Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 верасня 2009 г. № Р-361/2009
Аб разглядзе спрэчак, якія выцякаюць з адносін па страхаванню

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, а таксама іншых прапаноў, якія выцякаюць з кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот арганізацыі, што датычыцца супярэчлівай практыкі агульных і гаспадарчых судоў па прымяненню норм Палажэння аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 “Аб страхавой дзейнасці” (далей – Палажэнне).

 

У звароце, што паступіў у Канстытуцыйны Суд, указваецца на адсутнасць адзінства судовай практыкі агульных і гаспадарчых судоў у частцы спагнання са страхоўшчыка, які ажыццяўляе абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, розніцы паміж сумай страхавой кампенсацыі, вызначанай на аснове разліковага метаду, і сумай фактычных расходаў, панесеных пацярпеўшым на аднаўленне транспартнага сродку, а таксама ў частцы спагнання з указанага страхоўшчыка сумы страхавога забеспячэння, выплачанай на карысць пацярпеўшага страхоўшчыкам, які ажыццяўляе абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 "Аб страхавой дзейнасці", іншых нарматыўных прававых актаў і матэрыялаў, што маюць адносіны да разглядаемага пытання, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

 

Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы нясуць адказнасць за дзеянні, што парушаюць правы і свабоды асобы (артыкул 59 Канстытуцыі).

 

Адным са спосабаў забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца магчымасць іх абароны кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60 Канстытуцыі). Судовая абарона правоў і свабод грамадзян гарантуецца Канстытуцыяй, як і роўная абарона без усякай дыскрымінацыі, правоў і законных інтарэсаў у сілу роўнасці ўсіх перад законам (артыкул 22 Канстытуцыі). Указаныя канстытуцыйныя гарантыі дзейнічаюць таксама ў адносінах да юрыдычных асоб, арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і індывідуальных прадпрымальнікаў (далей – юрыдычныя асобы).

Згодна з часткай першай артыкула 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных актаў.

 

Прынцып прававой дакладнасці, які выцякае з асноватворнага канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі), прадугледжвае не толькі лагічную ўзгодненасць прававых норм, пэўнасць, несупярэчлівасць і яснасць іх выкладання, але і адназначнасць тлумачэння і прымянення нарматыўных прававых актаў на практыцы. Адсутнасць адзінства тлумачэння, як правіла, цягне супярэчлівае прымяненне нарматыўных прававых актаў.

 

Такім чынам, пры адпраўленні правасуддзя суды, будучы звязанымі патрабаваннямі Канстытуцыі, абавязаны забяспечыць выкананне прынцыпаў прававой дакладнасці, справядлівасці, роўнай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. З указаных патрабаванняў выцякае неабходнасць дасягнення адзінства тлумачэння і практыкі прымянення нарматыўных прававых актаў.

 

2. Прававую аснову рэгулявання адносін у сферы страхавання складаюць Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 “Аб страхавой дзейнасці" (далей – Указ № 530), якім зацверджана Палажэнне, а таксама іншыя акты заканадаўства, у тым ліку прынятыя на падставе Указа № 530.

 

2.1. У адпаведнасці з падпунктам 4.1 пункта 4 Палажэння адным з відаў абавязковага страхавання ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.

 

Згодна з пунктам 126 Палажэння страхоўшчык абавязаны пры наступленні кожнага страхавога выпадку кампенсаваць прычыненую ў выніку дарожна-транспартага здарэння шкоду жыццю, здароўю і (або) маёмасці пацярпеўшага ў межах ліміту адказнасці, устаноўленага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

 

Правілы вызначэння размеру шкоды, прычыненай транспартнаму сродку ў выніку дарожна-транспартнага здарэння, для мэт абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў зацвярджаюцца Беларускім бюро па транспартнаму страхаванню па ўзгадненню з Міністэрствам транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь (частка другая пункта 162 Палажэння).

 

Згодна з часткай шостай пункта 158 Палажэння страхавая кампенсацыя выплачваецца на падставе разліку кошту аднаўленчага рамонту транспартнага сродку, за вылікам кошту яго аднаўлення, без уліку падатку на дабаўленую вартасць і іншых падаткаў (збораў). Пры прадстаўленні пацярпеўшым дакументаў, што пацвярджаюць факт рамонту транспартнага сродку ў арганізацыі або ў індывідуальнага прадпрымальніка, якія маюць адпаведны дазвол, страхоўшчык абавязаны даплаціць страхавую кампенсацыю ў размеры фактычна заплачанага падатку на дабаўленую вартасць і іншых падаткаў (збораў), уключаных у кошт аказаных аўтасэрвісам паслуг, за ўстараненне пашкоджанняў, што адносяцца да дадзенага страхавога выпадку, у межах устаноўленага ліміту адказнасці.

 

Падпунктам 1.2 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 531 “Аб устанаўленні размераў страхавых тарыфаў, страхавых узносаў, лімітаў адказнасці па асобных відах абавязковага страхавання” ліміты адказнасці па абавязковаму страхаванню грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў за шкоду, прычыненую ў выніку дарожна-транспартнага здарэння, устаноўлены ў размерах: жыццю або здароўю пацярпеўшага, – 10 000 еўра; маёмасці пацярпеўшых, – 10 000 еўра.

 

Пры перавышэнні сумы кампенсацыі шкоды ўстаноўленага ліміту адказнасці пацярпеўшы мае права прад’явіць асобе, якая прычыніла шкоду, іск аб кампенсаванні шкоды на суму, што перавышае ўказаны ліміт (частка першая пункта 127 Палажэння).

 

У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 823 ГК у выпадку, калі адказнасць за прычыненне шкоды застрахавана з прычыны таго, што яе страхаванне абавязковае, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або дагаворам страхавання такой адказнасці, асоба, на карысць якой лічыцца заключаным дагавор страхавання, мае права прад’явіць патрабаванне аб кампенсаванні шкоды ў межах страхавой сумы (ліміту адказнасці).

 

Пунктамі 1 і 2 артыкула 855 ГК устаноўлена, што калі дагаворам маёмаснага страхавання і страхавання адказнасці не прадугледжана іншае, да страхоўшчыка, які выплаціў страхавую кампенсацыю, пераходзіць у межах выплачанай сумы права патрабавання, якое страхоўшчык (выгаданабытчык) мае да асобы, адказнай за страты, кампенсаваныя ў выніку страхавання (субрагацыя). Права патрабавання, якое перайшло да страхоўшчыка, рэалізуецца ім з выкананнем правіл, што рэгулююць адносіны паміж страхоўшчыкам (выгаданабытчыкам) і асобай, адказнай за страты.

 

Згодна з артыкулам 941 ГК юрыдычная асоба або грамадзянін, якія застрахавалі сваю адказнасць у парадку добраахвотнага або абавязковага страхавання на карысць пацярпеўшага (артыкул 823, пункт 1 артыкула 825 гэтага Кодэкса), у выпадку, калі страхавой кампенсацыі недастаткова для таго, каб поўнасцю кампенсаваць прычыненую шкоду, пакрываюць розніцу паміж страхавой кампенсацыяй і фактычным размерам страты.

 

На падставе прыведзеных норм ГК і Палажэння страхоўшчык, які выплаціў страхавую кампенсацыю па дагавору добраахвотнага страхавання наземных транспартных сродкаў, прад'яўляе ў судовым парадку патрабаванні аб спагнанні ўказанай сумы да страхоўшчыка, у якога застрахавана адказнасць асобы, якая прычыніла шкоду.

 

2.2 У адпаведнасці з падпунктам 4.1 пункта 4 Палажэння адным з відаў абавязковага страхавання ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца таксама абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

Да адносін, звязаных з указаным відам страхавання, прымяняюцца артыкулы 855 і 941 ГК.

 

Акрамя таго, у пункце 2991 Палажэння прадугледжана, што страхоўшчык па дагавору абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў мае права ажыццяўляць у межах выплачаных сум страхавой кампенсацыі права патрабавання, якое перайшло да яго ў парадку субрагацыі і якое страхоўшчык мае да асобы, адказнай за страты, кампенсаваныя ў выніку страхавання. У дадзеным пункце вызначаюцца і выпадкі, пры якіх страхоўшчык можа рэалізаваць гэта права.

 

З улікам прыведзеных норм страхавая арганізацыя, якая ажыццяўляе абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў і якая выплаціла на карысць пацярпеўшага пры прычыненні шкоды яго жыццю або здароўю суму страхавога забеспячэння, звяртаецца ў суд з іскавай заявай аб спагнанні ўказанай сумы страхавога забеспячэння са страхоўшчыка, які ажыццяўляе абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартных сродкаў – віноўніка дарожна-транспартнага здарэння.

 

3. Зварот арганізацыі і наяўныя матэрыялы паказваюць, што разгляд судамі спраў, звязаных з выплатай страхавой кампенсацыі па дагавору абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, носіць супярэчлівы характар.

 

3.1. Па меркаванню Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, права патрабавання страхоўшчыка, які выплаціў страхавую кампенсацыю па дагавору добраахвотнага страхавання наземных транспартных сродкаў, можа быць рэалізавана і зверх сумы страхавой кампенсацыі, вызначанай разліковым метадам, але ў межах ліміту адказнасці, устаноўленага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым агульныя суды ў межах указанага ліміту адказнасці задавальняюць іскі да страхавых арганізацый, якія ажыццяўляюць абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, што прычынілі шкоду, аб пакрыцці розніцы паміж фактычным коштам рамонту і сумай страхавой кампенсацыі, разлічанай страхоўшчыкам.

 

Як вынікае са звароту, агульныя суды, засноўваючыся на прыведзеных вышэй нормах артыкулаў 855, 941 ГК, пункта 2991 Палажэння, выносяць рашэнні таксама аб задавальненні іскавых патрабаванняў страхоўшчыкаў, якія ажыццяўляюць абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў і выплацілі на карысць пацярпеўшых страхавое забеспячэнне ў сувязі са стратай імі здароўя, прафесійнай працаздольнасці або іх смерцю ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці, да страхоўшчыкаў, якія ажыццяўляюць абавязковае страхаванне ўладальнікаў транспартных сродкаў, аб спагнанні выплачаных сум.

 

У пастановах Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2004 г. № 9 “Аб судовай практыцы па справах аб кампенсацыі шкоды, прычыненай транспартнымі сродкамі” і ад 22 снежня 2005 г. № 12 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў” у парадку судовага тлумачэння агульным судам даюцца растлумачэнні па пытаннях адпаведна разгляду спраў аб кампенсацыі шкоды, прычыненай транспартнымі сродкамі, і спраў аб прымяненні заканадаўства аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

 

Разам з тым ва ўказаных пастановах змяшчаюцца рэкамендацыі агульным судам па разгляду названых катэгорый спраў са спасылкамі на нормы ГК і Палажэння адносна выкладзеных у гэтым рашэнні пытанняў без іх канкрэтызацыі і ўдакладнення.

 

3.2. З матэрыялаў звароту бачна, што гаспадарчыя суды пры вынясенні рашэнняў па спрэчках аб страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў кіруюцца падыходам, згодна з якім размер шкоды, што падлягае спагнанню са страхоўшчыка, які ажыццяўляе абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартных сродкаў, не можа перавышаць сумы страхавой кампенсацыі, вызначанай разліковым метадам. Такім чынам, патрабаванне, прад’яўленае ў парадку субрагацыі страхоўшчыкам, які выплаціў страхавую кампенсацыю па дагавору добраахвотнага страхавання наземных транспартных сродкаў, задавальненню не падлягае.

 

Кампенсаванне страт, панесеных істцом у сувязі са страхавымі выплатамі па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, гаспадарчымі судамі не прызнаецца страхавым выпадкам па дагавору абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Рашэнні, якія выносяцца гаспадарчымі судамі, матывуюцца падпунктам 3.2 пункта 3 Указа № 530, згодна з якім страхавыя выплаты за шкоду, прычыненую жыццю, здароўю пацярпеўшага, абавязаны праводзіць у поўным аб'ёме як страхоўшчык, які заключыў дагавор абавязковага страхавання  грамадзянскай  адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, так і страхоўшчык, які заключыў дагавор абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

 

4. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адны і тыя ж нормы Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 “Аб страхавой дзейнасці”, уключаючы Палажэнне аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанае дадзеным Указам, агульнымі і гаспадарчымі судамі разумеецца па-рознаму. Нягледзячы на тое што Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 замацоўваюць аднолькавыя падыходы да прававога рэгулявання адносін па страхаванню, не прадугледжваючы асаблівасцей вырашэння спрэчак у залежнасці ад іх падведамнасці, па зваротах у суды з аналагічным прадметам спрэчкі ў агульных і гаспадарчых судах прымаюцца супярэчлівыя рашэнні. Такія падыходы ў вырашэнні спрэчак у прававой дзяржаве, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі), недапушчальныя і ставяць пад сумненне гарантаванасць абароны ў поўным аб’ёме правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў юрыдычных асоб у судзе. Гарантыі на роўную абарону маюць сэнс толькі тады, калі суд сапраўды здольны правільна вытлумачыць норму права, прымяніць яе і ў выніку вынесці законную і абгрунтаваную судовую пастанову, аднавіўшы парушанае права.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што, зыходзячы з прадугледжаных Канстытуцыяй гарантый забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, неабходнасці выканання правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў юрыдычных асоб, забеспячэння належнай судовай абароны грамадзян і юрыдычных асоб, Вярхоўнаму і Вышэйшаму Гаспадарчаму судам неабходна забяспечыць узгодненае судовае тлумачэнне прававых норм у сферы страхавання, якія прымяняюцца агульнымі і гаспадарчымі судамі пры разглядзе спраў, звязаных з абавязковым страхаваннем грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, што дазволіць забяспечыць аднастайнае прымяненне заканадаўства ў судовай практыцы.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай восьмай артыкула 22, часткамі другой і чатырнаццатай артыкула 24, артыкуламі 82 і 83 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння належнай абароны правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў юрыдычных асоб, выканання прынцыпу прававой дакладнасці на сумесным пасяджэнні пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь даць у парадку судовага тлумачэння растлумачэнні судам па адзначаных у гэтым рашэнні пытаннях прымянення заканадаўства па страхаванню.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь і Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку прыняць сумесную пастанову пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па ўказаных пытаннях.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда   

Рэспублікі Беларусь                                                                                                            П.П.Міклашэвіч