Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 518

Аб некаторых пытаннях арэнды
і бязвыплатнага карыстання маёмасцю

У мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, удасканалення парадку вызначэння памераў арэнднай платы пры здачы ў арэнду маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай і прыватнай уласнасці:

рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Генеральная пракуратура забяспечваюць пералічэнне ў рэспубліканскі бюджэт платы за права заключэння дагавора арэнды капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, іх частак (далей — нерухомая маёмасць), што знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, атрыманай пры правядзенні аўкцыёну па продажы права заключэння дагавора арэнды (далей — плата), і сродкаў, якія атрыманы ад здачы ў арэнду гэтай маёмасці і засталіся пасля выліку сум амартызацыйных адлічэнняў, выплаты падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, у тым ліку ў дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя, а таксама ў дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды (далей — сродкі), калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі;

рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы і ўстановы, адміністрацыі свабодных эканамічных зонаў, іншыя арганізацыі, якім перададзена ў гаспадарчае распараджэнне або аператыўнае кіраванне нерухомая маёмасць, што знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб'яднанні, якім перададзена названая маёмасць у бязвыплатнае карыстанне, забяспечваюць пералічэнне ў рэспубліканскі бюджэт платы і 50 працэнтаў сродкаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі. Валаўтваральныя арганізацыі рэальнага сектара эканомікі* Рэспублікі Беларусь, пералік якіх зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, забяспечваюць пералічэнне ў рэспубліканскі бюджэт платы і 20 працэнтаў сродкаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі;

памер арэнднай платы вызначаецца на ўмовах, прадугледжаных гэтым Указам, вылічаецца зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень заключэння дагавора арэнды, і пазначаецца ў гэтым дагаворы;

вызваленне ад пералічэння ў рэспубліканскі бюджэт платы і сродкаў ажыццяўляецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

у рэспубліканскі бюджэт не пералічваюцца плата за права заключэння дагавораў арэнды нерухомай маёмасці, што знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і аператыўным кіраванні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аператыўным кіраванні або гаспадарчым распараджэнні арганізацый, падпарадкаваных гэтаму Кіраўніцтву справамі, аператыўным кіраванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама сродкі, атрыманыя ад здачы ў арэнду гэтай маёмасці;

падрыхтоўка і правядзенне аўкцыёнаў па продажы права заключэння дагавораў арэнды нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і аператыўным кіраванні бюджэтных арганізацый**, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў, што ўтварыліся ад перавышэння даходаў над расходамі, якія застаюцца ў распараджэнні арганізацый ад дзейнасці, што прыносіць даходы, а пры іх адсутнасці — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Гэтыя расходы кампенсуюцца пераможцам аўкцыёну;

маёмасць можа быць перададзена ў субарэнду толькі са згоды арэндадаўца і на ўмовах, прадугледжаных у дагаворы арэнды;

плата і сродкі, названыя ў абзацах другім і трэцім гэтага пункта, пералічваюцца ў даход рэспубліканскага бюджэту не пазней за 22-е чысло месяца, наступнага за справаздачным;

нявыплата або няпоўная выплата ў рэспубліканскі бюджэт платы і сродкаў, названых у абзацах другім і трэцім гэтага пункта, вядзе да адказнасці, прадугледжанай Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне заканадаўства пры распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю;

кантроль за пералічэннем у рэспубліканскі бюджэт платы і сродкаў ажыццяўляюць кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, названых у абзацах другім і трэцім гэтага пункта;

нерухомая маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, у дачыненні да якіх Рэспубліка Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, валодаючы акцыямі (долямі ў статутных фондах), можа вызначаць рашэнні, што прымаюцца гэтымі гаспадарчымі таварыствамі, даецца ў бязвыплатнае карыстанне юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам згодна з дадаткам 1 да гэтага Указа;

юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі (за выключэннем юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізуюць харчаванне вучняў у агульнаадукацыйных установах і ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі), якім нерухомая маёмасць, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, перадаецца ў бязвыплатнае карыстанне, абавязаны кампенсаваць пазыкадаўцу амартызацыйныя адлічэнні (калі названыя адлічэнні праводзяцца), плацяжы за зямлю і падатак на нерухомую маёмасць, адпаведныя расходы па эксплуатацыі, капітальным і бягучым рамонце гэтай нерухомай маёмасці, затраты на камунальныя паслугі, уключаючы ацяпленне, спажываемую электраэнергію, або несці гэтыя расходы самастойна, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Амартызацыйныя адлічэнні не кампенсуюцца пазыкаатрымальнікамі, калі бакамі дагавора бязвыплатнага карыстання з'яўляюцца бюджэтныя арганізацыі.

2. Ліквідаваць Рэспубліканскую камісію па ўпарадкаванні выкарыстання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці.

3. Зацвердзіць дададзеныя:

Палажэнне аб парадку здачы ў арэнду капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, іх частак, што знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці;

Палажэнне аб парадку вызначэння памеру арэнднай платы пры здачы ў арэнду капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, іх частак;

Палажэнне аб парадку вызначэння памераў арэнднай платы пры здачы ў арэнду гандлёвых месцаў на рынках і гандлёвых аб'ектах у гандлёвых цэнтрах дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці;

Палажэнне аб парадку вызначэння памераў арэнднай платы пры здачы ў арэнду абсталявання, транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

4. Дзеянне гэтага Указа не распаўсюджваецца на адносіны па перадачы маёмасці ў фінансавую арэнду (лізінг).

5. Даць права Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь растлумачваць пытанні прымянення гэтага Указа.

6. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 студзеня 2010 г.:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

7. Рэкамендаваць мясцовым Саветам дэпутатаў да 1 студзеня 2010 г.:

вызначыць парадак здачы ў арэнду нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, і парадак пералічэння ў мясцовыя бюджэты платы за права заключэння дагавораў арэнды і сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду нерухомай маёмасці, аналагічны парадку, вызначаным у гэтым Указе;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.

8. Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму да 1 студзеня 2010 г. прыняць меры па выкананні гэтага Указа.

9. Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам.

10. Унесці дапаўненні і змяненні ў наступныя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

10.1. ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 1996 г. № 9 "Аб упарадкаванні выкарыстання будынкаў, збудаванняў і іншых памяшканняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці" (Советская Белоруссия, 13 студзеня 1996 г., № 8):

пункт 2 пасля слоў "рэспубліканскай уласнасці" дапоўніць словамі ", калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі";

пункт 3 прызнаць страціўшым сілу;

у пункце 9 словы "Рэспубліканскую камісію па ўпарадкаванні выкарыстання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці" замяніць словамі "Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк, Нацыянальную акадэмію навук Беларусі";

10.2. з падпункта 4.2.2 пункта 4 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2000 г. № 659 "Аб некаторых пытаннях дзейнасці Беларускага дзяржаўнага аб'яднання арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва, а таксама іншых арганізацый сферы бытавых паслуг рэспублікі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 116, 1/1853) словы "ўзгодненыя з Рэспубліканскай камісіяй па ўпарадкаванні выкарыстання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці" выключыць;

10.3. ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2005 г. № 148 "Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 52, 1/6336; № 103, 1/6561):

у пункце 1:

падпункт 1.1 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"1.1. памер арэнднай платы за гандлёвыя месцы, якія прадастаўляюцца арандатарам на рынках і іншых гандлёвых аб'ектах прыватнай формы ўласнасці (далей — гандлёвыя аб'екты), вызначаецца арэндадаўцамі гандлёвых месцаў зыходзячы з памеру базавай стаўкі арэнднай платы і іншых умоў, вызначаных заканадаўчымі актамі;";

падпункты 1.2 — 1.6 выключыць;

абзац першы часткі першай пункта 4 пасля слоў "гэтага Указа," дапоўніць словамі "заканадаўчых актаў, якія ўстанаўліваюць парадак вызначэння памераў арэнднай платы за гандлёвыя месцы на рынках і іншых гандлёвых аб'ектах,";

дадатак да гэтага Указа выключыць.

11. Прызнаць страціўшымі сілу ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх асобныя палажэнні згодна з дадаткам 2 да гэтага Указа.

12. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.

13. Гэты Указ уваходзіць у сілу з 1 студзеня 2010 г., за выключэннем пунктаў 6—9 і гэтага пункта, якія ўваходзяць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.

Дагаворы арэнды і бязвыплатнага карыстання, заключаныя да ўваходжання ў сілу гэтага Указа на тэрмін да 31 сакавіка 2010 г. уключна, дзейнічаюць на вызначаных у іх умовах і не патрабуюць прывядзення ў адпаведнасць з гэтым Указам, заключаныя на больш працяглы тэрмін, павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з гэтым Указам у трохмесячны тэрмін з даты ўваходжання яго ў сілу.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А. Лукашэнка.

23 кастрычніка 2009 г.

г. Мінск.
 

 

* Для мэтаў гэтага Указа да валаўтваральных арганізацый рэальнага сектара эканомікі належаць камерцыйныя арганізацыі, за якімі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца асаблівы кантроль па выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на чарговы год.

 

** Для мэтаў гэтага Указа тэрмін "бюджэтная арганізацыя" выкарыстоўваецца ў значэнні, вызначаным у артыкуле 2 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.