на консульскі ўлік грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, у дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь у дзяржаве пастаяннага пражывання, а ў выпадку адсутнасці дыпламатычнага прадстаўніцтва або консульскай установы Рэспублікі Беларусь у дзяржаве пастаяннага пражывання — у дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь у іншай найбліжэйшай дзяржаве альбо ў галоўным консульскім упраўленні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і жадаюць вярнуцца на пастаяннае жыхарства ў Рэспубліку Беларусь, абавязаны зняцца з консульскага ўліку грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, па месцы пастаноўкі на консульскі ўлік.

На падставе звестак консульскага ўліку грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь вядзецца банк звестак аб грамадзянах, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь.

Парадак вядзення банка звестак аб грамадзянах, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 22. Консульскі ўлік грамадзян, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь

Грамадзяне, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, маюць права звярнуцца ў дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь у дзяржаве іх часовага знаходжання з заявай аб пастаноўцы на консульскі ўлік грамадзян, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 5

Абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці)
дзяржаўных органаў
Рэспублікі Беларусь
і іншых юрыдычных
асобаў
(службовых асобаў).
Адказнасць за парушэнне гэтага Закона

Артыкул 23. Права грамадзян на абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і іншых юрыдычных асобаў (службовых асобаў)

Грамадзяне маюць права на абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і іншых юрыдычных асобаў (службовых асобаў), звязаных з выкананнем гэтага Закона, у тым ліку рашэнняў аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, у вышэйшы дзяржаўны орган (вышэйшай службовай асобе) і (або) суд.

Артыкул 24. Адказнасць за парушэнне гэтага Закона

Асобы, вінаватыя ў парушэнні гэтага Закона, у тым ліку ў прыняцці неправамоцных рашэнняў аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 6

Заключныя палажэнні

Артыкул 25. Прызнанне страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў

Прызнаць страціўшымі сілу:

Закон Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 1993 года "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 22, ст. 274);

пункты 1 і 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 1994 года "Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1994 г., № 6, ст. 74);

пункт 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 1996 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 22, ст. 394);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1997 года "Аб унясенні змянення і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 35, ст. 742);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2000 года "Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 47, 2/148);

артыкул 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 2002 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь у сувязі з рэарганізацыяй сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 87, 2/883);

артыкул 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2007 года "Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 170, 2/1348);

Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 1993 года "Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 22, ст. 275).

Артыкул 26. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу шасці месяцаў:

сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ў вызначаным парадку прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць меры па прывядзенні іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі яго палажэнняў.

Артыкул 27. Уваходжанне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уваходзіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 26, якія ўваходзяць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

20 верасня 2009 года, г. Мінск.

№ 49-З